12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Шапран

_____________________
«Рэкамендую ў наш Саюз…» Пісьменніцкія бласлаўленні


Традыцыя даваць рэкамендацыі пры ўступленні ў Саюз пісьменнікаў (спачатку, здаецца, яшчэ не абавязковая) з’явілася, відаць, на пачатку 1950-х гг., аднак «жалезным правілам» стала, пачынаючы недзе з 1955 г. З таго часу ў СП прыняты сотні літаратараў, яшчэ больш напісана рэкамендацый, бо кожны «навабранец» павінен быў прадставіць, як мінімум, тры хадайніцтвы ад калег — сяброў пісьменніцкай гільдыі. Яна, гэтая літаратурная гільдыя, будавалася літаральна як жылы шматкватэрны дом, цаглінка за цаглінкай, дзе змацоўваючым растворам служылі гэтыя самыя пісьменніцкія рэкамендацыі. І якія імёны давалі ў розныя часы літаратурнае бласлаўленне! — А. Адамовіч, Р. Барадулін, П. Броўка, Я. Брыль, Г. Бу­раўкін, В. Быкаў, Р. Бярозкін, А. Вялюгін, Н. Гілевіч, У. Дубоўка, В. Зуёнак, У. Караткевіч, А. Мальдзіс, У. Няк­ляеў, П. Панчанка, В. Сёмуха, М. Стральцоў, М. Танк, І. Шклярэўскі і многія, многія. (Заўважым, што мы не ставілі на мэце заняцца статыстыкай, але, здаецца, найбольшая колькасць рэкамендацый была напісана дву­ма патрыярхамі: Янкам Брылём і Рыгорам Барадуліным.) Захаваліся, дарэчы, у гэтай скарбніцы рэкамендацыі ад такіх славутых майстроў слова, як Віктар Шклоўскі і Сяргей Баруздзін. І хоць справа гэта была і ёсць па сваёй задуме ў нечым нават троху фармальная (мабыць, лепш за ўсіх сутнасць самой ідэі выразіў Уладзімір Някляеў — яго рэкамендацыя Глебу Лабадзенку ўражвае лаканізмам і адначасова ёмістасцю: «Я, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў паэт Уладзімір Някляеў, рэкамендую ў сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў паэта Глеба Лабадзенку» — тут усё зразумела: паэт рэкамендуе паэта), аднак некаторымі пісьменнікамі ствараліся не проста своеасаблівыя наказы, а сапраўдныя літаратурныя партрэты, якія і цяпер чытаюцца з цікавасцю. Так, напрыклад, было кожны раз у Ніны Мацяш і Уладзіміра Караткевіча (адзначым, што рэкамендацыі У. Караткевіча падрыхтаваныя для наступнага нумара «Дзеяслова»), так было ў большасці з тых выпадкаў, калі старэйшы таварыш прыкмячаў у сваім маладзейшым калегу літаратурныя здольнасці, што абяцалі развіцца ў сапраўдны сталы талент. І так, упэўнены, будзе доўжыцца да тых часоў, покуль будзе існаваць беларуская літаратура, покуль будзе дзейнічаць старэйшая літаратурная гільдыя — Саюз беларускіх пісьменнікаў, у якой ёсць добрая традыцыя — даваць бласлаўленне тым, хто абраў сваім лёсам шлях служэння роднаму слову.
Сяргей Шапран

Алесь Адамовіч — Дзмітрыю Бугаёву

Бугаёў Д. Я. — адзін з тых, для каго літаратуразнаўства, крытыка — прызванне. У яго працах і артыкулах аб творчасці М. Лынькова, І. Шамякіна, аб стылі прозы 20-х гг., аб манаграфіях і зборніках літаратуразнаўцаў заўсёды прысутнічае пафас сцверджання ці адмаўлення, ні ў адным сваім слове ён не абыякавы. Пры гэтым ён дастаткова эрудыраваны, каб судзіць аб літаратурных з’явах у іх гістарычнай сувязі з іншымі з’явамі, у ацэнцы літаратурных твораў заўсёды зыходзіць з патрабаванняў самога жыцця, прынцыпова адмаўляючы кан’юктуршчыну і неаб’ектыўнасць у літаратурным жыцці. Тав. Бугаёў Д. Я. валодае добрым эстэтычным густам, піша жыва, цікава, ён закаханы ў мастацкае слова свайго народа.
Лічачы тав. Бугаёва Д. Я. ідэйна і па таленту сталым літаратарам, рэкамендую яго ў члены Саюза пісьменнікаў.
Член Саюза пісьменнікаў, членскі білет № 4025
14 мая 1961 г. А. Адамовіч

Рыгор Бярозкін — Дзмітрыю Бугаёву
Дзмітрый Бугаёў з’яўляецца адным з найбольш таленавітых прадстаўнікоў маладой беларускай крытыкі. Упершыню выступіўшы ў рэспубліканскім друку некалькі год таму назад, Дзм. Бугаёў адразу звярнуў на сябе ўвагу як удумлівы, кваліфікаваны літаратар. Яго артыкулы і рэцэнзіі па самых розных пытаннях беларускай савецкай літаратуры вылучае глыбокая павага да фактаў, добрае веданне іх, умельства раглядаць кожную літаратурную з’яву ў перспектыве агульнага развіцця літаратуры.
Дзм. Бугаёў піша жыва, зацікаўлена, эмацыянальна, мінаючы збітыя формулы літаратурнага жаргона. Ён — крытык-чытач у лепшым сэнсе гэтага слова, г. зн. крытык, які актыўна і непасрэдна ўспрыймае кнігу, умее зрабіць гэта сваё чытацкае ўспрыйманне твора неад’емнай часткай яго аналізу, зыходным пунктам аналізу.
Лічу, што Дзмітрый Бугаёў заслугоўвае таго, каб быць прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў, бо ён — чалавек з талентам і будучыняй.
Бярозкін Рыгор Саламонавіч,член ССП з 1939 года, членскі білет № 4036
25.V.1961 г

Пімен Панчанка — Ігару Шклярэўскаму
Игорь Иванович Шкляревский, молодой русский поэт, издал первый сборник стихов «Я иду». Стихи талантливы. Молодой автор весь в творческом поиске своего голоса, своей интонации, своего образа, своей темы. От стихов веет свежестью, молодостью, оптимизмом. Любовь к жизни со всей ее сложностью, к нелегкому труду, к дружбе и верности, к Родине — основые акценты творчества поэта.
Перед И. Шкляревским стоит задача: овладеть настоящим мастерством, но это дело наживное. Основное же у молодого поэта есть, это: образное видение мира, поэтическое своеобразие, искренность чувств.
Рекомендую принять Игоря Шкляревского в члены Союза писателей БССР.
Пімен Панчанка
16 октября 1962 г.

Алесь Адамовіч — Ігару Шклярэўскаму
Стихи Игоря Шкляревского, печатавшиеся в республиканских газетах, в журнале «Неман», а также его сборник «Я иду», имеют одно большое и главное качество — это действительно поэзия. Игорь Шкляревский мыслит стихом, и то, что он мыслит по-граждански и не как-то иначе, а стихом, свидетельствует, что он не случайный и не временный в литературе человек.

Я иду и смеюсь
от бездумной,
пронзительной
радости,
что иду по земле
и когда-нибудь
вдруг упаду,
не дойдя до усталости,
подлости,
робости,
старости,
потому что иду и пою
у людей на виду!

Вроде и слова не новые, и чувство, характерное для многих, но читаешь стихи молодого поэта, и не сомневаешься, что и слова и чувства — его, что это выпелось в его душе. Он весь в своем поколении, он счастлив принадлежать своему поколению и времени, верит в ответственность своего поколения.
Наверно тот,
кто очень рано встал,
Для поздно просыпающихся

Как бы ни сложилась биография Игоря Шкляревского, верится, что это будет биография поэта. И хорошо, полезно будет, если на эту биографию активнее влиять будет союз товарищей по перу, Союз Писателей. У Игоря Шкляревского есть те данные, которые дают право быть членом СП.
Адамович А.
[1962—1964 гг.]

Янка Брыль — Генадзю Кісялёву
Творчасць Генадзя Кісялёва зацікавіла мяне задоўга да з’яўлення яго кнігі «Сейбіты вечнага». Маю на ўвазе паасобныя артыкулы, што з’яўляліся на старонках «Полымя» і іншых выданняў. Артыкулы — вельмі цікавыя, таленавітыя, карысныя. Калі вышла летась кніга, я яшчэ раз — з цікавасцю — прачытаў і пра Каліноўскага, і пра Багушэвіча, і пра іншых, хто дастойны народнай памяці і любові.
Працу Г. Кісялёва лічу вельмі патрэбнай для нашай гісторыі, для нашай літаратуры і з прыемнасцю рэкамендую яго ў члены СП БССР.
Янка Брыль 6/IV—64

Уладзімір Дубоўка — Міхаілу Грамыку
Дарагія таварышы!
У звязку з пытаннем аб прыняцці Міхаіла Александравіча ГРАМЫКІ ў члены СП Беларусі маю жаданне выказаць сваю думку.
Прызнаюся шчыра: я вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што Міхаіл Александравіч да гэтага часу не з’яўляецца членам Саюза.
Міхаіл Александравіч — адзін з самых старэйшых нашых пісьменнікаў, выявіў сябе як чалавек шматграннага таленту: паэт, драматург, вучоны, педагог, адзін са стваральнікаў нашае навуковае тэрміналогіі.
У літаратурную працу ён уключыўся яшчэ ў 1912-1914 гг., гэта значыцца тады, калі я і мае аднагодкі толькі паспелі атрымаць пачатковую адукацыю і азнаёміцца з беларускім друкаваным словам.
Грамадская і навукова-педагагічная дзейнасць Міхаіла Александравіча сведчыцца ягонаю анкетаю.
Літаратурная праца сведчыцца ягонымі творамі (кніга вершаў «Плынь», драматычныя творы «Над Нёманам», «Каля тэрасы», «Воўк» і многія іншыя). Драматычныя творы ў свой час з вялікім поспехам ставіліся нашымі тэатрамі, вершы чыталіся ў кнігах, уключаліся ў школьныя падручнікі.
У пачатку трыццатых гадоў Міхаіл Александравіч выявіў сябе як актыўны шукальнік НОВАЕ формы для новага зместу, за што быў тады раскрытыкаваны АДНАБАКОВАЮ крытыкаю, хоць, як цяпер мы вельмі добра пераканаліся, аднабаковасць у такіх пытаннях вельмі шкодная. Сапраўды, пакуль свет стаіць светам, ішло і будзе ісці шуканне новае формы…
Згадваючы ўвесь жыццёвы і творчы шлях Міхаіла Александравіча, я адчуваю сябе даволі няёмка: было б зусім натуральна, каб рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў даваў не я яму, а наадварот — каб ён пісаў мне.
Але калі ўжо так здарылася, я магу сказаць толькі адно: буду вельмі рад бачыць Міхаіла Александравіча ГРАМЫКУ ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі і заклікаю усіх таварышаў пісьменнікаў адзінадушна прагаласаваць за прыняцце яго ў члены саюза.
Выказваю шчырую надзею, што Міхаіл Александравіч, карыстаючыся сваімі глыбокімі ведамі, вялікім жыццёвым вопытам, здолее даць яшчэ шмат прыгожых, цікавых твораў для нашага савецкага чытача, для нас усіх.
28 ліпеня 1965 г.
З вялікаю пашанаю і з сардэчным
прывітаннем
Уладзімір Дубоўка

Адам Русак — Рыгору Шырме
Паэзія і музыка — дзве родныя сястры. Яны заўсёды ходзяць побач і, як дзве звонкія крыніцы, зліваюцца адна з другою, нясучы свой песенны голас удалячынь.
Паэт не толькі той, хто піша вершы, але і той, хто з вялікай груды вершаў выбірае залатое зерне паэзіі і злівае яе з музыкай, ператвараючы слова і музыку ў песню, дае гэтай песні крылле, на якіх яна ляціць у свет да народа. Такім чарадзеем-песнятворцам і з’яўляецца народны пясняр Беларусі — Рыгор Раманавіч Шырма.
Сын селяніна-бедняка з вёскі Шакуны, што непадалёку ад гарадка Пружаны на Брэстчыне, з маленства палюбіў музыку, палюбіў песню.
У тыя далёкія дарэвалюцыйныя часы на Беларусі не было ні адной музычнай школы, а песня народа жыла, пераходзіла з пакалення ў пакаленне, расказваючы аб нядолі свайго працавітага, паднявольнага люду. Юнак назаўсёды злучыў свой лёс са сваім народам. Рыгорка падобна маладому дубу рос на сваёй роднай зямлі, разгінаючы плечы сярод бур і навальніц, не здаючыся ні агню, ні навальніцам, ні чорным каршунам, што вязалі яму рукі. Ён шумеў сваім буйным лісцем свайму краю, спяваў яго неўміручыя песні і гэтым самым гаварыў, што народ яго жыве, змагаецца і дачакаецца свабоды.
У гады белапольскай акупацыі Заходняй Беларусі, дзе была забаронена беларуская мова, Рыгор Раманавіч не скарыўся, ён спяваў беларускую песню на яе мілагучнай мове. Ён выхоўваў беларускіх паэтаў-рэвалюцыянераў у глыбокім падполлі Заходняй Беларусі, выдаваў кнігі: Максіма Танка, Піліпа Пестрака, Міхася Машары, Міколы Засіма, Міхася Васілька і іншых, выбіраў залатое зерне з іх паэзіі, зліваў яе з музыкай, ператвараючы ў песню.
Рыгор Раманавіч усё сваё жыццё збіраў народныя песні. У тыя далёкія часы не было яшчэ ніякіх машын-магнітафонаў для гуказапісу, і мы, музыканты, разумеем, якая гэта была ўпартая, клапатлівая праца, колькі разоў трэба было праспяваць адну песню, каб запісаць уручную з усімі яе галасамі. Рыгор Раманавіч сабраў і збярог дзесяткі тысяч народных песень, якія яшчэ не ўсе ўвайшлі ў чатырохтомнік яго фальклорных зборнікаў. Рыгорам Раманавічам напісана многа кніжак, артыкулаў, навуковых работ аб песеннай творчасці, аб вакальна-харавым майстэрстве.
З першага дня ўз’еднання Заходняй Беларусі з Усходняй Рыгор Раманавіч з’яўляецца кіраўніком Дзяржаўнай харавой капелы Беларусі, якая пад яго кіраўніцтвам за высокае майстэрства ўдастоена звання АКАДЭМІЧНАЙ капелы.
Рыгор Раманавіч Шырма — музыкант-песнятворца, народны артыст СССР, грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, узнагароджаны ардэнамі Савецкага Саюза, унёс вялікі ўклад у беларускую савецкую культуру.
Вось чаму, мне здаецца, я не памылюся, калі скажу, што наша пісьменніцкая чарада будзе ганарыцца, прыняўшы Рыгора Раманавіча Шырму ў сваю сям’ю.
Адам Русак, член Саюза пісьменнікаў БССР,
заслужаны дзеяч культуры БССР
15.І.66

Максім Танк — Рыгору Шырме
Рыгора Раманавіча Шырму я знаю на працягу дзесяткаў год, як аднаго з выдатнейшых нашых этнографаў, крытыкаў, публіцыстаў і дзеячоў на культурнай і грамадскай ніве. Нельга пераацаніць яго заслуг перад Заходнебеларускай літаратурай і, асабліва, перад нашай паэзіяй, якую ён на крылах песні ў сваім высокамастацкім выкананні са славай і гонарам пранёс па свету. Яго зборнікі народных песень, частушак, прыказак, загадак — гэта вялізарнейшы ўклад у залаты фонд культуры беларускага народа.
Таму я горача рэкамендую прыняць Рыгора Раманавіча Шырму ў нашу пісьменніцкую арганізацыю.
Максім Танк
Мінск, 19.І.1966 г.

Міхась Стральцоў — Васілю Зуёнку
Васіль Зуёнак упершыню звярнуў на сябе ўвагу чытачоў і крытыкі як аўтар вершаў для дзяцей (зборнік «Вясёлы калаўрот»). Вясёлыя і вынаходлівыя, вершы гэтыя падкуплялі натуральнасцю інтанацый, ненатужным пранікненнем у свет дзіцячай фантазіі.
Новыя мастацкія магчымасці аўтара яскрава раскрыліся ў зборніку «Крэсіва», які вылучае зайздросная сталасць паэтычнай думкі, высокая культура радка, умелае, творчае выкарыстанне фальклору, далёкае ад бяздумнай стылізацыі і саладжавай падробкі пад народнасць. Да багаццяў народнай творчасці В. Зуёнак падышоў ва ўсёўзбраенні сучаснай паэтычнай культуры, з сучаснай, глыбока арыгінальнай і плённай думкай. Аўтар знайшоў для сябе (і не толькі для сябе) удалае творчае вырашэнне нядаўніх спрэчак пра традыцыйнае і наватарскае, у сваёй паэтычнай практыцы не супроцьпастаўляючы адно другому. Прыклад, варты ўвагі і глыбока павучальны.
Несумненна, В. Зуёнак варты быць членам Саюза пісьменнікаў.
Міхась Стральцоў, членскі білет № 6454.
3.08.66.

Рыгор Барадулін — Адаму Мальдзісу
Я, Рыгор Барадулін, даўно (гэта не традыцыйная фраза) ведаю даследчыка і прапагандыста нашай літаратуры, нашага роднага слова. Пералік артыкулаў і кніг — сумная справа. Той, хто цікавіцца мінулым нашай пісьменнасці, ведае Адама Мальдзіса.
Лічу — Адама Восіпавіча Мальдзіса абавязкова трэба прыняць у сям’ю беларускіх пісьменнікаў.
Рыгор Барадулін, чл. білет № 5678
1.ХІ.66 г.

Віктар Шклоўскі — Івану Мяло
Горячо рекомендую в союз зрелого, талантливого и хорошо знающего современность, писателя Ивана Ильича Мяло. Творчество Ивана Мяло я знаю с 1947 года и вижу, как он овладел мастерством прозы, идя своим путем.
Виктор Борисович Шкловский
Москва А—319
ул. Черняховского, 4, кв. 60
т. АД1-43-96
16 апреля 1967 год

Рыгор Барадулін — Юрку Голубу
Я, Рыгор Барадулін, даўно знаёмы з вершамі Юркі Голуба.
Гэта паэт са сваім, адметным почыркам, сваім бачаннем свету, са сваёй тэмай.
Выключна багатая мова, яркая, самабытная метафарычнасць, хуткі, на зайзд­расць хуткі рост майстэрства — вось што характарызуе творчасць маладога, таленавітага паэта.
Зборнік «Гром на зялёнае голле» (выйшаў сёлета) і новыя нізкі вершаў — сведчанне таго, што ў нашу паэзію прыйшоў па-сапраўднаму харошы літаратар.
Лічу, што Юрка Голуб варты быць прыняты ў Саюз пісьменнікаў.
Рыгор Барадулін, чл. білет № 5678
6.Х.69 г.

Генадзь Бураўкін — Яўгеніі Янішчыц
Я памятаю адны з самых першых вершаў Жэні Янішчыц. Я рэдагаваў яе пакуль што адзіную кніжку «Снежныя грамніцы». І заўсёды, калі браў у рукі яе рукапісы, мяне не пакідала адчуванне сустрэчы з паэзіяй, хай яшчэ не вельмі глыбокай, не заўсёды дасканалай, але паэзіяй. Даверлівасць, юначая чысціня і ўзрушанасць не маглі не хваляваць. Таму так аднадушна радасна былі сустрэты вершы Янішчыц «Да сутрэчы…», «Ты мне патрэбна…», «Двое», «Будуць вёсны і пралескі…». Ужо не толькі арганічнасць пачуцця, а і думка і пэўная пазіцыя вызначалі вершы «Радзіме», «Мова», «Непрыручаная птушка», «Часціні…», «Смерць Максіма Багдановіча», «Памяці Міколы Сурначова», «Ля ложка хворай маці», «Не шукаю славы…». Невыпадкова многія з іх былі адразу ж заўважаны ўсесаюзнай прэсай і перакладзены на рускую мову вельмі строгімі і арыгінальнымі паэтамі (М. Рыленкаў, Р. Казакова).
Паглыбляць роздум, пашыраць кола інтарэсаў! Такое пажаданне хочацца сёння выказаць Жэні Янішчыц. Але ж як справядліва пажадаць таго ж і сабе і сваім сябрам!..
Ведаючы Янішчыц як чалавека самакрытычнага і патрабавальнага да сябе, чакаю ад яе новых пошукаў, з нецярплівасцю і вялікімі надзеямі чакаю яе духоўнага і паэтычнага пасталення. І лічу, што паэтэса мае права быць членам нашай пісьменніцкай сям’і.
Генадзь Бураўкін, член СП з 1961 г. членскі білет № 6283
19 снежня 1970 г.

Алесь Адамовіч — Віктару Казько
Віктар Казько надрукаваў у «Нёмане» аповесць «Цёмны лес, тайга густая», апавяданні, а ў «Новом мире» — аповесць «Высакосны год».
Многа гэта ці мала, каб прыняць аўтара ў члены Саюза пісьменнікаў?
Калі талент не праявіўся моцна, пэўна, не заявіў аб сабе — дык і ў дзесяць разоў болей — будзе ўсё роўна мала.
У дадзеным жа выпадку можна сказаць, што так пачынаюць, як Казько пачаў сваім «Высакосным годам», толькі вельмі значныя і шматабяцаючыя дараванні. Здзіўляе і сіла пачуцця, шчырасці і спеласць думкі маладога аўтара, псіхалагічная праніклівасць.
Ёсць у аповесці «Высакосны год» і «зігзагі», «наезды» на чужую стылёвую паласу (здаецца, што цудоўны Андрэй Платонаў «асляпляе» маладога аўтара), але гэта толькі асобныя праявы маладосці і таленту. У цэлым жа аповесць Віктара Казько здзіўляе, захапляе нас якраз самастойнасцю мастацкага адкрыцця свету.
Лічу, перакананы, што Віктар Казько — пісьменнік надоўга, мастак на ўсё сваё жыццё, і яго можна смела прымаць у пісьменніцкі цэх.
А. Адамовіч, № білета 4025
18.10.1973 г.

Васіль Зуёнак — Уладзіміру Някляеву
Кожная сустрэча з паэзіяй Уладзіміра Някляева радуе навізной. Гэта яе неад’емная ўласцівасць. Паэт заўсёды ў пошуку, слова яго ў пастаянным руху. Аб гэтым добра сведчыць і тэматычны дыяпазон вершаў, і іх выяўленчыя якасці.
У паэтычных пошуках Уладзіміра Някляева трывалы грунт — яснасць задумы, адмысловае веданне матэрыялу, класічная адпаведнасць зместу і формы. Гэта асабліва бачна ў яго творах ліра-эпічнага плану — паэмах, дзе распрацоўка тэмы вядзецца з выкарыстаннем і традыцыйных, і самых новых сродкаў і метадаў. І гэта ў Някляева не вонкавае, не фармальнае ўмельства, а стыль — арганічны, уласцівы яго творчай індывідуальнасці.
Словам, Уладзімір Някляеў цікава, з добрым запалам працуе ў нашай паэзіі. Рэкамендую яго ў члены Саюза пісьменнікаў.
Васіль Зуёнак, членскі білет № 7404
9 сакавіка 1978 г.

Сяргей Баруздзін — Віктару Трасцянскаму
Очень давно я знаю Виктора Степановича Тростянского, как смелого воина, верного товарища и талантливого, самобытного поэта. Причем все эти качества его, о которых я говорю, неразделимы, ибо именно в творчестве своем Тростянский мужественен, откровенен, открыт людям. Стихи его всегда поражали меня и поражают до сих пор своей откровенной простотой и чистотой, верностью добрым традициям русской классической — как старой, так и нынешней советской — поэзии.
Об этом говорят, прежде всего, три книги поэта — «Расстрелянные листья» (издательство «Молодая гвардия», 1975 г.), «Далеко от войны» (издательство «Советский писатель», 1980 г.) и «Дальние дороги, дальние…» (издательство «Мастацкая литаратура», 1981 г.).
У Виктора Тростянского своя неизменная тема — минувшая Отечественная и это, по-моему, прекрасно. О чем бы ни писал поэт — о минувшей войне или о любви, о природе или о наших днях — главный оселок его поэзии — прошедшая война. Не буду цитировать стихов поэта, но напомню, что его стихотворение «Преемственность» весьма характерно. Впрочем, таких отличных стихов у Тростянского много.
Три книги стихов — хороший творческий запас.
Но задолго до выхода этих книг Виктор Тростянский был профессиональным литератором. Я помню отличные его стихи в «Дружбе народов» и в «Красном воине», в «Смене» и «Радуге», «Просторе» и «Комсомольской правде», «Красной звезде» и московской «Вечёрке». Я помню и его прозу — тонкие, лиричные и глубоко психологичные рассказы «Пожалуйста, следующий!», «Признание», «И так бывает».
Виктор Тростянский — поэт зрелый, сложившийся.
Ему давно пора быть членом Союза писателей СССР.
Во всяком случае, я горячо рекомендую его в нашу писательскую семью.
Сергей Баруздин,
член СП СССР с 1951 года, билет № 0030
23 февраля 1981 г.
Еще раз горячо рекомендую!
С. Баруздин
11.V.—1983 г.

Алесь Адамовіч — Святлане Алексіевіч
Я ўжо пісаў і гаварыў, выступаючы, і не адзін раз — пра тое, якой ацэнкі, высокай і ўдзячнай, заслугоўвае ўсё, што ўжо зроблена Святланай Алексіевіч, як літаратарам, пісьменнікам. Яе кніга ўспамінаў «Калі жанчыны ваявалі» (раздзелы друкаваліся ўжо, але я знаёміўся з поўным тэкстам) ставіць Святлану Алексіевіч (а заўтра гэта стане відавочна) у шэраг найбольш сур’ёзных «ваенных» аўтараў. І гэта нягледзячы на тое, што аўтар належыць да маладога, да пасляваеннага пакалення.
Яе другая праца ў тым жа жанры «магнітафоннай дакументалістыкі» — аб праблемах міграцыі вясковай моладзі — засведчыла грамадзянскую мужнасць, сталасць, прынцыповасць аўтара. Таксама як і яе нарысы, што друкаваліся ў газетах і часопісах.
А яе проза (друкавалася ў «Полымі») засведчыла, што аўтар добры, яркі стыліст.
Адным словам, усе «слагаемыя» мастака, грамадзяніна, пісьменніка надзейна заяўлены, праявіліся, а таму я з поўнай адказнасцю і ўпэўненасцю, што не памыляюся, рэкамендую Святлану Алексіевіч у наш Саюз пісьменнікаў.
А. Адамовіч
12.9.1982 г.

Янка Брыль — Святлане Алексіевіч
Святлану Алексіевіч, як літаратара, я ведаю па нарысах з цыкла «Бабы», «Як Кацярына ў горад ездзіла», па рабоце, апублікаванай у «Маладосці» пад назвай «Калі жанчыны ваявалі», па сцэнарыях дакументальных кінафільмаў «У вайны не жаночы твар» і тэлефільма «Бацькоўскі дом».
Літаратар С. Алексіевіч таленавіты, удумлівы, шчыра адданы справе. Яна ўмее бачыць у жыцці галоўнае, умее расказваць пра гэта патрэбным словам; яна ўмее слухаць народ і належным чынам перадаваць тое, што ён расказвае пра перажытае. Нарысы яе, якія з поўным правам могуць лічыцца апавяданнямі, чытаюцца цікава, у іх уздымаюцца жыццёва важныя пытанні, мова прозы яе сакавітая, шматфарбная, людзі не прыдуманыя, — яна іх добра ведае і шчыра любіць, і цяплом гэтай любові, святлом гэтай шчырасці насычана ўсё, з чым аўтар ідзе да свайго чытача. Тое самае можна сказаць пра выдатную прозу С. Алексіевіч «Калі жанчыны ваявалі». Гэтую кнігу — расказы многіх жанчын, удзельніц вайны, знойдзеных у розных кутках нашай Савецкай краіны, — можна без перабольшання назваць своеасаблівым подзвігам маладой пісьменніцы, якая адна зрабіла тое, чаго хапіла б цэламу творчаму калектыву.
Добрага слова заслугоўвае праца Алексіевіч у кіно і тэледраматургіі.
Я ахвотна рэкамендую Святлану Аляксандраўну ў члены Саюза пісьменнікаў СССР.
Янка Брыль, членскі білет № 12024
6.ІІІ.1983 г.

Юры Чарнічэнка — Яўгену Будзінасу
Руководствуясь естественным для человека цеха желанием, чтобы дело его жизни длилось, переходя в хорошие руки, чтобы продолжали его энтузиасты, а не холодные сапожники, я рекомендую принять в Союз писателей Евгения Доминиковича Будинаса. Из новых имен не знаю другого, в котором требования Валентина Овечкина к публицисту нового типа — «не дилетанту и не верхогляду в деревенских вопросах, человеку, вооруженному солидной экономической и агрономической подготовкой», умеющему глядеть в корень вопроса, добираться до первопричин, пытливо анализировать явления и заражать читателя любовью и вниманием к цифре — концентрировались бы основательней.
Характерное его, радиоинженера по диплому, свойство — принадлежность современному городу, изучение села с точки зрения Страны Городов, где население в основном уже урбанизировалось. Однако изучает он с той культурой, методичностью и тщанием, какие отличают электронный век, а темперамент его — бурный, оптимистичный, печалью полей тут и не пахнет.
Дорогого стоит в Будинасе и склонность его к полемике. Полемика — кровь публицистики. Может быть прекрасен скелет, чудные мышцы и нервы, но если каждую крохотку организма не орошает красная, живая и способная сворачиваться кровь — мы имеем дело с трупом. Будинас прекращает спорить, только переставая писать.
Последние из знакомых мне его работ — «Путешествие с Оппонентом» и «Дом в сельской местности» — и отличаются высокой температурой спора. Как ни актуальны предметы полемики, именно свобода, основательность обсуждения, вкус к долгому и уважительному (Оппонент — нужен!) спору делает эти вещи традиционными, т. е. родственными по крови очеркам Энгельгардта, Успенского. Современным же письмом делают вещи Будинаса «спутниковость» обзора, немыслимый прежде территориальный охват.
Открытием Е. Будинаса, вполне достойным литературного патентования, считаю «промежуточного человека» вообще, Федьку из «Дома в сельской местности» в частности.
Считается, что дважды литератору говорят только хорошее в день похорон и в листке-рекомендации. Отступая от канона, скажу, что к сорока годам Е. Будинас выпустил только одну книгу. Мало! Думается, что путь летописца у одного какого-нибудь лица надо ему оставлять, и чем скорей, тем лучше. Полагаю, что в работе над стилем главным для него будет завоевание простоты.
Я желаю Евгению Будинасу писать страстно, но так, чтобы ни от чего спустя срок не отказываться.
Ю. Черниченко
15 февраля 1984 г.

Міхась Стральцоў — Леаніду Дранько-Майсюку
Для маладога паэта не можа быць ухвалы больш за тую, што ён арыгінальны. Арыгінальнасць даецца цяжка. Цяжка знайсці сябе, паставіць у літаратурны рад, вызначыць свае адносіны да наяунай у паэзіі традыцыі. Усё гэта дастаткова складана, калі ўлічыць, што маладосці наогул не надта ўласціва шанаваць папярэдні літаратурны вопыт. Яна мае слушнасць у сваім нежаданні паўтараць, але часта памыляецца ў ацэнцы магчымасцей самой традыцыі.
Леанід Дранько-Майсюк чуйны да вопыту папярэдняй паэзіі, у тым ліку класічнай. Ён творча ўвасабляе яе вопыт, ідучы да вытокаў самой паэтычнасці — да фальклору, міфа, гісторыі.

Гэта цень мой вярнуўся дамоў,
Выпіў кварту халоднай вады.
Узышоў на вяршыні дубоў,
Абтрасаючы жалуды.

Часам гэтым стары сталяр
У павеце вычэсваў прамень.
На сабаку, што побач стаяў,
Промні падалі і цень.

Зайдросная свабода ў падарожжы ў часе, прысутнасць вечнасці ў сённяшнім быцці героя. Гэта не стылізацыя, не павярхоўнае выкарыстанне даўніх матываў — гэта складаны духоўны свет сучасніка, які добра [адчувае] свае сувязі з гісторыяй, бытам, з запаветамі мінулага. Гэта падарожжа з сучаснасці ў гісторыю і з гісторыі ў сучаснасць. Нездарма першы зборнік вершаў Л. Дранько-Майсюка названы «Вандроўнікам».
Паэт падрыхтаваў і здаў у друк новую кнігу вершаў, выпрабаваў сябе ў жанры паэмы. Ягонае «Кола» (паэма) лаканічнае, багатае на асацыятыўныя сувязі з сучаснасцю, арыгінальнае жанрава. Паэт пастаянна ў пошуку, ён паглыбляе ўвесь час сваё разуменне сучаснай паэмы і сучаснага майстэрства.
Ахвотна рэкамендую Л. Дранько-Майсюка ў члены Саюза пісьменнікаў СССР.
Міхась Стральцоў, чл. біл. № 12258
16.10.84

Васіль Сёмуха — Лявону Баршчэўскаму
Рэкамендую Баршчэўскага Леаніда Пятровіча (Лявона Баршчэўскага) Саюзу пісьменнікаў СССР як перакладчыка з нямецкай, чэшскай, польскай, нідэрландскай і інш. моў на беларускую (паэзія, проза), чыё прафесійнае майстэрства магу засведчыць асабіста, дзякуючы знаёмству з яго працамі, а таксама рэдактарскім назіранням за працэсам перакладніцтва Л. Баршчэўскага.
Валодаючы некалькімі замежнымі мовамі, Л. Баршчэўскі ўжо даўно выступае ў беларускай прэсе («Химик», «Літаратура і мастацтва», «Крыніца», «Полымя», «Маладосць», «Віцебскі рабочы»), мае выдавецкія выданні («Далягляды», кніга).
Выдадзеная ў 1988 годзе кніга выбраных вершаў Б. Брэхта «На шалях праўды», будучы першай кнігай перакладчыка, стала пакуль што і адзінай кнігай паэзіі Брэхта на беларускай мове, салідна запоўніўшы сабой істотны прагал у беларускай перакладной літаратуры.
Параўноўваючы пераклады Баршчэўскага з паэзіі немца Брэхта, чэха Врхліцкага і галандца Ахтэрберга, можна пераканацца, што Баршчэўскі валодае здольнасцю так званага перакладчыцкага ліцадзейства, што дае поўнае права сцвярджаць, што творчая асоба перакладанага аўтара ў яго на першым месцы, не заслонена асобай перакладчыка, — найбольш цанёная мною якасць у перакладчыка.
Перакладчыцкая палітра Баршчэўскага ўключае і прозу, якая сведчыць пра выдатныя стылістычныя здольнасці. Пераклады з прозы Ф. Кафкі, дагэтуль невядомай беларускаму чытачу, — гэта праца першапраходніцкая, у якой перакладчык не мог абаперціся на традыцыі прачытання прозы Кафкі, і яму належыць яе першая кваліфікаваная інтэрпрэтацыя.
У асобе Баршчэўскага Л. П. мы маем сур’ёзнага даследчыка перакладчыцкіх прац іншых пісьменнікаў. Пры вострым дэфіцыце ў рэспубліцы крытыкі мастацкага перакладу СП БССР мае магчымасць набыць спецыяліста і ў гэтай галіне крытыкі.
Як прафесійны перакладчык Баршчэўскі Л. П. несумненна адбыўся, і я рэкамендую Саюзу пісьменнікаў БССР пацвердзіць гэты ягоны статус прыёмам у члены Саюза пісьменнікаў СССР.
Васіль Сёмуха, член СП СССР, чл. б. № 12239, выд. 29.12.1979 г.
30 мая 1988 г.

Янка Брыль — Міколу Ермаловічу
Больш за трыццаць гадоў чытаю ў нашай перыёдыцы выступленні Міколы Ермаловіча з артыкуламі, нарысамі, рэцэнзіямі, у кожным выпадку — з цікавасцю і пашанай да яго светлай нястомнасці.
Вернасць гістарычнай тэматыцы, больш канкрэтна — гісторыі роднай Беларусі, так характэрная для ўсёй шматгадовай працы Ермаловіча, знайшла свой найбольш поўны выраз у апублікаванай летась у «Маладосці» будучай кнізе «Старажытная Беларусь». Здзіўляе, радуе і глыбіннасці аўтарскай падрыхтаванасці, веданне ім прадмета, мова, стыль, нарэшце — тое, што называецца сапраўдным жыццёвым подзвігам, творчай апантанасцю таленавітага дабрасумленнага вучонага і пісьменніка ў адной асобе.
Несправядлівым, недарэчным бачыцца той дзіўны факт, што Ермаловіч дагэтуль яшчэ ўсё не прыняты ў нашу літаратурную сябрыну.
Рэкамендую Міколу Іванавіча Ермаловіча ў члены Саюза пісьменнікаў.
Янка Брыль, член СП СССР з мая 1945 года; № білета 12024
5.І.1989

Ігар Шклярэўскі — Ізяславу Катлярову
Стихи Изяслава Котлярова я знаю давно. Еще в юности на могилевских руинах он читал мне свои искренние строки. И уже тогда было ясно, что фальшь и ложный восторг не уместны на фоне обгорелых стен и крика голодных галок.
Память детства — особый дар, по которому узнаешь, кто перед тобой — поэт или стихотворец. Хотя судьба у стихотворца может быть удачливей. Изяслав Котляров предан детству с большой буквы. Поэтому в его стихах есть просветленная боль и высокий звук, — иначе говоря, — настоящая поэзия.
Лучшие строки Котлярова стихийны. В них есть недосказанность и глубина пространства, свежесть провинциального бытия и быта, сдержанная благодарность жизни.
Горячо рекомендую Изяслава Котлярова в члены Союза писателей СССР.
Игорь Шкляревский, членский билет № 01878
31 марта 1990 г.

Пімен Панчанка — Ізяславу Катлярову
Ізяслаў Катляроў не з самых маладых пачынаючых паэтаў. У яго ўжо багаты жыццёвы вопыт, нядрэннае майстэрства вершаў. Ён піша мініятуры, кароткія вершы.
Аснова яго паэзіі — успаміны аб пасляваенным дзяцінстве, аб голадзе і невыносных стратах. Але яго вершы не песімістычныя, а напоўненыя радасцю і шчасцем жыцця, дружбай, прыязнасцю да сваёй радні, любоўю да рана памерлай маці, да франтавіка бацькі.
Яго пачуцці не расплыўчатыя, а канкрэтныя, як і канкрэтныя ў яго любоў, добры ўчынак, замілаванне роднай рэчкай, воблакам, дарогай. Наогул, дабрыня — вызначальная рыса характара паэта і яго герояў. Вы чытаеце верш пра дзяўчынку, якая непадалёк ад магазіна горка плача: згубіла рубель, што дала ёй маці, каб нешта купіць. Хлопчык падыходзіць да яе (відаць, гэта будучы паэт) і пачынае яе ўшчуваць: «Падумаеш, рубель згубіла. Якое гэта гора? Не плач» — і дае ёй свой рубель. А ў хлопчыка гэта рубель таксама быў апошні: маці паслала за хлебам і соллю. Вось так ненавязлівая дабрыня, якая ў гэтага хлопчыка і яго сяброў выхавалася з ваенных гадоў, робіць больш светлым жыццё.
Згубіў хлопчык сваю чаргу, але дабрадзейныя маладзіцы клічуць яго да сябе: «Ідзі, хлопчык, ты тут стаяў». І, нават, калі родны бацька б’е вінаватага за благі ўчынак былога паліцая, хлопчык заступаецца за яго, бо ненавідзіць усялякае прыніжэнне чалавека.
Вось характэрны верш для І. Катлярова:

Молитва

Дай мне себе не солгать!
Если себе не солгу, —
Может быть, правду сказать
Людям о людях смогу.

Цудоўная мініятура. Мы часта кажам: «Пачынаць перабудову з сябе». Такія радкі цешаць душу, паэту пачынаеш верыць.
Для І. Катлярова характэрныя праўда пачуцця, вобраза, перажывання, думкі. Для яго не характэрныя заклік, мараль, рыторыка. Гэта добра.
Горш, што некаторыя думкі, перажыванні, вобразы, успаміны паўтараюцца, і таму вершы часам падобныя адзін на адзін. Даўгавата заседзеўся паэт на ўспамінах маленства. Варта пільней глянуць на навакольны свет, на наш складаны і цяжкі час. Тады з’явяцца і новыя тэмы, і новыя фарбы.
Лепшыя вершы паэта І. Катлярова кажуць самі за сябе: у паэта добрая паэтычная адоранасць.

Спасибо скажу врагу,
А другу еще не могу.
Так яростно искренен враг,
А друг не однажды врал.
Мне друг за ошибки льстил,
А враг ни одной не простил,
Он тыкал их мне в глаза,
Как молнии тычет гроза,
Чтоб видел, чтоб лучше стал, —
А друг на него роптал.
Спасибо скажу врагу,
А другу еще не могу.

Нельга без хвалявання чытаць верш «Вдруг отец распахивает сени…»

— Шел с вокзала. А со мною — Женя,
Вот до самой хаты довела…

Памёршая Жэня — жонка байца, які вярнуўся з фронта. Фантастыка. Прывід. І… горкая праўда. Недарма нам, франтавікам, да гэтага часу сняцца і баі, і жывыя (у памяці) сябры.
Ізяслаў Катляраў — здольны паэт. Ён друкаваўся не толькі ў рэспубліканскім друку, але і ў Маскве, Ленінградзе — у часопісах «Знамя» і «Нева».
У паэта ў мінулым годзе выйшаў зборнік вершаў «Здесь на трепетной земле» («Мастацкая літаратура»), 1989 г.
У наступным годзе (1991 г.) выйдзе яго зборнік «На расстояньи взгляда и души» (уключана ў план выдання — сам бачыў).
Я лічу, што Ізяслава Катлярова з горада Салігорска, патрэбна прыняць у Саюз савецкіх пісьменнікаў СССР. Яго вершы варты гэтага. Прашу Камісію па прыёму ўлічыць маю рэдкую просьбу.
Пімен Панчанка, член ССП СССР з 1938 г.
3 красавіка 1990 г.

Анатоль Вялюгін — Міхасю Скоблу
Я помню, вядомы рускі паэт, вачмі акінуўшы з трыбуны залю ўсесаюзнага з’езда, згадаў дэбют Маякоўскага: «Мир огромив мощью голоса, иду — красивый, двадцатидвухлетний», а потым цяжка ўздыхнуў:
— Красивых здесь не перечесть, а вот двадцатидвухлетних что-то не видно…
Запознена выходзіла ў людзі маладая паэзія: першая кніжка, калі стукне 30—35, такія ўмовы былі — то вайна, то папера. Таму і сёння, калі шчодра сыплюцца раннія лірычныя салюты часопісных бібліятэчак, здзівіў, прыемна ўразіў дзёрзкі дэбют студэнта БДУ Міхася Скоблы: частыя, яркія падборкі на старонках «Полымя», «Маладосці», «Беларусі»; кніжка «Вечны Зніч», выпушчаная «Маладосцю»; другая кніга, здадзеная выдавецтву «Мастацкая літаратура»; дасціпныя, моцна скляпаныя пародыі і эпіграмы ў палымянскім «Дзядоўніку на Парнасе», з якіх можна скласці добры зборнік літсатыры і гумару.
Неадступныя пытанні, трывога за будучыню і за прошласць — усё гэта ў вершах маладога паэта «За век свой недаўгі», «У апошнім музеі Беларусі», «Жаўрукі Паўлюка Багрыма»… І зусім нядаўняя гісторыя жыве ў такіх рэчах, як «Дзяды-88», «Памяці Ларысы Геніюш»:

Клямкі ніхто не падыме,
кветнік зарос лебядою.
Дзе ж ты пайшла, гаспадыня?
Сцежкаю поруч з бядою.

Вернецца словам ці нават
песняй ва ўмёрлыя душы.
Здзеклівы рогат Цанавы,
вочы чужыя і вушы…

«Скапаю дзедаўскі дрывотнік, Па каліву перабяру. І што не змог народ нямотны, Я за яго дагавару», — гэта Уладзімір Хадыка, паэзіяй якога захапляліся Пастарнак і Аўсееў. Варажбітнасць хадыкаўскай інтанацыі часам адчуваецца ў вершах Міхася Скоблы, асветленых чысцінёй непадробленай беларускасці. Такіх паэтаў неабходна мець у нашым гурце.
Анатоль Вялюгін, член СП СССР з 1946 г., № білета 12040
25.3.91 г.

Ніна Мацяш — Васілю Дэбішу
Зазіраю ў заўтра я — цямрэча.
Навакол нікога — ноч і змрок.
Толькі на стале трапеча свечка,
Бы ў сіло спайманы матылёк.

Ані зоркі. На засовы дзверы, —
Шоргат ног і рогат за сцяной.
Нібы звер загнаны, па кватэры
Ў спаняверцы сум блукае мой.

Чорны змрок ахутаў лес і нівы, —
Ў цемнаце не адшукаць дарог…
Толькі ветру плач такі шчымлівы,
А ў душы — мінулае і Бог.

Колькі сэрцаў здольны вярэдліва крануць гэты жалейкавы голас? Колькі лю­дзей здольныя пазнаць сябе ў гэтай бязрадаснасці сённяшняга дня і няпэўнасці, беспрасветнасці дня заўтрашняга? Мноства. Некалькі пакаленняў пайшло з жыцця, як з падмосткаў тэатра абсурду. Але масава расплюшчыць вочы на гэты тэатр давялося толькі нам, чарговым статыстам і адназямельцам аўтара вышэйпрацытаванага верша. Так, жыццёвым варункам нашым далёка да ладу, да гармоніі. Так, навакол пануе змрок і страх. Але ж ёсць, хай сабе і кволае, святло свечкі на стале! Але пакуль у душы — «мінулае і Бог», такая душа не можа быць слабою і не шукаць выйсця з атупляльных, расчалавечвальных абставін. І хоць лірычны герой Васіля Дэбіша неяк і ўсклікнуў разгублена: «Каму маліцца мне», — воблік ягонага трыадзінага Бога яскрава вымалёўваецца на паэтычных старонках у іпастасях Радзімы, Дабраты і Кахання. У творчасці Васіля Дэбіша, на маё ўспрыманне, знаходзіць увасабленне пачуццёва-рамантычны свет чалавека, якому вадзіць грубая рэчаіснасць і які сумуе па чулых, далікатных, шляхетных адносінах паміж людзьмі. Лірычны герой Васіля Дэбіша не праклінае і не заклікае. Ён нікому не навязвае сімвалаў сваёй веры, ён толькі ўтаймоўвае ўласныя стому і боль:
…Быць не баюся пакаянным,
Тапіў свой сум я ў віне.
Я Вас кахаў, прабачце, панна.
Ды цесны стаў Ваш замак мне.

Асэнсаванне зямнога побыту і духоўных крыніц жыцця, туга па дасканаласці ў людскіх стасунках, боль за панявечаную памяць і годнасць беларускага народа і спадзяванне на яго нацыянальнае адраджэнне арганічныя для Васіля Дэбіша. Староннія ж разважанні на тэму: паэт ён ці не, варта яго прыняць у суполку пісьменннікаў ці не варта — уяўляюцца мне даволі забаўным дзействам, намерамі статыстаў выступіць у ролі Рэжысёра, бо ўсё даўно ўжо вырашана па-за намі: раз Васіль Дэбіш адчуў патрэбу ў паэтычнай творчасці і зрабіў удалую спробу выявіць свае магчымасці ў гэтай сферы, то каб выканаць сваё духоўнае прызначэнне і не зглуміць боскі дар, яму застаецца толькі адно — развіваць і дасканаліць яго.

Кахай, твары, пакуль на свеце ёсць
Вачэй тваіх агністае святло, —

сказана Васілём Дэбішам.
Хочацца дадаць, што Васіль Дэбіш добра валодае родным словам, шмат і плённа друкуецца, а галоўнае, заўжды працуе над сабой, сваім духоўным «Я». Хай для яго святло агністае не пагасне!
Ніна Мацяш 25 мая 1992 года

Васіль Быкаў — Валянціну Грыцкевічу
Валянцін Пятровіч Грыцкевіч — паважаны вучоны-публіцыст і пісьменнік, аўтар шмат якіх кніг на важныя навуковыя і грамадскія тэмы жыцця. Жывучы ў Санкт-Пецярбурзе, ён набыў зайздросную якасьць сувязьніка паміж дзьвума літаратурамі, папулярызатара ў расейскім асяродзьдзі шматлікіх здабыткаў беларускай літаратуры.
Рэкамендую прыняць Валянціна Грыцкевіча ў Саюз пісьменьнікаў Беларусі.
Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі
16 травеня 1995 г.

Рыгор Барадулін — Марыне Наталіч
Я, Рыгор Барадулін, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1958 года, даўно ведаю паэтку Марыну Наталіч.
Марына Наталіч — паэтка са сваім адметным голасам у нашай рускамоўнай паэзіі, са сваім творчым і жыцьцёвым лёсам.
Вершы Марыны Наталіч выгодна вылучаюцца глыбінёй думкі, натуральнасьцю гучаньня радка, сваім памкненьнем у вышэйшыя сферы духу.
Пераклады з Максіма Багдановіча радуюць ашчаднасьцю й трапятлівасьцю.
Руская інтэлігентка па лепшых прыкладах расійскай інтэлігенцыі дасканала вывучыла нашую мову. Марына Наталіч і піша й гаворыць па-беларуску бездакорна. Гэта яна адрэдагавала безьліч сур’ёзных тамоў па гісторыі беларускага духу.
Лічу за гонар рэкамендаваць Марыну Наталіч у сяброўства нашай пісьмень­ніцкай суполкі.
Рыгор Барадулін, сяброўскі білет № 007
Кастрычнік 1996

Рыгор Барадулін — Валерыі Куставай
Я, Рыгор Барадулін, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1958 году, рэкамендую ў пісьменьніцкую сям’ю шалёна таленавітую паэтку Валерыю Куставу.
Гэта новая крывіцкая паэзія, гэта новае й па-новаму пачутае крывіцкае слова ўтрапёнкай, якую чакала паэзія Беларусі.
Аберуч галасую за шчырасьць і непаўторнасьць, за дасьведчанасьць і майстэрства, за першаросавасьць пачуцьця, за паганскі агонь жарсьці, за небазорнасьць роздуму. Карацей — за Валерыю Куставу.
Памаладзелы ад шалёных радкоў
незвычайнай паэткі Рыгор Барадулін
14.02.04, Mensk

Язэп Янушкевіч — Радзіму Гарэцкаму
Хтось пачынае публічную спробу ўласнага пяра ва ўзросце 19 гадоў карэспандэнцыямі кшталту «Горкі, Магілёўскай губерні» не дзе-небудзь, а на старонках легендарнай «Нашай Нівы» (1912). Каб у 21 займець першы зборнік апавяданняў («Рунь»; Вільня, 1914) і адразу ўслед за ім прычакаць прафесійнай рэцэнзіі не каго-небудзь, а самога Власта-Ластоўскага. Здавалася б, наперадзе плённае творчае жыцьцё. Аднак творцу жывасілам, у 37 гадоў, адрываюць ад любай пісьменніцкай працы, асуджаючы на выгнаньне. Каб там, на чужыне, у 45 забіць.
Імя яму Максім Гарэцкі (1893 —1938).
Хтосьці пачынае сваё грамадзкае служэньне нядаўна паняволенай Бацькаўшчы­не таксама блізу 20-годкам, каб у 26 стаць аўтарам дасьледзін «Народны прыбытак Беларусі» (Менск, 1926), а ўслед за гэтым уганаравацца 28-гадовым правадзейным сябрам новастворанай Беларускай Акадэміі Навук — самым маладым Акадэмікам за ўсю 78-гадовую гісторыю існаваньня БАН. Але потым і ягонае жыцьцё ламаюць, калечаць, тройчы ставячы пад расстрэл.
Імя яму Гаўрыла Гарэцкі (1900 —1988).
Хтосьці адкрывае сваё літаратурнае прызванне ў 50-гадовым веку. І тое, яшчэ доўга не верачы гэтаму, не верачы парадам і намаганням сяброў і блізкіх людзей, не пагаджаецца ўступаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў — прафесійнае згуртаванне айчынных літаратараў. Таму я не хаваю гонару, што на ўласны рахунак магу запісаць: гэта мне пашанцавала, пад час апошніх адведзін, у лютым 2006 года, у лякарні (Лечкамісіі), схіліць сівагаловага творцу ўрэшце ў СПБ уступіць.
Імя гэтага чалавека — Радзім Гарэцкі.
Толькі пералік зробленага і надрукаванага Р. Гарэцкім — каля паўтысячы апублікаваных пазіцый. Зь іх пералік кніг-манаграфій складае не адзін дзя­сятак.
Аднак рахунак ім хацеў бы працягнуць усяго адной кнігай, не адзначанай яшчэ ў аніводнай энцыклапедыі за персаналіяй Р. Гарэцкага. Гэта — зборнік артыкулаў і замалёвак «Вечна жыве Беларусь!» (Менск: Беларускі кнігазбор, 2003). Менавіта ў ім мяне чарговы раз уразіў такі нечаканы, неспазнаны, непаўторны Радзім Гарэцкі. Абразкі «Санкі», «Горе» запалі ў душу майстэрствам коратка й ярка падаць трагізм жыцьця. І наадварот: апавяданьні «Веснушчатая весна», «Удавчик» ударылі ў самае сэрца сваім маладым, гарачым, палкім пачуцьцём. Праўдзіва — так паўстае «Жыцьцёвы мэланж».
То няхай ён доўжыцца ў Радзіма Гарэцкага на ўсю моц не толькі як у геолага, слыннага грамадзкага дзеяча, заснавальніка беларускай школы тэктаністаў, але і як літаратара.
Бо гэта ў пісьменнікаў, таленавітых пісьменнікаў і думанікаў, праўдзівых апосталаў нацыі, люд паспаліты заўсёды пытаецца: «Скажыце, як жыць далей, што рабіць на жорсткіх, крутых паваротках неспагаднай матухны-гісторыі?».
Асабіста я ў апошняй, названай вышэй, кнізе «Вечна жыве Беларусь!» вычытаў credo: «сапраўдны навуковец, што б зь ім не рабілі, куды б яго ні штурхалі ў час рэфармаваньня, як бы яму ні перашкаджалі, будзе пільна працаваць (праўда, менш эфектыўна), бо галоўнае для яго — адданасьць навуцы, пошуку ведаў і ісьціны» (с. 80).
Такія важныя складніковыя часткі неабходныя і тым, хто прымае на сябе ганаровае званьне беларускага літаратара.
Ганаруся, што гэтая Рэкамендацыя — адна з нешматлікіх, дадзеных мною за дзесяцігоддзе, як самога мяне прынялі ў прафесійны пісьменніцкі цэх.
Дык няхай спаміж нас будзе як мага больш такіх калег, як Радзім, сын Гаўрылы, братанец Максіма з легендарнага роду Гарэцкіх.
Язэп Янушкевіч, сябра СБП з 1995 г., нумар білета 482.
25 сакавіка 2006 г.