12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Шаўлякова

_____________________
Сакральная вайна


Данільчык. А. “Сон, які немагчыма забараніць” : вершы / Аксана Данільчык. — Мінск: “Кнігазбор”, 2011. — 168 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; вып. 15.)

Не паспее беларускі паэт дамагчыся часовай перамогі над роднай самотай, як нялітасцівы (асабліва да яшчэ маладых ды нязменна прагрэсіўных) творчы лёс выпісвае яму нарад на змаганне з экзістэнцыйным еўрапейскім смуткам. Найчасцей, аднак, барацьба вядзецца адразу на два франты. Без перадышак. Тэрміны канчатковай — так бы мовіць, “незваротнай” — перамогі прагназаваць немагчыма. Бо найбольш зацята, нібы за апошні “лапік” беларушчыны, многія паэты (асабліва з нязменна маладых ды яшчэ прагрэсіўных) змагаюцца за права на самотнасць.
Калі меркаваць па кнізе Аксаны Данільчык “Сон, які немагчыма забараніць”, да моманту з’яўлення трэцяга паэтычнага зборніка творца апынуўся блізу эпіцэнтру згаданай вышэй “сакральнай вайны”. Насамрэч у адпаведных баявых дзеяннях бярэ ўдзел пераважная большасць прадстаўнікоў так званага сярэдзіннага паэтычнага пакалення — volens яны таго, ці яны nolens. Унікальнасць сітуацыі, “уласнаручна” створанай А. Данільчык, заключаецца ў адначасовай улучаснасці паэта ў калектыўную змагарную справу — і відавочнай адчужанасці, “ветлівай”, але цвёрдай адстароненасці ад валтузні з роднай самотай і чужым смуткам. Гэта не ёсць пазіцыя чыстага сузірання, нуль-дзеяння. Наадварот: менавіта своеасаблівая над-староненасць лірычнай гераіні новай кнігі А. Данільчык у дачыненні да свету не толькі “вонкавага” (“Мне цесна ў межах быційнай прабіркі, // і я выплёскваюся цераз край” (“Маніякальна-дэпрэсіўны сіндром”)), але і “ўнутранага” (“…гэта я, назіральнік старонні // за сваім уласным жыццём…” (“***Небам, небам — апошняе ззянне…”)) парадаксальным чынам паўстае ўмовай яе жыццядзейснасці. Умову гэту можна лічыць галоўнай, але не адзінай сутнасна важнай, бо толькі “…адсутнасць слоў і ёсць мая адсутнасць” (“***Не я, не я — настойліва-рытмічна…”).
“Сон, які немагчыма забараніць” складаецца з трох раздзелаў: “Вакзал: дзень наступны” (тут, у сваю чаргу, вершы размеркаваныя па шасці нумараваных рымскімі лічбамі нізках), “Нараджэнне”, “Італіі з любоўю. All’Italia con amore. Пераклады”. Паводле законаў, якімі рэгулююцца снабачанні, згаданыя часткі кнігі А. Данільчык маглі б прэтэндаваць на статус вершаванай аўтаноміі (найперш, апошні раздзел, што змяшчае пераклады вершаў чатырнаццаці італьянскіх паэтаў). Аднак злучаныя воляю аўтара ў адмысловую “канфедэрацыю”, арыгінальныя ды перакладныя творы ў “Сне…” не варагуюць, але суіснуюць у ветліва-адстароненым суседстве, зрэдзьчас, праўда, абменьваючыся ледзь гучнымі (рэхападобнымі) вобразна-асацыятыўнымі “вітаннямі”.
Зрэшты, калі сканцэнтравацца на форматворчых пошуках А. Данільчык, тры­маючы ў полі “бакавога зроку” і папярэднія зборнікі вершаў, і плён перакладчыцкіх зацікаўленняў гэтага літаратара, заўважаеш, што ў новай кнізе тэндэнцыі да верлібрызацыі і нават да празаізацыі паэтычнага маўлення (“чужынскія” паводле паходжання) пачынаюць верхаводзіць над нязводнай сімпатыяй айчыннай паэзіі да сілаба-тонікі. Выпадкі адмысловага “перамір’я”, калі перавага аддаецца змешанай тэхніцы вершавання (спалучэнню ў межах аднаго твора фрагментаў верлібавага і традыцыйнага рыфмаванага верша), адзінкавыя, але якраз з гэтай прычыны наступствы падобных “кансенсусаў” вабяць у “Сне…” цвёрдым абяцаннем нетутэйшай нетрывіяльнасці:

…заблытаная і захутаная ў дзясятак дарог
не магу знайсці тую нітку
што пакажа напрамак

дзе маё неба

адно бязлітасныя кроплі за акном
і мокры снег што робіцца дажджом
і Вільня падчаркай без парасона
хаваецца каля дзвярэй замкнёных

дзе маё неба…
“***заблытаная і захутаная ў дзясятак коўдраў…”

Гэтаксама ў адзінкавых творах з ламаным рытмам і своеасаблівай “прарыўной” рыфмай можна разгледзець (пры адпаведнай сфакусаванасці эмацыянальна-пачуццёвага “зроку”), а дакладней, прадбачыць найбольш верагодную траекторыю метафізічнага руху лірычнай гераіні — і эвалюцыю індывідуальна-творчага стылю паэта, які формулу суладдзя шукае ў карунках урбанізму, у мройлівай гармоніі дысанансаў:

заход праступае праз чорныя дрэвы
ні крыку ні цішыні
на барыкадах дамоў
ультрамарынава жоўты захад
не вызначаюць адказаў
ні рукі ні крылы ні дні…
“***заход праступае праз чорныя дрэвы…”

Разам з тым, у дачыненні да цэлага шэрагу вершаў можна гаварыць пра выразную перамогу “тамтэйшай” паэтычнай стратэгіі над “тутэйшым” тактычным лавіраванем паміж актуальнасцю і… аўтэнтычнасцю.
Так, “Імпрэсія”, “***у сюррэалістычным лесе…”, “Паэзія ў вялікім свеце”, “***Раніца…” — замалёўкі, у якіх шматузроўневасць асацыяцый спалучаецца з выяўленчай рэльефнасцю вобразаў; у іх адметнасць інтанацыйнага малюнку вызначае прытоена-напружаны тэмпарытм; але толькі з аўтарскай ласкі (ці спецыфічна беларускага піетэту да паэзіі) яны ўганароўваюцца звання “вершаў”. Затое верш “***адбіткі ў зрэнках…” на візуальна-графічным узроўні старанна “замаскіраваны” аўтарам пад прозу — і насуперак гэтаму робіць уражанне плёну выразна паэтычнага светаадчування…
На фоне халаднавата-адчужанага (на мяжы ці то з метафізічнай безуважлівас­цю, ці то з класіцыстычнай грэблівасцю) стаўлення лірычнай гераіні “Сну…” да падзей, што віруюць сёння ў хаосмасе generation “П” і сумежных пакаленняў, таямнічыя і разам з тым гарэзлівыя пераапрананні вершаў у прозу — і наадварот не атрымліваецца ўспрымаць як пралікі. У кантэксце “Сну…” проста не выпадае разглядаць іх інакш як дэтэктыўныя “маніпуляцыі”, неабходныя аўтару (“злачынцу” і “Вялікаму Следчаму” ў адной асобе) для таго, каб трымаць чытача ў пастаяннай напрузе. Бо калі “базавымі складнікамі жанравай структуры дэтэктыва”, з’яўляюцца, побач з іншымі1, “таямніца як яго арганізуючае звяно”, “камунікацыя з чытачом на грунце гульнёвага прынцыпу”, “інтэлектуальнасць як форма эскапізму” (А. Мікус), дык чым ёсць “Сон, які немагчыма забараніць”, як не пераапранутым у кнігу вершаў самотным беларускім дэтэктывам?! Прычым не простым, але, перапрашаем, “сінкрэтычным”. Актуальная тэндэнцыя да гібрыдызацыі жанраў урэчаўляецца ў дадзеным выпадку ў надзвычай арыгінальнай, нават унікальнай (а ў нас зямля такая!!!) версіі.
Так, наш паэтычны дэтэктыў абсалютна законна (натуральным чынам) можа заляцацца да… батлейкі:

Гэтых злодзеяў някідкіх
у натоўпе не відно,
і ад іх усмешак брыдкіх
ратаванне ёсць адно:
павучыныя прыёмы
навучыцца заўважаць
ды інсектаў незнаёмых
да сябе не падпускаць.
“Таямніца горада М.”

Але да творчага шлюбу самотны паэтычны дэтэктыў і ў “Сне…” ставіцца сур’ёзна, хоць да “кандыдатак” на шлюб — пераборліва. Вось ён выструньваецца насустрач фальклорна-публіцыстычнай замове: “о радзіма мая // ты як спрут // адчуваю на целе // восем шчупальцаў // заставайся са мною тут // у маіх вірах // у маіх барах // у маіх пясках // назаўсёды і // непадзельна // о радзіма мая” (“*** о радзіма мая…”). Пасля перакідваецца да ўмеркавана-рамантычнай (хоць і схільнай да энергічных трэнасаў) медытацыі:

Як гэта сталася так, што вяртаюцца жахі начныя,
ці гэта ўзрост, ці такой неадольнаю стала сцяна…
Светлыя сны аб нястворанай намі краіне…
Мы жылі спадзяваннем, што прыйдуць другія,
а пасля зразумелі — другія не прыйдуць без нас.
***Неба і вецер, аблокі на сонечных шалях…”
А неўзабаве — летуценнік! — ужо маршыруе побач з сувора-рытарычнай сірвентай:
Кожны дзень
як усе я спрабую стаць:
вочы — лёд, сэрца — скрыня,
пазбаўленая ўспамінаў,
толькі вось ці магу я маўчаць,
калі ганьбяць маю краіну?..
“***Я — легіянер…”

Ігнаруючы антыўтопію і (цьфу, цьфу на яго!) кіберпанк у якасці аб’ектаў кароткатэрміновага флірту, заўважым, што найбольш утульна, арганічна (у сэнсе сэнсавага, вобразна-выяўленчага і рытміка-інтанацыйнага суладдзя ды пачуццёва-эмацыянальнай пераканаўчасці) адчувае сябе самотнік-лавелас у абдоймах не старой, але добрай інтымнай лірыкі:

ёсць толькі адна
магчымасць
уратаваць гэты
верш
ад самоты —
застацца нарэшце
ў кантэксце тваіх рук
“Паэзія”

Толькі ў таемных спратах сапраўднай пяшчоты здымаюцца маскі — без страху і пафасу: “…мы застанемся на агульных фота: // заўсёды побач і ніколі разам” (***Не я, не я — настойліва-рытмічна…”). Толькі ў пазатэкставай прасторы Любові-Кахання (якое і ёсць сном, што немагчыма забараніць), знакі становяцца рэчамі, а проза незваротна перараджаецца ў паэзію:

…і разглядаючы голкі смарагдавых кактусаў
на фоне ненатуральна-сіняга неба
распавядала б што ў некаторых выпадках “ніколі”
ёсць самай трывалай глебай
ёсць самым найправільным выйсцем найдасканалым збавеннем
белым колерам без аніякіх адценняў
“***аднойчы я падумала што мы ніколі больш…”

Паэзія без аніякіх адценняў — без дамешку батлейкава-маршавага дэтэктыву — у памараку змагання з нялітасцівым творчым лёсам мроіцца сучаснаму беларускаму паэту дасканалым урэчаўленнем Самоты, унутрана парадаксальным сімвалам “утульна-няўтульнага хаосу” (М. Купрэеў) тутэйшай роднасці.
А. Данільчык пражывае вечную гэту роднасць па-свойму — у сваім “Сне, які немагчыма забараніць”. Адпаведна, кожны з чытачоў яе кнігі — безадносна да аўтарскіх надзей ды крытычных каментароў — атрымлівае шыкоўную магчымасць пабачыць сон пра сон, каторы забаронам дакладна не падлягае (па стане айчыннай нельгалогіі на пачатак 2012 года).