_____________________ Блуканец.
Старонкі ўспамінаў | Нарадзіўся ўдзень бяз зморы,
Бог якраз тады быў хворы.
I цяжка.
Сэсар Вальеха. “Даведка”.
Раскрыцьцё таямніцы ўласнага жыцьця – захапленьне працэсам пошуку існага – заўсёды аказваецца па духоўным напаўненьні вышэй за самую таямніцу . Чаканая , выпакутаваная знаходка чамусьці не зачароўвае , а досыць жорстка вяртае на зямлю пасьля фантастычнага палёту .
З маленства ты марыш пра галавакружныя дасягненьні , павольна ці няўрымсьліва кладзеш жыцьцё на плаху сваіх уяўленьняў , а потым , ужо наўзбоч шляху , нават зрабіўшы штосьці значнае , адчуваеш слабасьць таямніцы , мікраскапічнасьць лёсу .
Азарэньне паэзіяй , каханьнем , сапраўдным сяброўствам , змаганьнем высакароднага сэнсу – гэта маланкавыя імгненьні , якія зрэдчас пакідаюць сьлед , драпіну памяці , засмучаную ўсьмешку . Да таго ж , чалавек наогул не суразьмерны з жыцьцём , як пясчынка – з пустэльняй . Хіба што раскрыцьцё таямніцы сродкамі мастацтва ў пэўнай ступені здольнае зьмяніць прапорцыі на карысьць асобы .
Чалавек мае душу , якую яму колісь удыхнуў Бог , і яна гарыць , нібыта сьвечка , дорыць сьвятло на пошук собскага шляху ў жыцьці , і калі асабісты шлях супадае з наканаванасьцю , з гасьцінцам Божай задумы , гэнае сьвятло падпітвае душу чалавека , ягоны сэнс . Тады нябёсы падаюць знакі , і іх уцяміць толькі асоба , здольная захаваць сьвятло сьвечкі , падобнае да купалу нябёсаў , уцямна , натхнёна ...
Першыя літары і словы ў школцы каля парку Радо ў далёкім цяперака Мантэвідэа здаваліся мне чарадзейнымі знакамі , і кожнае з іх хавала ўласныя , глыбокія таямніцы . Гэта падказвае памяць , бо я якраз прыгадваю сябе мяноўна з пяці гадкоў , калі мая сястра , старэйшая за мяне на дзевяць гадоў , вяла мяне штораніцы ў першую школку жыцьця праз містэрыі старажытнага парку з чырвонымі сьцежкамі , гонкімі пальмамі і араўкарыямі , выспамі на цёмных водах вялікага возера .
Тады , я мяркую , магло нарадзіцца ў мяне штосьці , што пазьней спрычыніла памкненьне хоць бы наблізіцца да сэнсу слова і ягоных адценьняў , да экспрэсіі і выразнасьці думкі .
Гэтае памкненьне ўжо ва ўзросьце 10-12 гадоў змусіла мяне ўзяць аркуш паперы і надало сьмеласьці на спробы пяра ды нават на першыя публікацыі . Вядома , я здольны памыліцца , бо тады я ня мог ведаць як сьлед , што сэнс , хоць афарбаваны пачуцьцямі – гэта яшчэ не паэзія , а пранікненьне ў абстракцыю – далёка не заўсёды знаходка . Няўлоўнасьць мастацтва , хісткасьць гарманічнае раўнавагі застаюцца ў цемры неспазнанага нават для слынных філолагаў .
Апрача таго , існуе і псіхалагічная перашкода : а ці варта наогул адкрывацца ? Напачатку шляху чаканьне зьдзеклівых усьмешак за сьпінай робіць нас скрытнымі , інтуітыўна вылучае на першы план часам небясьпечную інтравертнасьць , якая амаль заўсёды можа стацца рысай характару , сутнасьцю натуры , а мо і прафесійнай вартасьцю душы .
Адтуль , між іншым , адносіны палітыкаў , якія зазвычай сьмела бяруць на сябе адказнасьць за лёс краіны , хоць потым амаль ніколі не адказваюць за свае прыкрыя альбо элементарна памылковыя дзеі , – чыньнікі бедаў люду , — адтуль і адносіны інтэлектуалаў , якія абразьліва ставяцца да палітычнае самаўпэўненасьці , бо глеба іхняй хісткай гармоніі – заўсёдны сумнеў і пошук , які почасту не прыводзіць да знаходкі . Таму , відаць , інтэлектуалы амаль заўсёды слушныя апаненты палітыкаў і ўлады .
На зямлі , дзе безьліч людзей жыве пераважна і зусім натуральна асабістым жыцьцём , спрадвечнымі клопатамі , матэрыяльнасьцю быцьця , быць пачутым , стацца чыньнікам эмоцыяў ды роздуму , крыніцай новага падыходу да слова , распаўсюднікам душэўных таямніцаў – неацэнны дар . Паэт – што манах , які служыць слову .
Я часам прыгадваю сваю настаўніцу , сеньёру Элену , якая вяла мяне з першага класу і ўвяла ў мае дні і ночы , як я цяперака разумею , культ мовы . Трэба было толькі слухаць , як яна чытала нам паэзію , як даводзіла сэнс таямніцы знакавых асобаў , якія ўпарта пракладвалі шлях літаратуры , хоць часамі завяршалі жыцьцё ў змрочным жабрацтве альбо траплялі ў псіхіятрычныя лякарні , у астрог ці выгнаньне . Адным словам , вольнадумства і шчырасьць таленавітага настаўніка , – вось выснова з маёй далёкай школкі .
Міжволі напрошваецца паралель з беларускай школай нашых дзён . За рэдкім выключэньнем , дзеці ў ёй паднявольныя бяздумнай зубрылаўцы , якая пасьля лёгка выкідвае веды з памяці на сьмецьце , ад педагагічнага застою і ідэалагічнай , хлусьлівай апрацоўкі дзяцей , якія адчуваюць фальш , але засвойваюць хітрыкі і нават імгненныя , насамрэч уяўныя , выгоды хлусьні . На жаль , беларуская школка ня ставіць сабе за мэту вучыць вольнадумству , самакіраваньню , уцямнасьці запаленае сьвечкі , якая зьвязвае яшчэ маленькага чалавека з чалавецтвам .
Сеньёра Элена прывучыла нас да ўдумлівых дэбатаў без папярэдняе падрыхтоўкі . Гэта былі ўрокі шкалярскага , але , тым ня менш , вызначальнага вольнадумства . Мы зьведалі права на ўласнае меркаваньне і шчыры абавязак аднесьціся да гэтага права годна . У тым і крыўся сэнс пачатковай школкі .
Гэта быў час , калі апельсінавае дрэва ў палісадніку здавалася вялізным ды магутным . Мы жылі на вуліцы 21-га верасьня , дзе мяжуюць раёны Пунта Карэтас і Пасітас , уласна кажучы , Пасітас усё ж частка раёну Пунта Карэтас , амаль на рагу з вуліцай Эжаўры , і я , на вялікі жаль , ня помню пра сэнс гістарычнае даты 21-га верасьня , што крыўся ў тым назове . Вядома ж , гэта было штосьці вельмі вартае , як 25 сакавіка альбо 27 ліпеня для беларусаў . Насупраць дома сьвяцілася рэклама безупыннага ды таннага кіно “Біярыц ”, куды можна было зайсьці ў любы момант , калі карціна йшла , ды глядзець першую частку пасьля альбо ўвесь фільм двойчы ці колькі заўгодна , ажно да самага закрыцьця апоўначы . Літаральна ў колькіх кроках ад нас была кавярня “Аньён ”, дзе я набываў марозіва , калі выпадала шчасьце .
На рагу стаяла аптэка , і яе дзівакаваты гаспадар быў кіраўніком партыі народнага здароўя . Падчас выбараў штовечар ён выносіў лаву , станавіўся на яе ды гаварыў разявакам , што галоўнае ў жыцьці – гэта , натуральна , здароўе , але ў выніку за яго галасавалі адно што сталыя кліенты , якія ня толькі набывалі лекі , але і хадзілі ў аптэку на ўколы ды іншыя дробныя працэдуры , што сам аптэкар і прапісваў .
Па даволі шырокай вуліцы 21-га верасьня хадзілі трамваі майго маленства , якія адпавядалі цёпламу клімату , – замест дзьвярэй мелі дробны ланцужок , і пасажыры самі адчаплялі яго на прыпынках . Я згадваю ўтульнасьць і нават пах мяккіх , аплеценых саломаю крэслаў трамваю , здавалася , хтосьці побач нёс што -кольвек цёплае і смачнае , згадваю і скураную ліну , нацягнутую на кольцах праз увесь вагон : з дапамогаю гэнай ліны , якая задзейнічала званочак , біляцёр падаваў сігналы кіроўцу – прыпыніцца на высадку людзей альбо пасьля пасадкі ехаць далей .
Трамвайныя вандроўкі зачароўвалі мяне , бо на кожным скрыжаваньні я любаваўся вулкамі , якія зьбягалі да зусім блізкага пясчанага берагу , да водных даляглядаў ракі Ла Плата пад сонцам , якія мне дасюль сьняцца .
Калі ў нядзелю пасьля сьняданку йшоў з сястрою на шпацыр , я заўсёды прасіў яе пайсьці да берагу . Там яна чытала на лаўцы , а я глядзеў на водную прастору , якая захоўвала таямніцы неўтаймаванай моцы і шаленства . Стары дом майго маленства быў утульным , поўным сьвежасьці , а ўнутраны дворык меў арміраваную шкляную столь , якую льга было адчыніць і зачыніць з дапамогаю ручнога механізму ў залежнасьці ад надвор ’я . Бацька круціў вялізную ручку , прыстасаваную да сьцяны , і столь пачынала ціхі гарызантальны рух , паступова зьнікала пад дахам , адчыняючы нам нябёсы . Уздоўж сьцяны , якая аддзяляла наш дом ад суседняга , расьлі сьціплыя ды гожыя браткі розных адценьняў – ад бледна -лілейнага да цёмна -бэзавага . Маці любіла іх і штодня ставіла вазачку з браткамі на стол . З тае пары варта мне бачыць іх дзе заўгодна , і я згадваю дом майго маленства і маладую маці .
…Пачалося сусьветнае гора вайны , і бацька набыў у растэрміноўку вялізны прыймач “Тэлефункен ”. Штоноч адбываўся сеанс чарадзейнага пошуку нябачных хваляў ды слуханьня франтавых навінаў . Відаць , гэтак прагна слухаў радыё Васіль Быкаў са свайго прытулку ў Празе , бо баліць Беларусь , і ад гэтага пачуцьця горычы нікуды не падзецца , адно што застаецца – гэта лавіць хвалі ды ведаць , асэнсоўваць , трансфармаваць веды ў жудасны вопыт бясьсільля .
На сьцяне каля прыймача зьявілася мапа далёкай , невядомай мне Еўропы , і бацька прымацоўваў самаробныя сьцяжкі , зрушваў іх на ўсход , пакідаючы цэлыя вобласьці ў жахлівых вядзьмарскіх праколах .
Раніцой ён узрушана вызвоньваў знаёмцаў , сяброў , землякоў , гутарыў з калегамі па працы , потым вечарамі яны прыносілі ў наш дом пакункі з дапамогай франтавікам – цёплай апраткай , зімовымі ботамі . Цяжэй за ўсё , як ён пазьней казаў , даставалася адпраўка дапамогі морам праз мытныя перашкоды і далёка ня танныя з -за шалёнай адлегласьці і вайны тарыфы .
Быў я хлапчуком , і кожны дзень што -кольвек чуў пра радзіму бацькі . Ва ўсялякім разе , я так успрымаў Беларусь , бо ня ведаў тае далёкае краіны , якую бацька называў радзімай , як і не валодаў моваю , якая хавае чарадзейныя знакі глыбіннай , аўтэнтычнай беларушчыны . Паступова мне перадавалася трывога бацькі , боль , ягонае памкненьне вярнуцца , разуменьне таго , што гэта ня проста бацькава радзіма , а – больш ёміста — бацькаўшчына . Часьцяком я чуў ад яго , што хтосьці насамрэч змушаны займаць ягонае месца ў акопах , і ў гэты час гіне ў ненажэрнай вайне .
Тады здалёк бацька ня мог ведаць ці зразумець , што вайна была таксама ўзаемазьнішчэньнем двух жудасных па ступені таталітарнасьці рэжымаў , якія не пашкадавалі вялікае мора людской крыві , – ён проста адчуваў бяду , якая дацягнулася да ягонай радзімы , ды вінаватасьць за тое , што зьехаў у эміграцыю , хоць сапраўды зьехаў ён па хлеб , які ня мог зарабіць на сваёй зямлі .
Эміграцыя – гэта амаль заўжды трагедыя , і нават найбагацейшаму эмігранту , які нібыта дасягнуў усяго ў жыцьці , баліць радзіма . Другасная міграцыя альбо міграцыя вяртаньня часьцяком ня менш трагічная . З аднаго боку , чалавек мусіць пачынаць жыцьцё нанава ў іншых , часамі неспрыяльных умовах . З другога , ён можа сутыкнуцца з варожасьцю асяродку , а таксама наогул трапіць пад жорсткія рэпрэсіі і нават загінуць , як гэта адбылося неаднойчы ў розных краінах сьвету .
Якраз тады бацька , негаваркі самотнік , адварочваўся ад тамашняй і надзвычай смачнай рыбіны дарада , якую маці багата прыпраўляла ды смажыла цалкам , па -крэольску , – ён сумна даводзіў , што сапраўдная рыба – гэта , безумоўна , прыпяцкі лінь . Маці моўчкі глытала сьлёзы крыўды , – хіба ж яна магла знайсьці тамака сапраўдную рыбу лінь !
Ён вымаўляў пэўныя кастыльскія словы з іроніяй , бо яны ў чымсьці нагадвалі яму беларускія словы . Як правіла , яны мелі зусім іншы зьмест і супрацьлеглую экспрэсію . Напрыклад , бацька зьдзекліва паўтараў , што lа с uг vа dе l са minо (у транскрыпцыі “ля курва дэль каміна ”) – гэта , даруйце , не прыдарожная выблядзь , а проста паваротка шляху . Гэтым ён паказваў нам , што ўсё навокал , нават мілагучная кастыльская мова яму чужая . Ён так і пражыў трыццаць тры гады тамака з такім пачуцьцём , успрымаючы эміграцыю як прысуд , і гэта найбольш праявілася ў вайну .
Пад гэты самы час маці часьцяком , амаль штовечар , распавядала мне індзейскія легенды і міфы , захапляльныя бачыны гісторыі , а таксама і найбольш трагічныя эпізоды вынішчэньня цэлых цывілізацыяў дзеля інтарэсаў гішпанскае кароны , чытала мне ўслых кніжкі , вершы , якія ўнушалі пашану і пяшчоту да абарыгеннае культуры радзімы альбо зямлі , на якой я нарадзіўся .
Так і сталася з маленства , што ў маёй душы радзіма і бацькаўшчына ніколі не супадалі , дарэчы , як і сёньня , паміж імі заакіянская адлегласьць ды бязьмежная рознасьць , але яны ўжываюцца ўва мне , як суіснуюць самыя розныя людзі і нават краіны ў сьвеце . Я выхоўваўся , вучыўся , жыў , дыхаў на кастыльскай мове і абарыгеннай культуры , якія адчуваліся , як крэўнасьць радзімы , я засвойваў іншыя раманскія мовы , але да майго прыезду ў Беларусь я яшчэ не валодаў моваю бацькаўшчыны . Мажліва , няведаньне мовы таксама спрычыніла адчувальную рознасьць у душы , хоць гэныя зьявы цалкам натуральныя без якіх -небудзь матываў . Сёньня я магу сьцьвярджаць , што адна з маіх найцяжэйшых хваробаў мае падвойныя карані : мне баляць і радзіма , і бацькаўшчына , і почасту лекары ды калегі не разумеюць сімптомаў , альбо скуль пякельны боль .
Крыху пазьней ды зусім раптоўна для мяне бацькі пераехалі з Уругваю ў Аргенціну з прычыны эканамічнага крызісу , быццам бы можна ўратавацца ад навалы беспрацоўя на адлегласьці ў адну ноч колавым параходам . Тым больш , што колаваму параходу трэба было праплыць ноч , а раніцой маленькі гідраплан на тузін пасажыраў пралятаў над тым жа шляхам прыблізна за пару гадзінаў ды рабіў пасадку на рацэ побач з набярэжным прасьпектам ды муніцыпальным пляжам , насупраць аэрапорту імя Хорхэ Ньюберы , заснавальніка аргенцінскае авіяцыі .
У Буэнас -Айрэсе бацька арэндаваў ужо ня дом , а сьціплую кватэру ў чатырох невялікіх кварталах ад пляцу Онсэ . Пакоі выходзілі на адкрыты ўсім вятрам і нудным дробным дажджам унутраны дворык , а стромая лесьвіца вяла на тэрасу , дзе маці сушыла бялізну . Сьціпласьць , вядома , зьвязвалася з тым , што мігранту трэба пачынаць жыцьцё нанава , а бацька вельмі добра засвоіў гэную горкую праўду .
Тады я трапіў у новую школку на сваёй вуліцы Сарм ’ента , амаль побач з домам , дзе напачатку вучыўся няўважліва , нярвова , бо адбываліся зьмены настаўнікаў , метадаў навучаньня , а таксама прыціркі характараў . Праўда , мяне выручала добрая памяць , часам я слухаў настаўнікаў у паўвуха ды шмат пазьней адказваў на іспытах , нібыта вучыў вечары навылёт . Дасюль я помню добрыя вершы , якія лёгка вучыў , калі быў яшчэ трэцякласьнікам .
Наадварот , свае вершы я хутка забываю , і заўсёды кажу напаўжартам , што я наогул не злапамятны , але насамрэч адчуваю патрэбу ў тым , каб выслабаніцца , адкінуць мінулае , інакш новыя вершы ўпарта не прыходзяць . Мяноўна таму я сваё чытаю , а не дэкламую на памяць . На маёй радзіме паэт і дэкламатар – розныя асобы , а ў Беларусі ўспрымаецца крыху дзіўнавата , маўляў , як гэта паэт ня помніць уласных твораў . Тамака ён прыватная асоба , а ягоныя кніжкі публічныя . Гэта не замінае чытацкім сустрэчам , але робіць іх іншымі , больш глыбокімі . У Беларусі ён публічная асоба , і дэкламатарства – ягоная крэўная патрэбнасьць , хоць ён паўтарае тое , што люд чытаў , інакш не праявіў бы цікаўнасьці да асобы , але больш грунтоўнае ў філасофскім сэньсе слова ён пачуе зрэдчас .
Якраз тады я зьведаў першае каханьне . Нават сёньня , на схіле жыцьця , помню яе імя : Марыя дэль Расарыя Анэа Андрадэ Гранадас Капра .
Ейныя бацькі скасавалі шлюб дэ -факта . Маці працавала медсястрою ў вайсковай лякарні , часьцяком дзяжурыла да поўначы , а бацька быў кіношнікам , слынным аператарам мастацкіх фільмаў , і ўвесь час прападаў у творчых вандроўках . Відаць , надта вольная прафесія міжволі паспрыяла разводу , і ён толькі зрэдчас заязджаў дамоў , ды тое ў адсутнасьць жонкі – браць адпаведнае аператарскае прычындальле і кінуцца ў новыя кіношныя прыгоды .
Дзіцячая навэла працягнулася з перапынкамі на гады , сталася адкрыцьцём істотнае гамы пачуцьцяў , якія суправаджаюць мяне , дзякаваць Богу , і дасюль . Забягаючы наперад , трэба сказаць , што ў 1956 годзе я зьехаў на бацькаўшчыну ўсьлед за маімі бацькамі , якія адарвалі мяне ад радзімы і самі выехалі на два гады раней за мяне , а ў 1988 годзе , праз трыццаць два гады , калі наведаў Буэнас -Айрэс , каб узяць удзел у працы міжнароднага кніжнага кірмашу , я паблукаў па сваіх мясьцінах , зазірнуў у дом на вуліцы Ларэа , дзе яна раней жыла , вядома , з рамантычнае цікаўнасьці , што само па сабе было сьмешна , а таксама пад уплывам імгненнага ўспаміну , і раптам дазнаўся ад старога парцье , які , зразумела , мяне не пазнаў , што яшчэ ў маладыя гады яна пастрыглася ў манашкі .
I сёньня зрэдчас я яе згадваю , разумеючы , што тысяча матываў маглі спрычыніць ейны сыход у манастыр . Аднак Бог сьведка , у душы застаўся містычны сэнс неверагоднай адлегласьці , а таксама непазьбежнасьці наканаванага шляху .
Але вернемся ў Буэнас -Айрэс .
Праз пэўны час я стаў студэнтам Інстытуту імя М . Марэна і завадатарам студыі пры Незалежным тэатры . Інстытут карыстаўся дзесяцібальнай сістэмай , пры гэтым студэнт , які па пэўным прадмеце меў у сярэднім сем балаў і вышэй ня мусіў здаваць іспыты на сесіях , і гэта заахвочвала нас . Хто атрымліваў сярэднюю адзнаку ад чатырох да шасьці балаў здаваў іспыты вусна перад вакацыямі , а калі менш за чатыры балы – вусна і пісьмова пасьля вакацыяў . Іспыты былі платнымі , што лагічна , бо праводзіліся па віноўнасьці тых , хто горш вучыўся , і бацькі ўплывалі на вучобу патрабавальнасьцю , якая таксама дыктавалася ды інсьпіравалася эканамічнымі меркаваньнямі .
“Хвасты ” наогул не дазваляліся , і студэнт , які ня здаў іспытаў , пераходзіў у катэгорыю вольнага слухача , а праз год ён павінен быў здаць усе прадметы вусна і пісьмова , інакш выключаўся з інстытуту без шкадаваньня . Інстытут яшчэ карыстаўся дваццаціпяцібальнай сістэмай па пытаньнях дысцыпліны : студэнт , які на працягу году атрымліваў гэныя балы за дрэнныя ўчынкі таксама пераходзіў у стан вольнага слухача пад пагрозай выключэньня . Пра кожны бал па дысцыпліне інфармаваліся бацькі , і гэта таксама ўплывала на паводзіны студэнтаў . Інстытут меў раду выкладчыкаў і раду студэнтаў , якія абіраліся штогод . Статут забараняў радам разгляд палітычных меркаваньняў выкладчыкаў і студэнтаў , на тое існавалі даволі ўплывовыя незалежныя прафсаюзы і студэнцкія федэрацыі , вядома , па -за варотамі навучальнай установы .
У тэатральнай студыі я прагна праслухаў курс па гісторыі тэатру , майстэрству актора , грыму , сцэнаграфіі . Гісторыя пагрузіла нас у містыку старажытных сьпектакляў розных народаў , у выяўленьні сэнсу эпахальных канонаў . Я згадваю першую лекцыю майстэрства : трэба было легчы на падлогу , расслабіцца да адчуваньня сябе сівым каменем наўзбоч шляху , а потым паступова , вельмі марудна прачынацца , бачыць боскае сьвятло , зьдзіўлена адчуваць сябе жывой істотай і паступова ўстаць насустрач сьвету . Грыму вучыў нас румын , які прыносіў на лекцыі пакункі кандомаў . Перад намі ён ставіў графічныя лісты з яскравымі тыпажамі , і мы надзьмувалі кандомы , каб зрабіць нос , шчаку альбо падбароддзе ці штось яшчэ , клеілі надзьмутую частку да твару , а потым клалі макіяж . Ён тлумачыў нам , што іншыя пластычныя рэчывы скоўваюць твар цяжарам , замінаюць актору , а тое , што мы рабілі праз пару хвілінаў не адчувалася , бо не адцягвала твар вагою цяжкіх , традыцыйных матэрыялаў , не замінала міміцы .
Тым часам я пачаў друкаваць вершаняты , нарысы , аповеды . Тады і зрабіў першыя свае пераклады : вялізнае эсэ пра Чэхава і п ’есу Растана (адно і другое – з французскай ). Безумоўна , гэта былі спробы пачаткоўца . Помніцца і вопыт пастаноўкі п ’есы Растана , салодка -пакутлівы працэс стварэньня сьпектаклю , першыя паказы ў моладзевым клубе . Мой архіў захаваў сцэнаграфію ды асобныя моманты маёй юнацкай мізансцэны .
Вядома , дома ніхто пра гэта ня ведаў . Мая сястра , найбліжэйшы мне чалавек з нашае сям ’і , безумоўна , ня лічачы маці , пабачыла тыя публікацыі ўпершыню нашмат пазьней , калі прыехала да мяне ў Менск пры канцы шасьцідзясятых .
Пад той добры час студэнцтва часта я бываў у Доме аргенцінскае культуры , які аб ’ядноўваў тагачасную інтэлігенцыю Буэнас -Айрэсу ва ўтульным памяшканьні амаль на рагу Аякуча і Барталамэ Мітрэ .
Да нас , юнакоў , прыходзілі такія волаты літаратуры , як Альфрэда Варэла , Жоржы Амаду , Мігель Анхель Астурыяс , Эктар Агосьці , Леанідас Барлэта , Карлас Дадэт ... Яны прыходзілі з лекцыямі , вялі семінары , разьбіралі нашыя опусы , зрэдчас сёе -тое адбіралі для друку , проста гаманілі паміж сабой і з намі , абмяркоўвалі навіны культуры і палітыкі , новыя кніжкі , удалыя артыкулы – быццам бы з роўнымі літаратарамі , ніколі не навязваючы ўласныя ацэнкі .
Пра гэта найлепш сказаў зусім нядаўна Габрыэль Гарсія Маркес (альбо ягоны містыфікатар , я патлумачу гэта пазьней ) у тэксьце : “Я ўсьвядоміў , // Што чалавек мае права // Глядзець на іншага зьверху , // Толькі калі дапамагае яму //Падняцца ” (пераклад мой ). Мажліва , гэта вышэйшая праява пашаны інтэлектуальнага вальнадумства , і гэтымі радкамі любы аўтар мог бы ганарыцца .
Мімаходзь я закрануў праблему містыфікацыі , і тут я мушу прыпыніцца , згадваць кватэру Борхеса на буэнас -айрэскай вуліцы Майпу , цёмную мэблю , мудрагелістыя сьвяцільні , пах пажоўклых , ажно крохкіх кніжак , таямнічы дух шматзначных рэчаў , бурклівы голас прастуджанага спадара , да якога мы , зялёныя яшчэ пачаткоўцы , што займаліся ў майстроўні майго цёзкі Карласа Дадэта , наведаліся нібыта ў музей , але з патаемнай надзеяй разгаварыць яго і штосьці надзвычайнае зразумець , знайсьці знак Усявышняга ў ягоных вачах і адчуць патаемны асяродак геніяльнасьці , задаць яму хоць адное пытаньне , на якое , о Божухна , ніхто на сьвеце , мабыць , не адказаў і сёньня .
Пад той час Хорхэ Луіс Борхес стаўся славутым як арыстакрат у літаратуры , быццам бы ганарлівы эстэт , ён сьмяяўся з тых літаратараў , якія надта ангажаваліся палітычна і ўвогуле дапускалі палітыку , гэную дамачку лёгкіх паводзінаў , у храм літаратуры . Ён гэтак думаў , бачыў прызначэньне таленту ў служэньні мастацтву , бо іншага проста ня дадзена .
Мы ў сваёй шчырасьці і захапленьні нават не закранулі хваравітай тэмы . Гэта , нарэшце , яму спадабалася , і ён загаварыў , прыгадаў студэнцкія гады , шалёную прагу да чытаньня , асабліва старажытных , рэдкіх кніжак , і раптам дадаў : “Ня верце казкам пра тое , што я містыфікатар . Зрэшты , верце , гэта гожая казка ”.
Вось так : верце і ня верце . Рэчаіснасьць і казка . Тады мы , бадай , не зразумелі яго . I ня дзіўна , сталыя сьпецыялісты , мацёрыя борхесазнаўцы дасюль яго не зразумелі . Магутнейшыя літаратуразнаўцы сьвету прызналі і прызнаюць , што справіцца з прозаю Борхеса , знайсьці , як кажуць , усе кропкі над “і ” змог бы хіба што цэлы калектыў дасьледнікаў , і тое , немавед за які час .
Джон Апдайк назваў яго “пісьменьнікам -бібліятэкарам ”. Джон Барт пісаў : “Пункт гледжаньня бібліятэкара !.. Апавяданьні Борхеса ня толькі староньнія заўвагі да ўяўных тэкстаў , але ўвогуле пастскрыптум да ўсяго корпусу літаратуры ”. Словам , прызнаны містыфікатар .
Прайшлі гады , і неяк у Кактэбелі я пазнаёміўся з абаяльнай жанчынай , блізкай сяброўкай усіх маскоўскіх дысідэнтаў , бальшыня з якіх ужо жыла на Захадзе , сінолагам па прафесіі – Яўгеніяй Завадзкай . З ёю лёгка было дзяліцца думкамі , слухаць трапныя меркаваньні пра тагачаснае жыцьцё , літаратуру , мастацтва . Яна ведала кола маіх інтарэсаў і аднойчы пачала размову з захапленьня Борхесам . Бязьмежная глыбіня ягоных твораў гэтак прывабіла , што Яўгенія ўзялася за абсалютна пазатэмную , нікім не заказаную , цяжкую і нібыта недарэчную задачу , якая прадугледжвала праверку і раскрыцьцё ўсіх пазіцыяў , што лічыліся містыфікацыямі Борхеса . Мо ў сілу сваёй навуковай інтуіцыі яна не паверыла ў пануючую версію , паводле якой вялікі Борхес быў зацятым містыфікатарам .
Дык вось , да тых кактэбельскіх сустрэчаў у першай палове 80-х гадоў Яўгенія Завадзкая знайшла шэсьцьсот (!) крыніцаў , якія навукай рэгістраваліся Борхесавай гульнёй у падман , і яна ўпарта працягвала карпатлівую , працу . Гэтае здарэньне праз шмат гадоў , якія аддзялялі дзьве сустрэчы , адкрыла мне сэнс тых словаў пісьменьніка : “Ня верце – верце ”. Папраўдзе , калі чалавек гэтак любіў кнігу , асабліва рэдкую , калі “арыстакрат слова ” прачытаць як “рафінаваны знаўца слова ”, дык можна было б разгадаць таямніцу “містыфікатарства ”.
Гэтая першая згадка , яскравы прыклад , калі слыннага пісьменьніка дарэмна залічылі ў містыфікатары . Але другая згадка зусім іншага кшталту . Я маю на ўвазе разьвітальны тэкст Габрыэля Гарсія Маркеса “Марыянетка ”, які ў 2000 годзе прыйшоў мне па электроннай пошце з Мексікі , дзе ў Габрыэля ўласны дом , тамака жыве і ягоны сын , ачольнік літаратурнай агенцыі “Дзіяна ”.
Я ведаў , што Габрыэль цяжка хварэў , лекаваўся ў вядомай клініцы ЗША ад раку лімфатычных вузлоў , і быў ашаломлены тэкстам . Калі меркаваць па электронных каардынатах , то тэкст нібыта даслаў ягоны сын . Я “палазіў ” у сеціве Інтэрнету дзеля праверкі і знайшоў гэты ж тэкст , надрукаваны ў вядомых , прэстыжных лацінаамерыканскіх газетах . Гэта пагрузіла мяне ў жалобу , я пераклаў “Марыянетку ” ды апублікаваў у беларускай прэсе , каб Маркесавы чытачы маглі разьдзяліць боль расстаньня .
Публікацыя мела пэўны рэзананс , адпаведны асобе Маркеса , мне званілі бясконца . Праз некалькі месяцаў я дазнаўся , што гэта нібыта была містыфікацыя : хтосьці , праўда , не пазбаўлены стылістычнага таленту , але на ўзроўні мімікрыі , пазьдзекаваўся з нас , склаў гэты тэкст , прымусіў нас паверыць і пакутаваць ад болю , мо і сьмеючыся ўпотайкі , ня кажучы ўжо пра тое , што мог і насурочыць , наклікаць бяду .
Дзякаваць Богу , Габрыэль Гарсія Маркес пасьля інтэнсіўнага лекаваньня і доўгай рэабілітацыі пайшоў на папраўку , і гэта галоўнае , хоць і можна лічыць выздараўленьне лекарскім цудам . Але застаецца горыч , агіда ад недарэчнага падману , які таксама чамусьці завецца містыфікацыяй . Да яго , не падазраючы , што яно ўвогуле мажліва , я , як і шмат хто ў сьвеце , прыклаў руку сваім перакладам . Каюся , мне пачуліся інтанацыі Габрыэля , якія насамрэч былі спрытна імітаваныя . Мне падалося , што тэкст мяноўна як літаратурны ўчынак у дадзеных абставінах мог належаць непрадказальнаму Маркесу . Мажліва , містыфікацыю зрабіў хваравіты зайздросьнік альбо літаратурны няўдаліца , але ён павінен быў зразумець , што цягам часу станецца публічным самазабойцам .
У першым выпадку , які адносіўся да Борхеса , мы мелі справу з уяўнай містыфікацыяй , якая насамрэч сталася інтэлектуальнай гульнёй у падман , аднак другі выпадак патрабаваў працы , вышуку , кансультацыяў , звароту да самых розных крыніцаў , бо сьмешна было б пытацца ў Маркеса , скуль гэтая добра зварганеная падробка , якая ўвяла нас у зман .
Пазьней мы адшукалі тэкст пад назваю “Імгненьні ” ў мексіканскім часопісе “Плюраль ”. Заснавальнікам ды рэдактарам часопісу ў 1971-1976 гг . быў лаўрэат Нобелеўскай прэміі Актавіё Пас , а пад тэкстам стаяла імя Борхеса , і справа ў тым , што “Марыянетка ”, якую прыпісвалі Маркесу , і “Імгненьні ” Борхеса былі проста блізьняткамі . “Імгненьні ” датаваліся ў дзьвюх крыніцах па -рознаму , 1973 і 1976 гадамі , таму сталася ясна , што трэба шукаць далей . Нават празорлівец Актавіё Пас паверыў хлусу .
Насамрэч і гэты тэкст – вынік падману . У кнізе “Уся Мексіка ” за 1990 год зьмешчанае містыфікаванае інтэрв ’ю з Борхесам на сарака пяці бачынах . Там таксама зьявіўся і містыфікат “Імгненьняў ”. Аўтарка прыдуманага інтэрв ’ю – Гэлена Панятоўска , якая тады пісала , што верш нібыта перадаў ёй асабіста Борхес падчас размовы . Гэта выкрыта спадаром Алеа Франка шляхам складанай кампарацыі датаў і фактаў . У гішпанскай газеце “Эль Паіс ” Франсіска Пярэглі надрукаваў досьлед пад назваю “Верш , які Борхес ніколі не напісаў ”, дзе ён пацьвярджае доказы папярэдніх вельмі дасьведчаных аўтараў .
Далейшыя пошукі паказалі , што “Імгненьні ” (альбо “Марыянетка ”) быццам бы належаць пяру Надзіны Стэйр . Аднак праблема ў тым , што літаратурная крытыка не падначаленая прымітыўнай логіцы : сьцьвярджаючы , што тэкст не належаў Борхесу альбо Маркесу , мы не даказваем , што аўтарам зьяўляецца Надзіна Стэйр . Праз два тыдні росшукаў мне паведамілі , што спадарыня Стэйр , якая нібыта нарадзілася ў Люйсьвіле , штат Кентукі ды адышла ў 1988 годзе ва ўзросьце 86 гадоў увогуле ніколі не існавала , ва ўсякім разе , пад гэтым імем альбо літаратурным псеўданімам … Гэта было праверана з дапамогаю кампетэнтных люйсьвільскіх журналістаў .
Пошук зацягнуўся , у ім прымалі ўдзел дзясяткі адмыслоўцаў , у Нідэрландах быў створаны інтэрнэт -сайт , дзе зьбіраліся сьведчаньні , даты , факты , версіі . Нарэшце , Ільза Карвальла паведаміла па сеціве ўсяму сьвету гішпанамоўнай філалогіі , што знайшла ідэнтычны “блізьняткам ” тэкст “І f I had Му Lifе tо Livе о vег ”, пад якім стаіць подпіс Дона Гіральда (Dо n Него ld), вядомага амерыканскага карыкатурыста , у часопісе Rеа dе r’s Digest. за кастрычнік 1953 году .
Знайшла яна і дачку Гіральда , пісьменьніцу Дорыс Гіральд Аэнд , якая і пацьвердзіла аўтарства свайго бацькі . Мае даўнія сябры выканалі ўрэшце заключную просьбу і праверылі гэты літаратурны факт dе visu.
Такім чынам , шматлікія версіі сышліся ў непрыемнай знаходцы шэрагу містыфікацыяў , якія за паўстагоддзе нацягвалі на сябе маску арыгінальных тэкстаў . Борхес і Маркес , слынныя таленты літаратуры сьвету , зьяднаныя доўгай авантурай падману , а затым і ўпартага досьледу , ня мелі дачыненьня да тэксту . За словам містыфікацыя часьцяком крыецца яшчэ і прымітыўная , ілжывая ды бессэнсоўная авантура .
Увогуле мастацкая літаратура – гэта перадусім плён таленавітага ўяўленьня , якое стварае віртуальную , часьцяком фіктыўную рэчаіснасьць (fiction). Суаўтары (пісьменьнік -чытач , а таксама пісьменьнік -перакладчык -чытач ) вядуць разам дасьледаваньне чалавека і ягонага жыцьця праз віртуальнасьць , і гэтак таксама спазнаюць неабдымны Божы сьвет . Бывае і так , што літаратура містыфікуе факты дзеля раскрыцьця ісьціны . Аднак жыцьцё таксама ўмешваецца ў літаратуру , дыктуючы ўласныя правілы гульні , а часам і ўводзячы ў сферу літаратуры слабога чалавека , які і падкіне грэх містыфікацыі , нібыта штучную костку – у храм літаратуры .
Мае ўспаміны нанізваюцца далёка не паводле жыцьцёвай храналогіі , а падначаленыя хітрыкам памяці , якая імгненна падбірае нібыта алагічныя сувязі , выходзячы за рамкі быццам бы нармальнай хады аповеду . Зрэшты , чалавечы вопыт грунтуецца на кампарацыі рэчаў , фактаў , эмоцыяў ды падзеяў , паміж якімі часьцяком – шматгадовая адлегласьць .
Тамашнім , лацінаамерыканскім пісьменьнікам і дзеячам мастацтваў жылося даволі сьціпла . Амаль усе недзе працавалі : у выдавецтвах , газетах , часопісах , кнігарнях , школках і каледжах . Хіба што тузін з іх здолеў часамі пражыць ад сваіх ганарараў . Сярод іх – і тое не заўсёды — Хорхе Луіс Борхес , Эрнеста Сабата , Альфрэда Варэла , Рауль Лара ды іншыя славутасьці . Нават Хуліо Картасар шмат гадоў працаваў перакладчыкам у ЮНЕСКА . Першыя ягоныя кніжкі наогул былі безганарарнымі .
Мой першы літаратурны настаўнік і цёзка Карлас Дадэт працаваў каміваяжэрам , езьдзіў на старым аўто па гарадках і вёсках , індзейскіх селішчах з гандлёвымі каталогамі ды ўзорамі , ведаў асабіста сотні і сотні людзей , з якіх і складваліся ягоныя персанажы . За доўгія гады пыльнай , як кажуць , працы ён меў сьціплы дом у сарака кіламетрах ад Буэнас -Айрэса ды добрую бібліятэку . Гэта далёка ня горшы выпадак , бо на заробак гандляра ў кнігарні , які атрымлівалі досыць вядомыя паэты , наўрад ці маглі сьціпла пражыць .
Бывала і так , што пісьменьнік друкаваў кніжку за ўласныя , а хутчэй , пазычаныя , сродкі , а потым мусіў клапаціцца пра продаж звычайна невялікага накладу , ісьці да гандляроў , якія бралі некалькі асобнікаў на спробу рэалізацыі , а часта і вярталі іх . У выпадку продажу аўтар атрымліваў і свой прыбытак – восем адсоткаў ад наміналу , гэта значыць , пры малых накладах , сьлёзы . Заставаліся яшчэ і публічныя чытанкі , дзе прысутныя набывалі квіткі ды кніжкі . Права быць пачутым давалася цяжка , далёка ня кожны прабіваўся да чытача . Сістэма сапраўды досыць слушная , для літаратуры – ахоўная , інакш адбываецца яе дэвальвацыя .
Таму , уласна кажучы , літаратурная справа ніколі не была персьпектывай кар ’еры альбо дабрабыту . Прагматычны люд заўжды шкадаваў бацькоў , чые дзеці абіралі філасофію , літаратуру альбо мастацтва як жыцьцёва -прафесійны , але тым часам ахвярны шлях . З гэтага зараблялі хіба што транснацыянальныя выдавецтвы , якія пераважна мелі асноўны дом у Гішпаніі ды філіі ў вялікіх лацінаамерыканскіх сталіцах . Гэта індустрыя і гандаль , якія заснаваныя на глебе таленавітай творчасьці .
Я кажу пра гэта і заадно нагадаю , што за Саветамі склалася штучнае становішча , калі дзяржава імкнулася даказаць усяму сьвету пра росквіт літаратуры і мастацтва пры “сацыялізме ”, таму ганарары плаціліся за памер кніжкі , а не за вартасьць альбо рэалізаваныя асобнікі . Нават прыдумалі стаўку за кожны паэтычны радок , і славутае “кароткасьць – сястра таленту ” страчвала сэнс .
Ясна , што якасьць здольныя вызначаць адмыслоўцы , якія заўжды зьневажаліся ўладнымі функцыянерамі , а рэалізацыя накладу почасту мела палітычнае значэньне . Самым вядомым пісьменьнікам мог стацца найбольш балбатлівы , асабліва ў каляпалітычнай сферы халуйства . Дэфармацыі давялі савецкую літаратуру да злавесных скажэньняў , бо ў адной фанабэрыстай краіне “нарабілі ” пісьменьнікаў ды класікаў больш , чымся мелася ва ўсім сьвеце . У выніку атрымаўся літаратурна -мастацкі “стопудовы ўраджай ”, хоць тады таксама зьяўляліся магутныя , а то і геніяльныя творы .
Беларуская літаратура дала дваццатаму стагоддзю менш слаўных імёнаў , чымся была здольнай , у гэтых умовах не магло быць інакш : нават патэнцыйна лепшыя былі забітыя ў лагерах , адныя як нацдэмы , другія як шпіёны . Тады мала хто ўратаваўся . Аднак шмат хто з іхніх “пасьлядоўнікаў ” дасюль плача па шчасьлівых , заможна -нафтавых часах літаратурнага валу ды гатовы лезьці любому кіраўніку ў сраку , дыфамаваць незалежных духам пісьменьнікаў , толькі б захаваць ілюзію вяртаньня ў пустамельства мінулага . Калі краіна ў стане крызісу ды рэгрэсу , да сапраўднай літаратуры няма справаў . Пазьней , пры спраўджаньні надзеяў на дэмакратыю і рыначны склад эканомікі , які рана ці позна настане (але хутчэй позна ), вартасьць літаратурнага твору ня будзе вызначацца яго памерам , бо да гэтага ў цывілізаваным сьвеце нават вар ’ят ня здольны дадумацца .
У другой палове дзевяностых гадоў савецкасьць шмат у чым вярнулася , мы зноўку маем , як і раней , моцную ідэалагічную цэнзуру з боку выдавецкіх (газетных , часопісных ) ачольнікаў і рэдактараў , забарону імёнаў , зьнявагу ўласнае мовы . Квітнеюць наогул неўласьцівая беларусам кан ’юнктура , у асноўным , бяз Бога ў душы , якою карыстаюцца ў мэтах далёка не літаратурных , ды ненажэрная нянавісьць да рэлігійных , грамадскіх ды ўсялякіх іншых іншадумцаў . Тымчасам хітрадумна адчыненыя шлюзы для неабмежаванага рынку сублітаратуры , якая адштурхоўвае чытача ад сапраўдных твораў . Зараз , вядома ж , педалюецца савецкая песьня як недасяжная вышыня беларускай культуры . Папсовая песьня , пераважна на мове метраполіі , якая даспадобы начальству і запаланіла эфір , замяніла ў вачах люду ўсю разнастайную палітру беларускай культуры . Аднак , на мой погляд , наступіла не стагоддзе пагібелі моваў і культураў , а час стабілізацыі і ўратаваньня вялікай ды разнастайнай спадчыны Беларусі і чалавецтва , нават калі на гэта цэлае пакаленьне інтэлектуалаў пакладзе адведзены Богам творчы час .
У 1968 годзе я езьдзіў у Горадню па літаратурньгх справах . У аэрапорце мяне сустрэў Васіль Уладзіміравіч Быкаў . Ён правёў да гатэлю ды прызначыў сустрэчу ўвечары каля Фарнага касьцёлу , каб пайсьці да яго дадому . Я схадзіў у рэдакцыю “Гродзенскае праўды ”, каб адзначыць камандзіроўку , ды заўважыў : у кабінеце галоўнага не было крэслаў . Дзядзька , які прымаў мяне , перапрашаў , маўляў , сёньня партсход , і крэслы зьнеслі ў залу . Пазьней я дазнаўся , што гэта быў за сход . Я накіраваўся па сваіх справах , пісаў я тады пра жанчыну цяжкага лёсу , якая ратавала палонных падчас акупацыі , трэба было сустрэцца з ёю , запісаць , а потым і зьверыць тое , што яна помніла , з памяцьцю іншых .
Увечары мы з Васілём сустрэліся , ён павёў мяне дадому , і неўзабаве завіталі Карпюк і Клейн . Гаспадар уключыў музыку , уставіў аловак у дыск тэлефону , як мы тады рабілі , нібыта гэта магло ўратаваць ад падслухоўкі , і тады я дазнаўся , што на партсходзе якраз і выключалі з партыі Аляксея Карпюка на падставе выдумак . Гамонка была доўгай ды сумнай , пачостка – моцнай , і мы разьвіталіся недзе апоўначы . Атмасфера несвабоды , суцэльнага перасьледу іншадумства засмуціла нас .
Пазьней мы сустракаліся з Васілём , калі ён наязджаў у Менск , а сустрэчы сталіся больш частымі , калі ён пераехаў жыць у стольны горад . Гэта толькі пачатак , бо ў 1989, калі заснавалі Беларускі ПЭН -цэнтр , адразу ён падключыў мяне да справы з першага паседжаньня ў Доме кіно , дзе сёньня ўзноўлены касьцёл сьвятых Сымона і Алены . Гэта быў час стварэньня і “Мемарыялу ”, і “Мартыралогу Беларусі ”, і “Беларускага народнага фронту ”, зорны час адзінага , бадай , харызматычнага лідэра тагачасных беларусаў Зянона Пазьняка , і амаль усе сходы адбываліся ці то ў Доме кіно , ці то ў Доме літаратара . З тае пары мы сустракаліся з Быкавым часьцей на абмеркаваньні праблемаў ПЭН -цэнтру , але ні разу за гэтулькі гадоў ён ня выпусьціў з дому без пачостачкі , без гамонкі на тагачасныя тэмы . Васіль вельмі добра ўмеў слухаць , ды найперш слухаў я яго , бо ён фармуляваў думкі зграбна , і ягоныя ацэнкі рана ці позна набывалі контуры горкай ды балючай рэчаіснасьці . Ён таксама бываў у мяне дома , ставіўся з сімпатыяй да маёй жонкі .
Наогул грамадства намалявала сабе вобраз крыху жорсткага , нелюдзімага , сквапнага на словы , заўсёды спахмурнелага Быкава . Насамрэч Васіль быў пяшчотным , вясёлым чалавекам , выдатным імгненным карыкатурыстам , адданым сябрам , заўсёды гатовым камусьці дапамагчы , нават ня маючы чым , і гэтым , дарэчы , карысталіся . Ён не любіў публічнасьці ягонай асобы , часьцей нагадваў пра тое , што сам лічыць сябе прыватнай персонай , аднак , калі гэта было патрэбна , ён выказваўся мужна і вельмі дакладна , бо праўда была стрыжнем характару , маральнай апораю і сэнсам ягонага жыцьця .
Краіна паступова адыходзіла ад перабудовы , з 1994 году распачалося зацятае вяртаньне ў мінулае . Васіль ня мог спакойна дыхаць на радзіме , дзе яго цкавалі па -чорнаму амаль штодня . Пасьля вялікага міжнароднага форуму ў абарону дэмакратыі і культуры , які ладзілі мы ў Менску , пасьля кангрэсаў Міжнароднага ПЭН -клубу з нашым удзелам мацнелі міжнародныя кантакты Беларускага ПЭН -цэнтру . Такім чынам мы засябравалі з калегамі , што працавалі ў Фінскім цэнтры , і ў нас узьнікла ідэя накіраваць Васіля на часовае жыцьцё да нашых сяброў .
Цягам часу гэныя праграмы разьвіваліся , і гэта дазволіла падтрымаць Васіля , безумоўна , ня лічачы таго , што замежжа – ніяк не радзіма , але тымчасам маўклівага дысідэнта Быкава перасталі шырока друкаваць , лаянка тых самых цэрбераў , якія атручвалі ягонае жыцьцё , як толькі ён вызначыў свае пазіцыі праўдара не магла ўжо сьцішыцца . Гэта было адзінае выйсьце .
Гэтак Васіль апынуўся ў Фінляндыі (у мяне на стале здымак з ім , зроблены ў Хельсінкі ), а пазьней у Віпенсдорфе каля Берліну , у Франкфурце -на -Майне . Мы званілі яму амаль штотыднёва , высьвятлялі ягоныя адносіны да нашых рашэньняў , зьвяралі , як кажуць , крокі , інфармавалі яго аб падзеях на радзіме , перасылалі яму пошту . Дужа дапамаглі нам у гэтым і Міжнародны парламент пісьменьнікаў , і нацыянальныя цэнтры ПЭН -клубу . Дарэчы , перад ад ’ездам Васіль пакінуў у нас свой кампутарны подпіс прэзідэнта ПЭН -цэнтру і надаў права ставіць яго , калі будзе патрэбна , для подпісаў па грамадскіх , няўрадавых справах , выказаўшы гэным учынкам поўны давер да нас …
Настаў момант , калі прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел дазнаўся ад нашых сяброў пра справы Быкава і палічыў за гонар запрасіць яго на жыцьцё ў Прагу .
У ліпені 2001 году я захварэў і пакінуў пасаду ў ПЭН -цэнтры пасьля доўгай працы . Як толькі наведваў Менск , Васіль заходзіў да мяне , я ўжо адчуваў сябе вельмі цяжка . Мне паставілі дыягназ , нібыта прысуд , і я ня мог уявіць нават у страшным сьне , што мяноўна яму , даражэнькаму нашаму Васілю , наканаваны такі бязьлітасны лёс . Крыху пазьней у Празе знайшлі ў яго падобную хваробу , праўда , іншага характару , дасьведчаныя хірургі зрабілі аперацыю , але ж ня здолелі пакінуць яму , сьветламу , шанцаў .
Мы былі на сувязі , асабліва калі я зьехаў часова ў Нарвегію са спадзевам на лекаваньне , дзе на гэны момант мяне неаднойчы аперавалі . Ірына Міхайлаўна , Васілёва жонка , мужная жанчына і сапраўдная ягоная паплечніца , рабіла ўсё , каб яго падтрымаць ... Як я хацеў бы прачытаць кніжку , напісаную самой Ірынай Міхайлаўнай , яна сапраўды ведае шмат больш за іншых , бо толькі ёй Васіль давяраў свае думкі , свае адносіны да сяброў шчырых і двухлікіх , да сваіх тэкстаў і паводзінаў . Я прасіў яе пра гэта ў нашых тэлефонных гутарках спаміж аперацыямі , і сёньня гатоў прасіць , – пішыце , дарагая Ірына Міхайлаўна , Бог сьведка , гэта вельмі патрэбна !
Я ведаю шчодрых душою , бескарысьлівых і адчайных сяброў Васіля , якія і сёньня засталіся імі , але ніхто з іх і не падумаў абвясьціць сябе лепшым ягоным сябрам . Гэта як традыцыйна -савецкая формула , — калі называеш пісьменьніка , дык абавязкова трэба пісаць альбо вымавіць “знакаміты ”, “вядомы ” і неяк асабліва тытуляваны альбо цяперака “лепшы сябра ”, нібыта люд ня ведае , хто чаго варты .
Пад дзень народзінаў Васіля я пазваніў Ірыне Міхайлаўне , у Менск , куды яны разам прыляцелі , маючы пры сабе квіткі на адваротны рэйс у Прагу , але Быкаў пагадзіўся пакласьціся ў Бараўляны , дзе яго прынялі вельмі добра , раней ён мне асабіста казаў пра гэта нават са спадзяванкай , і мы з ёю крыху пагутарылі , дамовіліся , што яна перадасьць яму нашыя з жонкаю Тамараю віншаванкі ды зычэньні ў лякарні .
На наступны дзень я даведаўся , што на выходныя , калі ў клініках працуюць адныя дзяжурныя , кладуць Васіля ў рэанімацыю на добры догляд , і гэта занепакоіла , бо мы ведалі сапраўднае становішча , а 22 чэрвеня , на ўгодкі вайны , асэнсаваньне якой заняло трагічныя думкі на цэлае жыцьцё , уключыўшы , як заўсёды ўвечары , “Свабоду ”, мы пачулі чорную навіну ...
Дзякуючы маім званкам , кампутарнай перапісцы ды незалежным сайтам , я сачыў за падзеямі ў глыбокім смутку , чуў дыхтоўныя , балючыя словы , а таксама тырады тых , хто перадусім падкрэсьліваў , як любіў яго родненькага Васіль , – яны і ад сьмерці прыхоплівалі ўяўныя , недарэчныя купоны славутасьці .
Народнае пахаваньне ўзрушыла мяне , усё ж людзі ня здолелі заставацца дома , а разьдзялілі боль , заадно абвясьціўшы ўсяму сьвету , каб зьведаў ён пра яшчэ адну старонку беларускае трагедыі .
Выкарыстаць апошнюю кропку Васілёвага жыцьця дзеля афіцыёзнай прапаганды не ўдалося , нават шэрагам “вытанчаных ” правакацыяў наступных дзён . Сьціплы наш Васіль сам ніколі не лічыў сябе духоўным лідэрам альбо сумленьнем нацыі , як мы шчыра меркавалі і сапраўды адчуваем . Ён , безумоўна , разумеў вагу свайго імя і свайго слова , але жыцьцёвымі ўчынкамі , творчасьцю і адносінамі да сумленьня ён стаўся найвялікшым ды сьціплым беларусам дваццатага стагоддзя . Беларусь асірацела падчас навалы , і сёньня замест жывой постаці Быкава , ягонай сьветлай усьмешкі , жыцьцядайнай мудрасьці мы маем незагойную рану . Ці гэта нічога не падказвае беларусам сёньня ? Хіба не баліць душа ? Хіба амаль недарэчнае цяперашняе жыцьцё ня ганьба ?
|