12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Іван Штэйнер

_____________________
Маналог Анатоля Сыса.





* Артыкул быў напісаны да сьмерці паэта. Потым сур’ёзна перапрацаваны, бо зусім па-іншаму цяпер успрымаюцца многія ягоныя творы і спадчына ў цэлым. – Аўт.

Яго хавалі не аднойчы. І амаль што фізічна, рэальна – шквалам ішлі пагалоскі, даволі часта надзвычай верагодныя і доказныя, аб трагічным зьбегу абставінаў, ракавых супа­дзеньнях, тупікова-безвыходных сітуацыях, узмоцненых і справакаваных славутым славянскім каталізатарам творчых памкненьняў магутнай адоранай натуры. І тым болей метафарычна, віртуальна: усё, канец, сьпіўся, сьпісаўся дашчэнту, а які быў талент, якія падаваў надзеі... А цяпер фініта ля камедыя – раскідаў усё, разбазарыў, прагуляў, згубіў у карч­ме – галасілі над ім дзясяткі плакальшчыкаў, прафесійных і ня вельмі. Як шкода! Такая страта! “Мог бы славай грымець сярод гучных імёнаў Еўропы” (У. Караткевіч сказаў гэта пра П. Багрыма зу­сім, праўда, з іншай нагоды), а ён толькі ганьбіць сьветлае імя беларускага паэта і высакародныя ідэалы нацыянальнага адраджэньня. І ліліся сьлёзы, і чуліся стоеныя рыданьні – часьцей за ўсё зусім не віртуальныя. Але заўсёды, літаральна амаль у час трызны, нібы ў паганым жарце ці ў шматстайных узорах народнай сьмехавой культуры, зьяўляўся ён сам не раўнуючы Deus ex machina – Бог з машыны), прымушаючы шматлікіх фомкаў няверных у чарговы раз з радасьцю (уяўнай ці выразна штучнай) або шкадаваньнем (шчырым і ня вельмі) канстатаваць, што слухи о его смерти сильно преувеличены.
Сам вельмі добра адчуваў пэўную хісткасьць падобнай сітуацыі, бо нават з ягоным звыклым багемна-артыстычным modus vivendi і звыкла-традыцыйным эпатажам даволі цяжка выступаць галоўным персанажам на ўласных хаўтурах (нягле­дзячы на ўсю напускную і вельмі ўяўную браваду Qualis artifex pereo! – які артыст ўва мне памірае), таму сьцьвярджаў вельмі катэгарычна:

Где стол был яств, там гроб стоит…
Учора ціхенька, пад раньне
Памёр паэт мой, Вечны жыд.
Я не пайду на пахаваньне.
І вы ня ўздумайце над ім
Казаць жалобныя прамовы,
Бо і ў труне ён пілігрым,
Яму ня трэба вашы словы.

Сент-Бёф не аднойчы, а за ім усьлед амаль усе літаратуразнаўцы згадваюць, што ў дзяцінстве ў кожным чалавеку жыве паэт, затым паэт памірае, а чалавек працягвае жыць. І падобная згуба не замінае яму. Наадварот, хутчэй спрыяе. Таму ніхто, або амаль ніхто, ня робіць з гэтага трагедыі. Ды і ў тых творцаў, паэтычнае, наіўнае, дзіцячае ўспрыняцьце сьвету якіх засталося ў сталым узросьце, дар паэта ня вечны – ён можа раскрыцца вельмі рана і імгненна ўспыхнуць, як метэор, і вельмі хутка згаснуць, пасьпеўшы або не пакінуць сьлед на цёмным ці ня вельмі небасхіле. Ёсьць паэты, што могуць тварыць усё жыцьцё, згадаем Якуба Коласа, Максіма Танка. Іншыя твораць літаральна некалькі гадоў. А Міцкевіч пісаў толькі крыху болей за дзесяцігоддзе, і за гэты перыяд з-пад ягонага пяра выйшла ўсё – ад раньніх баладаў да “Дзядаў”. А. Рэмбо пісаў самыя дасканалыя творы, як з цяперашняга глянуць, зусім дзіцём. Што тады казаць пра Шэльлі, Байрана, Багдановіча ці зусім маладзень­кага паэта Р. Жакоўскага.
Цынікі могуць усклікаць славутае “Кароль памёр. Няхай жыве Кароль!” Ды і ня толькі яны. І гэта не блюзьнерства. Калі пісаліся гэтыя радкі, то бачыўся жывы Анатоль Сыс, згадвалася ягонае станаўленьне і сталеньне ў сьценах ГДУ імя Ф.Скарыны, прыгоды з дыпломнай работай, якую ён прынёс загадчыку кафедры дадому напярэдадні дня абароны недзе пасьля 23.00 і рэкамендаваў адрэцэнзаваць яе зараз, пакуль ён паглядзіць па тэліку матч чэмпіянату сьвету па футболе; прысьвячэньні на зборніку “Сыс”, з якіх уражвае наступны: “Мая родная катэдра! Мае ўлюбёныя настаўнікі, калі б ня вы, дык мяне б ня було!..” (Праўда, у P.S. ён перадаў прыві­таньне ад заснавальніка кафедры сьветлай памяці прафесара Грынчыка М.М., якога ўжо не было на сьвеце, і паставіў дату “3 верасьня 3002 г., Гарошкаў”, што таксама сьведчыць аб многім. І перш за ўсё тое, што сапраўдны паэт – дзіця ў навакольным сьвеце. Ён не абавязкова вар’ят, як Блэйк, што значную частку жыцьця правёў у бедламе. Не вар’ят, хаця ўсё жыцьцё балансуе на мяжы вар’яцтва. Таму вельмі многае пачынае ўспрымацца зусім па-іншаму ў адпаведных абставінах. Як і тыя радкі, што раней лічыліся падчас нават прахаднымі, дзяжурнымі, набываюць амаль сімволіка-трагедыйны і прарочы сэнс:

І толькі жвір на вясковых могілках
калючы і цяжкі, калі прыходзіцца кідаць
свае тры жмені паўсьлед нябожчыку, як
самыя важкія словы, якія не пасьпеў
сказаць яму яшчэ ўчора.

Не пасьпелі і мы сказаць важнейшыя словы, бо ў свой час Анатоль Ціханавіч папракаў са шкадаваньнем, што я ня змог разгледзець сілу ягонага дару ў студэнцкія часы. І ён, як аказваецца, меў рацыю, хаця я некалькі разоў каяўся ў гэтым. І пішучы гэтыя радкі яшчэ да трагедыі, я не сумняваўся, што ён зразумеў бы колішняга настаўніка, а калі не, то прабачыў бы за жорсткасьць у разуменьні ягонай творчай сутнасьці.
«VIXI» – так назваў свой апошні прыжыцьцёвы твор А.Адамовіч, які за год да сьмерці згадваў, што колькасна мог яшчэ нешта зрабіць, а вось якасна наўрад. Леў Талстой у 1910 годзе ў росквіце славы згадваў: “Не нужно мне больше писать. Кажется, в этом отношении я сделал, что мог”. Пісьменьнік пачынае стамляцца ад сваёй дзейнасьці. Перад самагубствам Джэк Лондан пісаў, што з большай радасьцю капаў бы зямлю, каб яму плацілі такія ганарары. “Я начинаю ненавидеть беллетристику, всякую выдумку в литературе, может быть, просто от бессилья, от неумения сочинять. Возможно…”, — пісаў сын столінскага пана Ю. Алеша. Feci, quod potutio, facicut meliora potentes – “Я зрабіў усё, што мог, няхай іншы зробіць лепш” – з поўным правам гаварылася пра паэта.
Такім чынам, ня ставячы мэтай пакрыўдзіць А.Сыса як творцу (гэта з першай рэдакцыі, бо далейшыя падзеі зьнялі ўмоўны лад), па сутнасьці адзначым, што жыцьцё і творчасьць А.Сыса – гэта своеасаблівы эксьперымент, праведзены нейкай сілай з адпаведнай мэтай – вызначыць зьмест, сутнасьць, персьпектывы разьвіцьця беларускага прыгожага пісьменства мінулага стагоддзя, а ягоная творчасьць – гэта “кароткі паўтарыцельны курс” (М.Багдановіч) усёй беларускай паэзіі, развага аб яе значнасьці і незапатрабаванасьці, ідэалах і арыенцірах. (Non refert quam maltos, sed quam fonos habeas (biblos) – істотна ня колькі ў цябе кніг, а наколькі яны добрыя).
У кожнага творцы спарадычна ўзьнікае ўяўленьне – доўгае, кароткае, моцнае, ціхае – аб уласнай незапатрабаванасьці, непатрэбнасьці. Тым болей для паэта беларускамоўнага, на якога ў большасьці выпадкаў глядзяць як на блазна, што ўсюды, дзе трэба, а часьцей за ўсё не, прэцца са сваім ўяўна ўжо матчыным словам. Нават для А.Сыса з ягонай эпатуючай многіх упэўненасьцю ва ўласнай геніяльнасьці (а сьцьвярджаць гэта ой як нялёгка для такой ранімай душы – пры ўсёй зьнешняй бравадзе). Хаця ён ужо ў дзевяць гадоў, калі напісаў свой першы верш на роднай мове, быў упэўнены, што надыйдзе час – і ягоныя творы будуць вывучаць у школе. Ці не адсюль вытокі гаркаватых радкоў, што так нагадваюць ясенінскія:

Ну і няхай колкая пожня,
Горкі вусны мае, дык няхай.
Мама, такога народзіць ня кожная,
Мама,
Не перажывай!

Чаму ж якраз А.Сысу наканавана было зрабіць так многа за зусім кароткі адрэзак часу, чаму ягоная паэзія зьяўляецца іерогліфам, сімвалам пошукаў айчыннай паэзіі ХХ стагоддзя і яе своеасаблівым вынікам, бо ўжо ў традыцыйным выглядзе існаваць ня будзе ці будзе зусім нядоўга?
Перш за ўсё, ён вярнуў у беларускую культурную традыцыю міфалагічнага ўспрыняцьця сьвету, страчанага ня толькі намі, але і ўсімі славянамі, як і арыйцамі наогул. “Миф есть древнейшая поэзия, и как свободны и разнообразны могут быть поэтические воззрения на мир, так же свободны и разнообразны и создания его фантазии, живописующей жизнь природы в ее ежедневных и годичных превращениях” (А.Афанасьеў). Пачуцьцёвае ўспрыняцьце прыроды, якое суправаджала чалавека ў перыяд стварэньня мовы, праз пэўны час, калі ўжо зьнікла неабходнасьць у новай творчасьці, паступова зьнікла. Мова выразна мянялася. Народ, стварыўшы яе, імкнецца максімальна адысьці ад першапачатковых, самых магутных і паэтычных уражаньняў, каб, пазьбягаючы ўпрыгожваньняў, зрабіць з яе толькі сродак для перадачы думак. Менавіта таму абалонка незвычайнасьці, прыгажосьці зьнікала, пакідаючы толькі халодны сэнс. Як сьведчаць этымолагі, большая частка назваў, якія даваў народ пад уплывам мастацкай творчасьці, была заснаваная на надзвычай сьмелых метафарах. Апошнія з цягам часу страцілі свой паэтычны сэнс і сталі ўспрымацца звыклымі і будзённымі. Як сказаў А.Афанасьеў, “памятные для отцов, повторяемые по привычке детьми, они явились совершенно непонятными для внука”. Калі метафарычная мова страціла сваю агульнадаступнасьць, яснасьць і зразумеласьць, то для большасьці людзей спатрэбілася дапамога незвычайных людзей. Жрацы, знахары, варажбіты, паэты сталі тлумачыць прадзнаменьні прыроды, зрабіліся выказьнікамі волі багоў, прадказальнікамі. Яны былі пасрэднікамі паміж прыродай і людзьмі, і маглі ўплываць на тых і іншых, бо ўсё падпарадкоўвалася ім. У паэзіі А.Сыса сусьвет бачыцца ня ў кроплі вады, а праз прызму сьлязы, таму гэты сьвет падобны да сусьвету старажытных продкаў, бо чалавек не ўспрымаецца нейкім уяўным царом, а часткай (няхай і даволі прыкметнай, калі не істотнай) адзінага непа­дзельнага цэлага, і ягонае бытаваньне ў макракосмасе ня мае большай вартасьці для ісьціны ў апошняй інстанцыі, чым існаваньне любой іншай істоты. Заканамерна, што жыцьцёвы шлях продка паэта (“Дзед перад сьмерцю”) паказаны праз цень ваўчыцы, сны якой, галодны сьмех, зьлізваньне сьлядоў чалавечых, лапы ў чарніцах (які вобраз!), злавесная даніна (бярыце, ваўкі, быкамі), што сягае ў бяздоньне часу, і сам дзед, што ў сваім рудым кажуху нагадвае аленя (згадаем, гэта не індзейцы, а славяне), ствараюць уражаньне нейкай магутнай і незразумелай (варожай ці ня вельмі) сілы, што калі не палюе, то цікуе неадрыўна за чалавекам. Расшыфраваць, спасьцігнуць яе немажліва, ды і не патрэбна. Бо як для сучасьніка, яна не такая ўжо жорсткая і помсьлівая, а хутчэй супакойваючая, бо забірае чалавека ў новае жыцьцё, дзе ён можа прарасьці дрэвам, травою, кветкай:

Пад бярозаю косьці,
А ў кроне гняздо птушка мосьціць,
Тут вячыста – надзіва – здаецца:
Я сам тут ляжу –
На вясковым пагосьце
Збаўляюцца людзі ад злосьці,
Ён, як гай запаветны, зьдзіўляе спакоем душу.

Сімбіёз чалавека і зьвера набывае самыя разнастайныя формы і, адпаведна, вынікі.Калі вязень корміць пацукоў з рукі і дае ім зьлізваць кроў з кайданак, то Сонца само гоіць яму раны і пілуе праменямі краты (“Ён шкадаваў турэмных пацукоў”).
Вобраз ваўка ў беларускім мастацкім слове ўлюбёны, ён пачынаецца з Герадота, які сьцьвярджаў, што нашыя продкі раз на год перакідваліся ў зьвера, да Адама Багдановіча з ягонымі дакладнымі апісаньнямі падобнага працэсу. У гэтым можна прасачыць вытокі звароту да згаданай супярэчлівай і загадкавай істоты ў паэзіі канца ХХ стагоддзя. Хаця нас болей цікавіць мастакоўска-філасофская сутнасьць вобразу і ягоная інтэрпрэтацыя аўтарам. Так, у вершы ў прозе “Нізка абаранкаў”, якую сам паэт абазначыў як “быль, што здарылася са мной”, на першы план выходзіць цяжарная ваўчыца, што нясе свайму народу, які пакінула па бярлогах ды логвах, дзіцёнка. Разумеючы веліч свайго жыцьцёвага прызначэньня, ваўчыца настолькі губляе свой зьвярыны нораў, што зьлізвае сьлёзы з вачэй бабулькі, заросшай вехатнікам і вужоўцам. Нізка абаранкаў – сімвал дагавору паміж жывымі на гэтым сьвеце, бо кожны выконвае сваю задачу – нагадвае вясёлку – сімвал дагавору Бога і Адама.
У наступным вершы ў прозе “Воўк” герой і гаспадар лясоў “звыкліся і палюбілі адзін аднаго нянавісьцю”. Апошні ідзе сьлядамі першага, бо той знайшоў сваё дзяцінства, а гэта можа толькі паэт, і прывёў да бацькавай хаты, сьвядома пакінуўшы сапсаваную стрэльбу на двары дзеля выпрабаваньня адвечнай дружбы – варожасьці. Але ўсё перакульваецца пасьля звыроднага іспыту і спробы зьмяніць сусьвет – воўк набывае высакародныя рысы, а чалавек зьвярэе:

Воўк пайшоў прэч.
Прыйшоў ранак, прайшоў дзень, прайшла ноч…
Ён пайшоў прэч – ні гуку, ні духу.
Прайшоў год.
І здарылася мне гора. І завыў я. І стрэліла
сапсаваная стрэльба.

Падобнай эвалюцыі вобраза ў нашай этнаграфіі-фалькларыстыцы ці літаратуры мастацкай яшчэ не было. Бо і ў запісах Нікіфароўскага, і Багдановіча, і Весялоўскага воўк і ваўкалак выступалі як ворагі ці супернікі чалавеку. А.Сыс падсьвядома сягае да тых старажытнейшых часоў, калі воўк выступаў як ня сябрам, то няхай і злым, але родзічам. Без яго не магло ўявіцца жыцьцё, воўк – гэта шэрае ўвасабленьне нейкага нечага патаемнага, што сочыць за табою, нагадвае пра веліч жыцьця і ягоную крохкасьць (патаемнае ў Я.Коласа і М.Гарэцкага заўсёды мае ваўчыную морду). Бажавоўкам, прыблуднай патарочай называецца той, — лічыць А.Сыс, каго абылгалі пры жыцьці, забілі, спалілі, пусьцілі прах на вецер, зьняважылі затым, але сабраны ягоны прах нябеснымі вятрамі, асьвечаны жывой вадой, і з неба Дух ізноў сыдзе чалавекам. Аўтарскі новатвор (якое спалучэньне) сьведчыць пра тое, што паэту канца другога тысячагоддзя ня столькі імпануе інтэрпрэтацыя класічных матываў і сюжэтаў, колькі ўласная міфатворчасьць. А.Сыс ня толькі вяртае закрытае для цяперашняга беларуса ўяўленьне, некалі кідкую выразную метафару, але і стварае свой, уласны міф, адметны, арыгінальны, напоўнены ўласным вопытам і досьведам, а таму ня менш магутны і ўсясільны, чым прашчурскі. Бо найперш ён валодае родным словам, адчуваючы ўсе ягоныя схаваныя глыбіні. “Человек думает, что ум управляет его словами, но случается также, что слова имеют взаимное и обратное влияние на наш разум. Слова, подобно татарскому луку, действуют обратно на самый мудрый разум, сильно путают и извращают мышление” (Ф.Бэкон). Слова А.Сыса вяртаецца да сучасьніка, узбагачанае вопытам тысячагоддзяў і генетычнай памяцьцю продкаў. Ягоную дакладную сутнасьць мы зразумець ня можам, бо вытокі схаваныя ў самай глыбіні пачатковага этапу мысьленьня і сьветасузіраньня, спазнаць якія ўжо ня зможам, бо страцілі метафізічнае ўспрыняцьце рэчаіснасьці, а сам паэт перадае свае ўражаньні закадзіравана, зашыфравана. А ключ забраў з сабою. Ды і сам наўрад ён яго меў. Прырода стварыла паэта, каб яшчэ раз прачытаць пра сябе тое, што яна ня вельмі добра зразумела ці ўжо забыла.
Як быццам не было да яго з паўдзясятка адметных паэтаў-фалькларыстаў, што спрабавалі ўзнавіць, а можа, хутчэй, стварыць яшчэ раз займальна-павучальны пласт нацыянальнай міфалогіі, дзе ўпэўнена і раздольна, як у “Зачараваным царстве” М.Багдановіча, жывуць у згодзе найбольш значныя персанажы. А.Сыс ня будзе паўтараць ці ўзнаўляць вельмі добра вядомыя постаці нацыянальнай фантастыкі. З міфалагічнага пантэону паўстае добра знаёмы вобраз Зьмяінага Цара, ды і то толькі бадай што сьвятлом сваёй залатой кароны, якая паказвае шлях у храм дуброў зялёных. Надзвычай арыгінальным успрымаецца дзіўны аўтбр (алтар) гаспадара хтанічнага пачатку зямлі без абразоў і сьпеваў, складзеных над вогнішчам купальскіх чараў у замовах. (Нешта падобнае – маецца на ўвазе зялёны алтар – ёсьць толькі ў Б.Лесьмяна.) Да алтара нясуць царскага аблічча рысы і сам паэт, і ягоныя сёстры рысі. (Ніхто яшчэ ня бачыў у чалавеку рысы Зьмяінага Цара.) Анатоль Сыс абсалютна арыгінальны ва ўвасабленьні вобразаў-міфаў, не паўтарае зусім сваіх славутых папярэднікаў. Ён бліжэй да Янкі Купалы, а не Максіма Багдановіча ці ранейшага Яна Баршчэўскага, бо сам творыць новыя паэтычныя вобразы, у чарговы раз міфалагізуючы беларускую прыроду. Аднак гэты працэс, як і ў песьняра, мадэлізуецца ў поўнай адпаведнасьці з нацыянальнай традыцыяй. Сусьвет ягоных пошукаў матэрыялізуецца ў Лесе, што становіцца Храмам, адной са многіх функцыяў якога і зьяўляецца ачышчэньне душы Хама. Хаця гэты вобраз уяўляецца нейкім чужым у космасе Сыса, ягонае зьяўленьне абумоўлена лагічнай устаноўкай, ratio, менавіта тут адчувальны “пах алею” (у старажытным сэнсе) як рамесьніцтва ў паэзіі. Спроба паэта стаць прапаведнікам не ўдалася. Не яго гэта стыхія, бо сам ня верыць у сваё права павучаць. І далей ён вельмі рэдка будзе ўскладваць на сябе гэтую місію.
Вось чаму выразна больш натуральнымі ўяўляюцца іншыя творы міфалагічнага цыклу, дзе метафарычнае ўспрыняцьце сьвету валадарыць, а мова яшчэ ня страціла сваёй першароднай моцы і сілы. Гэта той Час, ці хутчэй, падыход да Часу, калі слова было Богам. Калі саламандры танцуюць на дне агню, калі са сьмехам і д’ябальскім рогатам тапталі поле валуны, калі збываецца пракляцьце – “каб ты каменем стаў”, калі праз боль маці-зямлі, праз уласны боль, бо камяні выцягваюць з яе жылы, выходзіць з забыцьця зімовай анестэзіі яблынька. Цмокам становіцца лірычны герой паэта (“Вужака”), і гэтае ператварэньне вельмі простае, як і ягоныя рогі, што хаваюць далікатную душу. Бо толькі адзіны чалавек любіць яго – вужака з залатой каронай.
Далейшая гісторыя людства, лічыць А.Сыс, адбываецца “на скрыжаваньнях сьцяжын воўчых і чалавечых”. Спалучэньне ваўкоў і людзей, у шкляных вачах якіх няма людскага цяпла, не антаганізм. Зусім не! Гэта страшэнная карціна сярэднявечча ў духу Босха, Веласкеса, Гойі: ваўкоў вядзе сава, ахрышчаная Ваўкоўняй, людзей (драпежных на кроў жанчын, на славу мужчын галодных) – паходня. І ў выніку ўсё перамешваецца: ваўкі завыюць як людзі, паходню затушыць жах. А.Сыс амбівалент­ны, у ягонай істоце зусім натуральна зьядналіся і радасьць жыцьця і страх быцьця. Так на самой справе і збудаванае жыцьцё. Вось чаму ўвасабленьню падобнай ідэі і служыць паэтыка кантрасту: кат вучоны ўкрыжоўвае лебедзя і крумкача; чалавек – воўк (супастаўляецца і параўноваюцца). Аб вялікай здольнасьці да міфатворчасьці ў вялікай ступені сьведчыць само жыцьцё і сьмерць паэта, якія сталіся сапраўдным міфам.
Гісторыя беларускага прыгожага пісьменства ўнікальная ў Еўропе тым, што пад уплывам абставінаў фальклор вымушана ператварыўся амаль у адзіны сродак эстэтычнага адлюстраваньня рэчаіснасьці, стаўся для беларуса ўсім – і сьветаўспрыняцьцем, і сьветаадлюстраваньнем, і энцыклапедыяй быцьця – духоўнага і матэрыяльнага – на гэтым сьвеце. Доўгі час і лічылася, што літаратура вырастае з фальклору, і праходзіла яна шлях са звычайных апрацовак народных першаўзораў да спасьціжэньня духу народа ў цэлым. Пры гэтым заўсёды забываліся на тое, што фальклор і літаратура – дзьве выключна розныя мастацкія сістэмы.
Парадокс, але ў паэзіі А.Сыса практычна няма прыродаапісальнай лірыкі, так разьвітай у беларускай паэзіі і даніну якой сплаціў кожны паэт, а пачынаў з яе кожны вершапісец. Можна скласьці цудоўную анталогію роднай прыроды, высокамастацкай, дзе будуць прадстаўленыя ўсе ландшафты Беларусі, яе рэкі і азёры, узгоркі і нізіны, балоты і лясы, асобныя дрэвы, травы, хмызьнякі ва ўсе поры году і часы сутак – зранку і ў вечары, пры сьвеце сонца і месяца, у цішы і грымоце навальніцы. У А.Сыса бадай толькі адзіны верш у класічным прыродаапісальным стылі (“Перад цыганскім дажджом”), дзе маляўніча, настолькі дасканала, што адчувальна вее подыхам навальнічным перад залевай на Дняпры. Але і тут наўрад ці ўбачыш пэўны фрагмент ракі дзяціннай паэта, а хутчэй аб’яднаныя згадкі мільёнаў дажджоў над сівым Славуцічам з ягоным перуновым вятрыскам, што абуджае сурму, воблака з цыганскім дажджом, што сплывае за сонца як паром, вясёлка, што вырастае не з ракі, а з воч рыбакоў. Паэт дэманструе выдатнае валоданьне словам і патэнцыю ствараць верш у стылі “люблю грозу в начале мая”, аднак падобны жывапіс, ігра метафарычная не для яго. Забаўкі засталіся недзе там, у юнацтве, ужо вельмі далёкім. Праўда, паэзія А.Сыса засталася выключна метафарычнай. У ёй мы знойдзем адметныя, цікавыя вобразы прыроды, у большасьці абсалютна не падобныя на класічна-беларускія (“журавы сьпяваюць паланез”, “бы ў зялёным бурштыне застынуць зьвяры ў лістоце”, “зорныя крыжы”, “пеўні прагледзелі вочы”, “рысі ў сініх лясах асінавых”) як па гучаньні, так і па ідэйна-мастацкай задачы. У А.Сыса мы практычна ня ўбачым мастацкага ўвасабленьня рэальных краявідаў, зьлепкаў, здымкаў навакольля, але ён выкарыстоўвае элементы пейзажу нацыянальнага, хаця і вельмі сьпецыфічна – ня цалкам, як у Якуба Коласа ці нават Ул.Караткевіча, а па-свойму ці па-купалаўску. Ён зьбірае цаглінкі, з якіх створаны сьвет, і ўкрапляе іх ва ўласную карціну сьвету, уласны будынак.
Немажліва сказаць, дзе адбываецца дзеяньне ягоных твораў, у якім сусьвеце, бо так выразна мяняюцца рэальныя краявіды, ад якіх усё ж такі адштурхоўваецца аўтар – дубы-машэкі праспалі рэха даўніх дзён, велесавы рэкі зьбіраюць ручаёвы звон, дзевяцісотгадовы зубр рыкае ў дзевяць срэбных труб. І падобнае ўспрыняцьце сьвету, зашыфраванае, засімвалізаванае, характэрна ня толькі для вершаў, дзе гаворка ідзе пра апошні дзень і агульначалавечую трагедыю, пошасьцях зямных і нябесных, але нават і там, дзе гаворка нібы вядзецца пра родны Гарошкаў і прылеглыя для яго мясьціны. Пейзаж у А.Сыса найбольш зьвязаны з купалаўскай традыцыяй. Яго не намалюе мастак-рэаліст, ды і не ўвасобіць і мастак-рамантык, бо хутчэй за ўсё патрэбны паслугі мадэрна, абсурду. У “Лесе” А.Сыса няма аніводнага дрэва, нат згадкі пра яго, агульная карціна ствараецца алюзіяй на лісточак і кволенькую жылку, якая можа належыць каму хочаш. А дапаўняецца змрокам, што абцяжарвае скрылца пчолкі, мёдам, што набрыняў у нямых каранях, мовай, што становіцца зразумелай прасьветленай чалавечай душы. У вершы “Пан Лес” няма таксама лесу ў звыкла-чаканым разуменьні слова, гэта нешта віртуальнае, што ўспрымаецца так толькі з-за шаблоннасьці ўспрыняцьця, а сапраўдная сутнасьць ствараецца словам. Калі ж назваць гэтыя творы пейзажнымі, то яны хутчэй нагадваюць карціны Рэрыха ці Ісачова, бо на першы план выходзіць чалавек, хаця яго там і няма. Як намаляваць, як увасобіць працэс перадачы сябе агню, сьляды дзеда, якія Як сьліну ваўчыцы, скаўталі сьнягі; мядзянага каня пад Князем-Сонцам, Поўняю-Княжной; дрэва, на якое не садзяцца птахі; дарогу, якая ня сьніць ройсты; ветракі, што ляцяць у вырай et cetera. Гэты прынцып характэрны і для міфалагізацыі А.Сысом і роднай фаўны, калі яе прадстаўнікі выразна мяняюць імідж, або трансфармуюцца ў поўнай адпаведнасьці з аўтарскай задумай. Вяпрук становіцца абаронцам краю; сабака пасівеў у горы, але выконвае місію вартаўніка да канца і затым ператвараецца ў Алеся Гаруна. Метамарфозы ў сусьветнай паэзіі – зьявы настолькі звыклыя, што нават згадваньне іх хутка стане маветонам. Але гэта тычыцца пераўтварэньня ў звыклыя расьліны, жывёлы; ператварэньне лірычнага героя ў бераг, па якім паўзуць вужакі, брыдуць зьвяры з пылам чырвоным на поўсьці – падобнае ўявіць можа толькі лірычны герой А.Сыса (“Бераг”). Як і суд птушак, калі сэрца героя дзяўбуць крумкачы і буслы.
Мастацкі фалькларызм паэзіі Анатоля Сыса ў цэлым адметны ў параўнаньні як з класічнай традыцыяй, так і пошукамі нацыянальнай паэзіі канца ХХ ст. Так, паэт разам з усёй літаратурай ХХ ст. ужо добра ўсведамляе, што ў гэты перыяд трымацца народнай паэзіі як п’яны плоту (М.Багдановіч), ужо ня толькі не персьпектыўна, але і выразна анахранічна. Вось чаму мы практычна не сустрэнем разгорнутых вобразаў і матываў, запазычаных ці адаптаваных аўтарам, што яшчэ даволі шырока практыкуецца ягонымі сучасьнікамі. Па сутнасьці, толькі два творы маюць аўтарскі падзагаловак – з народнага. “Чорная гадзюка, белая зьмяя” захоўвае бадай што толькі рытміку фальклорнага першаўзора, бо сам фінал, як і разгортваньне дзеяньня, выразна кантрастуе з народнай традыцыяй – злачынцам, што нясе згубу герою, становіцца нечакана, як у дэтэктыве, белая істота. Суровую прастату народнай паэзіі, якую так цяжка, а хутчэй за ўсё немажліва ўзнавіць, даносіць скарга-споведзь няшчаснай маладзіцы (“У чароце птушка начавала”). Аўтарскі рэфрэн ой-лю выразна падкрэсьлівае роспач маладой маці, што просіць спагады ў ночкі, што стане відаць, дабрэйшая за людзей. Хаця трагедыі тут не павінна адбыцца, як тое характэрна для народных баладаў. Выразна новым зьместам напаўняе ён традыцыйна-класічную форму замоўнага слова (“Замова ад Курапатаў”). А.Сыс часьцей за ўсё будзе лаві­раваць паміж алюзіяй і згадкамі, што некалі былі добра вядомымі самім носьбітам і спажыўцамі народнай культуры, а цяпер ужо ня вельмі знаёмымі сучаснаму чытачу. Хаця ў кантэксьце яны вельмі добра, нібы залацінкі, адыгрываюць сваю ролю ў спрыяньні нацыянальнаму ўспрыняцьцю сьвету (“князь-рыба ў Дунаі ходзіць, каб вырас і сын такі”, “іх згубіла перапёлка, калі нагнулася расы папіць”, кукаваньне зязюлі, хітры ліс, гай верны, вобраз бяседы, прыём кантрасту, сталыя эпітэты). Асабліва выразныя народныя інтанацыі ў цыкле “Песьні пра каханьне”. Аднак і тут на першы план выходзіць асацыятыўнасьць, бо А.Сыс часьцей крэатар фальклору ў новых умовах, чым бяздумны апалагет.
Гэта будзе выразна заўважна і ў выкарыстаньні эсхаталагічных матываў, якія хвалявалі паэта на працягу ўсёй творчасьці, як відаць, нікога ў нацыянальнай паэзіі канца ІІ тысячагоддзя. З вышыні пасьлятрагедыйных падзеяў яшчэ болей яскрава бачыцца, якую выключную ўвагу надзяляў ён праблеме танатаса і ўсяго з ім зьвязанага (пасьля Янкі Купалы Анатоль Сыс стаўся бадай што адзіным беларускім паэтам, што стварыў ейную мастакоўскую канцэпцыю). Праўда, цяпер існуе пэўная небясьпека адразу пасьля раптоўнай сьмерці аўтара ўспрымаць многае з жыцьця і творчасьці паэта менавіта з гэтага пункту гледжаньня (нават радок “як зьвіняць Пашкевічанкі каралі, на нітцы іх сорак пяць” прачытваецца ў нейкай ступені як прарочы, бо сапраўды наўмыснасьць ці супадзеньне: гэты журботны лік роўны колькасьці пражытых паэтам гадоў (“Вячэра перад Купальлем”). Як і некаторыя іншыя словы ці сентэнцыі: “Без мяне будуць жыць”, “хто натхніць мяне на сьмерць”, “жыцьцё – вялікая мана, І толькі сьмерць яе пазнаньне”. І як апафеоз – верш “Сьмерць”, паводле навелаў Яраслава Пархуты, дзе птушка становіцца сімвалам, прадвесьнікам і нават служкай Сьмерці, бо сваім халодным ценем, сьпевам, што нагадвае крык галодны, плачам. Апошні падобны на д’яблаў сьмех, бо збаўляе героя ў вырай – і пад голас ліры ён пазбаўляецца болю, пакутаў, страху. Жыцьцё паволі выцякае з чалавека, які ўжо зьмірыўся з гэтым працэсам і толькі просіць жывых недарэчнымі клопатамі пра ягоны зьнешні выгляд ня шкодзіць гэтай выправе.
Амаль заўсёды пераход з зямнога бытаваньня ў астральны ў творах А.Сыса ціхі і безбалесны (згадваецца зрэдку класік – “Вецер сьпяваў яму вечны пакой”). Гэта credo аўтара, які паказаў такой сьмерць 1) старэйшага ў родзе (“Дзед перад сьмерцю”), 2) папярэдніка (“Бацька так і не сьсівеў”, 3) прадчуваньне і працэс уласнай. Бабулька з верша “Рай” жыве ля самых могілак, якія яна называе не інакш як рай і ўсё часьцей і ьдумае пра яго. І ня толькі таму, што тут самыя вясёлыя і галасістыя салаўі, бо днююць і начуюць ня ў гнёздах, а ў душах спрахлых дзядоў, а таму, што ў пекле ўжо нажылася. Гэтак жа спакойна, як непазьбежную справу, успрымае наканаванасьць дзед паэта, сьмерць для якога – дарога ў белы сьвет. Бо дзяды і нават бажышчы дзядоў А.Сыса як тварамі, так і думамі, былі сьветлымі – сьветлымі, як самыя белыя бярозы на Гарошкаўскіх могілках. Бяз роспачы і надрыўнай тугі, без апраўданага, але не патрэбнага ў гэты момант пафасу, што, па законах мастацтва, значна ўзмацняе гучаньне твору, згадвае ён і апошні шлях бацькі ў труне, якая калдыбалася на плячах сыноў і ўнукаў:

Бацька так і не сьсівеў,
бацька так і не нажыўся,
у смузе, як у сяйве,
сын яму ўлюбёны сьніўся.

Усе галашэньні падобныя, бо ў іх аплакваецца доля таго, хто застаўся, хто панёс вялікую страту. А.Сыс паказвае, як бацька па сутнасьці паўтарае шлях свайго бацькі, ды і свой адыход ён таксама ў значнай ступені ўяўляе як належнае, як і ягоныя ня вельмі абцяжараныя філасофіяй экзістэнцыі продкі.

Пайду туды, адкуль прыйшоў,
Па-за зямлёю, па-за часам.
Я тут нічога не знайшоў,
Хаця сваю і выпіў чашу.

Omnes una manet nox (усіх чакае тая самая ноч). Яна (ноч) для паэта – своеасаблівая субстанцыя, дзе павінны нарэшце зьяднацца ўсе супрацьлегласьці – мінулае і будучыня, рэальнае і віртуальнае, высокае і нізкае, матэрыяльнае і незвычайнае. Яе (субстанцыю) можна назваць і называецца яна па-рознаму, бо здольная выступаць у самых разнастайных абліччах.
“Ты натхняеш мяне на сьмерць, Чалавек, цяжарны Богам”. У космасе А.Сыса Бог таксама набывае адметнае, сьпецыфічнае ўвасабленьне, у якім больш ад народнага ўспрыняцьця, богашукальніцтва, чым начетничества, фарысейства. Невыпадкова і тлумачэньні паасобных вобразаў, сентэнцыяў абумоўленыя народнай этымалогіяй, а не правільным біблейным, евангельскім пачаткам. Радок мой дзед спаць укладваў сваю галаву на Біблію ў значнай ступені паказвае працэс зьяўленьня загалоўнага верша зборніка “Сыс” “Неапалімая купіна” з аўтарскай рэмаркай – Так называўся абраз, які насілі вакол пажару старыя людзі і гаварылі замовы, каб ён патух. Не гаворачы пра забарону хрысьціянства выкарыстоўваць магію, да якой належаць і замовы, ён сьвядома забывае, што купінай завецца цярновы куст, у якім Маісею зьявіўся Іегова. Яго цікавіць зусім іншы асьпект вобразу, невыпадкова ім і адкрываецца самая дасканалая прыжыцьцёвая кніга паэта. “По ученію отцевъ церкви и по церковнымъ песнопениямъ, горящая, но несгораемая купина въ особенности преобразовала Матерь Божию, Деву Богородицу, пребывшую нетленною и по воплощенію и по рожденіе отъ нея Сына Божія”. Роднай Маці маліўся паэт усё жыцьцё, да яе вяртаўся ў цяжкія хвіліны. Ці ня гэтая малітва трымала яго на сьвеце, бо так хутка пайшоў за адзінай…
Па-свойму прачытвае ён і класічную прытчу Саламона пра блуднага сына. Паэт, прымяраючы на сябе шаты героя і ведаючы ў адрозны ад таго фінал гісторыі, надзвычай баіцца толькі аднаго – спазьніцца, вярнуцца са шляху вандраваньняў запозьнена, калі хата ператворыцца ў анямелы сабор – без вясьнянак, бяз лясканьня бёрдаў:

Ты сьпявай, ты сьпявай,
ты сьвяці, ты сьвяці,
расьсьцялі ручнікі, як сьцяжыны,
можа, здарыцца так, я заблудну ў жыцьці,
тагды выйду па іх да Айчыны.

Агульначалавечая, надіндывідуальная, надхарактэрная, надчасавая, наднацыянальная аснова прыпавесьці, парабалы набывае рэальнае, глыбока інтымнае, сакральнае беларускае гучаньне. Менавіта таму так проста і натуральна (хаця падобныя спробы рабіліся на працягу ўсёй гісторыі беларускай паэзіі), прыгожа і ўзьнёсла паядналіся самаробным ручніком вобразы самых дарагіх істотаў для паэта – Маці і Айчыны.
У вершы “Апакаліпсіс” бачыцца ня брань змія, древняго искусителя, съ Агнецемъ-Искупителемъ, а карціна ня менш жудасная і жахлівая:

Плывуць вужы да глюг чырвоных,
ляцяць буслы да хітрых ліс,
і нат за мной з зялёнай кроны
цікуе чалавек ці рысь.

Цяжка паверыць у прадказаную перамогу Агнца і будучае абнаўленьне ўсяго сьвету, калі кожны на зямлі – паляўнічы з прожылкамі крыві на бельмах: мае хтось дні сурочыць-зьнішчыць, і я лічу чыесьці дні. Паколькі і жыцьцё ўвогуле заўсёды з прожылкамі крыві, то трэба быць надзвычай асьцярожным у адносінах з усімі ў сьвеце, бо зласлоўем мёртвых воч крані, і кроў праступіць праз павекі. Вось чаму, заклікае паэт, трэба бачыць боскі пачатак у кожным чалавеку, бо любові Бога і чалавека падобны двум сонцам, а таму імкнуцца адно да другога, як хлеб з Боскай душы і віно з цела чалавека, як і вянцы (вянкі) цярновыя жытнёвыя васільковыя, бо кроў, спаўзаючы з церня, смокча сьлёзы. Усё выкуплена і збаўлена вялікай ахвярнасьцю, але і да гэтага часу самае складанае – перамагчы ў сабе юдаў пачатак, што сядзіць у кожным чалавеку і пад’ялдыквае яго замест братэрскага пацалунку ўпіцца зубамі ў візаві (“…Спаўзаючы з церня”). Нешта падобнае мроіцца ў карцінах таленавітага А.Ісачова на біблейскую тэматыку, якія той пісаў у некалькіх кіламетрах ад сысовай хаты, а славутая галава Збавіцеля можа стаць адпаведнай ілюстрацыяй да споведзі паэта (Праз пакуты дай мне Бога, дай мне Богавую кроў).
Класічная планетарнасьць паэтычных бачаньняў А.Сыса, пантэістычнае атаясамліваньне прыроды і індывідуальнай сьвядомасьці, выкарыстаньне звыклых сімвалічных вобразаў і стварэньне новых міфалагічных паняцьцяў, паказваюць, што ён імкнецца па-свойму ўзбагаціць звыклыя сродкі выразнасці, адрадзіць многія паэтычныя звароты, вярнуць ім першароднае гучаньне. Ягоныя вобразы заснаваны на самых незвычайных асацыяцыях, на спалучэньні самых аддаленых сэнсавых радоў. У сваім нязменным памкненьні да выключнай вобразнасьці, ён узбагачае мову незвычайнымі метафарамі, падабенства ў якіх толькі ледзь-ледзь адзначаная, у якіх часта заключаецца супярэчнасьць, а таму ьметафары, выкарыстоўваючы дысанансы ў стылёвых мэтах.
Выключную ідэйна-сэнсавую нагрузку нясе вобраз Неба, якое, як у Бібліі, можа выступаць у розных іпастасях. Зямля ў спадчыне А. Сыса, як у працах Платона, у пэўных варунках зьяўляецца цьмяным адбіткам вышэйшых сфераў. Берасьцянае неба, дзе жураўлі сьпяваюць паланез, дзе ўзьлятае белая лебедзь, а на ягоным беразе прачнуліся зорныя львы, кліча да сябе і зямное, нібы падлёднае, імкнецца прабіць тую нябачную перашкоду, што падзяляе гэтыя блізкія, але такія адрозныя сусьветы. (Апісаньні А. Сыса падпарадкаваныя законам жывапісу, бо на кожнай марской карціне існуе традыцыйны падзел – трэцяя частка прысьвечаная мору, дзьве трэці – небу.) Аднак зямное, імкнучыся ў астрал, прабівае палонку галавой, хаця неабходна сэрцам лёд ачужджэньня растапіць.
Паэт бачыць ці хутчэй прадчувае жахі будучыні – О Неба як расказаць разгадаць твае знакі апошнія. І трагедыя неба яго больш уражвае за трагедыю зямлі.
Неба, урэшце, узьнёслы сімвал боскай міласьці. У гэтым разуменьні і звароце А.Сыс роўнавялікі Янку Купалу, на якога падсьвядома і адкрыта раўняецца, бо нават сьмела, не баючыся папрокаў у плагіяце, выкарыстоўвае некалькі разоў (і нават падкрэсьлівае гэта!) славутую рыфму гусі – Беларусі. Паэту гэта дазволена. І тут вызначальным становіцца не акрэсьленае Бродскім: “поэт крадет направо и налево, и при этом не испытывает ни малейшего чувства вины”, а нешта больш значнае, анталагічнае. Паэт у Сыса, як і ў Купалы, ужо крыху большы за Прарока, што спрабуе, часьцей за ўсё дарма, абудзіць натоўп.
Падчас у паэзіі А.Сыса лірычнаму герою пачынае здавацца, што ў нечым ідзе шляхам Хрыста, але затым, вельмі своечасова, сутыкнуўшыся з рэаліямі жыцьця ці, схамянуўшыся, пачынае ўсьведамляць марнасьць марнасьцяў і бясплённасьць падобных спробаў і згаджаецца на ролю толькі боскай птушкі, што ўжо адназначна ня мала.
На Беларусі Бог Жыве! — сьцьвярджаў у свой час У.Караткевіч. Які знак – клічнік ці пытальнік – паставіць у канцы цытаты сёньняшні паэт? У Караткевічскім стылі паўстае абразок “У Чырвоным касьцёле”, дзе пошукі Збавіцеля вядуцца прыгажуняй з віном і тварам распусным. А. Сыс добра ўсьведамляе падзел хрысьціянства на ўсходняе і заходняе адгалінаваньне, што выразна ўплывае на культуру гэтых народаў. Якраз у “каталіцкім” стылі (ці ва ўсялякім разе ў нашым разуменьні гэтага стылю) вытрыманы твор. Але гэта адзіная такая спроба, хаця матывы і настраёвасьці Ул.Караткевіча будуць не аднойчы выразна адчувальныя ў А.Сыса. Надзвычай уражвае крыжовы ход цэркваў на Беларусі, што, як жабрачкі, брыдуць на чале з легендарнай Сафіяй. У яе грудзёх-варганах гіне сэрца Маці Боскай, а нам здаецца музыкай яе плач хаўтурны (“У Сафіі крыж чырвоны”). Падобнага высьцяжу ў сусьветнай паэзіі яшчэ не было, як і вобразу гусей, што з бязьвер’я ляцяць на гостры царкоўны крыж (фантастычна прыгожа-крывавы вобраз). Адразу згадваецца паэтычны, узьнёслы і адначасова трагічны вобраз Плачкі, якая становіцца ўвасабленьнем і сімвалам роднай Белай Русі ў прозе Яна Баршчэўскага, што тварыў недалёка ад сьценаў легендарнай Сафіі. Гэтая прыгожая жанчына вешала на руінах замкаў і касьцёлаў вянкі з палявых красак і галасіла па сваіх дзецях. Але ўжо тады беларусам не па сілах зразумець трагедыю Маці-Радзімы, як і не спасьціг­нуць сутнасьць разрабаваных і разбураных сьвятыняў, іх сакральнай значнасьці для нацыі: “Нікчэмныя людзі! Золату і срэбру прадалі вы свае душы. Прыйдзе час падняцца з магіл мёртвым, і вы будзеце зганьбаваныя перад усім сьветам”.
Сусьвет А. Сыса – адвечная барацьба супрацьлеглых пачаткаў. Як Белабог і Чорнабог у Янкі Купалы. Людзі ідуць “Адвечным шляхам”, на якім іх адшукваюць сьлёзы: цярновыя і палыновыя самотныя і радасныя цёплыя і сьцюдзёныя. А праз сьлёзы бачыцца сьвет: белы і чорны зямны і нябесны шчасьлівы і пякельны. Над усім пануе кола Часу (“Кола”), што ўтоптвае героя ў глебу. Д’яблава і Богава... Але чыё спрадвечна – невядома. Як у Бібліі: “Весь мир лежит во власти Злого. Называемый Дьяволом или Сатаною, вводящий в заблуждение всю обитаемую землю”. Паколькі Шатан зьяўляецца нябачным правіцелем сьвету, Біблія называе яго “богом этой системы вещей”. Вось чаму ён можа прыйсьці ў абліччы сьвятога (“Дух”), а сам будзе з рагамі. Нічога з часоў Купалы не зьмянілася і ва ўзаемадзеяньні натоўпу і правадыра, хіба можа што ў ролі апошняга ўсё часьцей выступае шарлатан. Таму заканамерна, што калі ў купалаўскім “Прароку” людзі пыталі – “А колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?”, то ў А. Сыса гатовы адказ – плюгавы медны падасьць пятак: “Вось вам на хлеб, засранцы!” І ніхто не зьдзіўляецца, што ад дзівосаў такіх нават птушка перажагнаецца.
Анатоль Сыс сьвядома адмовіўся ад дабротаў жыцьця, хаця пры ягонай жыцьцёвай і творчай энергіі, напорыстасьці, амаль не беларускай упэўненасьці ў сабе і сваіх здольнасьцях (таленце), дасягнуў бы адпаведных вышыняў і заняў бы неблагую нішу на сацыяльнай лесьвіцы. Ён мог бы стаць, раз ужо ў апошнія гады ХХ ст. літаратура не магла так карміць, як некалькі дзясяткаў гадоў назад, вядомым журналістам ці дзеячом у сферы масмедыя (памятаю, як яшчэ ў студэнцкія гады ён арганізоўваў і вёў цудоўныя перадачы па абласным тэлебачаньні). Аднак катэгарычна адпрэчыў мажлівасьць ісьці сьледам за ўсімі вызначаным калідорам з добра прыкметнымі вехамі, радыкальна – раз і назаўсёды – разарваў з умоўнасьцямі, жыў так, як хацеў, а ня як патрабавалі людзі і звычаі. Ён увасобіў ідэал Гогаля – “Не связывать себя никакими узами на земле”. Ці паўтараў долю згаданага Яна Баршчэўскага, усё жыцьцё якога – адно пастаяннае самаахвяраваньне дзеля паэзіі (Р.Падбярэзскі). “Паэт”, — так і звалі яго на маленькай радзіме, укладваючы ў гэтае паняцьце самыя разнастайныя адценьні сутнасьці: ад іранічнага да ўзьнёслага – захапляльнага. Аднак яно вызначала і тую нябачную, але тым ня меней надзвычай трывалую мяжу паміж ім і іншымі людзьмі. Таму з поўным правам на ягоным надмагільлі можна напісаць тыя ж славутыя словы, што і на помніку вялікаму паэту-філосафу Рыгору Скаварадзе – “Мир ловил меня, но не поймал”. Але не злавіў усемагутны сьвет гэтых незвычайных людзей зусім з розных прычынаў. Вялікі ўкраінец бачыў уласнае шчасьце ў душэўным спакоі і незалежнасьці – счастье твое, и мир твой, и рай твой,и Бог твой внутри тебя. Cьвет поўны спакусаў, якія патрэбна пазьбегнуць. Р.Скаварада нагадвае ў многім убогого жайворонка (героя аднайменнага твора філосафа), ідэал якога – блаженны нищие духом. Яшчэ адзін алегарычны герой, бусел Еродий сьцьвярджае, што “суть воспитания не в приобретении мирских знаний, преуспевании в модных науках и искусствах, а в нравственном совершенствовании, в благочестии и удалении от соблазнов”.
Цяжка сьцьвярджаць, што апошняе сталася жыцьцёвым credo зямной юдолі А. Сыса, бо зьнешне ягоны лёс болей нагадвае долю Бадлера з ягонымі “Кветкамі зла”. Французскі паэт пражыў па сутнасьці столькі, як і беларускі калега. І да 30 гадоў страціў палову маёмасьці, напісаў большую частку сваіх вершаў, надаў канчатковую форму адносінаў з бацькамі, прыдбаў венерычную хваробу, што выракла ягонае цела на павольнае гніеньне, сустрэў жанчыну, што сьвінцовым цяжарам ускладніла жыцьцё: Нешта падобнае добра чуецца ў “Маналозе адступніка”, дзе А. Сыс фатальна гаворыць пра сваю наканаванасьць:

Адкуль, адкуль прыйшло яно
Калі з граху, дык грэх мой – шчасьце.
Я сам, я сам прыдбаў яго –
Гайворана вішнёвай масьці.

У свой час філосаф Сартр ацэньваў лёс таго ж Бадлера з пазіцыі суддзі-мараліста, таму галоўны вывад гучаў так – “Кара, ниспосланная поэту, есть плата за ошибки – он получил “ проклятую” судьбу, которую заслуживал”.
Менш за ўсё А. Сыс жаліўся на долю ці скардзіўся на жыцьцё, якое прыдбаў сам, зрабіў уласнай воляй. Ён ня мог, як Р. Скаварада, знайсьці супакой у сабе, у навуцы, у манастырскіх сьценах. (Дотык гаючых песьняў журавоў, радзімых каласкоў заменяць сотні мудрых кніг). Спалучэньне, арганічнае і ня вельмі, радасьці быцьця і жахаў жыцьця, пры выразнай дамінаньце адной з састаўных частак, штурхала неўтаймаваную натуру да экстравагантных, экзальтаваных учынкаў. Магутная зьнітаванасьць з зямлёй не магла дазволіць абмежавацца кніжна-віртуальным існаваньнем. Выхадзец з вёскі ня мог дазволіць сабе арыстакратычнай багемнасьці. (Ня вельмі дакладна. Хутчэй бы за ўсё мог, але гэта ўспрымалася б ня дужа натуральна. Арыстакратам у класічным сэньсе трэба нарадзіцца, а стацца можна толькі ва ўмовах Францыі і Англіі, дзе і сяляне гавораць па-французску і ангельску.) І пілігрымам, вандроўнікам ён стане своеасаблівым. Але ня ў духу і стылі Скаварады, які з торбай, дзе ляжыць Біблія і чарніліца з асадкай, вандруе ад хутару да кляштару, несучы слова Божае. А хутчэй як чалавек з навэлы Э.По, што шукае адзіноты ў натоўпе.
Ніцшэ паказваў амаральнасьць сучаснага яму грамадства, параўноўваючы яго з прымітыўнымі цывілізацыямі. Быць маральным – значыць паважаць звычаі грамадства. Лічыцца немаральным выступаць супраць апошніх, таму што гэта правакуе багоў і пагражае самаму грамадству – гэта тое, што рабіў Сакрат, калі рэкамендаваў індывідуальны самакантроль, г. зн. індывідуальныя дзеяньні для індывідуальнага шчасьця. Разам з тым філосаф сьцьвярджаў, што маральнасьць не зьяўляецца прэрэгатывай чалавека, бо ўвесь жывёльны сьвет маральны ў тым сэньсе, што індывідуумы падпарадкоўваюць сябе групе. Наўрад ці А. Сыс падвяргаў свае паводзіны такому сур’ёзнаму аналізу. Аднак ён з поўным правам падпісаўся б пад выслоўем французкага мысьляра Ж. Батая: “Люди отличаются от животных, тем что соблюдают запреты, но запреты двусмысленны. Люди их соблюдают, но испытывают потребность их нарушить. Нарушение запретов не означает их незнание и требует мужества и решительности. Если у человека есть мужество, необходимое для нарушения границ, — можно считать, он состоялся. В частности, через это и состоялась литература, отдавшая предпочтение вызову как порыву. Настоящая литература подобна Прометею. Настоящий писатель осмеливается сделать то, что противоречит основным законам общества. Литература подвергает сомнению принципы регулярности и осторожности.
Писатель знает, что он виновен. Он мог бы признаться в своих проступках. Он может претендовать на радость лихорадки знак избранности.
Грех, осуждения стоят на вершине”.
Згаданы ўжо Ж.-П.Сартр у трактаце “Быцьцё і нішто” назваў тры асноўныя формы праявы быцьця чалавечага: “быцьцё – ў – сабе”, “быцьцё – для – сябе”, “быцьцё – для – іншага”. З іх з чыстым нішто атаясамліваецца “быцьцё – для – сябе”, г. зн. суб’ектыўнае жыцьцё ізаляванай самазьвязанасьці.
У “Маналогу Сяргея Палуяна”, які ўражвае сваім амаль натуралістычным паглынаньнем асобы вільготным жвірам, што замест чаканай вады запаўняе ўвесь прастор, нішчачы жывы голас і сьвятло, аналізуецца сутнасьць ідэалу, за які варта аддаць жыцьцё. Дваццацігадовы Сяргей Палуян скончыў жыцьцё самагубствам не ў апошнюю чаргу і таму, што так адрозныя былі ягоныя мары-ўяўленьні аб жыцьцёвым прызначэньні чалавека і тым, што ён бачыў у штодзённасьці. Спадзяваньні на высокі ідэал, жаданьне жыць па законах Дабра і Справядлівасьці разьбіліся аб халодны мур нянавісьці, зайздрасьці, сквапнасьці. Дзякуй Богу, Анатоль Сыс прайшоў праз хвіліны роспачы і адчаю, толькі ўзмацніўшыся ў веры ў неабходнасьць жыць – для – людзей. Шмат негатыву бачыць паэт у гэтым сьвеце, аднак ён жыве, як гэта ні высакапарна гучыць, не для сябе, а для блізкіх, родных, для народу, якому не баяўся сказаць і балючыя словы праўды, а ня толькі захапленьня, як большасьць калегаў па літаратурным цэху. Ніхто ў беларускай літаратуры, можа толькі Васіль Быкаў перад сьмерцю, не зьвяртаўся да Радзімы так, як Анатоль Сыс: «Беларусь мая, магіла...»
Хто яшчэ мог уявіць родную краіну босай, згвалтаванай, голай пад дажджом, пад янычаршчынай (“Беларусі”). Зусім не сінявокай, ільнянакосай, і не на куце ўяўляецца яна паэту. На пачатку мінулага стагоддзя Я. Купала і Я. Колас не аднойчы паказвалі прывід – здань Маці, якой выракліся родныя дзеці. І ў гэтых вобразах яскрава бачыліся Беларусь і яе сыны, што забыліся пра свае крэўныя абавязкі. А.Сы­су не патрэбна эзопава мова, бо нешта выразна зьмянілася ў гэтым працэсе адцураньня самых блізкіх людзей. Цяпер цэнтр віны выразна мяняецца, і вінаватай паўстае ў значна большай ступені Маці-Радзіма, якую, як гэта ні парадаксальна, дзеці пачынаюць любіць значна мацней. Сыны беларускія ўжо не гаспадары роднай зямлі (зноў згадваецца ўрок Яна Баршчэўскага), яны ўспрымаюцца як чарада самотных птахаў у атачэньні груганоў. Дняпро нясе ад Маці – Плахі ў чужое мора нашу кроў; сабакам (аднайменны верш), што шукае схову, каб схавацца ў ім; Ікарамі (у зусім адрозным ад класічнага значэньня слова), што зьдзяйсьняюць свой палёт пад белым чэрапам поўні над Сьветам (“Беларускія Ікары”). Толькі ад выключнай любові да людзей у хвіліну роспачы маглі зьявіцца радкі, у якіх паэт злосна заяўляе, што зжэр бы свой народ, бо згаладнеў бяз долі і волі, і хоча знайсьці жанчыну, з якой бы змог зачаць сына ў чыстым полі і даць пачатак новаму люду (“Я зжэр бы свой народ”). Толькі паэту, як некалі ведуну, знахару, прароку, юродзіваму, ведама паталогія хваробы свайго народу. І толькі паэт можа ўзяць яе на сябе, на сваіх блізкіх, нават на рукапісы. Выбраныя ці асуджаныя ня могуць зьмірыцца з хваробай, а таму наўмысна выхаркваюць кроў, у якой схаваная і немач, і выратаваньне народу (“Пошасныя”). Чалавек ня можа палюбіць сябе да канца, калі ён сябе не асуджае (Сартр). Тое ж тычыцца і нацыі. Як і Янка Купала, Анатоль Сыс будзе ўсё жыцьцё біцца ў вузенькай палонцы адчаю і скрухі, разьдзіраючы рукі і цела. Невыпадкова ягоныя творы надзвычай крывавяць. Некалі адзначалі крывавасьць сюжэтаў народнага песьняра. У А. Сыса кроў будзе прысутнічаць у яшчэ большай ступені, як і бруд, лой, харкавіна, ваніты, пошасьць. Сьледам за Карусём Каганцом ён паўторыць, колькі нашай крыві рэкі сплавілі ў мора, колькі ўсяго страціла радзі­ма. Аднак ён ня будзе весьці сьпіс паланянак, згубленых дзяцей, шчасьця, долі. Ён марыць аб вясёлцы над Белай Русьсю, а не туманах (г. зн. самота), завеях (пакуты), грымотах (трывогі). Бо як той бусел, прыкуты да гэтай зямлі, Анатоль Сыс адразу адчуў сябе паэтам усёй краіны, а ня толькі яе ўсходне-паўднёвага рэгіёну. Менавіта таму ў ягонай спадчыне надзвычай мала рэгіянальных рэаліяў. (Мы ня ўбачым апісаньня нават гарадзішча мілаградскай культуры, што знаходзіцца насупраць роднай хаты, Рэчыцы, рэальных краявідаў ракі дзяціннай). Ён вандруе пехам па ўсёй Беларусі да Айчыны, і самыя надзвычайныя здарэньні ці спатканьні могуць адбыцца пад Ваўкавыскам, у Моталі, у Полацку, у Менску і Вільні. Паэт, дзіця гэтай улюблённай зямлі, лунае ва ўлюбёным небе са сваімі ўлюбёнымі птушкамі, адкуль яму бачыцца амаль адначасова і Палесьсе, і Полацак, і Пінск, і вёска Пешчычы, і Дняпро, і Сож. Яму патрэбна ўся Беларусь без астатку, каб сьцьвердзіцца менавіта яе паэтам. (Парадокс, паэту мала роднага кутка, а аўтарам эпапеяў Кузьме Чорнаму ці Вільяму Фолкнеру хапае). Аднак ён не ўяўляе сябе і за межамі краіны (фізічна ён, здаецца, і ня быў нідзе, акрамя Польшчы падчас службы ў войску), што яскрава адлюстравана ў паэзіі. Верш “Забойства ў Нью-Йорку” ўяўляецца прыцягнутым за вушы, чужародным у зборніку, у ім уражвае толькі спасылка – “лятучая мыш, незвычайная пеўчая птушка”. (Сам паэт добра ведае, што такое “кажан”). Наогул, вельмі рэдка ў ягоных творах зьяўляюцца іншаземныя рэаліі. З антычнасьці ці старажытнасьці ўвогуле згадваюцца Харон, Стыкс, Марс, Крэз, блудлівы Рым, сузор’е Скарпіёна, два разы Г. Лорка і Сэлінджэр, Батый і здаецца, ўсё. Гэта, мажліва, тлумачыцца як нацыянальнай паэтычнай традыцыяй (выключым Ул. Караткевіча і А. Разанава), так і сьпецыфікай таленту земляка, які ніяк не камплексуе з гэтай прычыны. У адрозьненьне ад еўрапейскіх паэтаў, што праславіліся сваімі бачаньнямі (“видениями”), якія будаваліся на аснове ці па ўзору антычнай міфалогіі, А. Сыс – самадастатковы, для будовы ягонага космасу хапае тутэйшага матэрыялу. Так, у замалёўцы

Трэснуў лёд, быццам трэснула жыла.
Я спыніўся. Угледзеўся ў дно –
плынь падлёдная варушыла
на тапельніцы кос радно.

абазнаны ў еўрапейскай традыцыі чытач чакае разьвіцьця асацыяцыі з целам Афеліі, што павінна зьявіцца вялікай кветкай. Як у Рэмбо, “И что Офелию он увидел воочью, огромной лилией, плывущей по реке”. Аднак замест чарговай інтэрпрэтацыі класічнага матыву ідзе ўспамін пра душу паэта, якую ён страціў тут кароткай купальскай ноччу. Як і згаданы вышэй вобраз Зьмея, што для Б. Лесьмяна і В.Блэйка становіцца сімвалам жарсьці і ўсё перамагаючай пачуцьцёвасьці, а для Сыса –увасабленьнем магутнасьці роднай зямлі, яе фантастычна-казачнай непадобнасьці на іншыя краіны. Паэт спазнае родны кут, радзіму, зямлю, сусьвет як ягоныя далёкія прашчуры – сэрцам, інтуіцыяй, душою, што намнога дакладней і верагодней, чым розумам і начетничеством. Менавіта таму, каб разгадаць арбіты космасу А. Сыса, спасьцігнуць сутнасьць ягонай міфалогіі, стварыць ейны пантэон, патрэбна настроіцца на камертон ягонай думкі, пульсацыю сэрца, бо іншыя спробы акажуцца бясплённымі. Нельга разгадаць падобныя арбіты і з дапамогай этнаграфічных і фалькларыстычных дасьледаваньняў; якія, праўда, могуць спрыяць гэтаму складанаму і доўгачасоваму працэсу.
Мы яшчэ не прачыталі як сьлед Купалу, таму разгадка космасу Сыса наперадзе. Шмат у гэтым спазнаньні павінны зрабіць дасьледаваньні літаратурных схільнасьцяў і арыентацыяў аўтара, якія лягчэй паддаюцца інтэрпрэтацыі. Найперш згадваюцца звароты да народных пісьменьнікаў (П.Панчанкі і М. Танка) і шматлікія маналогі найбольш значных, з пункту гледжаньня А. Сыса, творцаў мінулага. Разважаючы над прыродай паэтычнага дару, ён стаіць на пантэістычным успрыяцьці, сьцьвярджаючы богавыбранасьць і богаадухоўленасьць таленту паэта. Прычым ён сьцьвярджае гэты тэзіс так упэўнена і пераканаўча, што сярэднявечныя тэолагі ўбачылі б багахульства ў ягоным “спачатку было Сонца і Сонцам быў Я і выкрэсліў Я вам Слова і пачалося яно з крыві Ігара” (“Чырвоны радок”). Не баючыся асуджэньня сучасьнікаў у празьмернай культавізацыі Асобы, ён сьмела праводзіць даволі рызыкоўныя паралелі. Хаця і мае адпаведную індульгенцыю: усе паэты – вар’яты, ягонае ўяўленьне пра паэта вагаецца ў межах паэт — боская птушка (“Паэт”) да ўспрыняцьця сябе богам у бязбожным храме, зарослым брудам і жывёльным лоем (“Перад Богам”); усё мацней закрадваецца сумненьне – а можа дар гэты д’яблавы. А можа, якая розьніца, бо жыцьцё паэта – балансаваньне на крызе ў чорнай прорве (“Маналог расстрыгі”), або скокі няшчаснага зайца падчас крыгаходу, калі вушастыя паяцы зьбіралі цікаўных людзей. (“Гэта памятае толькі маці”). Нешта роднаснае бачыць Сыс у канвульсіях няшчаснай істоты, намаганьні якога ўратавацца, утрымацца на слізкай паверхні выклікаюць рогат у публікі, што стаіць на цьвёрдай зямлі. Ці ня ў гэтым бачыцца падабенства зайца-паяца і паэта, не заўсёды адэкватныя з пункту гледжаньня нармальных людзей, дзеяньні якога вельмі часта выклікаюць сьмех, хаця ён сам знаходзіцца над прорвай (А. Сыс сьвядома згадвае Сэ­лінджэра, на якога будзе яшчэ адна спасылка). Не выпадкова ягоную пільную ўвагу прыцягвае постаць Афанасія Філіповіча, які, калі сказаць шчыра, у 80-я гады ХХ стагоддзя быў вядомы толькі сьпецыялістам у старажытнай літаратуры, як і ягоны “Дыярыуш”. Сябры А. Сыса студэнцкіх гадоў, у прыватнасьці А.Бяляцкі, лічаць, што творы-прысьвячэньні ў спадчыне паэта – звычайная містыфікацыя, якой ён хавае актуальныя рэаліі. Аднак з гэтым ня хочацца пагаджацца.
А.Філіповіча лічылі вар’ятам, і для гэтага былі ўсе падставы, бо вельмі часта здавалася, што ня ведае ён, што творыць; абвяшчалі злачынцам і кідалі ў турму; называлі пісьмова і ўголас здраднікам; быў ён манахам, але не цураўся сьвецкіх справаў (і ў той жа час спазнаў “омыльность света”). Ня мог стацца жыцьцёвым credo для А. Сыса запавет Афанасія, атрыманы ад настаўнікаў-манахаў – будь послушным старшим своим, правила церковного пильнуй, бесед женских стерегися. Нешта зусім іншае прыцягвала паэта ХХ ст. у сваім слынным папярэдніку, які “з духами злыми, видомыми и невидомыми, барзо беделимся”, мог убачыць “в захвицени яком будучи” таямні­чыя знакі і чуць нябесныя галасы, яму адкрываліся крыж на небе і вобраз Найчыстае Багародзіцы з Дзіцем. Афанасій Філіповіч абыйшоў Беларусь і славяншчыну ў XVII ст., А. Сыс зьдзейсьніў падобны паэтычны агляд Радзімы праз тры стагоддзі.
Паэзія – удзел абраных Богам, свабодных у сваёй абранасьці і не зьвязаных з умоўнасьцямі грамадства.

журавам ня трэба ў зорнае жніво
з поўняй на гарбу ляцець на паншчыну
колькі б нас пасьля Купалы ні жыло –
плюнеш – не паэты – самазваншчына.

Беларусь – краіна паэтаў, якіх часьцей за ўсё не разумее свой народ. Таму, відаць ёсьць пэўная віна і ў першых, бо ня могуць знайсьці дарогу да чэрствых людскіх душаў. Аднак дар паэта, тым болей беларускага, сугучны дару Касандры, прадказаньням якой ніхто ня верыць. Вось чаму ходзіць па начах сумны паэт на памежжы чужыны з Айчынай, апаляючы запаленымі вачыма, як агнём, сьвет (“Паэт”, ахвяраваньне Алегу Бембелю). У шэрагу маналогаў беларускіх пісьменьнікаў розных эпох аўтар праявіў выключнае майстэрства, бо ён павінен сказаць слова ад імя літаратара, дзейнасьць і творчасьць якога надзвычай уразіла, прасякнуцца ягоным станам, вызначыць галоўнае і перадаць яго ў гранічна акрэсьленых межах. У якасьці “аб’екта” заўсёды выбіраецца асоба трагічная, выключная, незразумелая і адвергнутая сучасьнікамі. Паэт надзвычай скурпулёзна адбірае герояў сваіх маналогаў. І ня так істотна, у якія часы яны жывуць і дзейнічаюць, галоўнае – яны актуальныя для нас сваёй апантанасьцю, шчырасьцю, і, абавязкова, выключнай любоўю і трывогай за лёс народу, якому ахвяруюць усё, нават жыцьцё. Большасьць пісьменьнікаў, якім прысьвечаныя маналогі, былі асуджаныя на зьняволеньне (А.Філіповіч, К.Каганец, А.Гарун, М.Купрэеў), былі забітыя (К.Каліноўскі, З.Жылуновіч), скончылі жыцьцё самагубствам (С.Палуян, Р.Жакоўскі), памерлі зусім маладымі ( М.Багдановіч, У.Жылка). Знамянальна, што аўтар нікога з іх не асуджае, як і не ўсхваляе. Яшчэ і яшчэ раз ён узважае ролю і сутнасьць свайго народу ў гэтай краіне, дзе няма дома, долі, Бога, роду, песьні (“Маналог Апанаса Філіповіча”); народу, нібы пад ветрам дзюны, падатлівага як гума (“Маналог Зьміцера Жылуновіча”), дзе жалобны рэквіем зубрыны на мой народ наводзіць сум (“Маналог Язэпа Драздовіча”); які мае нікому не патрэбную мову, што, аднак, нібы горб прырасла да костак (“Маналог Каруся Каганца». Анатоль Сыс цяпер ясна бачыцца ў гэтай шарэньзе, бо таксама ўзваліў добраахвотна на свае плечы найцяжэйшую долю непрызнанага генія і прарока, і, нягледзечы ні на што, удзячны лёсу.
Паэзія Анатоля Сыса ўсё ж такі ў выключнай ступені кантаўская рэч у сабе. Па сутнасьці мы ўжо ніколі ня зможам з выключнай дакладнасьцю вызначыць, калі і з якой нагоды ўзьнікла задума канкрэтнага твору, што сталася прычынай, штуршком для яго ўзьнікненьня. Як і А.Рэмбо, ён можа сьцьвярджаць, што адзіны валодае гэтай таямніцай, а таму просіць чытача ці дасьледчыка зьмірыцца з гэтым і не шукаць ясных ці ўяўных крыніцаў натхненьня. Можа таму ён і паўтарыў долю вялікага французскага паэта, які, як толькі зразумеў, што лірычнае чарадзейства ня можа задаволіць ягоных празьмерна завышаных, богападобных дамаганьняў, а на меншае быў катэгарычна нязгодны, ён кідае рэзка ўсялякую паэтычную дзейнасьць і займаецца гандлем. А. Сыс, як і беларуска-літоўская шляхта ХІХ стагоддзя, лічыць падобны занятак абразай для гонару, ён застанецца ПАЭТАМ у жыцьці, хаця і пісаць болей ня будзе. Бо ён разумее, што быў абраньнікам, улюбёнцам лёсу:

І ўсё ж шчасьце – нарадзіцца,
Каб паганскай сваёй радзімы
Прыдарожным крыжам маліцца,
Яе людзям нелюдзімым.

Такі запавет свайму народу пасылала Цётка ці не ў адзінай, але так дарагой сэрцу А.Сыса паэме “Алаіза”. Наколькі дакладна і паэтычна перадаў амаль што юнак пакуты асьветніцы, што сваю зьнешне слабую, а такую магутную ўнутры душу прысьвяціла людзям “Алаізія, багалікая”. Адзін з асноўных запаветаў Цёткі

Чый гэта анёл,
Голас такі гарачы?
Чыё гэта птушанё
па-беларуску плача.

застаецца вызначальным для А.Сыса. Мова для яго, як і для ўсіх згаданых папярэднікаў, паняцьця сьвятое, рэч незямная, якую “Божа — мазахіст уласных словаў, што ведае па імені ўсіх, і ягонае імя вымавіў услых і не габрэйскай, а тутэйшай гаворкай. Бог назваў беларускую ружу ружай і маленькі бялявы хлопчык вучыўся вымаўляць гукі, што складаюць назву кветкі, разам з Богам. Як бацька зьбіраў каласкі ў галодны год, так ён цяпер зьбірае словы любай, адзінай мовы. Паэт уяўляе сябе Старцам, што ад хутара да вёскі жабруе родную мову, ён там, дзе раскацістае, нібы на Волзе, палескае “О”, дзе вырай кліча Радзіму – “Кры-чаў”, “Кры-чаў”, ”Кры-чаў”, чуе, як сьпяваюць ля Рэчыцы сосны, як уздыхаюць туры на Палесьсі. Усё гэта састаўныя элементы бегу жывой вады мовы прашчураў — вось чаму ў ягонай сьвядомасьці выбудоўваецца адзіны велічны рад: маці – мова – вечнасьць. (“Галодны год”). Мова – дар Божы, яшэ і яшчэ раз сьцьвердзіць ён у вершы “Словы”, бо апошнія сыплюцца з неба, а з гэтага адметнага дажджу прарастаюць толькі самыя магутныя, што могуць затым сказаць сьвету нават болей, чым паэт. Ці не таму А.Сыс аказаўся амаль адзіным у беларускім грамадстве, хто ў хвіліны аслупленьня здолеў знайсьці ня менш адпаведныя формы, зьмястоўныя і мастацкія, каб палемі­заваць з эпітафіяй беларускай мове (“Разьвітаньне” П.Панчанкі). Цяжка, вельмі цяжка ў такіх умовах сьцьвярджаць усьлед за У. Караткевічам, што “Бог не пайшоў упрочкі з Белай крэўнай яго Русі”. Яшчэ больш змрочнай паўстае рэчаіснасьць у “Маналогу Тутэйшага”. У чарговы раз паэт акідвае поглядам родную краіну, дзе ў Люцыянавым Сажы ляжыць на грудзёх з камянём пудовым апошні паэт, у Дняпры тры русалкі, славянкі тры янычаравых мыюць коней. І патух Зьніч на Гары.
Шкада, што ён ужо амаль ня бачыць тых, хто, нібы храм, можа ўстаць на шляху ворага, але і адзін ён пойдзе “ў вялікі сьвет, па Бацькаўшчыну” (Янка Купала). Бо толькі Жаўранчыхі крычаць, іхняе жыта зжалі. Жаўранкі маўчаць, як зерня ў рот набралі, — усклікае паэт. Вось чаму звыклы сінанімічны рад для ўсёй беларускай паэзіі ХХ стагоддзя набывае выключна новую рэалізацыю: Беларусь – магіла – маці. Для беларусаў спалучэньне радзіма-маці вызначальнае ў наш час, бо мы па сутнасьці сталіся выразна жаночай нацыяй. Для А.Сыса маці, як гэта прынята ў беларускай традыцыі, сьвятая, пра што мы ўжо згадвалі вышэй. Маці пастаянна прысутнічае ў яго бытаваньні (яе сьлёзы сьвяцей ад вады сьвятой (“Не выракалася жыта валошкаў”), а маці маю я ніколі ня бачыў, каб спала, — па пёрку, па два ўсё зьбірае мне пух на падушку). Не хачу сьмерці мамы, не аднойчы ён падкрэсьліць, бо з кім тады буду тут. У гэтым ён падобны да Льва Талстога, які ў апошнія гады жыцьця “Желал ласки –любви любимого существа”. І ня мог знайсьці гэтага сярод блізкіх людзей. І марыў “сделаться маленьким и к матери”. Анатоль Сыс падсьвядома марыў пра гэта. Нягледзячы на ягоную жыцьцёвую і творчую мужнасьць, здольнасьць трымаць удары лёсу, ён падчас хоча вярнуцца ў далёкія шчасьлівыя гады маленства, калі ўсё так было проста і зразумела. Ці не таму адным з самых улюбёных аўтарскіх вобразаў, а таму самых прыгожых і запамінальных, паўстае вобраз блакітнавокага, сьветлавалосага ці нават бялявага дзіцяці, сапраўднага херувімчыка. Для А. Сыса гэта сьветлая згадка пра ўласную душу, а таксама кантраст яму цяперашняму – чорнаму (па ўласным прызнаньні) і ідэал, да якога трэба вярнуцца. У А. Сыса вершы, зьвязаныя са сьветлымі вобразамі Маці і Бацькі, вылучаюцца цеплынёй і вобразнасьцю. Коласаўскую традыцыю ён узбагачае сімвалізацыяй і філасафізацыяй.
А ці пераносіць ён, як некалі Максім Багдановіч, любоў на ўсіх жанчын, ці можа даць, паводле таго ж Максіма Кніжніка, наталеньне ў гэтым сьвеце чалавеку жанчына? Што б ні гаварылі пра А.Сыса – чалавека, у ягонай паэзіі надзвычай цнатлівыя адносіны да жанчыны, што цалкам абумоўлена айчыннай традыцыяй. Вельмі рэдка ў ягонай спадчыне жанчына выступіць як служка д’ябла, што спакушае прыстойнага чалавека (Мая Йоко, японская жрыца). Можа толькі бліснуць, як прамень сьвятла на паціры, цень распусты на абаяльным тварыку. Адзіны чалавек у гэтым сусьвеце, адзін прыходзіць, адзін і сыходзіць (“Пацір”). І жанчына, да якой імкнецца лірычны герой, яшчэ болей узмацняе нязменнае пачуцьцё адзіноты. Ды і сам паэт увесь час сумняваецца, а ці патрэбна яму гэтае пачуцьцё. Каханьне ня можа для яго стаць сэнсам жыцьця, бо стане абмежаваньнем яго свабоды і жыцьцёвага прызначэньня. Ці можа ён спаліць свае вершы, каб агнём сагрэць дарагога яму чалавека. Як пілігрым спаліў свой посах, што ведаў дарогу, музыка — скрыпку, рыбак — вёслы. Хутчэй за ўсё ягоны лірычны герой ня можа пайсьці на такую ахвяру. Ён можа згарэць у агні, каб апраўдацца перад жанчынай, аднак і ў хвіліны апафеозу каханьня будзе адчуваць вселенскую грусть:
“Хлопцам сумна вельмі” –
я хацеў сказаць, але ня змог,
бо чакала за сьпіной самота
і гарлянку разьдзіраў камень,
бы жанчыну,
я абняў свой цень,
і прыпаў да збаўлівага роту,
і задушыў сваёй крывёй самоту...
Ні разу ён не ўздымецца да апісаньняў сцэнаў каханьня, уласьцівых паэзіі Я.Купалы і Ул. Караткевіча. Але прыўнясе ў вечную тэму нешта выразнае новае, бо якім пяшчотным можа быць аўтар і выразна будзе мяняцца пад уплывам каханьня (Жанчына – з поўнай чарай жывой вады).
Як і Максім Багдановіч, “цнатлівы князь Беларушчыны”, не аднойчы будзе жаліцца на тое, што няма ў яго дзіцятка. І супакоіць таго і, відаць, сябе, завочна: “Ня плач, Бязьдзетны і Хрыстос”. Бо згадае, што бесьсямейнымі былі і Р. Скаварада, і А.Філіповіч, і М.Гогаль, і Я.Баршчэўскі, і былі яны самотнымі, адзінокімі, незразумелымі і нешматлікім сябрам, і людзям увогуле.
Калі ў згаданых вышэй паэтаў каханьне і сьмерць ходзяць поруч, то ў А.Сыса першае саступае іншым атрыбутам жыцьця. Нягледзячы на тое, што Прыгажуні падстаўлялі вусны, я ж у лоб нябожчыц цалаваў, эротыка Сыса паўстае надзвычай цнатлівай на фоне Купалаўскай (З-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў) або нават сучаснай лірыкі, дзе вельмі многа сьмелых фрывольных асацыяцыяў.
Сьмерць і, асабліва, кроў абумоўлена ў спадчыне Сыса зусім іншымі прычынамі. У свой час зьвярталася ўвага на незвычайную крывавасьць сюжэтаў Янкі Купалы. Пасьля народнага песьняра ў ніводнага беларускага паэта няма столькі крыві ў вершах. Літаральна праз некалькі старонак згадваецца яна ў тым ці іншым асьпекце. Гэта нешта адметнае, ня вельмі падобнае на беларускае ўспрыняцьце сьвету, дзе хочуць, каб сэрца жураўлінае нашым ворагам даў Бог, а сам Бог роўнавялікі звычайнаму зямному сейбіту, толькі загоны ў іх розныя, ці рэальнаму пастуху з рознымі статкамі.
Як і Купала, А.Сыс застаўся ў гісторыі паэзіі валадаром роднага слова. Так, вельмі многія ягоныя творы ўражваюць найперш сваім гучаньнем, бо, як і купалаўскія, нагадваюць шэпт знахара, замовы чараўніка. І толькі потым пачынаеш цікавіцца зьместам, які найчасьцей становіцца неразгаданай загадкай. А.Сыс – выключны майстар асацыятыўнасьці і метафарызацыі сьвету. Гэта і незвычайныя птушкі – гайвароны, белыя лебедзі, крумкачы, кажан, уcкормлены татам з рук, каршуны, ластаўка, што адным крылом дастае да Неглюбкі, а другім – да Моталя, зьвяры ў адметным абліччы і з іх нечаканым менталітэтам. Але перш за ўсё новае ўспрыяцьце сьвету: «Узыходзяць чарапы як поўні; Калі цноту ў начы зьбіраў я у зор; вакол суму майго запляліся галіны ў вянок; Сорак гадоў – безьязыкіх званоў; не задзяўбуць не абплююць не абалгуць залюбуюцца табой замілуюцца; а ў нябёсы ўсмакталіся каршакі; захлынуўся крывёю Пярун; на тым беразе неба; поўня княжною ў ваду глядзіць у зорных сваіх каралях; крывёй набраўся бурштын і лютасьць сярэдневечча; зазіраюць ластаўкам у твары цемраю прастрэляных вачніц.
Безумоўна, яркай і незвычайнай метафорыкай цяжка каго-небудзь зьдзівіць. Аднак А. Сыса хвалюе ня столькі навізна паэтычнага элементу, колькі навізна функцыі апошняга. Індзейцы майя праславіліся сваімі незвычайнымі храмамі, будова якіх непадобная на ўсе іншыя зямныя культавыя збудаваньні. Кожны новы цар разбураў храм, узьведзены сваім папярэднікам, і з ужываных велізарных камянёў, кожны з якіх важыў амаль паўтоны, на тым жа самым месцы будаваў новы, свой, у гонар сваіх багоў. Са сваёй архітэктурай, аздабленьнем, іерогліфамі. Падобнае багацьце вобразна-выяўленчай сістэмы паэзіі самай яркай асобы нацыянальнай літаратуры 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя сьведчыць аб многім. А. Тэрц пісаў: “Бесспорно, Гоголь что-то знал, чего мы не знаем, о себе и о мире…” Анатоль Сыс ведаў ня менш. Дакладна і абсалютна адэкватна мы яго не спазнаем, але ягоны маналог унікальны, ён па сутнасьці падвёў вынікі разьвіцьця беларускай паэзіі ў ХХ стагоддзі і прадвызначыў асноўныя шляхі яе эвалюцыі ў трэцім тысячагоддзі. Калі, зразумела, яна будзе жыць.