12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Сідарук

_____________________
Шолах зорак адзінотны.
Вершы



Так сталася, што апошні мой літарацкі радок быў напісаны 7 гадоў таму.
Потым – як адрэзала.
Быццам пустое вядро правалілася ў студню і... навечна ўмерзла ў нерухомую ледзяную застыласьць. І раптам – варухнуліся зоркі, адпусьціла таямнічная жорсткая сьцюжа. Відаць, усё на гэтым сьвеце – вяртаецца. Вяртаецца сонца да сьцішаных траў. Вяртаюцца дзеці да забытай мудрасьці. Вяртаюцца анёлы ў нашыя душы. Вяртаюцца нашыя каханыя.
Або – не вяртаюцца…

* * *

Немагчыма цябе забыць.
І кахаць цябе – немагчыма.
Застаецца адно – толькі жыць.
І жыцьцё поўным келіхам піць,
Пакідаючы ключ пад дзьвярыма

Па інерцыі… Сіняя ноч
Смокча, нібы вампір, адзіноту.
Што ж, душа, супакойся. Бо горш
Ўжо ня будзе. І ў насоўку наўпотай

Ты ня плач. Успамінаў бяссоньне
Нам ня верне той шолах і сьмех,
Калі ціха студзіў нашы скроні
Той гарачы, вар’яцкі той сьнег.
А на шыі твой крыжык, як грэх, —
Дрогкім пульсам. І лёс – пад арэх!..

Я цалую твае далоні.
19 сьнежня 2006, г. Кобрынь


* * *

А сьнегу ўсё няма. І дробны дождж
Мой сум, мой вечны сум – не абароніць.
Няўжо дарма? І лета, і зіма?
Няўжо дарма і гэты дзень? І ўсё ж –
Не, не дарма. Калі ў маёй далоні –

Твая далонь. І сьвеціцца калі
Ў маёй душы – твая душа. І зоры
Дажджынкамі на твой каўнер ляглі.
Ляглі на валасы. І, як маглі,
Там золатам зазьзялі канчаткова.
І зноў мы разам. Разумеем зноў:
Ня трэба слоў.
Ня трэба сёньня словаў.

Калі ж далёка ты, цябе няма,
Няма – і ўсё тут! Замест веры – яма;
Тады напраўду гэты дождж – дарма.
Дарма раскіслая, самотная зіма.
Дарма – я сам. Дарма – што ты сама.
Што за вакном – ня ноч і не турма.
Што сьнегу – не прадбачыцца таксама.
19 сьнежня 2006 г.

* * *

Ну што, каханая. Ужо прайшлі Каляды.
Ужо прайшоў сьвяточны, чысты сьнег.
І наша ноч прайшла.Ты чуеш? Гэта сьмех –
Няспраўджаных спадзевак і уцех.
Самотны сьмех.
Якому мы – нібыта нават рады.

Няхай – мы разам. Хоць бывае так:
Хоць разам мы – усё адно: адныя.
І сонца, нібы кнот. Згарае знак
Не адзіноты – нашай веры. І любыя
Тут словы – не да месца.
Ды ўсяляк,
На розныя манеры: “Мы жывыя.
“Жывыя мы. Жывыя. Мы – жывыя!..”—

Нам нашы душы шэпчуць…
19 сьнежня 2006 г.

* * *

Сыходзяць мужчыны, сыходзяць.
Зьязджаюць у модных аўто.
Насупіцца месяц – годзе! –
У срэбным сваім паліто.

Так, годзе. Сыходзяць мужчыны.
Вяртаньне ў сабачых вачах
Надзеяй, як вугаль, астыне.
Парваны й стаптаны сьцяг

Шалёнага ветру. Дакорам
Ня будзе ноч біцца ў вакно
Апошняй адчайнай размовы,
Дзе словы і словы, ўсё словы!..
Дзе побач з каменкаю – дровы
Успыхнуць, як порах, гатовы.

Сыходзім. Усё адно.
31 сьнежня 2006 г.


* * *

Вось і кава ня грэе.
Я адзін у пакоі.
Тэлефон ужо тыдзень маўчыць.
І адчаем – завея.
І самота – гарою.
І душа, як дзіцятка малое,
У завею ледзь чутна крычыць.

Ды ніхто не пачуе.
У сьнезе кружляюць,
Бы пялёсткі астылых размоў,
Што са мной не начуюць,
Што ў нябыт адлятаюць, --
Толькі цені тваіх лёгкіх сноў.

Толькі шолах… І вецер
Успамінаў: як двое
Зноў прытулку сабе не знайшлі.
Вось і плачам, як дзеці.
І самота – гарою.
Ты адна. У пустэльным пакоі.
Мы адныя
На ўсёй белай зямлі.
29 студзеня 2007 г.

* * *

Бываюць цуды. І самота – бывае.
Плача клён над вадой – паглядзі:
Вецер сьпешна старонкі гартае
Дзён шчасьлівых, што лісьцем зьлятаюць
І ў няўмольным кастрышчы згараюць,
Як прыгожае сьвята.
Зайдзі

І прысядзь у бязьлюднай кавярні.
Гэты столік. Два крэслы. Віно.
Успаміны. Аб дзіўным каханьні.
Што ні вершам, ні прозай ня стане.
І лагічнае слова “растаньне” –
Хэпі эндам у нашым кіно.
7 красавіка 2007 г.


* * *

Як лёгка з табою, Божа!
Твой позірк, твае заляцаньні,
Твой сьмех!.. Наш расьцелены ложак –
Ружовых пялёсткаў дыханьне.

І шэпт тваіх пальцаў тонкіх,
Спакуса аголеных плечаў –
Дыханьне дажджу і чаромхі
У травеньскі казачны вечар.

У вечар, калі надыходзіць
Спакой пасьля дзіўнага шалу,
Калі нашы целы знаходзяць
Усё, што даўно не чакалі

Самотныя душы. Адчаем
Сьпявай, наш расьцелены ложак!
Дзе мы паратунку шукаем –
Таму й мы дазваньня згараем;
Дзяўчынка мая залатая.
Як лёгка з табою, Божа!..
8 траўня 2007 г.


* * *

Менск. Утульная каварня.
Пах гарачай шакаляды.
Вечаровая шарада:
Калі хмельны час настане?

Час граху, агню і сьвята,
Час прыгожай мізансцэны:
Калі целы пахнуць мятай,
Ўсё навокал – так няпэўна;

Так адчайна?! Твае вочы
Ператворацца ў бяздоньне.
Не астудзяць сполах ночы
Прахалодныя далоні.
8 траўня 2007 г.


* * *

сьмех размовы пацалункі кветкі кава вінаград
і на вуснах прахалода рукі казка секс масьліны
вечар вершы як жаданьне межы тонкія аранжык
і цукеркі вір дыханьняў шэпт бялізны вадаспад
пялёсткаў ружы водар скуры пульсаваньне секс
кашэчы твой жывоцік залацістае зьдзіўленьне
урачыстасьць траўня вочы ў бездань сэрцаў
крываточных два бакалы і ўтульнасьць
душаў нашых непакрытае бяссоньне…
10 траўня 2007 г.


* * *

Так блізка. І так балюча.
Так сьмешна і горка так.
Так мякка… І так пякуча.
І ружы цнатліва-калючай
На целе – пунсовы знак.

Так дорага… Так адчайна.
Трывожна і ціха так.
Зусім нечакана й жадана.
І сполах глыбокае тайны –
Як жар – у вільготных вачах.

Ня трэба…Ты – блізка. І вечар
Язьмінам абсыпаў нас...
І ў ноч так па-чалавечы
Скуголіць сабачкам час.
2 чэрвеня 2007 г.


* * *

У гэтым шале і бяздоньні,
У гэтым хмелі, без віна, --
Твае гарачыя далоні
Ствараюць зноўку беззаконьне
Вар’яцкай ночы, дзе мы тонем
І п’ем атруту слоў – да дна.

Калі ж мы вып’ем тую квецень,
Той келіх жарсьці – без віна;
З табой, адныя ва ўсім сьвеце,
Нібыта кінутыя дзеці,
Мы будзем моўчкі слухаць вецер
І цалавацца – давідна.
3 чэрвеня 2007 г.


* * *

А знаеш, давай забудзем
Той самы наш першы дзень.
Ўсё роўна ужо ня будзе
Таго, што сьмешныя людзі
Так страціць баяцца. Цень,

Як прывід, жывым ня стане;
Ня зробіцца тым, што час
Нам шчодра дарыў на сьвітаньні,
На горка-салодкім спатканьні,
Калі ў вечным самападмане
Сам Госпад маліўся за нас

І плакаў…
13 траўня 2007, г. Кобрынь