12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Сідарэвіч

_____________________
Выбранае...
Нататкі чытача


Моц Купалаўскага слова,
або Міф пра шэсць паветаў

У Поўны збор твораў Янкі Купалы не трапіла ягоная эпіг­рама, складзеная ў 1921 годзе.
Як вядома, 18 сакавіка 1921 года быў падпісаны Рыжскі трактат, паводле якога Беларусь была падзеленая паміж Расіяй і Польшчай. У выніку гэтай акцыі БССР уяўляла сабою мізэрны лапік зямлі (праўда, большы за Вялікае герцагства Люксембургскае, Княствы Ліхтэнштайн і Манака, Рэспубліку Сан-Марына і Андору, разам узятыя).
Паданне данесла нам, што расійска-польскую дамову Янка Купала пракаментаваў нідзе не запісаным двухрад­коўем:

Далі шэсць паветаў.
Дзякуй за гэта.

З таго часу ў літаратуры замацавалася думка, што ў скла­дзе БССР у 1921 г. сапраўды засталіся 6 паветаў Мен­скай губерні.
Адразу адзначу, што ў склад БССР 18 сакавіка трапілі і часткі Вілейскага павету Віленскае губерні (яны былі далучаныя да Барысаўскага і Менскага па­ветаў).
Калі ж казаць пра Менскую губерню, дык, здаецца, у складзе БССР у 1921 г. быў пакінуты толькі адзін цэлы павет – Бабруйскі.
Што датычыць Ігуменскага павета, дык трэба яшчэ разабрацца, што адбылося з часткай Магільнянскай воласці, якую перадавалі ў 1920 г. у Нясвіжскі павет, і з Брадзецкай ды Пагосцкай валасцямі, якія ў 1919 г. былі трапілі ў склад РСФСР.
Затое дакладна вядома, што з Барысаўскага павета ў 1919 г. у склад РСФСР забралі і ў 1921 годзе не вярнулі Бялыніцкую воласць.
З Мазырскага павета ў склад Польшчы трапілі чатыры воласці, а з Менскага – чатыры воласці і часткі яшчэ дзвюх валасцей.
Са Слуцкага павета цалкам або часткова польскім уладаннем сталі Грыцэвіцкая, Заастравецкая, Клецкая, Круговіцкая, Ляхавіцкая, Мядзведзіцкая і Сіняўская воласці.
Значыць, у складзе БССР 18 сакавіка 1921 года засталіся шэсць няпоўных паве­таў былое Менскае губерні і часткі Вілейскага павета Віленскае губерні. Але Купалава эпіграма зрабіла сваё: у літаратуры замацаваўся тэзіс пра шэсць паветаў.
Звесткі, якія я падаў тут, няпоўныя, бо ў нас няма адмысловай працы ў гэтым пытанні, і цяпер я сам спрабую аднавіць сапраўдную карціну, каб абверг­нуць міф пра шэсць паветаў.

Зноў пра дату смерці Антона Луцкевіча

У 2006 годзе ў дзесятай кнізе часопіса “ARCHE” я апублікаваў артыкул “Апош­нія дні Антона Луцкевіча”. У тым артыкуле былі змешчаны дакументы, датычныя даты, месца і прычынаў смерці выдатнага сына беларускага народа. Быў там надрукаваны і акт аб пахаванні прэм’ер-міністра БНР (фотакопію гэтага акта можна ўбачыць у кнізе Анатона Луцкевіча “Барацьба за вызваленьне”).
Копіі дакументаў, датычных абставінаў смерці і пахавання Антона Луцкевіча, з саратаўскага архіву Федэральнай службы бяспекі Расіі атрымала яго ўнучатая пляменніца Маргарыта Пярова. А яшчэ раней у тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” яна апублікавала (хоць і часткова) даведку Асобага архіва Літвы пра дату і месца смерці А. Луцкевіча.
Зрэшты, ні я, ні рэдактары Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, ні доктар Адам Мальдзіс, які быў прамотарам шасцітамовага біябібліяграфічнага слоўніка “Бе­ларускія пісьменнікі”, ніколі не верылі тым звесткам пра дату і месца смерці А.Луц­кевіча, якія ягоным сынам паведамілі органы ўлады. У ЭГБ (у артыкуле “Луцкевіч Антон Іванавіч”) замест даты смерці стаіць пытальнік, а ў слоўніку пытальнік пастаўлены і пасля даты (1946), і пасля словаў “Сяміпалацінская вобл., Казахстан”. Пытальнік стаіць і ў 9-м томе універсальнай Беларускай эн­цык­лапедыі.
Толькі ў 2006 годзе, дзякуючы дакументам, якія атрымала М. Пярова, у даведачнай літаратуры з’явілася дакладная дата смерці А. Луцкевіча: 23 сакавіка 1942 года (гл. 2-гі том энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае”).
І ўсё ж той, хто працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў некаторых іншых ус­та­новах, па-ранейшаму сутыкаецца з датай 1946.
Гэтая дата ўвайшла ў навуковы абыходак, калі не памыляюся, пасля выхаду ў 1986 годзе ў свет энцыклапедычнага даведніка “Янка Купала”. І патрабуецца час, каб бібліёграфы Нацыянальнай бібліятэкі і Кніжнай палаты ўнеслі неабходныя карэктывы. Але мне даводзілася і даводзіцца сустракацца з людзьмі, якія і цяпер не давяраюць дакументам, атрыманым з архіваў спецслужбаў.
Каб паказаць, што паміж дакументамі з гэтых архіваў і даведкамі, якія родзічам ахвяраў бальшавіцкага тэрору выдавалі органы запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС), мелася істотнае адрозненне, трэба працытаваць адну мясціну з кнігі “Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: ХХ стагоддзе” (2008).
Адзначу, што гэтая кніга, выдадзеная Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, кепс­ка адрэдагавана, а выдаўцы, як відаць, эканомілі сродкі на карэктары. У гэтай кнізе мы чытаем пра тое, як цягам 1953-1989 гг. утойваліся сапраўдныя звесткі аб лёсах людзей, якія трапілі пад каток тэрору. Вось што мы чытаем:
“Асудзіўшы сталінскія рэпрэсіі і пачаўшы рэабілітацыю неабгрунтавана асуджаных, улады хавалі сапраўдныя звесткі пра лёс рэпрэсіраваных. Апошняе рабілася ў адпаведнасці з прынятымі яшчэ ў 1939 і 1945 гг. рашэннямі. Але нават пасля таго, як гэтая праблема ў сувязі з пачаткам масавай рэабілітацыі пачала нарастаць, органы дзяржбяспекі на запыты сваякоў расстраляных сталінскіх ахвяр, як і раней, павінны былі адказваць, што іх блізкія прыгавораны да пазбаўлення волі на працяглы тэрмін і памерлі ў зняволенні. Пры гэтым органам ЗАГСа па месцы жыхарства рэпрэсіраванага да арышту прадпісвалася рэгістраваць яго смерць і выдаваць пасведчанне аб смерці, не ўказваючы яе сапраўдных даты і прычыны. Такія выдуманыя, ілжывыя звесткі атрымалі сотні тысяч савецкіх грамадзян... Становішча не змянілася і з выданнем 18 жніўня 1958 г. спецыяльнай пастановы Прэзідыума ЦК КПСС. Падпісанае на яго (мусіла б быць “на яе”. – А. С.) падставе старшынёй КДБ СССР І. Сяровым указанне па сваёй сутнасці... паўтарала ранейшыя інструкцыі дзяржбяспекі аб дачы звестак пра лёс рэпрэсіраваных і расстраляных грамадзян. Толькі ў снежні 1962 г. старшыня КДБ СССР У. Сямічасны прапанаваў перагледзець гэтую практыку. І пасля адабрэння Палітбюро ЦК КПСС (тады быў Прэзідыум ЦК КПСС. – А. С.) з 1963 г. сваякам рэпрэсіраваных пачалі паведамляць сапраўдную прычыну смерці, а пры рэгістрацыі яе ў аддзелах ЗАГСа ўказвалася сапраўдная дата расстрэлу. Аднак для тых, хто атрымаў паведамленні да 1963 г., інфармацыя не была скарэкціравана. Такое правіла дзейнічала да канца 80-х гадоў, і было скасавана загадам па КДБ СССР толькі 30 верасня 1989 г.”
Звярніце ўвагу: загад па КДБ СССР выдадзены роўна праз 50 гадоў пасля арышту А. Луцкевіча. Мажліва, сыны А. Луцкевіча, Юрка і Лявон, якія жылі ў 1989 годзе ў Вільні, нічога не ведалі пра гэты загад і не здагадваліся, што ў той самай Вільні, у архіве КДБ Літоўскай ССР захоўвалася наглядная справа П–11794-Ли па абвінавачанні Луцкевіча А. І. (абвінавачанне не сфармулявана), і што ў гэтай справе маецца дакумент аб даце і месцы смерці іхняга бацькі.
Пасля аднаўлення незалежнасці Літвы архіў КДБ стаў Асобым архівам Літвы, даступным для сваякоў ахвяраў бальшавіцкага тэрору даследчыкаў. Наглядная справа А. Луцкевіча мае цяпер такія “каардынаты”: фонд K-1, вопіс 58, адзінка захавання P–11794-Li. Аркуш 28 гэтай справы мае грыф “секретно” і назву “Извещение об убытии заключенных из колонии».
У сакрэтным “Извещении об убытии заключенных из колонии» мы можам прачытаць, што Луцкевіч Антон Іванавіч, 1884 году нараджэння, народжаны ў г. Шаўлі (Літва), арыштаваны 30.ІХ.1939 г. і асуджаны 14.VI.1941 г. Асобаю нарадай НКУС СССР па арт. (нумару артыкула ў дакуменце няма, а ўпісана “а/с агит.”, што азначае “антысавецкая агітацыя») на тэрмін 8 год, памёр 23 сакавіка 194 г. (у фармуляры лічба 2 адсутнічае). Удакладняецца, што 24 сакавіка 1942г. паведамленне пра смерць А. Луцкевіча накіравана начальніку аддзела актаў грамадзянскага стану ўпраўлення народнага камісарыяту ўнутраных справаў па Саратаўскай вобласці. Удакладняецца таксама, што «извещение» складзена ў перасыльным пункце г.Аткарска тае ж вобласці. Маюцца адпаведныя подпісы. І дата: 24.ІІІ.1942.
Не ўсё ў “Извещении об убытии заключенных из колонии» праўда. Судзіла А.Луцкевіча не Асобая нарада НКУС СССР, а Асобая нарада пры народным камісары дзяржбяспекі СССР. А з дакумента, што захоўваецца ў Саратаве і апублікаваны ў “ARCHE”, мы ведаем, што паведамленне пра смерць А. Луцкевіча было накіравана начальніку аддзела актаў грамадзянскага стану УНКУС па Саратаўскай вобласці не 24-га, а 28 сакавіка 1942 году. Чыноўнік, на якога быў ускладзены гэты абавязак, не спяшаўся. Але больш важна тое, што такі дакумент маецца.
Думаецца, настаў час, каб ва ўсе даведнікі, якія складаюцца і будуць складацца, былі ўнесныя дакументальна пацверджаныя звесткі аб даце і месцы смерці А.Луц­кевіча. Трэба спадзявацца, што скептыкі здымуць свае пытальнікі.

Калі дэбютавала Наталля Арсеннева?

Антон Адамовіч у прадмове да кнігі Наталлі Арсенневай “Між берагамі” (Нью-Ёрк, 1979) напісаў, што паэтка дэбютавала 8 верасьня 1921 года ў газеце “Наша Думка” (верш “Восень”). Тое, што першы яе надрукаваны верш – “Восень” (“Як не любіць мне восень залатую...”), напісала і сама Наталля Арсеннева ў сваім “Аўтабіяграфічным нарысе”, апублікаваным у кнізе “Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі” (Нью-Ёрк, 1999). Мала таго, яна сцвярджала, што ўвосень 1920 году “ў Вільні не выходзіла беларуская газета і вершаў не было дзе друкаваць”.
8 лютага 2002 года, публікуючы ў “Нашай Ніве” матэрыялы пра “Нашу Ніву” 1920 года, я ўдакладніў, што насамрэч Наталля Арсеннева дэбютавала не ў “Нашай Думцы”, а ў першым нумары “Нашае Нівы” за 1920 год (28 кастрычніка). І дэбютны верш меў загаловак “Мой родны край”.
Дарэчы, гэты факт быў улічаны яшчэ ў 1-м томе біябіблія­графічнага даведніка “Беларускія пісьменнікі” (1992). Толькі там чамусьці на першае месца пастаўлены не верш “Восень”, а надрукаваныя пазней “Я ішла...”, Уранні” і “Зімовае сонца”. На гэтае выданне спасылаліся і каментатары грунтоўнага тому твораў Антона Адамовіча “Да гісторыі беларускае літаратуры” (2005).
Факт сапраўднага дэбюту Наталлі Арсенневай быў зафіксаваны і ў кнізе выб­раных твораў паэткі (Менск, 2002). У каментары да верша “Мой родны край” так і напісана: “Першы надрукаваны твор Н. Арсенневай”. Але, на жаль, перадрукоўваючы ў той самай кнізе “Аўтабіяграфічны нарыс”, выдаўцы належным чынам не пракаментавалі выказванне паэткі, што ейны дэбют не мог адбыцца ў 1920 годзе.
Памылковае выказванне Наталлі Арсенневай, упершыню распаўсюджанае Антонам Адамовічам, у 2003 годзе “ўвекавечана” ў манаграфічным артыкуле пра паэтку ў “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (том 4, кніга 2). І многія выкладчыкі будуць спасылацца на гэты артыкул. Добра, калі некаторыя з іх зазірнуць у кнігазбораўскі том або ў том Антона Адамовіча “Да гісторыі беларускае літаратуры”.

Калі дэбютаваў крытык Антон Луцкевіч?

Я дакладна ведаў, што Антон Луцкевіч некаторыя свае тэксты падпісваў крыптанімам І. М. Гэты крыптанім вытворны ад псеўданіму Іван Мялешка.
Праглядваючы ў Нацыянальнай бібліятэцы “Нашу Ніву” за 1912 год, у 32-м нумары, я натрапіў на тэкст “Мае ўвагі”. У ім І. М. пісаў пра дэбютную кніжку прозы Тараса Гушчы (Якуба Коласа) “Апавяданні”. Гэты тэкст я з чыстым сумленнем палічыў дэбютам крытыка Антона Луцкевіча і ўставіў яго ў кнігу “Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва” (2006).
Гартаючы нядаўна факсімільнае выданне “Нашай Нівы” за 1912-1915 і 1920 гг., я ўбачыў, што тэксты пад загалоўкам “Мае ўвагі” маюцца таксама і ў 31-м, і ў 33-м нумарах “Нашай Нівы” за 1912 год. Тэксты, апублікаваныя ў 32-м і 33-м нумарах, падпісаныя крыптанімам І. М., а надрукаваны ў 31-м нумары – крыптанімам І.М-скі. Але ж гэты крыптанім належыць нашаніўскаму аўтару Іосіфу (Язэпу) Манькоўскаму (псеўданім Янка Окліч). Пра тое я даведаўся ад Янкі Саламевіча. Няма сумнення, што і крыптанім І. М. у “Нашай Ніве” таксама належыць Мань­коўскаму. “Уласнасцю” Антона Луцкевіча гэты крыптанім стаў пазней.
Такім чынам, аўтарам першага водгуку на кніжку “Апавяданні” Тараса Гушчы з’яўляецца Язэп Манькоўскі. Антон Луцкевіч дэбютаваў у якасці крытыка 26 красавіка 1913 года, калі пад крыптанімам а–н–а надрукаваў свой водгук на зборнік Янкі Купалы “Шляхам жыцця”.

І зноў пра Якуба Коласа

Рэцэнзуючы на Радыё Свабода першы том Збору твораў народнага паэта ў 20 тамах, я звярнуў увагу, што некаторыя ягоныя вершы надрукаваныя ў савецкім варыянце. Так, рыхтуючы верш “Усход сонца” (1908) да друку ў савецкіх выданнях 1920-х гг., Якуб Колас мусіў пад ідэалагічным ціскам выкінуць з яго радкі: “Паліць свечку дарагую Прад алтарам Бога”. У вершы ж “Першы гром” (1910), які пачынаўся радком Голасам Бога, ціха і важна”, замест Бога было ўстаўлена моцы. Зусім зразумела, што гэтыя змяненні нельга было пры­маць пад увагу, калі рыхтаваўся да друку першы том Збору твораў.
Чытаючы нядаўна ў пятым томе апавяданне (а хутчэй абразок) Якуба Коласа “Недаступны”, я натрапіў на такую рэпліку: “А Божухна! А матухна!” Вырашыў праверыць, як было ў першапублікацыі (“Наша Ніва”, № 8 за 1912 год). А там напісана гэтак: “А Божухна! а Матухна!”
Якуб Колас ведаў, што пісаў. Цётка Грыпіна ў апавяданні “Недаступны” звярталася і да Бога, і да Маці Божай. Таму і напісана Матухна. Тыя, хто рыхтаваў том да друку, мусіць, не здагадаліся пра гэта.
Дарэчы, у савецкіх выданнях замест А Божухна! у апавяданні “Недаступны” было ўстаўлена А бацюхна! Якуб Колас, змушаны рабіць такую праўку, знайшоў адэкватную замену. Адно толькі, што яму было нельга напісаць слова “бацюхна” з вялікае літары. Як і слова “матухна”.

Твардоўскі і Куляшоў

Прачытаў “Васіля Цёркіна” і “Цёркіна на тым свеце”. Паэму за паэмай. І яшчэ больш палюбіў паэта Аляксандра Твардоўскага. І зразумеў, чаму ягоную кнігу пра байца высока цаніў Іван Бунін.
У самога Івана Буніна ёсць выдатныя сюжэтныя вершы, замалёўкі з натуры, якія я ніколі не стамляюся перачытваць. Гэта паэзія без усякіх паэтычных “штучак”: метафараў, метаніміяў і міжрадкоўяў. Гэта паэзія быту, паўсядзённасці, як у вершах “Бадзягі”, “Запусценне”, “Сенакос”... І ў Аляксандра Твардоўскага быт селяніна, быт акопніка становіцца здабыткам паэзіі, а жывая мова народа – моваю паэзіі.
Аляксандр Твардоўскі – расійскі нацыянальны паэт. Слова “савецкі” ў ягонай кнізе пра байца прамільгнула два, ад сілы тры разы, затое словы “Расія”, “рускі” – непараўнальна больш. Я не чытаў самых першых выданняў гэтае кнігі, але ў той рэдакцыі паэмы, што публікуецца цяпер, – ані слова пра бальшавіцкую партыю і камісараў. Ці я не заўважыў гэтых словаў?
Аляксандр Твардоўскі цікавы мне таксама ўсведамленнем сваіх беларускіх ка­ранёў і свядомым ці падсвядомым дэманстраваннем гэтай беларускасці ў творах. Помніцца, Ніл Гілевіч пісаў пра беларускі сінтаксіс Твардоўскага. Але ж і лексіка беларуская ў яго таксама. На ўсю кнігу пра байца раз ці два сустракаецца слова “парни», затое куды часцей – нашае “хлопцы”...

* * *
У тую вайну найбольш знакамітыя былі Аляксандр Твардоўскі (аўтар “Васіля Цёркіна”) і Аркадзь Куляшоў (аўтар “Сцяга брыгады”).
Нядаўна ўзяўся зноў чытаць “Сцяг брыгады”. І не пайшло тое чытанне.
У Аляксандра Твардоўскага – паэма пра байца, пра чалавека, у Аркадзя Куляшова – паэма пра сцяг, то бок рэч. Алесь Рыбка і яго таварышы служаць рэчы, ратуюць цаною жыцця рэч, няхай сабе й сцяг.
У паэме Аркадзя Куляшова знайшоў сваё адлюстраванне савецкі фетышызм. Савецкі чалавек мусіў ратаваць ураджай, сцяг, камсамольскі білет, усякую там тэхніку і гінуць сам. Апошні такі савецка-фетышысцкі твор я чытаў ці не на пачатку 1980-х у Івана Канановіча, калі хто ведае такое імя. Там, як помніцца, чалавек ратаваў трактар, які ішоў пад лёд.
Савецкі фетышызм – антыпод гуманізму.
Ад паэмы Аркадзя Куляшова калі што й засталося, дык менавіта тое чалавечае й гуманістычнае, што запомнілася мне ад самага першага чытання “Сцяга брыгады”. Напрыклад, гэтае: “Хлопчык босы бяжыць да дубровы Па дровы, Хлопчык светлагаловы, Пяцігадовы...”
...Зазірнуў у кнігу выбраных твораў Аркадзя Куляшова “Дарогі”, што выйшла ў серыі “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя”. Там паэма “Сцяг брыгады” друкуецца ва ўрыўках. Выбраныя якраз гэтыя, гуманістычныя, фрагменты.
Паказальна, што кнігу ўкладала Валянціна Куляшова, дачка паэта.

Выбранае і выбранае

Некалі я казаў (а тыя словы цытавалі), што з усіх тамоў Петруся Броўкі можна скласці адну кніжку прыстойных вершаў. Гэта зрабіў Рыгор Барадулін. У серыі “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя” ён выдаў зборнік Броўкавых твораў “Крыніца з-пад Вушачы”.
Побач з гэтаю кнігаю ў мяне на паліцы стаяць і іншыя зборнікі з серыяў “Бе­ларуская паэзія ХХ стагоддзя” і “Беларуская проза ХХ стагоддзя”.
Гляджу на кнігі Міхася Лынькова, Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава. У то­міках, бадай, усё паўнавартаснае і больш-менш вартае, што засталося з творчае спадчыны гэтых народных пісьменнікаў і народнага паэта, людзей, без сумневаў, таленавітых, але бальшавіцкаю сістэмаю, “жданаўскай эстэтыкай” (Ніл Гілевіч) змушаных пісаць на патрэбу дня, палітычнай кан’юнктуры, вымяркоўваць (асабліва ў прозе, у раманах) дадатнае і адмоўнае, паказваць кіруючую ролю камуністычнай партыі, дружбу савецкіх народаў і г. д.
Ёсць выбранае і выбранае. Жартуючы, Максім Танк некалі казаў Янку Брылю, што Максім Багдановіч адразу пісаў выбранае.
Побач з кнігамі выбраных твораў Міхася Лынькова ды Івана Чыгрынава на адной кніжнай паліцы стаіць томік Міхася Стральцова, таксама з серыі “Беларуская проза ХХ стагоддзя”. Кніжку прэзентавала мне Вераніка, дачка пісьменніка. У гэтым томіку сабрана, бадай, усё, што напісана Стральцовым-празаікам: апавяданні, аповесці, эсэ. Упэўнены, што амаль усе паэтычныя творы Міхася Стральцова трапяць і ў кнігу, якая, трэба спадзявацца, выйдзе ў серыі “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя”. Магчыма, так я займею двухтомнік Стральцова, які пісьменніку не далі выпусціць у 1987 годзе, бо ў тагачаснае ўлады ён гэтага не заслужыў: ні табе вершаў пра КПСС, ні апавяданняў пра поспехі калгасаў...
Міхась Стральцоў, як і Максім Багдановіч, адразу пісаў выбранае.