12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Сідарук

_____________________
Подых звера.
Лясовы трыпціх

Прысвячаю ўсім,
хто адчувае сябе звярамі.

Частка першая. Сабачы бог

*
Я – Бог, я – сабачы Бог.
Дай прылашчуся да тваіх ног,
У шчаку лізну языком.

Гэты Бог быў калісьці ваўком.

*
Падымемся з ложка.
Зазірнем адзін аднаму ў твар.
За вакном –
Сонца, валошкі...

І – гар!

*
У мяне ёсць кіпці,
У мяне ёсць зубы.
Свой шлях
Ікламі прадзіраю.
Ім іду
Да Загубы.

*
“Няхай чара гэтая
Мяне абміне!”
Людства –
Не ворагі мне.

*
Сэрца драпежнага звера
Ні ўва што не верыць.
Толькі ў Каханне,
Толькі ў Растанне.

*
Ад тых – да гэтых.
Ад ІС – да СІ.
Мы – у нетрах памежных...

Свет, галасі!

*
У тым жыцці мы ўжо былі.
Ты – вольным індзейцам.
Я – вольным бізонам.
Памерлі мы разам на лясной сцяжыне.
Годна. Дастойна.

*
Чуеш, як горача дыхаю ў вуха?
Гэта Каляды.
І завіруха.

*
Чортаў тузін маіх братоў
П’е свежую кроў.
Ад інстынктаў нікуды не дзецца.
Тая кроў –
З твайго сэрца.

*
Гон. Паляванне.
Каханне забіваюць
Уранні.
Але толькі ўначы
Звер па каханні
Тысячы год крычыць.

Лес тысячы год – маўчыць.

*
Ты ведаеш, люблю каву.
Прывучылі Ваўка
На забаву...

*
Там, дзе агонь
Нас наталяе,
Нас спапяляе,
Нараджаюцца адмысловыя пратуберанцы,
Што па свеце гуляюць;
Прытулку – не маюць.
Таму й не згараюць.
Таму й не знікаюць.

*
На баку – ірваная рана.
Ужо не ўзвыю.
Ужо не ўстану.
Мілая, ты плачаш?
З’еш пячонку маю –
Яна шчэ гарачая.

*
Каханая, дай паляжу на плячы.
Залячы...


Частка другая. Гон

*
“Та-тах!”
З екатаннем б’юць па дзіках.
А маленькае парасятка хоча ням-ням.
Там – жыць нам.
Ці так?
“Та-тах!”

*
Рог, трубі, рог!
Дрэва Кахання
Не вырве й Бог,
Я – ля тваіх ног.
П’ю з выдзертым вокам грог.

*
Дзе я?..
Сплывае крывёю надзея.
Дзіда ўвайшла пад рабро.
Зло пераможа Дабро?..

*
Зблізу – стрыж.
Здалёк – крыж.
Бачыш: у небе крыжы...
А дзе ж, мне скажы, стрыжы?

*
Пушча. Сляпні. Спякота.
П’ю з ручаіны ўпотай.
Губляюцца кроплі-словы.
След пакідаюць барвовы...

*
Хлеб. Мёд.
Высакосны год.
Расстанне. Змрок.
Крок, крок...
Рык. Рок.

*
Як зразумець
Таго, хто не ўмее пець?
З веку ў век
Не ўмее пець
Чалавек.
З адчаем і верай
Выю драпежным зверам.

*
Ваўкі – у скокі...
Смаляць двухстволкі!
Параненая ваўчыца
Да логавішча ці даімчыцца?

“Мой Шэраскуры Божа!
Дзецям галодным – хто дапаможа?”

Ваўчаняткі
Плачуць, з’ядаючы матку.

*
“Звяры!
Надрапаем на кары
Адзіны для ўсіх закон...”

Не паспелі!
Чалавек распачаў гон.

*
Уцякай!
Хоць за край,
Хоць за сам небакрай,
Уцякай!

“Перадыхну дай...”

І даюць:
Перадыхнуўшых – б’юць!

*
Ступай у мае сляды.
Разам унікнем бяды.
Разам ляжам у лог.
Я мог бы ўцячы, мог!..
Каб адзін...
Каб...

*
Ціш. Неба...
І нічога болей не трэба.
Анічога...
Заўтра пачнецца аблога.

*
Гляджу на сонца
Неадрыўна, бясконца.
Слязьмі перапоўнены вочы –
Каб твае свяціліся ноччу.

*
Акрываўлены, голы,
Дапаўзу, лягу.
На калені твае – галавой...

Вечнасць пахне травой.

Частка трэцяя. У ядлоўцы гарэлым...

*
Пахне вогнішчам
Ноч.
Толькі, прашу, не збоч.
Толькі, прашу,
Дабяжы.
Выскачым разам
За рубяжы.

*
Там, у пушчы,
Жывуць воі.
Гэта мы з табою.
Абое.

*
Сырое смажыцца мяса.
Да мяса вораг твой ласы.
Аддай яму мяса, аддай!
І глядзі, як жарэ ён.
І ўсміхніся яму.
І дзетак ягоных – не загрызай.

*
Чуеш,
У лесе стрэл?..
Чуеш,
У сэрцы спеў?..
Ці гэта спявае гром?!
Маланкай спаліла наш дом.

Рэха – дажджом.

*
Будзе ў жніўні
Ядловец гарэць.
Будзе ў жніўні
Спяваць
Смерць.
У ядлоўцы гарэлым –
Уся твая пыса.

Мы жывыя яшчэ.
Усміхніся!..

*
Па-над рэчкаю
Ляцяць стрэлы.
На іх вастрыях –
Кроплі Веры.

Ля тваіх пакладуцца ног.
Не чапай!..
Тыя стрэлы зламаў
Лясны Бог.

*
На вусны твае
рэхам палюю.
Сэрца тваё
скрозь пушчу адчую.
Не пужайся ваўка –
за табой
Ён маім хворым вокам цікуе.

Пацалуй ваўка ў вочы.
Гэта ён, а не я, таго хоча.

*
Была ў мяне ваўчыца.
Была ў мяне сястрыца.
Ваўчыца-сястрыца,
Ад чаго табе ноччу не спіцца?

“Ад таго, – яна адказала, –
Што родная маці
На з’яданне мне брата аддала”.

*
...Вазьмі, не пагрэбуй, –
Усё, у чым маеш патрэбу.

Усё, што ёсць.

Прагрызі хоць аорту маю.
Частуйся. Ты сёння – мой госць.

*
“Звер мой адданы і мілы!..”

Трызню, пэўна.
Пад сасной – адарваныя крылы.

*
Ад краю да краю –
Пожня згарае.

І ты – пасярод.
І побач з табою –
Увесь твой знявераны род.

*
Будуць бліскаўкі пад і над.
Будзе жнівеньскі зарапад.
Разам сцішымся ля вады.
След за намі
вядзе ад бяды.
Ці – да?..
Вада. Вада...

*
Лес. Вечар.

Заблукаўшы, рыдае малеча.

У далёкім, далёкім акне –
Дагарае апошняя свечка.

*
...Расчыняцца ціха дзверы.

І будзе вечар.
І будзе вячэра.

А недзе высока
Замёрлі аблокі.
На далоні тваёй –
Маё адзінокае вока.

*
Ластаўка,
Сэрца маё залатое...

Вецер у жніўні
Пахне
Табою.

*
Грукне сэрца ды стане.
Змрочна ўскрыкнуць сычы.

Разарваны твой бок –
Расстраляная казка ўначы.
*
Лапы свае складу.
Вочы свае заплюшчу:

Наперадзе –
Багна.
Ззаду –
Гарэлая пушча.

Нізка хмары ляцяць над зямлёй.
Нехта ў чорным цікуе за мной.

Белыя іклы – да бою!
Уратуюся чырвонай крывёю.

*
Зялёныя дрэвы.
Барвовая каляіна.

...Хто ляжыць там раздзерты,
нявінны?

А хтосьці ў змрок
Робіць крок.
І шалёна рагоча.

І не чуе яго
Нават Бог.

*
Там быў дождж.
І было
Сонца.
І былі калені твае.
Да бяспамяцтва.
Да бясконца.

*
Водзіць пысаю
Па кнізе сабака.
У вачох –
Чырвоныя макі.
У крыві –
Пах паганца-ганца.

Будзе кніга прачытаная
Да апошняга хрыпа —
Канца.

1995-1997, 2009 гг.
м. Кобрынь