12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Сідарук

_____________________
Мама, як сонейка. Прыпавесць


Чамусьці дарослыя ў той год паміралі нашмат час­цей, чым дзеці. Дакладней, яны паміралі часцей і раней, але ў той год гэта было асабліва бачна. Таму што – іх болей не засталося.
Засталіся адны дзеці. Без дарослых.

– Думаеш, знойдзем?
– Трэба шукаць...
– А што потым?
– Не ведаю. Давай спачатку...
Хлопчык не дагаварыў. Ён пабачыў, што вецер мяняе напрамак, і рэзка захінуў ад яго дзяўчынку – усялякай заразы тут хапала з лішкам. Хлопчыку не хацелася лішніх праблемаў. Дзяўчынцы таксама.
– Паглядзі, можа, возьмем?
– Падыдзе?..
– Можа быць.
– Яшчэ шмат?
– Ты ж ведаеш: самае галоўнае – твар.
– Чаму твар? Я любую буду любіць.
Хлопчык усміхнуўся. Такія ўжо гэтыя дзяўчынкі – ім абы толькі любіць. Хоць каго. Але, тут яна, можа, і мае рацыю...
Сюды хадзілі далёка не ўсе – шмат хто баяўся. Хіба што ішлі асабліва галодныя. Ці хто таксама вырашыў памерці – і не хацелася, каб на вачах іншых дзяцей. Асабліва маленькіх. Навошта ім? Яшчэ наглядзяцца.
Хлопчык сцярожка агледзеўся па баках. Было ціха. Трывожна прыціс­каю­чы да сябе чалавечую нагу (мінулым разам, здавалася, таксама нікога не было – але варта было ім прайсці колькі крокаў, як з тузін згаладалых падлеткаў нахабна наваліліся з усіх бакоў ды адабралі ў іх ношу, пачалі рваць сырое мяса), ён пайшоў, няспынна азіраючыся, наперад. Дзяўчынка, як магла, спрабавала паспець за братам.
– Пачакай!..
– Ціха!.. Давай хутчэй.
Ён прыпыніўся. Было шкада гэтага чалавечка, з чорнымі, даўно нямытымі шчокамі ды запалымі вялікімі вачанятамі, аднак у гэты момант болей было шкада нагу, якую яны з такой цяжкасцю адшукалі... Яна дагнала яго, шчыра працягнула далонь, каб схапіцца за ягоную. Хлопчык, тоячы крывую ўсмешку, рэзка тузануў маленькую далоньку і болей яе не выпускаў.
У падвале было цёмна. Аднак, нашмат цяплей, чым у кватэры на другім паверсе, у якую яны даўно не падымаліся. Там дасюль ляжалі два невялікія белых шкілеты – іх тата і мама. Якіх даўно зжэрлі агромністыя пацукі Дакладней, не іх, а іхнія трупы, калі яны перасталі жыць.
Пацукоў хапала і ў сутарэннях. Але на дзяцей яны нападаць баяліся – з той простай прычыны, што хлопчык крыху разбіраўся ў радыёсхемах і даўно склаў прыбор з трох-чатырох дэталяў з адмысловым ультрагукам. А розных дэталяў і батарэек пакуль не бракавала: іх было поўна ў крамцы “Электраэнергія”, якая калісьці належала іх роднаму дзядзьку Марку.
Цяжэй было з таварамі харчовымі: гэтыя крамы, шапікі ды лавачкі дзеці прачасалі, праверылі й пераправерылі даўно й безліч разоў, выцягнуўшы ды рэквізаваўшы адтуль усё, што толькі можна. Хтосьці адразу еў, што знаходзіў, хтосьці спрабаваў пакінуць нештачкі пра запас, нехта той запас нават імкнуўся потым мяняць на іншае: якую адзежынку, кампакт-дыск або іншыя харчы... Толькі такіх з часам было ўсё меней. Пакуль не засталося зусім.
Хлопчык прысеў, прыклаў нагу да таго месца, дзе ёй і належала быць. Дзяўчынка, як і ён, цяжка дыхалі, замораныя дарогай. Нага падыходзіла ідэальна, як быццам калісьці тут і была.
– Бярыся, цяпер твая справа.
Дзяўчынка, яўна задаволеная даручэннем, дастала недзе са складак свае зашмальцаванае, падранае сукенкі клубок суровых нітак, выцягнула з клубка вялікую іголку. Шыла яна марудна, раз-пораз спыняючыся, пільна ўглядаючыся ў паўзмроку ў сваю справу, зацята трымаючы іголку ў танклявых, дрыжачых пальчыках. Так прайшло пятнаццаць-дваццаць хвілінаў, можа, болей. І нагу было ўжо не адарваць: сцежкі ляжалі роўна, акуратна, дакладна.
– Ну, як?
– Малайчына. Адпачні...
– Я не замарылася.
Але дзяўчынка хлусіла. Шумела й гудзела ў галаве, вусны засмяглі, і ёй было цяжка глытаць. Да таго ж, у кутку ляжала цэлае чалавечае цела, аднак усё яшчэ без галавы – і ёй было крыху вусьцішна.
– Заўтра пойдзем? – адкрыта падняла вочы на брата.
– Ты хочаш?
– А ты?
– Не ведаю. Давай спаць.
Аднак, бачачы ўсё тыя ж адкрытыя, валошкавае чысціні вочы, якія неадрыўна глядзелі ў ягоныя, ён марудна й доўга пакорпаўся недзе ў сябе за пазухаю, пакуль не выцягнуў маленечкую, амаль чорную скарынку ка­лісьці белага хлеба:
– Трымай!..

Заўтра яны зноў накіраваліся на тое ж самае месца.
І на тым самым месцы ім пашанцавала амаль адразу.
Цела, якое калісьці належала жанчыне, і якое ляжала на самым ускрайку, было пакрытае вялізнымі, гнойнымі пухірамі, і толькі твар чамусьці заставаўся чыстым. Дакладней, ён заставаўся і д э а л ь н а чыстым. І ён проста і д э а л ь н а нагадваў твар іхняе мамы.
Дзяўчынка ўзрушана войкнула, аднак хлопчык гучна прашаптаў “ціха!”. Яны падышлі бліжэй. Пастаялі, хлопчык і так і гэтак яшчэ раз агледзеў твар.
Над галавою пунсавела хімічна неба, і сонца нават не спрабавала прабіцца праз чорна-сінюю зграю тлустых, укормленых крумкачоў.
– Адвярніся, – вымавіў нарэшце.
Дзяўчынка адвярнулася.
У руках хлопчыка нешта бліснула, і дзяўчынка пачула нейкія ірвана-прыглушаныя, зацята-недарэчныя гукі. А сам хлопчык, ягоныя рукі, даўно не мелі той сілы, якое хацелася. Таму справа цягнулася даўжэй, чым магла б, і дзяўчынка пад канец ледзь не абмачыла свае працёртыя трусікі – але трывала як магла.
– Усё! Хаваем і...
Але хлопчык не дагаварыў.
Чорныя крумкачы проста шрапнельлю кінуліся на абезгалоўлены труп, і дзеці, ледзь паспеўшы закінуць голаў у невялікі мех, кінуліся прэч.

Ім пашчасціла. Не толькі таму, што крумкачы, падаючы на цела, амаль іх не зачапілі й не паранілі. Яшчэ таму, што ўсё гэта – адбылося даволі хутка. Яны амаль тут не поўзалі, а значыць, заставалася болей сілаў, каб неяк давалакчыся да сваіх сутарэнняў. А тут яны – ужо ведалі, што рабіць.
І вось яна, складзеная з кавалкаў, падагнаная й акуратна сшытая, ляжыць перад імі. Твар і насамрэч вельмі нагадваў твар іхняе мамы. Якім яны яго яшчэ памяталі. Які не хацелі забываць. І які міжволі шукалі сярод тых – невядомых, чужых, далёкіх. Нечых калісьці таксама мамаў і татаў – хоць яны пра гэта не думалі.
– Паслухай, ты казаў, што зможаш...
– Што?..
– Дык зможаш?
– Наўрад... Гэта толькі на словах лёгка.
– Давай паспрабуем.
Хлопчык маўчаў.
– Калі ласка. Я табе дапамагу.
– Ты і так... Наўрад ці што атрымаецца.
– Ну давай! Паглядзі: яна амаль...
Дзяўчынка не дагаварыла. Прысела ля цела. Ціха, нібы баючыся свае пяшчотнасці, паправіла валасы на нерухомым лбе, лёгка ўцягнула ноздрамі паветра над мёртвым тварам.
– Гэты пах... Я памятаю.
– Ты зараз напрыдумваеш. – Хлопчыку хацелася быць больш дарослым, чым ёсць. – Гэта зусім не...
– Ну калі ласачка!.. Я цябе прашу!
Невядома, ці памятала аб тым дзяўчынка, але хлопчык даўно рыхтаваўся да гэтага моманту. Тут, у падвале, у яго было ўсё: і аўтаномны генератар, і кавалкі рознага дроту, і сапраўдны, канкрэтны дэфібрылятар, які ён зноў жа з дапамогай свае сястры здужаў прысунуць сюды з пустое, разра­баванае бальніцы.
– Будзеш дапамагаць,– сказаў ён нарэшце.
Першы ўдар электратоку скалануў мёртвае цела.
Пальцы сшытае, сабранае з розных кавалкаў жанчыны нібы крыху сцяліся, торкнуліся і... – цішыня, безвынікова. Следам за першым ударам – пайшоў другі, трэйці, чацвёрты. Цела торкалася, уздрыгвала, дзецям здавалася, што яны бачаць, як па ім прабягае ярка-сіняя электрахваля, аднак – аднак, нічога не адбывалася. Хлопчык зноў і зноў ціха ўскрыкваў “разрад!” (ён, здаецца, яшчэ памятаў, нібы менавіта такое ён бачыў па тэле- у сваім дзяцінстве), прыкладаў “кулакі”-клемы дэфібрылятару да таго месца на целе жанчыны, дзе павінна месціцца сэрца, а дзяўчынка шырокімі сваімі вачыма сачыла за паказальнікамі прыбору ды за ўсім гэтым.
– Усё, конча! – выдыхнуў нарэшце ён.
Так, у іх нічога не атрымалася.
І болей не заставалася аніякіх сілаў.
Хлопчык упаў каля прыбору, яшчэ неяк здолеў адпаўзці ў цёмны кут, каб зашыцца ў рыззё ды адразу, практычна імгненна заснуць.
У кволай дзяўчынкі сілаў было яшчэ меней. Таму яна проста прыціснулася да мёртвага цела, да самых грудзей жанчыны. І ніхто не чуў, як яшчэ шаптала “Мама! Ты як сон… як соне…”, як так і не дагаварыла “Я буду цябе так любіць, так любіць, любую-любую!..”, паколькі таксама правалілася – у глейкае, цягучае, задушнае мроіва.
І скрозь гэты цяжкі, пачварысты сон ёй нібы падалося, як у яе маленькую грудную клетку штосьці нячутна, сцярожка грукнула. Спачатку так ціха-ціха, потым грамчэй, потым яшчэ. Але дзяўчынка так і не паспела зразумець што гэта. Бо спала ды спала, не ў моцы прачнуцца й раскатурхацца па-сапраўднаму, шырока й шчыра расплюшчыць свае блакітныя вачаняткі. І калі ўсё ж ачомалася, калі расплюшчыла – было надта позна...
Хлопчык, які даўно адчуў нешта нядобрае, з-пад свайго рыззя з жахам назіраў, як рве ды шкамутае сваімі моцнымі зубамі жанчына хрумсткую, дзіцячую плоць, як крыва ўсміхаецца, як вірлаводзіць зацягнутымі крывёю вачыма па сутарэннях.
Але ён нічога не мог зрабіць, бо яму было страшна.
Таму ляжаў ціха-ціха, нават не варушыся, спрабуючы як мацней уціснуцца ў халодную, набрынялую, шэра-бетонную сцяну.