12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людка Сільнова

_____________________
"Сварог... зварганіла свой сьвет", альбо Крышталёвы сад.


Галіна: Вось і ўсё, што я зрабіла, –
Нарадзілася і нарадзіла.
– радкі, што выклікалі захапленьне філосафа Валянціна Акудовіча (маўляў, ніводны мужчына ня можа гэтак пра сябе сказаць)... Дык, па-твойму, творчасьць паэтычная – нішто ў параўнаньні з магутным досьведам нараджэньня чалавека, дадзеным жанчыне?
Людка: На маю думку, параўнаць можна абсалютна ўсё на сьвеце! Нават зьнешне зусім не падобныя рэчы. Вось, напрыклад: жанчына і ружа, акіян і каханы, папера і ральля, верш і вяршыня гары ці вершаліна дрэва...
Што тычыцца параўнаньня народзінаў верша з народзі­намі дзіцяці – так, тут ёсьць шмат агульнага: першы штуршок, пакуты выношваньня, доўгачаканая радасьць ад зьяўленьня на сьвет... Але гэта тэарэтычна. З уласнае практыкі: нараджэньне верша адбываецца, калі абвастраецца адчуваньне пэўнага рытму, парадку, закону, калі, як у небе, разьясьняецца сьвядомасьць; у той час як нараджала сваіх дзяцей я ў страху і бяспамяцтве.
Тыя радкі пра “ўсё, што я зрабіла”, якія гэтак падабаюцца Валянціну Акудовічу, – усяго толькі першыя радкі аднаго з раньніх вершаў пра тое, як лёгка маладой жанчыне згубіць сябе як асобу, пагадзіўшыся ісьці па жыцьці адно толькі Адвечным шляхам спараджэньня сабе падобных, даглядаючы дзяцей, мужа, бацькоў, дом. Нават калі яна свае таленты ці задаткі да мастацкай творчасьці, навуковага пошуку, кіраваньня грамадой, палітыкі неяк у рэшце рэшт пакрысе, па дробязях скарыстае ў сямейна-родавым жыцьці (салата з новых інгрыдыентаў, карнавальны касьцюм дзіцяці, вершык на юбілей мужа, калектыўная апрацоўка сотак на лецішчы, арганізацыя летніх вакацыяў і г.д.) Усё-ткі мы заходнія жанчыны і наш ідэал – раскрыцьцё індывідуальнасьці чалавека, мужчыны і жанчыны. Ва ўсходняй культуры, мяркую, наадварот: ідэал, апеты вобраз жанчыны, дый увогуле чалавека – “толькі зьвяно” ў ланцугу, пясчынка ў пясках пустэльні, кветка ў вялікім садзе кветак, зорка сярод мільёнаў зорак...
Карацей, дзяўчаты, жанчыны, сьмялей! Ня “млець” перад вялікім дзіўным сьветам!
Галіна: У сэнсе – ня браць за ўзор тваю гераіню, якая “жыцьцём зьдзівілася і самлела”?
Але сваім “ідэалам ці формаю страчанай” ты называеш “маленькага шкельца празрыстае цельца”:
Вось так бы хацела і я існаваці:
Нябачна, нячутна, і промні сьвятла,
Як гэтае шкло, праз сябе прапускаці.
І ўсё мне здаецца, я гэткай – была...
Гэта ідэал, як сказаў бы Зьніч, “за-творцы”, скіраваны да ўнутранае працы, ачышчэньня, прасьвятленьня, самаўдасканаленьня... Сапраўды хочацца існаваць “нябачна, нячутна”?
Людка: Так. Ва ўсякім разе хацелася тады, калі складаўся верш. І адначасна хочацца быць у віры жыцьця, каб вакол усё адбывалася, рухалася. Актыўна ўплываць на падзеі. Быць галоўнаю гераіняй свайго жыцьця, нарэшце.
Самаўдасканаленьне – не мая тэма вершаў.
Галіна: Не твая? А Чайка на імя Джонатан Лівінгстан?
О бывай, мая радня,
Мае людцы дарагія!
Бо сьмяротная гульня
Ўдасканальваньня стыхія!
Людка: Гэта ўплыў Алеся Разанава. Настрой пэўнага адрэзку часу.
У ідэале, кожны творца ўважае сябе магутным і дасканалым... Інакш як ствараць? Ну, такая мая Людка, продак усяго люду. Нешта накшталт Роду і Лады ў адной асобе. Сварог, творца, якая зварганіла свой сьвет і насяліла вобразамі-насельнікамі свой “рог” прасторы. (Гэты сказ – накшталт знакамітае фразы феміністак: “Чалавек вынайшла кола”.)
Дык вось гэтая гераіня Людка, прыдуманая мной у сярэдзіне адраджэнцкіх 1980-х, – ад пачатку нейкая прасьветленая, амаль “празрыстая”. Яна – мой ідэал, стан, фігура, да якой імкнуся. У гэтым усьвядомленым руху ў “празрыстасьць” мая радасьць і шчасьце.
Галіна: Згадваецца “Герой вайны за празрыстасьць” Ігара Бабкова. А хто Людчын Герой, той, каму яна абяцае:
...І мы станем багіняй і богам...?
Людка: Гэта верш-запрашэньне: ён запрашае да новага стану – актыўнай творчай дзейнасьці па законах любові ды захаваньня энергіі. І гэта ня я, а мая лірычная... не, гераічная гераіня гэтак сябе адчувае побач са сваім Героем.
Я ня жорсткая, я добры чалавек: ёсьць у Людкі і Герой, гэткі ж самы празрысты. Падрабязьней? Ён, як і яна, непамерна вялікі, часам багата ўзброены, як рыцар, часам у рамантычнай белай кашулі з расшпіленым, аздобленым карункамі каўняром...
Чаму яны ўзброеныя? Каханьне – гэта двубой, скрыжаваньне мячоў (магчымасьцяў). Але ў ім галоўнае не перамога, а самое скрыжаваньне сілаў. Мне падабаецца сімволіка з маленькай рукапіснай масонскай энцыклапедыі ХІХ стагоддзя, якая зараз экспануецца ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі: скрыжаваныя гусіныя пёры, скрыжаваныя ключы, скрыжаваныя драўляныя малаткі... У гэтым ёсьць пэўная “кропка сілы”, моцная крыніца натхненьня. Можна сказаць, гэта наш заходні варыянт усходняга сімвалу “ян-інь”! Толькі ён не заключаны ў кола. Хаця ў нас ёсьць і такі варыянт крыжоў.
А слова “бог” у маім паэтычным сьвеце (у маёй “зачараванай краіне”) ад слова “багаты”: багаты на сродкі, магчымасьці, варыянты, сілы. Нарэшце, на любоў. Такімі ж – найгалоўнымі ў сьвеце – адчуваюць сябе ўсе закаханыя! Нават народны вясельны абрад – першапачаткова гэта шлюб Найлепшага з Найлепшай, Цара з Царыцаю. Адсюль і фэст на ўвесь сьвет!
Галіна: Гэта ўсё ў “зачараванай краіне”. А ў рэальнасьці?
Людка: Што тычыцца канкрэтнага, рэальнага героя, дык у жыцьці я яго не сустракала і знаю, што не сустрэну. Але, як і некалі Бог-бацька “дасылаў Сына Свайго адзінароднага” на зямлю да людзей, гэтак і велічны Герой Людкі дасылае мне як ейнаму зямному аналагу (непразрыстаму, пляскатаму, амаль яе ценю) таго ці іншага зямнога мужчыну. Які абавязкова мае некалькі важных рысаў (як некалькі слоў, што складаюцца ў пароль для мяне) – ад таго, нябеснага. Напрыклад, гэта абавязкова творца. Ён вызнае гераізм. І ён валодае ўласьцівасьцю натхняць мяне адным позіркам ці адным вершаваным радком... Але хутка ўсё мінае. Да крыжовае сьмерці “пасланца” не даводжу: даражу. Можа, праз гэта ніколі і не маю.
Галіна: “Мець усё, нічога не маючы”. Так?
Людка: “(У руках не трымаючы!...)”
Галіна: Твае вершы пра каханьне ўражваюць заўсёды нейкім раптоўным дотыкам да самае сутнасьці зьявы. І тут заява гераіні:
Я не імкнуся быць каханай,
Мне дастаткова – нечаканай!
Як адно з другім стасуецца?
Людка: Вельмі лагічна, і да таго ж вельмі прыгожа стасуецца да вобразу двубою: быць нечаканай! І быць у нейкім сэнсе антаганістам, з іншым наборам рысаў, супрацьлеглай (пачуйце: супраць-леглай; о мова беларуская, дальбог, ты ўсіх пякучых тайнаў каталог!). Па-мойму, гэта цалкам у законах маёй эстэтыкі і этыкі. Даць тое, чаго няма, – асноўны закон каханьня. І любові. І хай гэта будзе нечакана!
Галіна: Чамусьці запалі ў сэрца гэтыя твае радочкі:
Пачакай, не схіляйся
Нада мной, небасхіл!
Бо маёй жа душы
Хлопчык не нагуляўся...
Твая душа – хлопчык?
Людка: Так, хлопчык. Яна хоча быць актыўнай, прагне заваёвы новых прастораў і хоча гуляцца разам з такімі ж няўрымсьлівымі хлопчыкамі.
Дай падумаць і ўдакладніць... Не, мая душа ўсё-ткі дзяўчынка-школьніца ў гатовым, добра структураваным сьвеце. Хлопчык – мой дух, у сьвеце аморфным, незнаёмым і бязьмежна вялікім.
Гэта амаль традыцыя, што творца ў душы ці па духу дзіця. Нават для пэўнага тыпу творчай натуры – абавязковая ўмова. Дзіця адкрытае да ўсяго новага, любіць гуляць у гульні па правілах, цягнецца да свайго звышвобразу (гэта стан даросласьці).
Галіна: А што такое даросласьць (паводле жанру) – проза?
Людка: Дарослае жыцьцё – гэта новая фізіялогія, складаны, шматузроўневы соцыюм... Першае мяне дзівіць і імкнецца падпарадкаваць. Другое страшыць і не прымае.
Не, дарослае жыцьцё – гэта ня проза, бо яно ўвогуле не мастацкая літаратура. Гэта хутчэй юрыспрудэнцыя: абавязкі, абавязкі, абавязкі...І калі ў Зачараванай краіне Людка адчувае сябе сьведкай, сузіральніцай, дык у рэчаіснасьці адчуваю сябе часьцей “віноўніцай” (тога, што не збылося, ці сталася ня так).Часамі надае сілы толькі вобраз вершніцы, “гераічнай гераіні”.
Але сярод гэтага ўсяго здараюцца рэчы, што інакш як цудам не назавеш. Так, пад гэты Новы год я выпадкова знайшла ў сваіх дзявочых сшытках за вокладкамі лісты ад сябе 19-гадовай да сябе 30-ці і 40-гадовай. У іх, тых лістах, ёсьць просьба не адракацца ад Паэзіі, не лічыць сябе вар’яткай і ... ня гэтак шмат курыць. (А я і не куру даўно).
Шкада, што я забылася на іх, не наклеіла маркі на канверты і не паслала па пошце ў 30 і 40 гадоў. Упэўненая, ад гэтых двух “забітых матылькоў” у маёй будучыні нешта зьмянілася!
Галіна: А помніш, у адказах на адну з анкетаў часопісу “Крыніца” паэт Леанід Дранько-Майсюк заўважыў, што Людка Сільнова не адрозьнівае жыцьцё ад паэзіі – ці то схільная блытаць паэзію з рэальным жыцьцём?
Людка: Запярэчу: я адрозьніваю. Проста тады Леанід глядзеў на мяне, відаць, праз ружовыя акуляры сваёй паэзіі. (У яго ёсьць і іншыя.) Людміла Данілаўна паэзію і жыцьцё зараз вой як адрозьнівае. А Людка, праўда, толькі ў ёй (паэзіі) і жыве.
Галіна: Як складваюцца ўзаеміны Людкі й Людмілы Данілаўны?
Людка: Людка важнейшая. Хоць яна – маё стварэньне, мне б хацелася, каб гэта я была яе стварэньнем, каб яна магла жыць даўжэйшы век і нават у іншым целе.
Галіна: А чаго хочацца Людцы?
Людка: Уступіць у размову з роўнымі. Каб мяне выслухалі і пачулі тыя, чыя думкі і фразы не пакідаюць мяне абыякавай, выклікаюць думку, верш, учынак, а то і кнігу (рэдкі плён!) насустрач. Пачувацца сяброўкаю вялікага Нябеснага калегіюму пісьменьнікаў, мысьляроў розных часоў і народаў. Для мяне стасункі з імі – гэта пацьверджаньне статусу маёй, дакладней, Людчынай існасьці, яе праўдзівасьці, рэальнасьці.
Галіна: Ад часоў “Тутэйшых” помняцца твае радкі:
Мне мала слоў, мне мала слоў,
Мне трэба рык і піск зьвяроў,
І рыб інтымны ультрагук,
І мову лічбаў і навук!...
Ты вынайшла транслінгвізм, рысасловы, стварыла кнігі “малюдкаў” – малюнкаў Людкі (А. Разанаў), кнігі на цюлю, на кулінарнай фользе і інш., ужо ня кажучы пра вершы й прозу на эсьперанта... Шмат хто бачыў выставу тваіх жывапісных і графічных рэчаў. Падкажы, можа, што яшчэ...
Людка: А яшчэ спрабавала стварыць сваю адмысловую мову. Пра гэтую мову – 16 старонак чарнавікоў – я неяк раскажу асобна. Пакуль што чытачам “Дзеяслова” адкрыю толькі тэкст свайго першага і адзінага верша на ёй. (Націск у словах на апошні склад. Зычныя прамаўляюцца вельмі энергічна. Галосныя не рэдукуюцца.)
Ра яварус лэг тво тэра.
Jаы дзоргы эвjум
Палышола бjэбатора.
Jаы сонмы тjукум
Да грэтjоо.
Тролго...
Тут дзеясловы – лэг, эвjум і тjукум.
І гэта быў Менск, і мне было 18 гадоў.
Галіна: А нядаўна выйшаў з друку твой “Крышталёвы сад”...
Людка: Кніжка, якую я так доўга чакала. Пра што яна? Быццам я хаджу ў дзіўным бясконцым садзе паміж прыгожых дрэваў з крышталяў і знаходжу там вобразы сваіх калегаў-пісьменьнікаў. Крыху халаднавата, але ўзвышана.
Вялікі празрысты матыль
З люстранымі крыламі
Сьвету і антысьвету
Ляціць – і ня ведае,
На якую яму сесьці кветку...

О, як знутры пабачыць тое,
Што бачыцца адно здаля:
Палёт
павольны
матыля
Жыцьця – над Анічога полем?
Гутарыла Галіна Астроўская
Менск, студзень 2007 г.