12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Сітніца

_____________________
І голас Бога слухае душа...
Вершы

* * *

Нібы даўняя музыка,
што безнадзейна забыў,
Ды аднойчы згадаеш,
і прыйдзе, і зноў завалодае
Безагляднай душою
далёкая тая мелодыя;
І стокроць паўтарацьмеш
яе неадвязны матыў,
Як заклён ратавальны
ад немачы і нематы.
Гэта ты, — я пазнаў
твой уступны каронны пасаж;
Гэтак ты толькі можаш
і гэты матыў толькі наш;
Гэтым ты з нематы
узьнікаеш, палоніш, завеш,
І тваёю гармоніяй
жывіцца гэты мой верш;
І цябе, нібы музыку,
буду стокроць паўтараць,
Напявацьму твае
меладыйныя жэсты і рухі,
Тваіх вуснаў раманс,
тваіх воч сімфанічную скруху,
Тваё права каханьнем
памілаваць, ці пакараць.
Пакарай мяне быць
паланёным тваёй пекнатой
Тваіх дзіўных гармоніяў
непатлумачанай сілай;
Пакарай, каб цябе
мне ня змог патлумачыць ніхто,
Пакараньнем памілуй.
2005г.


* * *

І сказала: «Адзін ты мне — цар і мой брат — адзін,
Бо такога сьвятла не схавае ніякі цень.
Як пячатку, на сэрца сваё ты мяне пакладзі,
І, нібыта пярсьцёнак, мяне на руку надзень.

І, як мора прымае ва ўлоньне сваё раку,
Ты душу маю, цар, у сваёй пасялі на дне,
І мяне пярсьцёнкам надзень сабе на руку,
І пячаткай на сэрца сваё пакладзі мяне.

Бо аднойчы ня будзе нас, бо ніхто нідзе
Не паўторыць ні жарсьцяў нашых, ні слоў, ні мар...
Ты пярсьцёнкам, каханы, мяне на руку надзень,
Ты пячаткай на сэрца мяне пакладзі, мой цар.»

Адказаў: «Прамінае ўсё, растане, як дым.
Ды нішто не зьнікае, і гэты паўторыцца дзень.
Як пячатку, мяне пакладзі на сэрцы тваім,
Як пярсьцёнак мяне на вякі на руку надзень.

І пасьля хай плятуць, што мы — казка, легенда, міф.
Ды паўторыцца ўсё: і нябёсы, і воды, і цьвердзь.
І з табой мы паўторымся зноўку, мая Суламіф,
Бо каханьню сілаю роўная толькі сьмерць.»

2004 г.


* * *

І запульсуе смутак мой у такт,
Тваім рукам і жарсьцям фартэп’яна
І, згодна з рыфмай, я зраблюся п’яны,
Як ні банальна, але гэта так.
І кожны гук, як хмельнае віно.
О, як бруіць, бунтоўнае яно:
Шырэй, вальней, як вадаспадны шал,
Што мкне з вышыняў валам бурапенным...
І голас Бога слухае душа,
У кожнай ноце згодная з Шапэнам.
2004 г.


* * *

Ёсьць музыка глыбінь, і цьвердзі, і нябёс.
Яе спасьцігнуць, — як уласны зьведаць лёс.
Разгубіцца душа на ростанях дарог —
Ёй шлях пакажа Бах, а гэта значыць — Бог;
І павядзе далей да прывідных надзей,
І заблудзіць ня дасьць ёй Вольфганг Амадэй.
Калі ж праз ноч-журбу — дарога наўздагад —
Сьвятло запаліць Ліст, разьясьніць цемру Гайдн.
Ці ў скрушнай чужыне, ці блізу родных сьцен
Дарадцамі душы і Шуберт, і Шапэн...
Ды ўсё ж, калі бяда, і лёс як цёмны лес —
Агінскага агонь запаліць «Паланэз»,
І сьветлаю сьлязой асьвеціць смутны край...
О, Музыка, ратуй!
О, Муза, захавай!
Між хлуду і лухты ты мне, як Звышні Дар.
О, Музыка, царуй!
О, Музыка, уладар!
Даруй мае грахі, калі гэта ільга.
Я вечны твой даўжнік.
Я верны твой слуга.
І я душой плачу падзённы свой аброк —
Яе малодзіць джаз, яе вярэдзіць рок,
Яе бунтуе рэп —твой пазашлюбны сын...
О, Музыка. Віват!
О, Музыка. Амін!
Ды ўсё ж перадусім я тое чуць хачу,
Што роднае душы — як дрэва, ці трава,
Бо і ў астатні дзень хацеў бы я пачуць:
«Ой, сівы конь бяжыць.
На ім бела грыва...»
2003 г.


Баркарола

Звычайны і шэры, быў дзень, як і ўсе;
І дождж безсэнсоўна трусіў пакрысе
Сваё немажліва тужлівае мліва;
І быў ён самоце адданы слуга;
І пнулася рыфмай зрабіцца туга,
І трэба прызнацца —
амаль справядліва.
Ды трапілі вочы, ды вышукаў слых
Адзінае, між непатрэбных усіх,
Вакно, дзе фліртуе з фіранкаю вецер;
І ў напаўрасчыненым гэтым вакне
На віяланчэлі, нібы для мяне,
Іграе дзяўчына; і болей на сьвеце,
Здалося, цудоўней нічога няма...
І ўсё. І працягу чакаць вам дарма —
Ніякіх прычын
для сюжэтных зачынаў,
А проста быў я ў неназванай журбе,
І проста вакно, і сама для сябе
На віяланчэлі іграла дзяўчына.
Звычайны выпадак, ніякі ня цуд;
Магчыма, што проста вучнёўскі эцюд,
Ды не для авацый і ня дзеля хлеба,
А проста гучала яна, як магла,
Ды ўсё-ткі пазычыў я трохі сьвятла
У музыкі тое. А што яшчэ трэба?
А трэба яшчэ небагата зусім:
На сьвеце на гэтым, а можа й на тым
Няхай надараецца часам прычына,
Хай ціхае шчасьце душу не міне —
Няхай выпадковая ў нейкім акне
На віяланчэлі іграе дзяўчына.
2004 г.
* * *

Здарожаная завіруха за вокнамі завывала,
А кволай маленькай скрыпцы клопату было мала;
Займала абшар завея з надзеяй, што назаўсёды,
А скрыпка сабе іграла папросту і без нагоды;
Іграла юная скрыпка, як тое ёй і належыць,
Як часам бывае — хочацца душу сваю разнасьцежыць,
Як хочацца часам выказаць ці бліжняму, ці далёкаму —
Каму — не істотна, ды важна, каб выслухаць вас было каму.
Іграй, мая скрыпка мілая, праз цемру і праз завею;
Ня ведаю, як астатнія, ды я цябе разумею,
Бо часам і сам спрабую між скрухай і завірухаю
Праціснуцца, дагукацца, калі аніхто ня слухае.
Наіўна — разьясьніць цемру, наіўна — журбу расчуліць,
Ды ўсё ж гучы, мая скрыпка, каб ведалі і каб чулі.
Між хэвіметалагітарнага скуголеньня, скрыгату,скрыпу
Сястрой міласэрнай ахвярнаю застанься, маленькая скрыпка.
Для роспачных — ціхай надзеяю,
для скрушных — усьмешкай на твары
Паводле правоў, што надзелена ты Госпадам і Страдзівары.
Дарма, што бракуе прамоцыяў ад перапялёсага лёсу, —
Ты сёньня — каханкай у Моцарта, а значыць —жыцьцё адбылося.
А значыць — нішто ня марнае ва ўсіх безнадзейных дзеях,
І будзе сьвятло на тварах,
І ў душах будзе надзея.
2005 г.

Сьвітанак. «Балеро».

Напачатку ледзь-ледзь
па заспаных павеках начных аблачын,
Па вяршалінах дрэў
і па ранішніх снах закаханых дзяўчын,
І па вільчыках дахаў —
вільготна-лагодным мазком акварэлі;
А пасьля ўсё ярчэй, галасьней і мажорней —
на кожныя двор і парог;
А пасьля, як пажарам па ўсім абшары,
сьціраючы цемры таўро,
Як у гімне адзіным —
анёлы і птушкі, паэты і мінестрэлі...
Як Piano, Crescendo, Fortissimo у «Балеро»
Марыса Равэля.

2002 г.


Накцюрн

Дабранач.
Ступаючы цяжка,
пайшоў ператомлены дзень,
І спаць палеглі змарнелыя цені
ягоных спраў і падзей;
І месяц сьціплым срэбрам аброчным,
у дня адабраным,
Лагодзіць сутоньне,
і цёплае слова «дабранач»
Дабраслаўляе людзей.
«Дабранач» — шэпча Госпад над сонным Краем.
«Дабранач» — душа мая ціха за ім паўтарае.
Спачні. Хай ахоўнік-анёл твой
ніколі цябе не пакіне;
Хай прыйдуць у сон твой пасланьнікі Божыя — Шуберт, Шапэн, Паганіні —
Дабранач, мой сыне.
Хай сон гэты стане санатай,
дагэтуль нікім не сыгранай —
Дабранач.
У клопат заўсёдны,
нібыта ў палон пажыцьцёвы забраная,
У стоме тваёй вінаваты і ёй пакараны я —
Дабранач, каханая.
Хай ціша начная гучыць,
як найлепшае ў сьвеце сапрана —
Дабранач.
Нас мала. Нам шлях — бездарожжа,
нам лёс перунамі пагрымвае,
Ды духам Сьвятым паміж намі
ёсьць крэўнае і непарыўнае —
Дабранач, сябры мае.
За нас нашу справу ня зробяць,
нам заўтра ўставаць раным-рана —Дабранач.
Свае і чужынцы, банальна казаць,
што мільярдамі ніцяў
Зьвязаныя ўсе мы,
але гэта праўда.
Дабранач. Спачніце.
Дачасны ваш баль
над пакутамі Краю збалелага, хворага —
Дабранач вам, ворагі.
Якія ні ёсьць, а, паводле аблічча,
кажу вам, як людзям, —
Дабранач, — прачнуўшыся заўтра,
мажліва мы лепшымі будзем;
Магчыма забудзем і нешта даруем –
з былых нашых крыўдаў і ранаў —
Дабранач.
І ты, мітусьні мітусьнёю
на службу часова абраны,
Даволі пустое ў пустым перамолваць старанна,
Даволі падманнае манны
з газетаў, трыбунаў, экранаў —
Дабранач.
О, як ты за дзень натамілася, мілая,
нават кругі пад вачыма —
Дабранач, Айчына.
Спачніце, глыбіні прыціхлыя, —
Рычы, Атолава, Нарач —
Дабранач, дабранач.
Бары, і дубровы, і пушчы,
як вы, я таксама падранак —
Дабранач.
Зямная гаспода,
у засені Бібліі, Торы, Карана —
Дабранач.
Дабранач.
Дабранач.
І хай не бракуе нам сілаў
адно аднаму перад сном усьміхнуцца.
Дабранач. Дай, Божа,
каб заўтра нараніцу ўсім нам прачнуцца.
2003