12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Сітніца

_____________________
Неюбілейнае.
Да 65-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Някляева


…Душа, выходзячы з бяды,
...нанова хоча нарадзіцца
у Крэве…
Леанід Дранько-Майсюк

Не многім даецца права
быць братам траве і дрэву,
Не кожны мае падставы
назвацца раднёй ракі;
І толькі абраным суджана
крэўнымі стаць для Крэва,
І вельмі не многім пакінуць
гэтае званне вякі.
Бо толькі сапраўдным дадзена
Крэва жыццёвым крэдам,
Калі праз агонь і ваду
і трубаў салодкі жах
Прайшоўшы з душою падрапанай,
шлях не забыў да Крэва, –
Між іншых звабных кірункаў,
адзіна праўдзівы шлях.
Бо лёс не зрабіў памылкі,
юдоль пазначыўшы Крэвам;
Бо час настае раскіданыя
зноўку збіраць камяні….
І Крэва падцвердзіць права
быць братам траве і дрэвам,
І Крэва табе дапаможа,
як самай крэўнай радні.
2006
Дзень добры, дарагі мой сябра.
Безумоўна, я хацеў бы сказаць гэта, гледзячы табе ў вочы, ці хаця б па тэлефоне, хай сабе й падслуханы пільнымі спец-вушамі.
Зрэшты, як там ні было б, але калі можаш пажадаць сябру добрага дня, дык ужо таму ён і добры.
Аднак жа цяпер ты, хоць і не далёка, але ж недасяжны. Нават лістом альбо тэлеграмай да цябе не дагукацца. Таму й пішу ў “Дзеяслоў”, бо напісанае, – як той казаў, – застаецца.

Добры дзень, Валодзя.
Я не здарма пачаў гэты ліст вершам, прысвечаным табе 5 гадоў таму, які ўзяў выток свой з эпіграфа, пазычанага ў нашага агульнага сябра Лёні Дрань­ко-Майсюка. Дарэчы будзе сказаць, што эпіграф гэты я ўзяў у кнізе “Паэтаграфічны раман”, якую адзін беларускі Паэт прысвяціў другому беларускаму Паэту акурат тады, калі для першага гэта было даволі небяспечным, а для другога – жыццёванеабходным. І ўсё гэта без аніякага эпатажу і піяру, ціха, спакойна, шляхетна, таленавіта, – гэтак, як і мусіць быць між паэтамі.
Баючыся памыліцца, выбачаюся, але ж іншы гэткі прыклад ведаю толькі адзін, – ліставанне геніяльнага Барадуліна з геніяльным Быкавым: мудра, таленавіта, высакародна, – гэтак, як і належыць Геніям.
Лічу, – ужо гэтымі двума прыкладамі наша літаратура мае права быць ушанаванаю ў сусветнай літаратурнай сябрыне.

Сёння, у пярэдадзень твайго новага юбілею, мне да драбніцаў прыгадваюцца дні пяцігадовай даўніны, калі ты раптам, нечакана для ўсіх нас, стаў юбілярам.
Табе?.. – шэсцьдзясят?.. Дзіўна. Неадпаведна. Але хай сабе й так. Што гэта мяняе? Хіба што ёсць нагода для прыгожага і вясёлага.
Ах, як яно было! Першыя дні ліпеня 2006 года. Ты тут, ты вярнуўся, ты побач, мы разам… І гэта непараўнальна істотней за ўсе круглыя даты.
Ты не жадаў ніякіх гучных падзеяў; маўляў, сядзем утрох у цяньку на траўцы, – вось і юбілей. Але ж мы хацелі бачыць гэта інакш. Самае малое, што зрабілі мы з Лёнем, – публікацыя ў “Народнай волі” з тваім фота­здымкам, маім вершам “Някляеў” і цудоўным артыкулам Дранько-Майсюка “Гаспадар літаратуры”.
Але гэтага было недаравальна мала. Выпадкова цябе сустрэўшы і, пасля доўгіх угавораў за тваім сталом, атрымаўшы нарэшце згоду на тое, пра што ты нават і не здагадваўся, я абрынуўся ў шалёнае і вясёлае натхненне. Тваёй задачай было толькі ў належны час прыехаць у Крэва і прывезці з сабою колькі дзясяткаў сваіх сяброў. Пагадзіліся.
Раным рана 9 ліпеня 2006 года мы з Уладзем Вішнеўскім выехалі ў Крэва, прыхапіўшы ў Ракаве Язэпа Янушкевіча. Па дарозе, прыпыніўшыся, нарвалі цэлы сноп валошак ды каласоў, з якіх пасля сплялі, як умелі, вянок, а мелася на ўвазе, – карону для ўганаравання Караля беларускай паэзіі. На дзядзінцы Крэўскага замка быў разасланы кілім, на якім мы паставілі “трон”, загадзя пазычаны ў Купалаўскім тэатры. Над “тронам” усталявалі вялізную харугву з выяваю герба Крэва, а паводдаль падрыхтавалі, складзеныя ў горку, 60 камянёў…
А 12-ы Кароль быў пасаджаны на “трон” пад гербавай харугвай, вялікая грамада “падданых беларускай паэзіі” выстраілася ў доўгі жывы ланцуг… І пачалося дзейства: перадаючы адзін другому, мы паклалі табе пад ногі шэсцьдзясят крэўскіх камянёў-знакаў, якія паядналі твае пражытыя гады з вечнасцю нашай Гісторыі, бо былі ўмураваныя ў сцяну замка, зноў вярнуўшыся на сваё законнае месца.
І пад час гэтага дзейства, – урачысты перазвон! – дабраслаўленне ад Крэўскай Свята-Аляксандра-Неўскай царквы. Я й сёння не ведаю, ці было гэта звычайным супадзеннем, ці гэта крэўскае святарства гэткім дзівосным чынам спрычынілася да ўшанавання свайго славутага земляка.
А пасля былі адведзіны крэўскіх кладоў, дзе валошкава-каласовая “карона” з галавы Караля ўквеціла сціплае надмагілле Матулі Паэта. Светла, годна, высока!.. Па-людску.
А потым – панадворак дзедаўскай сядзібы: твая родная цётка Гэля, браты, радня, сябры, віно, песні, вершы… Свята!
Ах, яно было!
Ах, як гэта будзе!

Сёння нам, на жаль, не да святаў, і невядома, якім будзе тое заўтра.
Але, калі яно будзе, дык будуць у цябе і сябры, для якіх ты – па-над усімі варункамі, умовамі, акалічнасцямі. Бо калі людзям пасчасціла абняцца душамі, дык гэта не падлягае ніякай каньюктуры, бо яно ад Бога і справаздачнае толькі Яму.

На жаль, гэткім крытэрам адпаведныя далёка не ўсе, хто некалі зваўся тваім сябрам. Яны, канечне, адшукаюць нейкія апраўдальныя словы пра “няпросты час ды складаныя абставіны”, але ж менавіта абставінамі ды часам выпрабоўваецца вартасць сапраўднага, пазначанага Божай наканаванасцю. А тыя прагматычныя ды абачлівыя хай сабе таемна ганарацца сваім “жыццёвым розумам” ды слушным выбарам, ціха пасопваючы ў прэзідыумах, чыноўных кабінетах і рэдактарскіх фатэлях. Што ж, маюць права, як той казаў. Але права гэтае не мае ніякай будучыні, а таму вартае жалю. Бо паняволеныя, бо звычайныя, бо не паэты, бо не абраныя. І нават не палітыкі, хоць таго-сяго й прызначылі.
Трохі пра палітыку. Дзякуй Богу, нам заўсёды хапала тэмаў, па-за яе межамі. Хоць, дзе тыя межы? Не маючы мажлівасці запытацца ў цябе наўпрост, спрабую зразумець самастойна: што гэта было? І адказ, як для каго ні дзіўна, вынікае з тваёй гіперпаэтычнай сутнасці: бо пачуццёвы, бо не прагматык, бо імпульсіўны, бо Паэт, бо прагнеш Праўды... Бо пішаш, як жывеш, а жывеш, як пішаш:

“...Калі пісаць, дык толькі так пісаць,
Як бліскавіцу доўжыць бліскавіцай,
Як з вены ў вену кроў пераліваць...
Пісаць, як спавядацца і маліцца.”

Вось такая палітыка ў Паэта, і гэтым тлумачыцца ўсё што ён піша, робіць, здзяйсняе...
І з гэтага вынікае мая амаль абураная нязгода, калі той-сёй з газетчыкаў называе цябе палітыкам. А можа яны й напрўду гэтак думаюць? Бедныя...
Ты не палітык, Валодзя. Для гэтага трэба, як мінімум, нарадзіцца не паэтам. Дзякуй Богу, – сталася інакш, і Ён абраў цябе са шматлікіх мільёнаў, каб спраўдзіць сваю Звышнюю Задуму: праз цябе насыціць тутэйшыя будзённыя словы Нябеснай энергіяй, тым самым узняўшы іх да ўзроўню прасветленай мудрасці і найвышэйшай гармоніі: таго, што людзі зазвычай называюць геніяльнасцю.
І не варта крывіцца, панове. Прывыкайма. І не трэба сумнявацца ды паблажліва казаць, што гэта, маўляў, зразумелы і дапушчальны рэверанс, – нацяжка з прычынаў зусім невясёлага юбілею. Не, панове, прычына тут іншая: мы маем Вялікага Паэта, і гэтаму трэба радавацца, спрычыняючы да гэтай радасці шматлікіх іншых, яшчэ не прычашчоных.
А тым, хто да гэткай радасці яшчэ не дарос, раю напружыць глузды, ды, пераступіўшы праз сваю правінцыйную закамплексаванасць і местачковы снабізм, прачытаць паэмы ”Прошча”, “Паланез”, “Ложак для пчалы”, тым далучыўшыся да радасці і Святла! Бо гэткае напісаць можна, толькі пачуўшы Звышняга. А Ён абы-каму такія падарункі не раздае.
Але Бог, надзяляючы Паэта вялікім Дарам таленту, дае яму, каб не распесціўся ў аблудах, і вялікае сумленне, – трывожнае, надзвычайна актыўнае, часам невыносна балючае. Менавіта яно й штурхае Паэта ў апраметную палітыкі. Бо Паэт, бо баліць, бо невыносна болей трываць.
І тады ў ахвяру без развагаў аддаецца асабісты спакой, дабрабыт, творчасць, здароўе, а нават і жыццё. І Паэт ідзе на гэтыя ахвяры, не баючыся быць паняволеным, абалганым, зняважаным, апляваным нават тымі, хто надоечы лічыўся найбліжэйшым сябрам.
Колькі разоў Гісторыя паўтарала гэты сюжэт?! Колькі разоў яна пасля апраўдвала Паэта, даючы мажлівасць для апраўдальнага пакаяння нават тым, хто ад яго здрдліва адвярнуўся?!
А ўсе гэтыя васі, пашы, лёшы і гены з толікамі, якія адскочылі так далёка, нібыта ніколі цябе й не ведалі, вядома ж, знойдуць, чым пасля перад табою апраўдвацца, як ужо не раз гэта рабілі. То й хай сабе. Але ж ім з нябёсаў нічога не прадыктуецца, балазе, цяпер ім дыктуюць зусім з адваротнага боку; як і яшчэ аднаму персанажу, пра якога ў прыстойных размовах варта было б не згадваць, каб самому не ўступіць. Але ж... куды ні ступай, а яно, здаецца, паўсюль...
Вось жа й цяпер зноўку азваўся вантробнымі гукамі прыкравядомы Дамавік беларускага літаратурнага падпечча, які мае мянушку “Глёбус”. Як і ўсялякі нячысцік, ён не прамінуў скарыстацца шанцам, каб паласавацца свежай крывёю, ды яшчэ гэткай: даўно ўжо аблізваўся... Пагатоў для ўсялякай нікчэмнасці ёсць найвялікшай насалодай назіраць прыніжэнне Велічнага, а пасля з кайфам апаражніцца ў сеціве. Дык і пакайфаваў, і апаражніўся, ведаючы, што твая даланя да ягонае пысы цяпер не дацягнецца. І калі цябе, акрываўленага і беспрытомнага, тапталі боты Цемры, Дамавік дабіваў цябе атрутнымі словамі; бо на тое ён і цемра, каб ненавідзець светлае. Бо не паэт, бо іншае прыроды, – цёмнае, нячыстае.
Але досыць пра яго, а то хоць нос затыкай.
Дый наогул, не варта залішне вінаваціць тых, хто сам падпісаўся пад уласным прысудам. Ды й мы, трэба прызнаць, далёка не святыя, а судзіць усіх нас ёсць Каму.
“...Мы не суддзі з табой, мы – віна...” – прыгадаліся раптам даўно прачы­таныя паэтычныя радкі. Таму й прыгадаліся, бо пранізліва праўдзівыя. Бо паэт заўжды вінаваты. І чым большы Паэт, тым большую асабістую адказнасць і віну ён адчувае за ссечанае дрэва, пакрыўджанае дзіця, атручаную рэчку, згвалтаваную мову, прыніжаную нацыю, зняверанае людства, абражанага Бога... І выкупленне хоць часткі віны магчымае толькі праз асабісты творчы ды грамадзянскі Чын, спраўджаны праз спакутаванае сумленне, ці нават бязвінна пралітую геніяльную кроў: Дантэ, Міцкевіч, Пушкін, Купала, Шаўчэнка, Гумілёў, Геніюш, Жылка, Маякоўскі, Лорка, Дубоўка, Мандэльштам, Неруда, Бродскі... Можна доўжыць а доўжыць вялікія імёны геніяльных ахвяраў, апраўданых і ўзвялічаных гісторыяй.
Дзіўная выходзіць узаемазалежнасць: каго ні згадай з Вялікіх Паэтаў, а не знойдзецца такі, хто б не меў праблемных дачыненняў з уладай. Надта ж розная ў іх прырода, часта аж да поўнай несумяшчальнасці. Таму й не злічыць ахвяраў, пачынаючы ад самага Вялікага Паэта, якога, амаль 2000 гадоў таму, улада аддала на згубу толькі таму, што самастойна думаў, інакш жыў, іншае казаў, усіх любіў, ды й наогул быў “занадта разумны” і ўвасабляў альтэрнатыву. І ўкрыжаваны быў той Паэт, як і заўжды: “па просьбе працоўных”, якім разбойнік аказаўся сацыяльна бліжэйшы, чым Паэт.
Колькі пасля малых і Вялікіх паэтаў паўтарыла той крыжовы шлях, жыццём заплаціўшы за сваю Праўду.
“Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца...”
Падрабіць такое немагчыма, якімі пагонамі ды эпалетамі сябе ні абвешвай. Бо Вялікаму Паэту – Вялікі Суддзя, імя якому – Бог і ягоная служка – Гісторыя.
Дарагі дружа. Уяўляючы ўсю дзікасць і абсурднасць сітуацыі, я скрушна думаю пра тых, невядомых мне суддзяў, якім выпадзе незайздросная доля судзіць цябе, як злачынцу, і гэтым актам нечакана патрапіць у нашу гісторыю. Кім яны там будуць? – хутка даведаемся. Кім у Гісторыі будзеш ты, – ведаюць усе, бо тваімі адвакатамі на гэтым судзе – праўда і сумленне. Месца тваё ў Гісторыі вызначана даўно. І невядома, як тваім суддзям, а табе ёсць чым апраўдацца перад Звышнім Суддзёй, бо зробленае табой, – ужо сёння ёсць важкі набытак нацыі і гісторыі. Хацелася б, каб і служывыя людзі пра гэта памяталі таксама, бо, як вучыць гісторыя, давядзецца ж калі-небудзь нешта казаць пра “няпросты час ды складаныя абставіны” і запознена ганарыцца асабістым знаёмствам з Паэтам.
Лепш, каб не запознена. А таму, да тваёй “справы” павінны быць прыкла­дзеныя, як самыя важныя доказы, кнігі: “Адкрыццё”, “Вынаходцы ветроў”, ... “Знак аховы”, “Наскрозь”, “Прошча”, “Так”, “Цэнтр Еўропы”, “Кон”... Бо ўсё гэта і ёсць “Гавары праўду”.
“Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае...”
Але ж хочацца, каб зямная Гаспода таксама належала ім.
І ўжо цяпер мне ўяўляецца той час, калі мы зноў прыйдзем на дзядзінец амаль адноўленага Крэўскага замка, і зноў нашая сябрына стане ў жывы ланцуг, і, як калісьці, зноў да тваіх ног паплывуць крэўскія камяні: першы... васямнаццаты... трыццаць трэці... пяцідзясяты... шэсцьдзясят пяты... – далей, далей, і нарэшце васьмідзясяты (а можа й дзевяносты), які пакладзе табе пад ногі, свой між сваімі, чалавек, каторы ў тым часе будзе не толькі шчыра любіць беларускую паэзію, але й прымаць парады беларускага незалежнага войска. І тыя восемдзясят, а лепей – дзевяноста камянёў, пазначаныя тваімі гадамі, зноў зоймуць сваё законнае месца ў мурах нашай Гісторыі пад вітальныя звоны Крэўскай царквы.

Паздароў цябе, Божа!

1-4. 05. 2011