12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Сіўчыкаў

_____________________
Алхімік, казачнік, жаўнер.
Згадка пра Вячаслава Дубінку


...Прадмова доктара мастацтвазнаўства Яўгена Сахуты называлася “Пра Дубінку і выцінанку”. Была яна напісаная да кніжкі выцінанак, якую з розных прычынаў я так і не выдаў, хоць і падступаўся да яе гады два. Цяпер пачуваюся ўдвая вінаватым за гэта, бо Вячаслаў Андрэевіч Дубінка пакінуў нас, пайшоў у лепшы свет.
Пазнаёміўся я з ім завочна, калі быў яшчэ студэнтам-філ­факаўцам і зачытваўся надрукаванымі ў “Маладосці” аван­турна-прыгодніцкімі аповесцямі “Не плач, душа мая!” і “Браты святой ночы”. Падаліся яны абсалютна адметнымі, напісанымі нязмушана, нібыта на адным дыханні. На палях часопіса і па самім тэксце клаліся бясконцыя пазнакі, а ў мой тагачасны творчы нататнік перакачоўвалі шматлікія слуцкія дый, падазраю, прыдуманыя аўтарам словы-новатворы, пры­маў­кі ды прыказкі.
Не раз і з задавальненнем прачытваў у перыёдыцы і праглядаў, бо былі яны багата ілюстраваныя здымкамі, ягоныя рэпартажы, нарысы, эсэ і падарожныя нататкі.
Пазней пазнаёміліся, неўзаметкі зблізіліся на беларускіх імпрэзах, выставах дый дэманстрацыях, на якія дзядзька Слава прыходзіў з нязменным важкім скураным куфрам на баку і з фотаапаратам на грудзях.
З прыемнасцю адгукаўся на запрашэнні, прыводзіў сяброў і знаёмцаў на ягоныя персанальныя выставы ў Музеі гісторыі і культуры, у Палацы мастацтва, у Нацыянальным мастацкім музеі.
З прадчуваннем чароўнага спускаўся па бетонных прыступках у ягоную майстэрню на вуліцы Ленінградскай, што непадалёк ад сталічнага чыгуначнага вакзала. У жыцці многае прадвызначана загадзя, і суседства з вакзалам, мабыць, не раз нагадвала дзядзьку Славу вучобу ў тэхнікуме чыгуначнага транспарту ды працу на вайсковых аб’ектах. Арыенцірам майстэрні служыла крама “Aurum” (“Золата”), агульнымі з ёю былі і ўваходныя дзверы. Але сапраўднае золата беларускага мастацтва было якраз у сутарэннях, у пісьменніцкай студыі і ў мастакоўскае лабараторыі, дзе нібыта сярэднявечны алхімік ператварыў ён у золата, здавалася б, пабытовыя і звыклыя рэчы – паперу, скуру, кардон. Цудадзейнічаў мэтр андэграўнду і з хімікатамі, выцінаў нажнічкамі і скальпелем, высякаў разнастайнымі і мудрагелістымі самаробнымі прабойнікамі, рэзакамі дый іншымі інструментамі, найменні некаторым з іх даваў сам.
Першая зала майстэрні ўяўляла сабою творча-вытворчы цэх з прэсамі, варш­татамі, паліцамі, запоўненымі матэрыяламі, паўфабрыкатамі дый ужо выкананымі заказамі. Фактычна з ягоных рук атрымалі пасведчанні многія пісьменнікі – віртуозна пераплятаў ён і кнігі, і дыпломы, і адрасы.
Другая зала была адначасна малітоўняй, міні-музеем і рэлаксацыйным пакоем. Кім толькі ні рабіў і чым толькі ні займаўся дзядзька Слава! Працаваў прарабам будаўнічага ўпраўлення, будаваў ракетныя пляцоўкі на Палессі, быў цеслем, мулярам, брыгадзірам комплекснай брыгады, тэхнікам-пуцейцам, кухарам на кацеры, механікам на рыбалоўным тралеры, геолагам па “прымусу”, пераплётчыкам. Даводзілася яму рабіць штучныя кветкі на продаж, сплаўляць платы па Енісею, ганяць коней па Алтаі, збіраць жывіцу ў Краснаярскай тайзе, бо лічыў, што рамяство — не вясло: за плячыма не цягаць.
Ці не ўвесь Савецкі Саюз аблазіў ён з “лейкай” і блакнотам. А ўжо Беларусь абхадзіў уздоўж і ўпоперак, здымаючы, занатоўваючы, дзівячыся родным мясцінам. Але пасля кожнага падарожжа з радасцю вяртаўся дадому.
Таму на паліцах захоўваліся тэчкі з архівамі, творчыя альбомы, нататнікі, справаздачы з незлічоных вандровак журналіста, пісьменніка і фотамастака.
Таксама можна было пабачыць там і рарытэтныя рушнікі, і гарманічныя па колеры ходнікі, і ганарлівыя самавары, і саламяных павукоў, і самую размаітую кераміку.
Мудры і праніклівы, крытычны і самакрытычны, іранічны і самаіранічны, годна і з гонарам паказваў ён фотаальбомы “Бабруйск”, “Брэст”, “Магілёў”, “Нясвіж”. Марыў, што некалі пабачаць свет сотні, калі не тысячы адзнятых разам з Георгіем Ліхтаровічам кадраў – выяваў беларускіх храмаў.
А як іскрыліся вочы Майстра, калі паказваў ён аркушы і альбомы ці не галоўнай справы свайго жыцця – выцінанкі! Не будзе перабольшаннем сказаць, што менавіта ён адрадзіў гэты від народнага мастацтва, амаль што забыты ў пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, і мае ці не сотню паслядоўнікаў. Былі ў тых альбомах цэлыя серыі як “Дойлідства Беларусі”, дзе досыць лёгка пазнаваліся гарадзенскі касцёл святой Брыгіты або вятрак у Даматканавічах пад Клецкам. Былі знаёмыя кожнаму з дзяцінства сняжынкі і выкшталцоныя вітражы на дзверы – ад монахромных да шматколерных, ад традыцыйных да непаўторных аўтарскіх. Былі напрацаваныя і выкананыя цэлыя сюжэтныя гісторыі дый каз­кі. Нездарма называў ён выцінанку выразаннем казак дый усмешкай душы. Натхняў, захопліваў імі дзядзька Слава і рэжысёраў-мультыплікатараў як натхнёны суаўтар, і пісьменнікаў як ілюстратар іхніх кніжак, і дзіцячыя студыі выяўленчага мастацтва як найталенавіцейшы педагог, і народных майстроў з далёкага і блізкага замежжа, і нават французскіх дый кітайскіх галерэйшчыкаў!
Рукі былі ў яго залатыя, але і словам валодаў ён як чарадзей. Аднаго разу пачуў, што майстар па халоднай зброі Мікола Ваўчок вырабіў мне фінскі нож і нібыта між іншым прапанаваў зрабіць скураныя похвы, калі знайду пісталетную кабуру. Як жа я дзівіўся, калі праз дзень наведваў маму, і пры кантэйнерах на сметніцы агледзеў сапраўдную пісталетную кабуру! Дзядзька Слава спрактыкавана паабразаў лішняе, паставіў з дзясятак заклёпак і ў похвах тых нож пачуваецца хораша не адзін год...
“Радыё Свабода” неяк папрасіла мяне адказаць на пытанні сваёй анкеты. Было сярод іх і такое: “Кім з сучаснікаў вы захапляецеся?” Адказаў на яго так: “На жаль, найчасцей мы пачынаем разважаць і казаць пра веліч асобы, калі яна пакідае нас. Некалькі гадоў таму як бясспрэчнага маральнага аўтарытэта назваў бы Папу Рымскага Яна Паўла ІІ. Сярод суайчыннікаў вылучаю магутнейшыя таленты Рыгора Барадуліна і Арлена Кашкурэвіча.”
Сёння з горыччу дадаю: “Хіба можна не захапляцца такім таленавітым і разнастайным рупліўцам, надзвычай сціплым і жыццелюбівым чалавекам, мужным і няскораным творцам як Вячаслаў Дубінка?!”
Жыў ён, штодня чакаючы дзівосаў і падарожжаў у цудоўныя краіны, а вось казкі і чарговыя святы тварыў сам…
Развітваліся з ім на ўправе Беларускага Народнага Фронту пад бел-чырвона-белымі штандарамі, і было гэта глыбока сімвалічна – пайшоў на спачын адзін з жаўнераў Беларушчыны, народжаных у далёкім і трагічным 1941 годзе.
Лёг долу яшчэ адзін дуб, яшчэ адзін волат айчыннае культуры, яшчэ адзін нашчадак слаўных слуцкіх паўстанцаў.
Пухам яму зямля!
Добры спачын і заўсёдная слава!