12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Смалянчук

_____________________
«Мы Вас не забудзем ніколі…»
Нататкі з эксьпедыцыі ў былы маёнтак Кухцічы Марыі Магдалены Радзівіл






1 Пра асобу Марыі Магдалены Радзівіл пісалі А.Латышонак, А.Земба, М.Багадзяж ды інш. У 2001 г. выйшла з друку кніга Віктара Хурсіка Белы лебедзь у промнях славы. Магдаліна Радзівіл (Менск: Пейто, 2001. – 112 с.). Гэта першае манаграфічнае дасьледаваньне, прысьвечанае княгіне. Аднак пры ўсіх безумоўных заслугах аўтара трэба заўважыць, што падрыхтаваны В.Хурсікам тэкст патрабаваў навуковай рэдактуры. Яе адсутнасьць прывяла між іншым да таго, што пры цытаваньні ўспамінаў прыводзіліся дыяметральна супрацьлеглыя характарыстыкі галоўнай гераіні, а аўтар цалкам ухі­ліўся ад аналізу і ацэнак гэтых характарыстык.



Цікавасьць айчынных гісторыкаў да асобы Марыі Магдалены Радзівіл (1861-1945) у вялікай ступені абумоўленая яе прыналежнасьцю да той нешматлікай групы прадстаўнікоў беларуска-літоўска-польскай арыстакратыі, якія напачатку ХХ ст. падтрымалі беларускае нацыянальнае Адраджэньне1 . Княгіня была паплечніцай Рамана Скірмунта, Эдварда Вайнілові­ча і Казіміра Шафнагеля, хоць і не праяўляла прыкметнай палітычнай актыўнасьці. Магчыма, разуменьне матываў яе прыхільнасьці да беларускага руху, які ў той час так і не набыў масавага характару і толькі зрэдку выходзіў па-за межы сацыялістычнай (лева-народніцкай) ідэалогіі, дазволіць адкрыць новую старонку ў дасьледаваньнях беларускіх памкненьняў да ператварэньня ў сучасную еўрапейскую нацыю.
Княгіня была дачкой Яна Казіміра Завішы, які быў добрым гаспадаром, адначасна цікавіўся археалогіяй і этнаграфіяй Беларусі. Пасьля сьмерці бацькі яна атрымала ў спадчыну маёнтак Кухцічы1 (Ігуменскі пав.). Яе першы муж Людвік Красіньскі памёр у 1895 годзе. Ён таксама пакінуў удаве даволі вялікую маёмасьць. Праз 11 гадоў яна ў другі раз выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла. Гэты шлюб шмат што зьмяніў у жыцьці арыстакраткі, якая раней амаль не цікавілася нацыянальным і палітычным жыцьцём. Мікалай Радзівіл невыпадкова меў сярод польскай грамадскасьці “славу” русафіла і “хлопамана”. Магчыма, менавіта ягоная цікавасьць да беларускай народнай культуры разам з прыкметным ажыўленьнем беларускага руху ў перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг. спрыялі пачатку фундатарскай дзейнасьці Марыі Магдалены Радзівіл у “нашаніўскім” асяродку.
Вядома, што княгіня падтрымала першае беларускае кніжнае выдавецтва “За­гляне сонца і ў нашае аконца”, фінансавала Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні і газету “Беларус”. Якраз яе сродкі дапамаглі выдаць славуты “Вянок” Максіма Багдановіча. Яна ж устанавіла універсітэцкія стыпендыі для беларускай моладзі, падтрымлівала беларускае духовенства. Ня менш ахвотна княгіня фінансавала таксама літоўскія культурніцкія ініцыятывы. Удзел у беларускім палітычным жыцьці быў амаль непрыкметным, але адзін эпізод варты сьпецыяльнай увагі. Справа ў тым, што дом Марыі Магдалены Радзівіл у Менску і яе палац у Кухцічах у міжрэвалюцыйны перыяд сталі месцам сустрэчаў беларускіх палітыкаў Рамана Скірмунта, Вацлава Іваноўскага, Аляксандра Уласава, Антона і Івана Луцкевічаў. Гэтыя спатканьні адыгралі вялікую ролю ў каардынацыі намаганьняў беларускіх дзеячоў рознай палітычнай арыентацыі.
Зрэшты ў гэты час Кухцічы ўжо належалі Мікалаю Радзівілу, які афіцыйна выкупіў маёнтак у жонкі. Магчыма, Мікалаю Радзівілу гэта было патрэбна дзеля пэўнага самасьцьвярджэньня. Ён пастаянна жыў у Кухцічах, а княгіня звычайна зіму праводзіла ў Варшаве і толькі летам наведвала маёнтак. Сваё фактычнае гаспадараньне ў Кухцічах М.Радзівіл дапоўніў фармальным актам пакупкі. Гэты вядомы авантурыст, удзельнік англа-бурскай, балканскіх і расейска-японскай войнаў палюбіў Кухцічы і актыўна займаўся іх гаспадарчым разьвіцьцём. Праўда, працягвалася гэта нядоўга. Пачалася Першая сусьветная вайна, і М.Радзівіл пайшоў на фронт. Ён загінуў напрыканцы лістапада 1914 г. пад час Усходне-Прускай наступальнай аперацыі генерала Рэненкампфа. Князя пахавалі ўзімку ў склепе Кухціцкага храма, які стаў родавай пахавальняй і філіяльнай капліцай Узьдзенскага парафіяльнага касьцёлу.
Марыя Магдалена Радзівіл падтрымала абвяшчэньне Беларускай Народнай рэспублікі. Напрыканцы 1918 г. пасьля заняцьця Менску бальшавікамі яна выехала ў Варшаву, дзе арганізавала палітычны салон, у якім бывалі Э.Вайніловіч, Р.Скірмунт, біскуп Эдвард О’Рурк, літоўскі палітык Ю.Шаўліс ды інш. Без асаблівага посьпеху княгіня разам з Р.Скірмунтам і Э.Вайніловічам прапагандавала ідэю уніі Беларусі і Польшчы.
Перамога бальшавікоў у Беларусі і адкрытая варожасьць польскай грамадскасьці, якая не магла выбачыць княгіне яе прыхільнасьці да беларускага і літоўскага рухаў, прымусілі выехаць у Літву. Далейшы лёс быў зьвязаны таксама з Нямеччынай і Швейцарыяй. Па-ранейшаму яна дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі. Аднак вярнуцца на Радзіму не было суджана. Марыя Магдалена Радзівіл памерла ў студзені 1945 году ў кляштары дамініканак у швейцарскім Фрыбургу.

Ідэя экспедыцыі ў Кухцічы зьявілася пад час палявых дасьледаваньняў на “скірмунтаўскім” Палесьсі, на Піншчыне. Аповяды людзей пра Скірмунтаў пераконвалі ў вялікім патэнцыяле вуснай гісторыі. Гэты метад між іншым дазваляе па­глядзець на вядомую гістарычную асобу вачыма людзей, якія жылі побач, звычайна былі сьведкамі або ўдзельнікамі штодзённага жыцьця гэтай асобы. Да таго ж княгіня Радзівіл належала да той часткі мясцовай арыстакратыі, якая падзяляла і падтрымлівала беларускую пазіцыю Рамана Скірмунта. Хацелася параўнаць “кухціцкія ўспаміны” пра Радзівілаў з “палескімі” пра Скірмунтаў. Апроч таго знаёмства з кнігай прафесара Анатоля Федарука, прысьвечанай сядзібам Меншчыны (Усадьбы Минского края. – Минск, 2000), нарадзіла цікавасьць да лёсу пахаваньня князя М.Радзівіла.
Матэрыяльныя праблемы арганізацыі эксьпедыцыі дапамаглі вырашыць сябры рэдкалегіі “Спадчыны” гісторыкі Алесь Белы і Уладзімір Ляхоўскі. Апошні таксама прыняў удзел у палявых дасьледаваньнях. Апроч яго ў складзе эксьпедыцыі працавалі філолаг Сьвятлана Чувак (Гародня) і этнолаг Вольга Шаталава (Менск). Апытальнік, які стаў асновай збору вусных успамінаў, быў распрацаваны аўтарам гэтых радкоў. Дасьледаваньні праводзіліся напрыканцы ліпеня 2003 г. у мясцовасьцях Узьдзенскага раёну, якія некалі належалі да маёнтка Кухцічы – вв. Нізок, Кухцічы, Сямёнавічы, Каменка і пас. Першамайск.
Адразу варта заўважыць, што ў адрозьненьні ад эксьпедыцыяў у скірмунтаўскае Палесьсе, дзе суразмоўцы звычайна распавядалі пра тое, што бачылі ўласнымі вачыма і што асабіста перажылі, у Кухцічах часьцей людзі згадвалі аповяды ўласных бацькоў і пераказвалі іх.

І. Памяць пра Радзівілаў

У першую чаргу ўдзельнікі эксьпедыцыі імкнуліся высьвятліць, якімі засталі­ся ў памяці сёньняшніх жыхароў Узьдзеншчыны былыя ўладальнікі маёнтку Кухцічы.
Адразу прыцягнула ўвагу тое, што людзі звычайна згадвалі сям’ю Радзівілаў паасобку:
Пётр Карачун (1928 г. нар.): Княгіню называлі “пані Красінская”, князя – “Ра­дзівілам”;
Алена Барталевіч (1910 г. нар.): Ці мела княгіня якое вясковае прозьвішча? Не, ня мела. Хто ж будзе на яе брахаць. Казалі проста: князь Радзівіл і княгіня Вольга.
Падобна на тое, што вёска ня вельмі добра ставілася да другога шлюбу княгіні:
Мікалай Кароль (1920 г. нар.): «Ён быў прымаком у княгіні. Па-мойму былы афі­цэр. Ён пагнаўся на багацьце. Княгіня больш у Варшаве жыла. Яна старая была. А ён тут балы спраўляў...»
Пра “прымака Радзівіла” згадваў таксама Канстанцін Нісьцюк (1924 г. нар.). Іван Крэмез (1919 г. нар.) цалкам падзяляў меркаваньне, што князь Радзівіл “пагнаўся за багацьцем”.
Марыю Магдалену Радзівіл успаміналі добра:
Алена Барталевіч: «Княгіню ўсе паважалі. Яна была добрая. Людзі казалі: “Мы Вас ніколі не забудзем, што Вы такая добрая. Будзем Вас да гроба любіць і паважаць”. Што яна добрага рабіла? Яна ж з намі размаўляла, ня брэзгавала... Былі вельмі радыя, што яна з намі гаворыць. Мы, дзеці хадзілі ў маёнтак, цалавалі руку княгіні, за тое, што з намі размаўляла. А яна нам паказвала што-небудзь або расказвала тое, чаго мы ня ведалі. Прымала нас ад думы. Думае, мне добра, што я княгіня, а гэта ж вясковыя дзеці. Яна нам спачувала».
Мікалай Чарніковіч (1933 г. нар.): «Княгіня, як казалі, была добрым чалавекам. Калі нешта прасілі, то заўсёды давала. Яна вельмі багатая была».
Яўгенія Шавель (1910 г. нар.): «Сусед расказваў, які рабіў у пана. Ён сваёй зямлі ня меў. Гаворыць, пацалую руку княгіні, папрашу. Дык яна ўсё дасьць. Хадзілі працаваць тыя, што зямлі сваёй ня мелі, а такіх многа было. Адна баба кухцінская хадзіла да пана жаць. Дык казала, як надаесьць, дык злуюся: Пан – баран, а пані – авечая, дзержыць нас да вечара. І сама рагоча-рагоча».
Пра канфлікт паміж вёскай і дваром згадаў толькі Мікалай Кароль: «Некалі каля Нізка было балота, а побач нізаўскія мелі пашу. Усім гэтым валодаў малады князь Радзівіл… Аднойчы ён вырашыў не пускаць кароў на пашу. Заявіў, што ўсё гэта яго. Прывёў землямераў. Яны аслупавалі вучастак. Зьявілася ахова, уся каталіцкая. Яна туды нікога не пускала. Тады і адбылося першае паўстаньне. Мужыкі вырашылі выкінуць слупы, але, баючыся, каб не пасадзілі ў турму, падгаварылі гэта зрабіць жанчынаў. Аднак усё ўзначалілі два мужыкі. Жанчыны пайшлі, выкінулі слупы. І пачаў скот пасьціся. Прыехаў князь. А тут шмат народу сабралася. Усе крычалі, што гэтая паша заўсёды нашая была. Дык князь пачаў страляць з нагана ў паветра, а яго з каня сьцягнулі. І ён напалохаўся і адступіўся. Але знайшліся здраднікі, якія выдалі тых двух мужыкоў, што галоўнымі былі. Яны адсядзелі па паўгоды турмы ў Стоўбцах. Але князь пасьля гэтага перамяніўся. Стаў больш плаціць за працу, стаў бедным дапамагаць» (са словаў Марыі Мановіц).
Большасьць суразмоўцаў сьцьвярджала, што аніякіх канфліктаў паміж сялянамі і Радзівіламі не было, бо маёнтак для вёскі азначаў магчымасьць добрых заробкаў.
Пётр Карачун: «Вясковыя заўсёды хадзілі на заробкі. Плацілі 20 капеек у дзень. Радзівілы ніколі ня зьдзекваліся над людзьмі… Мама казала, што яны вельмі дапамагалі людзям. Калі ў каго конь згіне, ці што яшчэ».
Міхаіл Карачун (1921 г. нар.), Ніна Карачун (1927 г. нар.): «Добрыя заробкі былі ў маёнтку. Летам папрацуеш, і на зіму на хлеб заробіш. Мама хадзіла ў маёнтак жыта жаць, бульбу капаць, лён рваць. Усё рабілі. Снапы вазілі, малацілі… Пан тым, хто добра працаваў, мог і авансам даць грошы. Ён і пашкадуе, калі што здарылася, і дапаможа».
Мікалай Маяровіч (1926 г. нар.): «Радзівіл быў добры з людзьмі».
Мікалай Крэмез (1928 г. нар.): «Мая мама служыла ў фальварку Кухцінскім Радзівіла… Упраўляючы быў немец. Мама там кароў даіла, іншае рабіла. Ён плаціў. Яна болей, чым у калгасе зарабляла. Бацька таксама ў маёнтку працаваў. Вясёла было. Моладзі было шмат. Там бацька з маці і пазнаёміліся. Сваёй зямлі яны ня мелі, жылі з працы ў фальварку і добра жылі».
Вельмі цяжка даваліся людзям адказы на пытаньні, якія датычылі нацыянальнасьці, канфесійнай прыналежнасьці і мовы кухціцкіх Радзівілаў. Старэйшая з нашых суразмоўцаў Алена Барталевіч была найбольш пэўнай: «Размаўляла яна (М.М.Радзівіл – А.С.) больш па-польскаму. Але мы разумелі, бо яна і па-простаму умела… Паны размаўлялі па-панску. Дзе ж той пан будзе казаць па-беларуску, як я гавару, ці якая іншая!… Якой веры была княгіня, ня ведаю. Але потым яна была нашай веры».
Пётр Карачун: «Яны размаўлялі па-польску, бо былі польскай нацыянальнасьці. А людзі іх добра разумелі, бо тая польская мова была падобная да старой беларускай… Якая іх нацыянальнасьць, цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё польская. Ня чыста беларуская».
А Мікалай Чарніковіч адказаў пытаньнем: «На якой мове размаўляла княгіня, ня ведаю. Радзівілы – гэта чый род? Можа польскі?»
Пытаньне пра беларускія школы на тэрыторыі маёнтку звычайна заставалася без адказу. Толькі аднойчы нам паведамілі, што беларуская школа існавала ў вёсцы Нізок (Мікалай Кароль). Гэты ж суразмоўца заявіў, што ў школе працаваў адзін настаўнік, якога сяляне па чарзе кармілі. Апошняе ставіць пад сумніў верагоднасьць таго, што гэта была беларуская школа, адчыненая Радзівіламі.
Пра стаўленьне Мікалая Радзівіла да расейскага самаўладдзя сьведчыць эпізод, які датычыў бацькі Канстанціна Нісьцюка. Той служыў у Прэабражэнскім гвар­дзейскім палку і прыняў удзел у салдацкіх хваляваньнях 1905 г. Пасьля шасьцімесячнага арышту быў дэмабілізаваны і вярнуўся дахаты. Вось што адбылося потым: «Калі князь даведаўся пра вяртаньне, запрасіў да сябе і дзьве гадзіны размаўляў з бацькам. Відаць, цікавіла яго тое паўстаньне. Потым запытаў: «Табе, што патрэбна?» Бацька адказаў, што патрэбны лес, бо ў хаце не хапае мэблі. Князь выклікаў лясьнічага і загадаў ісьці з бацькам у лес і зрубіць тую хвою, якую бацька выбярэ. Да гэтага часу ў хаце стаіць мэбля з таго дрэва – шафа для адзежы, малая шафа і стол» (Канстанцін Нісьцюк).
Найбольш яркія ўспаміны захаваліся пра пахаваньне Мікалая Радзівіла. Праўда, толькі Алена Барталевіч была непасрэдным сьведкам. Але нават у памяці маленькай дзяўчынкі захаваліся цікавыя падрабязнасьці гэтага зімовага разьвітаньня: «Князя я ня бачыла. Толькі, калі яго хавалі, усе пабеглі глядзець, і я пабегла. Было гэта, калі я яшчэ ў школу не хадзіла. Бачыла, як вялі княгіню, несьлі яе доўгую сукенку. Ведаеце, гэта ж князь Радзівіл! Колькі слугаў там было! А мы, дзеці прыбеглі, глядзім, каб у хаце потым сваім расказаць. Шмат народу было на пахаваньні! Адусюль на сьвеце!»Князя хавалі ў сьпецыяльным склепе ў капліцы. Доўга ён там стаяў. Усе маглі зайсьці паглядзець, калі папросяцца. Князя было відаць па пояс. Як паводзіла сябе княгіня? Яна ішла, а за ёй слугі несьлі доўгую сукенку.
Ніна Карачун: «Мая мама расказвала (яна з 1903 г.), што забітага Радзівіла везьлі на белых конях з Негарэлага. А дзяўчаты пасыпалі яму дарогу кветкамі. Пахавалі яго ў склепе ў капліцы».
Мікалай Кароль: «У 1914 г. князь Радзівіл пайшоў ваяваць, бо ён палкоўнікам быў, а па прыродзе сваёй – казаком. І забілі яго… Дык княгіня прыехала з Варшавы. І ад Негарэлага ўсю дарогу выклалі хваінкамі. А было гэта ўвосень і было халадно, дык княгіня наняла мужыкоў за грошы, і яны палілі вогнішчы абапал дарогі, каб саграваліся тыя, хто суправаджаў труну з князем. І так аж да Нізка. …Князя мужыкі паважалі і таму ішлі за труной».
Канстанцін Нісьцюк: «Калі князя везьлі на пахаваньне, то паліліся вогнішчы, на дарогу кідаліся кветкі».
Іван Крэмез: «Калі Радзівіла веьзлі з Негарэлага на пахаваньне, то ўся дарога была пасыпаная лапікамі хвоі».
Мікалай Крэмез: «Князя Радзівіла, калі ён загінуў, везьлі на конях праз Каменку і далей праз лес у Кухцічы. Усё лапікамі хвоевымі пасыпалі. Там у маёнтку і пахавалі. Княгіня яго хавала. Ён сам прасіў, каб яго пахавалі ў капліцы».
Суразмоўцы амаль з гонарам пераказвалі аповяды бацькоў пра сядзібную гаспадарку, палац, сад ды інш.
Пётр Карачун: «Раней рэчкі каля нашай вёскі не было. А гэтыя паны вырашылі і ад Сакольшчыны выкапалі рэчку аж да Узьдзянкі. А Уса цякла пад Ракушычы і ўпадала ў раку Перапуць. Рэчка так і называецца цяпер “Капаніца”. Яна цягнецца кіламетраў на сем. Капалі яе яшчэ да Радзівілаў. Там, дзе Капаніца ўпадала ва Узь­дзянку, быў збудаваны млын. Гэта быў вялізны каменны дом. Там зараз кузьня і склады. (На справе, там рэшткі кузьні – А.С.). …Каля дарогі, што ішла з Узды на Магільнае быў насыпаны вялізны курган. На гэтым месцы князь і княгіня любілі адпачываць па вечарам. Адтуль далёка відаць.…Упраўляючымі былі палякі, але быў таксама адзін немец. Іх шмат было, бо гаспадарка была вялікая. Каля палаца аранжэрэя была, дзе нават бананы расьлі. Дык там працаваў адзін сьпецыяліст, а па паляводству быў іншы. Называлі іх “эканомы”».
Мікалай Чарніковіч: «Радзівілы былі добрыя гаспадары. Ужо нават тое, што выбралі добрае месца, што ўсё выдатна спланавалі, гаворыць пра гэта. Нават, калі ня ўсё яны самі рабілі. Нават той роў з вадою, вазьмі. Яго ж трэба было разьлічыць. Невядома, ці пойдзе па яму вада з Усы, ці хопіць гэтай вады для млына... Усё разьлічылі. Нават каля рва – зьлева і справа – зрабілі затокі, дзе разводзілі рыбу. Усё было добра прадумана. Перад млынам наогул была зробленая сажалка глыбінёю ў 1-1,5 м».
Канстанцін Нісьцюк: «Іншым разам у аповядах адчувалася горыч за зьнішчэньне былой прыгажосьці: Сад быў вельмі прыгожы. Аранжэрэя (цяпліца) была. Як казаў агароднік, там расьлі бананы і ананасы. У парку была прыгожая каштанавая алея. Усё было зроблена па-гаспадарску. Людзі туды хадзілі, працавалі, зараблялі грошы. Усё было дагледжана, як у гарадскіх парках. Кветкі таксама расьлі прыгожыя… Што паразьбівалі, а што і само развалілася. Усё запусьцілі…»

ІІ. Гісторыя без Радзівілаў.

Таксама нас вельмі цікавіла сучаснае стаўленьне людзей да пераменаў пачатку ХХ ст. Марыя Магдалена Радзівіл пакінула маёнтак у 1917 г. і больш туды не вярталася. Якой сёньня ўспрымаецца гісторыя Кухціцкага маёнтку без Радзівілаў?
Першае, пра што згадвалі людзі, было рабаваньне маёнтку, якое адбылося адразу пасьля ад’езду ўсімі паважанай “княгіні Вольгі”:
Леакадыя Пархімчык (1934 г. нар.): «Уладальнікі паехалі, і ўсё пакінулі. Дык сямёнаўскія разам з тымі, што жылі ў маёнтку кінуліся ў палац і пачалі забіраць ўсё што там знаходзілася. Хто рэчы цягнуў, хто гардзіны зрываў аксамітныя, а мы Сухаверкі, такія дурныя, сядзелі ды на раялі гралі, а потым на баяне!»
Разалія Васькоўская (Ляхоўская) (1914 г. нар.): «Калі паны зьехалі [з Кухцічаў], усе пайшлі і я пайшла. Усе бралі, што жадалі з рэчаў, а я мех кнігаў набрала. З мяне сьмяяліся. Яны самі дабраахвотна зьехалі. А там ужо пілі, гулялі на стале. Не асабліва расьцягвалі, хто-што. А я набралa мех кнігаў. Гэта я добра помню…»1
Мікалай Кароль: «У Радзівілаў была вялізная бібліятэка. Усё разабралі. Хто разабраў? Дык і мой бацька хадзіў, браў кніжкі, бо курыць жа трэба было».
Далейшая гісторыя маёнтку вядомая. У перыяд калектывізацыі на базе маёнт­ку стварылі саўгас “Кухцічы”. Капліца ў гэты час стаяла зачыненая, а культавыя рэчы з яе забралі. У 1938 г. у маёнтку была арганізаваная Машынна-трактарная станцыя (МТС) “Пагранічнік”. Недзе ў 1939-1940 г. палац загарэўся. Захаваліся толькі бакавыя флігелі.
Канстанцін Нісьцюк: «У канцы 30-х гг. там здарыўся пажар, і большая частка палацу згарэла. Частка засталася, бо пасьпелі патушыць. Але ніхто не рамантаваў. Людзі яго разабралі. У вайну там яшчэ стаяў двухпавярховы будынак з дрэва. Вялікі і доўгі. Яго партызаны спалілі. Паказалі свае здольнасьці, і спалілі добры будынак».
Пётр Карачун: «“Тэхнічка” паліла печку, бо там клуб быў МТС… А яшчэ там стаялі двухпавярховыя будынкі, шмат было домікаў, але за вайну папалілі. Нейкі час пасьля вайны ў двух флігелях каля згарэлага палацу месьціўся дзіцячы дом. У вайну там знаходзілася нямецкая частка. Афіцэры жылі ў флігелях, а салдаты пераабсталявалі цялятнік на казарму».
Пасьля вайны ў ацалелых палацавых флігелях быў разьмешчаны дзіцячы дом. Менавіта “дзетдомаўцаў” большасьць суразмоўцаў вінаваціла ў першым зьні­шчэньні пахаваньня Радзівіла.
Леакадыя Пархімчык, Аляксандр Барталевіч (1932 г. нар.): «Князь Радзівіл ляжаў у склепе. Пасьля вайны склеп разрабавалі дзетдомаўцы, якія жылі ў палацы».
Міхаіл Карачун, Ніна Карачун: «Пахавалі яго ў склепе ў капліцы. Ужо за нашую памяць там надругаліся, выцягнулі яго труну, раскалацілі, валяліся сапагі такія прыгожыя – чорныя і доўгія з хрому, нават валялася яго адзеньне. Гэта дзеці зрабілі, балаваліся. Там дзетдом быў».
Мікалай Кароль: «Князя пахавалі ў касьцёле, дзе зараз школа механізацыі. Там касьцёл быў. Ну, а мы, як гаворыцца, варвары, ўзарвалі той склеп. Адбылося гэта ў савецкі час. Цела выкінулі вон. І труну выкінулі. Гэта было пасьля вайны».
Іван Крэмез: «У Кухцічах быў створаны МТС. Я там пасьля вайны працаваў трактарыстам. Раней там быў маёнтак князя Радзівіла… Там і зараз стаіць касьцёл, дзе гэты князь пахаваны. Дырэктар МТС некалі надумаў там “нефцянік” паставіць. Раней дзетдом быў, то дзеці цягалі боты князя. Іх забралі, паклалі ў труну і замуравалі. А потым “нефцянік” паставілі. Вядома ж камуністы! А магілу замуравалі. Ён там ляжыць, а тут “нефцянік” паставілі. Божа мой! Труну з капліцы не выкідалі. Боты ад дзетдомаўцаў забралі, паклалі ў труну і замуравалі ў сьцену. Там ня трэба было “нефцянік” ставіць, трэба было якую будку збудаваць. Але ж такі страшны “вораг народу” той князь! Не глядзелі на гісторыю, усё сьціралі з зямлі».
Нам пашчасьціла знайсьці аднаго з тых, хто выцягваў труну Мікалая Радзіві­ла з капліцы, каб устанавіць там дызель і ператварыць капліцу XVI ст. у электрастанцыю. Мікалай Маяровіч даволі падрабязна распавядаў пра падзеі 1952 г.: «Калі фундамент капалі, то яго (М.Радзівіла – А.С.) выцягнулі наверх. Гэта было ў 1952 годзе, калі ў касьцёле ставілі дызель. Труну выцягнулі, а там усё захавалася – адзежа, боты, нават пагоны. Яшчэ раней труну дзетдомаўскія выцягнулі. Боты каля касьцёлу валяліся. Пры ім яшчэ шабля была залатая… У 1952 г. шкло было выбітае. Сама труна была металічная са шкляным акенкам… Усё ў труне захавалася, толькі адзеньне спарухнела. Да там ніхто і ўвагі не зьвяртаў, не глядзелі нават. Не было ні шаблі, ні партупеі. Труна потым так і валялася… Косьці князя выкінулі. Колькі труна там валялася не памятаю. Дзе яна дзелася, чорт ведае… Калі я толькі прыйшоў на працу ў МТС, то касьцёл яшчэ стаяў, а ўнутры яшчэ была труна. Бацька мой казаў, што і раней можна было зайсьці ў касьцёл і залезьці ў той склеп. Хоть там усё было зачыненна, каб паветра не праходзіла. Калі ж адчынілі, то Радзівіл пачаў разбурацца ад паветра. А раней усё было запаяна. Усё як мае быць».
Пад час размовы з М.Маяровічам адзін з удзельнікаў эксьпедыцыі не утрымаўся ад пытаньня: «Як жа Вы маглі выкідаць труну з нябожчыкам?» У размову ўмяшалася жонка М.Маяровіча: «Там жа нічога не было – толькі костачкі ды боты».
Сьцьвярджэньне М.Маяровіча пра тое, што труны князя ў капліцы ўжо няма катэгарычна абвергнуў Іван Крэмез: «Труну з Радзівілам з капліцы не выкідалі… Яе залілі бетонам. Там жа ўсё сьпецыяльна рабілася для пахаваньня. Радзівіл зрабіў у капліцы грабніцу для сябе».

Падводзячы некаторыя вынікі эксьпедыцыі, можна адзначыць дамінаваньне ў памяці мясцовых старажылаў вобразу дабразычлівай і спагадлівай княгіні, якая неаднаразова дапамагала сялянам навакольных вёсак. Апроч таго праца сялянаў у Кухціцкім маёнтку давала магчымасьць добра зарабіць. Апошняе было асабліва важна для тых, хто пакутаваў ад малазямельля.
Праявы беларускай сьвядомасьці ў жыцьці і дзейнасьці Марыі Магдалены Радзівіл і Мікалая Радзівіла не былі выяўленыя. Магчыма, галоўнай прычынай быў нізкі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці навакольнага сялянства, для якога напачатку ХХ ст. ні беларуская мова і кніга, ні беларуская школа ня сталі важнымі жыцьцёвымі і культурнымі прыярытэтамі. Людзям добра запомнілася тое, што было непасрэдна зьвязана з іх матэрыяльным дабрабытам. Суразмоўцы таксама ахвотна распавядалі пра пахаваньне князя Радзівіла (1914) і пра лёс ягонай магілы пасьля вайны. На жаль, у нас не атрымалася наведаць самую капліцу, але цалкам магчыма, што рэшткі Мікалая Радзівіла да гэтага часу “спачываюць” у бетонным падмурку колішняй капліцы-электрастанцыі…
“Гісторыя без Радзівілаў” была напоўненая наракананьнямі людзей на калгасы, на камуністаў, на немцаў і партызанаў, на дурное кіраўніцтва, на моладзь, якая сьпіваецца, ды інш. Многія са шкадаваньнем распавядалі пра зьнішчэньне сядзібнай гаспадаркі, пра разбурэньне капліцы і пахаваньня Мікалая Радзівіла. Пры гэтым большасьць суразмоўцаў пачуцьця ўласнай віны ня мела. Ва ўсім дрэнным вінавацілі іншых людзей, звычайна чужых. Забывалася толькі, што “чужынцы” дзейнічалі або пры падтрымцы мясцовых жыхароў, або пры іх маўклівай згодзе...