1
Прыляцела ластаўка,
Прынясла мне шчасьцейка,
Шчасьцейка бяссоннае,
Сэрцайка калёнае.
2. Варажба
Чараўніца чаравала:
Подых, пёрка – і крыло…
Дзе зара была крывавай,
Пуцявіну замяло.
Як ляцеў па небе голуб,
Шызы голуб й залаты, –
Загубіўся ў лесе любы,
А нялюбы зьвёў масты.
Вёрсты, вёрсты… Сьнег кудлаты
Азьвярэў, нібыта воўк.
Сваты едуць, едуць сваты!
Чэзьне сьвечка, льецца воск…
3. Крумкач
Прыляцеў на падваконьне,
У вачах – дажджы, дажджы…
Хто ты: шчасьце або скон мой?
Любы, вораг мой, скажы.
Толькі чую – вецер, вецер…
Толькі бачу шлях завей.
Дзе ты лётаў, чорны сьвеце,
На якой засьнеш траве?
І чыя душа жывая
Б’ецца, стукае ў вакно?
Дзе зара была крывавай,
Там дарогі замяло.
Крук самотны – крык адчайны.
Чую, чую – будзе кроў…
Над зямлёй маёй – маўчаньне.
Чэзьне ноч.
4. Уладзімір
А зараз ты – княгіня.
Спужалася чаго? –
Што Полацк твой загінуў
Ад погляду майго.
Што аўдавелі жонкі,
Што паляглі сыны?
Ты кажаш, што я жорсткі,
Што спапяліў дамы.
Сватоў я слаў па чэсьці,
Табе свой біў паклон,
Я шанаваў бы цесьця,
Як трэба, за сталом
І келіх быў бы ўзьняты
За вольны наш саюз,
Калі б не пракляла ты
Усю сваю сям’ю.
Калі б ты не назвала
Рабынічам мяне,
Адлік бы не пачаўся
Сіроцтву і вайне.
І вёскі не гарэлі б,
Не расьпіналі б дзеў,
І рэкі не крывелі б…
Я на цябе глядзеў!
Сама цяпер рабыня,
Рагнеда-Гарыслава.
Калі зара астыне –
Ты будзеш гора славіць.
5
Гора, гора сіраціне,
Дагарае ясны месяц,
Сэрца паляць успаміны.
Галавешку хіба песьцяць?
Як палалі нашы вёскі,
Толькі попел коўдрай слаўся.
Дагарэлі мае вёсны,
Сьнег застаўся.
Як чаўны плылі па рэчцы –
Крумкачы кружылі ў небе
І клявалі маё сэрца
Замест хлеба.
6
Паляцелі бацькі да выраю.
Раю-рай, сустрэнь іх ласкава,
Музыкай срэбнакрылаю,
Сьветла-зялёнай атавай.
Сёньня ня сьпіцца. Буду маліцца
Дзядам і адзінаму Богу.
Рукі мае – крыніцы,
Праўда мая – дарога.
Бог мой – Айчына, дай жа спачын ім!
Дзе яны, а дзе я?..
Травой зарастаюць магілы, а памяць
Гарыць, як мая зямля.
7
А душа душою тужыць,
А душа душой баліць.
Я пляту з хмарынак кужаль,
Ён ня ўмее гаварыць.
Па сьцяжыначцы сірочай
Пабягу ў гушчар лясны,
Стану я сястрою воўчай
На імгненьне, да вясны.
Стану я сястрою ночы,
Нашча сэрца – далягляд.
Вып’ю келіх – буду таньчыць,
Пацячэ жыцьцё назад.
Я дзяўчынкай так любіла
На Дзьвіну глядзець з гары.
Недзе сьпіць мой Полацк мілы,
А душа зарой гарыць…
Паляцела б я галубкай
Ці бусьліцай маладой.
Там мой бацька топіць грубку
І жыве каханы мой.
На хвілінку, на імгненьне
Палячу на край зямлі.
Там гаворыць і каменьне,
У мядах цьвітуць палі.
Хто маю душу палечыць?
Вунь крумкач на хвоі сьпіць,
Пад крылом ракою вечнасьць,
Я ня ў змозе пераплыць.
Апаліла даль сьвітанкам,
Тоне, чэзьне птушка-ночка…
А за ёю я падранкам.
А за мною сон сірочы.
8
Дзе гарэла папараць-кветка
Да зары,
Мне крумкач прынёс вестку.
– Гавары!
Гавары, пакуль вецер
Яшчэ родны, як брат.
Гавары, пакуль кветкі
Яшчэ сіла сабраць.
Пачакай, мая згуба,
Дыхай вольна душа.
Хто душу не галубіў –
Не напіўся з каўша.
Толькі кропля за кропляй
Пот каціўся, і кроў
Запякалася. Кросны
Ткалі зоркі бяз сноў.
І схіляліся песьні
Да гаючай травы,
Там за права ўваскрэснуць
Йшлі ўміраць ваяры.
Мне каралі на шыі,
Як вяроўкі былі.
Я кашулю пашыла
Да зямлі, да зямлі…
А крумкач беспрытульны
(Ў зрэнках тухне зара):
– Хутка будзеш матуляй, –
Выгукнуў, як мара.
Подых сьвечачкі-поўні,
Спомін траў і мядоў
Сэрца сына напоўняць.
Ён прыб’ецца дамоў.
Тут крумкач схамянуўся,
Да каменьня прынік.
Ноч-матуля мінула.
Белы дзень. Чорны крык.
9
Як дзіўна, сэрца, і як страшна:
Мой валадар адзіны – кат.
Ён люты, гожы і адважны
І мне яго чакаць, чакаць...
Вяшчунка-доля так няўтольна,
Напіўшыся маёй крыві,
Яна сказала непрытомнай:
“Кахай, Рагнеда, і жыві”.
Мой князь, мой кат, мой вораг любы,
Цябе Стрыбог на муку мне
Паслаў,
на невараць, на згубу,
На скон сярод ваўчыц-завей…
Гарэць, гарэць ў агні пякельным,
І ненавідзець, і кахаць…
Ды не ў палатах княжых – кельлі
Цябе чакаць і праклінаць.
10. Уладзімір
Рукі твае халодныя,
Прыгалуб, Гарыслава.
Лёдам ты дыхаеш, лёдам,
Атрута – кожная страва.
Раўнуеш, напэўна? Ведаю
Жанчын я заморскіх, гарачых,
Толькі з табою-ведзьмаю,
Нібы ў дзяцінстве, плачу.
Літасьцівы, бы ягня,
Хіба ты ня ведаеш, як
Чакаю нашае ночы я,
Як срэбнай манеты жабрак.
Як жытняга хлеба галодны,
Як каня кроплі дажджу…
А ты мне пад сэрца – лёдам,
А ты – паміж намі мяжу.
Рагнеда мая, Гарыслава,
Сьцябліна на поўні дарог,
Калі б ты была ласкавай,
Я б сэрца сваё зьбярог.
11
Утравела, утравела
Маё сэрца, як ральля.
Над зямлёю вецер вее,
А хілюся долу я.
Мая доля, як няволя.
Люты княжа-вітруган,
Смагу ты калі спатоліш
Па крывавых батагах?
Па зьнявераных чаканьнях,
Па спустошаных дварах?
Ты няўмольны, ты адчайны,
Побач так балюча нам...
12
Пусьціўся дождж, як на маёй радзіме.
Салёны вецер з кветкамі гуляў
І на падлогу мне адну падкінуў,
Пялёсткі-крылы кволай паламаў.
Я заламіла рукі разам з кветкай,
І разам з кветкай вецер я малю:
Ты забяры, сьцюдзёны, з гэтай клеткі
І пакладзі памерці на зямлю.
Зямля мая, счарнелая ад болю,
Спустошаная,
ў попеле, крыві,
Зямля мая,
пагавары са мною,
Дачку сваю – пакутніцу, прымі.
13
Ты мяне не пачуеш, як і заўсёды.
Сьпіш. Сьпеюць яблыкі. Сохне трава.
Я караць цябе буду сёньня.
Няма болей сіл трываць.
Вось лязо і адбітак пачварны ў глыбінях
Гэтай бездані-поўні – жаночай сьлязы.
Ты такі малады ва ўспамінах,
Але ў сэрцы тваім – маразы.
Замарозіў ты кветку. Я сёньня пачвара.
Я – забойца. У скрусе стаю ля акна.
Дзе мая запаветная мара?
Дзе мая дарагая зямля?
Хіба лёгка забіць, калі жылка дрыжыць
На скроні тваёй, як жывая?
А ў вачах маіх – капяжы...
Будзе рана ў грудзях нажавая.
Як жа мне жыць, калі жылка дрыжыць,
І любыя дзеці паснулі?
Напэўна, дайшла да мяжы
І зьверу ўва мне няўтульна.
Ты, вораг мой, кат, вяртайся назад,
Туды, дзе пачатак дарогі,
Дзе маці маёй сьляза
Абмыла бацькавы ногі.
Туды, дзе залой зара
І кроў на белай кашулі,
Дзе наша гарыць зямля –
Знайдзі свой спачын-прытулак.
Памры, мой нялюбы, ўраз!
Жыві, мой каханы, вечна!
Прымара зары, як мара,
Сьціскае за плечы…
14
Кажуць, дарога да храма,
Храм – у душы.
Рана мне, Божа, рана
Да нябёсных вяршынь.
Чорная хустка – здрада,
Белая хустка – лёс…
Бацюхна-бусел параду
Мне на крылах прынёс.
Кельля – мая цямніца,
Сэрца – мой храм.
Гэтыя вербы ніцыя
Нікому я не аддам.
Гэтыя рукі белыя –
Параю лебядзей –
Крыж накладаюць сьмела
На рабаціньне ў вадзе.
Вобраз твой, Уладзімір,
Хутка ў рацэ згарыць:
Люты, спачыне з мірам,
Міламу ў сэрцы жыць.
15
Сэрца маё самотнае,
Чорнае, як чарніца,
Ды ад агню сьмяротнага
Ратуе жывая крыніца.
Вось табе – поўня-паўнюткая.
Вось табе – жыва-жывучая.
Кветачкамі бялюткімі
Выткана воля гаючая.
16
Чорная сукня і белая ноч –
Родныя сёстры.
Слова “чарніца” нагадвае дождж,
Ніцыя вёрсты.
Божа, як сьветла, калі Ты са мной.
Пацеркай – ветах.
Я не скаруся смазе зямной,
Горычы сьвету.
17
Дождж праліецца –
стане сьветла душам,
На могілках падымецца трава.
І будзе вецер
песьні маці слухаць,
А бацькава сівая галава
Вярбінаю нахіліцца да долу,
Да долу, да крыніцы,
да ральлі…
Ваша дачка ўжо хутка будзе дома,
Яе краса,
нібы быльнёг,
згарыць.
І будзе вечнасьць спапяляць імгненьні,
А воля захлынацца у крыві.
Рагнеда крыж сумленна будзе несьці
Далёка ад радзімае зямлі.
“Дачушка, кветачка, –
Рагнедзе сьніцца маці, –
Як дакранешся сонечнай мяжы,
Згараць замкі, а дзьверы будуць насьцеж.
Душу сваю,
як неруш,
зьберажы”.
18. Ізяславу
Мой сынок, паглядзі, гэта я,
Ты хіба не пазнаў матулю?
Я канаю ў чужых краях
Сівой ластаўкай беспрытульнай.
Толькі вочы яшчэ гараць,
У іх помста і памяць волі.
Маё сэрца – даўно кара,
Не скаруся ні кату, ні долі.
Княжа мой, пакладзі ў труну
Васілёчкі з палёў радзімых,
І сьвяшчэнную даўніну,
І гаротны пагляд Радзімы.
Абдымі мяне, неба, мацней.
Дзе кайданы хароняць песьні,
Прыгадайце, людзі, мяне,
Калі я аднойчы ўваскрэсну.
19
У доме маім два вакны,
Два розных жыцьці-дарогі.
У першым – прывід вайны,
Ў другім – прыгажосьць ад Бога.
Зьмяшаліся попел і кроў,
А хочацца жыць і маліцца.
Даўно чалавека баіцца
Сьвітанак – прыстанак буслоў.
У першым акне – зіма,
Закідвае сьмецьце парогі.
Тут кат чалавек дарагі,
І шыбеніцы, і астрогі…
Будуюць цэрквы ў другім,
Дзіцяці сьмяецца чыста…
Вокны мае – берагі,
Я рэчкай плыву агністай.