12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Іна Снарская

_____________________
Ад сэрца да сэрца – дарога. Вершы


* * *

Знямелі вершы, песні адзвінелі,
Змялела рэчка вербамі на ўсход,
А я іду да пракавечнай веры
У адмысловы сонечны паход.

А я іду – і дрэвы вырастаюць,
І матылькі садзяцца на руку,
А гэта значыць, што мяне пазнаюць
На тым баку.

Адтуляцца нябёсы – брама ў сэрца.
На могілках загояцца крыжы.
Там, дзе любоў – няма тугі і смерці.
Хіба дажджы...

* * *


…Дрэвы, карэнні якіх аплялі зямлю
І не адпускаюць…
М. Скобла

На чужыну нас дрэвы не пускаюць.
Калі ўжо лёсам стала чужына,
Старонкі вершаў вераю гартаюць,
Чакаюць нас звідна і да цямна.

А мы ідзем так доўга да Айчыны,
І вусцішна, і сілы не стае.
І толькі дрэвы неба нам адчыняць,
А потым крылы аддадуць свае.


* * *

Дарога пазнае сэрца
Сунічнае сэрца маё.
Чаму ж ёй баяцца смерці,
Калі там жыцця да краёў.

Калі ад кахання світае
І ў жаўруках далягляд.
Дарога мяне вяртае
Да бацькаўшчыны, назад.

А зімы змяняюць вёсны,
І плавіцца лёд, як воск.
Сваёй апантанай восені
Я п’ю верасовы сок.

Дарога бяжыць да сэрца
Па жылах сляпых бяроз.
І цёплы папутны вецер.
І жаўруковы лёс.


Карані

памяці майго дзеда Іосіфа Снарскага

Майго дзеда Іосіфа Снарскага забілі 8 снежня 1937 года. Яго арыштавалі 5 лістапада 1937 года па несправядлівым і бязглуздым абвінавачанні, нібы з 1927 года ён з’яўляўся ўдзельнікам контрэвалюцыйнай арганізацыі паўстанцаў “ПАВ” (Польская арганізацыя вайскова) і праводзіў сярод насельніцтва антысавецкую агітацыю. Па гэтай жа справе толькі па Віцебскай вобласці праходзілі тысячы людзей, большасць з якіх было расстраляна. Як стала вядома пазней, арганізацыі “ПАВ” ніколі не існавала.

30 лістапада 1960 года Вайсковы Трыбунал Беларускай ваеннай акругі вызначыў: “Постановление Комиссии НКВД и прокурора СССР от 22 ноября 1937 года в отношении Снарского Иосифа Иосифовича отменить и дело производством прекратить за отсутствием состава преступления”. Майго дзеда поўнасцю рэабілітавалі, як і яго роднага брата Клаўдзія Снарскага, арыштаванага і забітага ў той жа самы дзень. Месца захавання братоў да гэтага часу застаецца невядомым.

1
А шчасце пасля здзічэла –
Дзядоўнік і лебяда...
Дзяды хату клалі смела.
Вясёлая грамада.

Збіраліся талакою,
Ладзілі зруб над ракой
І птушцы прыгожай белай
Махалі услед рукой.

А каб яна павярнулася,
Манеты – пад вугал, на дол,
І танчылі курнай вуліцай,
І долю крапілі вадой.

А потым спакойна спалі.
Сон, нібы галубок...
(Сон той мне скроні паліць).
Недзе пшанічны Бог

Даўгія вусы расчэсвае –
Будзе яшчэ дарог...
Але ўжо вяшчуюць весніцы
Кроў і астрог.

2
Ноччу звонкі кожны крок.
Змрок.
Па галінцы птушка скок –
Рок.
Недзе ў лесе сыч крычыць:
– Жыць!
І так хочацца зару піць.

3
Гэтая ноч зацягнулася,
Сон на дасвецці, як вір.
Вывелі ў споднім на вуліцу.
Рэчка ў крыві.
Дзе тая птушка заветная,
Дзе той пшанічны Бог?
Крумкачы даляглядам лётаюць,
Падае Бог у быльнёг.

4
Крумкачы закрылі неба.
Сэрца волі, як зала.
Цераз вечнасць крыж свой несці.
Дакрануцца б да вугла
Роднай хаты, дзе манеты
Пад другім ляжаць вянцом.
Шчасце зрэбнае, ну дзе ты
З Сынам, Духам і Айцом?

5
Першы крок на белай пожні
Чорным крукам, чорным крукам.
І заломіць маці рукі –
Зорцы не свяціць астрожнай.

За гарамі, за даламі
Сонца звяжуць ланцугамі
І на сэрцы чорнай ніткай
Вырак той смяротны выткуць.

Быў ён бацькам, быў ён любым...
Кожны дзень бліжэй да згубы.
Крыжык выслізнуў з далоні,
Храм згарэў й званы не звоняць.

Б’ецца ноч драпежнай птушкай.
Некаму дзяцей пагушкаць.
Хто ад голаду ўратуе
Беспрытульных, беспрытульных?

Ліст ляціць лясной сініцай,
Толькі гэта сніцца, сніцца.
Б’ецца снежань у вакно
Ненароджанай вясной.

Крок на снезе, крок апошні
Стане зноў зялёнай пожняй...
Ты дайшоў да нас, паспеў
І пачуў анёлаў спеў.

6
Недзе крыкнула сарока,
Значыць хутка будзе ліст.
У вакна сляпое вока
Дзень святло сваё праліў.
Птушка-дзень, зямное дзіва
Не кранаецца травы.
– Мама, хутка будзе зліва!
Значыць, бацька наш жывы.

7

Харона адужылі
Сцюжа і стома,
Бо ў царстве Аіда
Ні планаў, ні зім...
Р. Барадулін

А ўжо і Харон стаміўся,
Са сталі яго вясло,
І лівень на плечы ліўся,
І снег засыпаў чало.

Дрыжалі, гулі землятрусам
Старонкі драпежных вякоў.
Харон у дарогу рушыў
Адзін на адзін з ракой.

Адзін на адзін з журбою,
Самотнай, смяротнай мяжой.
Адзін са сваім спакоем.
Адзін з чужою бядой.

8
Ратуйце, сосны, птушак,
Свяціце ім ў дарозе,
Вы – свечкі гэтай пушчы,
Паходні на марозе.

Свяціце, сосны, птушкам
Адважным, летуценным.
Іх у нябёсы пусцяць
Забітых продкаў цені.

На вастрыні адвагі
І сонячных сумётаў
Гараць жывыя душы
Тых, хто вучыў нас лётаць.

9
Нябыту кажа дарога – “Не!”
“Не!” – забродам і выраканцам.
Мой лёс запрагае лепшых каней,
На радзіму збірацца раніцай.

А радзіма кожнаму сілы дае,
Аб каменне не біць калені.
Дарога вучыла мяне сталець
Памяццю пакаленняў.

А на могілках родных крывавяць крыжы,
Жаўрукам акрыляць далягляды.
Дарога-сястрыца дадому бяжыць,
Да бацькаўскага пасаду.

Нябыту кажа дарога: “Не!”
А я прарастаю галінамі
Ад каранёў, што жывілі мяне
І на зямлі пакінулі.


* * *

Бяжыць заветная сцяжына
Праз запаведныя лясы,
І вуснамі бяруць ажыну
З рукі маёй гады-ласі.

І галава мая сівее,
І вечар пасвіць прахалоду,
Але дрыжаць на сонных веях
Пяшчоты кропелькі і мёду.

Пакуль дрыжаць, я прылятаю,
Не стану я гаротнай пусткай,
На плечы маладой атавы
Саджуся сонечнаю птушкай.


Сястронкі

А сосны нагадалі мне Сястронкі.
Сястрыцы-сосны, я начэй не сплю,
Ляціць мой бусел да лясной старонкі,
Калыша крыламі пшанічную зямлю.

Сунічную, палынную – адчую.
Там на галінках сохнуць рушнікі,
А на гарышчы яблыкі начуюць,
І грэюць спіны ля шчытка вякі.

Ці ўспамінаеце радню, Сястронкі,
Дзяўчынку з ільняною галавой?
А вёсачка здалёк мой лёс бароніць
Далонямі сваёй душы жывой.

На поўнач – воля, а на поўдзень – доля.
Дзе скласці крылы, дзе сустрэць зару?
Бяжыць сястрыца босая па полю,
А я з ёй вершам, верай гавару.


Мятлікі

Бабуля казала мне калісьці, што блакітныя матылькі –
гэта райскія птушкі, якія згубілі радзіму.
Яна называла іх “мятлікі”.
А я ўяўляла пах мяты і светлыя лікі ў куце на абразах.
Хата была вялікая і ўтульная.
Як зойдзеш у яе, зразу пабачыш печ-ахоўніцу.
Яна памятала ўсе гісторыі нашай сям’і, усе легенды і паданні.
Часам я бачыла, як на ёй адбіваюцца мае дзіцячыя сны і мары,
На сцяне вісеў гадзіннік, у якім жыў добры казачнік Бай.
Той Бай з дзіцячай бясконцай замоўкі-забаўкі,
які “ішоў па сцяне і нёс сямёра лапцей”.
Ці данёс ён гэтыя лапці да “жаны і дзяцей”,
ці дачакаліся яго родныя?
Гэтыя пытанні хвалявалі маю дзіцячую ўяву, таму я зноў і зноў
прасіла бабулю расказаць бясконцы вершык спачатку.
Каля вакна стаяў стол засланы белым накрахмаленым настольнікам.
Калі бабуля пякла бліны, яшчэ напаўсонная,
я чула гэты неверагодны арамат.
Ускоквала з пасцелі і куляй ляцела да стала,
на якім ужо ляжалі гатовыя бліны-выспачкі.
Ніколі не каштавала нічога смачнейшага...
З таго часу прайшло гадоў сорак. І сёння я прыехала сюды,
да свайго дзяцінства. Даўгой і нялёгкай была мая дарога.
Але я не магу адчуць радзіму, пакуль не пабываю ў гэтай хаце,
роднай, з-пад сэрца.
Пякуча і балюча бачыць яе аслеплую, утравелую, урослую ў зямлю.
Абышла з усіх бакоў, зазірнула ў вокны.
Ці памятаюць яны абдымкі родных людзей, іхныя посмішкі?
Дзе яны, родныя? Не гояцца крыжы на магілах, не зацягваюцца раны ў сэрцы. Гэта не праўда, што час лечыць. Ён проста дае кароткі спачын, прыглушае боль. Але трэба жыць далей. Дрэва роду павінна расці, квітнець, памнажаць дабро на зямлі...
Зазірнула ў студню, а там – чыстая вада і новае вядро прытулілася..
І так лёгка зразу стала на сэрцы – людзі п’юць ваду з нашай студні,
а значыць, яна жывая. Няхай пъюць, няхай працягваецца жыццё...


Сон

Там на гарышчы яблыкі заснулі,
Мурлыча котка песню для душы,
І грэе ногі ля шчытка дзядуля,
І на сцяне гадзіннік зноў спяшыць.

Ляціць жыццё, а хата застаецца,
Намоленая, цёплая яшчэ,
Пакуль жыву я, б’ецца яе сэрца,
Святло з вакон ліецца, як з вачэй.

Ляцяць па небе рушнікі і птушкі,
Як срэбны певень сонца пазаве.
Там родныя заўсёды сны і пушчы.
Сляды мае звіняць у той траве.


* * *

У хаце пахне зёлкамі,
І чабаром, і мятаю.
Душа далоняй волкаю
Фіранку неба кратае.

І дождж ідзе, і поўніцца
Вядро, як поўня боская.
На ганку Багародзіца
Памыла ногі босыя.
У хаце пахне мятаю,
І печ павольна дыхае.
Прыснілася так свята мне –
Зялёнае і ціхае.


* * *

Ад сэрца да сэрца – дарога,
Ад сэрца да сэрца – туга.
Дарога квітнее нядоўга,
Патоне дарога ў снягах.

Але па вясне адзавецца
І цела яе, і душа,
Калі разняволены вецер
Абдыме яе ў спарышах.

Амые стамлённыя ногі
Вадой верасовых крыніц.
І будзе дарога доўгай,
І нас яна дабраславіць.


* * *

Далей, далей ад шэрых плошч
Да знічак на вадзе.
Алівы кветку птушка-ноч
Мне на далонь кладзе.

І там, дзе горкая трава,
Дзядоўнік і палын,
Крыніцам вочы адкрываць,
Як лепшы успамін.

Мяне чакае сто дарог,
І родная – адна,
Яе для мужных Бог збярог,
Хто горыч піў да дна.