12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аксана Спрынчан

_____________________
Беларускі дурань. Жаноцкі раман і крыху гною

Картаванне перад гульнёй

За акном злева ад мяне залева. Яе не відаць, бо цёмна, але чуваць. Дачушка спіць, яна яшчэ не ўмее гуляць у карты, але любіць іх… драць на часткі. Таму цяжка сабраць калоду. Ды сёння я набыла новую, і, пакуль не позна, то бок не рана, можна згуляць. Але з кім? З Надзеяй ці з Любоўю? Адно не кажыце: утрох. Кожная з іх заслугоўвае асобнай партыі. І з кожнай з іх я заўжды гуляла ў розных месцах. З Любоўю – ля Лысай Гары, з Надзеяй – у Лунінцы. Можа, таму я і адчуваю цяпер, што жыву паміж Лунінцам і Лысай Гарою, паміж Надзеяй і Любоўю.
Любоў – мая прабабка па мячы, Надзея – мая бабуля па кудзелі.
А-ёй, ледзьве не забылася на галоўнае – вылазяць з зямлі мае дэльфіны, якіх можна будзе смажыць, пячы, варыць і г.д. Бульба, гатунак з такою назвай. Прыгле­дзелася, а першыя лісточкі бульбы і сапраўды пяшчотныя, як дэльфіны. Дэльфіны ратуюць людзей, а бульба – беларусаў.

Бульба вылазіць
з зямлі, каб заквітнець і
ўваскрэснуць зноўку.

Буль-БА і цыБУЛЯ – БАБУЛЯ – маленства. Маленства – не ад таго, што мы малыя, а ад таго, што яго заўжды мала.
Мы любілі гуляць у дурня. Якіх толькі дурняў не існуе – просты, падкідны, перавадны, паказны, пікі пікамі, шалёны (японскі), кітайскі (абаротны), албанскі, армянскі, магаданскі, чукоцкі, бесказырны, маўклівы, вялікі, двухказырны, дарожны, занудны, з падкладным (зменным) козырам, каралеўскі, казырны, кругавы, навалены, нябачны, адбойны, ачковы, пусты, пагонны, покерны…
Мы былі не нічые, а родныя. Таму любілі нічыі. Таму наш дурань быў беларускі (нічыйны).

Партыя першая. Па мячы.

Козыр 7♥
У Любові Т♥9♥В♣В♦9♦6♦
У мяне К♥В♥В♠10♠10♦10♣
Неяк папрасіла сябра, які добра гуляе ў шахматы, навучыць мяне. А ён і выдаў: “Паэтам лепей гуляць у карты”.
Так сталася, што ў маёй сям’і – карты былі жаночай гульнёю. Хоць і немагчыма, гуляючы ў карты, стацца дурніцай, адно дурнем. А калода картаў, нібы маленькая кніжка, у якой кожны ўспрыме тое, што можа ўспрымаць. І suum cuique. І ніякай табе гаспадаркі – коні, сланы, ладдзі… і без матаў… Ну так, нармалёвая тэмпература – калода з 36 карт, але 6 з іх у цябе. Ёсць сілы на змаганне, на разаніну й пабітасць. Біт – адна з найбольш вядомых адзінак вымярэння інфармацыі, біта – адна з найбольш вядомых адзінак вымярэння гульні.

1. Любоў ходзіць: 6♦ – 10♦
Біта
Любоў бярэ К♣, я – Т♣
Сёння рабіла дымавуху – паліла зялёную траву. А-ля наркаманскі занятак. Днямі была і наркаманская фотасесія: фатаграфавала паступовае раскрыццё маку. У кожным паўтоне раскрыцця бутонаў свая непадуладная разуменню прыцягальнасць, а кветка ўрэшце рэшт мяне не кранула. Галоўнае – працэс. Мак гэты ў прынцыпе працэсуальны, бо дэкаратыўны і, значыць, с-мак-аты не чакаецца. Гэткі мак заўжды рос у Любові.
А ў Надзеі дэкаратыўнага маку не было. Града сапраўднага с-мак-оцця, у якое ўсімі шляхамі трэба было залезці і акуратна вытрасці галовы, каб не відаць было. Але гэта толькі імкненне, бо абавязкова застаюцца сляды нашэсця, якія толькі бабуля і можа заўважыць. А колькі вакол людзей, якім, як маку, павытрасалі галовы, і самі яны гэтага не заўважаюць, бо вытрэсваюць іх прафесійна…
Што яшчэ файна ў такіх кветках, як мак, дык гэта іх смяротная самаабарона – як толькі іх сарвуць, яны паміраюць, не стаяць у вазах, як іншыя, не цягнуць воз пакутаў у хатніх кутах.
Любоў таксама гадавала макі на рушніках, а ў маім маленстве, калі была мода накрываць тэлевізары, яна вышыла нам накрыўку з макамі. Часам і цяпер зірну на тэлевізар і бачу гэтыя макі. Гэта сапраўды найлепшае, што звязана ў мяне з чорнаю скрынкаю.
І гульня ў карты каля недавышываных макаў, недакрыжаваных, бо Любоў вышывала крыжыкам. Як і любоў, для якой мы ўсе – ніткі для вышывання крыжыкаў і недавышывання… Д(Дама жалудка). У знаку жалудкі бачыцца і дуб, і крыж.
А Надзея вышывае гладдзю… Д (Дама звонка)…

2. Я хаджу: 10♣ – К♣
10♠ -- 9♥
Біта
Бяру Д♠6♠
Любоў бярэ К♦7♦
Насамрэч у гульні ў беларускага дурня 10 козыраў. Першы з іх – памяць, і толькі пасля – шасцёрка, сямёрка, васьмёрка, дзявятка, дзясятка, валет, дама, кароль, туз.

3. Любоў ходзіць 7♦
Маё
Любоў бярэ 8♣
Віно (♠) – сэрца, якому неабходная падтрымка, бо яно чорнае і перакуленае. Вусцішнае параўнанне. Лепей інакш: віно – нібыта кубак. Кубак – найлепшы падарунак. Калі спадабаўся, карыстаешся, пакуль не паб’ецца на шчасце. А не спадабаўся – адразу можна пабіць на шчасце.
Ад Любові ў мяне застаўся на лецішчы гліняны брунатны кубачак з сонечнымі плямкамі, з якога люблю, седзячы на ганку, піць каву. І так не хочацца, каб ён разбіваўся нават на шчасце. Ад Надзеі канкрэтнага кубка ў мяне няма, але з ёю звязаны мой першы сервіз, набыты для маці за мой першы заробак. А зарабіла я свае першыя 15 рублёў у Надзеі, зграбаючы сена на Прыпяці. Сервіз маціцовы, як прыпяцкія жамчужніцы, быў паступова пабіты на шчасце ў гады Адраджэння.
У маленстве ў мяне таксама быў сервіз – дзіцячы, падараваны Любоўю. Белы, з гронкамі рабіны. Магчыма, таму я так мару знайсці рабінавы сад, гай, лес, не ведаю, як назваць вялікую рабінавую прастору. Адным словам, рай, у якім можна было б сесці і піць каву з кубачка, на якім чырвоныя я-гады. Гады з прысмакам рабіны, якой заўжды мала, каб наталіць пагляд.
Рабіна – адзіная ягада, з якой рабіла (робяць) каралі. З Надзеяй. Рабінавыя каралі, жывыя, горкія, часовыя, як шчасце, не тое, што каралавыя.
А сервіз быў аддадзены малодшай сястры таго, з кім думала звязаць жыццё, ды карта не тая выпала. Хто яго ведае – магчыма, яна яго пабіла на шчасце, а можа, яго яшчэ паб’юць…

4. Любоў ходзіць 8♣ -- Т♣
Біта
Любоў бярэ Д♣
Не ведаю, як быць з рэштай месяцаў, але козыр чэрвеня – чырва ♥. Ды чаму толькі чэрвеня, сэрца можа быць козырам усяго лета. А восень – гэта віно, падобнае да лісточка . Узімку, калі вельмі халодна, так добра залезці пад звонкавую коўдру ♦. Вясна ж – пупышкі жалудоў ♣.
Не буду тлуміць вам галаву тлумачэннямі, але калі вы думаеце, што быць беларускім дурнем проста, вы не проста памыляецеся, вы амаль здурнелі.

5. Я хаджу 6♠
Любоў забірае
Бяру К♠
З Надзеяй у грыбы не хадзіла, адно ў ягады. Гляджу на жалудовую масць і бачу ў ёй тры ягады чарніцаў і шалёныя войскі палескіх камароў. А з Любоўю ў ягады не хадзіла, толькі ў грыбы. Нечым карты-жалудкі і смаржкі нагадваюць. Але не іх мы збіралі. У Менску – навознікі на вуліцы Янкі Маўра, на Лысай Гары – кабылкі. У Менску дакладна больш ніякія не збіралі, а на Лысай Гары, можа, і іншыя збіралі, але яскравыя ў памяці – адно кабылкі. Можа, таму што іх шмат было – нікому не патрэбныя, а можа, таму, што каля пісьменніцкіх лецішчаў кабылкі – найлепшая ежа для натхнення. Пегасікі… Сма-жылі і жылі, не паміралі ні ад навознікаў, ні ад кабылак. Бо калі Любоў гатуе з любоўю, забываешся на ўсе перасцярогі.
Дарэчы ці не дарэчы, пісьменнікаў на пісьменніцкіх лецішчах значна паменела і кабылкі амаль зніклі.

6. Я хаджу 7♦ -- 9♦
Біта
Бяру Т♦
Карцінкі ў картах – гэта як белыя грыбы ў параўнанні з іншымі. І апошнія вельмі смачныя, асабліва калі казырныя, але ж… Але ж карцінкі прыцягваюць найбольш. Каралі, дамы, валеты… Цяпер цяжка даць веры, што раней на картах былі ўвасобленыя канкрэтныя легендарныя асобы старажытнасці. Віновы кароль – пастух і спявак, старажытнагабрэйскі цар Давід, Кароль чырвовы – кароль франкаў Карл Вялікі. Кароль жалудны– стваральнік адной з найбольш магутных імперый Старажытнага свету Аляксандр Македонскі, Кароль званковы – старажытнарымскі войскаводца Юлій Цэзар. Былі і варыянты. За чырвовага караля змагаліся і біблейскі Ісаў, і пісьменнік Віктор Гюго, і генерал Буланжэ, і Карл І. Перамог Карл Вялікі, і цяпер ён уражвае нас сваёй велічнасцю, багаццем – сімвал якога – гарнастаевая мантыя. У яго адзінага з усіх каралёў у левай руцэ меч, які сімвалізуе не толькі ўладу, але і мужнасць. На месцы Давіда нейкі час, няцяжка здагадацца які, быў Напалеон Банапарт у Францыі і герцаг Велінгтон у Прусіі. Каралі ў анфас, а Юлій Цэзар, які ніколі не быў каралём, звычайна малюецца ў профіль.
Здавалася б, у каралёў павінны быць каралевы. Яны ёсць у англічан, а ў французаў – дамы. Але ні каралевы, ні дамы ніяк не звязаныя з каралямі. Віновая дама з рэпутацыяй галоўнай картачнай зладзейкі – багіня мудрасці ў старажытнагрэцкай міфалогіі Афіна, ёю некаторы час была Жана Д’Арк. Дама чырвовая – Юдзіф, да яе былі і Алена Прыўкрасная, і Дзідона, і Елізавета І Англійская… З дамай-жалудкай звязаная найбольш цікавая гісторыя. Да яе не падышлі ні жонка траянскага цара, у якой падчас вайны загінулі ўсе дзеці, Гекуба, ні сімвал жаночай абаяльнасці, які скончыў жыццё самагубствам, Лукрэцыя, ні фігура Расчаравання, якую малявалі сумнай красуняй са шлюбным пярсцёнкам. І тады гэтую даму назвалі Аргіна – анаграма лацінскага regina – “каралева”. Неўзабаве так сталі называць усіх каханак французскіх каралёў і Генрыха ІІІ за ягоныя пераапрананні ў жаночыя сукні. Званковая дама – сквапная Рахіль, а звонка – масць грашовая.
“Валет” – чалавек ніжэйшага саслоўя з авантурным характарам. Але ж на картах апынуліся героі. Віновы валет – нацыянальны герой Даніі, стрыечны брат Карла Вялікага – Агіер Дацкі, паводле падання, менавіта ён атрымаў ад феі Марганы вечную маладосць. Валет чырвовы – воін, дарадчык Жаны Д’Арк, герой фальклору – Эцьен дэ Віньель. Жалудны валет – галоўны рыцар Круглага Стала, каханак каралевы Джэнервы Сэр Ланселот. Калісьці гэта быў найпрыгажэйшы з валетаў. Валет званковы – рыцар Круглага Стала і брат Ланселота – Гектар дэ Марэ. Прэтэндаваў на гэтае месца і пляменнік Карла Вялікага рыцар Роланд, але тут сваяцкія адносіны не дапамаглі.
Затое сваяцкія стасункі натхнілі мяне на стварэнне сямейнай калоды картаў.
К♠ прапрапрадзед Пятро Пракаповіч (гусар)
К♥ прапрадзед Васіль Пракаповіч-Лебедзеў (быў фатографам, распісваў цэрквы, пісаў вершы і прозу на ўкраінскай мове)
К♣ прадзед Лявон Лебедзеў (танчыў і спяваў)
К♦ прапрадзед Ілья Спрынчан (быў бубначом на вяселлях, капаў студні, будаваў хаты)
Д♠ прабабуля Любоў Кітарага-Спрынчан (вышывала, была цудоўнай апавядальніцай)
Д♥ прабабуля Сафія Тубальцава-Лебедзева (краўчыха, спявала ў царкоўным хоры)
Д♣ бабуля Святлана Лебедзева-Спрынчан (выкладала эстэтыку, спявала, пісала вершы на ўкраінскай мове)
Д♦ бабуля Надзея Канапацкая-Паўлюкавец (ткачыха)
В♠ прадзед Пятро Спрынчан (Георгіеўскі кавалер за Брусілаўскі прарыў)
В♥ дзед Браніслаў Спрынчан (паэт)
В♣ прадзед Лукаш Канапацкі (спяваў)
В♦ дзед Мікола Паўлюкавец (выплятаў кошыкі)

Такую сямейную калоду можа стварыць сабе кожная сям’я.
А можна стварыць і нацыянальна-гістарычную калоду картаў. У мяне атрымалася наступная.
К♠ Усяслаў Чарадзей
К♥ Вітаўт Вялікі
К♣ Канстанцін Астрожскі
К♦ Леў Сапега
Д♠ Рагнеда
Д♥ Барбара Радзівіл
Д♣ Эмілія Плятэр
Д♦ Саламея Русецкая
В♠ Кастусь Каліноўскі
В♥ Пане Каханку (К. Р. Радзівіл)
В♣ Булак-Булаховіч
В♦ Тадэвуш Касцюшка

7. Любоў ходзіць 6♠ – В♠
В♦ – Т♦
В♣ – В♥
Біта
Любоў бярэ Т♠8♠8♥
Бяру 6♣7♣6♥
Пад яблыняю сёння пабачыла сойку і адначасна пачула куванне зязюлі на Лысай Гары. Грошай у кішэнях, безумоўна, не было. А колькі кувала – не было, калі слухаць – Альжбэта лічыць не ўмее і лічыць, што ёсць больш цікавыя заняткі для мамы. Калі дачушка заснула, сабрала і пералічыла карты. Не на гады, а на поўніцу. Калода атрымалася поўнаю.

8. Я хаджу 6♣ – Д♣
Д♠ – Т♠
Біта
Бяру Д♦8♦
Любоў бярэ 10♥9♣
Калі ў студэнцкія гады гулялі з сябрамі ў карты, мяне часта дакаралі: “Ты выйграеш, бо не ўмееш граць!” “Не! Я выйграю, бо не баюся прайграць!” Тым болей, што мяне заўжды падтрымліваў Булат Акуджава: “Не везет мне в карты, повезет в любви». А так марылася пра каханне, што і выйграваць не трэба было… Але ж, калі не трэба… У картах сапраўды часам, як у каханні… Ты спадзяешся на каханне, а табе адказваюць любоўю. І наадварот.
А з Любоўю і Надзеяй я не баялася не толькі прайграваць, але і выйграваць, таму ў нас быў нічыйны, сапраўдны беларускі дурань.

9. Любоў ходзіць 8♠ – К♠
К♦ – 6♥
Біта
Любоў бярэ 9♠7♠
Я – Д♥7♥
Калода скончылася
Каля тыдня таму напісала на кабачку, што расце на градцы: “Запрашаю ў кабачок”. Кабачок расце, і надпіс расце разам з ім. Сёння сфатаграфавала яго, паказваю каханаму, а ён кажа: “Такое ўражанне, што надпіс зроблены ў фоташопе, сфатаграфуй як-небудзь інакш”. Трэ будзе паспрабаваць. Але ж цяпер такое жыццё, што сапраўды пішаш ты на кабачку ці не пішаш, зусім не важна. Галоўнае – створаная рэальнасць.
Злавіла сябе на думцы, што ў Лунінцы ў Надзеі ніколі не раслі кабачкі. Маё маленства там праходзіла з гарбузамі, напоўненымі сонцам і семкамі. У гульні ў дурня ёсць сёмкі. Гэта не навагоднія семкі, не. Так ласкава клічуць сямёркі. І кабачкі ж напоўненыя сонцам і семкамі. Але сонца ў іх залішне выцягваецца, а семкі ніхто не лускае… Кабачкі стала гадаваць ля Лысай Гары Любоў. Менавіта тут яны замянялі адсутныя ананасы, калі з іх рабілі сочыва, альбо набывалі смак гуркоў, калі іх закатвалі разам. Могуць быць салодкімі, могуць і салёнымі. Нічые. Іду на градку, знаходжу кабачок і пішу на ім – “Беларускі дурань”.
10. Я хаджу 7♣ – 9♣
7♥ – 10♥
Біта
У нерыфмаваных вершах заўжды болей самоты, чым у рыфмаваных. Бессюжэтная проза заўжды больш самотная, чым сюжэтная. І болей незалежная. Яна, як калода картаў у тваіх руках, якую ты картуеш, каб раздаць, штораз па-новаму. 36 картаў, ад перамены месцаў якіх змяняецца ўсё і застаецца дурань.
Ад картаў, у якія мы гулялі з Любоўю, засталася адна – Д (Дама чырва). Што яшчэ можа застацца ад любові апрача самой любові?
А ад картаў, у якія мы гулялі з Надзеяй, засталася Д(Дама віно). Так бы мне хацелася напісаць, але ж не – жыццё выпіла дамскае віно да дна, і ад картаў, у якія мы гулялі з Надзеяй, не засталося ніводнай. Бо надзея ўсё ж такі памірае апошняй, а не застаецца.

11. Любоў ходзіць 7♠ – Д♥
Біта
Кожны чалавек – калода, ягоныя ўспаміны – карты. І паводле значнасці – бо ёсць успаміны каралеўскія, а ёсць і на шасцёрку. І паводле таго, што пастаянна картуюцца і ніколі не ведаеш, што зараз усплыве з памяці ўгору і ляжа козырам. І паводле таго, што, як і ў кожнай карты, ува ўспаміна ёсць свой твар са сваёй значнасцю. А вось кашулі, адваротны бок, у картаў адной калоды – аднолькавыя.
Любоў любіла аздабляць кашулям каўнерыкі і манжэты вышыўкай. Ейныя ўзоры ўпадабалі і Уладзімір Караткевіч, і Васіль Быкаў, і з’явіліся з любоўю вышытыя кашулі для іх.
А Надзея ткала ходнікі. Позняй восенню, калі праца на зямлі заканчвалася, у хаце займалі сваё троннае месца кросны. Вялізныя кучы старога адзення кроіліся на стужкі, і кожная рэч станавілася палоскай у вясёлкавым прастакутніку. І цяпер, ступаючы на іхнае цяпло, я спрабую ўзгадаць, каму належала цяперашняя палоска: вось маміна спадніца, вось нашы з сястрою сукенкі, а вось і бацькава кашуля. Кашулі ў ходніку, у адрозненне ад картачнай калоды, розныя.

12. Я хаджу 8♦ – 8♥
Біта
Днямі сусед па лецішчы заўважыў, што з’явілася шмат драздоў. І сапраўды неаднойчы за дзень гасцююць шляхотныя птушкі. А сёння ўзгадала, што пасля 4-га класа ўлетку гулялі з стрыечнай сястрою ў лесе на наступны дзень пасля навальніцы і знайшлі маленькае голае птушанятка. Я ўзяла яго да сябе, карміла дажджавымі чарвякамі. Напачатку перакапала лецішча, бо пражэрліваму малому было ўсё мала. А потым узяла яго ў Менск да Любові. І ўжо корпалася ў зямлі на вуліцы класіка дзіцячай літаратуры. Такая сабе палеская рабінзонка з вуліцы Янкі Маўра бясконца раскопвае схіл, на якім стаіць дом, у пошуках корму. Бо крылатая фраза майго птушаняці – чырвы шмат не бывае. Калі перафразаваць пра гэтую партыю, партыю па мячы, – чэрві шмат не бывае. Няма часу і самой паесці, хутчэй, хутчэй, каб накарміць малога і згуляць з Любоўю. Драздзяня ўважліва назірае. А пасля бярэ ў дзюбку К. Яно і само вось-вось стане каралём. Звонка – як яго адкрытая патрабавальная дзюбка. І Любоў прапануе К пабіць птушыным козырам – дажджавым чарвяком. Мой выхаванец не супраць. Яму даспадобы такая разнавіднасць беларускага дурня. Паступова птушаня аперылася і паводле ўсіх прыкметаў стала драздом; я адпусціла яго на волю. І цяпер так хочацца думаць, што сёлетнія дразды – нашчадкі майго малога. Недзе трэба адшукаць сачыненне за 5-ы клас “Драздзяня” – мой першы аўтабіяграфічны тэкст.

13. Любоў ходзіць 9♠ – К♥
Біта
Любоў памерла ў красавіку, а Надзея – у траўні. Надзея памірае апошняй. А з кім з іх я апошні раз гуляла ў карты – не памятаю. Калі гуляць у дурня з памяццю, часцей за ўсё ў дурнях застаешся ты. Канечне, калі гэты дурань не беларускі.

14. Я хаджу Д♦ – Т♥
Нічыя
Безумоўна, у маленстве я не звярталася да бабуляў Любоў і Надзея, у мяне былі баба Люба і баба Надзя. Але цяпер, калі мяне прасякае разуменне, што ўсё ў жыцці не выпадкова, усё сімвалічна і знакава, яны сталіся маімі Любоўю і Надзеяй.
Любоў – свякроўка Святла. Святлана -- гэтак клікалі татаву маму, якая памерла, калі я была маленькай. І таму мае першыя ўспаміны – апельсіны на ейнай магіле. Апельсіны, у якіх столькі долек, у якіх такая доля: высылка на Поўнач, дзе не паўгода, а ўвесь год ноч і паўночнамогілкавае ззянне апельсінаў.
А былі ж у Святла і іншыя ночы, пра якія яна пісала:

Сокирки мене трапляються серед ночі,
Заглядають і вдивляються прямо в очі.
І душа чогось тривожиться, як сокирка,
То одна, то друга котиться з неба зірка.

Прыхільнікі і непрыхільнікі еднасці ўсходніх славян спрачаюцца і змагаюцца, а мае продкі пісалі па-ўкраінску і па-руску, каб я распачала пісаць па-беларуску. У нас свой Саюз пісьменнікаў, створаны яшчэ ў 19 стагоддзі, з яго не выйдзеш, каб табе далі кватэру альбо працу. У ім Статут Вялікага Княства Любові. У ім унёскі – не грошы, а нараджэнне і смерць…
А матуля Святла – Сафія, Мудрасць. Жанчыны па мячы, заўжды гатовыя дапамагчы.

Картаванне паміж гульнямі

Нядаўна знайшлася касета, на якой я прыканцы 80-х запісала на магнітафоне “Вясна” голас Любові. 23 хвіліны. Верш Сцяпана Руданскага, маленства бацькі і дзеда, жыццё ва Украіне пасля рэвалюцыі, калектывізацыя, галадамор…
“Як не стала мукі, нічога, перасталі даваць, дык давалі паслед – тое, што пад веялку падала. Дык той паслед мылі, сушылі ды жарнавалі. А была адно морква, ды я было натаркую морквы казан, ды стушу ў пячы, ды потым тою мукою замяшу ды папячу. А яно начэ карова высралася ды засохла: морква чырвоная, а тое зялёнае, дык мы елі яго”…
“У сяле Панцыве ў мяне была знаёмая, дык у яе не стала куркі. Муж у яе быў трактарыст, жылі яны не кепска. Яны не галадалі. Куркі не стала, яна стала шукаць курку ды пачула – смаляцінаю пахне. Дык яна думала, што гэта яе курку там смаляць, ды ўзяла выканаўца і свайго мужа ды пайшла і пытае: “Што ты варыш?” А яна стала каля печы і кажа: “Хоць і забі, а не пакажу!” А яны яе адпіхнулі ды выцягнулі казан ды знялі вечка, дык яе Хведар упаў. Там былі ручкі, і ножкі, і галава. Яны галаву смалілі. Ну іх забралі. І дзяўчынка старэйшая распавядала, што сядзелі на печы, дык яны адрэзалі галаву той дзяўчынцы, а потым разрэзалі жывот, ды выкінулі вантробы ды казалі: “Маўчы, нікому не кажы, бо і цябе зварым”…
Маўчу, што тут скажаш, сама сябе, здаецца б зварыла, за тое, што магла і не запісала болей Любові, а Надзеі не запісала ўвогуле. Часта думаю, ну чаму, чаму? Толькі таму, што ўвесь час спадзяешся: яшчэ паспею, паспею, паспею. Віна, віно – першая паводле старшынства масць, стыхія паветра (прастора інтэлекту). А далей ужо чырва – стыхія зямлі (прастора пачуццяў), жалуды – стыхія вады (прастора духа). Звонкі – стыхія агню (прастора дзеяння і волі).
Маўчу і знаходжу ў Сеціве тэст: “Якой вы масці?”
– Ваша картачная масць – віна . Гэты тып асобы – даследчык. Чалавек уважлівы, эрудзіраваны, цікаўны. Звычайна рознабакова развіты і інтэлектуальны, любіць назіраць і праводзіць эксперыменты. Захапляецца навукай, любіць падарожнічаць, імкнецца пазнаваць свет. У стасунках шукае найперш блізкіх інтарэсаў, агульных тэм для размовы. У гульні любіць эксперыментаваць, змяняць правілы, выдумляць нешта новае.
Усё, што магу, – прыдумаць “Беларускага дурня, альбо Гульню з Любоўю і Надзеяй”, нецікавую гэтак званай сусветнай літаратуры, бо ў беларускага дурня свой сусвет, залішне сусветны.
Любоў, Надзея… У нас не было агульных тэстаў, мы гулялі ў іншыя гульні. Але ж якой яны картачнай масці? Усё, што застаецца, – праэксперыментаваць і адказаць на пытанні за іх, уяўляючы, як бы маглі адказаць яны.
– Ваша картачная масць – чырва . Гэты тып асобы – сацыяфіл. Чалавек прыязны, таварыскі, з разуменнем. Яму падабаецца пазнаваць людзей бліжэй і лепей, весці задушэўныя размовы. Ён вельмі цэніць сваіх сяброў, не любіць ісці на канфлікт, але можа стаць агрэсіўным, калі крыўдзяць тых, хто для яго дарагі. Звычайна такія людзі чуллівыя, добрыя і міласэрныя, да іх часта звяртаюцца па дапамогу. У гульні імкнуцца пазнаць людзей бліжэй, зразумець іх, ім болей цікавы не сам працэс гульні, а людзі, якія ў яе гуляюць, іхныя характары і паводзіны.
Любоў і Надзея – чырва , прастора пачуццяў, якая ўтрымлівае мяне-віну . Маўчу і картую.

Партыя другая. Па кудзелі.

Козыр К♠
У Надзеі 10♠9♠8♠К♦9♦9♥
У мяне Д♠Т♥К♥В♥9♣6♣
Хата, што прыняла мяне пасля народзінаў, стаіць на Гагарына, 126. Калі б гэта адбылося раней, я нарадзілася б на вуліцы Царкоўнай. Зразумела, што на ёй узвышаецца царква – Крыжаўзвіжанская. Чырвоная, са срэбнымі купаламі. Відаць, таму ў маім маленстве было так шмат чырвоных вяргіняў. Пыталася ў Надзеі:
– Чаму вяргіня так называецца?
– Гэта, – казала бабуля, – ад таго, што “вера гіне”.
– А чаму ж ты заўсёды толькі вяргіні саджаеш, столькі ж іншых кветак прыгожых?
– Каб вера не загінула.
Сярод картачных гульняў мяне заўжды раздражняла “Веру – не веру”, бо хлусіць не атрымлівалася і не атрымлівалася трываць хлусню іншых. Ну як ты будзеш гуляць у “Веру – не веру” з Любоўю і Надзеяй.
І ў дурня з Верай я ніколі не гуляла. Бо яна проста не была маёй бабуляй.

1. Надзея ходзіць 9♥ – В♥
9♦ – маё
Надзея бярэ 10♦8♦
На небе маладзік. Узгадала, як мама ў маленстве вучыла: “Калі дамаляваць палачку і атрымаецца літара Р, значыць, на небе маладзік. А калі літары Р не будзе – на небе ветах”. Таму Р – мая першая нябёсная літара. Дзіўна, што ў беларусаў яна не бывае мяккай, хоць сама паводле абрысаў найбліжэйшая да мяккага знаку – беларускай літары-нацыяналісткі. А маміна мама не дастасоўвала маладзік да літары Р, бо чытаць не ўмела і літараў не ведала. А маміна дачка – я – ужо не ўяўляе сябе без літараў і словаў. І на небе, і на зямлі, і на картах. Р – правая палова віна: не таго, што п’еш, а таго, што можа свяціць ( віно свеціць).

2. Надзея ходзіць 8♦ – 9♦
Біта
Надзея бярэ 8♥
Любоў мне чытала кнігі і чытала на памяць. Таму я не магу не любіць чытаць. А Надзея надзяляла працай, кажучы: “Што не дапрацуеш, тое дахварэеш”. Аб працы ў горадзе так не скажаш, таму я спадзяюся на зямлю.
Надзея выгадавала найпрыгажэйшую карову. А для найпрыгажэйшай каровы неабходна найдухмянейшае сена. І, канечне ж, яно было. Дзялянкі вылучаліся каля Прыпяці. Калі дзед Мікола з бацькам касілі, для мяне быў суцэльны адпачынак – пошукі трускалак, гарлачыкаў, у якія можна было пакласці салодкія ягадкі, як у місачкі, канцэрты конікаў, гульня ў дурня пад дурман сенакосу. І ў гэтым дурмане жалуды, як граблі, а граблі, як жалуды. Адно зубцы ў жалудовай масці паламаныя.
А сёння на полі Пяці Дубоў каля Лысай Гары ездзіў трактар і загортваў сена ў цыліндрычныя цюкі. Не параўнаць з паэтычнасцю лунінецкіх стажкоў і стагоў, над якімі так утульна Стажарам. А ў Малога і Вялікага Вазоў зорная мара – перавозіць сена. А Касіяпея любуецца тымі, хто косіць. А трактар з адзінокім кіроўцам, якому няма з кім згуляць у дурня, цюкае не рамантыку, а прозу.
У мяне ніколі не было вёскі. Лунінец быў горадам, які я лічыла вёскай. А Лысая Гара – лецішча (“Узгор’е-1” – старыя пісьменніцкія лецішчы, а пасля “Узгор’е-2” – новыя пісьменніцкія лецішчы), якое я ўважала за вёску. “Сапраўдная” вёска заўжды была на даляглядзе. А я жыла ў вясковым рамантызме з Любоўю і Надзеяй. І цяпер, калі мне з дакорам кажуць: “Ну якая ж ты вясковая!”, на жаль, даводзіцца выпраўляцца: “Ну, добра – вяскова-рамантычная”.

3. Я хаджу 9♣ – 9♠
9♥ – 8♠
Біта
Бяру 7♣
Надзея бярэ Т♦7♥
Гной… Напачатку ўзгадваю Лунінец, Якуба Коласа (“Сядзяць пісцы, як кучкі гною”) і карову Розу. Радок Андрэя Вазнясенскага “Роза черная коровьего навоза” таксама быў пра яе. Першы раз, калі я пабачыла іх, маці кажа, у мяне толькі і вырвалася “О-о-о!!!”. І я з гордасцю думала: “У нашай Розы найвялікшыя і найпрыгажэйжыя”. Гэтыя кветкі немагчыма было зблытаць. Там, дзе яна прайшла, заставаліся сляды незвычайных руж. Таму і гной ад яе быў незвычайны – ружавы, і ніякай хіміяй не трэба было атручваць зямлю. Гной выносілі з хлява на святло, вывозілі на прастору поля, расцярушвалі па чорнай зямлі. “Хлеба без гною не бывае”, – казала Надзея. У сучасных аграсядзібах турысты плацяць за задавальненне прыбраць гной з-пад свінні ці з-пад каровы. Але ж нішто не параўнаецца з гноем з-пад сваёй Розы.
Якуб Колас гуляе ў дурня, у Лунінцы, у 1911—12 гадах. Не веру, што ён у гэты час толькі настаўнічаў, пісаў вершы і пачаў ствараць “Сымона-музыку”. Так хочацца, каб у Лунінцы з’явіліся жывыя помнікі. Чаму б не пачаць з… “Якуб Колас гуляе ў карты”?
Гной… Цяпер немагчыма не ўзгадаць Лысую Гару, пісьменнікаў і іхнія лецішчы. “Сказ пра Лысую Гару”, раздзел 2-гі – “Праблема”:

Патрэбен гной. Ды і нямала.
А дзе ж узяць яго? Ну, дзе?..
Знайшлася першай паэтэса:
Сярод пустых яшчэ сядзіб,
На ейных сотках, побліз лесу,
Шпакоўня вырасла, як грыб.
«Раз аніхто з іх не даўмеўся –
Хай – дурні – бегаюць сюды.
Пакуль спахопяцца – за месяц
І гною будзе для грады...»

Гэтая паэтэса – Еўдакія Лось. Ейную “шпакоўню”, апетую ананімам, і маленькую хатку, прывезеную з Вільні, пасля набыў мой дзед. І гэтак жа, як я ганарылася “ружамі” Розы, я ганарылася першай “шпакоўняй”. З той першай “шпакоўні” праблемы гною не пакідаюць “Узгор’е-1” і “Узгор’е-2”. “Сказ пра лысагорскі гной” працягвае здзіўляць сваёй разнастайнасцю. Тут табе і гісторыя, як адзін пісьменнік падкарміў кабачкі гноем са шпакоўні другога пісьменніка. А іншы свой стол абедзенны паставіў каля прыбіральні суседа. Суседу схадзіць у прыбіральню няёмка, а яму есці нармалёва. А яшчэ адзін, наадварот, прыбіральню збудаваў за 10 метраў ад стала суседкі. Пасля крыўдаў, скандалаў і пагроз прыбіральню ўсё ж такі давялося перасунуць далей. А ў некаторых ёсць і мара падкінуць у прыбіральню суседа дражджэй… А быў яшчэ момант – на прыбіральні павесілі надпіс “Прыватная ўласнасць”… Але ўсё гэта пра “найлепшы гной, што зробіш сам”, як Вядзьмак Лысагорскі пісаў.
А ёсць жа яшчэ дзікае паляванне на гной ад свойскіх, але чужых кароў, коней і птушак. Напачатку ў суседняй вёсцы была ферма, і “ляпёшкі” можна было збіраць машынамі. Калі ж засталіся толькі вясковыя каровы, – тачкамі. Цяпер кароў усяго некалькі і каб высачыць лысагорскую кветку з фосфарам і азотам, трэба добра папаляваць. На што не пой­дзеш дзеля свайго кавалка зямлі! Тыя, у каго няма здольнасцяў Шэрлака Холмса, лазяць па менскіх дахах і збіраюць галубіны гной. Альбо калі на калгасным полі з’яўляюцца горы гною з ратамскага конезавода, робяць падкопы пад вяршыні. Пасіўная частка набывае курыны памёт у мяхах. Але ж куды яго падзець, каб не скралі? У хлеў! І вось ужо жонка пілуе мужа за тое, што ён накупіў курынага памёту, заваліў ім хляўчук і там завяліся пацукі, якія нібыта ядуць гэты памёт. Так бы мовіць перарабляюць яго ў пацучыны – эксклюзіўны гной…
З гноем не засумуеш, засумуеш без яго. Таму і разумееш, што найлепшы падарунак на Лысай Гары – вядзерца гною, за яго і бутэлечку праставіць не шкада. І ў той самы час Лысая Гара – гэта любоў да гною, а не надзея на яго, бо ўсё адно ў лысагорскай сельскай гаспадарцы галоўны – працэс, а не вынік.
Вядзьмак Лысагорскі гуляе ў беларускага дурня на вядзерца гною. Помнік.

4. Надзея ходзіць 7♥ – В♥
Біта
Надзея бярэ 10♥
Бяру Т♣
Не трываю, калі махлююць, не разумею радасці такой перамогі. Калі вы змахлявалі, гэта ўжо не беларускі дурань, у вашага дурня іншая нацыянальнасць. Карты – гэта маленькая копія жыцця, гуляючы ў якую кожны выяўляе сваю сутву.

5. Я хаджу 6♣ – 10♠
Біта
Бяру 7♦
Надзея бярэ 6♥
Я не ўмею завязваць марскія вузлы і не ўмею разблытваць іх. Я люблю чыгуначны вузел, бо нарадзілася ў Лунінцы. Такі вузел і не завяжаш, і не разблытаеш, у такі вузел прыязджаеш і з такога вузла з’язджаеш. Ёсць месцічы і хутаране. Ёсць вяскоўцы і местачкоўцы. І, пэўна ж, ёсць вузялкоўцы. Прынамсі, я -- вузялкоўка, улюбёная ў цягнікі, дызелі, электрычкі, рэйкі, шпалы… А вось масаж маленства, пэўна, усе адчулі на сабе: “Рэйкі-рэйкі, шпалы-шпалы…” А хто не любіць пералічваць вагоны і платформы ў цягніках?! А хто не гуляўся ў цягніку ў дурня?! Адно той, хто не гуляе ў яго ўвогуле. Калода картаў як цягнік, у кожнага пасажыра якога свой лёс, свая спроба выказацца, выйсці з гульні і схавацца за новым раскладам.

6. Надзея ходзіць 6♥ – Т♥
Т♦ – Д♠
Біта
Надзея бярэ Т♠7♠
Бяру В♠6♠
Апрача белых семак Лунінец для мяне – белыя, альбо сонечныя, бліны, якія Надзея пячэ ў грубцы, якія мачаю ў заскваранае сала, што таксама прайшло шлях ад белага да сонечнага. Як нешта казачнае з маленства – патэльня, у якой скварылася сала, на прыпечку, і ў ёй – мышаня (хацела напісаць маленькае, шэрае, але якое яшчэ можа быць мышаня). Напішу – тлустае, і не памылюся. І яшчэ ў кладоўцы – бочка, у якой жоўтае сала і соль, соль, соль… Ежа не для маленства, а для ўспамінаў, надзейна прасоленых Надзеяй.
А Любоў мяне салам не карміла. Як нешта дзіўнае і смачнае ўзгадваецца боршч з кількі ў таматным соусе, які яна варыла на лецішчы.

7. Я хаджу 7♦ – 10♦
7♣ – 7♠
Біта
Бяру Д♣6♦
Надзея бярэ В♣В♦
Калі ты гуляеш у дурня, ты пэўна не адзін у гэтым свеце. Вас двое і выць на поўню ўжо не абавязкова.
Ніколі не буду гуляць у карты з кампутарам, бо ён ніколі адмыслова не згуляе ўнічыю. Але многія ўжо ўтаропіліся ў манітор. Асабліва на працоўных месцах, асабліва, калі заходзячы ў кабінет, манітору не відаць. Ды вызначыць, што чалавек гуляе, вельмі проста – ён ніколі не запускае джала свайго пагляду ў кампутар так глыбока, калі працуе.

8. Надзея ходзіць 8♥ – К♥
К♦ – 6♠
Біта
Надзея бярэ 8♣Д♦
Бяру Д♥10♣
На лецішчы пасадзілі вішню з Лунінца. Яна нябёсна-прыгожая і квітнее вялізным белым воблакам, але ягадаў заўжды мала. Не вішнёвае месца ля Лысай Гары. А вось у Надзеі на паўднёва-беларускім пяску вішні ягадныя. І сабе было, і нарыхтоўнікам здавалі вёдрамі. Вішні і вінаград – адзінае, што не памірае там ля пустой хаты ўжо шмат гадоў без паліву. А Любоў, дзякуючы вішням з наліўкі, якую зрабіў ейны бацька, з 13 гадоў не піла. Вельмі смачныя былі вішні, на ўсё жыццё даліся ў знакі. Увогуле, неяк я прыдумала, што трэба віншаваць вішнямі. І вусны вішнёвыя – найбольш казырныя.

9. Я хаджу 6♦ – В♦
Біта
Бяру К♣
Надзея бярэ К♠
Калода скончылася
У карты я навучылася гуляць нашмат раней, чым чытаць. Затое пасля прачытала нашмат болей, чым згуляла.
Як у картах ёсць чорная і чырвоная масці, так і сярод маіх улюбёных твораў: масць чырвоная – “Аліса ў Краіне цудаў” і масць чорная – “Віновая дама”.
У творы Льюіса Кэрала падчас суда над Валетам, у той момант, калі персанажы пераўтвараюцца ў карты і накідваюцца на Алісу, галоўная гераіня прачынаецца і разумее: усё было сном.
Тройка, сямёрка, туз пераследавалі ў сне Германа: “тройка квітнела перад ім у вобразе пышнага грандзіфлора, сямёрка ўяўлялася гатычнаю брамаю, туз -- вялізным павуком”. Якраз у сетку “вялізнага павука” і трапляе герой Аляксандра Пушкіна, калі замест туза выпадае віновая дама. Ён прачынаецца, але вар’ятам.

10. Надзея ходзіць 8♣ – Д♣
Д♦ – В♠
В♣ – К♣
Біта
Маленства – час спаць валетам. Маленства – час, калі засынаць няма ахвоты, а ёсць ахвота слухаць Любоў і Надзею. Надзея распавядала не казкі, а гісторыі з жыцця знаёмых і проста дробныя здарэнні, што адбыліся за дзень і пра іх ужо паспелі распавесці суседкі. Любоў таксама распавядала не казкі, а гісторыі з жыцця знаёмых, прынамсі так яно гучала. І толькі нашмат пазней я зразумела, што з ёю ў адным сяле калісьці жылі і героі Пушкіна, і сам Тарас Шаўчэнка.
– Ну, апавядзі яшчэ што-небудзь…
– Спі ўжо, не дурэй, заўтра згуляем у дурня…

11. Я хаджу 10♣ – Т♠
Т♣ – К♠
Біта
На экскурсіі ў Шэметаве назбірала для Лысай Гары дзве прыгаршчы смаўжоў, бо болей не было куды пакласці і часу не мела. І калі падышла да аўтобуса, турысты кінуліся фатаграфаваць мае рукі са смаўжамі. Аказваецца, многія ніколі іх не бачылі. Смаўжоў паклала ў пакецік і паставіла побач на сядушцы. Еду, толькі прысну, спахаплюся, а па мне ўжо смоўж паўзе. Хуткія трапіліся і прыгожыя.
Смаўжы распаўзаліся, як картачныя хаткі, якія рабіліся ў маленстве ў той час, калі бабуля была занятая і не магла гуляць у беларускага дурня. Чамусьці найбольш мне запомнілася будаванне такіх хатак у Лунінецкай хаце. Пасярод вялікага пакоя на саматканых ходніках упарта вырашалася кватэрнае пытанне. Хаткі будаваліся з аналагу чырвонай цэглы – звонкаў-ромбаў. Але нечыя нябачныя рукі білі ў бубны, і хоць гуку не было, хаткі развальваліся…
Існуе легенда, што я пачала размаўляць, з мяне пасмяяліся, і я доўга не размаўляла. А пасля сабраліся на нейкае свята сваякі, і маці кажа, звяртаючыся да мяне: “Дзед будаваў сваім дзецям хату, бацька будаваў сваім дзецям хату, а ты будзеш будаваць сваім дзецям хату?” І нібыта я нечакана адказала: “А мне самой хата трэба!”
Хату я так і не збудавала. Саджаю дрэвы, гадую дачку і жыву ў хаце сына Любові, які загінуў побач на пераходзе цераз дарогу. Штодзень гледжу на ягоныя белыя хвалі, і святлафор падаецца мне нейкім Антыхаронам, які пераводзіць жывых на другі бок дарожнай плыні. Але…
Калі збудуеце сваю хату, вы не ката туды запускайце, і не пеўня, і не… А першае, што зрабіце ў ёй – збудуйце хатку з картаў… Яна разваліцца на шчасце, і вы зможаце згуляць у беларускага дурня. Бо лепей гуляць, чым быць дурнем альбо ўдаваць, як любяць беларусы.

12. Надзея ходзіць 10♥ – Д♥
Нічыя
У маёй прабабкі Алесі была дачка Надзея. Пасля прабабка нарадзіла тройню і назвала дзяўчынак – Вера, Надзея, Любоў. Вера і Любоў памерлі маленькімі. Засталіся дзве Надзеі. А Алеся згарэла разам з Мелясніцай, вёскай спаленай у 1943-м.
Жанчыны па кудзелі пакідаюць надзеі.

Картаванне пасля гульні

Любові не стала ў красавіку 1994-га. Надзея ж памірае апошняй, быў травень 2007-га, я ляжала на захаванні ў 7-й радзільні, і таму не развіталася з ёю. Альжбэта ўва мне ратавала мяне ад развітання з Надзеяй, а людзі ў белых халатах са званнямі-безпрызваннямі змушалі мяне адмовіцца ад маёй выратавальніцы. Тая ж, якая гуляла ў дурня з Любоўю і Надзеяй, навучылася не гуляць у дурня з дурнямі. Яна ведала, што вось-вось павінна была пачацца новая дзея-надзея ейнага жыцця. І яна пачалася 29.08.2007 а 9.52. Рост 52,0, вага 3270,0. Надзея расце і ўжо пытаецца:
– Што такое Любоў?
– Гэта твая прапрабабка…
– А калі я кажу, што люблю гуляць?
– Усё, што ты любіш, так ці інакш звязанае з ёю…
Альжбэта глядзіцца ў люстэрка, у якое глядзелася Любоў.
Люстэрка Надзеі ёй спатрэбіцца пазней…
А маім чытачам, магчыма, і зараз. Давайце чаркнемся пасля майго тоста:
Няхай вам ніхто не зблытае карты,
няхай вам будуць карты ў рукі,
хай вашая карта ніколі не будзе біта
і вам ніколі не давядзецца скласці карты,
стаўце на карту і выйгравайце.

І кроў чырвонага віна альбо святло белага няхай нагадаюць вам тых, хто нараджаў, каб пасля нарадзілі вас.

2009-1973=36


P.S.-cон. Ніяк не магу ўзгадаць карту, што мне прыснілася. Ці гэта была жалудка 7, ці жалудка 8.
P.S.-тлумачэнне. 7 – гэта надзея на хуткія змены да лепшага. Добры гэты сон адно для творчых асоб, якія перажываюць за свой твор. А ўсім астатнім гэты сон нічога сур’ёзнага не абяцае – хутчэй за ўсё надзеі будуць марнымі. 8 – гэта знак надыходных зменаў у палітычным жыцці вашага горада альбо нават усёй краіны, у якіх вы возьмеце непасрэдны ўдзел.
Нават не ведаю, якую карту я абрала б паміж дзвюх. Відаць, як нацыянальна свядомаму беларускаму дурню, мне хацелася б, каб былі дзве. Ды і як простаму беларускаму дурню мне хочацца таго ж, адно, каб было ўсё мірна і ціха, каб было жыццё з картамі, а не за кратамі. Нічыя.