12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аўгуст Стрындберг

_____________________
Мастацтва жыцця. Вершы. Пераклады слухачоў семінараў
Цэнтра шведскіх даследаванняў


Мой сябар і я

Узгадай,
Студэнтамі мы былі: ты і я,
І марылі пра нашы ідэалы,
Не ведалі мы нават пра Заля
І рэалізм быў толькі ў кварталах.

Узгадай,
Калі нам трошкі грошай банк даваў,
З табой мы вустрыцы з віном смакталі.
Пасля, як ром нам думкі суцяшаў,
Мы ў светлых фарбах лёс наш уяўлялі.

Узгадай,
Мы тэатральныя з табой пісалі п’есы
Прыгожай моваю, што пасавала залі,
Як сыр, які смакуюць пасля ежы,
Як той лікёр, што ў каву дадавалі.

Цяпер
Мы ўжо старыя: кінуў ты спяваць,
Шукаеш супакой ў сваіх кліентах.
У дзённай справе цяжка рыфмаваць
І цяжка жыць: non canit plenum venter.

А я,
Я болей не пішу прыгожай мовай,
Бо палюбіў наяўную агіднасць.
Я кінуўся ў спрэчку за свабоду,
Ў якой нікому не вядома літасць.

Цяпер
Я п’ю звычайную гарэлку з селядцом,
Дзяцей гадую, не хажу у бары.
А ты з дзяўчынаю сваёш смакуеш ром,

Так, ты дагэтуль верыш ў нашы мары!
Пераклала Тоня Зайцава.


Бабіна лета

Прэч ад шпітальных, прапахлых хлорам
падушак,
пацямнелых ад глухіх уздыхаў
і нячутных дагэтуль праклёнаў;
прэч ад начнога століка
з шклянкамі лекаў,
малітоўнікамі і Гэйне,
я пайшоў на балкон,
каб паглядзець на мора.
Загорнуты ў плед з квяцістым узорам,
я сядзеў там і сонца свяціла
на мае жоўтыя шчокі
і бутэльку абсэнту,
зялёнага нібы мора,
нібы лапіны елак,
раскіданых усцяж вуліцы,
дзе людзі ішлі за труною.
Спакойнае мора,
суцішыўся вецер —
быццам нічога не дзеілася!
Тады прыляцеў матылёк.
Буры, агідны матыль,
Нядаўна быў вусенем ён,
а цяпер выпаўз
з свежаапалага лісця,
падмануты восеньскім сонцам,
вядома ж!
Дрыготкі ад холаду
ці то проста з нязвычкі
упаў ён на мой
плед з квяцістым узорам
І выбраў між кветак усіх,
між руж і анілінавага бэзу
дробную самую і непрывабную.
Хіба можна такім быць бязглуздым?!
Колькі часу мінула,
Я падняўся,
каб вярнуцца ў пакой,
а ён так і сядзеў,
той бязглудзды матыль.
Ягоны спраўдзіўся лёс —
цяпер ён памёр,
Што за дурнота!

Пераклала Ката Амурская

Зваднік

«Шукае толькі бруд ён
каб кешкацца ў ім!»
Атручанаю куляй
ляціць услед за ім.

Блукае ён ды піша
пра лепшае ў жыцці,
сваё аддаў бы сэрца,
каб зноўку перажыць.

Пакпіць няма з каго тут.
Сядзіць ён у карчме
разгублены і злосны,
што глузду не стае.

Як боўдзіла дурное
за думкай не паспеў,
ён сам сабе ахвотна
“Ідэаліст,” – прапеў;

паразважаць каб трохі
куляе келіх грогу
бо засцяць вочы “блохі”,
каб выклікаць трывогу.

Затым ён хісткім пёркам
свой сапсаваны смак
размазваў па паперках –
ў пародыі, што жах.

Пра што гудзеш ты, муха?
Пра бруд гамоніш нам?
Здавольвай своё вуха
Тым, што ствараеш сам.

Ідзі! Пачысці зубы,
пакуль не ўкусіў!
Ідзі! Памый ты рукі
у музавым бідэ!

Пераклала Ірына Букштановіч


Навальніца

У час, як чуўся пах язміну,
Півоніі квітнелі.
Сядзела яна ціха ля каміну.
Ад кветак ды віна мы захмялелі,
Змяшаліся позіркі, думкі.
Навіслі навокал карункі,
Іх словы для нас запляталі.

Былі адны мы, пражывалі,
Быццам уласнае жыццё,
Жыцце адно адное, пачуццё
Збянтэжаннасці і пытанні паўставалі.
Вяселле сэрцы святкавалі.

Язмін так ясна асвячала
Тое сонца,
І пах яго з віною змешвала
Бясконца.

Сцямнела раптам усе навокал,
І ціха стала, і маркотна.
Не бачна сонца з-за аблокаў,
І кветкі хіляцца самотна.

Маўчалі мы, яна трымала
Маю руку, калі грымота разарвала
Урэшце ў вачах адбілася пытанне
Пра той агонь, ці чыніць ён растанне.
Але ж тады запырскала на шыбы,
Адлівы вокан. Ці можна было думаць,
Што дробненькія кроплі, мак то нібы,
Усе навокал клічнікамі размалююць?
Грыміць усё, жахлівыя дзівосы,
Над намі хмары ў агні гараць.
Так папракаюць нас нябёсы:
Бязглуздыя пытанні нельга задаваць!

Пераклала Наталля Рамейка.


Мастацтва жыцця

Збяры усё тое, што бачыў ды чуў,
Ўзгадай усе веды, пакуты,
Ды кожнае кветкі, што пах адчуў,
Успаміны пажухлай лістоты,
І клёк, што выціскваў са спелых пладоў;

Пускай карані, ад тых ведаў квітней,
Якія збіраў ты з мінулых часоў,
Саджай сваё зерне у глебу ізноў
Кроч смела наўпрост і душой багацей.

Пераклалі Ірына Букштановіч
і Наталля Петрашкевіч.


Сучаснасць

Пісьменнік быў яе каханым,
А замуж клікаў выдавец.
Адказ быў вельмі нечаканым,
У кожнай казкі свой канец.

Пісьменнік быў зусім збяднелы,
Не мог ён нават ажаніцца,
А выдавец занадта смелы,
Бо час жыццю яго змяніцца.

Пісьменнік добрым быў хлапцом,
Але ж ён меў адну кашулю.
Праз год дзяўчына з выдаўцом
Ператварылася ў матулю.

Пераклала Наталля Петрашкевіч.


Навальніца

Калі красавалі язмен ды півоні,
Бязмоўна сядзела яна ля стала.
Позірк трымаў думкі ў палоне,
Хмелю ды кветак была ў тым віна.
Пэўнае слова рвалося на волю,
Пляло вакол нас павуцінне.
Мы пражывалі адзіную долю
На той ідылічнай карціне.
Працяжнік, пытальнік –
Вядомы нам змест.
Ну проста душаў шлюбны фэст!

Сонца свяціла шчодра,
Ды грала праменем.
Віно ўбірала водар
Дрымотнага язмену.

Раптоўна падае цямнота,
Грузнуць ў паветры гукі.
Дрыгоча ад жаху лістота,
Жывое ў чаканні мукі.

Знямеў. Маю руку яна кранае.
Прастроміў нашы целы жах.
Ці ў гэткім полымі сканаем? –
Трымціць пытанне ў вачах.
Вось кроплі стукнулі буйныя
Па шыбах вокнаў – і пацяклі.
Іх падпільноўваюць капкі малыя
І клічнікі пішуць. – Ты уяві!
Нарэшце грымнула недзе над дахам,
Хмара ў агні палае мацней.
Грукат той быў нябёсаў адказам
На надта дурныя пытанні дзяцей.
Пераклала Люба Варашуха.


Поўня над далінай

Між вольхаў бруіцца рэчка,
і хвалі мкнуць чарадой.
Кулік сядзіць задуменны
і слухае з чаратоў.

І раптам – і з ляскам, і з бляскам
між гор нясецца ландо!
Прымоўклі кулік і рэчка:
як колы калоцяць дол!
А горы паўсталі мурамі,
глядзяць пагардліва ўніз,
як шумны вазок-мурашка
упарта паўзе між глыз.

А поўня слухае з неба
і рэчку, і птушку, і дол,
і горы цалуе нанач,
і ззяе ў люстры-ландо.
Пераклала Алеся Башарымава.


Мой чароўны замак

Мой замак чароўны між лесу стаіць
Асветлены сонцам гарачым.
Да неба ён стромкаю вежай ляціць
І нібы міраж у ваччу зіхаціць,
З паветра сатканы няйначай.

Свяціла пакліча дзень новы, а з ім
Запаляцца полымем вокны;
У замку жывём толькі мы з табой тым;
І дах яго роўніцца з лесам густым,
Узорам аздоблены звонку.

Ён золатам ззяе у дзённым святле,
ці меддзю на захадзе сонца,
ці месяц яго серабром паліе,
ці ноч чорнай цемрай яго абаўе,
пралескі сінечай бясконцай.

У замку тым толькі з табой мы жывём
Там сноўдаюць нашы ўспаміны;
Мы ў думках яго з нашых мараў спляцём
Вясновым празрыстым і сонечным днём,
І ў свеце ён будзе адзіны.

Пераклала Наста Лабада.



На сконе дня

Высока, калі за крайкай даху паглядзець,
Ёсць я там,
Дзе ластаўкі туляцца чарадамі,
Дзе вецер зноў гуляееца з лістамі,
Адкуль здалёк відаць азёры з белымі плытамі,
І птушак, што лятаюць над палямі.
Я быў бы там,
Каб крылы меў – я б здолеў даляцець.

Далёка, дзе сонца ўстае штодзень,
Я ведаю,
Яно жыве па-над блакітнымі лясамі,
Што побач з акіянам сціпла зіхацяць,
Дзе чуеш музыку, што нельга не ўзгадаць,
Чароўны спеў, які іскрыцца галасамі.
Я плачу
У душы, дзе блытаецца ўспамінаў цень.

За межамі блакіту сталых дрэў,
Дзе акіян шуміць,
Там маладосць мая і глупства пахаваны
Паміж яскравых і спакуслівых крыніц,
Там больш зусім не рухаюцца мары,
І дзе сябры, што так жыццю былі адданы?
Жыццё там спіць.
Усё лепшае сышло як ціхі спеў.

Туды ісці я не хачу і не параю,
Ніколі больш туды!
Да роднай хаты, дзе ложак мой такі далёкі,
Дзе бачны толькі сумныя аблокі,
Дзе ўсё знікае – застаюцца крокі,
Дзе захад патухае ля дарогі!
Застацца толькі тут,
На сконе дня – тут я і пачакаю.

Пераклала Марыя Масягіна.