12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Сыс

_____________________
"Любіце нас такімі, якімі стварылі...".
Гутарка Алеся Ліпая з Анатолем Сысом









































































































































Амаль увесь наклад паэтычнага зборніка Анатоля Сыса “Агмень”, які выйшаў нядаўна ў серыі “Бібліятэка часопісу “Маладосць”, раскуплены за некалькі тыдняў. Для першай кнігі, асабліва беларускай, посьпех небывалы за апошнія гадоў дваццаць. Праўда, імя аўтара дастаткова шырока вядомае, і ня толькі па публікацыях яго вершаў у газетах і часопісах. Многія ведаюць Анатоля як аднаго з арганізатараў моладзевага літаратурнага аб’яднаньня “Тутэйшыя” пры СП БССР. І ў гэтай ролі людская пагалоска малюе яго непаважаючым традыцыі і некаторых літаратараў старэйшага ўзросту, якія толькі сьпявалі дыфірамбы і замоўчвалі хваробы грамадства (“Прыкарытнікі” – так ахрысьцілі іх “Тутэйшыя” ў сваім “Маніхвэсьце”).
Аднак чуткі – гэта панятак, які зусім не гарантуе праўду. Хто ж ён, Анатоль Сыс? Пра гэта, думаецца, лепш спытаць у яго самога.
– Пакуль быў жывы мой бацька, я яго вельмі любіў, але даволі рэдка я даваў яму мажлівасьць гэта адчуць. Ёсьць у мяне такая рыса характару – жорсткасьць, якая ўжываецца з сентыментальнасьцю. Бывае, калі ідуць вершы, ваяўнічыя вершы, я адчуваю адчай, адчай да сьлёз… Не, я плачу не па сабе, а над страчанымі ці самаўхіліўшыміся пакаленьнямі, над сваімі старэйшымі таварышамі па пяры: Крапівою, Танкам, Панчанкам, Барадуліным, Стральцовым, Някляевым, над земляком Шамякіным…
Каго любіць? Радзіму? Але радзімай для мяне быў заўсёды падвыпіўшы бацька. І той час, калі ён жыў – таксама Радзіма. Каго любіць – прэзідэнта АН БССР Івана Навуменку? За тое, што ён мяне і маіх таварышаў па “Тутэйшых” літаральна выкінуў на праезную частку сталіцы з актавае залы Акадэміі, якая хацела нас пачуць. Ці ня гэтак у свой час абыйшліся з першым прэзідэнтам гэтай жа Акадэміі Ігнатоўскім, Ластоўскім, Лёсікам… Летась – з паэтам і філосафам Алегам Бембелем. З партыі і працы – толькі за тое, што нехта ў Лондане выдаў яго філасофскае дасьледаваньне “Што мы думаем пра цябе, родная мова?” Але ён жа да гэтага прыніжаўся, абіваючы парогі нашых выдавецтваў. Адверглі. Разам з прадмовамі і пасьляслоўямі Караткевіча, Панчанкі, Барадуліна.
“Хто ж ён, Анатоль Сыс?” Можа, адзін з прэтэндэнтаў быць выгнаным? Мяне пакуль не цягалі на допыты, мяне ня білі дзяржальнам пісталету па галаве, мяне не палохалі, зьдзекуючыся, Курапатамі… Таму я не асуджаю бацькоў, але я і не шукаю ім апраўданьня. Майго бацьку загубіла гарэлка. Аднак ягонае пакаленьне травілі яшчэ больш жахлівымі наркотыкамі, імя якім касмапалітызм, альбо прагнілы інтэрнацыяналізм, кар’ерызм, культ жывата ды задніцы…
Што пагубіць мяне… нас – вашых дзяцей? Дык любіце нас такімі, якімі стварылі, дык маліцеся за нас – пісьменьнікі, вучоныя, партыйныя работнікі – калі вы сапраўды любіце Беларусь.
– Раз ужо ты згадаў пра “Тутэйшых”, пра іх будзе і маё наступнае пытаньне. Лічу, што рэдкі чытач ведае пра дзейнасьць таварыства, газеты даюць толькі спрэчкі вакол вашай пазіцыі. Раскажы, якія задачы перад сабой ставяць “Тутэйшыя”, чым канкрэтна займаюцца?
– “Літаратура – гэта Бацькаўшчына” – гэтымі словамі пачынаецца наш “Маніхвэст”. Мы ня чыста літаратурнае аб’яднаньне. Тлумачыцца гэта тым, што ў свой час, значыць два гады таму, мы “аддзяліліся” ад “Талакі”, узяўшы з сабою пэўны досьвед у справе ажыўленьня, а лепш сказаць – рэанімацыі беларуса. Няхай я альбо нехта іншы з “Тутэйшых”, да прыкладу Міхась Скобла, не далічымся вершаў, аднак гэта кампенсуецца ў некалькі разоў нашымі паходамі “ў народ”. Ня буду казаць за ўсіх “Тутэйшых”, скажу за сябе: у мінулым месяцы правёў два ўрокі роднай літаратуры ў другім беларускім класе сярэдняй школы № 20. Першага кастрычніка выступаў перад калгасьнікамі і гасьцямі Крошына на адкрыцьці гісторыка-мастацкага музею ў мясцовым адрэстаўраваным касьцёле. Разам з беларускім рок-гуртом “Мроя” быў тры дні ў Львове па запрашэньні “Лэвы” – самай моцнай адраджэнскай арганізацыі на Украіне. Зараз мы рыхтуем разам з “Талакой” мітынг, прысьвечаны памяці нашых продкаў – “Дзяды”.
Па традыцыі мітынг планавалася правесьці 30 кастрычніка каля пом­ніку Янку Купалу. Але сёлета ў гаркаме партыі нам адмовілі, спаслаўшыся на тое, што там у гэты ж дзень будуць праводзіцца Дні Брэсцкай вобласьці, і памінаньне “Дзядоў” не спалучаецца з намечанай праграмай. А “Дзяды” ж гэтым разам будуць прысьвечаныя ахвярам паўстаньня Кастуся Каліноўскага, сталінскіх рэпрэсіяў, партызанскай вайны ў Беларусі… Няўжо гэта абмінула Брэсцкую зямлю?
Мы ўсё ж адкрыем “Дзяды” 30 кастрычніка ў 11.00 каля ўрочышча Курапаты. Там-та ўжо, я думаю, мы нікому ня будзем перашкаджаць.
Што яшчэ сказаць пра “Тутэйшых”? Калі размова зайшла пра “Дзяды”, дык напомню, што мінулай восеньню мы ўпершыню ў Беларусі зачыталі сьпіс партыйных, дзяржаўных дзеячоў, пісьменьнікаў рэспублікі, якія патрапілі пад сталінскія рэпрэсіі. А як нас білі за тое, што мы гэтыя рэпрэсіі назвалі, на наш погляд, самым дакладным словам “генацыд”… І толькі артыкул Васіля Быкава ў “Советской Белоруссии” спыніў зьбіцьцё, а потым, недзе праз паўгоду і ў Маскве Валянцін Распуцін напісаў, што сапраўды быў генацыд супраць свайго ж народу.
– Ну а цяпер – пра тваю “галоўную справу” – творчасьць. Анатоль, чаму менавіта так –“Агмень” – ты назваў свой першы збор­нік?
– “Агмень” (па-руску – “очаг”) – гэта метафара Радзімы. Часьцінка маёй Радзімы, якую я насіў у сабе, якая сагравала мяне падчас службы ў Польшчы. Прычым слова гэтае амаль забытае намі. Я знайшоў яго толькі ў “Расейска-Крыўскім (Беларускім) слоўніку” Вацлава Ластоўскага, кнізе рэдкай. Бо адзін з абавязкаў пісьменьніка – вяртаньне сябе праз вяртаньне страчанага народам.
– Я ведаю, што вершам, якія ўвайшлі ў тваю кнігу, ужо не адзін год. Як ты цяпер, з вышыні большага майстэрства і жыцьцёвага досьведу, да іх ставішся?
– Амаль увесь “Агмень” напісаны ў 82-84 гадах у войску. Па іроніі лёсу, менавіта 1983 годам і пазначылі першую старонку кнігі, але потым знайшлі памылку, выправілі ўжо ад рукі тройку на васьмёрку. Гэта відаць няўзброеным вокам. Як бы там ні было, зборнік выйшаў. Пакуль мне сустрэўся толькі адзін чалавек, які сказаў, што дарэмна я надрукаваў раньнія вершы, маўляў, на гэта ёсьць пасьмяротны “збор твораў”. Я так ня думаю. Стаўлюся да іх, як да маленькіх дзетак, абдзеленых толькі таму, што яны нарадзіліся раней за сёньняшнія мае вершы.
– Мне падалося, што “Агмень” як бы распадаецца на дзьве часткі. У паэмах, на мой погляд, больш недаказанасьці і сімвалізму, чым яны рэзка адрозьніваюцца ад вершаў, якія я, напрыклад, прымаю хутчэй, чым “Алаізу” і “Агонь-Птушку”.
– Я лічу, што ў цябе склалася няправільнае ўражаньне. “Алаіза” і паэма-абсурд “Агонь-Птушка” – гэта крылы кнігі. Яны вызначаюць яе тон. Яны, у нейкай меры, – пратэст супраць жорсткасьці, якую я су­стрэў у войску, а войска маіх часоў – гэта гусенічная машына, якая падмінала пад сябе ўсё і ўсіх… Гэтыя паэмы – апагей настальгіі па Радзіме (зрэшты, не пішы ў інтэрв’ю “настальгія”, а то ўзьнікне асацыяцыя з Вазьнясенскім, а яго вершы я не люблю. Скажу лепш – туга, боль, адчай і, разам з тым, разуменьне непазьбежнасьці). Так, відаць, павінна быць…
– А зараз, Анатоль, некалькі пытаньняў, на якія, я лічу, ты не адказаў у зборніку, задаўшы іх…
– Але, прабач, паэт не павінен сябе разжоўваць. Інакш ён будзе прапаноўваць чытачу ня вершы, жвачку. І наогул, калі ў краіне таталі­тарныя парадкі, то паэтаў у ёй рэкамендуецца ізаляваць. Яны, сапраўды, вельмі любяць задаваць пытаньні. (У дадзеным выпадку я менш за ўсё маю на ўвазе сябе). Бывае “нахабнічаюць”. І калі на гэтыя пытаньні не адказвае той, каму “па штату” гэта трэба рабіць – адкажа сам народ. І так адкажа…
– І ўсё ж: “Навошта пра любоў крычаць?” Твой радок?
– Мой. Усе пачынаючыя заяўляюць пра сябе патрыётыкай, пры чым – неглыбокай. Тым больш беларускі паэт – ён ня можа асэнсаваць сваю Радзіму на канкрэтным адрэзку беларусскай гісторыі. А паэт жа пачынаецца з таленту – як паэт. І як чалавек – з адчуваньня сваіх каранёў. Ён павінен урастаць у зямлю, чытачы павінны ўрастаць разам з ім. У Беларусі склалася такая палітычная, грамадская, культурная і моўная сітуацыя, што чытачам няма патрэбы ісьці за сваім нацыянальным паэ­там кшталту Разанава, бо ніякой карысьці ад гэтага яны ня будуць мець. Можа быць, менавіта гэтая сітуацыя і абавязвае крычаць – шчыра, сэрцам крычаць пра любоў да Радзімы. Так, цяпер патрэбныя і трыбунныя вершы, каб абуджаць у беларусах беларускае. Паглядзі – на вуліцы шумна, лірыку не пачуюць.
– “Зямля прыгожая кветкамі, моцная дрэвамі” – якая яна табою? – задаю зноў жа тваё пытаньне з “Агменю”.
– Калі я стану гноем, тады ўбачаць, ці стане мой прах культурным пластом (у археалогіі так называюць пласт зямлі, у якім засталіся матэ­рыяльныя сьведчаньні культуры той ці іншай эпохі. – А.Л.). Наогул, нашае сёньняшняе пакаленьне Адраджэньня, павінна стаць гноем для наступных. Ня трэба зараз патрабаваць нараджэньня паэта рангу Купалы. Трэба рыхтаваць яго нараджэньне. А можа, ён ужо нарадзіўся і чытае “Буквар”, які выпраменьвае радыяцыю недзе пад Чарнобылем.
– Ці змог бы ты спаліць свае вершы, каб абагрэць дарагога табе чалавека?
– Змог бы, што я і зрабіў. Дарагі чалавек для мяне – чытач. Я паліў свае вершы…
– Ты думаеш ад агню непрачытаных вершаў чытачу рабілася цяп­лей?
– Яму стане цяплей. Я ня ведаю, хто гэта сказаў, але ён сказаў, што самае лепшае полымя – полымя спаленых паэтам рукапісаў, бо яно асьвятляе ягоны далейшы шлях.
– Анатоль, некалькі словаў пра тваю будучую кнігу.
– “Пан Лес”, так яна будзе называцца, зноў жа метафара Радзімы. Але больш глыбокая, больш духоўная, чым “Агмень”. Гэта ўжо філасофская праграма. Вядома, на маім ўзроўні і ўзроўні маладой беларускай паэзіі – праграма для беларуса, які хоча стаць такім, а ня быць толькі тутэйшым.

Р.S. ад аўтара інтэрв’ю. Дадам толькі, што ў наступным годзе павінна выйсьці новая кніга Анатоля Сыса “Пан Лес”. У тэмплане выдавецтва “Мастацкая літаратура” яна стаіць пад назвай “Краіна верасоў”. Наклад усяго 5000 асобнікаў. Зьвяртаюся да вас, чытачы “Знамя юности” і да кнігарняў рэспублікі замаўляць “Пан Лес”. “Пан Лес” – гэта катарсіс, праз які прайшоў Анатоль Сыс. Можа і ў вас гэтая кніга зьнішчыць хоць бы адну заразную бацылу.

Р.S. ад Анатоля Сыса. Беларуская мова павінна стаць дзяржаўнай у рэспубліцы. Усе гэтыя праграмы аб разьвіцьці двухмоўя ў Беларусі – гэта працяг той дыверсіі, якую задумаў яшчэ Сталін са сваімі марыянеткамі. Да таго часу мы культурна ня будзем размаўляць і ведаць чужую мову, пакуль наша родная мова не ўрасьце ў нашыя целы і душы. Няхай публікацыя маіх вершаў у “Литературной газете” будзе апошняй. Я забараняю перакладаць мае вершы на рускую мову. І толькі калі беларуская мова сапраўды стане раўнапраўнай сярод моваў Саюза ССР – мой запавет страціць сілу. Я хачу, каб беларусы чыталі мяне ў арыгінале!
А.С.

Р.Р.S. ад аўтара інтэрв’ю. Гэтае інтэрв’ю некалі друкавалася на беларускамоўнай старонцы “Родны склон”, што выходзіла з маёй ініцыятывы ў самай масавай па тых часах газеце “Знамя юности”. Рубрыка была прысьвечаная папулярызацыі беларускай мовы, літаратуры ды гісторыі. Зразумела, нельга было не адгукнуцца на выхад у 1988 годзе першай Анатолевай кнігі, вершы якога я добра ведаў і любіў яшчэ з часоў сяброўства ў “Тутэйшых”. І рады, што мне ўдалося разгаварыць Анатоля, выманіць яго з-пад панцыру іранізму, які ён насіў па жыцьці.
Нельга казаць, што толькі ў гэтым інтэрв’ю – сапраўдны Сыс. Але без такога шчырага расповяду пра сябе, пра сваю творчасьць і сьветапогляд цяперашні партрэт паэта быў бы бяднейшы.
...У 2002 годзе пасьля прэзентацыі “Верша на Свабоду” (кнігі з бібліятэкі “Радыё Свабода”) мы невялікай кампаніяй апынуліся на Толевай кватэры. У нейкі момант я заўважыў, што Анатолю карціць кінуць паэтычны выклік. І сапраўды, неўзабаве ён выдаў: “Памрэш сыты ці галодны, а якая розьніца...” Сьледам я прачытаў свае радкі:

У тым пакоі, дзе Сьмерць, –
Столь белая.
Белыя сьцены.
І нейкі вялізазны зьвер
узлазіць табе на калені.
І ў вочы твае глядзіць.
І гэтак гучна вуркоча,
нібыта адзін на адзін
з табою застацца хоча.
Але ты яму ня вер!
Няма ратунку ў падмане:
у тым пакоі, дзе Сьмерць,
ён кожнага так прымае...

Мне здалося, што слухачы прыязна паставіліся да майго верша, і пакідаў я кампанію з пераможным пачуцьцём. Пазьней аказалася, што Анатоля я так і не пераканаў...

Каментар ад «Дзеяслова». Арыгінал машынапісу інтэрв’ю, не «адрэдагаванага» рэдакцыяй газеты «Знамя юности», захаваўся ў сябра Анатоля Сыса Алеся Бяляцкага, які і перадаў яго нам. Друкуем інтэрв’ю ў першапачатковым вы­глядзе з пасткрыптумам Анатоля Сыса.