12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





У вянок памяці Анатоля Сыса

_____________________
Дзесяць сьвечак.
Вершы Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Някляева, Алега Мінкіна, Анатоля Вярцінскага, Эдуарда Акуліна, Віктара Шніпа, Людмілы Рублеўскай, Паўла Зьмітрука, Сержука Сыса, Сьвятланы Раманавай


Прайшло тры гады як Цябе няма...
І гэтае “няма” – як нямая яма,
як незагойная рана, як няўмольная віна.
Нашая віна перад Табой. Не спынілі,
не дапамаглі, не зьбераглі… Здрадзілі…
Як Каін здрадзіў Авелю. Як Іуда здрадзіў
Хрысту. Даруй нам, Толя!
Твой цярновы лёс – гэта наш грэх.
Твая заўчасная сьмерць – гэта наш крыж.
І кожнаму з нас несьці гэты крыж
да самых астатніх дзён…
Як нашае запозьненнае пакаяньне перад
Тваёй сьветлай памяцьцю прымі гэтыя
дзесяць вершаў, дзесяць памінальных сьвечак
да трэцяй Радаўніцы твайго
нябёснага жыцьця...


Рыгор Барадулін

Цесна...

Цесна і ў песьні,
І ў самім сабе
Было Анатолю Сысу.
Быў ён толькі намесьнікам
Сябе самога.
Бліскавіцу слова,
Як жывога вужа,
Галаруч трымаў на вісу.
Босай душой
Па халодных аблоках
Ступаў да Бога...


Уладзімір Някляеў

Пакацігарошак


«З Гарошкава я і Пакацігарошак».
З паштоўкі А. Сыса з Гарошкава.

«Як ты там, мой найгаротны,
Найхарошы мой,
На баку на адваротным
Ад Гарошкава?
Дзе ты там?.. І робіш што там?..
Да каго запрошаны?..»

«Мы з басотай тут пад плотам
З Пакацігарошакам.
У мяне маліны кош,
Я малінай сьнедаю.
Ты мне даў быў медны грош –
Як аддаць, ня ведаю».

«Так і ходзіш голы, босы,
З медным грошыкам?..»
«Што ж рабіць яшчэ ў нябёсах
Над Гарошкавам?»

«Дык ці ў небе, ці пад плотам
Ты туляешся?»
«Даў мядзяк мне, а ня злоты,
Шчэ й пытаешся?»

«Ты гібееш у галечы?
Пуста ў кошыку?..»
«Я ў галечы быў на печы
У Гарошкаве.
А сярод басотных душ
У раскошы я.
Нават маю капялюш,
Ветрам ношаны».

«Ты лятаеш там, як дух?
Ці ляжыш, як скошаны?..»

«Капялюш у нас на двух
З Пакацігарошакам».
26. 10. 2007

Алег Мінкін

Трыялет

Анатолю Сысу

Бусьліха яйкі на страсе нясе.
Спаўзаюцца вужы на сонцапёкі...
Там, дзе мае пачаткі і вытокі,
Бусьліха яйкі на страсе нясе.

Зноў кожны сук і струк абселі цмокі...
Дык паўтарай, пакуль ня сьпіўся пакрысе:
Бусьліха яйкі на страсе нясе.
Спаўзаюцца вужы на сонцапёкі.


Анатоль Вярцінскі

Апостальскі поступ
Да 30—годдзя Анатоля Сыса

Што сёньня дзеецца ў ЗША?

Там землятрус трасе Сан-Францыска.

А ў нас... у нас юбілей Сыса,

Гудзе паэтавай славы вятрыска.

Трыццаць – узрост яшчэ не Хрыстоў.

Ды гэта ўжо ўзрост аднаго з апосталаў.

Падобна, што юбіляр гатоў

Да апостальскага таго поступу.

Мы сёньня – ў адрозьненьне ад ЗША –

Жывем палітычнымі землятрусамі.

І не бяз чыннага ўдзелу Сыса

Тутэйшыя робяцца беларусамі.

Жадаю табе, дарагі Анатоль,

Былі каб заўжды – ні мала, ні многа, —

Над галавой – высокая столь,

Пад нагой – цьвёрдая падлога.
Кастрычнік, 1989


Эдуард Акулін

Лён

Мне прысьнілася сёньня Доля,
запаветны, як Слова, сон.
Мы з Сысом у нябёсным полі
разам жалі блакітны лён.

Разам жалі, ды раптам серпам
я адцяў галаву вужу,
і цярновыя сьлёзы сьвербам
разарвалі маю душу.

Я заплакаў з такім адчаем
на які толькі ў сьненьні змог,
як па брату забітым Каін,
як Пілат ля Хрыстовых ног…

І сказаў мне на гэта Толя:
— Плачаш, — значыць грахом жывеш…
Вуж скрываўлены ў белым полі –
гэта мой разьвітальны верш.

І замоўк. І пайшоў нясьпешна,
аж пакуль між аблок ня зьнік.
Над вужом, над забітым вершам
лён гайдаўся, як сіні німб.
2006

Віктар Шніп

БАЛАДА АНАТОЛЯ СЫСА

І
...А для паэта, як і для паяца,
Віно — ня вежа, у якой схавацца.
Віно — агонь, і на яго ляцім,
Каб узьлятаць, аб хмары разьбівацца
І плыць над сьветам, як цыгарны дым
У бары, дзе віно, нібыта вежа,
Куды хаваеш, як агонь, душу,
Што любіць сьнегу белае бязьмежжа
І адзіноту чорную дажджу,
Што, як манах, прыходзіць і малітву
Табе зноў шэпча ля твайго вакна,
Што, нібы неба, што на крыж прыбіта,
Дзе сонца ўжо няма, нібы віна,
Нібы крыві, што шчэ цячы жадае
У гэтым сьвеце, дзе любоў, як сон,
Які, як толькі сьпіш, тады й бывае,
Калі ж няма віна, зьнікае й ён,
Як і жыцьцё, з якога не схавацца,
Як матылю ў агні, табе ў віне,
І сонца адыходзіць, каб зьяўляцца
У небе чыстым, быццам у вакне,
Дзе бачыць нам паэта і паяца
З тутэйшым крыжам на сьпіне...

ІІ
...Пад кашуляй белай, белай, вышыванай,
Цела пачарнелае, як тая ноч,
Што сышла апошняй з хаты непрыбранай,
У якой ты плакаў... Сьлёзы гостра з воч,
Быццам воск са сьвечак, да крыві сьцякалі,
Да віна і сонца, больш якога ты
Не спазнаеш, бо анёлы прашапталі, —
Ты ўжо ў гэтым сьвеце, як Каўчэг, пусты,
І ляжыш ты адзінока ў дамавіне,
Нібы ў русьле перасохлым і прамым,
У кашулі вышыванай, як Айчыне
Верш апошні, што табой яшчэ жывым
Быў прысьвечаны, асьвечаны крывёю,
Ды ніхто яго не прачытае тут,
Бо драўляныя нябёсы над табою,
Як крыло, якім закрыўся ад пакут
Ты цяпер, каб заўтра закапалі ў гліну
На Палесьсі, на тваёй сьвятой зямлі,
Верш твой, што аднойчы прарасьце рабінай
Сумнай, як мы ўсе, што тут з табой былі...
9-10.05.2005

Людміла Рублеўская

ПАМЯЦІ АНАТОЛЯ СЫСА

За чырвонай шторай
дагарае сьвечка.
Ціха сьвішча вецер,
бы катрынка грае.
Сем цьвікоў забітых
у цяжкое вечка,
Быцца сем прыступак
трэснула да раю.
Пачакай, ня трэба
раніць гэты аркуш
Горкімі радкамі,
што жыцьцё атруцяць.
Прамяняй на волю,
прамяняй на чарку
Гэтых слоў атруту –
іх ня прымуць людзі.
За чырвонай шторай
нізка цень схіліўся.
І дарэмна ў шыбы
стукаецца гольле.
І са слоў крывавых
з горла дождж паліўся.
І аціхла ў жаху
наша навакольле.
2007


Павал Зьмітрук

Сысу

І чорныя, і шэрыя дажджы
Стаялі, як сьцяна чужога дому,
Як помнік трыадзінаму другому,
Як доля, як паэзія Хінжы.

Як пісягі пакорнасьці на сьпінах,
Як сьлед дзіка – крывёю ў мяккі сьнег,
Як гэты край, які мне не пакінуць,
А ён ці раз пакіне шчэ мяне.

Як немата, што прэч не адпускае,
Як мова, да якой не дажыву.
Я ўкленчыў прад табою, родны Краю;
Я чую, як ты сьсек мне галаву...

Прысьніся, Дзед, і праўду мне скажы
Пра гэту тэрыторыю Хінжы.


Сяржук Сыс

Анатолю Сысу, паэту

Дагадзіў жа ты мне,
Анатоль, дагадзіў…
Хоць тваімі шляхамі
амаль не хадзіў –
я начамі тваімі
ня ведаў начэй,
прама ў вочы глядзеў,
ды ня бачыў вачэй.
Не двайнік твой, ня брат
і ня зьменлівы цень, —
толькі сэрца маё
апаліў твой «агмень»,
я відушчым,
як фенікс з нябыту ўваскрэс,
ды пайшоў за табой
у бурштынавы «лес».
І ты ведаеш, што я знайшоў,
Анатоль?
Дыяментавай голкі тваёй
гостры боль.
Немагчыма ў віне
гэты боль утапіць:
шмат разоў намагаўся –
баліць і баліць,
шмат разоў паўтараў,
зьверху ўніз, зьверху ўніз:
«Я ня той, я ня Сыс…
Толькі ўсё-такі Сыс».
Дагадзіў жа ты мне, Анатоль,
дагадзіў,
як аднойчы вадою
з Дняпра напаіў…
І цяпер скрозь
штодзённых нягод каламуць
пуцявіны мае
праз Гарошкаў вядуць,
дзе паміж прыдняпроўскіх
радзінных равоў
засталося зямлі
для абодвух Сысоў.
2002

Сьвятлана Раманава

Наказ

Ахвярую Анатолю Сысу

Чую голас даверліва ціхі.
Бачу позірк глыбокі, цяжкі.
Часта пры разьвітаньні выдыхваў:
— Сьвятлана, вершы пішы…
Любіў паэзію больш за жыцьцё.
З ёй шлюбам пабраўся кроўным.
Толькі яна і мядком, і асьцём –
Была яму павай, роўняй.
Вершы выношваў, як маці дзіця,
Слова цаніў, бы зярнятка.
І смагу гэту – вершы ствараць –
Дарыў сябрам без астатку.
Маці пяшчотна так любіў,
Любіў аддана Айчыну,
Жанчыну кожную багаславіў
І марыў, марыў пра сына.
…Цяжка стала, няма арла
З душой гарачай прарока,
І плача сэрца, і плача адна
бялюткая ў полі бярозка.
І ў суцяшэньне на новы дзень
Голас зьляцеў нібы той прамень
з ясных нябёсаў сініх:
«Родная, чуеш, вершы пішы,
Дзень свой кожны вяршы
чыстым бялюткім словам.
Вярыгі немачы скінь з душы,
Глядзі, палымнее як куст вяргінь,
першаю будзь і новай…»

Першаю буду і новай.