12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Такарчук

_____________________
Прачынайся, ты забіты.
Навэла

Пераклад
з польскай –
Ганны ПАЗЮК.

С. ня ведала, чаго хоча. Ня ведала, чаго шукае на паліцах мясцовай бібліятэкі ды ў кнігарнях. Калі б яна хацела пра гэта дакладна апавесьці, то, мабыць, закаціла б вочы ўгору, выцягнула б вусны, як для пацалунку, і бездапаможна разьвяла рукамi. С. шукала больш натуральных герояў і больш праўдападобных злачынстваў. Больш складаных матываў і такіх доказаў, на якія сьледчы ніколі ня зьверне ўвагі. Не. Гаворка йшла не пра кроў і мяса, не пра бойню, не пра жахi. Гэтага яна дастаткова бачыла й па тэлевізары. С. хацелася чагосьці нетыповага, знайсьці нейкую пабудову, не да канца зразумелую, пабудову, якая б толькі зрэдзьчасу высоўвалася на паверхню, каб нагадаць пра сябе. А яшчэ С. хацела такога, што б яе закранала, чапляла за жывое, не давала спаць. Гэта цяжка было растлумачыць бібліятэкарцы ці прадавачцы.
– Сама ня ведаю, – казала яна, круцячы з недаверам кніжку, але ўрэшце яе брала. Чытаньне дэтэктываў было справай прыемнай ува ўсіх адносінах. Яно нагадвала прыбіраньне, раскладаньне па шуфлядах – пакрысе хаос ператвараўся ў парадак. Але часам і парадак набрыдае.
І С. прыносіла з мясцовай бібліятэкі цэлыя валізкі кніжак. Чытала іх запоем на кухні ды ў метро. Дзьве-тры на тыдзень. Брала таксама дэтэктывы менш вядомых аўтараў, былі сярод іх добрыя, былі й зусім ніякія. С. пакаштавала дэтэктываў з прэтэнзіяй на літаратуру, з глыбокім падтэкстам, не заўсёды ёй зразумелым; асвойталася з дэтэктывамі дзіўнаватымі, быццам нейкія гібрыдныя расьліны, пасмакавала дэтэктываў-ламігаловак, дэтэктываў-паэмаў, разабрала на часткі дэтэктывы-«матрошкі», дзе кожны наступны разьдзел выяўляў ужо нейкі іншы сэнс, іншую гісторыю, з вы­гляду не зьвязаную з сюжэтам; прадзіралася праз дэтэктывы-трактаты, поў­ныя інтэлектуальных выкрунтасаў, алюзіяў, якія яна павінна бала разумець, але ж не разумела; змагалася з такімі, што прыкідваліся не дэтэктывамі, а досьледамі пра пазнаньне ці маральнасьць. Былі сярод іх і злачынныя аповесьці, якія на вачах у чытача руйнавалі жанравыя прынцыпы, рабілі з іх нейкі агідны фарш і, што найгорш, – называлі асобу забойцы, абмінаючы ўвесь сьвятоўны абрад сьледства. Альбо такія, што цешыліся з кожнага сказу, адсоўвалі злачынства на задні план, закаханыя ў свой эстэтызм, бы красуня ў сваё адлюстраваньне. Альбо, напрыклад, такія – ад адной думкі пра гэта сківіцы сьціскаліся ад гневу й абурэньня, – якія апіс­валі злачынства ў найдрабнейшых дэталях, а пасьля пакідалі яго ня выкрытым. Вычварэнцы! У кнігарнях зьяўлялася ўсё больш такіх дэтэктыўных «кентаўраў» – нейкія тэхна-дэтэктывы, дэтэктывы навукова-папулярныя, мілосныя дэтэктывы. С. чытала ўсё, прынамсі цярпела гэта. Яшчэ не здаралася такога, каб яна пачала чытаць і кінула. Прачытаць першы сказ для яе азначала тое самае, што падпісаць кантракт ці ўзяць шлюб, які будзе доўжыцца да канца. І не было ўжо шляху назад. Пакуль выкрыцьцё забойцы не разлучыць яе з кнігай.
Едучы ў метро дадому, С. прачытала першыя старонкі і з прыемнасьцю адзначыла, што раман пачынаецца цалкам як трэба. Тут было ўсё тое, што яна любіла: рэалістычна і дакладна акрэсьленае месца дзеяньня; рэчы, апісаныя з увагаю да дэталяў; яскравыя характарыстыкі персанажаў. С. адчула ўдзячнасьць да аўтара за клопат пра чыюсьці лысіну ці пакамечаныя штроксавыя нагавіцы, бо ўжо з некалькіх гэтых штрыхоў ёй у цёмных, мільгаючых шыбах вагона малявалася ўся карціна.
Апавядалася пра тое, што ў нейкім невялічкім, але прыгожа разьмешчаным палацыку ва Фландрыі адбывалася сустрэча майстроў дэтэктыўнага жанру. Уладаркаю сядзібы ды ініцыятаркай гэтага незвычайнага зьезду была каралева дэтэктыву, вельмі старая, гадоў за восемдзесят, Ульрыка.
С. па некалькіх фразах даволі падрабязных апісаньняў уявіла яе шчуплай, да касьцей высахлай бабулькаю з доўгімі кашчавымі пальцамі. Яна была падобная да Барбары Картлэнд, можа таму, што таксама напісала колькі дзясяткаў кнігаў, якія прынесьлі ёй славу. Блакітны ядваб Ульрычыных сукенак і празьмерная колькасьць залатых бразготак білі ў вочы. С. падумала, што такая асоба, напэўна, пахне сенам, якое мае самы крохкі водар у сьвеце.
Ульрыка была фламандкаю, палацык спрадвеку належаў яе сям’і, але пасьля бітвы пад Іпрам страціў сваю прывабнасьць, мабыць, таму што сама зямля тут сьмярдзела трупамі. С. зірнула на свайго суседа, які на каленях вёз у кошыку кацяня, і падумала, што трэба ўдакладніць, пра якія падзеі гаворка. Пра Першую сусьветную ды іпрыт? Пэўна, так.
Знакамiтая Ульрыка пастанавiла ў тастаменце, што пасьля яе сьмерцi палацык у каштанавым парку стане асяродкам творчай працы, прытулкам для аўтараў дэтэктыўных раманаў. Унiзе, адразу каля ўваходу, адна зала будзе прысьвечаная ёй самой – жыцьцю й творчасьці. Фотаздымкi, вiтрына з рукапiсамi, калекцыя шматмоўных выданьняў. Сваю бiблiятэку, парк, пры­гожанькi «рэно», а таксама сваю найлепшую фламандскую кухарку (доўгіх ёй год жыцьця!) яна аддасьць у распараджэньне гасьцей. Пакоi на першым паверсе, што месьціліся ў цесным калiдоры адзiн пры адным, як каморкi, малыя й цёмныя, будуць служыць наступным пакаленьням аўтараў на славу дэтэктыву.
Да свайго жалю, С. мусiла адкласьцi кнiгу якраз у той момант, калi з найблiжэйшага да Баена вакзалу сустракалі першага прыбылага. Ёй спадабалася, што за iм прыехаў аўтамабiль з палацу. Менавіта згаданы сіні «рэно». Першым госьцем быў той самы лысы мужчына ў пацертых штроксавых нагавiцах.
С. паднялася з сеткамi на чацьвёрты паверх i дацёглася да сваёй кватэры. Адчынiла акно, i ў дом уляцеў яшчэ слабы й невыразны пах вясны. Мімаходзь С. заўважыла некалькi малых мушак на лiстах кардону, што перанёс зіму амаль без пашкоджаньняў. Пасьля С. накармiла ката, паставiла ваду для макаронаў i, чакаючы, пакуль закiпiць, прысела на зэдлiку ў кухнi, каб чытаць далей.
Мужчына зваўся Лангфэла й быў знакамiтым ангельскiм аўтарам дэтэктываў. Змораны далёкай дарогай, ён думаў толькi аб тым, каб перад сумеснай вячэрай хвiлiнку падрамаць. Аднак усё-ткі з цiкавасьцю глядзеў на маркотны імглiсты краявiд паўночнай Францыi, які, яму здавалася, хутчэй паспрыяў бы напiсаньню сентыментальных трылераў.
– Цi праўда, што паблізу ёсьць вялiкiя брытанскiя вайсковыя могiлкi? – запытаў ён у мажнога кiроўцы, якi перад гэтым на станцыi дапамог яму пагрузiць дзьве вялiкiя валiзы, а цяпер прыязна кiваў, павяртаючыся ўсiм целам да пасажыра. Машына рызыкоўна праехалася правымi коламi па ўзбочыне, так што Лангфэла ўскрыкнуў.
Кiроўца выбачыўся і пасьля ўжо не казаў анi слова. Таксама моўчкi занёс валізы наверх i паказаў яму пакой.
Калi Лангфэла дабраўся да свайго пакою, вада для макаронаў закiпела, i С. занялася абедам. А потым не было ўжо й размовы пра чытаньне: вярнулiся са школы дзецi, пазапальвалi ўсюды сьвятло, уключылi тэлевiзар, пасьля зьявiўся муж С. – як звычайна, з кіслай, незадаволенай мінай. С. мыла посуд, а пасьля дастала прасавальную дошку й за гэтай найнуднейшай у сьвеце працай правяла цэлы вечар. За кнiжку яна ўзялася толькi позна, калi муж ужо заснуў i пахропваў так жаласна, як малы хлопчык, якому ўзвалiлi на плечы цэлы сьвет.
Лангфэла замовіў сабе гарбаты ў пакой, а пасьля распакаваў свае рэчы й уважлiва агледзеўся. Пакой быў абсталяваны з нейкай паўночнай суровасьцю: вялiкi двухспальны ложак, стол для працы й прыгожая старая шафа. Акно глядзела ў парк, якi цяпер, на зьмярканьнi, патанаў у фiялетавым сяйве. Аранжава сьвяцiлася пажоўклае ўжо лiсьце каштанаў. Лангфэла адзначыў незадаволена, што ў пакоi няма лазенкi й давядзецца йсьцi ў канец доўгага калiдору. Да гарбаты падалi сьмятанкавы саладжэнік – як мае быць, на парцалянавым сподачку.
С. нядоўга думаючы ўстала і ўпоцемкi пайшла на кухню. Вядома, яна не знайшла ў буфеце сьмятанкавых саладжэнікаў. Аднак ёй хапiла i некалькiх падсохлых коржыкаў. Тым часам Лангфэла марыў пра шкляначку вiскi, але вырашыў да вячэры не спускацца ўнiз.
Другой асобай, прыбылай тым вечарам у палацык, была Ан-Мары дзю Лак. Нягледзячы на тое, што яе рукі прамерзьлi да касьцей, яна спрытна падвяла свой адкрыты аўтамабiль да пад’езнай пляцоўкi. Пакуль С. даведалася пра яе няшмат. У кнiжках дзю Лак дэтэктывамi заўсёды былi кабеты й сваёй пранiклiвасьцю пераўзыходзілі калегаў-мужчынаў. Ан-Мары палiла люльку й нiколi не здымала вычварнага галаўнога ўбору. Часам гэта быў просты фетравы кацялок, а часам – нязвыклае канацье з рафii ды птушыных пёраў. З-пад яго выглядалi прамыя пасмачкi сiвых валасоў. Здавалася, што яна была адной з найiнтэлiгентнейшых кабетаў у краiне. Героi яе кнiг абменьваліся блiскучымi дыялогамi. Як адзiная кабета сярод запрошаных гасьцей яна атрымала пакой з лазенкаю. Уяўляючы сабе гэты сьветлы жаночы пакой з крэмавымi шпалерамi, С. заснула. Апошнiм вобразам, якi яна яшчэ бачыла, былi доўгiя пальцы францужанкi, што адкручвалі металічныя краны ў выглядзе рыбiных галовак.
Ранiцай не атрымалася прачытаць нi старонкi. С. ехала на працу ў метро ў такой цісканіне, што ёй зрабiлася млосна. Натоўп вынес яе проста пад ранiшнi веснавы дождж. С. бегла праз блiскучае цэнтральнае скрыжаваньне гораду да канторы і цяпер ужо думала толькi пра тое, што павiнна сёньня зрабiць. Ад беганіны па мокрай сьлiзкай вулiцы ў яе расхiстаўся абцас, i цяпер трэба было крочыць асьцярожней, каб ён чаго добрага не адвалiўся зусiм. А пасьля – шамаценьне папераў, беспасьпяховае рэгуляваньне батарэяў, боль у галаве, якая ў душным паветры высыхае, нібы кукурузная кіёўка. Прэзентацыя новай крэдытнай праграмы, белая вiскозная блузка, прыліплая да ўзмакрэлага цела. Узгадаўшы халодны блакiт шаўкоў Ульрыкi, С. засумавала па Фляндрыi. Не, не пачытаць ёй сёньня спакойна, бо ўвечары яны з мужам iдуць на ўлазіны да знаёмых. У перапынку на ланч, калi ўсе сышлi ў бар альбо моўчкi елi па кутах свае канапкі, С. выцягнула з сумачкi кнiжку, зачынiлася ў дамскай прыбiральнi й пачала чытаць.
Вячэра была а восьмай. Усе ўжо сабралiся – Ульрыка ў блакiтным строі з неверагоднай даўжынi муштуком, сiвая i ўся ў поблiсках золата. Упэўненая, уладная, iранiчная й гострая, бы лязо. У некалькiх фразах, што апiсвалі Ульрыку, мiж радкоў чыталіся намёкi на ейную жорсткасьць. Але, можа, С. так толькі здалося. Лангфэла, яшчэ крыху заспаны, разгублены, нi стары, нi малады – як i ўсе ангельцы – у штроксавым пiнжаку з нашытымi на локцях скуранымi лапікамi. Ан-Мары, экспансіўная (ах, як С. любiла гэтае азначэньне «экспансіўная», хаця й не зусiм ведала, што яно дакладна азначае), зграбная й гнуткая, у доўгай плiсаванай белай спаднiцы й белым пуловеры, сардэчна прывiталася з гаспадыняй, не раўнуючы дачка з матуляй, цi нават хутчэй, унучка з бабуляй. Яе бліскучая ўсьмешка, якая без сарамлiвасьцi адкрывала ўсе тайніцы яе ротавай поласьцi, здавалася, прамаўляла: «Глядзiце, мне няма чаго хаваць!» I яшчэ – пан Фрухт – дробны, несіметрычны, нязграбны ў рухах. Гледзячы на такога, мiжволi шукаеш сьлядоў нейкага прыхаванага калецт­ва. І пасьля расчаравана сьцьвярджаеш, што з iм усё ў парадку. I на закуску – а як жа без яго! – цемнаскуры малады амерыканец, станісты й прыгожы. Згадвалася, што блiзарукi Лангфэла ледзь не прыняў яго за лёкая. Гэты Лу Нейкі (С. ня вельмi добра ведала замежныя мовы, а таму заўсёды мела складанасьцi з ангельскiмi прозьвiшчамi) быў новым знаёмым Ульрыкi. Яна сьцьвярджала, што Лу пiша найлепшыя дэтэктывы ў Амерыцы, й за ім будучыня. Прынагодна Ульрыка ў пары словаў пераказала яго апошні раман «Божыя дрэвы»: бабулька ў інваліднай калясцы, найстарэйшая ў родзе, вынаходліва забiвае непатрэбных ёй нашчадкаў з дапамогай соку канваліяў, які раз-пораз дадае ў традыцыйную гарбату. Малады чалавек задаволена ўсьмiхаўся, слухаючы камплiменты. Падалi халодную закуску з печанай гародніны. А да яе – вiно, марка якога нiчога пэўнага С. не казала. Старая гаспадыня вяла рэй у размове. Здавалася, яна трымала ўсiх у руцэ, як пачак сурвэтак.
А яшчэ за сталом прысутнічала маўклiвая панна Шацкi, якая была для Ульрыкi кампаньёнкай, сакратаркай, пакаёўкай i, безумоўна, хлопчыкам для бiцьця. Жанчына за сорак, пульхная, нiбы прысыпаная попелам, – яна нагадвала бісквіт у цукровай пудры. Вялiкi карункавы каўнерык адцягваў увагу ад яе па-мацярынску заклапочанага твару. Калi да панны Шацкі зьвярталiся, яна чырванела, зарумяньвалася, нiбы скарынка, праменiлася ружовым, колерам малiнавага жэле, але праз iмгненьне зноў блякла. Ульрыка была да яе больш чым жорсткай.
Едучы ў метро дадому і ўвесь час згадваючы пра абцас, С. даведалася пра гульню ў Забойцу. Яе трохi зьдзiвiла, што замест таго, каб весьцi сур’ёзную размову пра мэту прыезду, будучыню дэтэктыўнага жанру ў сьвеце цi, напрыклад, пра нядобрасумленнасьць выдаўцоў і залішняе нахабства агентаў, яны проста расьселiся на канапах у гасьцёўнi й пачалi гуляць. Вiдавочна, рабiлася гэта для таго, каб чытач меў магчымасьць блiжэй да iх прыгледзецца. Павiнна ўжо завязвацца iнтрыга. Павiнны ўжо зьявiцца першыя асьцярожныя падказкi. Цяпер С. пачала чытаць вельмi ўважлiва. Калi б абедзьве яе рукi былі свабодныя, С. пацёрла б iмi ад задавальненьня – ну, пачынаецца. Але яны былi занятыя. У левай – кнiжка, а правая падтрымлiвала торбы з закупамi. Краем вока С. заўважыла, што на суседняе сядзеньне сеў мужчына ў скуранцы з даберманам на кароткiм павадку. Сабака паглядаў на яе непрыязна.
Сэнс гульні быў у тым, што ўсе павiнны былi заплюшчыць вочы, быццам бы сьпяць, а ў гэты час Вядоўца, ходзячы вакол гульцоў, дотыкам пальца вызначаў забойцу. Потым Забойца паказваў вачыма на Ахвяру, якую бачыў, вядома ж, толькi Вядоўца. Ён абвяшчаў уголас iмя, i ўсе прачыналiся – расплюшчвалi вочы. Цяпер пачыналася галоўная частка гульнi, то бок сьледства. Трэба было памiж сабой вызначыць, хто Забойца. Калi гульцы памыляцца, Забойца забiвае наступнага. Калi адгадаюць, Вядоўца выбiрае новага Забойцу.
Спачатку С. не зусiм разабралася ў правiлах i ўсё, шчыра кажучы, здалося ёй досыць дзiўным. Але хутка С. зразумела задуму апавядальнiка: чытач мусіў атрымаць адпаведную порцыю iнфармацыi пра герояў i адносiны памiж iмi. С. прыняла гэтыя правiлы за добры знак. Хай гуляюць.
Першай ахвярай быў Фрухт, вяла, вядома ж, Ульрыка.
– Прачынайся, Фрухт, – сказала яна. – Ты забiты. Фрухт быў непрыемна зьдзіўлены, што яго забiлi першым. Ён надзьмуў вусны й каўтнуў ладную порцыю каньяку.
– То пачнем, – прысьпешыла iх гаспадыня. – У каго з вас была нагода, каб забiць спадара Фрухта?
– Можа, ня будзем казаць «забiць», – раптам ажывiўся Лу. – Можа, скажам «выключыць» цi «нейтралізаваць», цi як-небудзь яшчэ. «Забiць» гучыць нядобра. Бо, заўважце, нiхто, калi забiвае, ня думае, што забiвае, майце гэта на ўвазе. Прынамсi я не хачу быць «забiтым».
– Але ж гэта толькi словы, – кiнуў упаўголасу Лангфэла. – Крыху пачуцьця гумару, калега!
Астатнiя таксама праiгнаравалi заўвагу Лу, а ў дужках было напiсана, што Ан-Мары падумала пра яго – «неўротык», а ўголас дадала:
– Спадара Фрухта забiў Джон, Джон Лангфэла, бо ў таго пакой лепшы ад ягонага. Блiжэйшы да лазенкі.
Лангфэла ў ролi падазронага захаваў узорна-каменны выраз твару, а Ульрыка ўсьмiхнулася:
– Нішто сабе для пачатку, але хацелася б нейкiх больш пераканаўчых матываў.
– Зайздрасьць, – няўпэўнена прамармытала спадарыня Шацкi й адразу ж пачырванела.
– Цi магу я абараняцца? – спытаўся Лангфэла.
Ульрыка падтакнула.
– Вядома ж, абараняйся. У гэтым i сэнс. Абараняйся, нават калi вiнаваты, уводзь нас у зман, замятай сьляды. Інакш будзе нудна.
– Ня думаю, што матыў зайздрасьцi можна ўспрымаць сур’ёзна, – пачаў ангелец. – Што такога мае спадар Фрухт, апроч лазенкі, каб яму зайздросьцiць? У Францыi дэтэктыў нiколi ня будзе карыстацца такім попытам і павагаю, як у мяне на радзiме. З гэтага вынікае і павага, якой карыстаюцца аўтары. Я напiсаў 24 кнiгi, маю свой статус, мае кнiгi перакладзеныя на шмат моваў, мяне называюць класiкам дэтэктыву.
Фрухт перапынiў яго на паўслове:
– Я не пiшу дэтэктываў. Я пiшу раманы, выкарыстоўваю прыёмы гульнi, напрыклад, моўнай, зьвяртаюся да эрудыцыi чытача, апелюю пераважна да мiфалагiчных матываў. Я карыстаюся магчымасьцямі гэтага жанру для лiтаратурнай гульні з чытачом. Гэта не банальныя дэтэктывы, такiя як... – Тут ён прыкусiў язык i ўтаропіўся ў дно кiлiшка.
Ульрыка заклiкала яго да парадку:
– Ахвяра маўчыць. Такiя правiлы.
На жаль, у гэты момант С. мусiла перарвацца, каб выйсьцi на сваёй станцыi. Па дарозе дахаты яна намерылася чытаць ідучы, але вырашыла, што з расхiстаным абцасам гэта будзе небясьпечна. Гульня ёй спадабалася. Калi гуляць усур’ёз, яна магла б зрабiцца нечым накшталт групавой псіхатэрапii. С. падумала, што калi-небудзь магла б прапанаваць яе сваiм хатнiм. Яе муж перакід­ваўся з iмi, можа, пяцьцю словамi на дзень, старэйшы сын амаль не бываў дома, а дачка зачынялася ў пакоi й слухала нудную бразгатлiвую музыку. Нават кот цэлымi днямi праседжваў на балконе, з нейкай зьвярынай меланхолiяй углядаючыся ў суседнiя шматпавярховiкi. Хто з iх забiў бы ката?
С. хутка зрабіла на абед лазаньню з паўфабрыкату i адпрасавала сабе выходную сукенку. Пасьля яна доўга шукала любiмую кашулю мужа і ўрэшце знайшла яе бруднай, зацiснутай за батарэю ў лазенцы.
– Я чытаю цiкавую кнiжку, – сказала яна мужу ў таксоўцы, але той пачаў ужо размаўляць з кiроўцам пра перавагу газавага паліва над бензінам.
Новы дом знаёмых аказаўся такiм прыгожым, што С. нават сумна зрабiлася. Гаспадыня вадзiла iх па пакоях, яшчэ поўных паху сьвежай фарбы й дрэва, паказвала абедзьве лазенкi. У большай з іх была вялiзная двухмясцовая ванна, i С. раптам страшна захацелася выкупацца ў такой. Налiць пенiстай вадкасьцi для ваннаў i ляжаць сабе, чытаючы, цэлымi вечарамi. З келіхам шампану на гладкiм кафлевым краi.
Гаспадар дому ганарлiва распалiў навюткi камін. На iмгненьне стала дымна, але ўжо адчынілі вокны ў сад i крамяны подых веснавога, з пахам зямлi, вечару ўлiўся ў пакой. С. дапамагала гаспадынi насiць салаткi й укладваць печыва ў кошыку. Мужчыны стаялi на тэрасе й палiлi, разважаючы пра разнавiднасьці дахавых пакрыцьцяў. Выпіўшы колькi бутэлек вiна, яны з разрумяненымi тварамi сядзелi каля каміну й пляткарылi пра ўсякiх не прысутных тут знаёмых. С. прыйшло ў галаву, што цяпер можна было б згуляць у Забойцу. Яна прапанавала iм гэта й пераказала ўмовы гульнi. Усе згадзiлiся, хоць і з цяжкасьцю. Напачатку Вядоўцай была С. i кальнула ў сьпiну гаспадара, надаючы яму такiм чынам ролю Забойцы. Ён тут жа забiў сваю жонку. Гульня не атрымалася, бо адразу ўсе дружна адкрылi праўду.
– Дурная гульня, – сказаў муж С. – Пагуляйма ў амбасадора.
– Чаму мы павiнны ў нешта гуляць, – запратэставала гаспадыня дому. – Мы ўсе так рэдка бачымся, шкада часу на гульню.
Яны адкаркавалі яшчэ бутэлечку вiна і з келіхамi ў руках аглядалi сьвежапасаджаныя кусты родадэндронаў i фарсiцыi.
Вярнулiся дадому за поўнач. С. узяла ў ложак кнiгу, але адзначыла толькi тое, што пiсьменьнiкi гулялi далей. Гэтым разам ахвярай была панна Шацкi, а Лангфэла быў пад падазрэньнем у Лу. Забiў з помсты. «Гэта было б вельмi проста», – падумала С. Але ў яе кружылася галава, таму яна паклала кнiгу на падлогу каля ложка й заснула.
Прачнулася С. з непрыемным пачуцьцём, што яна праспала на працу, але з палёгкай узгадала, што сёньня субота. Палоска сонечнага сьвятла бязьлітасна выяўляла ўсе плямы на шэрым дывановым пакрыцьці ў спальні. «Трэба б яго калі-небудзь вымыць», – падумала С. сонна. Ідучы зварыць сабе кавы, яна ўбачыла ката, які нерухома сядзеў на балконе. Дзьверы былі зачыненыя. С. хутка пусьціла яго ў кватэру – той спакайнютка ўвайшоў, ані знаку эмоцыяў з прычыны халоднага начлегу. Як дзеці маглі забыць пра ката? Нельга разьлічваць нават на ўласных дзяцей. С. зрабіла дзьве кавы й занесла іх у спальню. Каву для мужа паставіла з яго боку – у найгоршым выпадку вып’е халодную. Абаперлася на падушку і, п’ючы маленькімі глыточкамі гарачую каву, пачала чытаць. Менавіта так С. магла б правесьці рэшту жыцьця – не вылазячы з ложку й чытаючы дэтэктывы.
Кампанія ў кнізе працягвала гуляць. Вадзіў Фрухт, забілі Лу. С. спрабавала прасачыць за прыхаванымі матывамі. Яна была ўпэўненая, што апавядальнік наводзіць на нейкія сьляды, але ня дужа магла скеміць, на якія. Ці трэба гэтую гульню ўспрымаць усур’ёз? Бо калі яна так падрабязна апісвалася, то мусіла мець нейкі сэнс для ўсяго сюжэту. «Што за дзіўная кніжка,» – думала С. з нарастаючай нецярплівасьцю.
Выявілася, што Лу забіла Ульрыка (гэта адкрыў апавядальнік). Гульцы не здагадаліся, і Ульрыка засталася непакаранай. Прапанавалі пакараць Лангфэла («Яны разважалі так сама, як я», – заўважыла С. і ўсьцешылася з уласнай кемлівасьці). Вядома, нікому і ў галаву не прыйшло, што Ульрыка магла забіць свайго маладога ўлюбёнца з Амерыкі. Тым ня меней.
С. была трохі разгубленая. Бо ў кніжцы пачаўся наступны дзень, а нічога яшчэ ня здарылася. У Агаты Крысьці ўжо быў бы труп, а тут гаспадыня маёнтку запрасіла ўсіх на шпацыр, і яны аглядалі клумбы з восеньскімі крэмавымі ружамі, гулялі па алеях, зьбіраючы цудоўныя зіхоткія каштаны. Пасьля ланчу быў вольны час. Ан-Мары паехала на машыне па цыгарэты ў Баен. Ангелец выправіўся сам да вайсковых могілак. Ульрыка спала. Панна Шацкі працавала з карэспандэнцыяй. Лу... Што рабіў Лу? Некуды паехаў на ровары. Сустрэліся разам яны адно за гарбатай і зноў пачалі гуляць у Забойцу.
Як вынікала з багатага досьведу чытаньня С. дэтэктываў, у гэтым месцы прыблізна ў кожнай трэцяй кніжцы пасьля знаёмства з героямі павінна адбыцца злачынства. «Можа, яно будзе пасьля вячэры?» – падумала С. Цяпер яна чытала вельмі ўважліва, усьведамляючы, што кожная падрабязнасьць можа быць істотнай. Кожнае нават дробнае выказваньне, кожны намёк. Але й пасьля вячэры кампанія нявінна гуляла. У другі раз быў забіты Лу, але яго твар заставаўся непраніцальным, пэўна, пра нешта сам сабе думаў. Неўзабаве па вегетатыўнай прыкмеце (румянец!) высьветлілі, што яго забіла панна Шацкі. Зрэшты, здавалася, што ёй увогуле ня важна, ці выкрыюць яе. Пасьля забілі Ан-Мары, якая не прамінула зазначыць, што гэта змова супраць кабет. С. заўважыла, што ўва ўсіх гэтых магчымых камбінацыях (Вядоўца – Забойца – Ахвяра) у ролі ахвяры не бывае Ульрыкі. Яе абмінаюць, нібыта таму, што забіваць гаспадыню й славутую пісьменьніцу, хай сабе ў гульні, лічыцца няветлівым.
Пасьля ўсе размаўлялі ў гасьцёўні пра літаратуру й пра незвычайныя спосабы забіваньня. Усім спадабаліся атручаныя маркі Лангфэла. Паштовая чыноўніца ў маленькім гарадку ў Ёркшыры такім чынам прыбірае магчымых пакупнікоў свайго дому, выстаўленага на аукцыён. Пасьля ўсе пайшлі спаць, і С. была ўпэўнена, што менавіта гэтай ноччу адбудзецца тое, што мае адбыцца. Цікава, хто каго заб’е? І чаму? У гэтую самую хвіліну прачнуўся яе муж, пацягнуў за коўдру, і С. праліла палову кубка на пасьцель. Раззлаваная, яна пайшла ў лазенку, каб напоўніць ванну. Мабыць, шум пабудзіў дзяцей, бо яны пачалі стукацца ў лазенку.
С. закруціла краны і ўладкавалася пры маленькім століку на кухні. Ёй карцела зазірнуць на апошнюю старонку (яна не рабіла гэтага ніколі-ніколі!). Уся гэтая кампанія паволі пачынала яе раздражняць. Раніца была такая ж, як і ўчора. Толькі яны (без Ульрыкі й панны Шацкі) вырашылі пакатацца на аўтамабілях. У Іпры выпілі салодкага фламандскага піва й зьелі бліноў. (С. падумала, што даўно не рабіла бліноў.) На гэтым шпацыры выявілася, што Ан-Мары й Лангфэла добра ведалі адзін аднаго. Прынамсі, яны давалі зразумець, што пазнаёміліся й пасябравалі некалькі гадоў таму. Фрухт нават пачаў падазраваць іх у нечым большым і прызнаўся ў гэтым Лу. Лу сказаў, што гэта іх не датычыцца. Пасьля Фрухт аддзяліўся ад групы, і ўсе мусілі яго чакаць, пакуль ён не вярнуўся, просячы прабачэньня. Ён не сказаў, што рабіў. Паехалі дадому на гарбату, пасьля сядзелі ў сваіх пакоях, а Лу заняў ванну на добрыя дзьве гадзіны.Чакаючы чаргі ў лазенку, С. зрабіла яшчэ кавы. Усе ўжо былі на нагах. Грукалі пры складаньні канапы-ложкі, шумеў душ, жухаў цяжка напяты мужавы эспандэр. С. вырашыла чытаць далей, што б ні здарылася. Яна вырашыла, што хаця б у суботу мае на нешта права.
Гэтым вечарам яны зноў гулялі. На гэты раз нехта забіў Ульрыку, быццам бы адчуўшы незадаволенасьць С. Хто – гэта ведаў толькі Вядоўца Лу, але астатнія не здагадаліся, і гэта засталося нявысьветленым. Ульрыка была заўважна ўзрадаваная. Пасьля загінулі Лангфэла й панна Шацкі. Забівалі Ульрыка й Ан-Мары. Фрухт здаваўся хворым і раней за ўсіх пайшоў спаць.
Раніцай ўсе прачнуліся жывыя й абсалютна здаровыя. С. расчаравана пераканалася ў гэтым, праверыўшы, хто прыйшоў на сьняданак.
З гэтай кніжкай было штосьці ня так. С. дайшла ўжо да паловы, але ніводная калізія дагэтуль не завязалася. Нічога не адбывалася. «Гэта немагчыма,» – падумала С. і яшчэ раз уважліва праглядзела вокладку, прачытала ззаду фрагмент рэцэнзіі, у якой тлустымі літарамі былі выдзеленыя словы «незабыўныя перажываньні» й «трымае ў напружаньні да канца». С. нічога не разумела. Гэта нейкая чухня! С. уласна была ўжо гатова зазірнуць на апошнюю старонку. Выпрабаваныя чытачкі дэтэктываў ведаюць, якое гэта было б злачынства – гэта як выліць ваду разам з немаўлём, сьсекчы сук, на якім сядзіш, выкапаць яму й самому туды ўваліцца. Пазбавіць сябе прыемнасьці паступовага адкрыцьця – значыць спляжыць сэнс аўтарскай працы, пасьмяяцца з яго, напляваць на яго высілкі. С. была правільнай чытачкай, слухмянай законам жанру, і чым большую мела спакусу, тым больш супраціўлялася. Але калі ўсе госьці Ульрыкі ў поўным здароўі дажылі да вячэры, С. не на жарт узлавалася. Яна пакінула кніжку на буфэце вокладкай дагары й прынялася выконваць абрады сямейнай суботы. Яна папрасіла сына дапамагчы сьпячы бліны і здолела нават крыху з ім пагутарыць. Дачку адправіла ў цукерню па цеста, і пасьля абеду яны ўчатырох папілі гарбатку. Пасьля ўсе разам глядзелі нейкі амерыканскі серыял, але, праўду кажучы, С. не зусім магла на ім засяродзіцца. Яна думала пра тых, замкнёных у фламандскім замку. Думала пра панну Шацкі, пра тое, што яна прысьвяціла Ульрыцы ўсё сваё жыцьцё. Ці напраўду Лангфэла й Ан-Мары маглі б быць разам? І дзе хадзіў Фрухт? Не любіла С. гэтага Фрухта. Здалёк было відаць, што ён штосьці задумаў.
С. ведала, што нехта некага заб’е і таму непакоілася. Урэшце, гэта мусіла адбыцца, бо яна ж дэтэктыў набыла. С. ціхенька выйшла на кухню й зноў прысела ля стала, застаўленага гатовымі блінамі (засталося толькі намазаць іх салодкім сырам). Прачытала некалькі старонак, але таварыства зноў размаўляла ды шпацыравала. С. перагарнула некалькі старонак і, наперакор сабе, прачытала адзін сказ:
– Сёньня ўвечары я хацеў бы быць Вядоўцам, – сказаў Лангфэла й абвёў позіркам усіх сабраных.
С. хутка закрыла кніжку з невыразным пачуцьцём віны, злая на сябе, расчараваная.
Увесь пасьляпаўдзённы час С. праглядала газеты мінулага тыдня, затым ўзялася за праньне. Дзеці незаўважна ўпырхнулі. Муж патануў у шклістым сьвятле тэлевізара. Неўзабаве настаў вечар – доўгі, пусты, быццам ён выпаў з бегу часу й распасьцёрся па-над горадам у неспакойным чаканьні. С. цьмяна адчула, што павінна нешта зрабіць, вырашыць нешта вельмі істотнае. Утульна прыладзіўшыся на засьцеленым ложку, яна думала. Празь нейкі момант усё падалося ёй зусім простым. С. апранула плашч і абутак. Да гасьцёўні, што ўнізе, ёй удалося дабрацца бяз цяжкасьцяў. Планіроўку С. ведала добра. На стале стаялі пустыя кілішкі для каньяку й попельніца, поўная недапалкаў. Лесьвіца была пакрытая мяккім дываном, таму С. бязгучна паднялася наверх. Яна прайшла праз другі паверх, толькі акінуўшы вокам шэраг замкнёных дзьвярэй, ледзь бачных у цемры. С. дакладна ня ведала, які з двух пакояў наверсе належаў Ульрыцы. Яна рызыкнула. Дзьверы, калі С. іх адчыняла, лёгенька зарыпелі. Як толькі яе вочы крыху прызвычаіліся да цёмна-сіняй цемры (звонку, у парку, увесь час гарэлі ліхтары) – С. убачыла маленькі калідорчык, пасьля – бібліятэку з велізарным пісьмовым сталом пасярэдзіне, у якой цёмнай чырваньню цепліўся камін. Двайныя рассоўныя дзьверы мусілі весьці ў спальню. Яны былі прыадчыненыя настолькі, што С. толькі ледзь іх кранула. Яна ўбачыла сумную карціну – бабулька спала, шырока разявіўшы бяззубы рот. Яна была амаль лысая. Яе цела нагадвала С. пачарнелую скурку ад банана. На начным століку ў шклянцы плавалі Ульрычыны зубы, што аптымістычна паблісквалі ў сьвятле паркавых ліхтароў. Уласна кажучы, толькі яны й здаваліся жывымі. Над імі трыумфальна раскашаваў сівы парык са старанна ўкладзенымі, пэўна паннай Шацкі, локанамі. С. агледзелася па баках, але тут нічога прынаднага не было, таму яна вярнулася ў бібліятэку й падышла да стала. Яе позірк натрапіў на нешта доўгае й вострае нож для разразаньня кнігаў, невялікі, зручны, з аздобленым дзяржальнам, С. адчула ў далоні пукатасьць разьбы й акруглую, прыемную на дотык паверхню дарагіх упрыгожаньняў. «Біруза», – падумала яна.
С. вярнулася ў спальню й асьцярожна села на скрай ложку. Калі яна заносіла нож, Ульрыка ў невытлумачальным парыве інстынкту самазахаваньня прачнулася, прынамсі, расплюшчыла вочы.
– Што? – непрытомна спытала яна, і тады С., адвярнуўшыся ад яе, нанесла ўдар.
С. зьдзівілася, што гэта было так проста. Нож на імгненьне затрымаўся на нечым цьвёрдым, а пасьля ўвайшоў глыбей. Ульрыка ўздыхнула, так і не дачакаўшыся адказу на сваё пытаньне.
С. ужо больш не хацела мець з гэтым нічога агульнага, яна адчувала агіду да гэтага мёртвага цела, да гэтага дому, да сябе. Жэстам, падгледжаным у дэтэктыўных фільмах, С. выцерла дзяржальна нажа аб пасьцель і выйшла. Яна яшчэ чула водгалас бягучае вады ў нейкай з лазенак, калі зачыняла за сабой вялікія зашклёныя дзьверы.
Прачнуўшыся наступнага ранку, С. адразу ж зрабіла сабе кубак добрай духмянай кавы, стоячы зьела халодны блінок і з асалодаю пасунула падушкі да ўзгалоўя. Муж яшчэ спаў, зрэшты, была нядзеля. С. пачала чытаць.
– Немагчыма, – сказала Ан-Мары. – Гэта нейкі жах.
Панна Шацкі бязгучна ўсхліпвала, цалкам схаваная за вільготнай хусь­цінкай.
– Ведаеш, што мне прыйшло ў галаву, – пачаў Лангфэла, больш ня дбаючы аб этыкеце й кажучы ёй «ты». – Ведаеш, што гэта значыць? Гэта мусіў быць нехта з нас.
– Вы, пэўна, звар’яцелі, – азваўся Фрухт, а яго голас небясьпечна балансаваў на мяжы істэрыі. – Усе ж спалі...
– Уласна, пра тое й гаворка, спадару Фрухце, – ніхто з нас ня мае алібі. Усе спалі ў сваіх пакоях, ніхто нікога ня бачыў, нічога нельга сказаць пра гэтую ноч.
– Гэта мог быць нехта звонку, так, гэта відавочна, – Фрухт нават падскочыў ад хваляваньня. – А прыслуга, тая дзіўная панурая фламандская пара?– Яны мелі выходны, – зарыдала панна Шацкі.
– Маглі вярнуцца. Ці яна, Ульрыка, добра да іх ставілася? Можа, не плаціла ім? Можа, зьдзеквалася з іх службы, а яны ўжо колькі год хавалі крыўду, але гэтай ноччу перапоўнілася мера цярпеньня, не маглі больш трываць прыніжэньня, не маглі...
– Ну, до ўжо, до, спадару Фрухце, гэта патыхае ўжо кічам, – працэдзіла скрозь зубы Ан-Мары. – Мы зьбіраем факты, а ня домыслы. А Вы, Вы чаго маўчыцё? – зьвярнулася яна да Лу.
Лу падняўся, запаліў цыгарэту і паціснуў плячыма.
– Гэта нейкі фарс, – прамовіў ён спакойна й флегматычна. – Яна сама гэта прыдумала. Гэта жарт, не разумееце? Яна, можа, цяпер падслухоўвае зьверху й памірае са сьмеху.
Панна Шацкі зайшлася плачам:
– Яе забілі, забілі! Закалолі, як зьвера!
Лангфэла крыху скрывіўся ад такога параўнаньня.
С. паднялася і, працягваючы чытаць, пайшла на кухню па яшчэ адзін блінец. Па дарозе зазірнула ў пакой сына. – Спаў апрануты.
– Панна Шацкі, Вы ўжо затэлефанавалі ў паліцыю? – спытала Ан-Мары й падала ёй кілішак каньяку.
Зубы сакратаркі непрыемна застукалі па шкле.
– Не, пан Лангфэла...
– Я думаў, што мы спачатку ўсё, што магчыма, высьветлім самі, – сказаў Лангфэла і пачаў хадзіць па гасьцёўні ўзад і ўперад. – Урэшце, усе мы цывілізаваныя людзі. Думаю, што мы павінны аднавіць сабе гэтую ноч. Па-першае, хто апошнім бачыў Ульрыку.
– Я, – панна Шацкі ўзьняла руку, як дзіця ў школе, – я дапамагала ёй пакласьціся і пасьля яшчэ пэўны час прычэсвала... прычэсвала парык.
– Які парык? – спытаў Фрухт.
– Яна насіла парык, Вы гэтага не заўважылі? – азвалася са злосьцю Ан-Мары.
– А павінны быў?
– Вы пісьменьнік, таму павінны зьвяртаць увагу на такія рэчы.
– Як стасуецца пісаньне да парыка? Вы несяце лухту.
Муж С. неспакойна паварушыўся й пацягнуў за коўдру. Яна пасьпела ў апошнюю хвіліну падхапіць кубак. Кававая пляма тужліва бранзавела на белай пасьцелі. С. даведалася, што пасьля ўчорашняй гульні ў Забойцу амаль усе адначасова пайшлі да сябе наверх. Толькі Фрухт яшчэ запарваў сабе вярбену, але і ён адразу ж пайшоў у пакой. Нічога незвычайнага ён не заўважыў.
– Памятаю, што на стале засталіся недапалкі, але я падумаў сам сабе, што не я павінен тут прыбіраць.
– Кожны з нас мог узьняцца сярод ночы й пайсьці на трэці паверх, каб зрабіць гэта. Кожны, – сказала Ан-Мары. – І гэта агаломшвае.
– Ці можна пайсьці на яе паглядзець? – раптам спытаў Лу. – Ня веру, што яна нежывая. Яна была дужа спрытнай, каб даць сябе забіць ува ўласным ложку. Яна занадта разумная для такога.
Не чакаючы адказу, ён рушыў да сходаў. Усе падняліся й пайшлі за ім.
– Можа, нейкія ідэі ўзьнікнуць на месцы забойства, – сказаў Фрухт. – Сачыце, каб нічога ня рушыць.
– Гэта ня Ваш дэтэктыў, – зласьлівым шэптам сказала Ан-Мары.
С. адставіла пусты кубак і, расчырванеўшыся, чытала далей.
Лу схіліўся над памерлай і прыклаў вуха да яе пляскатых грудзей.
– У яе на галаве парык, – з дакорам сказаў Лангфэла. – Раней яго не было.
– Гэта я ёй апранула. Яна ніколі не выходзіла без парыка, – растлумачыла панна Шацкі.
Лангфэла глядзеў на яе з з непрыхаванай злосьцю.
– Вы не павінны былі тут нічога кранаць.
– Я больш нічога не кранала. Нічога.
Жанчына аж паклала рукі на грудзі.
Лу праз хустачку ўзяў нож для разразаньня кніг, які ляжаў на пасьцелі, і пільна яго агледзеў.
– Файная рэч.
– Ну й што, цяпер Вы верыце? – спытала яго Ан-Мары крыху зьедліва.
Лу не адказаў, уважліва разглядаючы прыладу забойства. Вакол дзяржальна нажа абвівалася зьмяя, багата інкруставаная бірузою.
– Яна набыла яго ў Егіпце. Цікавілася археалогіяй.
– Зьвярніце ўвагу на рукі. Правая рука свабодная, а левая ляжыць на жываце. Панна Шацкі, яна была ляўшой?
– Пра што Вы падумалі, пане Лу? – са спакойнай зацікаўленасьцю спытаў Лангфэла.
– Нічога. Я падумаў, што гэта магло быць самазабойства.
С. пацерла рукі ад задавальненьня. Выцягнула з мужавага пінжака цыгарэты і пайшла папаліць на кухню. Праз хвіліну на кухні зьявіўся яе заспаны сын.
– Прывітаньне, мама, – сказаў ён і выцягнуў з лядоўні сок.
– Калі ты вярнуўся? – спытала С. непрыветна, але падумала, што ўвогуле гэта яе ня тычыцца. Сын быў ужо зусім дарослы.
– Мама, я ўжо дарослы чалавек.
Яна хацела была сказаць, што калі ўжо яны жывуць разам, трэба даста­соўвацца да пэўных чалавечых нормаў, але адно набрала паветра ў лёгкія ды змоўчала. Сын узяў шклянку й пакет з сокам і пайшоў у свой пакой. Зноў запанавала цішыня.
Лангфэла ня верыў у самазабойства. Ён сьцьвярджаў, што Ульрыка была дзеля гэтага занадта слабой. У фізічным сэнсе.
– Гэта вымагае моцы. Нож, здаецца, увайшоў па самае дзяржальна.
– Ці значыць гэта, што належыць выключыць кабетаў са сьпісу падазраваных? – спытала панна Шацкі і тут жа залілася чырвоным румянцам.
Усе падазрона паглядзелі на яе.
– Вы бачылі яе апошняй, – азваўся Фрухт. – Паводле правілаў, вы падазраяцеся перадусім, – дадаў ён задаволена.
– Дарагі спадару Пуаро, гэта, мусіць, заўчасная выснова, – сказаў Лангфэла й халаднавата зірнуў на яго, а пасьля адышоў, каб агледзець вокны ў спальні й бібліятэцы. Абодва былі зачыненыя з сярэдзіны.
Вось жа, было зразумела, што забойца мусіў увайсьці праз дзьверы на першым паверсе – і тады гэта быў нехта з іх, альбо звонку – тады гэта быў хтосьці іншы, каго яны ўвогуле маглі ня ведаць. На гэтым усё й спынялася.
– Дзе жыве гэтая сямейная пара? – спытаў Лу, спускаючыся па сходах у гасьцёўню. – Чаму іх яшчэ няма? Ужо час сьнедаць.
–У іх у нядзелю выходны. Яны меліся паехаць да дачкі ў Баен, – адказала панна Шацкі.– Тады хто б нам падаў сьняданак, калі б з Ульрыкай было... калі б нічога не здарылася?
Панна Шацкі нахмурылася:
– Далібог, ня ведаю. Ульрыка ўчора гаварыла з імі. Напэўна, яны пакінулі халоднае мяса. Мы б самі сябе абслужылі.
– Не палічыце дзіўным, – Фрухт накіраваўся на кухню. – Сапраўды прыгатаваныя дзьве талеркі й хлеб, і нават гарбата насыпаная ў імбрык,- азваўся ён адтуль.
– Так, быццам яна ведала. Быццам падрыхтавала гэта. Гэта кажа на карысьць самагубства, спадарства, – заўважыў Лу.
– Бадай, няма чаго цягнуць, трэба патэлефанаваць у паліцыю, – сказала Ан-Мары.
Лангфэла схапіў яе за руку.
– Пачакай. Паліцыя нікуды не падзенецца.
– Доказы могуць выпарыцца, – нясьмела сказала панна Шацкі, – я маю на ўвазе пах забойцы, ці нейкія іншыя сьляды.
Лангфэла праігнараваў яе заўвагу. Прапанаваў спачатку ўсім пасьнедаць і выпіць кавы. Можа, нешта яшчэ прыйдзе ў галаву.
– Я сьмяротна галодны, – сказаў муж С., зьяўляючыся ў дзьвярах кухні. На ім была старая паласатая піжама, у якой ён выглядаў, як пастаялец дома састарэлых. С. ненавідзела гэтыя палінялыя палоскі.
– Ты пайшла ўчора спаць да вячэры, і я нічога ня еў.
С. акінула яго ледзяным позіркам.
– Калі б можна было забіць вачамі, я быў бы ўжо мёртвы, – сказаў муж, а пасьля абняў яе і пацалаваў. - А што са сьняданкам? Сёньня нядзеля.
С. вырашыла, што не дазволіць сабе кінуць чытаньне.
– Дапусьцім, што гэта нехта з нас, – пачаў Лангфэла з поўным ротам жаркога. – Хм, прабачце, зараз пройдзе. Што гэта нехта з нас. Ці вы памятаеце, ці вы ў стане аднавіць нашыя гульні? Хто найчасьцей забіваў Ульрыку й з якіх падставаў? Памятаеце?
– Здаецца, кожны яе забіў, прынамсі раз, – сказала Ан-Мары.
Панна Шацкі аж ускочыла зь месца.
– Я не, я не забіла яе аніразу.
– А чаму гэта? – падцяў яе сваім пытаньнем Фрухт, і панна Шацкі адразу ж зачырванелася, як півоня.
– Я не асьмелілася б. Колькі ўжо год яна давала мне працу.
С. пачынала губляць цярпеньне. Яны хадзілі па коле. Як яны маглі есьці ў такі момант? Проста банда ідыётаў. С. адклала кніжку й загадала мужу рэзаць карэйку. Праз імгненьне прыемны пах нядзельнай яечні абудзіў дзяцей. «Карміць, даваць есьці, харчаваць, гатаваць, - палова майго жыцьця круціцца вакол ежы. Калі б я жыла адна, нават і яйка б сабе не зварыла,» – думала С. За сьняданкам не атрымалася пазьбегнуць невялікай перабранкі з прычыны позьняга вяртаньня дадому. Скончылася тым, што сын пакінуў недаедзеную яечню й зачыніўся ў сваім пакоі. Праз хвіліну яны пачулі адтуль манатонную механічную музыку.
– Гаўнюк, – сказаў муж С. і выйшаў з кухні. Дачка, як нічога ніякага, па­прасіла яе пафарбаваць ёй валасы ў чырвань. С. адказала, што добра, што згода, але калі тая прыбярэ пасьля сьняданьня. А сама зачынілася ў лазенцы й чытала далей.
– Вам не здаецца, што гэта проста дзіўная сітуацыя. Што ўсе мы аўтары дэтэктываў, але калі з намі здарылася нешта такое, як у нашых кніжках, то ўсе мы сталіся бездапаможнымі, абсалютна бездапаможнымі, – азваўся Лу.
– Цікавае назіраньне, – падсумаваў Фрухт.
– У нас мала дадзеных, сітуацыя незвычайная, ніхто з нас ня мае алібі, цяжка акрэсьліць матывы... – пачаў Лангфэла.
Ан-Мары паклала сабе яшчэ лусту карэйкі.
– Адна думка, што сярод нас ёсьць забойца... Неяк гэта ўсё дзіўна.
– Добры дэтэктыў узяў бы нас нечым псіхалагічным. Як мяркуеце? – сказаў Лангфэла. – Яшчэ гарбаты?
Панна Шацкі як належыць паклала сталовы прыбор на пустую талерку.
– Думаю, што трэба патэлефанаваць у паліцыю.
Лангфэла грукнуў рукой па стале й узьняўся, быццам гэтая рэпліка раптам падштурхнула яго да дзеяньня.
– Слухайце, – сказаў ён, – дамо сабе яшчэ адзін шанец. Пашукайма сьлядоў, сфармулюйма ўлікі. Прапаную выйсьці вонкі й усё агледзець.
– Што Вы задумалі? – падазрона спытаў Фрухт.
– Калі гэта быў хтосьці звонку, ён павінен быў пакінуць нейкія сьляды, так ці не? Сьлед бота, недапалак і інш. Калі нічога ня знойдзем, паклічам паліцыю.
Пэўна, было ў яго энтузіязме нешта інтрыгуючае, бо ўсе падхапіліся з-за стала. Але толькі ня Лу.
– Мы ўсё затопчам, калі выйдзем такой гурмою, – сказаў ён, разглядаючы свае пазногці.
– Мы будзем хадзіць асьцярожна, – кінуў Лангфэла ўжо з уваходных дзьвярэй.
«Не, гэта немагчыма чытаць», – падумала С.
Яе дачка асьцярожна пастукала ў дзьверы лазенкі і сказала, што ўжо распусьціла фарбу.
– Зараз іду, – адказала С.
Яна ўвайшла ў спальню Ульрыкі, імкнучыся не глядзець на цела, што ляжала на ложку: не атрымалася. Ульрыка ў дзённым сьвятле выглядала нашмат горш, яе не ратаваў нават парык. Кволыя, кастлявыя пальцы, што ляжалі на коўдры, нагадвалі сукаватае вецьце нейкага экзатычнага дрэва. Напаўадкрыты рот быў, як дзірка ў зямлі, што вяла ў нейкія сутарэньні, цёмныя й вільготныя. Аднак С. мела ўражаньне, што гэтае цела аніяк не зьвязанае са сьмерцю. Яно хутчэй нагадвала рэалістычную скульптуру, васковую фігуру, драматычную, але ня страшную. С. далікатна ўзяла нож, які ўсё яшчэ ляжаў на пасьцелі, і сьцерла з яго засохлую кроў. На дыбачках спусьцілася ўніз і праз прыадчыненыя на тэрасу дзьверы выйшла ў парк. Адразу ж адскочыла, бо ўбачыла здалёк Лангфэла й Ан-Мары – яны нечага шукалі пад рададэндронамі. Убачыла яна таксама й панну Шацкі – тая засяроджана корпалася каля каштанавай алеі. Далёка, на пачарнелых ад сонца й дажджу арэлях гушкаўся Лу, палячы цыгарэту. Ён нешта крыкнуў Лангфэла й Ан-Мары. С. завярнула й выйшла на вуліцу праз парадныя дзьверы. Яна адразу пачула шамаценьне – гэта Фрухт калупаўся прутком у засохлым лісьці тут жа пад вокнамі Ульрычынай спальні. С. ад яго аддзяляла некалькі крокаў. Моцна сьціснуўшы нож, яна па-кашэчы падкралася да яго. С. нават узрадавалася, што гэта будзе Фрухт – не любіла яна яго.
– Прачынайся, ты забіты, – сказала яму С., а ён здрыгануўся й павярнуўся да яе.
Тады С. нанесла ўдар. Ягоныя вочы пашырыліся, а пасьля позірк раптам стаў невідушчым і накіраваўся ў неба. Фрухт асеў на зямлю, ня гледзячы на яе, заняты сваім сконам. Яна не чакала. Вярнулася ў дом, абрусам выцерла нож і паклала яго на стол у гасьцёўні.
Лангфэла спатнеў. Вялікія кроплі поту сьцякалі па ягоным твары. Падбароддзе дрыжэла.
Панна Шацкі, на гэты раз белая, як крэйда, набірала нумар паліцыі.
– Чакайце, калі ласка, – азвалася ўладным голасам Ан-Мары. – Цяпер справа праясьнілася. Лу – гэта ты. Толькі ты быў бліжэй за ўсіх ад дому.
– Не выдурняйся. Я быў гэтаксама далёка, як і вы. Паглядзі, дзе арэлі.
– Ты мог бы прабегчы гэтую адлегласьць за 20 секундаў, нанесьці ўдар і вярнуцца. Ты быў з Фрухтам на пяньку.
– Ты ашалела! Паводзіш сябе так, быццам бы мы высьвятляем, хто зьеў саладжэнік з кладоўкі. Тут людзі паміраюць.
– Калі ласка, паклічам паліцыю. Я баюся, баюся, – шаптала панна Шацкі.
– Забойца кружляе па доме. Яна не памерла, толькі нас забівае. Вам такое не прыйшло ў галаву? Што яна вампір, – сказаў раптам Лу і абаперся галавою аб сьцяну. – Едзем адсюль.
Ан-Мары наліла ўсім па шклянцы віскі.
– Лу, мы цывілізаваныя людзі. Я не хачу слухаць гэтых прымітыўных бздураў, – сказаў Лангфэла й адным духам глынуў зьмесьціва шклянкі, не ча­каючы лёду. Лу глядзеў на яго дзіўным позіркам, быццам бы ў ім была добра схаваная нянавісьць.
С. выйшла з лазенкі, на ўсялякі выпадак спусьціла ваду, каб апраўдаць гэтую доўгую затрымку. Яе дачка сядзела з расплеценымі валасамі задам да дзьвярэй. Цяпер С. акунала старую зубную шчотку ў фарбу й накладала чырвань на доўгія сьветлыя валасы.
– Ты ўпэўнена, што гэты колер табе пасуе? – спытала яна. – Руды старыць.
– Гэта добра, буду выглядаць на 20 гадоў.
С. уздыхнула. Фарба крывавіла валасы пасмамі густой чырвані. Ёй была прыемная гэтая гульня з колерам. Яна падумала, ці не зьмяніць ёй таксама колер валасоў – з сьветла попельных перайсьці на чырвоныя. Але ёсьць у чырвані нешта вульгарнае, нешта вельмі кічавае. «Буду выглядаць як двор­нічыха». Раптам ёй захацелася некуды выйсьці, вырвацца з нядзельнай задухі. Яна весела прапанавала ўсім паабедаць у рэстарацыі. Так, хадзем да індыйскай, той, каля гандлёвага цэнтру, так, там нядорага й даюць вялікія порцыі.
– Я ўжо дамоўлены, – крыкнуў сын са свайго пакою.
Нічога, пойдзем сабе ўтрох.
– Назад – ты за рулём, – аб’явіў муж, як заўжды, калі меў ахвоту на піва.
С. падумала, што калі ён захоча, то можа мець добрую рэакцыю, але зга­дзілася. «Мы ўсё ж цывілізаваныя людзі!» – сказала яна сама сабе, пераймаю­чы Лангфэла.
Пакуль С. чакала дачку, якая мела вымыць і высушыць свае новыя зырка-рудыя валасы, ёй удалося прачытаць яшчэ два разьдзелы.
Паліцыя прыехала ў час ланчу – камісар Фантанэ ў цывільным – у доўгім плашчы й капелюшы, ягоны асістэнт Нейкі ў форме, тры службоўцы і два сьпецыялісты – адзін з фотаапаратам, другі – з валізай. Праз гадзіну прыехаў доўгі чорны аўтамабіль і забраў цела Ульрыкі. Яшчэ праз гадзіну – цела Фрухта. Пісьменьнікі й панна Шацкі скупіліся на кухні, як чародка спужаных авечак. Лу паведаміў пра свой ад’езд, але сутыкнуўся з рашучым пратэстам камісара Фантанэ.
– Бесчалавечна загадваць нам заставацца тут да заўтра, – сказаў Лу. – Так ці іначай, а спаць у гэтым доме я ня буду. Калі ласка, зарэзервуйце мне гатэль у Баене.
Фантанэ запрашаў да пакоя ў бібліятэцы, насьпех зладжанага для допыту, аднаго чалавека за адным і задаваў слушныя пытаньні. Разам яны ўзгаднілі, што пытаў ён у іх пра адное й тое ж, нават у той жа пасьлядоўнасьці. Якія стасункі лучылі вас з Ульрыкай, як доўга вы адно аднаго ведалі, як часта бачыліся, што рабілі ў ноч забойства – момант за момантам, як вы лічыце, ці магло падчас вашага тут знаходжаньня здарыцца нешта такое, што б паслужыла непасрэднай прычынай злачынства, ці ведаеце вы й наколькі блізка ведаеце астатніх гасьцей. Пасьля абеду прыехаў яшчэ цэлы атрад паліцэйскіх, якія сістэматычна прачасалі парк і ваколіцы палацыка. Паслалі таксама па прыслугу. Яны прыбылі вечарам у стане, блізкім да сардэчнага прыступу.
– Ці маеце Вы якія-небудзь падазрэньні, камісар? – спытаў яго пасьля ўсяго Лангфэла.
У гэтым пытаньні прагучалі ноткі фамільярнасьці, быццам Лангфэла хацеў падкрэсьліць, што размаўляе як роўны з роўным.
– Нават калі б меў, то Вам не сказаў бы. Вы павінны гэта ведаць. Вы ня просты падазроны. Вы – аўтар дэтэктыўных раманаў. У вашай прысутнасьці кожнае злачынства мусіць здавацца больш вытанчаным, чым яно напраўду ёсьць.
Пасьля камісар папрасіў аўтограф у нататнік.
– Калі ласка, напішыце «Для камісара Фантанэ», – дадаў ён.
У час гарбаты за Лу прыехала таксоўка. Ён разьвітаўся з усімі, нікому ня гледзячы ў вочы. А пасьля Лангфэла сказаў Ан-Мары:
– Гэта ён. Галаву даю, што гэта ён. Адкуль яна яго выцягнула? Ведаеш якую-небудзь з ягоных кніжак?
– Вядома, ведаю, – адказала Ан-Мары з абурэньнем. – Ён – найбольшая надзея дэтэктыўнага раману ў Амерыцы. Часам тваё невуцтва й зацыкленасьць на сабе ўражваюць мяне, Джон. Ты ўвогуле чытаеш што-небудзь, акрамя свайго?
– Ён быў нейкі дзіўны...
– Ён быў уражаны й не хаваў гэтага, як ты.
Лангфэла дастаў з кішэні насоўку й выцер лоб.
– Я не хаваю. Проста я не цярплю істэрычнасьці. Я спрабую зразумець. Ты ўпэўнена, што... ён – гэта ён? Ты бачыла яго перад тым? Можа, нехта падрабіўся пад яго? – Джон Лангфэла ўжо складаў насоўку роўным квадратам. – Няма выйсьця – альбо ён, альбо панна Шацкі.
У гэты момант у кухню зайшоў асістэнт і загадаў ім ісьці ў свае пакоі.
– А паліць можна? – спытаў Лангфэла зласьліва, і было відаць, што ён пакрысе прыходзіць у сябе.
Яны мусілі пачакаць. Замовілі нейкія вострыя стравы з ягняці­ны, а дачка-вегетарыянка – грыбы ў шпінаце й браколі з сырам. Да гэтага яшчэ вялікія лусты хлеба з часныком. Яны больш прыглядаліся да людзей вакол сябе, чым размаўлялі. Калі ўжо аплацілі рахунак, С. выйшла ў прыбіральню і, мыючы рукі, паглядзела на сябе ў люстэрка. С. зьдзівілася, якая яна звычайная. Ніколі раней яна гэтага не заўважала. Калі б яна не была сабою, а кім-небудзь зусім іншым, яна ніколі б не зьвярнула на сябе ўвагі. Звычайная кабета сярэдняга веку, што хавае сівізну пад сьветла попельнымі валасамі. І тое, што апраналася, як чыноўніца. Але, урэшце, яна й была чыноўніцаю. Гэтыя блузкі й жакеты, гэтыя сьціплыя завушніцы. Гадзіньнік на бранзалетцы. Колер памады, які ні да чаго не стасуецца, уласна, цень колеру, цень памады. Вочы, якія відочна блякнуць, страчваюць выразнасьць. Цела ані надта тоўстае, ані надта худое, маленькі жывоцік – у ейным веку рэч дазволеная. Тонкія залацістыя акуляры, якія яна апранае для чытаньня. Хадзячая ніякасьць. Спадарыня Ніхто.
С. з прыемнасьцю выйшла з прыбіральні проста ў хол гатэлю. Упэўненым крокам яна прайшла каля рэцэпцыі, дзе Лу, нахіліўшыся, запаўняў рэгістрацыйны бланк. На драўлянай аправе ключа С. заўважыла нумар яго пакою – пяцьсот нейкі, пяты паверх. Падымаючыся так высока, яна задыхалася. І яшчэ гэты халерны абцас – зусім разбоўтаўся. Па дарозе С. шукала патрэбны прадмет, але ўбачыла толькі даволі вялікі цяжкі гліняны вазон на пляцоўцы паміж паверхамі. Не спыняючыся, яна выліла з яго ваду на дыван, а кветкі выкінула некуды ў цемру калідора. Возон ёй удалося ўціснуць у сумку. С. зрабіла вы­гляд, быццам адчыняе нейкія дзьверы, калі зьявіўся Лу з прыслугаю і ва­лізамі. Яны не зьвярнулі на яе ўвагі. Вельмі добра. С. пачакала, пакуль хлопец выйдзе, і сьмела рушыла, выцягваючы з торбы цяжкі вазон. Але ён выявіўся непатрэбным. Лу, як і ўсе гатэльныя госьці, найперш падышоў да акна балкону й шырока яго расчыніў. С. подбегам кінулася да Лу. Засьпеты зьнянацку, ён ня здолеў нават азірнуцца.
С. выцягнула з торбачкі збан і асьцярожна паставіла яго на столік, пасьля паправіла валасы перад люстэркам і вярнулася ў залу.
– Колькі можна сядзець у туалеце? – рытарычна запытаўся муж.
Калі сям’я вярнулася дадому, ужо сьцямнела. З пачуцьцём цяжкасьці ад пераяданьня С. уселася ў фатэль і зноў пачала чытаць.
Слухаўку падняў Лангфэла. Яны сядзелі ўтрох унізе ў гасьцёўні й пілі віно. Фламандка на хуткую руку змайстравала ім нейкую вячэру, але амаль ніхто ня зьеў ні кавалачка.
– Лу загінуў, – сказаў Лангфэла й апусьціўся на канапу. – Выкінуўся з акна. Званіў Фантанэ.
На доўгую хвіліну запанавала напружаная цішыня.
– Ты меў рацыю, гэта ясная справа. Ён забіў спачатку Ульрыку, а Фрухт відавочна нешта ведаў, таму Лу пазбавіўся ад яго. Цяпер забіў сябе. Сумленьне ня вытрымала. – Ан-Мары асушыла кілішак.
– Я ўражаная вашай праніклівасьцю, – загаварыла панна Шацкі, палым­неючы ад эмоцыяў, як цыкламен. – Тады гэта канец кашмару... хаця Лу быў такі мілы, не падобны да забойцы...
– Забойцы ніколі не падобныя да забойцаў, гэта старое правіла ў напісаньні дэтэктываў. Найбольш падазроны той, хто выглядае найнявіньней. Дзе такое бывае, каб дзіця забівала? – Францужанка замаўчала, але тут жа пачала сама сабе адказваць, – Вядома, у Агаты Крысьці.
– Можа, пагуляем у забойцу? – раптам прапанаваў Лангфэла зласьліва-задаволненым тонам.
Было заўважна, што ён крыху нападпітку.
– Нас вельмі мала, – сказала панна Шацкі.
На жаль, у яе не было пачуцьця гумару. У той момант другі раз зазваніў тэлефон, слухаўку ўзяла Ан-Мары.
– Камісар Фантанэ будзе тут праз лічаныя хвіліны. У яго ёсьць нейкія неадкладныя пытаньні.
Лангфэла напоўніў ім кілішкі й пайшоў на кухню па чарговую бутэльку віна. Там ён шукаў па шуфлядах гляйсар, бо фламандка сышла, заплаканая, дадому адразу пасьля таго, як падала ім вячэру. Чакаючы камісара, яны размаўлялі пра тастамент Ульрыкі. Панна Шацкі патлумачыла ім, што амаль усё адыходзіць да Фонду, што, уласна, з учорашняга дня палацык стаўся асяродкам творчай працы пісьменьнікаў дэтэктыўнага жанру.
– Гэта гучыць як жарт Усявышняга. Як Божы сьмех. Камічны абсурд, – Лангфэла гуляўся кілішкам. – Але так, тут жа будзе добра пісацца. Ідэальнае месца!
С. прапанавала мужу адкаркаваць бутэльку віна. У барчыку быў адно нейкі egri bikawer, але ёй, шчыра кажучы, было ўсё адно. Стукнуліся кілішкамі, і яна вярнулася да чытаньня, а ён да тэлевізара.
Фантанэ быў непрыемна зьдзіўлены іх добрым настроем. Тым ня менш, ён дазволіў напоўніць сабе кілішак і адразу ж паведаміў, што мае ўсе падставы падазраваць: сьмерць Лу не была самагубствам. Здавалася, што ўмомант усе працьверазелі. Камісар распавёў пра таямнічае зьяўленьне вазона для кветак («Быццам бы нехта спачатку хацеў яго ўдарыць гэтым тупым прадметам»), а пасьля выцягнуў з кішэні доўгі бліскучы прадмет.
– Абцас! – машынальна выгукнула Ан-Мары.
– Не, не, вы па-за падазрэньнем. Немагчыма было б выбрацца адсюль незаўважнымі, прыехаць хутчэй за Лу ў Баен і вярнуцца. Зрэшты, вы ж былі адно ў аднаго на вачах, праўда? – спытаў камісар і сарамліва кінуў позірк на абутак дзьвюх жанчын. Тады панна Шацкі, ізноў белая, як сьцяна, сказала яму пра меркаваньні Лу. Што Ульрыка не памерла, а калі памерла, то забівае ўсіх з таго сьвету.
– Перастаньце, панна Шацкі, слухаць гэтага не магу, – забурчэў Лангфэла. – Пане камісару, Вы ня думалі, што з нейкіх прычынаў, напрыклад, ад нерваў, Лу мог сам узяць гэты вазон, а абцас належыць, ну, скажам, пакаёўцы ці папярэдняму пастаяльцу? Ведаеце, пэўна, Вам гэта падасца нахабствам, але мы ўжо ўсё высьветлілі. З нейкіх, дагэтуль нам невядомых прычынаў – мы можам пра іх толькі здагадвацца – Лу забіў Ульрыку. Можа, справа была ў нейкім запісе, у нейкіх абавязальніцтвах...
– Можа, ён баяўся яе расчараваць, – задуменна дадала Ан-Мары.
– ... гэтага мы дакладна ня ведаем. Так ці інакш, Фрухт быў сьведкам чагосьці, нешта ведаў альбо пра нешта здагадваўся, таму Лу быў вымушаны ад яго пазбавіцца. Ён рабіў выгляд, што гайдаецца, а насамрэч чакаў толькі моманту, каб нанесьці ўдар. Калі мы шукалі ўлікаў, ён падбег да Фрухта й забіў яго тым самым нажом для разразаньня старонак, якім раней – Ульрыку...
– ... аднак жа ён ня вытрымаў згрызотаў сумленьня, – падхапіла яго словы Ан-Мары. – Ня мог вынесьці таго, што зрабіў. Таму й аддзяліўся ад нас. Бо насамрэч шукаў магчымасьці дзеля самагубства.
Фантанэ ўздыхнуў і сказаў, што сапраўды гэта ўсё вельмі пераканаўча. Аднак пасьля, замест таго каб паддацца трыумфальнаму настрою, пачаў запытваць іх пра зусім іншыя рэчы. Напрыклад, спытаўся, ці ведаюць яны, колькі ў іх чытачоў.
– Як гэта, колькі чытачоў, – зьдзівілася Ан-Мары. – Вы пытаецеся пра наклады?
Фантанэ запісваў на сурвэтцы іх прыблізныя лічбы.
– Калі кніга знаходзіцца ў публічнай бібліятэцы, яе чытаюць некалькі чалавек, гэта таксама трэба ўлічыць, – патрабаваў дакладнасьці Лангфэла.– Магчыма, гэта сотні тысячаў чалавек, – азваўся камісар і зьдзіўлена прысьвіснуў. – А ці ведаеце вы, што гэта за людзі?
– У пераважнай большасьці жанчыны. Жанчыны чытаюць больш, – ня без прыемнасьці адзначыла Ан-Мары.
Лангфэла быў у больш задуменным настроі.
– У пэўным сэнсе яны павінны нечым нагадваць нас. Павінна быць нешта супольнае паміж намі, інакш бы мы не паразумеліся. На гэты конт у мяне свая тэорыя: чытаньне дэтэктываў мае характар чыста тэрапеўтычнай кампенсацыі. Вазьміце пад увагу гэтыя, – Лангфэла кінуў позірк на аркушык з вылічэньнямі камісара, – колькі сотняў тысячаў чытачоў. Калі б яны не чыталі дэтэктываў, то з пэўнасьцю сталі б забойцамі, – зарагатаў ён.
Камісар Фантанэ абвёў колам папярэдні вынік і ўздыхнуў. С. неспакойна паварушылася. Зірнула на мужа – той драмаў перад тэлевізарам. «А ён па­старэў», – падумала яна.
Ан-Мары няпэўнымі крокамі накіравалася наверх, зрабіўшы рукой знак, маўляў, «зараз вярнуся». Панна Шацкі дробнымі глыточкамі піла сваё віно. Вочы яе блішчэлі. Мужчыны размаўлялі пра сутнасьць пісьменьніцтва. Фантанэ задаў Лангфэла адвечнае пытаньне, якое задаюць аўтарам, – адкуль ён бярэ задумы.
– Напраўду ня ведаю, адкуль да мяне прыходзяць ідэі. Я проста ўважліва назіраю за рэчаіснасьцю. Фантазія рэч другасная, – Лангфэла казаў гэта так, быццам бы перад ім была вялікая аўдыторыя. – Дзевяноста працэнтаў посьпеху – гэта працавітасьць. Мне проста брыдка бачыць людзей, што трацяць час на розную лухту. Напісаць раман мог бы кожны. Я паходжу з сям’і, дзе цэняць уменьне арганізоўваць час і творчую працу. А перадусім – лагічнае мысьленьне. Рэчаіснасьць нашмат больш лагічная, чым мы пра яе думаем. Бо...
– Мне трэба выйсьці, – раптам сказала С. – Нешта я пераела. Гэта вострая ягняціна паліць мне страўнік.
Яе муж уздрыгнуў, яго непрытомны позірк прабег па ёй і беспамылкова трапіў ізноў у тэлевізар. Муж кіўнуў галавой, і С. апранула чаравікі й узяла плашч. Аднак падумала, што ён не спатрэбіцца, і зноў павесіла яго на вешалку. Праз чвэрць гадзіны, а можа й меней, С. вярнулася. Муж не зьмяніў паставы.
– Лепей? – спытаў ён.
– Лепей, – адказала С.
– ... усё, рана ці позна, магчыма высьветліць рацыянальным шляхам, – дагаварыў Лангфэла.
Фантанэ пагадзіўся з ім.
– Інакш я не працаваў бы ў паліцыі. Але Вы мусіце прызнаць, што сустракаюцца невырашальныя справы. У нашым архіве іх цэлая паліца.
– Ах, як цікава! Я з прыемнасьцю пазнаёміўся б калі-небудзь з такімі прыкладамі. Можа, нарадзілася б якая кніжка.
Камісар зазьбіраўся сыходзіць, і калі ўжо стаяў ля дзьвярэй, сказаў, вагаю­чыся:
- Ведаеце, я не такі дэтэктыў, як у вашых кнігах, калі такія, як у вас, увогуле існуюць...
– Што Вы маеце на ўвазе?
– Што ў жыцьці гэта ўсё выглядае інакш. У вас злачынства нейкае мізэрнае, убогае, зьведзенае да звычайнай справы, пазбаўленае сапраўднага жаху. У вашых кніжках галоўнае – знайсьці яго матывы й выкрыць злачынцу, быццам бы гэта ўсё выправіць. Шэраг іррацыянальных дзеяньняў і вельмі рацыя­нальнае вырашэньне. Вы самі ў гэта верыце? Вас гэта не расчароўвае?
– Расчароўвае? Але ж мы імкнемся адно да праўдзівасьці!
– Ба! А што ж гэта такое – праўда? – Фантанэ пацёр лоб, як бездапаможнае дзіця. – Мяне больш цікавіць механізм, якім чынам гэта ўсё робіцца. Галоўнае – зразумець механізм.
– Як? – пафасна выкрыкнуў Лангфэла.
– А калі не высьвятляць, а зацямняць? Не спрашчаць, а ўскладняць? Што вы думаеце пра такі метад?
– Што, халера бяры, Вы хочаце гэтым сказаць?
– Што, напрыклад, рацыянальныя падзеі можна спасьцігнуць толькі ірра­цыянальна...
– Вы мяне ўражваеце, пане камісару, – раптам сказала панна Шацкі. – Вы маеце на ўвазе дух Ульрыкі?
– Ах, не, вы не зразумелі. Прашу разьвітацца за мяне з спадарыняй дзю Лак. Зрэшты, заўтра ўсё адно пабачымся.
Фантанэ пайшоў да выхаду. Лангфэла жэстам рукі затрымаў яго.
– Я схажу па яе, – сказаў ён і рушыў наверх.
– Што цяпер са мною будзе? – запытала панна Шацкі з выразам твару малой дзяўчынкі.
Фантанэ задумаўся, але не пасьпеў адказаць, бо зьверху пачуўся грукат і пераляканы крык Лангфэла.
Панна Шацкі кінулася на шыю камісару Фантанэ й зарыдала ў істэрыцы:
– Яна мёртвая, мёртвая, праўда? Яе таксама забілі. Нас усіх заб’юць.
Камісар гладзіў яе па галаве, спрабуючы супакоіць.
– Вам нічога не пагражае. Вы ж ня пішаце кніжак, праўда?
Пасьля ён спакойна падышоў да тэлефону й набраў нумар паліцыі. Цэлую гадзіну Фантанэ адчуваў на сабе нечы дзіўны, засяроджаны, уладны позірк.
С. адклала кніжку, хоць да канца ёй засталася ўсяго адна старонка. Яна пацягнулася й пайшла на кухню распусьціць сабе таблетку ад пякоткі. Ёй ужо не хацелася дачытваць. Пасьля С. села каля мужа, і яны да поўначы разам глядзелі нейкі амерыканскі фільм, поўны пагоняў і страляніны.
Раніцай, калі С. выпускала ката на балкон, яна ўбачыла, як да яе дома пад’ехаў паліцэйскі аўтамабіль. Убачыла, як з яго выйшлі трое мужчынаў і накіраваліся проста да яе лесьвічнай пляцоўкі. Адзін з іх быў апрануты ў плашч і сьмешны, нямодны капялюш. Ёй падалося, што яна аднекуль яго ведае.