12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Канстанцін Тарасаў

_____________________
Аўдытарская праверка ў Нясьвіжы, альбо Скарб Нясьвіжскага замку.
Аповесьць. Заканчэньне

Павераны князя Дамініка
Некаторыя менскія назіраньні

Увечары публічнае жыцьцё Менску засяроджваецца на плошчы Верхняга гораду перад домам губернатара. Тут прагульваюцца паненкі і маладыя людзі, сумовяцца сталага веку дамы па выхадзе з царквы і касьцёлу, зьяўляюцца нейкія гладкія паны для аздараўленчага праменаду перад сытнай вячэрай, сьведчачы павольным рухам на публіцы сваю прысутнасьць на сьвеце. Магчыма, ёсьць у Менску нейкія салоны, дзе зьбіраецца мясцовы вышэйшы сьвет, але я знаёмых тут ня меў і ня мог атрымаць запрашэньня. Таму, адпусьціўшы Дзяніса ў карч­му каля замчышча на Нямізе, сам я заняў столік у паўпустой рэстарацыі, заказаў келіх лафіту, грыбную закуску да яго і адбіўную катлету. Усё было даволі хутка пададзена, смачна згатавана, і ў мяне склалася добрае ўражаньне аб менскай кухні, хоць ня ведаю, чым яна адметная ад іншых; магчыма, кошты тут адрозьніваюцца правінцыйнай сьціпласьцю ад пецярбургскіх.
Ня маючы звычкі піць без прычыны, я выпіў за ўдачу расьсьледаваньня і адзначыў, што знаходжуся паблізу таго месца, куды скарбы Радзівілаў прыбылі яшчэ поўным сваім складам, калі не лічыць незасьведчаных стратаў па дарозе з Нясьвіжу, і адкуль расьцякліся па трох напрамках, як сіроты да розных прыёмных бацькоў. Ніхто са сьпісу генералаў, якія прынялі каштоўнасьці ў замку, ня мог разьвітвацца з імі перад іх далёкай дарогай – са сваімі палкамі і брыгадамі яны кіраваліся ўсьлед за французамі. Адзін толькі генерал-маёр Тучкоў ад імя 3-й арміі, якая гэтыя каштоўнасьці здабыла, меўся праводзіць позіркам, поўным пракляцьця, абоз з нясьвіжскімі багацьцямі, што ператварылі яго ў шматгадовага вязьня з прывілеяй знаходзіцца дома, а не пад вартай у новазбудаванай турме. Тут, у вызваленым ад польскага гарнізону губернскім Менску, быў ён вымушаны штодня сустракаць і галоўнага юрыдычнага складальніка нясьвіжскай скаргі, пана Людвіга Каменскага, на сустрэчу з якім я вырушыў па выхадзе з рэстарацыі.

Знаёмства з Рыцарам Ружовага Крыжа

Губернскі сакратар знаходзіўся ў сваім кабінеце і з задавальненьнем, па яго словах, пагадзіўся са мной пагутарыць. Мы адасобіліся ў гарбатным пакоі губернатарскага дому, які займаў былы езуіцкі калегіум, уладкавалі­ся ў драўляных крэслах за круглым сталом і пачалі размову. Каменскі быў мажны пан гадоў сарака, можа, крыху болей. Улічваючы яго вялікую юрыдычную практыку і маю обер-аўдытарскую пасаду, якая насьцярожвала кожнага абачлівага чалавека, атрымаць якія-небудзь шчырыя зьвесткі ад былога старшыні дэпартаменту ў менскім судзе я не спадзяваўся. Тым больш, што па словах генерал-маёра Тучкова, быў ён масон, шмат ведаў таямніцаў і ўмеў іх захоўваць. Мяркую, што і Каменскі зрабіў адпаведныя фізіягнамічныя назіраньні і заключыў, што я – нядаўні армейскі афіцэр, маладасьведчаны ў юрыспрудэнцыі.
Па праўдзе кажучы, ніякіх прэтэнзіяў у мяне да яго быць не магло, болей паходзіла на тое, што ён рабіў мне паслугу, прасьвятляючы некаторыя цьмяныя моманты гулкага здарэньня ў Нясьвіжы. Здарэньня, пра падрабязнасьці якога ён ведаў усё і якому, дзякуючы сваёй пасадзе, здолеў надаць надзвычайную значнасьць, для генерала Тучкова цалкам, можна лічыць, напаўсмяротную – выбіў з шэрагаў арміі ніяк ня горш, чым гэта зрабіў бы егер з засады. З часоў свайго нядоўгага захапленьня масонскімі ідэямі ў паходных ложах меў я некаторыя веды пра градусы, сёмы градус Каменскага азначаў, што ён ў сваёй менскай ложы насіў званьне Рыцар Ружовага Крыжа. Магчыма, падумалася мне, мае яго і па сёньняшні дзень, калі не пасьвячоны яшчэ ў наступную ступень.
– Знаёмячыся з дакументамі аб рэквізіцыі нясьвіжскіх скарбаў Радзівілаў, – сказаў я, завязваючы размову, – сустрэлася мне ваша пісьмо менскаму ваеннаму губернатару Ігнацьеву аб перадачы скаргі пана Бургельскага з грамадзянскага ў ваенны суд. Яно пазначана трэцім лютага, скарга – дзявятым студзеня. Ці праводзілася нейкае пачатковае сьледства ў грамадзянскім судзе ў прамежак паміж гэтымі датамі?
– Нічога не праводзілася, – з прыкметным задавальненьнем адказаў ён. – Не было каму праводзіць ды і невядома дзе. Генерал-маёр Тучкоў са сваім корпусам быў на маршы ў Польшчу. Наогул усе ўдзельнікі гэтага здарэньня – ад адмірала Чычагава да шэраговых казакаў – знаходзіліся ў Дзеючай арміі. Кампетэнцыі ў грамадзянскага суда адклікаць афіцэраў у Менск, каб атрымаць іх паказаньні, суд ня меў, ды і хто б гэта дазволіў. Абоз забраных у Нясьвіжы каштоўнасьцяў стаяў тут пад аховай. Таму ўсё пайшло натуральным шляхам – Бургельскі скардзіўся на армію Чычагава, справа датычыла ваенных, і мы, магу шчыра прызнацца, з прыемнасьцю зьнялі з сябе такі клопат, перадаўшы яго ў ваенны суд.
– А ў чым палягала прычына прыемнасьці? – спытаў я.
– Справа гэтая ва ўсіх сваіх кампанентах цьмяная, – растлумачыў Каменскі юрыдычныя падставы тых даўніх пачуцьцяў. – Незразумела па якіх артыкулах яе класіфікаваць, каму канкрэтна выстаўляць абвінавачваньні ці хоць бы прэтэнзіі. Каштоўнасьці, канешне, належалі роду Радзі­вілаў, але ішла вайна, а князь Дамінік узяў бок Напалеона, гэта значыць парушыў прысягу. Як вырашыць – абрабаваны ён, ці армія рэквізавала каштоўнасьці, якія ён хаваў у сьпецыяльна ўладкаваным патаемным памяшканьні? Зразумела, што не абрабаваны, доказам чаго служыць абоз з аховай. Само пералічэньне каштоўнасьцяў у скарзе носіць агульны характар, а суду патрабуюцца канкрэтныя рэестры, патрабаваць жа дакладнага вопісу забраных рэчаў Бургельскі не здагадаўся ці не насьмеліўся.
– Аднак вось жа насьмеліўся ён выпрасіць даведку аб змушанасьці адкрыць тайнае сховішча адміралу Чычагаву? – нагадаў я.
Каменскі ўсьміхнуўся:
– Гэта ён з вялікага страху выпрасіў. Ці мог ён прадбачыць, што ўладар нясьвіжскага замка Дамінік Радзівіл загіне на поле бітвы? На выпадак княжага гневу хацелася мець яму такое неабвержнае сьведчаньне армейскага ціску.
– Але магло і так быць, што не захацеў патрабаваць вопіс, – выказаў здагадку я. – Калі падпісаўся – выходзіць, усе каштоўнасьці на забраньне блаславіў.
Каменскі ўпершыню ўважліва на мяне паглядзеў.
– Магчыма, – з сумнеўным роздумам сказаў ён. – І звычайныя людзі здольныя на дзіўныя рашэньні.
– Цікава, – задумліва сказаў я, – Бургельскі сам прывёз скаргу ў суд і аддаў вам?
– Так, – пацьвердзіў Каменскі, але з прыкметнай напругай. – Ён служыць у майго кліента, і я прыняў яго скаргу да выкананьня.
– А вам, пан Каменскі, – пацікавіўся я, – не даводзілася бачыць каштоўнасьці Радзівілаў.
– Некаторыя рэчы бачыў, – прызнаў ён задаволена. – Як паверанаму князя Дамініка, а раней– яго апекуноў, па маёмасных справах і спрэчках – заклад маёнткаў, здача фальваркаў у арэнду, мне даводзілася часта бываць у замку. Князь трымаў у сваім кабінеце калекцыю старой зброі, там былі вельмі дарагія экземпляры. Бачыў шлюбны ложак Людовіка чатырнаццатага з калонамі і балдахінам для аховы ад блох, які прывезьлі ў Нясвіж з каралеўскага палацу ў Варшаве. Бачыў розныя дробязі з золата і серабра. Іншым разам каштоўнасьці выстаўляліся на агляд гасьцей. Князя Дамініка наўрад ці магчыма назваць паклоньнікам даўніны, ён быў сучаснага выхаваньня, але калі ажаніўся з кузінай і пачаў гаспадарыць у замку, то правёў, наколькі я ведаю, агляд усіх калекцыяў і быў складзены для яго нейкі рэестр. За дзьвесце гадоў там шмат чаго назапасілася – і падарункі, і з пасагам жонак многа прыходзіла, і трафеі, канешне, і ўласных мануфактураў лепшыя вырабы, але Радзівілы і набывалі шмат…
Пасядзеўшы хвіліну моўчкі, нібы ўзгадваючы яшчэ нешта аб каштоўнасьцях, Каменскі завяршыў сваё пералічэньне нечакана, з ноткамі вымовы.
– Адмірал Чычагаў, генерал-маёр Тучкоў і афіцэры Малдаўскай арміі, – сказаў ён, – аказаліся першымі, хто за два стагоддзі апроч Радзівілаў уваходзілі ў патаемную скарбніцу.

Помста па-габрэйскі

– Усё некалі мае канец, – адгукнуўся я банальнай мудрасьцю, бо само захоўваньне каштоўнасьцяў, ацэненых у дзесяць мільёнаў залатых, у падвальных сховах замка, здавалася мне старасьвецкай банальнасьцю. – А як вы мяркуеце, чаму нясьвіжскія габрэі атрымалі такую значную ролю ў скарзе Бургельскага? Такое ўражаньне, што калі б не габрэі, то нічога ў замку не здарылася б, і скарбы па сёньня ляжалі б у захаванасьці за фальш-сьцяной.
– Вы маеце рацыю, – пагадзіўся Каменскі, – так і ёсьць. Афіцыйная пасада Альберта Бургельскага называлася “загадчык замкавай гаспадаркі”. Па старому яго называлі “камендантам”, “шамбелянам”, ён адказваў за штаты слугаў, захаванасьць мэблі, пастаўкі прадуктаў. Але аб тым, што ён – захавальнік скарбаў Радзівілаў, мала хто мог ведаць. Можа толькі князь Дамінік, ды яшчэ пара самых давераных слугаў. А вось габрэі даведаліся і падказалі Кнорынгу, менавіта каго трэба на гэтую тэму пытацца. Габрэі мелі дзьве падставы для свайго благога ўчынку. Першая – таму што па прыроджаным характары сваім намагаліся на ўсялякі выпадак падлашчыцца да вайскоўцаў. Другая – у значных для габрэйскага асяроддзя асобаў была даўняя крыўда на дзядзьку Дамініка Радзівіла, які апекаваў нясьвіжскія маёнткі ў гады малалецтва пляменьніка. Узаемадачыненьні габрэяў з панамі ў нас на Літве – складанае пытаньне, – нечакана зазначыў Каменскі. – Вам не даводзілася жыць у літоўскіх губернях?
– Мой родавы маёнтак пад Талачыном, – паведаў я.
– А-а! – быццам бы ўзрадаваўся Каменскі. – Тады вам лёгка зразумець. Радзівілы, як дарэчы і ўсе ўплывовыя нашы магнаты, мелі звычку браць у габрэяў крэдыт. Зразумела, усё афармлялася дакументальна. Але два даўжнікі, бацька Дамініка князь Геранім і яго родны брат князь Караль, рана сышлі з гэтага сьвету, пакінуўшы наступніку свае абавязацельствы. Дамініку тады было чатыры гады. Немалы гурт крэдытораў – Мозес Шмуля, Беняш Шлома, Мануэль Забельмельц, Гертан Рапапорт, Саламон Самсановіч і яшчэ некалькі – зрабілі фальсіфікаты даўгавых расьпісак, павялічыўшы, натуральна, велічыню свайго крэдыту. Разьлютаваны іх воўчым апетытам тагачасны апякун ардынацыі князь Міхал Радзівіл пасадзіў махляроў у замкавую турму, некаторыя правялі там не адзін год. Справа цягнулася да паўнагадовасьці князя Дамініка. Думаю, нясьвіжскі кагал запісаў турэмныя бедствы сваіх аднаверцаў у гісторыю габрэйскіх пакутаў. Убачыўшы на вуліцах уланскі полк Кнорынга, былыя вязьні пасьпяшаліся выказаць сваю дасьведчанасьць…
– Вытанчаная помста, – прызнаў я. – Але чаму пан Бургельскі аказаўся такі баязьлівы?
– Ня болей за іншых, – не пагадзіўся Каменскі. – У яго два сыны-падлеткі. Ды і страшыліся ўсе вяртаньня расейскіх войскаў. Толькі пасьпелі дыфірамбы Напалеону прасьпяваць, а ўжо крычаць трэба – “французскі злодзей”. Ды і проста боязна, калі ўваходзіць полк, і ў кожнага ў руках стрэльба.

Урачыстая сустрэча французскіх полчышчаў

Лёгка было пагадзіцца, што такая боязь абываталяў мае падставы. Адкуль чалавеку ведаць, што ў ягоны дом не заскочыць нейкі салдат, якому чорт нашэптвае на вуха націснуць курок. Сам пан Каменскі, магчыма, зьведаў падобныя пачуцьці, і я пацікавіўся:
– А чым займаліся вы ў тыя шэсьць месяцаў вайны?
– Сядзеў ля печы ў сваім доме, – жартаўліва адказаў Каменскі, але адчуўшы, што на такі жарт я не адгукнуся, распачаў шырокі адказ, які мяне моцна зьдзівіў.
– Французы наступалі гэтак хутка, што менскі грамадзянскі губернатар пан Добрынскі ўжо 25 чэрвеня адпусціў усіх чыноўнікаў і сам выехаў з атрадам унутранай стражы, даручыўшы захаваньне парадку ў месьце магістрату. Вы ўяўляеце, – зьвярнуўся да мяне Каменскі, – у горадзе ніводнага салдата, чынавенства ва ўцёках, а берагчы двары ад рабункаў, а жыхароў ад гвалту даручана самім абываталям. Вядома, горад быў ахоплены хваляваньнем, гаворачы праўду, панікай. Таму ў гэты ж дзень быў абраны гараджанамі Часовы Савет, і мне як юрысту, старшыні першага дэпартаменту галоўнага суда, даручылі яго ўзначаліць. У таварышы мае прызначылі Вінцэнта Ходзьку і менскага павятовага маршалка Ігнацыя Манюшку…
– Ці ня той гэта Манюшка, – удакладніў я, – які сфарміраваў для французскай арміі конна-егерскі полк з мясцовых валанцёраў за ўласны кошт?
– Так, гэта ён, уладальнік Сьмілавічаў, – прызнаў Каменскі, яўна незадаволены гэтакімі маімі ведамі. Магчыма ён рашыў, што я больш дасьведчаны ў даўніх падзеях, і таму стаў шматслоўны, каб пазьбегнуць непрыемных удакладненьняў.
– Увечары таго самага дня прыйшла вестка, – казаў Каменскі, – што заўтра ў горад войдуць войскі маршала Даву. Каб атрымаць мірныя гарантыі жыхарам, самым ранкам мы з маршалкам Манюшкам выехалі за горад і на Ракаўскім тракце сустрэлі французскі авангард, ну а на ўрачыстай сустрэчы ля гарадской заставы ад імя менскага жыхарства сустракаў маршала і прамаўляў князь Міхал Пузыня.
– І што ён казаў у сваім прывітаньні? – спытаў я, бачачы, што ўспамі­ны аб ролі сваёй падчас сустрэчы французаў псуюць Каменскаму настрой.
– Што ён меўся сказаць на вачах французскага корпуса, – не захацеў узгадваць Каменскі. –Рытуальныя словы, што звычайна прамаўляюць у такіх выпадках, каб не злаваць ваенных. Што горад шчасьлівы вітаць вялікага Напалеона ў асобе маршала Даву і праслаўленыя войскі імператара, якія нясуць вызваленьне ад расейскага прыгнёту. А тут на плошчы, – Каменскі паказаў на акно, – Даву і ягоных афіцэраў віталі менскія дамы, увесь шлях у гэты губернатарскі дом, які ён заняў, выслалі жывымі кветкамі. Іграў аркестр, білі званы на касьцёльных вежах, увесь натоўп крычаў “Віват!” Даву заверыў абываталяў, што непераможная армія Напалеона зьявілася вярнуць палякам Айчыну, і яе палкі ці па­крыюць зямлю сваімі трупамі, ці здабудуць палякам радзіму ва ўсім яе былым тэрытарыяльным аб’ёме.
– Добра, што маршал Даву, – адзначыў я, – аказаўся верны свайму слову.
– Мяркуючы, што менавіта такім фіналам для французаў усё завершыцца, – працягваў Каменскі, падкрэсьліўшы свае прадчуваньні, але я яму не паверыў, – праз дзень я склаў свае паўнамоцтвы. Тым болей, што прыбыў генерал Бранікоўскі, прызначаны Напалеонам у менскія губернатары, і была створаная адміністрацыя і мясцовая жандармерыя з правамі ваеннага суда. Здарылася некалькі рабункаў на навакольных дарогах, але рабаўнікоў публічна расстралялі, і ўладкаваўся пэўны парадак…
– Але менскі галоўны суд працягваў дзейнічаць? – спытаў я.
– Суды пры любой уладзе дзейнічаюць, – агульна адказаў Каменскі. – Заўсёды ёсьць парушэньні, скаргі, запаветы, уступленьне ў правы. Ды шмат чаго. Да таго ж парадак нядоўга мог пратрымацца. Горад быў літаральна набіты вайскоўцамі. Тут фарміраваўся пяхотны полк, сюды прывозілі параненых і хворых. Напачатку быў абсталяваны адзін лазарэт, пад які французы занялі гімназію. Потым раненыя пайшлі патокам, і пад лазарэты занялі уніяцкую царкву, усе манастыры, Кацярынінскую царкву, нават турму, пошту і больш за паўсотні лепшых прыватных дамоў, адкуль жыхароў вы­гналі. У гімназіі, напрыклад, замест двухсот размесьцілі сем сотняў параненых, і так паўсюль. Ну, а ўсё гэта маёмасныя страты і прэтэнзіі…

Неасьцярожнасьць князя Дамініка

Апавяданьне аб службовых высілках сваіх у ваенныя месяцы ў гарадской адміністрацыі моцна Каменскага прыгнятала, неаспрэчнай рабілася яго немалая роля ў зьяўленьні нясьвіжскай скаргі на ворагаў “адраджэньня радзімы ў поўным тэрытарыяльным абёме”, і ён вырашыў аддаліцца ад малапрыемнай яму тэмы свайго мінулага.
– А што вы рабілі ў той час? – спытаў ён.
– Вёў свой полк з баямі спачатку ад французаў, потым – усьлед за імі.
Гэтая істотная, прама супрацьлеглая розьніца заняткаў адбілася на нашай гутарцы нядоўгай паўзай, як бы аддадзенай на роздум аб шляхах лёсу.
– Каштоўнасьці, – вырашыў зазначыць Каменскі, – не даюць людзям шчасьця. Тут у Менску здарылася некалькі рабункаў, нават забойстваў з мэтаю разбагацець. Як кажуць, свой свайго, сусед суседа… Можна толькі дзівіцца, чаму людзей зачароўвае бляск скарбаў. Нашмат болей карысьці ў нерухомасьці…
Я прызнаў яго думку слушнай, адзначыўшы, што, сапраўды, уся нерухомасьць Радзівілаў засталася некранутая, гэтак жа, як і іншых уладальнікаў маёнткаў.
– Чаму князю Дамініку было б не паклапаціцца аб сваіх каштоўнасьцях загадзя, – пацікавіўся я. – Перавезьці ў болей надзейнае месца.
– Войскі ўвайшлі ў Маскву, Напалеон стаяў у Крамлі, – патлумачыў Каменскі, – тут усё жыхарства гадала, як хутка прызначаць выбары караля і спрачаліся паміж сабой аб кандыдатурах. Якую большую гарантыю бясьпекі сваіх нясьвіжскіх уладаньняў мог атрымаць князь?
– А наогул як гарантавалася захаваньне каштоўнасьцяў? – спытаў я. – Усё ж гіпатэтычна існавала верагоднасьць, што князь можа загінуць, а скарбы застануцца ў схове. Як бы яны вярнуліся да наступнікаў?
Каменскі задумаўся і пачаў разважаць:
– Ёсьць некалькі варыянтаў. Бургельскі мог запрасіць сваякоў князя і пры іх разьбіць сьцяну. Мог перадаць ім каштоўнасьці з некаторымі, гэтак сказаць, выняткамі. Мог нічога не перадаваць, калі ня меў на гэты конт інструкцыяў, і тады новыя ўладальнікі замка мусілі б шукаць сямейныя скарбы самастойна.
– Вось зараз ёсьць новы ўладальнік, – сказаў я. – Прызначаны гасударам. Значыць, ён можа адшукваць зьніклыя каштоўнасьці?
– Гэта быў бы надзвычай цікавы працэс, – разьвесяліўся Каменскі. – У каго б ён адшукваў? У пана Тучкова? У пакупнікоў на аўкцыёне? У захавальніка імператарскіх каштоўнасьцяў? І на якой падставе каштоўнасьці нясьвіжскай лініі Радзівілаў могуць быць прызнаныя спадчыннай маёмасьцю прускай лініі роду? Ну, нерухомасьць – зразумела, можна перадаць указам, а золата, брыльянты – ніяк. Тут ужо адпаведна прыказцы: што з возу ўпала – тое прапала…
Аспрэчваць гэтую народную мудрасьць не даводзілася, яна была практычна пацьверджана, але ўсё ж, на маё разуменьне, падзеньню замкавай скарбніцы паслужылі ня гэтак помсьлівая балбатня нясьвіжскіх габрэяў, колькі дзіўнае жаданьне адмірала атрымаць скарбы хоць бы праз пакуты слугаў…

Моц непрыкметных чыноўнікаў

Позна вечарам, калі я клаўся спаць на гасьцінічную пярыну, прышло да мяне разуменьне судовай справы супраць генерал-маёра Тучкова, якая завялася тры гады назад. Задзьмуўшы сьвечку, паклаўшы па звычцы пад галаву кулак, я ляжаў, гледзячы ў начное вакно, і ўсе ўражаньні мінулага дня праплывалі перад вачыма, перастройваючыся па нейкім уласным ранжыры, і адкрылася мне простая, без усялякіх інтрыгаў і прыкрасаў праўда. У бедствах Тучкова, зразумеў я, галоўным віноўнікам быў не Чартарыйскі, і не Агінскі, і тым болей ня сьвецкая прыгажуня польскага паходжаньня Марыя Нарышкіна, а непрыкметны менскі масон і адначасна служка Феміды, высілкамі якога скарга Бургельскага атрымала юрыдычную форму і ход. Не выпадкова яна зьявілася на сьвет у студзені пасьля Маніфесту гасудара, які дараваў віну польскім удзельнікам вайны і дабраахвотным службоўцам французскай адміністрацыі на захопленых землях. Менавіта нядаўні старшыня Часовага менскага савету, які першым пасьпяшаўся прывітаць маршала Даву на Ракаўскім тракце, перакананы ня меней за князя Радзівіла ў напалеонаўскіх гарантыях адраджэньня польскай дзяржавы і неадменна трымаўшы пасаду паверанага князя да вайны і ў часе яе, працягнуў сваю службу і прадыктаваў захавальніку скарбаў правільны тэкст сьлязьлівай просьбы, пад якім той паставіў свой подпіс.
І аказалася, што спружыну бурлівай інтрыгі, у якую ўцягнуліся Кутузаў, Аракчэеў, Аўдытарскі дэпартамент, нават гасудар, накруцілі вельмі малыя інтэрасанты. Бургельскі паказаў на вайсковую сілу, якой мусіў падпарадкавацца. Каменскі прыняў сваю ж творчасьць да разгляду з прычыны абавязкаў перад уплывовым кліентам. Абодва ня ведалі аб Аракчэеве, аб варожасьці паміж камандуючымі, не маглі напісаць Агін­скаму ці, тым болей, фаварытцы гасудара. Гэта пазьней ужо, калі справе задалі рух, высьветлілася, што скарга мае набор козыраў для помсьлівай гульні саноўных персонаў. Але ніводзін з гульцоў, якога абставіны запрасілі прыняць удзел у гэтай партыі, не прызнаецца з якой асабістай мэтай вёў гульню.
А мая аўдытарская місія, якая аплочваецца з дзяржаўнага скарбу, у тым палягае, каб прызнаць фальшывыя карты за сапраўдныя. Ну ўжо не, падумаў я, нашто мне прыслужваць за такім прэферансам!

Захавальнік княжацкай скарбніцы
Шляхетны спадарожнік

Дзеля справядлівасьці мушу адзначыць, што пан Каменскі, хоць я і адчуваў да яго непрыхільнасьць за двухаблічча, а ён ня мог гэтага не адчуваць, паставіўся да маёй місіі з разуменьнем і дапамог пазьбегнуць лішніх нязручнасьцяў. За тыя некалькі дзён, якія я правёў у Менску, губернскі сакратар напісаў знаёмым сваім, якія служылі ў Камісіі па разгляду гаспадарчых справаў Радзівілаў, і я ехаў у Нясьвіж, забясьпечаны прытулкам у замку. Ужо адразу па прыезьдзе я ацаніў, наколькі істотна была такая дапамога, – у заштатным Нясьвіжы прыстойная гасьцініца адсутнічала, і я мог пасяліцца хіба што ў казармах конна-артылерыйскай роты, чаго ні мне, ні артылерыстам, канешне, не хацелася.
У дарозе, на паштовай станцыі Койданава, куды мы заехалі адзначыць падарожную, здарылася ў мяне цікавае знаёмства, пазьней яно аказалася і карысным. На станцыі было шмат праездных, якія чакалі свабодную за­прэжку, мае дакументы ставілі мяне ў выключнае перад астатнімі стано­вішча, што, зразумела, выклікала да мяне адпаведную непрыязь і зайздрасьць. Адзіны, хто ня кінуў на мяне непрыхільны позірк, быў малады чалавек, проста апрануты, моцнага складу, але зморанага выгляду; касьцюм яго і боты, пакрытыя пылам, падказвалі, што вандруе ён часьцей пехатой, чым у брычцы. Ён адчужана ад рэчаіснасьці сядзеў ля варот. Непрыемная ж рэчаіснасьць была ўвасоблена кампаніяй падпітых паноў кепскага выхаваньня – па зьнешнасьці дробных арандатараў ці эканомаў; іх шумная размова і грубыя галасы адгукаліся пачуцьцём недасканаласьці чалавечай прыроды. Праклінаючы фурманаў, дазорцу, “жаданьні некаторых” пралезьці наперад, папіраючы справядлівасьць быццам яны лепшыя за ўсіх на сьвеце (што, зразумела, тычылася мяне), лішак нікчэмных лю­дзей на дарозе, неяк блізка гэтыя панкі да маладога чалавека падступалі, нібыта ён быў стваральнікам “лішкаў” на паштовым тракце. Веяла ад іх жаданьнем супакоіць сваю ўзбуджанасьць праз скандал.
Ёсьць нямала людзей, якім робіцца лягчэй на душы, калі яны каго-небудзь аблаюць ці штурхнуць, – хоць і не паскорыцца ад гэтага іхні рух наперад. Узгадалася мне, як я, па выхадзе з лазарэту, гадзінамі мог гля­дзець на аблокі ў небе, дзівуючы і радуючыся, што застаўся жывы на гулянках сьмерці, і як не хацелася мне рэзкіх рухаў, спрэчак і канфрантацыі. Досьвед мой падказваў, што гэты чалавек яшчэ нядаўна быў салдатам і шмат нацярпеўся. На маё пытаньне, у які бок яму ехаць, малады чалавек адказаў: “Да Міру”. Я сказаў, што мне ў Нясьвіж і запрасіў яго з сабой; калі нашая брычка пакаціла са станцыі, нас праводзілі злосныя позіркі і нямыя пракляцьці зайздросьнікаў.
Мы пазнаёміліся, зваўся малады чалавек Фелікс Сабковіч. Высьвет­лі­лася, што ён вяртаецца дадому па выхадзе з былога літоўскага палка, цяпер прынятага ў новастворанае польскае войска. Размова набыла цікавасьць, калі ён паведаміў, што быў паручнікам у першым егерскім літоўскім палку, які ўдзельнічаў у баях пад Нова-Сьвержнем, у Менску, пры Студзёнцы.
– Ці давялося вам бачыць Напалеона? – спытаў я.
– Аднойчы давялося, – адказаў ён даволі абыякава. – Імператар прайшоў уздоўж нашых пастоў да пераправы, уганараваўшы нас прывітаньнем.
– Размаўляў з вамі?
– Не, зразумела. Зірнуў на нас і кіўнуў галавой. Наперадзе і ззаду крочыла яго Старая гвардыя. Яны ўліліся ў калону і ступілі на мост, толькі абледзянелыя дошкі патрэсквалі пад іх нагамі.
– А князь Дамінік Радзівіл быў на пераправе?
– Таксама перайшоў на той бок з французскай гвардыяй.
– Тыдні за два да Беразіны, – сказаў я, – з нясьвіжскага замка Малдаўская армія забрала ягоныя скарбы. Аб гэтым не было там размоваў?
– Хто мог думаць пра скарбы ў той мясарубцы, – пасьміхнуўся Сабковіч. – Там за кавалак хлеба давалі брыльянт. Ды і чаго на вайне каштаваў Радзівіл? Сотні такіх былі ў Напалеона. У якасьці ўланскага камандзіра нічым ён ня вызначыўся. Ды і да вайны толькі тым уславіў сябе, што аддаў за развод з першай жонкай два з паловай мільёны.
– Колькі? – перапытаў я.
Ён паўтарыў лічбу, суправаджаючы яе тлумачэньнем:
– Другой яго жонкай была кузіна – Тэафіля Мараўская з Завушша. Ёй таксама давялося скасоўваць шлюб з першым мужам. Завушша недалёка ад нашай сядзібы… Я гэтую Тэфку дзясяткі разоў бачыў у нашым парафіяльным Ішкальдзьскім касьцёле на сьвяты…
Нейкі час мы ехалі моўчкі, бо я вылічваў, колькі гадоў трэба мне па­служыць, каб сабраць два з паловай мільёны. Вынікала, што, калі не аднаўляць мундзір, то патрэбная сума набярэцца за тры стагоддзі.
– Цікава, – спытаў я свайго спадарожніка, – а як князь расплочваўся за развод – залатымі ці асігнацыямі?
– Ня ведаю, – усьміхнуўся Сабковіч, – думаю, залатымі.
– А вам у палку выплочвалі грошы?
– Павінны былі. Але, як бывае, грошай ніхто ў вочы ня бачыў. Ды і што там грошы? Атрымаў, схаваў у мундзір, а ўжо куля ляціць… З нашага палка хіба толькі пятая частка ацалела.
– Няўжо вы верылі, што французы перамогуць?
– А чаму было ня верыць? Перамаглі ж пад Аўстэрліцам. Маскву ім саступілі. Уся Еўропа верыла. Старыя легіянеры Дамброўскага. Маршал Панятоўскі. У нас у Наваградскім павеце кожная сям’я. Нават мой бацька, а ён скептык ад прыроды…
– І вам падабаўся Панятоўскі?
– Так. Думаю, яго абралі б новым каралём. На Беразіне ён ніводны польскі і літоўскі полк не пакінуў, усе перайшлі пераправу. Паверце, у тых умовах гэта заслугоўвала ўдзячнасьці.
– Ягоны дзядзька быў каралём Польшчы і падпісаў акт адмовы ад кароны. Нават войска пабаяўся ўзначаліць, – сказаў я. – Ня надта каралеўскі ўчынак.
– Дзядзька бязвольны быў. А маршал Панятоўскі ня стаў бы падпісваць. Ён таму і пайшоў з Напалеонам, каб такую ганьбу з роду змыць.
– Але вось жа шануемы палякамі Касьцюшка не пайшоў з Напалеонам?
– Стары быў, – сказаў Сабковіч. – У маладыя гады не ўсядзеў бы ў Парыжы. А я быў студэнт. Хто ў дваццаць гадоў паверыць, што ён – гарматнае мяса на чужой вайне. Хочацца славы, ордэнаў, захапленьня паненак, вяртаньня на белым кані… Гэта потым пачынаеш думаць, калі войскі адступаюць, сяброў пахаваеш: што я тут раблю, за тысячу вёрст ад роднага дому? Што сабе тут здабыць планую?
– Усе заднім розумам моцныя, – пагадзіўся я. – А чаму ў егерскі полк падаліся, маладыя шляхцічы звычайна ў кавалерыю імкнуцца?
– Афіцэрскі патэнт для ўлана шмат каштаваў. Бацька грошы ня даў, і каня яму было шкада пускаць пад кулі. Сказаў: мы ж з маці каня ня зробім, калі заб’юць, а такіх, як ты, наробім яшчэ. Такі вось быў жарт у яго, каб сьлёзы схаваць, – прызнаўся Сабковіч. – А я трапна страляў. У дзяцінстве бацька вучыў мяне з пісталета сьвечку гасіць за дзесяць крокаў. Ранкам аглядаў – ці не пашкоджана куляй. Ён у Пане Каханку лясьнічым служыў…
– А хто гэта “Пане Каханку”?
– Князь Караль Радзівіл, дзядзька Дамініка, – патлумачыў Сабковіч. – Праўда, ён памёр даўно. Бацька расказваў, што звычку ён меў да ўсіх зьвяртацца “Пане каханку”. Што мужык, што шляхціч – усё роўна “Пане каханку”. Мог сказаць “Пане каханку, ты ў мяне стажок сена скраў!” – і кулаком па вуху. Князь Пане Каханку сам добра страляў, мог ініцыял намаляваць кулямі. Калі будзеце ў нашых мясьцінах, наведайцеся ў госьці, сядзіба Сабковічаў, бацька можа шмат пра князя расказваць. Не пашкадуеце, а мы будзем рады. Бацькі мае – надта гасьцінныя. Гэта недалёка ад Завушша…

Радавое гняздо Радзівілаў

Разьвітаўшыся на скрыжаваньні са сваім новым знаёмым, мы збочылі з бальшака налева і праз гадзіну язды цудоўнай лясной дарогай апынуліся на ўскрайку Нясьвіжа. Замкавыя і касьцёльныя вежы загадкава ўздымаліся над зелянінай яблыневых садоў. Хутка выехалі мы на плошчу, занятую ратушай і гандлёвымі крамамі ў цэнтры, а па баках яе стаялі езуіцкі калегіум, бенедзікцінскі кляштар, занядбалая праваслаўная царква і багатая ў параўнаньні з ёй сінагога. Габрэйскія твары з экзатычнымі бародамі і пейсамі дамінавалі і ў негустым натоўпе, які гэтую плошчу ажыўляў. Магчыма, сярод іх былі і мсьціўцы, якія кінуліся да палкоўніка Кнорынга паведаміць пра “незьлічоныя багацьці”. Не выклікала сумневу, што дазваленьня на разгром замка гэтыя нясьвіжскія абітальнікі ні ў Кнорынга, ні ў Тучкова атрымаць не маглі, тут захавальнік скарбаў безпадстаўна навыдумляў. Хто ведае, можа, у яго меліся свае крыўды на прадстаўнікоў гэтага народу, і ён палічыў за неабходнасьць кінуць на іх нядобры цень. Цяпер гэтыя асобы з цікаўнасьцю паглядвалі на нас з Дзянісам, ацэньваючы нашую карыснасьць для іхніх гешэфтаў. Ля ратушы фурман узяў улева і, праехаўшы кароткай брукаванай вуліцай міма касьцёла і шматяруснай старадаўняй вежы з чырвонай цэглы, спыніўся перад жалезнымі каванымі варотамі; за імі пралягала гаць між двума азёрамі, па якой брукаваная дарога вяла да замку. З маленькай вартоўні, што ляпілася да каменнага слупа, выйшаў стары вартаўнік, я сказаў яму, што мы з ваеннага міністэрства да Альберта Бургельскага, і ён, грымнуўшы засаўкай, адчыніў вароты.
Уваход у родавае гняздо Радзівілаў уяўляў сабой моцную мураваную пабудову, над якой узносілася высокая аглядальная вежа са сьпічакам. Прайшоўшы працяглай падваротняй, мы апынуліся ва ўнутраным замкавым двары, шчыльна аточаным па перыметры будынкамі рознай вышыні; у сярэдзіне яго пад каронамі некалькіх бяроз быў калодзеж з ажурным каваным аздабленьнем. Палацавы фасад насупраць брамы зьдзівіў мяне прэтэнцыёзнай ляпнінай у стылі ампір, перанятым з парыжскай моды напалеонаўскіх часоў. Сьцягі, гарматы, зброя, якімі быў упрыгожаны франтон, глядзеліся на фоне суседніх старых будынкаў сьвежай памятнай шыльдай аб нешчасьлівым лёсе ўладальніка замка. Быццам князь Дамінік ведаў, як загіне, і загадзя заказаў сабе помнік.
Пакуль нейкая замкавая служанка адшуквала пана каменданта Бургельскага, я пасьпеў аглядзецца. Выгляд у замка быў ня надта жылы, некалькі акон былі чыстыя, на астатніх сонечнае сьвятло паказвала даўно аселы налёт пылу, некалькі акон і зусім былі забіты дошкамі, што нагадвала мне мой сядзібны дом да яго частковага добраўпарадкаваньня. У далёкіх кутах з абодвух бакоў палацавага фасаду, падваротні вялі ва ўнутраныя двары, пазбаўленыя ўсялякіх прыкметаў жыцьця. Наогул на ўсім ляжала пячатка хваравітай дрымоты. Калі сюды ўвайшоў уланскі полк Кнорынга, і калі тут сышоў з каня генерал-маёр Тучкоў, а ўсьлед прыбыў адмірал Чычагаў, тут усё, падумаў я, выглядала больш весела, усё было сагрэта таямніцай, чароўнай сілай прыхаваных золата і каштоўных камянёў. Тучкоў і ўланы засьпелі тут жыцьцё, а я засьпеў запыленае чучала замка, накшталт тых старажытных шкілетаў у Кунсткамеры, з якіх вучоны сакратар змахваў страўсіным пяром пыл…
Неўзабаве ўзьнік на двары праінфармаваны аб маім прыбыцьці камендант Бургельскі. Я назваўся, ён назваўся, і адразу па гэтай цырымоніі камендант павёў мяне і Дзяніса ў падрыхтаваныя для нас пакоі. Мой пакой на другім паверсе левага корпусу быў абсталяваны даволі ўтульна – ложак, стол, шафа, чатыры старых цяжкіх крэслы, на сьцяне вісеў партрэт невядомай асобы ў кунтушы, у куце каля дзьвярэй знахо­дзіўся рукамыйнік. “Раней абсталёўка была болей багатая”, – сказаў Бургельскі з намёкам на наведваньне замка войскамі 3-й арміі. “На мой позірк, яна выдатная. Лепей і ня можа быць!”, – адгукнуўся я, наносячы рану яго ўспамінам. Праз акно адкрываўся маляўнічы від на замкавы роў, зацягнуты зялёнай раскай, і выцягнутае да гарызонту вялікае возера, упрыгожанае на супрацьлеглым беразе сьцяной старога лесу. Пакой для дзеншчыка знаходзіўся паверхам вышэй, і абсталёўка там была адпаведна больш сьціплая – ложак быў вужэйшы і цьвярдзейшы, замест шафы стаяла вешалка, крэсла рыпела, а рукамыйнікам служылі вядро і гліняны жбан, затое від з вакна ўражваў значна болей.

Захавальнік скарбаў паказвае замак

Пану Бургельскаму было за пяцьдзясят, гэты ўзрост прыкметна выяўляўся ў яго знешнасьці – пры сярэднім росьце ён быў ужо занадта мажны, валасы добра захаваліся на скронях і патыліцы, хоць ён мог пахваліцца густымі вусамі, рухі яго былі нетаропкія, а на твары, пакрытым сеткай зморшчынаў, прачытвалася чаканьне невядомых непрыемнасьцяў. Магчыма, я меў бы такі ж невясёлы выгляд, калі б дакументы майго першага стала прыбыў правяраць граф Аракчэеў.
Праз паўгадзіны мы сустрэліся ля пад’езду чатырохпавярховага палацу з напалеонаўскай эмблематыкай, і я папрасіў Бургельскага паказаць тыя памяшканьні, абсталяваньне якіх пацярпела, як напісаў ён у сваёй скарзе, ад войскаў Чычагава і корпуса Тучкова. Такая задача прывяла да таго, што мы абышлі ўвесь замак за выключэньнем паддашкаў, гарышча і дазорнай вежы над ўязной брамай. Дзеля наданьня большай афіцыйнасьці агляду, я ўзяў з сабой дзеншчыка, які такім чынам атрымаў шырокую дасьведчанасьць пра княжацкае жытло, чым у далейшым часта выхваляўся ў сваім асяроддзі. Пад Астроўнай у баі з уланамі князя Дамініка загінуў яго блізкі сябра; цяпер Дзяніс мог выклікаць з памяці ягоны цень і падумаць наколькі непрадказальныя пуцявіны лёсу – ці мог ён марыць, што будзе хадзіць у ботах па паркеце княжых пакояў.
Пан Бургельскі размаўляў па-руску дрэнна, яму не хапала словаў, абавязковы ж польскі націск на прадапошні склад скажаў некаторыя словы да непазнавальнасьці, што ператварала яго тлумачэньні ў рэбус, і я сказаў, што буду размаўляць з ім па-польску. Гэтая прапанова палепшыла яго настрой; магчыма, ён вырашыў, што я паляк і адчуваю сентымент да разрабаванага гнязда яго гаспадара.
Мы пачалі агляд з чацьвёртага паверху, які займалі Залатая і Каралеўская залы. Яны яшчэ захоўвалі сьляды багатага ўбраньня, а прамакутнікі нявылінялых шпалераў сьведчылі аб творах жывапісу, якія аздаблялі гэтыя сьцены і былі кімсьці забраныя ці скрадзеныя. Потым мы прайшлі залы, якія камендант называў Сенатарскай. Пасольскай, Гетманскай, дзе на адну ацалелую карціну было дзьве сьветлыя пляміны на сьцяне. У бальнай зале, якая мела назву Белай з-за мноства белых паўкалонаў, раней карцін на сьценах не было, але, па словах Бургельскага, тут зьніклі крыштальныя бра. У вялікіх сталовых не хапала паловы мэблі. Падлога з набранага дубовага паркету і пазалота на алебастравым дэкоры нідзе не пацярпелі, аднак дубовыя рэзаныя панелі захаваліся часткова, скрозь дзіры была бачная муроўка і веяла разрухай. На некаторых участках сьценаў, раней закрытых вытканымі шпалерамі, цьмянела старая тынкоўка. У княжых спальнях не было гардзінаў і люстраў, у кабінеце Дамініка Радзівіла не было калекцыі зброі, аб якой узгадваў Каменскі, і сакратэра (“Казакі забралі!” – патлумачыў камендант). Залу, у якой сьцены былі пафарбаваныя ў густы сіні колер, а падлога зробленая накшталт шахматнай дошкі ў чорныя і сьветлыя квадраты з цёмнага і сьветлага паркету, Бургельскі назваў Рыцарскай. Апроч назвы ніякіх рыцарскіх атрыбутаў у зале не было, не прыкмеціў я і сьлядоў якой-небудзь даўняй іх прысутнасьці. “Што тут зьнікла?” – спытаў я. “Нічога”, – адказаў камендант.
Затым мы прайшлі ў бібліятэку, якая пацярпела, на мой погляд, ня болей за Рыцарскую залу. У захаваньні кніг тут назіраўся толькі той парадак, што яны былі разабраныя па мовах – выданьні на французскай, нямецкай, лацінскай, польскай стаялі ў асобных зашклёных шафах, але без усялякага падзелу па навуках і зьмесьце, нават не ў алфавітным парадку – таму рэлігійныя і філасофскія выданьні суседнічалі з любоўнымі раманамі. Ніякіх сьлядоў варварскага стаўленьня казакаў бібліятэка не захавала. На маё пытаньне аб кніжных стратах Бургельскі адказаў, што зьнікла сотня дарагіх кніг. Якіх менавіта ён назваць ня мог, але дарагімі, па яго іранічным тлумачэньні, рэквізітары з ліку казакаў палічылі іх з-за залатога цісьненьня на скураных вокладках.
У нямецкай шафе я прыкмеціў некалькі іншамоўных выданьняў – французскія тамы “Энцыклапедыі”, “Страчаны рай” Мільтана, “Цэнтурыі” Настрадамуса. Магчыма, выявіліся б і іншыя, але прагляд кніг нічога мне не абяцаў. Значна болей зьдзівіла мяне прысутнасьць побач з саліднымі ўзятымі ў скуру тамамі некалькіх непераплеценых брашураў. І вось як дзейнічае інтуіцыя: рука мая міжволі пацягнулася да непрыкметнай брашуры, якая зьмяшчала, як аказалася, твор Ёгана фон Таўпіца пад назвай “Практычныя саветы па ўладкаваньні ў маёнтку таварнай рыбнай гаспадаркі”, да таго ж праілюстраваны планамі патрэбных сажалак. Быццам яно мне сьпецыяльна прызначалася, каб узбагаціць ведамі дзеля зьдзяйсь­неньня мары, якая ўзьнікла ў мяне, калі я ляжаў у лазарэце пасьля раненьня. Я папрасіў дазволу Бургельскага ўзяць кнігу для чытаньня ўвечары, што, зразумела, ён ветліва дазволіў. Цікаўнасьць падштурхнула мяне высьветліць, чым жа заслужыў права стаяць каля “Страчанага раю” томік, адзеты ў несамавіты кардонны пераплёт, тыповы для кніг, прызначаных бедным чытачам. Густы слой пылу на абрэзах служыў сьведчаньнем, што кніга даўно забылася пра дотык чалавечых рук. На тытульнай старонцы гатычнымі літарамі была надрукавана назва яе – “Geschichte Der Mensch­lichen Narrheit”, што я пераклаў як “Гісторыя чалавечага глупства”. Натуральна было зацікавіцца, і пан Альберт не пярэчыў, каб я мог азнаёміцца ў сваім пакоі і з гэтым вырабам нямецкай філасофскай думкі.

Месца допытаў і катаваньняў

Далейшы агляд залаў і пакояў нагадаў мне распытаць аб памяшканьні, якое генерал-маёр Тучкоў абраў для правядзеньня экзекуцыі слугаў. Са смуткам у вачах Бургельскі павёў нас да таго векапомнага месца, дзе генерал-маёр рашуча вырваў з яго галоўную таямніцу нясьвіжскага замка. Пад катавальню былі скарыстаныя вялікія сенцы па суседству з парад­нымі сходамі палаца, цяпер пустыя. Мы ўвайшлі ў змрачнаватае памяшканьне са сьценамі ў паўсажня таўшчыні і склепістай стольлю, дзе ў лістападзе 1812 году захавальнік княжых скарбаў перажыў жах магчымага мардаваньня розгамі і парушыў прысягу свайму гаспадару. Было прыкметна, што знаходжаньне ў гэтых злашчасных сьценах і неабходнасьць дзяліцца ўспамінамі не прычыняе каменданту прыемнасьці, тым болей, што мае пытаньні былі падобнымі да сапраўднага допыту:
– Колькі слуг былі зьбітыя прутамі ў прысутнасьці генерал-маёра?
– Тры.
– Яны што-небудзь казалі аб скарбах?
– Не. Адкуль ім было ведаць.
– Як доўга цягнулася для іх катаваньне?
– Можа, з гадзіну.
– Гэтыя слугі служаць зараз у замку?
– Так, два і цяпер тут.
– Слуг распраналі пры допыце?
– Я як жа! Агалілі да пупа.
– Як білі?
– Прывязвалі да лаўкі і лупцавалі па сьпіне.
– А дзе вы стаялі?
– Вось тут, каля сьцяны.
– А дзе генерал-маёр мардаваў вас голадам і смагай у другі свой візіт?
– У друкарні княгіні Уршулі, – Бургельскі ахвотна паказаў праз акно на падвальныя дзьверы ў прыбудове да таго корпусу, у якім адвялі нам пакоі. Відаць, каменданту хацелася паказаць і другое месца сваіх пакутаў, дзе ня здолелі зламіць яго волю; я пайшоў яму насустрач, выказаўшы жаданьне паглядзець.
Былая друкарня княгіні, якая пакінула гэты сьвет болей за паўстагоддзя назад, займала даволі прасторны паўпадвал. У невялікае закратаванае акенца прабівалася з двара цьмянае святло. Пэўна, некалі ў гэтым памяшканьні стаяў друкарскі станок і пахла фарбай, але цяпер яго аддалі пад захаваньне рознага гаспадарчага хламу – тут стаялі пустыя бочкі, валяліся абрэзкі дошак, непатрэбныя анучы, пясок у скрыні, рыдлёўкі і ламы – застаялы пах забытай каморы не заахвочваў тут затрымлівацца. З даўняга часу добра захавалася печ; старыя дубовыя дзьверы, якія вялі ў падвальныя нетры, былі зачыненыя на замок. На падлозе, выкладзенай з цэглы, ляжаў адвечны слой пылу, падобна было, што пасьля закрыцьця друкарні тут не падмяталі, ва ўсялякім выпадку, пасьля таго, як пад гэтымі скляпеньнямі прыняў пакуты пан Бургельскі. Печ выходзіла на сярэдзіну падвалу, свабодную ад хламу. Я пацікавіўся ў каменданта, ці была напаленая печ у тыя сьнежаньскія маразы, калі ён знаходзіўся тут пад вартай? “Як у лазьні”, – адказаў Бургельскі. – Толькі вады не было!”
Не выказаўшы свайго стаўленьня да яго пакутаў, я пацікавіўся толькі іх працягласьцю:
– Колькі дзён вы тут прабылі?
– Два.
– А што цяпер ў патаемнай скарбніцы?
– Што там можа быць! Пустата.
– Цікава ўсё ж зірнуць.
Бургельскі пакорліва кіўнуў, і мы ўсьлед за ім выйшлі на двор. Тут на яго заклік “Сташак!” з падваротні, якая злучала галоўны двор з унутраным гаспадарчым, зьявіўся старэчых гадоў слуга. “Прынясі паходні” – загадаў яму Бургельскі і павёў нас у левы кут двара да такіх самых дзьвярэй у лёхі. Пакуль ён адшукваў ключ і адкрываў замок, слуга Сташак прынёс некалькі палак з кулямі з прасмоленага пакульля. Адна паходня ўжо гарэла.

Спустошаная патаемная скарбніца

Узброеныя такімі сьвяцільнямі мы ўтраіх сышлі па сходах (я налічыў дванаццаць прыступак да пляцоўкі, на якой мы павярнулі направа, і яшчэ адзінаццаць прыступак уніз), і апынуліся перад складзеным з цэглы прасторным падземным ходам, якім прайшлі крокаў трыццаць. Тунэль цягнуўся далей, але Бургельскі спыніўся перад праломам у бакавой сьценцы, праз які трэба было ўвайсьці ў непраглядны змрок нейкага памяшканьня.
– Вось яна, скарбніца, – сказаў Бургельскі такім тонам, нібыта выдаваў таямніцу наноў. – Была тут, – паправіўся ён.
Мы ўвайшлі ў былое сховішча каштоўнасьцяў. Полымя нашых сьвяцільняў асьветліла ёмістае падзямельле, у якім нічога не было апроч груды бітай цэглы. Хоць я і не чакаў прыкмеціць залаты пярсьцёнак, выпадкам патрапіўшы ў шчыліну, але ўсё ж пустата сховішча моцна прыгнечвала. Само паветра ў схове было нейкае задушлівае, быццам разам з забранымі камянямі і золатам зьнікла з яго жыватворная сьвежасьць, нам засталося толькі ўглядацца ў пыл на сьценах – у самотнае сьведчаньне зьдзейсьненай канфіскацыі. Канфіскатары ішлі наперадзе і здабывалі багацьці, а мы прыцягнуліся ў ар’егардзе, каб вырашыць, колькі было ў гэтым неабходнасьці. І ў сьмелых заборцаў засталася прыемная памяць аб ад­крытым скарбе, падмацаваная, без сумневу, хоць нейкімі сувенірамі, у запаздалага аўдытара, гэта значыць, у мяне, у памяці застануцца толькі сьвятло паходні і жахлівыя цені на голых сьценах у тую хвіліну, калі ён ацэньваў наступствы чужой удачы.
Думаючы аб Чычагаве і Тучкове, я раптам зразумеў, чаму генерал-маёр наважыўся наведаць замак наноў разам з новаатрыманым корпусам. Абводзячы позіркам нізкія скляпеньні і старыя сьцены, на якіх у водблісках агню, як страшыдлы, варушыліся нашыя цені, я, мажліва сказаць, усьвядоміў, што адно гэтае таямнічае сховішча зусім не адпавядае велічы і значнасьці замкавых муроў, што такіх патайнікаў павінна быць некалькі, можа, пяць, ці хоць бы тры. Адно патаемнае месца для сьціплых сямейных каштоўнасьцяў існуе ў кожнай шляхецкай сядзібе. Якая-небудзь нікому, апроч гаспадара, невядомая яма ў склепе ці лядоўні, у якую хаваюць куфэрак з камянямі ці гаршчок са срэбрам, спадзяючыся зьберагчы іх ад рабаўнікоў і забясьпечыць наступныя дні сям’і. Узьвесьці ж на штучным насыпе некалькі будынкаў з дзясяткамі залаў, сотняй пакояў пад спальні, гардэробы, кабінеты, кухні, каморы і задаволіцца адзіным просьценькім падземным сховам для фамільных скарбаў у дзесяць мільёнаў залатых – у такую легкадумнасьць Радзівілаў мне верыць не хацелася. Не, нашэптваў мне здаровы сэнс, гэта не галоўная скарбніца, павінен быць асноўны тайнік, у якім захоўваецца нешта унікальнае і надзвычайнай значнасьці. І ўяўленьне маё малявала рамантычную карціну галоўнага схову: пад адной з каменных плітаў гэтага скляпеньня знаходзіцца лесьвіца, якая вядзе ў склеп, у якім за фальш-сьцяной схавана, кажучы вобразна, радзівілаўская Чаша Грааля – залатыя зьліткі і залатыя скульптуры апосталаў, якія бачыў нябожчык князь Рапнін. А магчыма, трэба прайсьці яшчэ паўсотні крокаў па падземным ходзе, і некранутая скарбніца будзе пад нагамі. Па ёй хадзілі з паходнямі ўланы Кнорынга і казакі Грэкава, а пан Бургельскі, баючыся іх і ненавідзячы, кляўся, што ўжо ўсё вымелі, як мятлой.
– Куды вядзе гэты падземны ход? – спытаў я.
– У лес за возера, – адказаў Бургельскі. – Пад замкам шмат хадоў. Ёсьць ход у касьцёл, можна прайсьці пад зямлёй у ратушу. Гавораць, быў ход у касьцёл сьвятога Міхала, за тры вярсты ад Слуцкай брамы…
– Што азначае “быў”?
– Гадоў сорак назад, калі праганялі езуітаў, касьцёл зачынілі. Ход месцамі абваліўся. Ды і куды хадзіць, там цяпер могілкі. Па зямлі аднясуць, калі спатрэбіцца…
– Дык нашто капалі?
– Не ўяўляю, – паціснуў плячыма Бургельскі.
– А наогул, калі былі збудаваныя гэтыя скляпеньні? Неяк непадобна, каб адначасна з палацам.
– Усё, што пад зямлёй, зрабілі яшчэ два стагоддзі назад, але стары замак шведы зруйнавалі, ад яго няшмат засталося, і дзед князя Дамініка збудаваў новы – палац і ўсе іншыя будынкі. А князь Дамінік толькі адрамантаваў зьверху і аздобіў сьцены ляпнінай.
– Выходзіць, гэтым падземным хадам болей за дзьвесьце гадоў?
– Так, прыкладна дзьвесьце трыццаць.
– І ўвесь гэты час тут была патаемная скарбніца?
– Цалкам магчыма. Пра другую ня чуў.
– А як салдаты Тучкова зламалі сьцяну? – пацікавіўся я. – Вы прывялі іх сюды, паказалі месца – і што? Чым яны білі? Сякерамі? Бервяном?
– Ламамі, – адказаў Бургельскі.
– Тымі, што стаяць у падвале, дзе трымаў вас Тучкоў?
– Так, нашымі ламамі і разбурылі.

Згублены рэестр каштоўнасьцяў

– Пан Альберт, – узгадаў я аб прызначанай для яго справе, – спадзяюся для вас не складзе цяжкасьці знайсьці рэестр каштоўнасьцяў, якімі валодаў князь Дамінік ці продкі яго да зьяўленьня тут арміі Чычагава?
– Дык у скарзе маёй усё было пералічана… – адказаў Бургельскі, зьдзіўлены маім пытаньнем.
– Я чытаў, але думаю, павінен існаваць падрабязны вопіс скарбаў: колькі было залатых вырабаў, колькі пярсьцёнкаў, чые, якія, колькі карцін, якія… Хіба вы не рыхтавалі дакладны вопіс для зацьверджанага гасударам новага ардыната, князя Антонія Радзівіла?
– Ён ні разу тут не зьявіўся, і загаду такога не было.
– А калі князь Антоній зьявіцца і спытае?
– Сем гадоў назад, пры князю Дамініку, мы складалі інвентар калекцыяў і каштоўнасьцяў, – прыгадаў Бургельскі. – Ён захоўваўся ў архіве. Але архіў пацярпеў ад салдатаў адмірала Чычагава і Тучкова…
– Добра было б праверыць!
– Абавязкова пашукаю, – пагадзіўся Бургельскі, не хаваючы незадаволеньня ад такога майго жаданьня.
Я вырашыў паказаць, што ня надта яму веру:
– У вашай скарзе, пан камендант, ёсьць адно даволі цёмнае месца – нібыта князь Дамінік фамільных каштоўнасьцяў ня бачыў і пра іх ня ведаў? Памятаю, там вы напісалі, што князю Дамініку Радзівілу, ардынату алыкскаму і нясьвіжскаму, як непаўнагадоваму, іх не паказваў, аб якіх князь па сёньняшні час ня ведаў і ня ведае. Хіба вы праводзілі інвентарызацыю з уласнай волі і ў таямніцы ад князя, без яго прысутнасьці і згоды? Ці ён пагадзіўся чакаць, пакуль вы, пан Бургельскі, палічыце яго вартым пазнаёміцца з каштоўнасьцямі скарбніцы? Усё ж ён у нашэсьце 1812 году камандаваў уланскім палком.
Бургельскі засаромеўся такога свайго праліку.
– Напэўна, выказаўся не зусім дакладна, – прыдумаў ён на хаду. – Безумоўна, князь усё бачыў.
– І я так думаю, са спадчынай сваёй, у тым ліку са скарбамі, ён азнаёміўся. Але хіба пан Каменскі не дапамагаў вам правільна сфармуляваць скаргу?
– Дапамагаў, як жа без юрыста, – вымушана прызнаўся Бургельскі. – Ён быў павераны князя, вёў яго справы.
– Вы заплацілі яму за дапамогу?
– Не, бо гэта тычылася не маёй, а князя Дамініка маёмасьці.
– Цікава, пан Альберт, а ў якім куце стаяў тут куфар з каштоўнасьцямі? – спытаў я.
– Куфар? – ледзьве не абражана ўсклікнуў камендант. – Тут стаялі дзясяткі куфраў. Месца свабоднага не было. Тут усё было акуратна па­кладзена: залатыя кубкі, сервізы, камяні, зброя з гравіроўкай і пазалотай, вайсковыя рарытэты Радзівілаў, габелены, крышталь, нумізматычныя зборы – больш за дзесяць тысячаў манетаў…
Навеянае гэтым пералікам пытаньне таксама не магло яму спадабацца, і мне было цікава, якое тлумачэньне Бургельскі здолее нарадзіць.
– Як вы ў адзіноце змаглі прынесьці сюды дзясяткі куфраў, кашоў, крышталь і тысячы манет? Колькі часу гэта заняло? Ці ў вас былі памочнікі?
– Ну, – зьбянтэжыўся ён, – канешне, слугі дапамагалі зносіць у падвал. Адзін бы я тыднямі насіў.
– А як насілі? Уначы? Удзень? Праз двор на вачах у слугаў?
– Не, калідорамі па будынках і падземным ходам…
– Чаму ж у скарзе сваёй вы напісалі, што вам толькі аднаму вядомая была таямніца скарбніцы?
Бургельскі адказаў, што дакладнае месца скарбніцы слугам невядомае, бо яны далей сходаў у падземны ход не хадзілі, зносілі куфар ці скрыню ўніз і вярталіся за наступнымі.
Нават гэтыя нешматслоўныя адказы моцна зьмянялі карціну захаваньня скарбаў, пададзеную ў судовай заяве. Я нават зьдзівіўся, што Каменскі не падказаў яму наперад прадумаць свае адказы.
– Пан Бургельскі, вы сказалі, што ў 1809 годзе князь загадаў правесьці інвентарызацыю каштоўнасьцяў. А калі іх схавалі ў гэты схоў? Летам, калі пачалася вайна? Ці калі наступала Малдаўская армія Чычагава?
– Не, раней, калі князь Дамінік ад’язджаў у Варшаву.
– А калі князь адбыў у Варшаву?
Падумаўшы, Бургельскі ўзгадаў:
– У 1810 годзе ён паехаў у Парыж, а адтуль у Варшаву.
– А падчас інвентарызацыі, што, гэтая скарбніца стаяла пустая, тут быў адкрыты пралом, кожны слуга мог сюды зазірнуць? Не было той муроўкі, якую разьбілі салдаты Кнорынга?
– Сьценку я разабраў, потым замураваў наноў.
– А якія каштоўнасьці князь узяў у Варшаву?
– Ня ведаю. Але са скарбніцы нічога ня браў.
– А дзе захоўваліся родавыя скарбы да паўнагоддзя Дамініка?
– У гэтай скарбніцы.
– Менавіта ў гэтым памяшканьні?
Ён непераканаўча кіўнуў.

Адносіны Дзяніса да чужых скарбаў

Рыпучы голас, які нечакана зьвярнуўся да каменданта з глыбіні ходу, перапыніў нашу размову, прымусіўшы ўсіх здрыгануцца. “Пан Альберт, – прагучала з цемры, – прыехаў пан Караль Вірыён. Што яму адказаць?” І ў праломе, цьмяна асьветленым нашымі паходнямі, выявіўся твар ужо знаёмага нам Сташака, ператвораны чырвоным сьвятлом у жорсткага разбойніка. Я адзначыў, што перад тым ня чуў шоргату і западозрыў, што слуга мог падкрасьціся даўно. Гэтае паведамленьне аб нейкім візіцёру было для Бургельскага істотнае, бо ён рашуча сабраўся нас пакінуць. “Мне трэба дакументы аддаць”, – патлумачыў камендант з цьвёрдасьцю, якая не прымала пярэчаньняў, і я ня стаў яго ўтрымліваць, запрасіўшы ў былую скарбніцу слугу, каб распытаць яго пра абставіны даўняга катаваньня.
Сташак адказваў, што генерал Тучкоў спачатку дапытваў усіх слугаў, але выбраў трох, на якіх астатнія паказалі, як на блізкіх памочнікаў пана каменданта. Нас трох, апавядаў Сташак, уланы прымусілі распрануцца, прывязалі да лавак і выдалі па пяцьдзясят удараў розгамі. Генерал Тучкоў, які назіраў допыт, угаворваў каменданта ня браць грэх на душу, бо яго маўчаньне можа каштаваць нам жыцьця, а потым яго самога будуць малаціць да жывога мяса. Нарэшце пан Бургельскі зьлітасьцівіўся і павёў Тучкова ў скарбніцу. На маё пытаньне “Каго са слуг катавалі, калі генерал Тучкоў зноў прышоў у замак?”, Сташак адказваў, што Тучкоў прывёў казакаў, яны ў замку начавалі, слуг ня білі, але шмат чаго пасьля іх ва ўсіх пакоях не далічыліся.
Адпусьціўшы слугу, засталіся мы з Дзянісам у былой скарбніцы князёў Радзівілаў удвох.
– Адкажы мне, Дзяніс, – пацікавіўся я, – калі б табе давялося выносіць адсюль на двор скарбы, ці ты насьмеліўся б пакласьці што-небудзь у кішэню?
– А чаму б не, – пераканана адказаў ён. – Гэта ж не ў таварышаў сваіх узяць. Што карысьці, што тут гэтулькі дабра парахнела. Пашанцавала нашым уланам, якія адсюль куфры выносілі…
Такая шчырасьць майго ад прыроды сумленнага дзеншчыка падказвала, што ў вопісе скарбаў, падпісаным камісіяй, поўна будзе лакунаў. Усё, што змаглі ўхапіць на памяць уланы, афіцэры і генералы, зьнікла назаўсёды і ў гэтую скарбніцу ніколі ня вернецца, калі б пра гэта быў выда­дзены нават найвышэйшы ўказ…

Прагулянка ўздоўж замкавага рову

Заліты яркім сонцам замкавы двор з бярозамі каля калодзежа здаўся мне пасьля азнаямленьня з абрабаваным падзямельлем болей жыцьцярадасным, чым пры першым яго аглядзе. Пан Альберт чакаў мяне ля пад’езду, але мне захацелася агледзець замак звонку, і я спытаў, дзе змагу адшукаць яго праз гадзіну. Бургельскі паказаў на прыадчыненыя дзьверы ў двухпавярховай прыбудове да ўяздной вежы. Мы з Дзянісам праз падваротню пакінулі двор, перайшлі шырокі роў, запоўнены малапраточнай вадой і населены жабамі, і па аб’яздной дарозе, рушылі на прагулянку вакол замка. Дарога гэтая, у ранейшыя часы, відаць, умацаваная была брустверамі і служыла для манеўру стралкоў, якія ахоўвалі замкавыя валы. Цяпер, абсаджаная ліпамі, яна выкарыстоўвалася як утульная алея, якая вяла да берагоў двух азёраў, падзеленых дамбай. Левае цягнулася да гарызонту, бліжні бераг яго меў прыстань для васьмівёславага катэру, які, як мы пераканаліся, быў закінуты ўвагай і напаўзатоплены гніў у вадзе. Правае ад дамбы возера было нашмат меншае і прылягала да горада.
Між гэтым возерам і замкавым пагоркам пакінута была немалая паляна, якая зьдзівіла мяне наборам паркавай аздобы. На ёй упарадкавана былі высаджаны дзевяць кустоў акацыяў, якую масоны шануюць як сімвал бесьсьмяротнасьці сваёй справы, стаялі паўкругам дзевяць садовых вазаў, якія абрамлялі кветнік у выглядзе пяціканцовай зоркі. Нават мае сьціплыя веды ў тайнай сімволіцы дазволілі ўпэўнена лічыць, што кветнік адкрыта паказвае масонскі знак, а яркія жоўтыя настурцыі ў вазах сімвалізуюць сабой залатое сьвятло духоўных ведаў, якое адкрываецца братам масонскіх ложаў. Водар гэтых сімвалаў прыцягваў да іх сотні пчолаў, і мы, не рызыкуючы затрымлівацца каля шматзначнай клумбы, пайшлі ўздоўж возера. На супрацьлеглым яго беразе прыгожыя будынкі і вежы некалькіх каталіцкіх касьцёлаў стваралі прывабны гарадскі сілуэт. Адасобленая ад гэтых апірышчаў традыцыйнай веры нешырокай воднай прасторай сімволіка вольных муляраў выглядала як пэўны выклік. Мяне заінтрыгавала, хто тут, у замку без гаспадара, мог аддаваць даніну масонскім ідэям і даглядаць захаваньне сімвалаў?

Хаос у княжацкім архіве

Дзяншчык мой на такой прагулянцы знудзіўся і папрасіўся схадзіць у горад, як ён сказаў, агледзецца. Я ж адшукаў захавальніка скарбніцы. Папярэджваючы мае пытаньні, ён прапанаваў зайсьці ў архіў, каб я на ўласныя вочы здолеў пераканацца, якую цяжкую працу на яго ўскладаюць мае патрабаваньні адшукаць інвентар княжых каштоўнасьцяў.
Замкавы архіў займаў раскошны другі паверх вежавай прыбудовы. Патрапіўшы ў гэтае сховішча розных дакументаў, я вымушаны быў пры­знаць, што камендант ня схлусіў, ва ўсялякім выпадку, праўдай было тое, што архіў уяўляў сабой выпадковыя стосы папераў, у якіх пошукі неабходнага дакументу маглі адняць некалькі гадоў жыцьця, што нагадала мне канцылярыю аўдытарскага дэпартаменту да зьяўленьня там Закрэўскага. Разборкаю і архіваваньнем дакументаў займаліся тры пісары змарнелага выгляду, ды ўласна кажучы, іншы выгляд і не маглі яны займець ад такой шчыра нуднай працы. У глыбіні душы я ім спачуваў.
– Ня ведаю, што шукалі тут казакі, – сказаў Бургельскі, – аднак пасьля іх усё палегла пластом, сотні тысячаў папераў былі перамешаныя, як рыдлёўкай, – прывілеі, лісты, судовыя справы, кантракты, інвентары, даўгавыя расьпіскі – быццам бура па іх прайшла, а безьліч проста ўзялі на распал. Вось да сёньня разьбіраем, і канца не відаць…
– А прынцып гэтай разборкі ў чым палягае? – пацікавіўся я з ветлівасьці. – Па гадах раскласьці?
– Каб толькі гэта, – адгукнуўся малады канцылярыст. – Па маёнтках, па даўгавых абавязацельствах, па разьліках са службоўцамі, па вядомых асобах. І ўсё гэта часта на чатырох мовах, апроч польскай. А почырк у некаторых людзей – курыца лепш напісала б сваёй лапай… Вось, напрыклад, лісты музыканта Мікалая Шоля апекуну князя Дамініка князю Міхалу Радзівілу з просьбай выплаціць даўгі за службу ў замкавым аркестры ў 1780-1788 гадах. Тут і па-нямецку, і па-італьянску, і чамусьці лацінскі дакумент прыкладзены. І трэба адшукаць: было аплочана ці яшчэ сёньня яму ці дзецям яго вінны…
– Так, – ахвотна падтрымаў Бургельскі, – сам чорт ногі зломіць…
Гэтыя абставіны падаліся мне недаравальнымі ў адносінах інвентару каштоўнасьцяў з-за іх надзвычайнага кошту, і я папрасіў былога іх захавальніка канкрэтызаваць на паперы тое, што ён памятаў. Напрыклад, ці былі ў скарбніцы залатыя ці сярэбраныя скульптуры, золата ці серабро ў зьлітках і да таго падобныя буйных памераў каштоўнасьці.
Слухаючы мае пажаданьні, Бургельскі згодна ківаў, але калі я скончыў, яму засталося незразумелым адно з самых істотных для мяне пытаньняў – аб залатых і сярэбраных скульптурах.
– А якія залатыя скульптуры пан палкоўнік мае на ўвазе?
– Скульптуры сьвятых апосталаў. У чалавечы рост.
– У рост чалавека? – зьдзіўлена перапытаў Бургельскі.
– Магчыма, вышынёй у локаць.
– Не, – упэўнена адхіліў ён, – ніколі тут ня бачыў ні вялікіх, ні малых.
– Ну добра, апішыце тыя, якія бачылі. А-а, і вось яшчэ што, пан Альберт, – узгадаў я, – хто прыдумаў высадзіць кветнік у выглядзе зоркі на палянцы ля возера? Там яшчэ акацыі, дзевяць вазаў…
– Князь Дамінік. Дакладней, цесьць ягоны, генерал Мараўскі, бацька пані Тэафілі. Калі князь Дамінік ажаніўся, ён стаў тут частым госьцем.
– Князь Дамінік быў шчыры масон? – спытаў я.
– Так, – неахвотна адказаў Бургельскі. – Да вайны ў Нясьвіжы была ложа “Шчасьлівае вызваленьне”. Але ж гэта не было забаронена.
– Зразумела. Масонскія ложы і цяпер дазволеныя. Сходы, канешне, праводзіліся ў замку?
– Асноўным чынам, так.
– Выходзіць, пан Альберт, вы былі князю Дамініку братам па ложы?
– Усе людзі браты па Богу, – адказаў Бургельскі.
– Сапраўды, – пагадзіўся я. – Калі вас спытаць, якога вы градуса, вы не адкажаце?
– Не хацелася б. Магчыма, вы прафан. – Ён вырашыў абараніць сваю духоўную самастойнасьць: – І якія адносіны тая ложа можа мець да маёй скаргі на рабунак каштоўнасьцяў?
– Ня ведаю. Магчыма ніякага. Але хіба можна атрымаць якія-небудзь веды, калі не пытацца?
У вачах пана Бургельскага ясна прачытваўся адказ: “А нашто пытацца аб тым, што ня трэба ведаць!”, але ён яго не агучыў, а да мяне ў гэты момант прышла здагадка, што юрыст Людвіг Каменскі як масон высокай ступені мог быць братам і ў нясьвіжскай ложы і разам з Бургельскім па-брацку правёў бой на полі юрыспрудэнцыі за свайго брата Дамініка.
– У вас свой маёнтак ёсьць? – пацікавіўся я ў каменданта.
– Арандую ў Радзівілаў пажыцьцёва два фальваркі.
– Яны пацярпелі ў вайну?
– Канешне, былі страты ад войскаў, – сказаў камендант.
– Ад якіх – французскіх ці расейскіх?
– І ад тых, і ад тых.
– У вашай скарзе апошнімі былі словы пра абрабаваньне корпусам Тучкова фальваркаў, якія належылі да Нясьвіжскай ардынацыі. Да французаў у вас не было прэтэнзіяў?
– Яны ў замак не заходзілі, – адзначыў ён як французскую вартасьць, – і ў фальварках не былі на пастоі. Хто пацярпеў, – вырашыў асьцярожна дадаць ён, – павінен быў паведаміць уладам.

Сьляды былой велічы

Маленькія таямніцы пана Бургельскага

Зразумела, пан Бургельскі не імкнуўся шырока задаволіць маю цікаўнасьць. Але ў мяне было для яго пытаньне, на якое ён ня мог адказаць, што не дасьведчаны. Магчыма, з гэтага пытаньня і варта было пачынаць нашу размову.
– Пан Альберт, – спытаў я, – па словах адмірала Чычагава, у замак напярэдадні заняцьця Нясьвіжа корпусам генерала Ламберта прыбыў абоз, які ахоўвалі ўланы князя Дамініка Радзівіла. Сорак вазоў з нарабаванымі ў Маскве каштоўнасьцямі. Ці вядома вам, што канкрэтна было на гэтых вазах, хто разьбіраў дастаўленыя скарбы, можа, вы прынялі іх на захаваньне, які іх лёс?
Бургельскага ахапіла сапраўдная паніка.
– Які абоз! Якія маскоўскія каштоўнасьці! – закрычаў ён, адмаўляючы само такое меркаваньне. У голасе яго адчуваўся хутчэй страх, чым пратэст, – відаць, ён усьвядоміў, якое супраць яго вылучаецца абвінавачаньне. – Бога той не баіцца, хто гэта прыдумаў! Уланы былі, гэта праўда, але без усялякага абозу. За дзень да зьяўленьня тут палкоўніка Кнорынга прыбыў атрад з пятнаццаці чалавек з паручыкам Абуховічам на чале, які прывёз загад князя Дамініка тэрмінова везьці скарбы ў Варшаву. Гэта мне трэба было сабраць абоз. Уначы з Альбы прывялі ў замак вазы, на іх потым, да месца сказаць, Чычагаў пагрузіў каштоўнасьці з нашай скарбніцы. Калі ў замак пачаў уваходзіць Татарскі полк, пачалася страляніна. У Альбе стаяла пяхотная рота капітана Ракасоўскага, ад яго дасылаліся ў замак вартавыя. І яшчэ на сваю бяду ўланы князя Дамініка пачалі адстрэльвацца. Амаль усе і загінулі.
– А колькі гэта “амаль усе”? – захацеў я ўдакладніць колькасьць за­бітых.
– Паручык Абуховіч і з ім некалькі ўланаў уратаваліся падземным ходам у касьцёл.
– Яны, што, ведалі пра ход? Ці гэта вы ім дапамаглі?
– А што б вы зрабілі? – нагадаў камендант аб сваёй масонскай міласэрнасьці. – Шкада было людзей, усе маладыя.
– Разумею. Але вось што не магу зразумець: на дарогах войскі, казакі, простыя рабаўнікі і марадзёры… Няўжо вы рызыкнулі б даверыць княжыя скарбы ў дзесяць мільёнаў залатых купцы юных уланаў? Як бы яны іх абаранілі?
– Князь пажадаў. Хто мог чакаць зьяўленьня Малдаўскай арміі. Як сьнег на галаву яна звалілася. Тут і пра Напалеона у той час думалі з упэўненасьцю, што пануе ў Крамлі…
Мне ня надта верылася, што князь Дамінік, адступаючы з Напалеонам па Смаленскай дарозе, ведаючы аб партызанскіх партыях, аб казачых палках, вырашыў вывозіць скарбы на шляхах баявых дзеяньняў войскаў. Больш верагодна, што князь вырашыў перахаваць каштоўнасьці ў іншы патайнік, думаў я, бо ня мог ён не ўсьведамляць, што замак будзе секвестраваны ці яго аддадуць пад шпіталь альбо казарму, ды і наогул адымуць. Бургельскі не пасьпеў, а фантазія Чычагава нарадзіла легенду пра дастаўленыя маскоўскія каштоўнасьці, каб апраўдаць свае дзеяньні перад гасударам. Дык куды ж яны падзеліся, гэтыя маскоўскія скарбы, нібыта дастаўленыя ў замак Радзівілаў? Ніхто іншы пра іх ня ўзгадваў. Ужо калі б знайшлі іх тут, то якія пераможныя рэляцыі пайшлі б ад Чычагава цару. Выратаваць маскоўскае золата – усё ж большай значнасьці подзьвіг, чым забраць родавыя каштоўнасьці польскага князя.
– Пан Альберт, а гэты альбінскі абоз, вамі падрыхтаваны, выпадкам не залічаны ў страты княжай гаспадаркі ад расейскіх войскаў?
– Не магу ведаць, – адказаў ён. – У Альбе свой эканом.
Такі адказ бясспрэчна паказваў, што ўсе выдаткі былі ўпісаныя ў рэестр грахоў арміі Чычагава, і адказчыкам за іх выпала быць Тучкову. Уласна і са скарбамі была ня большая яснасьць. Я пачаў зачытваць са сьпісу туманныя акрэсьленьні Бургельскага, ці магчыма, падказкі пана Каменскага.
– Вось у дакуменьце вы пазначылі, што сярод забраных каштоўнасьцяў былі “табакерки серебряные и золотые, бриллиантами осыпанные, в большом количестве состоящие”, – пытаў я. – Колькі было канкрэтна сярэбраных, колькі залатых? Набытыя князямі Радзівіламі ці атрыманыя ў дарунак? З якога году на захаваньне ў скарбніцу атрыманыя?.. Ці вось сьцьвярджаеце, што былі вывезены “церковное серебро и золото, а более под названием монстранцы, совсем золотые и крупными высокой цены бриллиантами осыпанные”. Колькі манстранцаў, у якім выглядзе серабро, якой вагі, колькі вялікіх брыльянтаў, колькі дробных? Ці як мне ўявіць такі ваш запіс – “много разных часов”? Пяць ці дваццаць? Кабінетныя? Настольнага прызначэньня? Ці для нашэньня пры сабе?
І гэтак па кожным разьдзелу княжых скарбаў, пачынаючы з пярсьцёнкаў і завяршаючы рыцарскімі латамі, пачуў пан Бургельскі мае пытаньні і на ніводнае ня змог даць дакладны і зразумелы адказ. Чыёй вытворчасьці? Як пра іх сьведак распытваць?
– Вы ж з павераным князя кансультаваліся, калі скаргу сваю ў суд падавалі, – сказаў я. – Няўжо пан Каменскі не папярэдзіў вас пра неабходнасьць дакладнага акрэсьленьня каштоўнасьцяў?
Бургельскі адказаў, што пазначыў усё, спадзяючыся на хуткае рассьледаваньне, аб тым жа, што яно расьцягнецца на гады, ня мог і думкі дапусьціць.
Я непахвальна ўздыхнуў, быццам бы шкадуючы аб ягонай наіўнасьці, і сказаў, што хачу заўтра паглядзець княжацкую загарадную рэзідэнцыю, якая выставіла абоз запрэжак для ўланаў.

Кніга, якую я вельмі шаную

У пакоі сваім аддаўся я нарэшце адпачынку, прысьвяціўшы яго знаёмству з “Практычнымі парадамі” фон Таўпіца. Пачыналіся яны зьвесткамі аб карпах-волатах. Гісторыя злову ў 1711 годзе рачного карпа вагой 70 фунтаў, магчыма, уражвала нямецкага чытача, але ў нас выцягвалі і значна большай вагі рыбу. Зьдзівіла, праўда, што паблізу Берліна захоўваліся ў сажалках карпы, якія пражылі болей за дзьвесьце гадоў. Аб гастрана­мічных вартасьцях гэтакіх доўгажыхароў аўтар нічога не паведамляў. Але надзвычай цікавымі падаліся мне яго апісаньні сажалак для стварэньня паўнавартаснай сістэмы: нераставая, мальковая, нагульная, пашавая. Апроч іх, фон Таўпіц рэкамендаваў мець яшчэ сажалку захаваньня рыбы, а для рэгуляваньня ўзроўню вады ў рыбных сажалках зрабіць сьпецыяльную ваданапорную сажалку.
Усьлед за аўтарскімі схемамі ўяўленьне малявала мне дабратворныя зьмены ў ландшафтах майго маёнтку – воднае люстра замест пясчана-гліністых палёў, нягодных пад выпас жывёлы, але зручных для разьвіцьця кармавой базы для карпа. Мары тым добрыя, што зьмяшчаюць у адну хвіліну плён працы некалькіх гадоў. Акрылены марай, я пракапаў адводны канал ад Друці да сістэмы сваіх сажалак, выгадаваў з малькоў важкіх карпаў, пасылаў на кірмаш у Оршу, Барысаў, Менск бочкі з рыбай, а другі абоз развозіў жывога люстранога карпа па карчмах, і слава аб Ветрынскіх сажалках разыходзілася кругамі па Менскай і Віцебскай губернях, і ўсё далей – углыб Смаленскай і Маскоўскай, а ўзгадаўшы маці, я далучыў да сваіх заказчыкаў і пскоўскую тэрыторыю, хоць і засумняваўся ў такім посьпеху, ня памятаючы ці там дастаткова гарадоў і мястэчак. Наадварот, увага мая пераключылася ў паўднёвым кірунку, паколькі прапанаваны фон Таўпіцам метад выкарыстаньня нарыхтоўных сажалак дазваляў пастаўку рыбы ў любы зімовы месяц і ў любы мароз.
Верачы дасьведчанаму немцу я запамінаў, што трэба абавязаць і сялянаў сваіх адкапаць сямейныя невялікія сажалкі пры сваіх агародах, – што паменшыць іх схільнасьць да крадзяжу ў гаспадара і дазволіць мець дадатковае харчаваньне. Паўфунтовы карп да восені нагульвае вагу да двух фунтаў, калі яго падкормліваць жытам і драблёным гарохам. Болей за ўсё мяне ўразіла надзвычайная плоднасьць карпа – на трэці год жыцьця самка выкідае трыста пяцьдзясят тысячаў ікрынак. Галоўныя ж ворагі ікры і малькоў – драпежныя птушкі, найперш, вароны, ад непажаданых налётаў якіх над сажалкамі невялікіх памераў трэба ставіць сеткі. Меўся ў кнізе план такой абароны ад ненажорлівых нападнікаў…
Ад гэтых цікавых пазнаньняў, якія я планаваў ажыцьцявіць у сваім маёнтку дзеля павелічэньня даходаў, мяне адарваў пан Бургельскі. У прыўзнятым настроі камендант паведаў, што яму ўдалося адшукаць некалькі аркушыкаў з рэестру, праўда, не апошняга, а перадапошняга, датаванага 1779 годам, якія ўтрымліваюць дакладнае і поўнае апісаньне тысячы карцінаў, што складалі ў той час замкавую калекцыю жывапісу.
– Было б лепш, – павучальна пажадаў я, – калі б адшукаліся зьвесткі больш блізкія да цяперашняга часу.
– Так, так, згодны, буду шукаць, – паабяцаў Бургельскі, але позірк ягоны быў насычаны крыўдай чалавека, намаганьні якога не атрымалі заслужанай удзячнасьці.

Сьпіс замкавай калекцыі жывапісу

Я стаў знаёміцца з рэестрам карцінаў з мінулага стагоддзя. Але чытаць гэты бясконцы сьпіс хутка абрыдла б любому чалавеку: у ім не называліся аўтары, год стварэньня, памеры палотнаў. Выглядаў ён гэтакім чынам:
Войшунд
Мікалай II Стары
Вайна на моры, карціна добрая
Юры I Радзівіл Геркулес Літоўскі
Барбара Радзівілаўна, каралева польская, вялікая княгіня літоўская
Мікалай Радзівіл Чорны, ваявода віленскі
Біскуп якісьці, сядзіць у фатэлі
Леў Сапега, канцлер Вялікага княства Літоўскага
Асоба ў сабаліным футры
Уршуля Францішка з Вішнявецкіх Радзівілава
Дзьве голыя бабы, адна прычэсваецца грабеньчыкам
Дама нейкая пад пяром стравусіным, карціна старая
Аўгуст II, кароль польскі, электар саскі
Карціна вялікая на дошцы. Галава св. Яна на блюдзе
Князь нейкі, карціна простая
Нічога нельга было вывудзіць з гэтага немудрагелістага пералічэньня карцінаў і партрэтаў; наўрад ці знайшоўся б на ўсім сьвеце хоць адзін чалавек, здольны ўявіць, што, напрыклад, ўяўляе сабой палатно “Дама нейкая пад пяром стравусіным”. Якая дама – юная, сталага веку, трымае пяро ў руках ці яно над ёй навісла, якога часу твор, па якіх прыкметах карціну шукаць тым, хто яе раней ня бачыў, – нават намёк на гэта палянаваўся запісаць прастадушны рэгістратар калекцыі.
Таму, адклаўшы засакрэчаны рэестр 1779 года ў бок, вырашыў я пазнаёміцца са сьпісам шаноўных дамоў, з якіх прыходзілі да князёў Радзівілаў іхнія жонкі, прыносячы з сабой у пасаг апроч нерухомасьці яшчэ і каштоўныя рэчы, якія заставаліся ў ліку нясьвіжскіх рэліквіяў, пакуль адмірал Чычагаў жорстка не зьмяніў ім уладальнікаў. Але ў сваю чаргу радзі­на Радзівілаў пастаўляла ў гэтыя ж сваяцкія сямействы сваіх дачок, і тут узьнікалі загадкі, зразумець якія без вывучэньня шлюбных кантрактаў зусім было немажліва. Са зьдзіўленьнем даведаўся я, што Радзівілы атрымалі Нясьвіж у пасаг за Ганнай, дачкой Кішкі, ваяводы смаленскага, а Мір з замкам дастаўся ім па сьмерці Фелікса Ільлініча, які быў пабраўся з дачкой Яна Радзівіла Барадатага Соф’яй. Два гэтыя набыткі здарыліся амаль трыста гадоў назад, але ўсё ж гэты нясьвіжскі замак – не радавы маёнтак, чымсьці за яго заплацілі, нешта ж атрымаў ваявода Кішка за любімую дачку. Сем’і Завішаў і Радзівілаў некалькі разоў абменьваліся нявестамі, нешта кожная прыносіла і адносіла, такі ж парадак дзейнічаў і ў стасунках з родамі Сапегаў, Сангушак, Вішнявецкіх, Любамірскіх, Хадкевічаў. І што змагу я даведацца, прасочваючы іхнія радаводы, падумаў я, ці пойдуць на карысьць майго расьсьледаваньня веды, што ў такімсьці годзе трапілі да Радзівілаў брыльянтавыя каралі, калі яны бясьсьледна зьніклі ў кішэні шэраговага ўлана? Я закрыў сьпіс з перакананьнем, што болей ніколі ў яго не зазірну…
Час быў перадвячэрні, супакойліва ціхі. Разбураючы цішыню, з лямантам праляцелі хвалямі над замкам у лес зграі варон. Да іх далучыліся тыя, што правялі дзень у каравуле на замкавых дахах. Я падумаў, што сярод іх павінны быць вельмі старыя, якія памятаюць ня толькі князя Дамініка, але і яго дзеда і прадзеда, яго сваякоў, непрыяцеляў, і шмат з тайнаў гэтай крэпасьці. А ўжо Чычагава і Тучкова бачыла мноства з гэтых чорных чародаў, а таксама ведаюць яны ў твар усіх, хто прыязджаў сюды на паседжаньні ложы, магчыма, чулі і гутаркі муляраў, седзячы на парэнчы балкона. Недзе ж у залах замку зьбіраліся браты на сваю працу, занавешвалі сьцены, слалі дыван, ставілі алтар. Я ўзгадаў, што бачыў гэтую залу з сінімі сьценамі і падлогай у шахматную клетку, якая азначала змаганьне дабра са злом. Можа, пан Бургельскі быў адказны за ўсе дэкарацыі гэтай залы. Прыязджаў сюды рыцар Каменскі, уваходзіў рыцар князь Дамінік, розная іншая мясцовая масонская публіка. Усе былі аднадумцы, жылі ў даверы ці рабілі выгляд, што жывуць у даверы…
Цьмяная гісторыя з канфіскацыяй быццам на вачах выходзіла з туману, выяўляючы ўчынкі ўсіх яе ўдзельнікаў. Хацелася б, праўда, даведацца, ці быў адстаўлены ад ложы пан Бургельскі, які ня выказаў масонскай мужнасьці, абяцанай пры ўступленьні ў ложу. Ці здолеў ён нешта зьберагчы са скарбаў, якія абяцаў зьберагаць, і дараваны братамі, і ў дадзены час зноў удзельнічае ў будаўніцтве сусьветнага масонскага храма? Ці яму масоны ўстанавілі тэрмін “абцёсваць камень” – удасканальваць свой дух і гераічна супрацьстаяць зьнешнім сілам – у тым ліку і мне, як дробнаму пасланьніку той манархіі, якой адпавядае сімвал аднаго з забойцаў легендарнага будаўніка храма мудрасьці Хірама. Упершыню я пашкадаваў, што мае веды аб масонах абмежаваныя некалькімі наведваньнямі паходнай афіцэрскай ложы, якая была закліканая прыўкрасіць аднастайнасьць маршавага жыцьця…

Езуіцкі касьцёл сьвятога Міхала

Ранкам Бургельскі паведаміў мне яшчэ пра адну архіўную знаходку, ужо з рэестра 1809 году, якая ярка асьвятляла, на яго думку, фігуры апосталаў і ставіла кропку на цікаўнасьці да гэтай праблемы.
Апісаньне, у якім яны былі пералічаны, называлася “Цымборыум сьвятога Міхала”. Лацінскае слова “цымборыум” азначае “даразахавальніца”, і я, заінтрыгаваны, схапіўся чытаць у надзеі даведацца галоўную таямніцу апосталаў. Нават мільганула ў мяне радасная думка, што змагу зьдзівіць нечаканымі зьвесткамі сакратара кунсткамеры пана Пярова. Але вось з чаго цымборыум складаўся:
дзьверцы сярэбраныя, вышынёй тры локці, з аздобай у выглядзе лісьця, пакрытага пазалотай, манстранц сярэбраны з пазалочанымі промнямі, аздоблены каштоўнымі каменямі, сярэбраныя фігуры Езуса Хрыста і святога Яна ў шатах пазалочаных вышынёй з локаць, два апосталы ў палову фігуры паўлокця велічыні, сярэбраныя шэсьць галоваў апосталаў па шыю паказаных, і яшчэ адна галава сярэбраная асобна, усё гэта для ўпрыгожаньня дзвярэй даразахавальніцы прызначанае.
Ці варта казаць пра адчутае мной моцнае расчараваньне; да гэтай хвіліны ў мяне цеплілася надзея, што залатыя статуі сапраўды існавалі, цяпер жа ад іх заставаўся казачны і малацікаўны сьлед. Усё ж я вырашыў спытаць, якім шляхам касьцёльнае серабро патрапіла ў княжую скарбніцу. Бургельскі патлумачыў, што рэліквія апынулася ў замку болей за трыццаць год назад, калі быў зачынены езуіцкі касьцёл сьвятога Міхала, а кляштар пры ім аддалі пад шпіталь.
– На якой жа падставе гэтае серабро перадалі менавіта Радзівілам?
– Дзед князя Дамініка некалі ахвяраваў цымборыум касьцёлу, які насіў імя яго сьвятога. Усе гэтыя фігуры і адлілі ў замку… Ну, а князь Караль палічыў за справядлівасьць іх у замак вярнуць.
– А што цяпер у гэтым касьцёле?
– Совы жывуць, вецер сьвішча, – сказаў Бургельскі, як бы падкрэсьліваючы апошнюю ступень запусьценьня.
– Цікава было б зазірнуць, – прапанаваў я.
У хуткім часе мы з панам Бургельскім выехалі на яго брычцы з замкавых варотаў і на ратушнай плошчы павярнулі на Слуцкі шлях. Дарога ішла па насыпе паміж двума азёрамі, перагароджаная моцнай, з амбразурамі для гарматаў, брамай. Некалі гэтая пабудова служыла, як паведаў камендант, для збору мыта з купцоў, якія прывозілі тавары на кірмаш, цяпер толькі замінала руху, паколькі дзьве сустрэчныя брычкі не маглі разьмінуцца ў вузкім праезьдзе.
Касьцёл святога Міхала займаў вяршыню высокага пагорку за тры з гакам вярсты ад гораду. З другога боку дарогі, у нізіне, стаяла мураваная капліца, вакол яе разрасталіся могілкі. Былы прытулак езуітаў сапраўды быў кінуты на разбурэньне: дах яго абваліўся, вітражныя вокны былі паразьбіваныя, дзьверы вырваныя, нехта ўжо распачаў тут здабычу цэглы і цясаных камянёў з падмурку. Крутым схілам мы падняліся да ганку касьцёлу. Адсюль адкрываўся далёкі від на горад. Ад падножжа гары да замкавага возера цягнуліся лугі, а за возерам бачыліся купал фарнага касьцёлу і дзьве вежы замку, упрыгожаныя флюгерамі. Мясцовасьць вакол разбуранага касьцёлу была пустэльная. Хутчэй за ўсё тут і пры езуітах не бурліла гаспадарчае жыцьцё; я не паверыў, што сюды маглі правесьці з замку падземны ход – не было абсалютна ніякага сэнсу выдаткаваць болей цэглы і працы, чым пайшло на сам замак і касьцёл. З прычыны немалой аддаленасьці не маглі сюды патрапіць у падарунак залатыя скульптуры – хто б іх ацаніў апроч бессаромных разбойнікаў? Дзед князя Дамініка разумна падараваў касьцёлу сярэбранае ліцьцё для ківору з уласнай замкавай майстэрні, крыху палепшыўшы дзьве фігуры слоем пазалоты… Гледзячы ў сонечную далеч пустэльнага пейзажу, я з задавальненьнем думаў аб тым расчараваньні, якое адчуюць генерал-аўдытар і, магчыма, гасудар, калі мой даклад аб выніках дарасьсьледаваньня ператворыць залатыя скульптуры дванаццаці апосталаў у сьціплыя правінцыйныя адліўкі з серабра…
Для поўнага ўражаньня мы абышлі вакол касьцёлу і ранейшым шляхам вярнуліся ў горад.
– А што вы хочаце паглядзець у Альбе? – запытаў мяне Бургельскі. Яму надта не хацелася вандраваць.
– Хачу зірнуць, што там было зруйнаванае нашымі войскамі. Якія там стаялі войскі?
– Калі адступала ваша другая армія, у замку тры дні жыў генерал Баграціён, а тую сядзібу займалі салдаты розных яго палкоў…
– Хочацца думаць, тады нічога ня зьнікла з каштоўнасьцяў, – пацікавіўся я.
– Немагчыма бяз стратаў, – аспрэчыў Бургельскі, – калі адзін полк прыходзіць, іншы выступае на марш. Зразумела, не ў такіх памерах, якія дазволілі сабе панове адмірал Чычагаў і генерал Тучкоў.
– Дык чаму, пан Бургельскі, вы не адзначылі ў сваёй скарзе, што армія генерала Баграціёна таксама нанесла шкоду маёмасьці князёў Радзівілаў?
– На каго было скардзіцца? – зьдзівіўся ён. – На які полк, на якіх камандзіраў? Расейскія войскі адкатваліся, французы сьпяшаліся ўслед… Артылерыя маршала Даву абстрэльвала ар’егард Баграціёна. У Альбе шмат тады пагарэла…
– А 18-ты ўланскі літоўскі полк, які тут, у Нясьвіжы, фарміраваўся па загадзе Напалеона, ён, выпадкам, шкоды не нарабіў? Дзе, пан камендант, уланскія эскадроны кватаравалі?
– Былі і ў Альбе, – ня стаў хлусіць Бургельскі.
– Нічога тады не згарэла? – дапытваўся я. – Хто іх утрымліваў?
– Уланскага палка інтэнданты. Усё па расьпісках бралі з магазінаў.
– І хто аплаціў тыя расьпіскі?
– Ды хто ж цяпер будзе аплочваць, – пасьміхнуўся Бургельскі. – Той улады няма, а цяперашняя расьпісак не давала. Лепш і не пытацца, сам апынешся вінаваты…

Загарадная княжая вёска Альба

Ня стану падрабязна апісваць сядзібу Альба, якая займае абшар ня меншы за трыццаць квадратных вёрстаў, а можа і сорак. Тут трэба пажыць добры месяц, каб аглядзець два возеры, дзесяць сажалак, два галоўныя каналы ў вярсту даўжынёй і яшчэ восем працягласьцю прыкладна з паўвярсты і шырынёй у тры-чатыры сажні, яны промнямі адыходзяць ад маленькага возерца з востравам пасярэдзіне, на якім стаіць напаўспалены пры абстрэле палац, а паміж каналамі разбураюцца пустыя ці пагарэлыя двары. Уражаньне яны выклікалі тужлівае, нідзе не адчувалася прысутнасьці жывой душы, калі не лічыць некалькіх статкаў кароў, для якіх паркавыя лугавінкі і палянкі служылі выпасам.
– Князь Дамінік часта бываў у гэтай сядзібе? – спытаў я.
– Зьяўляўся на конныя прагулянкі разам з княгіняй Тэафіляй. Альба яго не прываблівала, ён хацеў ператварыць яе ў фальварак, каб давала даход.
– Відаць, ён правільна думаў, – адгукнуўся я. – Утрымліваць такую вялізную сядзібу каштуе немалыя грошы.
– Ня толькі з-за сродкаў. Ардынацыя давала князю паўтара мільёна залатых даходу, хапіла б на ўтрыманьне. Ён хацеў уладаваць тут завод скакавых коней. Сапраўдных арабаў купляў коштам тысяча залатых за жарабца, галоўнага конюха наняў у Англіі. Бачылі на возеры катэр? Таксама адтуль прывезьлі. Каб не вайна, тут замест розных фазанарыяў, балота з бусламі, пчалярні, кароў, былі б зараз стайні…
– Калісьці тут умелі весяліцца, – узгадваў пан Бургельскі. – Дзядзька Дамініка князь Пане Каханку аднавіў гэтую сядзібу да прыезду ў Нясьвіж караля Станіслава Аўгуста. За два гады выкапалі гэтыя каналы і сажалкі, зрубілі для гасьцей амаль дзьве сотні хатак па чатыры пакоі ў кожнай з усімі гаспадарчымі пабудовамі. У тое лета, калі князь прымаў караля, я жыў тут разам з бацькамі. Станіславу Аўгусту ладзіць такія ўрачыстасьці было не па сродках. Кожны дзень пускалі ў неба фейерверкі, гралі аркестры, на возеры паказалі марскі штурм крэпасьці, а ў Каралеўскай замкавай зале ўсе маглі палюбавацца на скарбы Радзівілаў. Цяпер забраныя, – не забыў ён дадаць.
– Вы перанялі пасаду бацькі? – выказаў я здагадку.
Бургельскі згодна паківаў:
– Можна і гэтак сказаць. Але наогул усё было больш драматычна. Пасьля бацькі захавальнікам каштоўнасьцяў быў нейкі пан Фрычынскі. Але ў яго здарылася бяда: у князя нейкі махляр скраў вялікія грошы, і Фрычынскі дазволіў яму зьнікнуць. Князь Пане Каханку нават самога захавальніка падазраваў.
– І што, схапілі махляра?
– Не, ён быў ці то француз, ці то немец, адным словам з далёкіх краёў. Нарэшце Фрычынскі звольніўся, і князь узяў мяне, хоць я быў зусім малады.
– Князь Адам Чартарыйскі расказваў, што быў у той год у нясьвіжскім замку з бацькам сваім і бачыў дзьве залатыя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла, ці Хрыста і Яна Хрысьціцеля, дакладна ня памятаю, дастаткова вялікія. Праўда, яму было тады чатырнаццаць гадоў. Ня мог жа ён прыдумаць…
– Каму расказваў князь? – запытаў Бургельскі.
– Гасудару нашаму Аляксандру.
Бургельскі палічыў за лепшае не аспрэчваць найвысачэйшае сьведчаньне.
– На жаль, ніколі ня бачыў, – сказаў ён. – Некаторыя каштоўнасьці, праўда, ня ўносіліся ў рэестры. Пры дзедзе Дамініка ў замку была княжая капліца. Калі князь Пане Каханку вымушаны быў эміграваць, частку дарагіх рэчаў узяў з сабой. Залатыя падсьвечнікі з капліцы засталіся ў скарбніцы. Іх сярод іншых рэчаў забраў Чычагаў… Можа, у капліцы былі залатыя статуэткі Пятра і Паўла ці якіх-небудзь іншых сьвятых. Гавораць, нейкія каштоўнасьці ён закладаў. Усё ж прабыў за мяжой дзесяць гадоў, немалыя выдаткі…
– А калі б вы вырашылі праверыць колькі праўды ёсьць у згадках князя Чартарыйскага, – спытаў я, – да каго б вы зьвярнуліся?
– Да генерала Караля Мараўскага, уладальніка Завушша. Ён выхоўваўся ў замку, быў сярод гасьцей, калі прыязджаў кароль. Князь Пане Каханку даводзіўся яму родным дзядзькам. Маёнтак яго недалёка, за дзесяць вёрстаў ад Нясьвіжа.

Вячэра з артылерыстамі
Прыемная нечаканасьць

Удзень я наведаў конна-артылерыйскую роту, якая займала будынкі езуіцкага калегіума на беразе возера. Возера чамусьці называлася Дзявочым, магчыма існавала нейкая легенда пра няшчасную дзяўчыну, якая ўтапілася з нікчэмнай прычыны безадказнай любові ці падманутая якім-небудзь нягоднікам. Мне такія народныя легенды не падаюцца цікавымі, таму ніколі і не распытваю пра іх падставы, бо падрабязнасьці сапсуюць настрой. Лепш думаць, што назвалі так, бо дзяўчаты любяць уначы тут купацца ў чым маці іх нарадзіла. Гэта весялей гучыць, чым жахі пра русалак, якія звабліваюць маладых хлопцаў у свой гурт…
Зьяўленьне аўдытара ня можа прынесьці радасьці любому камандзіру (ведаю гэта з уласнага досьведу), тым болей трывогі ў сэрцы нараджае нечаканае прыбыцьцё начальніка першага стала. Хто ў нас дапусьціць думку, што чыноўная асоба адолела тысячавёрставы шлях у глухмень са сталі­цы, каб прывезьці невядомым конным артылерыстам нейкую прыемную навіну. Няма такіх. Ужо калі начальніцкая персона адрозьніла вас увагай сярод сотняў гэтак жа непрыкметных рот ці батальёнаў – то выключна па сігналу аб нейкім абуральным парушэньні, якое патрабуе глыбокай праверкі і высьвятленьня прычынаў. Інакш няма сэнсу ў яе службе цару і Айчыне. Не складаў выключэньня падпалкоўнік Сьнегіроў; я фізічна адчуваў, калі называў сваю пасаду, як ён ліхаманкава намагаецца прыгадаць магчымыя ўласныя грахі і ўчынкі падпарадкаваных яму афіцэраў, якія маглі стаць падставай для майго візіту. Каб ня мучаць невінаватага чалавека сумненьнямі, я коратка выклаў яму мэту свайго прыезду ў Нясьвіж, але цалкам адлегла яму ад сэрца тады, калі мы, прыгледзеўшыся адзін да аднаго, прызналі, што даўно з ім знаёмыя. Пасьля некалькіх сустрэчных пытаньняў высьветлілася, што батарэя Сьнегірова была ў ар’егардзе майго палка на Калужскай дарозе ў дні перасьледваньня Напалеона, і мае салдаты дапамагалі яго бамбардзірам выцягваць гарматы з непралазнай гразі, якая стаяла там напрыканцы кастрычніка. Нейкую ноч мы і прабавілі разам ля вогнішча, падзяліў­шы пароўну выратавальную фляжку гарэлкі, здабытую маімі егерамі. Зразумела, ён пагадзіўся даць мне ранкам двух верхавых коней і, дадаўшы, што павінен вярнуць даўні доўг, запрасіў павячэраць разам з афіцэрамі яго роты.
Пад кватэру падпалкоўнік здымаў дом, закрыты з вуліцы невялікім садам, па суседству з манастыром бенедыктынак, крокаў за трыста ад ратушы. Я прыйшоў у агавораны час, стол у гасьцёўні ўжо быў застаўлены закускамі, дастаўленымі з рэстарацыі, а ў кухні гатавалі смажаніну афіцэрскія дзеншчыкі. Сьнегіроў з усьмешкай адкрыў сакрэт: гэтыя кухмейстэры паабяцалі прытрымлівацца французскіх рэцэптаў, і я накіраваў ім на дапамогу Дзяніса. Сьнегіроў пазнаёміў мяне з афіцэрамі і распавёў ім гісторыю нашага ваеннага знаёмства; маім унёскам у бяседу былі некалькі бутэлек лафіту, а падпалкоўніку ў напамінак аб даўняй сустрэчы я падараваў флягу гарэлкі. Было вельмі забаўна, што ён падрыхтаваў для мяне такі ж самы прэзент.
Як прынята, вячэра вялася даволі чынна да трэцяга келіху, а пасьля яго перашкоды для свабоднай размовы размыліся. Рота была ўдзельніцай замежнага паходу, усе афіцэры мелі багата назіраньняў з французскага жыцьця, толькі летась патрапілі ў Нясьвіж, і ў размове трымаліся вольнасьці. Жартаўлівага настрою ўсім дадалі згатаваныя ротнымі кулінарамі французскія далікатэсы з мясцовых курэй пад соусам “ля сос парызьен”. Мясцовыя інгрыдыенты і фантазія дзеншчыкоў надалі яму своеасаблівасьць, якую падпалкоўнік Сьнегіроў з гумарам ахарактызаваў як “ля сос парызьен дэ Нясьвіж”, і прапанаваў унесьці яго ў меню ротнай кухні.

Афіцэрская дасьведчанасьць у мясцовых справах

У працяг жартаў нехта паведаміў, што пры князях Радзівілах Нясьвіж ганарліва называлі “маленькім Парыжам”, у замку была опера, у якую запрашаліся французскія контральты і музыканты, а ў горад прыязджалі настаўнікі жывапісу, танцаў і іншыя шукальнікі прыгодаў, не атрымаўшыя прызнаньня свайго таленту ад суайчыньнікаў. Зьнешні выгляд паловы тутэйшага гарадскога насельніцтва, прагучаў чыйсьці іранічны голас, болей нахіляе перайменаваць Нясьвіж у «Маленькі Ерусалім». Прапанова, натуральна, не атрымала падтрымкі і разьвіцьця. Раней, зайздросьцілі афіцэры, у замку бывалі прыёмы, дамы, танцы, а цяпер ён закрыты нават для агляду. Гавораць, толькі няшчасныя прывіды прагульваюцца пры сьвятле поўні па яго калідорах і залах – прывід Чорнай Дамы і прывід Белай Панны. Абодва даволі змрочнага характару. Калі яны ходзяць па замку, тады рыпяць масьніцы, і сэрца сьмертнага працінае пачуцьцё містычнага жаху. Такім веданьнем замкавых сакрэтаў, па прызнаньні афіцэраў, іх узбагацілі гаспадары дамоў, дзе яны кватаруюць. Цяпер нясьвіжскае жыхарства чакае, што ў замку нарэшце зьявіцца прывід князя Дамініка Радзівіла, і будзе стагнаць аб скарбах роду, і бяда будзе таму расейскаму афіцэру, які сустрэнецца прывіду каля спустошанай патаемнай скарбніцы, ды і ў любым абрабаваным пакоі. Ён працягне да афіцэрскага сэрца ледзяныя свае рукі, і рэха разьнясе па залах і сутарэньнях крык сьмяротнага жаху…
Пры гэтых фантазіях усе весела паглядалі на мяне як на ахвяру, пры­значаную для такой жахлівай сустрэчы. Было і пытаньне пра схоў – як глыбока ён пад зямлёй, ці вялікі, што там засталося і што там захоўвалася. Я пераказаў скаргу замкавага каменданта, не ўтрымаўшыся пад узьдзеяньнем лафіту расфарбаваць багацьці скарбу. Але мясцовыя легенды зьмяшчалі болей выдумкі: я зноў пачуў, што дванаццаць скульптураў апосталаў былі захопленыя ў Канстанцінопалі рыцарамі тутэйшай правінцыі мальтыйскага ордэну, якая мела прытулак у недалёкіх Сталовічах, і што дзесяць скульптураў былі зробленыя з серабра, дзьве – з золата, і ўсе ў рост высокага чалавека.
Іншая крыніца афіцэрскіх ведаў пра гэтыя каштоўнасьці пераканана лічыла, што ў замку Радзівілы трымалі алхімікаў, тыя па начах вядзьмарылі ў падвале, ператвараючы серабро ў золата, але потым таямніча зьніклі, прыхапіўшы з сабой найлепшую частку скарбаў. “Так, ёсьць аб чым пастагнаць замкавым зданям!” – выказаў агульны настрой падпалкоўнік. Усё ж шкада, што малады князь Радзівіл загінуў, адгукнуліся афіцэры, лепш было б, калі б толькі яму руку адарвала ў бітве ці вуха, цяпер тут зноў быў бы “маленькі Парыж”, дзядзька князя, генерал Мараўскі, зьбіраў бы адукаваных асобаў…
Упамінаньне гэтага імя падахвоціла некага дасьведчанага сказаць, што генерал-маёр Мараўскі быў да вайны магістрам нясьвіжскай ложы “Шчасьлівае вызваленьне”. Сярод навакольнай нясьвіжскай шляхты лічылася добрым тонам у яе ўступіць, каб пастаяць разам з Радзівіламі ў братнім ланцугу і ўдзельнічаць у сталовых ложах. Відаць было, што некаторыя з афіцэраў роты згодна з духам часу самі былі масонамі першых градусаў, уступіўшы ў паходныя ложы, і знайшлі ў Нясьвіжы гаварлівых братоў. Адкуль ім інакш было б ведаць, што дачка Мараўскага, княгіня Тэафіля Радзівіл, да вайны ўваходзіла ў дамскую масонскую ложу ў Вільні. Ложа насіла назву “Дасканалая вернасьць”. На мясцовую думку, гэта было вельмі забаўна, бо юная Тэафіля кінула першага мужа ці прама на вясельлі, ці праз дзень пасьля яго, спакушаная князем Дамінікам, які даводзіўся стрыечным братам яе бацьку. І другі дзядзька Дамініка, уладальнік маёнтка Паланечка, таксама быў масон. І сам князь Дамінік быў масонам шостага градусу. А яшчэ масонам шостага градусу быў Караль Вірыён…
Гэта імя нагадала мне, як Бургельскі пасьпяшаўся з падзямельля аддаваць пану Вірыёну нейкія дакументы, і я спытаў, чым ён вядомы? Гавораць, што ён быў захавальнікам Чашы Удавы, пачуў я ў адказ, гэты надзвычайны скнара старога веку захоўваў усе ахвяраваньні і сродкі “Шчасьлівага вызваленьня”. І Бургельскі, да майго зьдзіўленьня, аказаўся сярод адказных службоўцаў ложы і даўніх масонаў трэцяга градусу. Падобна, што ложа цяпер адраджаецца і мясцовае жыцьцё павесялее, казалі афіцэры. Праўда, з палякамі цяжка мець шчырыя кантакты, у іх свае тлумачэньні тайнаў і сімвалаў, вымаўляюць тыя ж словы, што і ты, але ўяўляюць зусім іншую карціну, часта супрацьлеглага зьместу. Вось, напрыклад, Аратар апавядае пра сьмерць будаўніка храма Хірама, і вы думаеце, што сьмерць Будаўніка – гэта разбурэньне духоўнасьці, а паляк упэўнены, што гэта сімвал падзелаў Польшчы ў мінулым стагоддзі, а тры таямнічыя забойцы – тры манархіі, і наша расейская, зразумела, у тым ліку, прычым на першым месцы, а ўсе палякі – дзеці Будаўніка і абавязаныя змагацца з ворагамі, каб аднавіць Храм. Будаўнік Храма ўваскрэсьне, калі Польшча адродзіцца ў межах 1772 году. Ну і як з імі, панове, быць у адной ложы, тым болей лучыцца ў братні ланцуг, калі яны жадаюць з намі змагацца? І нельга сказаць, што толькі сімвалічна – ці даўно павыбілі з іхніх рук клінкі? А вось адмірал Чычагаў, казалі афіцэры, хоць і сьцвярджаюць пра яго, што шчыры англаман і масон, напэўна, ніколі не ўваходзіў ні ў англійскую, ні ў нашыя ложы, інакш пасаромеўся б здабыць сабе славу вы­крадальніка чужых багацьцяў…

Ротны паэтычны талент

Падпалкоўнік Снегіроў, не ўхваляючы такой агульнай увагі да масонскіх праблемаў, вырашыў перавесьці гутарку на больш годную маладых афіцэраў тэму.
– Усё ж дзіўна, – сказаў ён, – што адмірал Чычагаў аказаўся адзіны з камандуючых арміямі, хто ніяк ня быў адзначаны за разгром Напалеона.
– Чаму ж ніяк, пан падпалкоўнік, – запярэчылі яму, – ён адзіны з камандуючых арміямі, хто захапіў такія істотныя трафеі. Ні ў князя Кутузава, ні ў Вітгенштэйна не было на шляхах руху гэтакіх багатых родавых маёнтаў. Таму – ім Георгіі…
Іранічны сэнс гэтай заўвагі падахвоціў падняцца маладога паручыка, які заявіў, што блага робяць тыя, хто жартуе над сьвятымі імёнамі. Кутузаў быў наш ваенны водца, талентам яго праслаўлена Расея, і няма словаў, якімі магчыма варта ўславіць подзьвіг гэтага вялікага вайскаводцы і народнага збавіцеля. Аднак насуперак сваёй жа тэзе аб недахопе высокіх словаў, паручык пачаў сьмела чытаць уласнай творчасьці оду, і ўсе таварышы прыязна яму зважалі.

Ты шел за ним вослед – и слава
Летела быстро на крылах.
Кичлива, гордая Варшава
Упала пред тобой во прах!
Несчастна Пруссия стенала
От ига злобна, алчна галла,
Но ты, сразя ее врагов,
Сразя французов, злобных, ярых,
Друзей царю доставил старых,
Изьвел из тягостных оков.
Твои дела, защитник трона,
Священной веры и закона, –
Из века паче будут в век
Всё с новой силой преливаться
И гласно в мире отзываться,
Что ты великий человек!

Падпалкоўнік заўважыў для мяне: “Слава нашай роты – паэт Рылееў!”, я назваў вершы выдатнымі, таварышы ўхвалілі крыкамі “Брава, Кандрат! Брава!” і ўсьлед дадалі зьмястоўныя ацэнкі: “Праўду напісаў – “ты шел восьлед”. А насустрач галу не пайшоў!”
З гэтай заўвагі ўзьнікла палкая спрэчка аб стратэгіі абараняльных і наступальных войнаў, у якой вырашыў я ня ўдзельнічаць, ведаючы, што афіцэрскі абмен думкамі спыніцца толькі на золаку, калі прапяюць пеўні, і разьвітаўся з кампаніяй сімпатычных маладых артылерыстаў…

Кніга пра хітрых ашуканцаў

Тое прыемнае ўзбуджэньне, якое дае лафіт, не дазваляла адразу кінуцца на ложак і заснуць. Я запаліў сьвечку і ўзяўся знаёміцца з “Гісторыяй чалавечага глупства”. Памятаю, мне нават падалося вельмі прыстойным чытаць такую кнігу па вяртаньні з вясёлай бяседы.
На адвароце тытульнай старонкі мелася цікавае адрасаваньне на французскай мове: “Высокашаноўнаму Нясьвіжскаму князю, ваяводзе віленскаму, ад даўняга госьця напамінак з дадаткам успамінаў аб шляхетнасьці роднага брата яго. 1789”. Нямецкі тэкст кнігі быў дапоўнены сшыткам у шаснаццаць старонак, якія былі надрукаваныя па-французску і ўяўлялі сабой асобную брашуру, сьпецыяльна ўстаўленую ў вокладку пераплётчыкам.
Нямецкі твор ананімнага аўтара ня выклікаў у мяне цікаўнасьці: гэта былі апавяданьні аб таленавітых прайдзісьветах, авантурыстах і алхіміках, асноўным чынам аб умельцах ператвараць жалезныя цьвікі ў золата. Я зьвярнуў увагу толькі на тыя месцы, насупраць якіх стаяла на палях тлустая пазнака NB. Сьледуючы за гэтымі нотабэнамі, я атрымаў пэўнае ўяўленьне аб хітрамудрых штуках філосафаў-ашуканцаў, як называў адэптаў алхіміі невядомы аўтар, магчыма, і сам набыўшы досьвед у падобным рамястве ці такім ашуканцам незабыўна падмануты. Вось, прыкладам, што ён паведамляў, жадаючы пазбавіць чытача ілюзіяў аб алхімічным золаце:
“Недасьведчаныя ў навуках багатыя людзі, якім абяцаюць павялічыць багацьце, ператварыўшы іх малакаштоўныя рэчы ў золата, ня ведаюць, што ртуць з невялікім дадаткам цынку, калі яе прапусьціць над чырвонай меддзю, набывае прыгожы залаты колер. Некаторыя ж растворы мышяку асьвятляюць медзь і надаюць ёй колер серабра. Алхімікі-ашуканцы кіпяцяць ртуць з яр-мядзянкай і выдаюць асадак за сапраўдны пераход ртуці ў паўнавартаснае золата”.
“У сьвінец умелыя ашуканцы хаваюць залатое ці сярэбранае зерне, іншым разам, калі ім трэба, нават невялікія зьліткі. У некаторых выпадках золата асьвятляюць ртуцьцю, колер яго мяняецца на серабрысты, ашуканцы тады гавораць, што гэта волава ці серабро. А потым вяртаюць яму натуральны колер, і ўпэўніваюць, што атрымалі золата ў выніку аўрыфакцыі”.
“Філосаф-ашуканец умее пакрываць сярэбраную ці жалезную рэч золатам ці серабром толькі звонку. У ходзе эксьперыменту нечакана зьяўляецца золата. Гэта дасягаецца тымі хітрыкамі, што золата магло асаджацца на рэч, паколькі раствор у тыглі зьмяшчае непрыкметныя кампаненты з золатам. Яшчэ болей было між ашуканцамі распаўсюджана, каб рэч ужо ўтрымлівала золата (напрыклад, адзеты на цьвік залаты калпачок). “Чароўная” вадкасьць у сасудзе алхіміка была простай сумесьсю кіслотаў, якія растваралі фарбу, што пакрывала золата.
Гэтым метадам ня грэбавалі і каранаваныя асобы. Пры каралі Генрыху VI Ланкастары медныя манеты, адчаканеныя як сярэбраныя пакрывалі ртуцьцю пад “серабро”. Ртуць, аднак, хутка сьціраецца. Каралева англійская Лізавета I Цюдор атрымала ад манаха-алхіміка нож з залатым канцом ляза. Пазьней высьветлілася, што золата было надта дасканала зьлітавана з жалезам”.
“Дурням, якія чакаюць цуду, убіваюць у галаву, што цуд аўрыфакцыі зьдзяйсьняецца, калі ашуканцы апускаюць жалезны цьвік у таямнічую тынктуру. На справе, цьвік складаецца з дзьвюх частак, добра зьлітаваных і пакрытых фарбай пад жалеза. Вось яна і зьнікае ў тынктуры. Такі падарунак некалі ўразіў вялікага герцага Тасканскага”.
“Існуюць і больш хітрыя спосабы пераўтварэньня невысакародных металаў у высакародныя. Водныя растворы азотнакіслага серабра бясколерныя, як вада, і па іх выгляду немагчыма здагадацца, што яны ўтрымліваюць у сабе шляхетны метал. Але калі да гэтай вадкасьці дадаць ртуць, то частка серабра злучаецца з ёй і ўтварае цьвёрдае цела. Для недасьведчаных яго выдаюць за зьлітак паўнавартаснага серабра. Падобныя пераўтварэньні можна правесьці і з золатам, калі яго ўвесьці ў расплаў сярністага натру. Тады золата быццам бы зьнікае. Але калі ў такі раствор пакласьці кавалак серабра, то зьнікне яно, а золата зьявіцца, і ўвесь эксьперымент ашаломіць уяўленьне недасведчанага сквапнага чалавека”.
“Часта царская водка ці, інакш, моцная водка, якой філосафы-ашуканцы карыстаюцца, ужо зьмяшчае золата ці серабро. Яшчэ яны кладуць на дно тыгля тонкі слой залатой ці сярэбранай вапны, а зьверху пакрываюць яго сумесьсю вугальнага парашку з клеем ці воскам. Гэты склад застывае і выглядае, як сапраўднае дно тыгля. Паперу, у якую ашуканцы абгортваюць свае таямнічыя матэрыялы, яны насычваюць, калі ім гэта трэба, вапнаю золата ці серабра і, кідаючы яе ў тыгель, дамагаюцца патрэбнага ім уражаньня. Нават звычайныя карты, калі філосафам-ашуканцам гэта патрабуецца дзеля алхімічнага падману, могуць утрымліваць непрыкметныя дадаткі шляхетных металаў…”
“Ашуканцы могуць яшчэ спаслацца на вядомага медыка Гельвецыя, якога ў 1666 годзе наведаў таямнічы алхімік і падараваў драбінку філасофскага камяню. Гельвецый паклаў драбінку ў воск і нагрэў яго ў тыглі з унцыяй сьвінцу. Праз паўгадзіны сьвінец ператварыўся ў золата, высокую якасьць якога пацьвердзілі ўсе дасьледаваньні. Але ўжо самі тры апошнія лічбы названага года, які абралі ашуканцы для гэтага эксьперымента, красамоўна гавораць пра тыя сілы, якія былі прыцягнуты для такой аўрыфакцыі”.
“Прускі кароль Фрыдрых-Вільгельм II запісаў у звод законаў такі параграф: “Людзі, якія падманваюць публіку махлярскімі дзеяньнямі, як алхімікі, правідцы, скарбашукальнікі і да т. п., апроч звычайнага штрафа за ашуканства, адбываюць яшчэ ад шасьці месяцаў да году ў катаржнай турме і выстаўляюцца на плошчы ля ганебнага слупа”.
Наогул нічога незвычайнага кніга не змяшчала; мяркуючы па мноству распрацаваных за стагоддзі метадаў падману “Гісторыя чалавечага глупства” менш тычылася алхімікаў-ашуканцаў, якія засьведчылі немалую гнуткасьць свайго розуму і разуменьне чалавечых заганаў, а болей – дурнаватай і прымхлівай большасьці.
Аднак невядомы дарыльшчык палічыў неабходным перадаць свае натабэны нясьвіжскаму князю ў спалучэньні са сьпецыяльна набраным дадаткам – відаць, мелася для гэтага нейкая падстава. Таму французскі тэкст, які дапаўняў галоўнае зьмесьціва “Гісторыі глупства”, я пачаў чытаць як гісторыю яшчэ адной магчымасьці адурачваньня ненавучаных, але гэтае апавяданьне мела зусім іншы сэнс і некаторых вядомых мне па імёнах персанажаў. Яно здалося мне цікавым. Вось што ў ім утрымлівалася.
“Шаноўны пан! Абставіны, якія вымушаюць мяне тэрмінова пакінуць Вільню, стануць вам зразумелыя, калі вы прачытаеце гэты ліст. Мая згода прыняць запрашэньне літоўскага вяльможы князя Радзівіла наведаць яго нясьвіжскі замак сталася ліхтугамі, цалкам магчымымі ў 16-ым стагоддзі і ненатуральнымі ў наш век асьветы. Ніжэй, я апішу іх падрабязна. Вельмі шкадую, што не адхіліў гэтае запрашэньне, але я ня мог меркаваць, і не знайшлося нікога, хто папярэдзіў бы мяне, што ступень непрадказальнасьці ўчынкаў князя Радзівіла далёка сягае нават за межы экстравагантнасьці. Аднак, ня менш вінавачу і самога сябе, бо зрабіў недаравальную памылку, калі даў згоду на дэманстрацыю ашляхечваньня металаў перад прастадушнай, як падлеткі, літоўскай тытулаванай публікай. Ініцыятарам такога майго дзеяньня выступіў рэктар універсітэту, які, хочацца думаць, спадзяваўся на высакародныя духоўныя наступствы і разумнае ўспрыняцьце эксьперыменту, які суправаджаўся выкладаньнем нашых ідэяў. Ён дазволіў скарыстацца ў гэтых мэтах лабараторыяй і запрасіў дзясяткі з два ўплывовых дам і вяльможаў. Ня маючы патрэбных прэпаратаў і папярэ­джаны пра невысокую падрыхтаванасьць аўдыторыі, я вырашыў скарыстаць фальсіфікат сярэбранага талера, без усялякіх цяжкасьцяў ператварыўшы яго на вачах недасьведчаных гледачоў у залаты. Эффект быў чаканы. І дамы, і паны зацікавіліся, чаму ж грамадства ва ўсіх дзяржавах адчувае востры недахоп у золаце, калі яго гэткім чынам можна атрымаць з серабра, і ці ўдасца пераўтварыць у золата, прыкладам, сярэбраны посуд, медную міску…
На гэтай фразе я адчуў, што валюся ў сон, і ў мяне проста не за­сталося сілы перагарнуць старонку. Я заддзьмуў свечку, і як толькі дакрануўся галавой да падушкі, лафіт імгненна пагрузіў мяне ў беспамятны сон.

Сядзіба Мараўскіх
Знаёмства з цесьцем князя Дамініка

Ранкам два кані са зручнымі казачымі сёдламі чакалі нас з Дзянісам каля замкавага маста. Свежым ад начной расы прасёлкам мы зарысілі ў Завушша, у сядзібу цесьця нябожчыка Дамініка Радзівіла. Мой дарожны роздум засяродзіўся на яго драматычным лёсе. Гэтай жа дарогай, па якой лёгка ішлі нашы коні, ён неаднойчы езьдзіў да свайго стрыечнага брата, да яго дачкі, сваёй пляменьніцы, якую ўзяў у жонкі, аддаўшы за скасаваньне першага няўдалага шлюбу гадавы даход ад ардынацыі. Мог бы і цяпер ехаць конна, трымаць на руках сваю дачку Стэфу, паказваць ёй на жаўрука ў блакітным небе, ці сядзець разам з жонкай і дзецьмі ў калясцы, калі б у бітве пры Ганау ядро не нанесла яму сьмяротнай кантузіі. Па іроніі лёсу ён загінуў у бітве з баварскім корпусам Карла Врэдэ, які служыў Напалеону, а потым яму здрадзіў. Напалеон масіраваным артылерыйскім агнём прасек праз корпус баварцаў шырокі крывавы прасьпект і адступіў, а князь Дамінік на дванаццаты дзень пасьля кантузіі сканаў. Перад тым за дзесяць дзён у бітве пад Лейпцыгам быў паранены і патануў у Эльстэры камандуючы польскімі войкамі Панятоўскі, ён пасьпеў суткі пабыць напалеонаўскім маршалам, хоць імкнуўся стаць польскім каралём. Што ўсьведамляў князь Дамінік, паміраючы ў нямецкай хаце? Францыя прайграла, тры манархіі зноў аб’ядналіся ў саюз, Расія перамагае, літоўскія губерні пакрыты пажарышчамі, родавыя скарбы зьніклі, замак адняты, дачка – сірата, сын – бастард, яго жонка – удава. Ва ўсім сумны вынік. Ці пашкадаваў ён, што стаў ахвярным прынашэньнем на чужой няўдалай вайне? Што дарэмна загубіў сваё жыцьцё? Што застанецца ў памяці агромністай сумай грошаў, аддадзеных за развод? А цяпер прысланы обер-аўдытар прапануе яго стрыечнаму брату, бацьку ягонай удавы, прыгадаць былі ці адсутнічалі сярод багацьцяў яго нясьвіжскіх сваякоў залатыя скульптуры, якія чамусьці не патрапілі ў рукі расейскіх генералаў ці, наадварот, па­трапілі і бясьсьледна зьніклі. Ня вельмі, трэба прызнаць, шляхетная місія…
Дом у Завушшы, збудаваны ў сьціплых шляхецкіх канонах сярэдзіны мінулага стагоддзя – па шэсьць акон у абодва бакі ад ганку, на высокім падмурку, з мансардай, вальмавым дахам, пакрытым гонтам, займаў вяршыню пагорка, адзінага на роўнай мясцовасьці ўсяго маёнтка. Да яго ад уяздной брамы праводзіла кляновая алея, з левай рукі была бачная за дрэвамі сямейная капліца, сходы і калоны з франтонам надавалі ёй вы­гляд грэчаскай сьвятыні. Пакінуўшы Дзяніса на беразе возера, якое паляпшала аднастайны палявы краявід, сам я вярхом падняўся да дому. Эканом, які выйшаў з флігеля, выслухаўшы жаданьне маё ўбачыцца з гаспадаром, пасьпяшаўся ў дом.
Генерал быў у сядзібе і выйшаў на ганак мяне сустрэць. Даведаўшыся пра мэту майго візіту, Мараўскі адказваў, што я моцна перабольшваю яго веды аб нясьвіжскіх скарбах, але запрасіў прайсьці ў альтанку. Мы аба­гнулі старасьвецкі дом і накіраваліся да ракі ліпавай алеяй. У канцы алеі, блізка да берага Ушы, стаяў пад раскідзістай ліпай просты стол з дзьвума лаўкамі. За ракой пачыналіся заліўныя лугі, у далячыні закрывала гарызонт стужка лесу, зьвілістая Уша блішчэла пад сонцам, на лузе пад даглядам пастуха, які абапіраўся на кій, пэўна, каб ня ўпасьці ў дрымоце, пасьвіліся каровы, і ўвесь пейзаж выклікаў пачуцьцё ўлагодненасьці. Уся гэтая карціна адпавядала маім уяўленьням аб сьціплым шчасьці, якое чакае мяне ў Ветрыне, калі абставіны дазволяць выйсьці ў адстаўку і заняцца гаспадаркай. На нейкае імгненьне я нават перанёсься ў гэтакую будучыню марай, убачыўшы сябе там у такі ж сонечны дзень каля сажалак, а ўвечары – пад клёнам з кнігай і люлькай.
– З пакойным зяцем сваім я бачыўся ня вельмі часта, – між тым тлумачыў Мараўскі, – ён зрэдку ў Нясьвіжы жыў. Адносна скарбаў магу паведаць, што я іх бачыў ня больш, чым іншыя наведвальнікі замка. Усе Радзівілы, а ўжо князь Караль Пане Каханку болей за ўсіх, узятых разам, лічылі шлюб яго сястры, маёй маці, з маім бацькам грэхападзеньнем, горшым, чым учыніла Ева ў раю. Бацька служыў у міліцыі князя Караля паручыкам; шляхціч без зямлі і без уплывовых сваякоў лічыцца бедным, як касцёльная мыш; часьцей за ўсё, так яно і ёсьць. Маці мая была на шэсьць гадоў старэйшая за бацьку, яны пакахалі адзін аднаго, хутка наступствы сардэчнага захапленьня сталіся нагэтулькі відавочныя, што закаханай пары давялося тэрмінова ляцець у Львоў, дзе іх абвянчалі, каб я зьявіўся на сьвет, ня маючы праблемаў з законам.
Міжволі я зірнуў на генерал-маёра з большай цікаўнасьцю – як на плён грахоўнага рамантычнага каханьня, якое завяршылася касьцёльным блаславеньнем. Колькі ж гэта заплацілі львоўскаму біскупу, мільганула ў мяне думка, каб цяжарную маладую даму абвянчалі, як цнатлівае дзяўчо?
– Караль Станіслаў вельмі злаваў на сястру за такі пасьпешлівы выбар спадарожніка жыцьця, – казаў Мараўскі, – адзіныя словы, якімі ён блаславіў яе перад ад’ездам у Львоў былі “Чорт з табой!”. Магчыма, ён хацеў знайсьці ёй лепшую партыю, але маці маёй настыла сядзець у дзеўках пры надта экспрэсіўным браце, да таго ж мой бацька ва ўсім, апроч маёмасьці, быў варты яе каханьня. Зьмірыўшыся з непазьбежнасьцю і выконваючы братні абавязак, Пане Каханку аплаціў маё навучаньне, а бацьку набыў патэнт генерал-маёра. Я сваё званьне палкоўніка і камандаваньне 2-ім пяхотным палком літоўскага войска выслужваў без усялякай апекі. Генерал-маёрам мяне ўганараваў Касьцюшка ў год паўстаньня, за што пасьля палону мне давялося зрабіць малапрыемную вандроўку ў Сібір.
Відаць, у вачах маіх адбілася паважнае спачуваньне да такога нялёгкага досьведу, бо генерал-маёр шляхетна паменшыў свае няшчасьці:
– Мне пашанцавала, Касьцюшка, патрапіўшы ў палон, даў Паўлу прысягу не выступаць са зброяй супраць Расеі пры ўмове, што цар абвесьціць амністыю дзесяці тысячам сасланых паўстанцаў. Абодва стрымалі сваё слова, і гэта дазволіла мне быць прынятым у расейскую армейскую службу з генеральскім чынам. Але за дзесяць гадоў маёй адсутнасьці тут усё непазнавальна зьмянілася…
– Вы, думаю, былі ў Нясьвіжы, калі прыязджаў кароль Станіслаў Аўгуст?
– Кароль і да нас, у гэтую сядзібу, заязджаў наведаць маці, – пад­крэсьліў Мараўскі. – Але ўсе ўрачыстасьці, пра якія вы згадалі, я быў у Нясьвіжы на правах пляменьніка. Я там вырас, вучыўся ў нясьвіжскім калегіуме, знаходзіўся ў замку, канешне, не выпадковым госьцем.

Меркаваньні генерала пра свайго дзядзьку

Я пераказаў яму ўсё, што ведаў пра залатыя скульптуры апосталаў.
– Магчыма, расейскаму паслу Рапніну паказвалі нешта асобна, – адказваў Мараўскі, – але сумняваюся, што такі гонар меў Адам Чартарыйскі, якому тады было чатырнаццаць гадоў. Ва ўсялякім разе, я ня памятаю ашаламляльна вялікіх залатых ці сярэбраных скульптур. Таксама і маці мая ніколі іх ня бачыла і ня ўзгадвала аб іх. І бацька мой ня чуў пра іх. Былі там нейкія сярэбраныя фігуры касьцёльнага прызначэньня. Праўда, сярод выстаўленых скарбаў кароль ды іншыя госьці ўбачылі рэчы, якія належалі розным сем’ям Радзівілаў. Мая маці аддала брату на часовае эспанаваньне нашы сямейныя каштоўнасьці, Шмат чаго прывезьлі з Клецкай ардынацыі. Князь Пане Каханку прагнуў уразіць гасьцей, асабліва караля Панятоўскага, ну і ня менш расейскага пасла, ведаючы, што той падрабязна адчытаецца аб сваіх уражаньнях перад імператрыцай. Дзядзька быў самалюбівы, яму карцела ўзяць рэванш.
– Рэванш за што? – спытаў я.
– Пане Каханку стаяў на чале літоўскай апазіцыі Панятоўскаму, калі імператрыца ставіла свайго каханка на каралеўскі трон Польшчы. Справа дайшла да ваенных сутыкненьняў, па жаданьні Кацярыны мой дзядзька быў выгнаны з краіны, пазбаўлены пасадаў, маёнткі яго былі канфіскаваны, яго ўласная шасьцітысячная міліцыя расфарміраваная, ва ўладаньнях гаспадарылі зайздросьнікі і ворагі, – усё разам абышлося яму стратаю чатырнаццаці мільёнаў залатых. Але найгорш, што імператрыца лічыла яго аўтарам падахвочваньняў княжны Тараканавай прэтэндаваць на расейскую карону… Вы, спадзяюся, начутыя аб гэтай прывабнай даме? – запытаўся Мараўскі, нібыта меў намер паведаць мне пра жыцьцё няшчаснай князёўны.
– Толькі тое, што яна патанула ў Петрапаўлаўскай крэпасьці ў часе паводкі.
– Магчыма, і патанула, – выказаў сумнеў генерал, – іншых вязьняў аднак выратавалі з затопленых вадой камораў... Дзядзька блізка пазнаё­міўся з ёй у Парыжы, і, магчыма, імператрыца мела рацыю, калі яе засьцерагалася. Дзядзьку з гэтай прычыны далі ўрок: у 1772 годзе ўсе незахаваныя ў патайніку каштоўнасьці нясьвіжскага замка былі рэквізаваныя амаль гэтаксама, як у восень дванаццатага году зрабіў адмірал Чычагаў. Вывезьлі нават калекцыю васковых фігур, якая стаяла ў Блакітнай зале, дваццаць тысяч тамоў бібліятэкі, усе дакументы Літоўскай метрыкі, а фамільнае серабро абразьліва адаслалі на пераплаўку на Манетны двор, быццам гэта быў лом. Я цалкам перакананы, што дзядзька быў няздольны сплясьці складаную змову з удзелам гэтай адчайнай авантурысткі. Каб не гібець у галечы, а да гэтага ўсё вяло, і вярнуцца ў свой замак, дзядзьку давялося прынесьці імператрыцы прысягу на вернасьць. Уяўляю, як ён пакутваў у тую хвіліну. Выставіўшы з нагоды сотых угодкаў перамогі над туркамі пад Венай свае скарбы на агляд, князь Пане Каханку хацеў паказаць, што страты, якія ён пацярпеў ад мясцовых і расейскіх непрыяцеляў, былі для яго непрыемнасьцю, ня большай, чым крадзеж насоўкі з кішэні… На жаль, гэты блеф памножыў яго даўгі да пяцідзесяці мільёнаў залатых…
– Яму ўдалося іх вярнуць? – пацікавіўся я.
Мараўскі адрэагаваў на гэтае пытаньне іранічнай усьмешкай.
– Думаю ён да гэтага не імкнуўся, проста не абцяжарваў сябе такімі планамі, ці нават развагамі. Дзядзька пакідаў даўгі сваім наступнікам, а крэдыторы нараджалі сваіх наступнікаў. Гэта вечны працэс у родзе Ра­дзівілаў, як плынь гэтай ракі. Ці ёсьць сэнс павярнуць яе плынь у адваротным накірунку? Усё зьнікне: луг, каровы, ліпа, стары пастух…
– Інакш кажучы, калі б у князя Пане Каханку былі залатыя і сярэбраныя скульптуры апосталаў, – ён ня стаў бы імі гандляваць?
– Прадаць мастацкае ці ювелірнае золата, атрымаць залатыя манеты і аддаць іх за даўгі – хіба ёсць у гэтым хоць нейкі сэнс? – сказаў Мараўскі. – Зямельныя ўладаньні Радзівілаў дазвалялі выканаць усе пазыковыя абавязацельствы самым звычайным чынам – выплатамі з даходаў. Але Пане Каханку любіў усіх ашаломліваць, у тым ліку і неймавернымі скарбамі, і неймавернымі даўгамі. Для яго мела станоўчую значнасьць, што ніхто ня мае столькі даўгоў, колькі ён: яму пазычаюць, іншым – не даюць веры…

Партрэт жонкі князя Дамініка

Мараўскі прапанаваў пачаставацца кавай, мы прайшлі ў дом. У гасьцёўні, абітыя шпалерамі сьцены якой былі ўпрыгожаны карцінамі, увагу маю прыцягнула палатно міфалагічнага зьместу, якое дыссаніравала з сямейнымі партрэтамі, намаляванымі ў паважлівым духу жанра – мужчынскія персоны ў кунтушах ці мундзірах пры шаблях і ордэнах, дамы ў дарагіх строях і з пэўным наборам каштоўнай аздобы. Незвычайная ж карціна паказвала маладую даму з напаўаголенымі чарамі, якая ў нейкай празрыстастай кашульцы антычнага крою паўседзячы на сафе частавала з залатога кубка арла, які распасьціраў над ёй магутныя крылы. “Жонка князя Дамініка”, – падумаў я, і Мараўскі, прыкмеціўшы маю ўвагу, пацьвердзіў: “Мая дачка Тэафіля!” – “Прыгожая!” – адзначыў я з той інтанацыяй, з якой хваляць дзяцей перад бацькамі. Партрэтная алегорыя не вылучалася сьціпласьцю: Тэафіля падобна сястры і жонцы Зеўса выкормлівала сімвал сілы, які мог выключна азначаць адраджэньне польскай дзяржавы. Але ўласны арол пані Тэафілі быў забіты баварскай гарматнай куляй, і таму карціна падалася мне даволі сумнай.
– Ня самая ўдалая работа Юзефа Пешкі, – адзначыў Мараўскі, адгадваючы мае пачуцьці. – Яму не ўдаваліся міфалагічныя сюжэты. Але чамусьці Дамінік апекаваў гэтага мастака. Цяпер карціна, – генерал афарбаваў свой голас самотай, – набыла сапраўды сімвалічны сэнс. Можна назваць яе “Разьбітыя ілюзіі”.
Такое тужлівае акрэсьленьне магло тычыцца разбуранага сямейнага шчасьця гераіні палатна, але нароўні Мараўскі мог прыкласьці яго да Польшчы, адраджэньне якой пад назвай Царства Польскага без літоўскіх правінцый упадаблялася арлу без аднаго крыла і з прычыны інваліднасьці няздольнага да палёту. Дарэчы, генерал мог думаць адначасна аб асабістым і грамадскім , таму я абмежаваўся цікавасьцю да пачуцьцяў яго дачкі.
– Не палічыце мяне бестактоўным, – сказаў я, працягваючы вывучаць прэтэнцыёзны партрэт, – але справа, датычная канфіскаваных скарбаў, пачалася па заяве замкавага каменданта. Аднак хіба тут не былі закрануты інтарэсы княгіні Тэафілі Радзівіл?
– Згодна з законам – не. Па сьмерці князя Дамініка старэйшая лінія Радзівілаў загасла, Нясьвіж застаўся без ардыната. Ім можа быць толькі мужчына і ў прамым сваяцтве з папярэднікамі. Найбольш правоў было ў Канстанціна Радзівіла, уладальніка Паланечкі. Але праз чатыры месяцы пасьля гібелі Дамініка цар, парушыўшы правіла, перадаў ардынацыю Антонію Генрыху з Радзівілаў, якія аселі ў Прусіі. Ён жанаты з Луізай з Гогенцолернаў, пляменьніцай Фрыдрыха Вільгельма ІІ, служыў прускай палітыцы, жаданьне цара прыцягнуць яго на свой бок, ва ўсялякім разе, зьвязаць рукі маёмасьцю ў расейскіх межах, і сталася, мушу меркаваць, падставай такога выбару.
Я паказаў сваю пэўную дасьведчанасьць:
– Але пакуль што ён тут не зьяўляўся.
– Хутчэй за ўсё, ён тут і ня зьявіцца, – сказаў генерал. – Антоній – унук таго Марціна Радзівіла, клецкага ардыната, якога нясьвіжскія Радзівілы трымалі ў няволі нібыта за вар’яцтва. Стаць нясьвіжскім ардынатам для Антонія – акт гістарычнай помсты, але ехаць сюды, прымаць замак і даўгі – нецікава чалавеку, звычнаму да прускага парадку і нямецкай культуры. Ён атрымаў дадомак да тытулу – князь на Нясьвіжы і Алыцы. Гэтая частка гасударава падарунка цалкам яго задаволіць. Аднак я ніколі з ім не сустракаўся і не бяруся што-небудзь сьцьвярджаць, – дадаў Мараўскі. – Між тым аддадзена забыцьцю, што ў князя Дамініка ёсьць сын Аляксандр, яму зараз восем гадоў, але яго княжы тытул і спадчынныя правы на нясьвіжскую ардынацыю ў Расеі не прызнаюцца, бо ён нарадзіўся да гэтак званага царкоўнага шлюбу маёй дачкі з Да­мінікам. Мой унук, гаворачы ўзьнёслым стылем, у Расейскай дзяржаве лічыцца байструком…

Мараўскі дзеліцца замкавым сакрэтам

Генерал памаўчаў, хаваючы раздражненьне, і з іранічнай усьмешкай патлумачыў:
– Хоць майму ўнуку непрыемнасьці былі наканаваныя – ён нарадзіўся 29 лютага. Гэта ж трэба было так трапна разьлічыць!
– Нячасты выпадак, – адгукнуўся я з ветлівасьці, ня ўражаны гэтым казусам. – Вы верыце ў магію датаў і лічбаў?
– Як ня верыць? Тое-сёе збываецца! Кажучы шчыра, я нават радуюся, што адмірал Чычагаў сьмела забраў скарбы. Нясьвіжскіх Радзівілаў болей няма, гэта ўжо такая незваротная гісторыя, як гісторыя старажытнага Рыма ці французскай імперыі, а сямейныя рэліквіі і багацьці не павінны перадавацца выпадковым людзям. Нечаканая і арыгінальная разьвязка. Цалкам у манеры князя Пане Каханку: род загас, скарбы зьніклі, багата дзіўных легендаў, ваенны аўдытар вышуквае сьляды…
Мараўскі пасьміхнуўся, быццам выклаў вясёлую гісторыю.
Паколькі менавіта я быў тым аўдытарам, які праехаў тысячу вёрстаў, каб вышукваць сьляды, дык ніякай падставы для самаіроніі я ня ўбачыў і не ўсьміхнуўся ў адказ.
– Дзядзька быў добры фантазёр і заслужыў нязгаслую славу дзівака, – сказаў Мараўскі. Некаторыя яго ўчынкі настолькі дзіўныя, што нават мне было цяжка паверыць у іх сапраўднасьць. У 1789 годзе, калі я камандаваў палком і часта бываў у Вільні, адзін уплывовы чалавек па­прасіў мяне перадаць князю Каралю Станіславу, гэта значыць дзядзьку майму, свежавыдадзены ў Лейпцыгу том з сямітомніка на нямецкай мове, які прэтэнцыёзна называўся “Гісторыя чалавечага глупства”. Аўтар не назваў сябе, але цяпер я ведаю, што гэту “Гісторыю” напісаў захавальнік Дрэздэнскай бібліятэкі, чалавек даволі разумны, аднак ня ў той меры, каб напісаць цікавую гісторыю глупства людзей. Зрэшты, ён і ня ставіў сабе мэты перасягнуць вядомы твор Эразма Ратэрдамскага, ён выставіў на агляд некалькі дзясяткаў жыцьцяпісаў фанатыкаў веры, адпетых махляроў і ашуканцаў, фальшываманетчыкаў. Пра апошніх шмат гаварылася ў абраным для паднясеньня сёмым томе. З ім пад адзіны пераплёт патрапілі “забаўляльныя”, па словах майго знаёмага, нататкі вандроўнага розенкрэйцэра ці алхіміка. Аўтар дзяліўся надзвычайнымі прыгодамі, якія здарыліся з ім у Нясьвіжскім замку напярэдадні прыезду туды караля. Я ня мог адразу аддаць гэты падарунак князю Каралю Станіславу, ён жыў тады ў Белай, мы сустрэліся літаральна за месяц да яго скону. Кнігу гэтую я пакінуў у замкавай бібліятэцы, магчыма, там яна і знаходзіцца, калі яе ня вывез Чычагаў ці ня ўзялі казакі на распал кастра.
Я хацеў быў пахваліцца, што менавіта гэтая кніга і патрапіла мне ў бібліятэцы і нават некалькі старонак ужо пасьпеў прачытаць учора перад сном, але толькі абрыўкі асобных сказаў захаваліся ў маёй памяці, і я адказаў, што абавязкова пацікаўлюся.
– Не пашкадуеце, – адзначыў Мараўскі. – Памятаю, калі я чытаў, дакладней, чытаў запіскі масона, усё ж правільна будзе называць яго алхімікам, хоць ён сам лічыў сябе філосафам, я быў моцна ўражаны: некаторыя легенды нясьвіжскага замка, якія я раней успрымаў як выдумку, набылі зусім сапраўдныя доказы… Дзядзька мой быў чалавек з непамернымі амбіцыямі, – з прыкметнай ухвалай дадаў генерал. – Вялізная ардынацыя была ягоным каралеўствам, ён марыў стварыць гэтай зямлі еўрапейскую славу. Упэўнены, што ў сваіх фантазіях ён бачыў сябе каранаваным манархам. Фартуна адвярнулася ад яго, калі ён, перабольшыўшы сваю значнасьць, вырашыў перашкаджаць элекцыі Станіслава Аўгуста. Пасьля падзелаў і згоды на камічную ролю ганаровага вязьня ў Пецярбургу Панятоўскі стаў сімвалам здрадніцтва, а нясьвіжскі замак, яго скарбы і нават вядомыя дзівацтвы князя сталі ўспрымацца як сімвалы высакароднага літоўскага сепаратызму ці патрыятызму – як для каго зручней. Цяпер гэтая таямніца забіта.
– Хутчэй здраджана, – зазначыў я. – Хіба захавальнік скарбаў не парушыў сваю прысягу?
– Усё мае канец, – сумна падагульніў Мараўскі. – Прышоў новы час, у ім Радзівілы не да месца. Ды і ўсе ранейшыя роды, што некалі панавалі ў нашай краіне. Нашто Нясьвіжу без Радзівілаў каштоўнасьці і рэліквіі загаслага родаводу? Вось іх і забралі. Такая, значыць, божая воля. Іншая справа, што без найвысачэйшай згоды, з парушэньнем іерархічнай дысцыпліны. Хоць розныя шляхі, якімі людзі дамагаюцца таго ж самага выніку, – праява характару ці зьбег выпадковых абставінаў…
Эканомка ўнесла паднос з кававым наборам, пах добра змолатай і зваранай кавы чамусьці нагадаў мне аб пустых замкавых гасьцёўнях, пазбаўленых нават малых прыкмет сьвецкага жыцьця.
– Калі б лёс быў літасьцівы да князя Дамініка, – пацікавіўся я, – якому занятку, на вашу думку, ён прысьвяціў бы сябе пасьля заканчэньня вайны?
– Не магу ўявіць, – сказаў Мараўскі. – У яго не было яркіх талентаў. Магчыма прысьвяціў бы сябе коням. У публічнай сферы, магчыма, стаў бы губернскім маршалкам… Я б спадзяваўся, што ён выправіцца ў Пецярбург і вымаліць у імператара прызнаньне правоў для сына. Хоць бы на тытул і некаторыя маёнткі. На гэтае Завушша, напрыклад… Але што гадаць! Князь Дамінік не павінен быў служыць Напалеону за межамі нашай Літвы. Ён падпарадкаваўся чужой волі, і геній роду Радзівілаў пазбавіў яго сваёй аховы…

Вечар у Сабковічах
Успаміны старога лясьнічага

За маёнткам Мараўскага ў бок Карэлічаў пачынаюцца старыя лясы Налібоцкай пушчы. На ўскрайках яе стаяць рэдкім ланцугом сядзібы службовай шляхты. Больш дарэчы іх называць па старыне – дварамі, паколькі там няма ніякіх модных прыўкрасаў, запазычаных у англічанаў ці французаў, – паркаў, прагуляначных алеяў, зімовых аранжэрэяў, падстрыжанага кустоўя – уся гэтая дробная прысутнасьць штучнай прыгажосьці ня можа параўноўвацца з дзікім хараством спрадвечнай пушчы.
Адну з такіх сядзібак, належную Сабковічам, мы з Дзянісам на зломе дня адшукалі. Яна не была адгароджаная ні ад поля, ні ад лесу, і толькі ўмоўная брама і чатыры драўляныя слупы з навесам над ганкам – прыкмета літоўскага шляхецкага дому – дазвалялі называць сядзібай гэты просты прытулак ляснічага Радзівілаў. Невысокай загародкай быў абаронены ад замахаў кароў і сьвіньняў толькі агарод, супраць жа ваўкоў, лісаў ды іншых лясных рабаўнікоў несьлі службу два моцныя псы, якія выконвалі разам і камердынерскія абавязкі – на іх кароткі злосны брэх з дому выйшаў гаспадар. Дарожнага майго знаёмага Фелікса ў сядзібе не было, але бацькам ён нашу сустрэчу на паштовай станцыі пераказаў, і сустрэлі нас вельмі прыязна. Стары Сабковіч аказаўся маім цёзкам і скарыстаў гэтую акаліч­насьць, каб выставіць на стол штофы з настоямі, жонка яго згатавала частаваньне ў старасьвецкай традыцыі, гэта значыць, насмажыла гару мяса і кілбасаў, і мы сядзелі да апоўначы, слухаючы апавяданьні аб былых днях мясцовай шляхты і князёў Радзівілаў.
Гутарка напачатку закранула вайну, і я падзяліўся тымі назіраньнямі, што тут у іхняй мясцовасьці мала прыкмеціў такіх разбурэньняў, як у нас, на Аршаншчыне, дзе нават мая сядзіба, аддаленая ад шляхоў, была абрабаваная і падпаленая баварцамі, а шмат мястэчак і вёсак цалкам зруйнаваныя, толькі коміны тырчаць, як крыжы на кладзішчах. Пан Андрэй сказаў, што і тут хапіла непрыемнасьцяў, хоць усе і сустракалі французскія войскі кветкамі і паклонамі да зямлі. Усе гэтак настроіліся, быццам блізкія сваякі прыедуць і яшчэ гасьцінцы кожнаму прывязуць. А прышлі з Жэромам, братам Напалеона, пад Наваградак шэсьцьдзясят тысячаў салдатаў і ўланаў – без свайго харчаваньня, усе маладыя, ненасытныя, чыстая хмара саранчы.. Хоць адзін з карпусоў быў польскі, і ўзначальваў яго сам Панятоўскі, палякі таксама выказалі ня меншы апетыт на літоўскую кухню. У Наваградку вестфальскі кароль Жэром заняў радзівілаўскі палац, дзе навакольная шляхта наладзіла яму і яго сьвіце шыкоўны абед. У знак удзячнасьці, пасьміхаўся Сабковіч, вестфальцы забралі з сабой як прэзенты лепшы посуд і льняныя абрусы – нават туркі гэтак не маглі б абыйсьціся з тымі, хто частуе. А салдаты проста вялі сябе, як падарожныя разбоі, – рабавалі па хатах віно, кумпякі, рэчы, нават жывых парсючкоў зносілі ў мяшках. Як ледзяной вадой усіх абдало ад такога вызваленьня ад маскоўскага прыгнёту. Марылі тут многія з шляхты, што Наваградак абвесьцяць ваяводствам, і пачнецца жыцьцё, як раней вялося, аднак аб’явілі на французскі манер дыстрыктам, пачалі абдзіраць двары для армейскіх харчовых запасаў, і хочацца ня хочацца трэба везьці на склады муку, крупы, гарох, соль, гарэлку, сена. Адразу пачалі фарміраваць уланскі полк і, па завядзёнцы, лупіць грошы за афіцэрскія званьні для шляхцічаў: за капітана – тысяча дукатаў, за паручыка – чатырыста, падпаручыка – дзьвесьце. А яшчэ каня трэба мець і ўсю амуніцыю. Я свайму хлапцу, узгадваў Сабковіч, кажу, не, мой міленькі сын, хочаш за радзіму ваяваць – пішыся ў егерскі полк, там дарма апрануць і ружжо атрымаеш. Тры дні Жэром у Наваградку адпачываў і пайшоў у Нясьвіж, там у замку таксама два дні пражыў – на тым уся вайна ягоная скончылася, зьехаў у сваё вестфальскае каралеўства.
– Ну, а ў Нясьвіжы посуд на памяць ня бралі?– пацікавіўся я.
– І там ня лепш было, – адказаў Сабковіч. – Хоць князь Дамінік Напалеону служыў, аднак, аблупілі двары ня меней. І таксама полк фарміраваўся, а яго трэба карміць – зноў жа з гэтай мэтай пазбавілі жыцьця безьліч свойскай жывёлы і птушак.
– Але вось жа не кранулі княжыя скарбы, – адзначыў я. – Можа забарона была ад Напалеона?
– Можа і была, – усумніўся пан Андрэй, – хоць наўрад ці. Відаць, проста пашанцавала каменданту Бургельскаму, хаваўся недзе ў скляпеньні. А можа ніхто не даведаўся – пабаяліся габрэйчыкі вестфальцам падказваць. Уведалі б немцы пра скарбы – спазнаў бы пан Альберт па чым фунт ліха!

Уражаньні ад Альбінскага гасьцяваньня

– А вам з паняй Хрысьцінай удалося бачыць каштоўнасьці? – спытаў я. – Кажуць, іх выстаўлялі ў замку, калі прыязджаў польскі кароль Станіслаў Аўгуст.
Гаспадар і сужоніца яго ахвотна прыгадалі свай побыт у Альбе ў той памятны год; праўда, ва ўспамінах скразіла болей іронія, чым пашана. З волі нясьвіжскага князя ўсёй незаможнай і залежнай ад яго шляхце, за­прошанай правесьці лета ў княжай перабудаванай сядзібе, давялося выдаваць сябе за простых земляробаў, адзявацца ў сялянскія сподні і спадніцы, цягацца табарам пры князі, пяючы вясковыя песьні. Ранкам трэба было выпусьціць за вароты карову, накарміць парсюка, насыпаць зерня курам, удзень шляхцянкам трэба было ісьці на “жніво” – зрэзаць сярпом некалькі каласкоў, а потым каля снапа, аздобленага стужачкай і вяночкам, услаўляць шчасьлівымі галасамі багаты плён вольнай працы. А шляхта рыцарскага стану, сьмяялася пані Хрысьціна, пільнавала на выпасе баранаў, забаўляючы іх ігрой на гітарах і дудках. Мой, вось, гадзінамі авечкам дудзеў. І добра ў яго атрымлівалася. А тут на ўласным двары ні баранам, ні парсючку ніколі не падудзеў. Так, былі такія гульні, прызнаваў пан Андрэй. Усе прыстойныя людзі, якім пашанцавала бачыць, як шаноўная шляхта шлэндае бяз ботаў па кароўскіх ляпёшках, сьмехам душыліся. Пры любой сварцы па сёньняшні дзень не забудуць сьвінапасам назваць. А для караля ды іншых адважных паляўнічых наладзілі ловы ў зьвярынцы; для гэтай забаўкі прывезьлі ў клетках дзясяткі мядзьведзяў, ваўкоў, лісаў з Белавежы, нават некалькі зуброў жыўцом там злавілі і прыпёрлі ў Альбу. Збудавалі для стралкоў крэпасьць з байніцамі, пагналі зьвяроў з клетак, паляўнічыя, за сьценамі седзячы, скрозь байніцы залпамі палячы, усіх і паклалі, а ў якога ваўка прамахнуліся, таго егеры пасьпяшаліся забіць. А на гулянцы ў замку альбінскія простыя госьці частаваліся на двары, як пабірушкі, удыхаючы пахі кухні, пакуль вяльможныя паны за сталамі ў залах шыкавалі. Але скарбы паглядзелі, хоць карысьці ад гэтага ніякай: чужое золата вока ня цешыць. У Каралеўскай зале былі выстаўлены турэцкія трафеі, каралём Янам Сабескім пад Венай сто гадоў назад здабытыя, а на сталах ляжалі пластом золата, камяні, серабро, літыя слуцкія паясы, зброя, шаблі з залатымі тронкамі – вазы рознага каштоўнага дабра.
– А залатыя зьліткі? – спытаў я.
– Ня памятаю нешта, – адказала пані Хрысьціна, і ў Сабковіча яны не пакінулі сьледу ў памяці.
– А залатыя скульптуры?
– Быў выстаўлены тузін скульптурак, – сказаў Сабковіч, – але сярэбраныя, мы іх раней у касьцёле бачылі. Нейкія з іх і выглядалі як залатыя.
– Шэпт хадзіў, – дадала пані Хрысьціна, – што князь Радзівіл іх пазалаціў.
Я недаверліва паглядзеў на Сабковіча.

Шляхецкія легенды аб Пане Каханку і прывідах

Ён сьмяючыся сказаў, што гэта цалкам верагодна. Князь Пане Каханку для забаўнага жарту нічога не шкадаваў. Неяк прыдумаў сваіх гасьцей пачаставаць тортам пад назвай “Салаўінае малако”. Тры дні княжацкія павары гэты торт выпякалі, узьбілі бочку вяршкоў, з пуд марцыпанаў зварылі ў мёдзе, пуд крэму пайшоў на ўпрыгожаньні – крэмавыя хаткі, возера з блакітнага люкру, на ім цукровыя лебедзі, навокал дрэўцы з марцыпанаў, на кожным сядзеў шакаладны салавейчык велічынёй з паўзногаць. Чацьвёра кулінараў ледзь унесьлі гэты цуд вышынёй з аршын. Аркестр зайграў марш, усе цікаўныя дурніцы навокал торта зьбіліся, як авечкі, млеюць – ах, якая вытанчанасьць, а які водар! Князь сам блакітнае возера нажом выкалупаў – і раптам з дзіры, быццам чэрці з пекла, чарада салаўёў, а можа вераб’ёў, яны ж падобныя, вырвалася ў паветра і ад перажытага страху, загадзілі ўсё, над чым пранесьліся, – дываном іхны памёт на дамскіх галовах і сукенках ляжаў, а торт унутры і зьверху быў гэтак салаўінымі пёрамі і “малаком” аздоблены, што толькі сьляпы мог да рота кавалак паднесьці…
Але пад настрой бываў Пане Каханку і па-разумнаму шчодры. Калі пасьля выгнаньня ў замак вярнуўся, то, як пакінуў у патайніку французскае віно і ўсе іншыя каштоўныя рэчы, так усё ў захаванасьці і знайшоў. З радасьці, што ніхто яго багацьці ня выдаў, і не паласаваліся маскалі з яго запасаў, усю нясьвіжскую шляхту тым віном частаваў, да апошняй кроплі з бутэлек выціснуў. А мог бы сам паўгода піць! Але здольны быў скнарнічаць, што самы сквапны габрэй ня змог бы яго пераплюнуць. Паехаўшы ў Парыж, зьняў там гасьціны двор, а гаспадар-француз атрымаў з яго толькі прыгаршню манетак за пастой, нават саломы пук не купіў князь у тым Парыжы. Усё прывёз с сабой, нічога не купляў цэлы месяц, нічым з яго не пажывіліся французскія гандляры…
Калі адухаўляўся віном, зьляталі з ягонага языка проста дзікія небыліцы, а потым ад іх не адмаўляўся, мог, прыкладам, пабажыцца, што з чарцямі на шаблях біўся і на кавалкі тузін пасек. Неяк загадаў чатыром гайдукам стаяць перад майстрам, які васковыя фігуры рабіў, і забраў у іх старыя сьвіткі і боты, і валасы сказаў абрэзаць і таму ж майстру аддаць. Потым гэтыя фігуры стаялі на другім паверсе, а князь усім расказваў, што гэта чучалы злодзеяў, што яго рабаваць у замак залезьлі, дык ён з іх скуру зьняў і пілаваньнем напхаў. Тыя самыя гайдукі, выходзячы на варту, на свае ж вусатыя морды ў зале і любаваліся. Здараліся з ім і іншыя, ня меней забаўныя гісторыі: калі зьбіралася ў Нясьвіж шляхта, любіў вывезьці на плошчу бочку гарэлкі, на якой сам сядзеў з вялізным куфлем, упадабляючы Бахуса, і ўсім наліваў. Ці каб астудзіць пыху ганарлівых гасьцей, апранаўся ў старую сьвітку, якую, па яго клятвах, пятнаццаць пакаленьняў яго продкаў насілі, яшчэ паўтысячы гадоў таму прапрадзед яе надзяваў, калі князю Гедыміну радзіў, дзе трэба будаваць Вільню…
А мог і так нахлусіць, што многія саромеліся слухаць. Казаў, прыкладам, што вядзе перапіску з Жан-Жакам Русо і падрабязна расказваў, аб чым той яму піша і аб чым раіцца. А калі нехта зьдзівіўся: “Як такое магчыма, калі Русо ўжо дзесяць гадоў як памёр?», то вокам не павёўшы растлумачыў: “Пэўна, лісты ад яго на пошце заваляліся, зусім нядаўна іх атрымаў!” З Германіі, дзе са сваім братам доўга жыў у выгнаньні, прывёз Пане Каханку нейкую нямецкую прыладу, што рукаятку круціш, а з прылады іскры выскокваюць. Неяк круціў перад гасьцямі, іскры выскоквалі, а ў небе над замкам гром ударыў. І тым жа часам за сорак вёрст шляхецкі дом маланка спаліла. Дык князь павінаваціўся і грошы на новы даў.
– А што гэта за гісторыя з грашыма? – прыгадаў я. – Ці то немец, ці то француз падманулі князя на значную суму?
– Ня ведаю, – сказаў Сабковіч. – Князь пра гэта памоўчваў, не падабалася яму, калі яго нехта дурнем выстаўляў. Нібыта ён грошы зфальшаваць хацеў, запрасіў да сябе мэтра ў гэтай справе, а той нешта зманіпуляваў, і сапраўднае золата зьнікла, і мэтр разам з ім. А іншыя гавораць, што гэта камендант Фрычынскі грошы скраў. А некаторыя думаюць, што гэта бацька князя Дамініка сваё золата правароніў. А дакладна ніхто нічога ня ведае. Пэўна, было нешта такое, дыма без агню не бывае…
Ня буду пераказваць тут усе паданьні пра князя Пане Каханку, якіх быў слухачом, ды некаторыя і не ўтрымаліся ў памяці пад узьдзеяньнем налібоцкіх напояў пана Сабковіча. А вось захавалася ў памяці гісторыя яго малодшага брата, для мяне важная. Князь Геранім Радзівіл, як казаў лясьнічы Сабковіч, з іншым нарадзіўся характарам, бо князь Караль быў ад першай жонкі – княгіні Уршулі, што оперы пісала, а брат яго Геранім – ад другой, больш гаспадарчай па натуры. Вось гэтаму Гераніму дазволілі ў юнацкія гады ажаніцца з нямецкай князёўнай Соф’яй Турс-Таксіс. Нібыта праз Соф’ю апынуўся Геранім у сваяцтве з імператарам Паўлам і яго жонкай, ну тады яны яшчэ не панавалі ў Расеі, але рыхтаваліся да таго. Нават падарункі ад іх атрымала маладая пара: Геранім – гадзіньнік, асыпаны брыльянтамі, Соф’я – каралі з брыльянтаў. Усе лічылі іх шчасьлівымі закаханымі – проста Рамэо і Джульета, гэтак іх і называлі, ды праз два гады княгіня Соф’я быццам звар’яцела і кінулася ў распусту. Як кошка тая, нават сямейныя скарбы не саромелася красьці для сваіх кавалераў. Князь Геранім патрабаваў развод, але пасьля нараджэньня Дамініка пры загадкавых абставінах памёр. Яму было дваццаць сем гадоў, а Дамініку – паўтары месяцы. Саф’я гэтак любіла пагуляць, нават сына свайго кінула, каб не адцягваў ад важнай справы. Так што не радзіся багаты, а радзіся шчасьлівы, заключыў Сабковіч, перакроіўшы вядомую прыказку.
Дзяніс, зачараваны аповядамі аб выдумках князя Пане Каханку, нечакана выказаў цікаўнасьць да замкавай містыкі, менавіта да прывіда Чорнай Дамы – хто гэта і чаго яна гойсае па калідорах, ды так, што масьніцы рыпяць, ён сам чуў яе крокі. Я быў зьдзіўлены гэтым яго прызнаньнем у прымхах і сказаў, што я ні крокаў у калідоры, ні рыпеньня падлогі ня чуў. Ну ні кожнаму Чорная Дама паказваецца, адказаў Сабковіч. Гэта цень прабабкі князя Дамініка блукае па калідорах. Кажуць, у яе тры першыя сыны памёрлі ў гэтым замку, вось яна і пакутуе па іх. Нічога яна дрэннага ня зробіць, але лепш з ёй не сустракацца, бо мала што, бо і добрага ня зробіць, неяк напужала аднаго шляхціча гэтак, што той праз вакно скочыў і нагу зламаў. Відаць, скрасьці што хацеў, сказаў Дзяніс. Я падзівіўся, не чакаючы гэтакага матэрыялістычнага тлумачэньня дзеяньням прывіду. А вось артылерысты казалі, падзяліўся ведамі мой дзяншчык, што гэта каралева нейкая з Ра­дзівілаў сьвякрухай атручаная. Ды не, адхіліў такую версію Сабковіч, пры чым тут польская каралева Барбара, яна тут і не была ніколі, гэты замак ужо пасьля яе сьмерці быў збудаваны. Што ёй тут рабіць! Ды і атруцілі яе ў Кракаве, а пахавалі ў Вільні, – чаго ёй сюды перабірацца! Гэта Пане Каханку выдумаў , каб замку прывабнасьці надаць каралеўскім прывідам. Адно дзела – цень старой прабабкі, іншае – прывід прыгожай каралевы, зьнішчанай праз атруту маткай-італьянкай ейнага мужа. Хоць якая жывым людзям розьніца, задумаўся Дзяніс, і якая радасьць такое выдумляць?
Ёсьць радасьць, адказаў Сабковіч, прыемна на душы, што ўдалая казка: князь выдумаў, а нехта паверыў, чуе ноччу ў цемры нейкі гук і дрыжыць, як авечка. А той, хто выдумаў, заходзіцца з дурня сьмехам…

Нататкі алхіміка аб ашляхечваньні металаў
Нясьвіжскія вольныя муляры

Мы вярнуліся ў замак назаўтра пад вечар. Дрэвы і зеляніна зьнемагалі ад сьпякоты, ластаўкі лёталі нізка да зямлі, у паветры згушчалася духмень, неба зацягвалася цяжкімі хмарамі, зьбіралася навальніца.
Адправіўшы Дзяніса вярнуць коней у роту і дазволіўшы яму затрымацца з новымі таварышамі, я пайшоў адшукаць замкавага каменданта. За ўсімі дзвярыма, якія я адчыняў, сустракаліся мне тужлівага выгляду слугі, як адзін сталага і старога веку. Нічым не заклапочаныя, яны, здавалася, застыла чакалі, калі пройдзе час іх жыцьця, і толькі маё нечаканае зьяўленьне прымушала іх варушыцца. Напачатку я быў зьдзіўлены, нарэшце мне прыйшло на розум параўнаньне, якое ўсё растлумачыла: у замку стаяў гарнізон дэмаралізаваных ніжніх чыноў, іх камандзір даўно загінуў, і яны не разумеюць, у чым цяпер сэнс іхняй службы, і якія ранейшыя статуты дзейнічаюць. Магчыма, яны і пакінулі б гэты нежылы каменны дом, але яны прыпісаныя да яго, тут у маленькіх каморках іхны дах, маёмасьць і лёс… Гаспадара няма, яны засталіся ў мінулым часе, у замак прыязджаюць людзі, але гэта ня госьці, а чыноўнікі па ўпарадкаваньні даўгоў ці па праверцы скаргаў. Заўтрашні дзень пройдзе гэтак жа нудна і бессэнсоўна, як праходзіць бягучая гадзіна. Каралеўства без караля, вяльможаў, салдатаў, адны толькі слугі, захавальнікі разбуранага парадку і настальгічных легендаў…
А дзеля чаго тут хаджу я? Якую справядлівасьць хачу аднавіць, калі гаспадар гэтых камяніц не ўваскрэсьне, скарбы ня вернуцца, і ўсё тут будзе пыліцца і драмаць яшчэ паўстагоддзя, пакуль ня будуць выплачаны пяцьдзясят мільёнаў доўгу, якія зьбяруць падаткамі з сялянаў, млыноў, габрэяў і карчмароў. Сярод вядомых несправядлівасьцяў вайны палацавыя пакуты маглі лічыцца толькі на апошнім месцы. У любой сялянскай хаце, абрабаванай салдатамі, нацярпеліся пакутаў нашмат горшых, часта са сьмерцямі з голаду. Нават страту свайго сядзібнага дому я паставіў бы ў парадкавай нумарацыі непрыемнасьцяў наперадзе нясьвіжскіх замкавых стратаў. У жыцьці радзівілаўскіх слуг апусьцелая ці напоўненая патаемная скарбніца нігога не мяняла. Іх бяда палягала ў тым, што яны асірацелі. Вось, зразумеў я, якім настроем насычана тутэйшае паветра – сіроцтвам. Лепшыя дні і ўспаміны засталіся ў мінулым, яны і могуць расказваць аб добрых старых часах, іх і распытваюць аб мінулым, напрыклад, я, каб генерал-маёр Тучкоў перастаў ці працягваў несьці асабістую адказнасьць.
Сустрэўшы Бургельскага на другім паверсе каля вінтавой лесьвіцы, што вяла да вежавага гадзіньніка, я найперш запытаў яго пра патайнік з французскім віном, якім князь Пане Каханку частаваў мясцовую шляхту. Ведае Бог, адказваў камендант, што не было віннага тайніка, і вінаў французскіх ніхто ў падземных ходах не хаваў, усё гэта звычайная казка, сам князь і прыдумаў, каб дурная шляхта кепскае віно з задавальненьнем піла, перакананая, што п’е самае лепшае. Я не рашыўся пярэчыць спасылкамі на сваю крыніцу, якая магла быць сярод даверлівых спажыўцоў і абмежаваўся рэплікай: “Разумны жарт!”
Магчыма, Бургельскі казаў праўду, і таямнічы вінны склеп быў адной з замкавых легенд, накшталт легенды аб прывіду, названым Чорнай Дамай, але з той жа верагоднасьцю камендант мог падманваць мяне, каб не выдаваць месца тайніка, у якім цяпер магло захоўвацца нешта іншае, прыкладам, рэшткі багацьцяў князя Дамініка, палічаныя масонамі за яго апошняе ахвяраваньне для ложы. Я спытаў, ці ўдалося пану Бургельскаму знайсьці рэестр каштоўнасьцяў, ён адказаў, што пры ўсіх намаганьнях пакуль гэта яму не ўдаецца. Тады я пацікавіўся, у якой зале праводзіліся паседжаньні ложы, і ці ўдзельнічаў князь Дамінік у агульнай вячэры ў перадвелікодны тыдзень? Гэтыя пытаньні засмучалі масонскае сумленьне каменданта, ён не разумеў маёй цікавасьці, зрэшты, я сам ня здолеў бы добра растлумачыць нашто распытваю аб неістотных дэталях даўніх дзеяньняў. Але ўсё ж адказы былі для мяне зьмястоўнымі, бо на агульнай вячэры выкарыстоўваюцца важныя рэліквіі, і на пытаньне, дзе яны цяпер, камендант адказваў, што залатое блюда, на якое кладуць хлеб, і залаты кубак, у які наліваюць віно, захоўваліся ў скарбніцы, і аказаліся сярод рэквізаваных арміяй Чычагава рэчаў.
– У вопісе, які вы адшукваеце, яны пазначаныя? – спытаў я.
– Зразумела, не, – адказаў Бургельскі, – яны зьяўляліся ўласнасьцю ложы.
У мяне прамільгнула думка, што, магчыма, гэтая агульная ўласнасьць братоў “Шчасьлівага вызваленьня” захоўваецца цяпер у былым вінным тайніку, не патрапіўшы пад вынятак, але дарэмна было выказваць такое меркаваньне. Як я цяпер разумею той свой стан, мне не хацелася верыць, што таямніца родавай скарбніцы залежала ад слабой волі каменданта: дастаткова аказалася генерал-маёру пасьвістаць у паветры дубцамі – і багацьці Радзівілаў, зьбіраныя два ці тры стагоддзі, момантам перавандравалі ў некалькі ведамстваў. Усё гэтак хутка і банальна зьнікла, як ніколі раней не здаралася нідзе ў вядомай мне гісторыі. Замак не абараняўся, гвалт абмежаваўся пакараньнем трох слуг, камендант павёў сябе, як перапужанае дзяўчо, а потым напісаў сьлязьлівую скаргу аб сваіх пакутах без глытка вады – усё гэта магло выклікаць толькі саркастычныя каментары…

Аповяд пра князя-вар’ята

Я накіраваўся ў свой пакой, вырашыўшы дачытаць запіскі француза ў “Гісторыі глупства”. Безумоўна, гэта была тая кніга, якую ўзгадваў Мараўскі, цяпер я глядзеў на яе з большай цікавасьцю. Уладкаваўшыся перад адчыненым акном з відам на азёрны пейзаж, над якім зьбіраліся хмары, прыняўся я перачытваць і першую старонку французскага дадатку, якую амаль не запомніў на п’яны розум. Вось якая карціна з даўняга часу стала мне адкрывацца пры цьвярозым чытаньні:
“Шаноўны пан! Абставіны, якія вымушаюць мяне тэрмінова пакінуць Вільню, стануць вам зразумелыя, калі вы прачытаеце гэты ліст. Мая згода прыняць запрашэньне літоўскага вяльможы князя Радзівіла наведаць яго нясьвіжскі замак абярнулася ліхтугамі, цалкам магчымымі ў 16-ым стагоддзі і ненатуральнымі ў наш век прасьветы. Ніжэй, я апішу іх падрабязна. Вельмі шкадую, што не адхіліў гэтае запрашэньне, але я ня мог меркаваць і не знайшлося нікога, хто папярэдзіў бы мяне, што ступень непрадказальнасьці ўчынкаў князя Радзівіла далёка сягае нават за межы экстравагантнасьці. Аднак, ня менш вінавачу і самога сябе, бо зрабіў недаравальную памылку, калі даў згоду на дэманстрацыю ашляхечваньня металаў перад прастадушнай, як падлеткі, літоўскай тытулаванай публікай. Ініцыятарам такога майго дзеяньня выступіў рэктар універсітэту, які, хочацца думаць, спадзяваўся на высакародныя духоўныя наступствы і разумнае ўспрыняцьце эксьперыменту, які суправаджаўся выкладаньнем нашых ідэяў. Ён дазволіў скарыстацца ў гэтых мэтах лабараторыяй і запрасіў дзесяткі з два ўплывовых дам і вяльможаў. Ня маючы патрэбных прэпаратаў і папярэджаны пра невысокую падрыхтаванасьць аўдыторыі, я вырашыў скарыстаць фальсіфікат сярэбранага талера, без усялякіх цяжкасьцяў ператварыўшы яго на вачах недасьведчаных гледачоў у залаты. Эффект быў чаканы. І дамы, і паны зацікавіліся, чаму ж грамадства ва ўсіх дзяржавах адчувае востры недахоп у золаце, калі яго гэткім чынам можна атрымаць з серабра, і ці ўдасца ператварыць у золата, прыкладам, сярэбраны посуд, медную міску ці жалезны нож?
Я адказваў, што гэта было б праявай навуковай і дзяржаўнай неразважлівасьці, бо золата патрапіла б да людзей недасканалых і непрасьветленых, і яны без духоўнай працы, неабходнай для палепшаньня натуры, палічылі б сябе раўнымі тым, хто цягам жыцьця мноства пакаленьняў падрыхтаваны да выкананьня абавязкаў улады, і тым, хто, зьнешне непрыкметны, выконвае цяжкую працу, ствараючы духоўны эліксір, які да­зваляе нізкаму рэчыву ўраўняцца з высакародным.
Сярод гасьцей на гэтым герметычным сеансе быў віленскі ваявода князь Караль Радзівіл, пра якога я ўжо быў начуты як пра найуплывовага і найбагацейшага саноўніка Літвы і ўсёй Польшчы. Ранкам мне прынесьлі ад яго запрашэньне да абеду, што я наіўна ўспрыняў як удачу свайго выступу, а ў часе абеду князь паказаў сябе ўважлівым і прыемным суразмоўцам – я ня змог не прыняць прапановы быць госьцем у яго родавым замку. Праз тыдзень я вырушыў з Вільні разам з ваяводам. Калі б я мог уявіць, куды вязе мяне па літоўскіх дарогах утульны княжацкі экіпаж! Я не адчуў у князю Радзівілу шырокай адукацыі, але яго прыроджаны розум і пачуцьцё гумару дазвалялі яму займальна падаваць жыцьцёвыя гісторыі. Ён быў іранічны і датычна сябе. “Мяне моцна сапсавала тое, што ў юныя гады я аказаўся болей удачлівы, чым на схіле жыцьця, – жартаўліва казаў ён. – Пяці гадоў мяне ўшанавалі ордэнам сьвятога Губерта, у трынаццаць я быў маршалкам на павятовым сойміку, у сямнаццаць атрымаў патэнт палкоў­ніка. Але згодна з законам раўнавагі, у сьпелыя гады я быў абрабаваны, пазбаўлены ўсіх пасадаў і бадзяўся па чужых краінах у поўнай залежнасьці ад банкіраў, якім аддаваў у заклад фамільныя каштоўнасьці за сьціплыя крэдыты. Можна сказаць, што зараз я пачынаю новае кола жыцьця”.
Думаю, ніхто ня змог бы ўявіць, які д’ябальскі план высьпявае ў княжай галаве. Уздоўж дарогі, якой мы ехалі, а гэта па меншай меры дзьве з паловай сотні вёрст, рэдкі маёнтак не належыў яму ці роду Радзівілаў. Праўда, жабрацкі выгляд вёсак і надта малая колькасьць каменных пабудоваў у гарадках стваралі непрыемнае ўражаньне, але князь тлумачыў гэта вернасьцю мясцовага насельніцтва даўнім народным традыцыям, якія марудна паддаюцца выкараненьню…”
За вакном хутка цямнела, прама на вачах літары раставалі ў змроку, у вакно дыхнула асьвяжальным павевам ветру, удалечыні чорная роўнядзь возера набыла серабрыстае адценьне – гэта білі ў яе касыя струмяні дажджу, шум якога хутка набліжаўся. Было бачна, як дажджавая заслона падступае да замка – вось струмяні зашаргацелі па вадзяным рове, па траве і загрукаталі аб падваконьне. Я пасьпешліва пераклаў кнігу на стол і высунуўся ў вакно, з дзіцячай радасьцю адчуваючы ласкавыя ўдары цёплых кропляў. Цягнулася гэта некалькі хвілінаў, потым шолахі дажджу саслабелі, настала цішыня, але неба не прасьвятлела, і вецер ня сьцішыўся. Я запаліў сьвечкі ў падсьвечніку, сеў да стала і працягваў чытаньне.
“У замку сустрэў я шмат запрошаных князем мастакоў, акцёраў, кампазітараў, сярод іх быў і мой знаёмы Ёган Голанд, заняты стварэньнем оперы на заказ уладальніка Нясьвіжа. Гасьцявалі тут і блізкія сваякі гаспадара – малодшы брат Геранім з жонкай, яго зводны брат Мацей Радзівіл, вельмі адораны музыкант, сястра князя княгіня Тэафіля з юным атожылкам. Князь Караль пахваліўся сваімі аркестрам і балетам, дазволіў карыстацца бібліятэкай і правёў па ўсіх пакоях і залах свайго палаца. Мы не прамінулі малапрыкметны падвал, які скарыстоўваўся некалі, як сказаў князь, пры жыцьці яго маці княгіні Уршулі, як памяшканьне для друкарні, ад якой захавалася толькі печ. Я адзначыў, што гэтая печ складзена з такім разьлікам, каб было магчыма атрымаць высокую тэмпературу, мела горан і мяхі для ўдзьмуваньня паветра. Неяк за абедам, на які абавязкова прыходзілі ўсе замкавыя госьці, князь паведаў гісторыю аб змрочным лёсе свайго сваяка, які правёў палову жыцьця ў няволі за кратамі. Гэты князь Радзівіл, імем Марцін Мікалай, вучыўся ва універсітэтах Германіі і Францыі, валодаў некалькімі мовамі, віртуозна граў на скрыпцы і захапляўся навукамі. У сваёй сядзібе Чарнаўчыцы ён стварыў сабе майстэрню для пошуку філасофскага камяня. Ня ведаю, наколькі гэта праўда, але так прагучала ў аповядзе. Маладая жонка Марціна памерла пры народзінах сына. Трагедыя зламала розум князя. У маёнтку яго стаяў старадаўні касьцёл, але князь, захоплены габрэйскай кабалой, вырашыў перайсьці з каталіцтва ў юдзейства, вывучыў іўрыт і, беручы людзей на дваравыя пасады, аддаваў перавагу габрэям, што стварыла яму нядобрую славу сярод шляхты.
Іншым днём ахоплівалі яго прыступы зьвярынай жорсткасьці, у парыве лютасьці князь Марцін Мікалай зьбіў свайго сына гэтак бязьлітасна, што той на ўсё жыцьцё застаўся гарбатым. Але князь перайшоў меру цярпеньня сваіх выкрунтасаў, калі загадаў зьбіць да паўсьмерці і трымаць пад вартай сьвятара, абвінаваціўшы яго ў распусьце. Клір, абражаны такім замахам на сваю значнасьць і недатыкальнасьць, стаў дамагацца ад караля для князя Марціна сьмяротнага прысуду. Мой бацька, казаў нясьвіжскі князь, не жадаючы плямы на род і канфіскацыі маёмасьці сваяка ў каралеўскую ўласнасьць, аб’явіў яго вар’ятам, што не было прыдумкай, хоць і было значным перабольшаньнем, і загадаў пасадзіць яго ў турму слуцкага замка і ўзяць апякунства над яго маёнткамі і маёмасьцю. Я стаў, працягваў князь, апекуном звар’яцелага сваяка, калі ў 1760 годзе па сьмерці бацькі майго да мяне перайшлі правы галавы роду. І вось што было далей – больш за дваццаць гадоў я трымаў апеку над князем Марцінам і ня даў яму вызваліцца. Пражыўшы семдзесят сем гадоў, прабыў ён за кратамі трыццаць тры гады, першыя дзесяць гадоў яго не выпускалі нават за парог вязьніцы. Пакуты яго закончыліся зусім нядаўна – у калядную ноч гэтага году, калі Госпад нарэшце прыняў яго змучаную душу. Пры апошніх словах ён пера­хрысьціўся, і ўсе, хто сядзеў за сталом, сваякі і госьці, паўтарылі яго жэст.
Падрабязна паўтараю апавяданьне князя Караля Станіслава, бо яно прызначалася мне, хоць я аб гэтым тады ня мог здагадвацца. Сваякам князя гісторыя звар’яцелага Марціна Мікалая была вядомая, з музыкантаў і мастакоў ніхто не ўяўляў сабой той аб’ект, які можна запужваць лёсам няшчаснага алхіміка. Але я ня ведаў, што адбудзецца ў бліжэйшы час…”

Патрабаваньне нясьвіжскага ўладара

У гэтым месцы запісак мяне адцягнула ад чытаньня добра чутнае рыпеньне масьніцаў у калідоры, прычым блізка да майго пакою, нібыта нехта асьцярожна там пракрадаўся. Я ўстаў і адчыніў дзьверы. У калідоры, цьмяна асьветленым праз вокны, што глядзелі на замкавы двор, нікога не было. Я вярнуўся да стала, але чутнае рыпеньне масьніцаў не дало мне працягваць чытаньне. Мне ўзгадаліся жарты афіцэраў аб замкавых прывідах, прагулянкі якіх суправаджаюцца рыпам падлогі і ўдакладненьні на гэты конт, зробленыя старым Сабковічам. У падобную містыку я ніколі ня верыў, але зноў жа выляцеў у калідор праверыць там чалавечую ці нечалавечую прысутнасьць. Нікога за дзвярыма не было, хоць мне здавалася, што я некага ці нешта абавязкова ўбачу. Праз хвіліну ўсё паўтарылася і паўтаралася яшчэ некалькі разоў – я чуў рып дошак пад лёгкімі крокамі, выходзіў з пакою, пераконваўся, што калідор пусты, і вяртаўся да стала. Бачачы бясьсільле сваё перад гэтай загадкай, я супакоіўся і зноў аддаўся чытаньню запісак.
“Нічога не адбывалася, што паспрыяла б мне насьцярожыцца. Я быў за­прошаны паглядзець сядзібу Альба, якая падалася мне вялізным чалавечым мурашнікам – тысячы работнікаў адрывалі каналы, ставілі дамы, брукавалі узьбярэжныя, на возеры была нават верф, дзе будавалі трохмачтавы карабель. У часе гэтай паездкі князь дзяліўся ўражаньнямі, атрыманымі ў Версалі і ў каралеўскай вёсцы Рамбуйе. Відаць, перабудоўваючы сваю сядзібу, ён вёў негалоснае суперніцтва з французскім дваром. У былых блуканьнях князя па Францыі і нямецкіх княствах яму спадарожнічаў малодшы брат Геранім, з якім я пазнаёміўся за сталом і зразумеў з нашых гутарак, што ён меў там знаёмых і прыяцеляў у масонскіх ложах і пасьвечаны болей за свайго брата, хоць быў значна маладзейшы за яго. На некалькіх прагулянках мы гутарылі аб тампліерах, і мне здалося, што ён можа стаць зацікаўленым аднадумцам.
На дванаццаты дзень майго гасьцяваньня ў замку князь Караль паклікаў мяне ў свой кабінет і як нейкую таямніцу паведаў, што зьбіраецца адсьвяткаваць стагоддзе перамогі над туркамі пад Венай польскага караля Сабескага, роднай сястрой якога была яго бабка, і запрасіў на гэтыя ўрачыстасьці ў Нясьвіж цяперашняга караля, што накладае на яго задачу надаць сьвяткаваньню незабыўны характар. Затым ён правёў мяне ў пакой, дзе знахо­дзілася шмат сярэбраных рэчаў, і вось тут я даведаўся аб той ролі, якая была мне адведзеная ў падрыхтоўцы юбілею. Па сваёй звычцы пачынаць зварот да любога чалавека польскімі словамі “пане каханку”, што азначае “мой любімы”, ён зьвярнуўся гэтак і да мяне, што надта іранічна кантраставала з наступнымі словамі, бо ён сказаў, што будзе мне абавязаны, калі я ператвару ў золата яго сярэбраную калекцыю. Я падумаў, што князь няўдала жартуе, але ў позірку яго не праглядалася і ценю жартаўлівасьці; я адказаў, што трансмутацыя ў такіх памерах не ўдавалася нікому на сьвеце, тым болей ня ўдасца мне, бо я ніколі не практыкаваў з металамі, цікавячыся выключна магчымасьцю перахода з нізкага стану ў высокі духоўных існасьцяў, але да гэтага тлумачэньня ён застаўся глухі, як да нецікавай для яго тэмы. Тады я зьвярнуўся да логікі, я сказаў: калі б у мяне быў талент ператвараць серабро ў золата, я даўно жыў бы ва ўласным залатым замку. Гэты неаспрэчны доказ ён прыняў за хітрасьць. У сваім уяўленьні князь ужо бачыў плён чараўніцтва і не жадаў слухаць пярэчаньні. “Пане каханку, успрымі мае словы ўсур’ёз”, – папярэдзіў ён і тузануў шнур ад званочка. У пакой увайшлі два дужыя, жылістыя, з каменнымі тварамі катаў, яго гайдукі-целаахоўнікі. “Праводзьце гэтага пана”, – загадаў ім князь. Пустымі ка­лідорамі мы прайшлі да лесьвіцы і спусь­ціліся ў падвал. Тут адзін з маіх стражнікаў узяў сьвечку і пакрочыў наперадзе, другі ішоў ззаду, я чуў на патыліцы яго дыханьне. Мы даволі доўга павольна прабіраліся каменным падзямельлем, нарэшце першы наглядчык спыніўся, зарыпеў ключ у замку на жалезных кратах, за ёй былі драўляныя дзьверы, таксама зачыненыя на ключ, ён адчыніў іх, мы ўвайшлі ў памяшканьне былой друкарні, з якой князь азнаёміў мяне на другі дзень майго гасьцяваньня ў замку, – ужо тады ён ведаў, што паказвае мне маю вязьніцу. Праўда, цяпер яна была лепш абсталяваная – дадаліся ложак, стол, шафа, у якой былі мае рэчы, скрыня з дравесным вугалем, поўны набор алхімічнага посуду і прыладаў, неабходных для выкананьня мары ўладальніка замка…
Наўрад ці вы зможаце ўявіць, шаноўны брат, як непрыемна апынуцца вязьнем магутнага і непадлеглага перакананьню невука. Ведаючы з хронік, што такі гвалт пацярпелі сотні адэптаў алхіміі, і што мноства з іх бясьсьледна зьніклі, ня спраўдзіўшы выстаўленых ім вар’яцкіх патрабаваньняў, я перажываў страх, якога ніколі раней не меркаваў адчуць. Паведаны лёс яго сваяка, які трыццаць гадоў пражыў за кратамі, стаяў у мяне перад вачыма жахлівым абразчыкам. Увечары мае турэмшчыкі прынесьлі мне ежу і перадалі загад князя скласьці сьпіс прэпаратаў, неабходных для зьдзяйсьненьня фантастычнай задумы. Любыя спробы займацца гэтым усур’ёз, як вы ведае­це, бессэнсоўныя, і я склаў адвольны сьпіс кампанентаў, інтуітыўна пазначыўшы ў ім усё, чым карыстаюцца лабараторныя авантурысты і дэкаратары ювелірных вырабаў. На працягу некалькіх дзён усё было дастаўлена.
У хуткім часе нясьвіжскі князь наведаў мяне ў майстэрні, вырашыўшы ўзмацніць маё натхненьне споведзямі аб маёмасных стратах роду ў папярэднія дзесяць гадоў, калі, па яго словах, на польскі трон ускарабкаўся бязродны выскачка. На гэтай падставе ён лічыў за неабходнасьць уразіць гасьцей запланаванага сьвята грудамі каштоўнасьцяў, і, магу з упэўненасьцю пра гэта казаць, хацеў зрабіць кульмінацыяй урачыстасьцяў публічнае ператварэньне сярэбраных скульптураў у залатыя. Ва ўсялякім разе мне прынесьлі сярэбраныя фігуркі сьвятых для дэкора даразахавальніцы, якія маё мастацтва павінна было зрабіць залатымі. Князь таксама падкрэсьліў, што для мяне створаны выдатныя працоўныя ўмовы, бо гэтае памяшканьне і печ, хоць і служылі друкарам, якія павінны былі выдаваць у кніжным выглядзе драматычныя творы яго маці, па праўдзе пабудавана было яго бацькам з іншай мэтай, а менавіта – для алхіміка з Прагі, які мог зрабіць тое, што мушу зрабіць цяпер я, але быў абрабаваны і забіты лотрамі па дарозе…
Шаноўны брат, не саромеюся прызнацца, я праклінаў тыя дні, калі паехаў у Вільню і калі рашыўся паказаць немудрагелісты вопыт з манетай. Варварскае невуцтва ў спалучэньні з бязьмежнымі амбіцыямі не абяцалі мне літасьці – такія людзі не даруюць расчараваньня. Мне заставалася старанна імітаваць падрыхтоўку аўрыфакцыі – у печцы гарэў агонь, у колбах нібыта высьпявалі тынктуры, у тыглі блішчэла амальгама. Праз два тыдні князь выказаў раздражненьне адсутнасьцю бачных посьпехаў; я насьмеліўся сказаць, што наўрад ці буду ўдачлівы зрабіць за месяц тое, што ня здолелі зрабіць пакаленьні вучоных за стагоддзі. Князь гняўліва адказаў: “Пане каханку! Твая свабода залежыць ад тваёй удачы! Пастарайся яе не ўпусьціць!” Упэўнены, што ён трымаў бы мяне пад замком да маёй сьмерці, як пратрымаў у адзіноце родзіча, толькі, у адрозьненьне ад таго, да мяне б паступова пагаршалі б стаўленьне. Хутчэй за ўсё яго гайдукі проста забілі б мяне, каб зьніклі ўсе канцы. Выйсьця з пасткі я ня бачыў, спадзявацца на ўвагу да майго лёсу з боку музыкантаў і мастакоў , з якімі пазнаёміўся на княжых абедах, не даводзілася – што маглі зрабіць людзі, залежныя ад валадара гэтых зямель, ды яны і ведаць нічога не маглі аб яго дзівоснай задуме; да таго ж ён паведаміў усім, што я нечакана ад’ехаў…”

Нечаканая ўдача алхіміка

Увесь час чытаньня я чуў ранейшы рып масьніцаў за дзвярыма і пачаў з ім звыкацца, але раптам характар рыпу зьмяніўся – мне падалося, што я чую ціхія прыглушаныя стогны. Цікаўнасьць падштурхнула мяне высунуцца – ужо звыкшыся да пустаты калідору, я ледзь не скамянеў, распазнаючы ў паўзмроку павольны поступ цёмнай таямнічай фігуры. Мне не было страшна, свае пачуцьці я магу акрэсьліць як жах адкрыцьця невядомага – да мяне рухалася тое, чаго не магло быць на сьвеце. Усе мае сістэматызаваныя веды з розных навук імгненна ўцягнула бяздоньне першабытнай цемры. Я ня мог скрануцца з месца. Не магу акрэсьліць колькі гэта цягнулася – можа тры імгненьні, але здавалася, што я пражыў у гэтым жаху цэлую эпоху. Сэрца маё абмерла, а валасы наадварот пацягнуліся ўверх. Вось так, любыя мае ўнукі, адзіны раз за жыцьцё зьведаў я, што ўяўляе сабой містычны страх. Калі князь Пане Каханку выдумляў замкавыя легенды з гэтакай мэтай, то, неаспрэчна, дасягнуў ён у сваёй творчасьці вяршыні Парнасу. Ня ведаю, чым скончылася б для мяне гэтая нечаканасьць, – магчыма, я пачаў бы хрысьціцца ці скочыў ратавацца праз вакно, як той шляхціч, што пры падобных уцёках зламаў сабе ногі, калі б прывід не падаў голас. “Што, пан палкоўнік?” – ветліва спыталася цёмная фігура, і я, пазнаўшы голас слугі Сташака, адчуў вялікі сорам за свой невуцкі дзікунскі стан. “Не, нічога, – толькі і знайшоўся я сказаць. – Падлога рыпіць”. – “Прывіды ходзяць, – абыякава патлумачыў мне слуга. – Яна заўсёды рыпіць, калі яны тут”. Я ня здолеў яму адказаць, уражаны перакананасьцю гэтакай звычнай веры. Слуга працягваў свой абход, правяраючы аконныя засаўкі, а я адразу страціў цікавасьць да рыпеньня масьніцаў, прызнаўшы натуральным, што ў прывіду прабабкі князя Дамініка было болей правоў хадзіць па замкавых калідорах, чым у мяне. Такія думкі, зразумела, надта далёкія ад асьветы і культуры і непаважныя, але менавіта так я думаў у тую хвіліну. Я вярнуўся ў пакой і сеў дачытваць запіскі.
“Выратаваньне да мяне прыйшло з нечаканага боку. Князь Пане Каханку часта ад’язджаў з замку, часам адлучкі цягнуліся па некалькі дзён. Неяк у чарговую яго адсутнасьць, глыбокай ноччу, а дакладней, апоўначы, пачулася рыпеньне ключа ў замку, я падумаў, што зараз зьявіцца князь Караль, але ў вязьніцу маю ўвайшоў яго малодшы брат Геранім. Дзякуючы гэтаму маладому чалавеку я спазнаў, што адчувае няшчасны, перад якім нечакана расчыняюцца вароты турмы.
– Месье, вельмі шкадую, што вы аказаліся ў ролі палоннага брата майго, – сказаў ён. – Мой брат – чалавек высакародны, але калі-некалі яго фантазія служыць яму ня лепшым чынам. Таму лічу сваім абавязкам вы­зваліць вас з гэтых абставінаў. Аднак ёсьць некалькі ўмоваў, якія вы па­клянецеся выканаць.
Зразумела, я без прамаруджаньня пакляўся. Князь Геранім чакаў такіх словаў, разумеючы, што я не магу адмовіцца. Ён стаяў у самым цэнтры падвала, на тым самым месцы, дзе звычайна станавіўся яго брат, і называў свае ўмовы:
– Вы нікому не паведаеце пра тое, што адбылося з вамі ў замку. Вы возьмеце з сабой толькі свае асабістыя рэчы. Калі вы будзеце пакідаць замак, мой чалавек вас абшукае і ўсё, апроч вашых рэчаў, скажа пакінуць тут. Трэба ўспрыняць гэта бяз крыўды. Але я не хачу, каб мой брат застаўся расчараваны. Я люблю яго і шмат чым яму абавязаны… – Пры гэтых словах ён дакрануўся да сярэбранай фігуркі Яна Хрысьціцеля, якая стаяла на стале. – Вы маглі б адліць з золата копію гэтай статуэткі?
– Мне стала зразумела, што гэта таксама датычыць умоваў, і я, пабаяўшыся адмовіцца, сказаў:
– Бясспрэчна. Але ў мяне няма золата.
– Колькі яна заважыць?
Наладзіўшы вагі, я назваў дакладную вагу вырабу – 54 унцыі.
– Ці падыдуць для такой мэты луідоры?
– Цалкам. Аднак золата больш цяжкае, і яго патрабуецца болей.
– Наколькі? – запытаўся малады князь. – Колькі патрэбна манет?
– Дзьвесьце дзесяць луідораў, калі яны поўныя, – адказаў я, правёўшы разьлікі.
– А часу?
– Мяркую, ня менш за два тыдні, калі заўтра атрымаю зямлю для формы.
– Падыходзіць, – згодна кіўнуў князь. – Але неабходныя вам матэрыялы спытаеце самі пад нейкай прычынай. Тут я нічога не магу зрабіць – мой брат упэўнены, што пра ваша зьняволеньне я ня ведаю.
Трымаўся ён паблажліва, з усьведамленьнем выратавальнасьці для мяне свайго ўчынку.
– Лічу таксама неабходным кампенсаваць вам шкоду і перажытыя нязручнасьці. – Ён падаў мне важкі кашалёк. – Яго дазволяць вам узяць з сабой. Праз два тыдні, як толькі вы скончыце гэту працу, ноччу вас праводзяць у лес, там будуць чакаць коні, вы дабярэцеся да Вільні. Вам прыдзецца быць асьцярожным: калі вас раптам схопяць людзі майго брата, фінал можа быць надта неласкавы.
– Але хіба не прасьцей адпусьціць мяне зараз? – спытаў я.
– Думаю, што не. Мне хочацца, каб брат атрымаў жаданы яму твор. А я буду ведаць, што зьмясьціў сваё золата ў сямейную скарбніцу.
– А як быць з сярэбраным прататыпам? – спытаў я. – Яго прысутнасьць побач з залатой копіяй выкліча пэўную блытаніну…
– Мяркую, – адказаў князь бяз роздуму, – што ён можа быць пераплаўлены ў зьлітак..
Калі за князем зачыніліся дзьверы і прарыпеў замок на кратах, я пералічыў атрыманую кампенсацыю за перажытыя і яшчэ ня скончаныя страхі. У кашальку было сто луідораў – паўтара фунты чыстага золата. Праз паўгадзіны князь Геранім зьявіўся зноў і паклаў на стол завернутыя ў льняную хусьціну манеты, прызначаныя для копіі. У тую ноч я ня мог заснуць. Грудка луідораў ляжала на стале, іх жоўты бляск быў злавесны, бо я ўсьвядоміў, што не змагу выканаць абяцаньне, якое так лёгка зьляцела з майго языка, – ніколі раней мне не даводзілася займацца ліцьцём. Я мог расплавіць золата, але не ўяўляў, як бездакорна зрабіць дакладную форму з сярэбранай скульптуры. Бессэнсоўна было клясьці сябе за тое, што раней не засвоіў ліцейныя сакрэты. Розум мой ліхаманкава шукаў магчымы пралаз, нарэшце я вырашыў адважыцца на рызыку – пакрыць сярэбраную статуэтку залатым эфірам. Мне давялося выдаткаваць дзесяць залатых манетаў, каб яго прыгатаваць. Скажу, што гэта была пякельная праца, але мая задума ўдалася. Больш за тое, прыгатаванага гелю аказалася дастаткова, каб пазалоту набыла і статуэтка Хрыста. Самую цяжкую частку працы складала паліроўка, але я дамогся патрэбнага эфекту. Заставалася чымсьці замяніць дзьве зьніклыя сярэбраныя скульптуры; я вырашыў, што адпаведнай заменай будзе зьлітак сьвінцу, апрацаванага ў сярэбранай тынктуры. Дзьвесьце луідораў я вырашыў пакінуць у замку: мне здавалася, што калі іх знойдуць пры мне ў час вобшуку ці схопяць з імі ў дарозе, то абвінавацяць у крадзяжы і адразу заб’юць, як таго алхіміка, які ехаў сюды з Прагі. Ахвяраваньне, выдзеленае мне князем Геранімам, я таксама не насьмеліўся ўзяць з сабой з той жа прычыны. У пасе маім заўсёды захоўвалася некалькі залатых; я быў упэўнены, што абыйдуся імі на шляху да Вільні, дзе разьлічваў знайсьці прытулак у братоў. Адкрыта пакідаць трыста луідораў было немагчыма – гэта адразу ж раскрывала задуму маёй небясьпечнай гульні і, што горш, іх маглі прыдбаць сабе мае вартаўнікі. У выпадку калі б мяне схапілі, і абодва князі выставілі мне прэтэнзіі, я ня змог бы вярнуць ім грошы. У маёй вязьніцы аказалася цяжка знайсьці месца для схову – сьцены былі старадаўняй кладкі, ні іх, ні печ ня мог я разьбіць – проста не было чым, ды і чым бы я змог закрыць выбітую дзірку? У рэшце рэшт я прыняў простае рашэньне, і ўсё выканаўшы, аддаўся чаканьню свабоды, просячы лёс аб літасьці.
На працягу гэтых двух тыдняў, якія цягнуліся, як год, мяне двойчы наведваў князь Пане Каханку – аднойчы ён быў у гуморы і толькі цікавіўся посьпехамі, а другім разам прышоў цьвярозы і змрочны, і, стаўшы па сваёй звычцы ў цэнтры падвалу, доўга пазыбваўся з наска на пяту, раней чым спытаць злавесным голасам: “Пане каханку, колькі мне яшчэ давядзецца чакаць?”. Я адказаў: “Ня болей за два тыдні”. Ён сказаў: “Добра, пане каханку, што ты вызначыўся. Вярнуся да гэтага дня!”
Я ўзрадавана зразумеў, што ён ад’язджае, і яго брат зможа скарыстацца яго адсутнасьцю. Праз два дні пасьля таго апоўначы прарыпеў ключ у замку. Замест чаканага князя Гераніма ў падвал увайшоў замкавы камендант Фрычынскі, паглядзеў на мае вырабы, хацеў патрымаць іх у руках, але яны былі папярэдне мной нагрэтыя, і камендант не рызыкнуў спаліць сабе пальцы. Я дазволіў яму абшукаць сябе і свой сакваяж, і ён сказаў ісьці за ім. Некаторы час мы навобмацак ішлі ў цемры, я пры гэтым трымаўся рукой сьцяны, потым камендант запаліў сьвяцільню; шлях падземным ходам заняў чвэртку гадзіны. Нарэшце мы сталі падымацца па сходах і апынуліся ў лесе. Тут стаялі напагатове два кані з невядомым мне правадніком. Ён быў пры мне да Стоўбцаў, адкуль я паехаў каляскай. Праз два дні я апынуўся ў Вільні, і сярод першых справаў на волі пішу вам гэты ліст, у якім выкладаю абставіны сваёй эпапеі і называю імёны сьведкаў гэтага надта недарэчнага для нашана часу здарэньня.
Трымаючыся слова не расказваць аб дзікунскім учынку нясьвіжскага князя, прашу і вас не агалошваць яго, калі са мной ня здарыцца якой-небудзь загадкавай бяды, а таксама ня ўзгадваць іншых абставінаў і асобаў, якія ў маім да вас лісьце названыя. Калі ж вам давядзецца су­стрэць князя Гераніма, то прашу канфедыцыйна паведаміць яму тое, што тут напісана, калі ён захоча вярнуць сабе тое, што не пашкадаваў дзеля забаўкі свайго эксцэнтрычнага брата.
Застаюся ваш
Філіп-Жан Л.
17 жніўня 1782 году”

Сумныя наступствы чытаньня

Гэтая масонская справаздача невядомай асобе вышэйшай ступені надоўга выклікала ў мяне зьдзіўленьне перад даўнімі справамі князя Пане Каханку.
Я пазіраў на агеньчык сьвечкі і думаў аб дзіцячай мары нясьвіжскага ардыната ператварыць сярэбраныя касьцельныя ўпрыгожаньні ў залатыя на вачах расейскага пасла і караля Рэчы Паспалітай. Каго ён хацеў уразіць залатымі статуэткамі і камічнай сваёй вёскай, думаў я, – расейскую імператрыцу, слабавольнага яе стаўленьніка, тысячны натоўп шляхты? І як ён уяўляў сабе рэакцыю Кацярыны? Што, прачытаўшы пісьмо свайго пасла, царыца засумуе ад зайздрасьці да хатак і каналаў яго Альбы, двух караблёў на возеры, сумнеўнага цуду аўрыфакцыі? Ну што такое ёсьць Альба супраць Пецергофу ці Царскага сяла? Што правінцыйны з трыма касьцёламі і беднымі габрэйскімі абываталямі Нясьвіж супраць Варшавы? Што хоць калі ў ім вырашалася? Чым ён добрым праслаўлены, апроч княжых скарбаў? “Маленькі Парыж!”, “Маленькая Варшава!”. Гэта ж тое самае што сказаць, напрыклад, аб местачковым разумніку «маленькі Вальтэр», а парафіяльную школку менаваць «маленькай Сарбонай». За два стагоддзі нічога значнага не зьявілася ў межах гэтага “маленькага Парыжу” – ніякага універсітэту, добрай друкарні, знакамітага тэатру ці школы, павятовай ці гарадской газеты…
Санлівае жыцьцё, з якога самі Радзівілы выязджалі вучыцца, глядзець сьвет за мяжу. І чым памятаюцца? Зграяй салаўёў, запіханых у торт, і птушынымі прэзентамі на дамскіх бюстах. Ну і як было князю Пане Каханку чытаць пра сябе, думаў я, масонскае заключэньне – “магутны невук”, трымаць у руках ртутнае серабро, аглядаючы пусты падвал, з якога нібыта выпарыўся французскі алхімік, схаваўшы невядома дзе залатыя луідоры малодшага Радзівіла.

Майстэрня алхіміка
Ноч авантурных развагаў

Менавіта да гэтага загадкавага наступства шчасьлівых уцёкаў месье Л. і прыкавалася мая далейшая цікаўнасьць. Тут мелася сапраўдная таям­ніца: знайшлі браты Радзівілы трыста луідораў, схаваных хітрым французам, нехта другі знайшоў, ці яны ляжаць дзесьці ў былой друкарні некранутыя, або іх і не было ніколі, і ўсё, што выкладзена ў запісках, выдумка нейкага перасьмешніка ці непрыяцеля князя Пане Каханку, які вырашыў выставіць яго на пасьмешышча ў коле літоўскіх знатных паноў. Здавалася б, што мне, ваеннаму чыноўніку, за справа думаць аб французскім масоне, нясьвіжскім князю і золаце, сьлед якога быў цьмяна пазначаны ў прыватным лісьце, далучаным да кнігі з папераджальнай назвай “Гісторыя чалавечага глупства”? Не з гэтакім даручэньнем я сюды прыехаў. Але прыпякала мне даведацца праўды, і, магчыма, пры ўдачы знайсьці тое, што затаіў помсьлівы француз; скажу болей, такой удачы мне надта хацелася, апошнія паўтары месяцы я жыў пад знакам нясьвіжскіх рэквізаваных скарбаў, якія занялі абоз у сорак вазоў, загадкавых залатых скульптураў і разуменьня, што нейкая частка каштоўнасьцяў, непаважна разадраных на тры часткі, патрапіла ў чыесьці рукі без уліку.
Я адчуваў прыцягненьне скарбу, мне трэба было апынуцца ў былой алхімічнай майстэрні аднаму. Аднак ня гэта складала галоўную цяжкасьць, я ня ведаў асноўнага – дзе і як шукаць пакінутыя ў падвале луідоры, калі даць веры запіскам. Прымерваючы разрозьненыя паведамленьні Бургельскага, Сабковіча, генерал-маёра Мараўскага да карціны, выкладзенай французам, я схіляўся да думкі, што яго схоў Радзівілы не абцяжарваліся шукаць. Само зьнікненьне алхіміка магло служыць неаспрэчным сьведчаньнем страты золата: калі ён уцёк – значыць, забраў з сабой. А ўжо якім чынам здолеў вынесьці залатыя манеты – таямніца махляра, на тое ён і алхімік. Камендант Фрычынскі аказаўся вінаваты , што недагледзеў. Калі яго зволілі, ён, канешне, адчуваў крыўду на незаслужанае пакараньне, але хто б стаў слухаць яго доказы? Ён мог расказваць, думаў я, аб замкавым алхіміку сваім знаёмым, але ўсе слухалі яго гісторыю пра гэтае здарэньне, як чарговую казку князя Пане Каханку. Наўрад ці князь Геранім вырашыў прызнацца брату ў сваёй задумцы і страце свайго золата.
Але, калі золата засталося ў падвале, то куды схаваў яго месье Л.? Я наноў перачытаў запіскі, дасьледуючы іх парадкоўна, аднак яўных зазначэньняў схову ці падказак не прыкмеціў. Француз напісаў аб “простым рашэньні”, але што ён мог абраць для “простага” схову ў памяшканьні, дзе сьцены былі складзеныя з моцнай цэглы на добрым растворы, і, у адрозьненьне ад уланаў Татарскага палка Кнорынга, ня мог ён атрымаць у рукі лом. Самым простым і да таго адзіным месцам для патаемнага захаваньня, заключыў я, была падлога, выбрукаваная цэглай без раствору. Няцяжкая праца вывернуць дзьве-тры цагліны, раскапаць яму, засыпаць ў яе манеты і вярнуць цэглу на ранейшае месца. Я падлічыў, што на брукоўку падвала пайшло найменей з паўтысячы штук цэглы. Ды пад якімі з іх масон уладкаваў сваю маленькую скарбніцу? Чуцьцё падказвала мне, што разгадка ляжыць перада мной, але я ня бачу яе, як сьляпы.
Адсылаючы ў Нясьвіж тэкст свайго старога запісу, даданага да “Гісторыі глупства”, разважаў я, француз ці нейкі “шаноўны брат”, якому ён пераказаў свае прыгоды, дакладна ведаў, што князь Геранім пакінуў гэты сьвет. Інакш ня было б такога падарункавага надпісу на адвароце тытульнай старонкі. Яна прызначалася для прачытаньня менавіта князю Пане Каханку. Усе натабэны павінны былі сапсаваць яму настрой, а падрабязнасьці чароўнага алхімічнага эксьперыменту, у выніку якога зьявіліся дзьве пазалочаныя скульптуры з серабра, тлумачыла ўсе незразумелыя ці загадкавыя моманты. Гэта была разгадка, якая ўтрымлівала нечаканыя зьвесткі пра брата, і сьведчаньне прыстойнасьці ці разумнай асьцярожнасьці француза, які пакінуў золата князя Гераніма ў замку. Пане Каханку заставалася толькі здагадацца, дзе канкрэтна яно ляжыць. Інакш князю давялося б узрываць цагліны на ўсёй плошчы памяшканьня і прызнаць сябе магутным, але нездагадлівым невукам. Але ён не пасьпеў адрасаванае яму па­сланьне прачытаць…
Ужо напэўна была глыбокая ноч. Зорак ня бачна на небе, за акном парывіста пралятаў вецер, і кароткімі атакамі біў у шкло дождж. За дзьвярыма зноў чуліся крокі – ці то лёгкія крокі прывідаў, ці то няўпэўненыя крокі слугі Сташака, ці то ён крочыў за прывідам, ці то прывід сачыў за ім у пустых калідорах – я не адчыняў дзьверы, ведаючы, што нічога не разгле­джу. Але гукі крокаў я чуў, і яны дапамаглі мне ўявіць тыя даўнія вечары, калі замкавым калідорам ішоў глядзець працу алхіміка князь Пане Каханку, а ў яго адсутнасьць гэтак жа ўпэўнена кіраваўся ў майстэрню з іншай мэтай князь Геранім. Цяпер я ўпэўнены, што менавіта гэтыя крокі, якія прыпісваюць Чорнай Даме, і цень слугі ў цёмным калідоры дапамаглі мне адшукаць разгадку, хоць думаў я не пра іх, а пра пабуджэньні француза.
Натуральна, месье Л. уяўляў сабе і, мажліва, уяўляў з немалым задавальненьнем, як зьдзівіцца князь Пане Каханку, калі ня знойдзе яго ў майстэрні, і якія гнеў і лютасьць закіпяць у яго сэрцы, калі ён даведаецца аб найтанчэйшым слоі эфірнага золата на сярэбраных скульптурах. Нельга выключаць, што яно хутка абсыпалася. Яго брат, відаць, быў ня менш разгневаны, зразумеўшы, што задуманае ім выратаваньне масона абышлося яму стратаю двухсот луідораў, якія ён хацеў пакласьці ў сямейную скарбніцу, і яшчэ ста, якімі ён кампенсаваў пакуты аднадумца. Што чакала б месье Л. у выпадку сустрэчы з гайдукамі князя Пане Каханку, вельмі магчымай, бо такой алхіміяй быў абражаны ўвесь клан Радзівілаў? Найменей, замкавая турма, як таго тытулаванага алхіміка, якога ўратавалі ад сякеры, абвясьціўшы вар’ятам. Тады месье Л. мог бы паказаць пальцам на падлогу і заявіць: “Ваша золата пад гэтымі цаглінамі! Вяртаю яго!” Не ў сьцяне, ня ў печы, не ў куточку, дзе прытуліўся павук, а як бы на п’едэстале, на ганаровым месцы. Я зьверыў сваю здагадку з запіскамі і падумаў, што яна правільная.

Пачуцьці скарбашукальніка

Ранкам, выконваючы свой план, папрасіў я каменданта Бургельскага зноў прайсьці са мной у тыя памяшканьні, дзе генерал-маёр Тучкоў дапытваў слуг, а яго мардаваў смагай. Як і ў мінулы такі паход, пайшоў з намі Дзяніс. Было дзесяць гадзінаў, калі мы апынуліся ў друкарні княгіні Уршулі, ці, што дакладней, у алхімічнай майстэрні замку, дзе масон зьдзейсьніў сваё змушанае ашуканства з аўрыфакцыяй. Іншымі вачыма, чым у першае наведваньне, пазіраў я цяпер на старую печ, на якой француз імітаваў таямнічыя пошукі, і брукаваную цэглай падлогу, і свабодную ад хламу сярэдзіну падвала перад печчу, і дубовыя дзьверы, якія выпусьцілі месье Філіпа-Жана з палону, зараз закрытыя замком знутры.
Вылічваючы тыя некалькі цаглінаў у цэнтры падвалу, якія француз цьмяна назваў месцам, на якое станавіліся князь Пане Каханку і князь Геранім, пачаў я зьдзяйсьняць першы пункт сваёй задумы – доўгатэрміновае выдаленьне пана Бургельскага з майстэрні. Да гэтага вёў ланцужок наступных пытаньняў:
– Гэтыя дзьверы, на замок закрытыя, пан Альберт, куды яны вядуць?
– У падземны ход.
– А куды ён вядзе?
– Раней вёў за возера ў лес.
– Можна прайсьці па ім сёньня?
– Можна, – прызнаў Бургельскі, – але я ня раіў бы хадзіць па гэтым ходзе, ён месцамі абвальваецца.
– А як, пан Альберт, рухаецца аднаўленьне інвентару каштоўнасьцяў?
Гэтае пытаньне адразу, як я і чакаў, сапсавала каменданту настрой; ён адказаў, што шукае і спадзяецца адшукаць. Працягваць размову пра інвентар яму моцна не хацелася.
– Буду ўдзячны, – сказаў я без ласкавасьці. – Дарэчы, яшчэ ёсьць адна справа. Мы прапусьцілі ўвагай агляд гарышчаў. Вось, мой салдат пойдзе з вамі, правядзіце яго па ўсіх карпусах. Спадзяюся, гэта не складзе для вас цяжкасьць.
– Не, не, – пагадзіўся Бургельскі кіслым тонам; цягацца па брудных гарышчах яму не хацелася, але гэта было лепш, чым выслухваць мае вымовы за адсутнасьць рэестраў.
Камендант і Дзяніс вырушылі на прагулянку па замкавых гарышчах, а я, зачыніўшы дзьверы на крук, застаўся сам-насам з ценямі трыццацігадовай даўніны, якіх я ўяўляў сабе па апісаньнях французскага філосафа-ашуканца. Сумнеў утрымліваў мяне адразу кінуцца да працы. У памяшканьні можна было акрэсьліць два цэнтры: адзін для ўсёй яго плошчы без уліку печы, другі – для той меншай часткі памяшканьня, якую не займала печ. Але ў першым выпадку князь Пане Каханку зыбкаваўся б амаль побач з печчу – для яго гэта ніяк не магло быць цэнтрам. Таму па разважаньні я прыняў другі варыянт і, ачысьціўшы ад пылу месца пошуку, паспрабаваў прыўзьняць цагліну нажом. Але нават вастрыё яго не ўваходзіла ў вузкую шчыліну, забітую скамянелым пылам. Марнасьць такіх высілкаў была відавочная, і мне давялося скарыстацца ломам. Адным з тых, якімі салдаты пад камандай Тучкова разбурылі сьцяну патаемнай скарбніцы.
Прыўзьняўшы лом, я адчуў, што працягваю справу генерал-маёра, – сумленьне ўкалола мяне, але я ўжо ня мог спыніцца. З першага ўдару цагліна трэснула, і ў хуткім часе я выняў з гнязда дзьве палавінкі – пад імі мне адкрыўся зьляжалы, нікім не крануты пласт пяску. Пад другой і трэцяй цаглінамі таксама аказалася непарушаная падсыпка. Але чацьвёртая выемка ўзнагародзіла мае стараньні і здагадлівасьць. Толькі прыўзняўшы цагліну, я зразумеў, што тут раней ужо папрацавала чыясьці рука – у лунцы пясок быў зьмяшаны са сьмецьцем. “Забралі!” – расчаравана падумаў я, аднак стаў раскопваць яміну глыбей. Знаходкі я ўжо мала чакаў і калупаў зямлю нажом неяк па інерцыі, каб пераканацца ў адсутнасьці скарбу. І раптам мне ў вочы бліскануў залаты праменьчык – я ўбачыў напаўспарахнелы кашалёк і яўныя кружочкі луідораў скрозь павуціньне скуры. Не пасаромеюся прызнацца: у тую хвіліну я адчуў пачуцьцё сапраўднага шчасьця. Знаю цяпер, якое захапленьне адчувае скарбашукальнік, які прыгаршчамі набірае залатыя манеты, узважвае іх, бачыць у іх лагодную ўсьмешку сваёй фартуны.
Ссыпаўшы манеты на анучку і завязаўшы яе вузлом, я вярнуў на ранейшае месца непабітыя цагліны, з асобым стараньнем выраўняў падсыпку, уціснуў у апошняе гняздо палавінкі разьбітай і засыпаў шчыліны пяском. Але чыстыя цагліны пасярод акаляючага слою бруду і пылу глядзеліся як абуральны знак учыненага гвалту. Так мне здавалася. Пакідаць такую пазнаку сваёй аднаасобнай прысутнасьці ў памяшканьні, зразумела, я палічыў неразумным і мятлой, як ліса хвастом, замёў сьляды, перасунуў некалькі бочак і зусім закрыў месца раскопак. Сваю цяжкую знаходку я схаваў пад кашулю; прыціснутая мундзірам да рэбраў, яна ня дужа зьмяняла маю фігуру.
Адчуваючы халадок залатых манетаў, я аглядзеўся з асэнсаваньнем таго, што мне ўдалося адкрыць старую таямніцу і стаць яе ўладальнікам. Усё дакладна адпавядала даданаму да нямецкай “Гісторыі чалавечага глупства” апісаньню, ні ў чым ня маючы пярэчаньняў; захаваныя ў схове луідоры, як неадменная пячатка, сьведчылі гэтую праўду: тут адчайваўся заняволены масон, палаў у печы вугаль, у “царскай гарэлцы” растваралася золата, сюды зьяўлялася варта, тут выказаў шляхетнасьць будучы бацька Дамі­ніка Радзівіла, а затаптаныя цагліны трыццаць гадоў хавалі таямніцу невыканага заказу. Гэта здарылася ў 1782 годзе, за чатыры гады да майго нараджэньня. Калі ёсьць Божая воля, думаў я, то ўсё было прадвызначана: і візіт сюды маладога князя Гераніма, таксама, відаць, масона, і дзікунскія мары князя Пане Каханку, і таямнічае для яго зьнікненьне француза праз падземны ход, і зьяўленьне ў Нясьвіжы адмірала Чычагава, і мой прыезд у асірацелы замак, каб узьняць рэшткі скарбу з забыцьця…

Маральныя ваганьні

Я падняўся ў свой пакой і вываліў на стол здабытае золата. Пералічыўшы яго я зноў мусіў прызнаць, што масон ня хлусіў – манет было трыста. Луідоры былі паўнаважкія, адчаканеныя ў пазамінулым стагоддзі, з матавым бляскам, яны стваралі на стале прывабны залаты карунак, сузіраньне якога напаўняла мяне прагай дзейнасьці. Воблачкам лёгкага сумневу напаўзала на маё шчасьце халоднае пытаньне; яно было ня першай значнасьці, безумоўна, але ўсё ж важнае для самаадчуваньня – ці становяцца гэтыя луідоры маёй уласнасьцю, ці я павінен аддаць іх нейкай асобе?
Правы на гэтыя манеты належалі няўдаламу алхіміку, але ён прапаў на абшарах Еўропы яшчэ да французскай рэвалюцыі, за якой наступілі дзесяцігоддзі войнаў, – хутчэй за ўсё яго ўжо няма на сьвеце. Нават імя яго дакладна ня ведаю – нехта Філіп-Жан Л. Колькі асобаў з такімі ж імёнамі можа быць у дэпартаментах Францыі! Пры гэтым яму прыналежала толькі траціна сумы.
Ахвяравальнік залатых манетаў памёр дваццаць дзевяць гадоў таму. Князь Пане Каханку, уладальнік замку, дзе я знайшоў скарб, сканаў дваццаць шэсьць гадоў назад, і гэтыя луідоры ў сваю ўласнасьць не атрымаў, магчыма, так і не даведаўся, які падарунак хацеў паднесьці яму велікадушны брат. Яго пляменьнік, князь Дамінік, атрымаўшы спадчынныя правы праз пятнаццаць гадоў, палічыў неабходным для памяці творцы оперных тэкстаў ператварыць яе друкарню ў гаспадарчую камору. Тры гады назад на ім род Радзівілаў згас. З гэтай прычыны ніякага дачыненьня да трохсот луідораў ня мог мець цяперашні ўладальнік замку, сваяк прускага караля, узнагаро­джаны такой маёмасьцю воляй гасудара. Было б недарэчна перадаваць гэты сьціплы скарб яму. Нейкія прэтэнзіі мог бы выставіць генерал Караль Мараўскі як родзіч сапраўдных Радзівілаў, бацька ўдавы і рэкамендацель кнігі “Гісторыя глупства”. Аднак ён, ведаючы тэкст запісак каля дваццаці гадоў, не парупіўся прыўзьняць цагліны ў майстэрні. Значыць, яму гэта ня трэба. Нарэшце, можна з кар’ерных меркаваньняў здаць знаходку ў казну. Шчыра напісаць у дакладзе на імя генерал-аўдытара, што мной у нясьвіжскім замку было знойдзена патаемнае захаваньне трохсот луідораў старой чаканкі, якія лічу сваім шчасьлівым абавязкам паднесьці вышэйшым за мяне пасадным асобам для прыняцьця рашэньня па скарыстаньні адшуканага золата з карысьцю для расейскай дзяржавы. Іх аддадуць у пераплаўку, і на Манетным двары зробяць некалькі рамак, у якія ўставяць партрэты гасудара імператара для ўзнагароджаньня генерал-ад’ютантаў сьвіты. Усе гэтыя вобразы хутка прамільгнулі перад вачыма, пакінуўшы мяне ў перакананасьці, што лёс абраў мяне, а ня іншых, на адзінага ўладальніка залатых луідораў. Я пераклаў манеты ў сакваяж, разумеючы, што даручанае мне дарасьсьледваньне прыйшло да канца, а новыя абставіны садзейнічаюць майму моцнаму жаданьню выйсьці ў адстаўку.

Обер-аўдытарскі даклад

З далейшых справаў, якія завершылі маю аўдытарскую службу, варта прыгадаць толькі даклад генерал-аўдытару Закрэўскаму. Спадзяюся, любыя мае ўнукі, вы лепш зразумееце матывы майго разьвітаньня з кар’ерай у Пецярбургу, якая магла быць для вас больш карысная, чым правінцыйны клопат дзеда ў сядзібе, дзе прайшло вашае дзяцінства.
Зразумела, у падрабязнай справаздачы я абмінуў асьвятленьнем свае сустрэчы з Мараўскім, Сабковічамі, меркаваньні афіцэраў конна-артылерыйскай роты, знаёмства з “Гісторыяй чалавечага глупства” і дадаткам да яго, характарыстыкі бацькі і дзядзькі князя Дамініка Радзівіла, наогул усё, што прама не закранала лістападаўскія і сьнежаньскія падзеі 1812 году ў замку. Апроч таго, табу ляжала на імёнах графа Аракчэева і фельдмаршала Кутузава. І зусім было недазволена фармуляваць крытычны погляд на пазіцыю гасудара ў польскім пытаньні. Таму я абраў для аўдытарскага выкладаньня такі пункт гледжаньня, на якім не пасаромеўся б стаяць любы годны чалавек.
Вось што я падаў на чытаньне Закрэўскаму.
Аудиторский Департамент
Господину Генерал-аудитору
Доклад
Его императорское Величество сего года мая восьмого числа высочайше повелеть соизволил провести дорасследование по делу бывшего дежурного генерала 3-й армии и командира 2-го резервного корпуса генерал-майора Тучкова 2-го, отстраненного в феврале 1813 года от командования корпусом в связи с жалобой коменданта несвижского замка князей Радзивиллов на изъятие в сем замке сокровищ и реквизицию нижними чинами казачьих полков 2-го корпуса хозяйственного назначения вещей, в том замке находившихся, в связи с нижайшим обращением упомянутого генерал-майора Тучкова на имя Его Императорского Величества. Дорасследование проводил обер-аудитор I отделения полковник Лунин по документам дела и с опросами лиц, имевших к сему происшествию касательство.
По делу значится:
Таковое дело в 1813 году по Военному суду следствием не начиналось в связи с ведением войны против Наполеона за пределами Российской империи и участии в заграничном походе армии адмирала Чичагова. Единственным документом, дело по сей день составляющим, остается жалоба коменданта несвижского замка Альберта Бургельского, продолжающего пребывать в прежней должности.
Изложение жалобы:
Копия прилагается.
Установлено расследованием.
При вступлении в Несвиж авангардного отряда 3-й армии оказано было ему сопротивлении уланами литовского 18–го уланского полка, ротою 21-го пехотного полка литовских войск, а также малым отрядом улан 8-го польского полка князя Доминика Радзивилла, прибывшим в замок за сокровищами владельца. Часть из них спаслась от пленения, уйдя подземными выходами, коих в замке есть множество. Для вывоза сокровищ уланами был подготовлен обоз в сорок возов, на нем по приказу командующего 3-й армией Чичагова вывезли реквизированные драгоценности. С применением шпицрутенов допрашивалось трое слуг, способствовавших спасению уланов, никаких увечий им не причинено. Местоположение сокровищницы комендант замка г. Бургельский указал добровольно без применения к нему принуждения.
Генерал-майор Тучков покинул замок 2 ноября, направляясь вместе с авангардом в сторону Минска, из коего 7-го ноября авангард выбил польский гарнизон генерала Брониковского и захватил французские магазины с запасами хлеба, пороха, свинца.
В Минске по приказу командующего 3-й армией был оставлен обоз с сокровищами под охраной Татарского уланского полка, командир которого полковник Кнорринг был назначен минским временным военным губернатором. Сокровища пробыли в Минске до конца февраля 1813 года, когда интендат 3-й армии Рахманов провел их разделение в три адреса согласно приказа, отданного командующим армией адмиралом Чичаговым.
Имея от 18 ноября приказ о присоединении 2-го корпуса к 3-й армии и маршрут следования через Рогачев, Могилев на Минск, генерал-майор Тучков 2-го декабря вступил в Несвиж. Морозное время потребовало занять под ночлег все удобные к этому постройки, в частности летнюю усадьбу князей Радзивиллов и замок, имеющий множество пустых покоев. Пропажа постельного белья, неценной мебели и продовольствия в замке, отнесенная комендантом на счет корыстолюбия казаков полка Грекова, не соответствует действительности, поскольку все изъятия потребовались для обесьпечения раненых и больных в полевых лазаретах.
Предложения
В отношении сокровищ несвижского замка не представляется реальным сделать выводов без сличения описей, проведенных комиссией под началом адмирала Чичагова, и описей вещей, поступивших в Оружейную палату, Московский собор и Харьковский университет. Также необходимо снятие свидетельских показаний об обстоятельствах изьятия сокровищ князей Радивиллов с офицеров и генералов в Комиссию 3-й армии входивших, а именно: командующего армией адмирала Чичагова; генерал-адъютанта Ламберта; генерал-майора Кнорринга; генерал-майора Грекова 19-го; начальника штаба 3-ей армии Сабанеева; генерала от инфантерии Ланжерона, ныне новороссийского генерал-губернатора и губернатора Одессы; генерал-майора Хрущова; генерал-майора Дячкина.
По всем имеющимся свидетельствам и документам корыстолюбие генерал-майора Тучкова не просматривается.
Объявленные обывателями претензии, относящиеся до забранных у них армией адмирала Чичагова и корпусом генерал-майора Тучкова продовольственных запасов во время изгнания неприятеля в 1812 году по недоказательству требуют сьпециального исследования по интендантскому ведомству по четырем направлениям: что было сдано французской армии по распоряжению администрации, установленной в крае Наполеоном; что получено литовскими частями; что расхищено местным населением; что реквизировано нашими войсками для нужд наступающей армии. Кроме того требуют сьпециального установления неучтенные изъятия продовольствия и вещей во время занятия Несвижа и замка корпусами вестфальского короля Жерома Бонапарта в июле 1812 года.
Начальник I отделения обер-аудитор
Полковник Лунин

Гэты даклад, падрыхтаваны для генерал-аўдытара і наступнага паднясеньня Яго Імператарскай Вялікасьці, засьведчыў начальніцкім асобам, як мне і хацелася, маё неразуменьне іх жаданьняў, таму ў былога майго аднакашніка Закрэўскага не было важкай падставы затрымліваць мяне на службе. Ён з уласьцівай яму адкрытасьцю гэта і выказаў: “Разумею, Андрэй Юр’евіч, армія не прызнае віны за Тучковым, але няма зараз палітычнай магчымасьці вярнуць яго да нясеньня службы, гасудара чакае каранацыя ў Варшаве – якія там могуць прагучаць дакоры”. Я ўсё ж вырашыў зьнізіць гэтую палітычную сілу матываў. “Магчыма, гасудар крыху недакладна быў праінфармаваны графам Аракчэевым, – сказаў я. – Вядома, што пачуцьці яго да генерал-маёра Тучкова пазбаўлены аб’ектыўнасьці”. “Асабістыя адносіны знаходзяцца па-за кампетэнцыяй Аўдытарскага дэпартаменту, – адказаў Закрэўскі, надаючы голасу свайму афіцыйнасьць. – Ці варта займацца тым, што не прыносіць карысьці?”
Прыняўшы да выкананьня гэтыя разумныя словы, я падаў прашэньне аб адстаўцы, спаслаўшыся на пагаршэньне здароўя з прычыны ранаў, атрыманых у замежным паходзе. Станоўчы адказ не прымусіў сябе чакаць.

Фінал

Каляды я сьвяткаваў ужо ў сваім родным Ветрыне. Стаялі моцныя маразы, печ у флігелі была напаленая, я стаяў ля акна, шчасьліва пазіраючы на сумёты, асьветленыя поўняй. Наперадзе чакалі мяне цікавыя справы, якіх я прагнуў. Трыста залатых луідораў – зусім ня той капітал, які можа забясьпечыць бестурботнае жыцьцё, але, кажучы вобразна, яны складалі мой эканамічны авангард. Высокі курс золата да серабра, а серабра да асігнацыяў, дазволіў мне атрымаць пасьля шэрагу абменаў каля пяцідзесяці тысячаў рублёў. Усё да апошняга рубля вырашыў я ўкласьці ў маёнтак і ва ўмацаваньне сялянскіх двароў, бо ад зьбяднелых людзей нельга чакаць плённай працы. За некалькі гадоў гэта зьдзейсьнілася. Сядзіба пакрылася сажалкамі, досьвед мой у гэтым занятку да­зволіў мне напісаць “Практычныя парады па разьвіцьці сажалкавай гаспадаркі” з улікам асаблівасьцяў нашага надвор’я, ня менш карысныя чытачу, чым аказалася для мяне карыснай кніга фон Таўпіца з бібліятэкі князёў Радзівілаў.
Усё зьмянілася, і маё жыцьцё таксама пайшло нечаканым шляхам.
Сусед мой, пан Сакольскі, на вялікі мой смутак, так і не падняўся з хваробы, набытай у палоне, і скончыў свае зямныя дні ў той час, калі я ў Пецярбургу падаваў просьбу аб адстаўцы. Пасьля жалобнага году ўдава яго прыняла прапанову стаць маёй жонкай.
Сястра яе Элька, ваша любімая цёця, ажанілася з паручыкам Юрэкам. У 1831 годзе, ужо камандзірам польскага батальёну, ён загінуў у баях з войскамі фельдмаршала Паскевіча.
Стараста наш Салавей, хутка скеміўшы карысьць сажалкавага карпа, выкапаў на сваім агародзе невялікую сажалку, часьцяком напаўняючы яе крадзенай рыбай з маіх выпасных вадаёмаў.
Перад ад’ездам з Пецярбургу прасіў я міністра Канаўніцына ўладкаваць дзеншчыка майго на пазасталыя яму два гады да выслугі дзядзькам у малодшую роту кадэцкага корпусу. Я быў рады, калі адстаўным салдатам прыехаў ён у Ветрын і прыняў на сябе догляд сажалак.
Усіх названых тут людзей вы ведаеце ці памятаеце, яны адорвалі вас сваім добрымі пачуцьцямі.
У Нясьвіж пасьля таго аўдытарскага візіту ніколі болей інтарэсы мае мяне не прыводзілі. Але пра мястэчка і пра знаёмых па нясьвіжскай справе людзей, калі здаралася магчымасьць, я заўсёды імкнуўся даведацца.
Жонка князя Дамініка, пабыўшы два гады ў шлюбе з ваенным міністрам Чарнышовым, разыйшлася з ім. Чарговае захапленьне сталася для яе фатальным. Закахалася яна ў расейскага гвардзейскага паручыка, нейкага Безабразава; ён служыў ад’ютантам вялікага князя Канстанціна Паўла­віча, намесьніка цара ў Варшаве. Сярод варшавянак гэты Безабразаў меў посьпех, бо яго лічылі прыгажэйшым за Апалона. Ён быў на дзесяць гадоў маладзейшы за Тэафілю, атрымаць яго вернасьць немаладая ўжо княгіня Радзівіл не магла і зьведала здрады, грубасьць і абыякавасьць. Сухоты зьвялі гэтую дачку генерала Мараўскага са сьвету ў 1828 годзе.
Дачка князя Дамініка была прынятая фрэйлінай да імператрыцы-маці Марыі Фёдараўны, і яе клопатам выйшла за кавалергарда Льва Вітгенштэйна, сына фельдмаршала. Яна нарадзіла дачку Марыю і сына Пятра. Але ёй быў наканаваны малы век: Стэфанія крыху перажыла сваю маці і згасла таксама ад сухотаў у 23 гады.
Генерал-маёру Каралю Мараўскаму давялося аплакаць і дачку, і ўнучку, жыў ён у маёнтку Душкаў, дзе і быў пахаваны ў 1842 годзе.
Леў Вітгенштэйн, да якога пасьля сьмерці юнай жонкі перайшлі некаторыя належныя ёй маёнткі, выплаціў яе брату Аляксандру, па нашых законах бастарду, 300 тысячаў рублёў. Княжскі тытул яго прызнала Аўстрыйская імперыя, там, у Галіцыі, ён і жыў.
Пан Каменскі выслужыў пасаду менскага віцэ-губернатара, меў шырокую вядомасьць у масонскіх ложах да іх закрыцьця імператарскім указам.
Артылерыйскі паручык Рылееў, які чытаў вершы на афіцэрскай вячэры, у 1825 годзе быў пакараны ў Петрапаўласкай крэпасьці з некалькімі таварышамі за бунт супраць улады.
Генерал-маёр Сяргей Аляксеевіч Тучкоў дачакаўся справядлівасьці ў 1826 годзе, калі быў адстаўлены ад усіх пасадаў граф Аракчэеў. Гасудар Мікалай I найвышэйшай воляй канфірмаваў рашэньне па шматгадовай справе яго:
“Генерал-майор Тучков ни в каких злоупотреблениях или покорыствовании не доказан, но виновен единственно в слабом командовании вверенным ему корпусом. По сему, на основании всемилостивейшего манифеста, в 30-й день августа 1814 года состоявшегося, в уважение долговременной бытности его под следствием, оставить его от дальнейшей по сему делу ответственности свободным. Объявленные обывателями претензии, относящиеся до забранного у них армиею адмирала Чичагова и корпусом генерал-майора Тучкова продовальствия и имущества во время войны 1812 года, по недоказательству оставить без удовлетворения”.
Закліканы нарэшце да дзейнай службы, Сяргей Аляксеевіч накіраваны быў на Каўказ, уганараваны ордэнам Белага арла, чынам генерал-лейтэнанта і сенатарскім званьнем. Два тамы літаратурных твораў яго і «Ваенны лексікон», ім складзены, набыў я па падпісцы, і яны стаяць у нашай кніжнай шафе побач з томікам баек Крылова.
Адмірал Чычагаў пасьля ад’езду за мяжу болей у Расію не вярнуўся. За невыкананьне ўказу цара ў 1834 годзе, які абавязваў усіх расейскіх падданых, што жылі па-за імперыяй, вярнуцца ў Расію, Чычагаў быў пазбаўлены ўсіх сваіх маёнткаў, ордэнскіх пенсіёнаў і выведзены з Дзяржаўнага Савету. Абражаны такім пакараньнем стары адмірал аб’явіў несапраўднай сваю прысягу імператару і адправіў яму свае ўзнагароды. Тады ж ён і малодшая дачка яго прынялі англійскае падданства. Вось якімі драмамі могуць закончвацца жыцьці заслужоных людзей.
Захавальніку нясьвіжскай скарбніцы пану Бургельскаму ў 1828 годзе давялося зьведаць непрыемнасьці судовага пазову, пададзенага супраць яго дачкой князя Дамініка Стэфаніяй. У яго ў сядзібным доме быў знойдзены сярэбраны куфэрак, які належаў Радзівілам. Пан Альберт даводзіў, што гэтая каштоўнасьць – падарунак яго былога гаспадара. Адсудзіла дачка Дамініка серабро ці справа пасьля яе сьмерці спынілася, мне невядома. Але “куфэрачная” гэтая гісторыя дазваляе меркаваць, што замак Радзівілаў захоўвае яшчэ шмат нераскрытых таямніцаў…
Іншым вечарам, калі выходжу я выпаліць люльку на сходах сядзібнага дому, месячнае сьвятло абуджае ўва мне ўспаміны, і бачацца мне з далечы прамінулых гадоў Нясьвіж, замак, абкружаны ровам, пяціпрамянёвы кветнік, таямнічыя каменныя скляпеньні, стары падвал, у якім апынуўся французскі масон, і ў якім магла зьявіцца залатая скульптура, двор, дзе нагружалі вазы каштоўнасьцямі Радзівілаў уланы Татарскага палка, і чамусьці шчыміць мне сэрца сум, што і двор, і роў, і замак над ім стаяць помнікам загаслага жыцьця, без душы і бяз тайны. Але можа сум мой – проста прыкмета страчанай дужасьці, старога веку, які ня можа абяцаць новага пошуку, новага азарту, новай удачы, пакідаючы ў суцяшэньне тую малую таямніцу, што залатыя вялізныя карпы, якія носяцца ў сажалцы і з шумам выскокваюць з вады ва ўсю сваю велічыню, – гэта залатыя луідоры князёў Радзівілаў, вызваленыя мной з падпольнай вязьніцы.

Заўвагі

Градусы (ступені) масонства – узроўні пасьвячэньня. Англійскае (блакітнае) масонства абмяжоўваецца першымі трыма градусамі. Вышэйшыя градусы (4-33) прысуджаюцца Капітулам, у які ўваходзяць браты, пасьвячоныя ў вышэйшыя градусы. Найболей разьвітая сістэма градусаў у Старадаўнім і Шатландскім абрадзе. Градусы 4-18 (чырвонае масонства) – капітулярныя. Градусы 19-29 (чорнае масонства) – філасофскія. Градусы 29-33 (белае масонства) – адміністратыўныя.
Канфірмацыя – зацьвярджэньне вышэйшай уладай рашэньня ваеннага ці палявога суду.
Карабеля – польская назва крывой вузкай тонкай шаблі без гарды. Скарыстоўвалася шляхтай на падмену баявой зброі ў звычайны час для выхадаў у “сьвет”. Назва паходзіць ад горада Кербелы непадалёку ад Багдада, дзе шаблі такога тыпу вырабляліся. Рабілі іх з дамаскай сталі, якая дзякуючы шматразавай коўцы набывала вялікую цьвёрдасьць і гнуткасьць. Сапраўдная карабеля была нагэтулькі гнуткая, што яе можна было патаемна насіць вакол пояса, прыкрываючы пасам; па вастрыні яна не саступала брытве. Гэтым і была абумоўлена музейная каштоўнасьць карабеляў.
Чаша Удавы – міса, з якой у масонскай ложы Дарадаўца абыходзіць братоў перад закрыцьцём работаў (паседжаньня), зьбіраючы ахвяраваньні на мэты міласэрнасьці.
Луідор (фр. louis d’or – залаты луі) – залатая французская манета, упершыню пачала чаканіцца ў 1640 годзе пры Людовіку XIII і названая ў яго гонар. Зьмяшчала золата ў розныя перыяды ад 6,2 да 8 г. Існавала да 1795 году.
Менская масонская ложа – па вядомых дакументах заснаваная ў 1816 годзе, але дзейнічала раней гэтай даты, называлася “Паўночная паходня”. Мела членства 1-3 градусаў па Блакітнай сістэме. Пазьней у Менску была створаная яшчэ капітулярная ложа “Гара Табар” шатландскага абраду. Гэтую ложу ачольваў менскі віцэ-губернатар Людвіг Каменскі, братам ложы быў таксама камендант нясьвіжскага замка Альберт Бургельскі.
Някрасаўцы – пры падаўленьні паўстаньня на Доне на чале з Кандратам Булавіным рускі цар Пётр загадаў зруйнаваць дзясяткі казацкіх паселішчаў. Было вынішчана болей за 40 тысячаў казакаў разам з сем’ямі. Ратуючыся ад зьнішчэньня некалькі тысячаў казакаў на чале з Гнатам Някрасавым у верасьні 1708 году сышлі з Дону на Кубань пад ахову крымскага хана. У 1740 годзе туркі перасялілі някрасаўцаў з Кубані ў Малую Азію на возера Майос. Апроч таго, нейкая частка казакаў перасялілася на Дунай у раён Дабруджы. Да 1854 году казакі-някрасаўцы ўдзельнічалі ва ўсіх руска-турэцкіх войнах і лічыліся найлепшай коньніцай Турцыі. Але яны захавалі мову, звычаі і веру. У 1810 годзе невялікая колькасьць някрасаўцаў намаганьнямі генерал-маёра Тучкова пасялілася каля Ізмаілу.
Нясьвіжская масонская ложа – створаная ў 1784 годзе, мела назву “Пераможаныя прымхі”, адноўлена ў 1809 годзе па шатландскім абрадзе, была зачынена ў 1812 годзе, адрадзілася ў 1815 годзе. Карысталася польскай і французскай мовамі. Сярод яе братоў былі князь Дамінік Радзівіл, Людвіг Каменскі , Альберт Бургельскі. Два апошнія ўваходзілі і ў нясьвіжскую капітулярную ложу “Сьвятыня міру”.
Прафан – па тэрмінах масонаў любы чалавек, не пасьвечаны ў “брацтва вольных муляраў”.
Трансмутацыя – алхімічны тэрмін: ператварэньне адных металаў у іншыя.