12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Івашчанка

_____________________
Залатая рака.
Вершы


Аксюмаран

Бывае, я злоўжываю.
Бывае – ўжываю зло.
Паволі з сябе выпускаю
ліпкае зьмесіва слоў.
Ліпкае зьмесьціва сноў.
ВЕРШАЎ НЯ ПІШУЦЬ НАНОЎ (2 р.)
наўкола-паўсюль-ува-мне
сьнег
...
сьню мітусьню
сну няма ў сьне
каменьнямі словы ляжаць на дне

Ёсьць той, хто бяз грошай,
і хто на трубе.
Крывіцкія скарбы захрасьлі ў дрыгве.
Сто год пражыве
той, хто ў журбе.
ВЕРШЫ НЯ ПІШУЦЬ СЯБЕ (2 р.)
...
вачыма мышынымі
цікуюць праз шчыліны
таму іх чапаць
ня страшна, а гадка
да ранку чакаць
патрэбнага радка
грызьці асадку
поўні аладка
завісла над ганкам
дваццаць шэсьць з гакам (2 р.)
А толку?
Ну так, дзеткі, жонка.
Працуе санвузел,
завітвае бусел.
Але не пра тое тут.
Горла іголка
дзярэ затоена.
Эпоха Ацтою
шукае свой нік.
Тыя, хто з гумарам,
ацэняць аксюмаран
(падкінуў адзін жартаўнік):
забіты лайвджорнал –
адбітак ЛаЖовы
сьвету ня створаных кніг.


Дзеткам

(па выпісцы з інфекцыйнае лякарні)

Вашыя вочы чысьцяць мне аўру.
Ведайце, ўсе мы крышку кентаўры.
Дзяўчо маё голаў хавае, бы страўс,
як бачыць у белым людзей. Мой тэзаўрус

пашырыўся значна медычнаю лексікай.
Нехта прывёз пацыента на «Лексусе».
Ніхто – ні багаты, ні бедны – ад вірусаў
не застрахаваны. Хады ўсе запісаны.

Ня знойдзеш канцоў, але трэба пакаяцца.
Тут пашкрабеш – за сьцяной адгукаюцца.
Сінтэз малітвы і медытацыі –
шлях прымірэньня Emocio з Racio.
...
Восень разьдзьмула штакеціну вогнішча,
лайнер пікуе з клёну на лётнішча.
Волат наш сьпіць у вазку-цягнічку,
бачыць у сьне залатую раку.

Раптам завітвае Веданьне ў голаў,
цела працяўшы пяшчотным уколам:
вечнае кола ў надзейнай далоні,
мы у палоне, ў Бацькоўскім Улоньні.


* * *

Чытаючы Рыгора Барадуліна
Мая малітва –
заўсёды бітва
між Зьверам, Богам і сабой.
Той пераможа,
хто збочыць зможа, –
сядзець і назіраць двубой.


* * *

Алесю Разанаву
ранак сустрэне састылай гарбатаю
горад абвешаны яйкаквадратамі
нас расстраляюць
са сьнежных гарматаў
вы не заўважыце
гэткае страты


Гл. вышэй

глядзіце вышэй
за вершы пра вежы
за сьнежныя сны
за межы вясны

за с[к]он хмарачосу
вышэй свайго часу
вышэй свайго носу
уласных вушэй
вышэй

за памяць травы
за напаўжывы
LJ
за пасткі клішэ
вышэй


Дарожны

Голаў працуе хутчэй прапарцыйна
павелічэньню голаду.
Хуткасьць сто сорак,
за бортам – зоры.
Колькі шчэ трэкаў да гораду?
Колькі шчэ трэкаў –
пытаецца Слых, –
ліпава-рэпавых
новых і злых?..
(рок бо ня торкае
добры-стары;))


Лёгкасьць быцьця

Сярожу Прылуцкаму
горлам паперла
знутры накаціла
высмоктвае папера
апошнія сілы
чырвоным па белым
словам-трацілам
паэзія памерла
мяркуюць мудзілы
паэзія памерла
музыка сканала
слоў заўжды нямерана
ды сэнсу штось замала

Разьбіў сваё люстра
Дарыян Грэй.
Зрабіў Заратустра
духоўны апгрэйд.

У слоіку палітыкі
падаставалі й мераюцца.
Стогнам паралітыкаў
дасюль камусьці верыцца.

У нашых мерцьвякоў
пыл вякоў па-над вечкамі.
Таньчыць сьмерць вакол
з задзьмутымі сьвечкамі.

Лёгкасьць быцьця
не ўкладаецца ў радок.
Да забыцьця
дзьве цягі і глыток.


Брату

П. С.
Без аховы
ісьці да мовы
паўз шолах спаленых кніг...
Да зьнямогі
чакаць перамогі
пад пільным паглядам сьвятых...
Ад самоты
і да свабоды –
уздых!..