12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кастусь Травень

_____________________
Роспач. Фрагмент
* «Роспач» –
фрагмент
апавядання
«Час збіраць
камяні»
з кніжкі
«Гульня
белымі
фігурамі».

«Сэнс культурнага развіцця (…) сведчыць
пра барацьбу паміж Эрасам і Смерцю…
Гэтая барацьба – сутнасьць і змест жыцця ўвогуле,
і таму культурнае развіццё можна проста
абазначыць як барацьбу чалавечага віду за выжыванне.»
Зыгмунд Фрэйд. «Дыскамфорт ад культуры».
ІІІ

Вайскоўцы, што заступалі на ахову складоў, атрымалі зброю, набоі і ўжо ішлі шыхтавацца, калі шараговы Янак Даўгалевіч перадаў яфрэйтару Міхасю Станкевічу доўгачаканы ліст ад Гражыны. Міхась беражліва паклаў яго дрыготкай рукой у нагрудную кішэню выгаралай на сонцы вопраткі колеру хакі – ён збіраўся прачытаць ліст у першую вольную хвіліну.
Палкавая варта ішла па пляцы пад марш, які іграў аркестр, і Міхась звыкла, але на гэты раз і ўзнёсла грукаў бліскучымі ботамі, ідучы парадным крокам і цягнучы твар і позірк на вахтарных афіцэраў палка. Дробны восеньскі дожджык крапаў на мокры твар, і Міхась, маршыруючы разам з маладымі ваярамі роты і трымаючы аўтамат на вільготным плячы, адчуваў сябе дарослым мужчынам.
Ужо на варце, на ахове вайсковых складоў, ён з хваляваннем адарваў край каляровага канверту, надпісаны такім мілым, знаёмым почыркам, які нават на паперы выпраменьваў незвычайную, уласцівую Гражыне густоўнасць і суладнасьць характару, розуму і нейкую асаблівую аўру. Пачапіўшы аўтамат на плячо, Міхась хутка азірнуў абсяг гаражоў вайсковай тэхнікі і, схаваўшыся ад восеньскага дожджыку пад брыль грыбка, разгарнуў ліст і прачытаў – літары і словы скакалі перад вачыма, быццам ён імчаў у наступ на смяротны дот, – забойчы прысуд сабе: «...Не пішы мне больш. Не турбуй. Я сустрэла Таго, хто здолеў стаць маім Лёсам, бо ты не здолеў. Ты забаяўся, што “не здабудзеш маманта”. Ты добры, але ты слабы і не ўздымешся над ватэрлініяй. І прабач, я цябе не любіла. Можа я кепская, гадкая, нехарошая. Але якая ёсць. Ураўнаважся…».
Віхур восеньскага ветру выхапіў ліст з ягоных рук і кінуў пад ногі. Сусвет разбураўся. Вялізарны крыштальны сонечны гмах прыдуманай мроі развальваўся, нішчыў аблокі летуценняў і ўзамен адчыняў шэрае звычайнае быццё. Жыццё нарэшце паставіла рубам свае галоўныя пытанні, і ён ужо не ведаў на іх прыемных і лёгкіх адказаў.
Міхась схіліў вочы долу, да бліскучых, старанна нагуталіненых ботаў, падэшвы якіх былі ўжо запэцканыя восеньскім брудам. Вочы гарэлі дзікім вогменем вар’ята і маглі здрадзіць, паведаміць таварышам-жаўнерам аб ягоным шчырым жаданні знішчыць сябе – як чалавека, які атрымаў сакрушальную паразу і праз гэта ўбачыў бессэнсоўнасць існасці.
…Так, так. Тады ён моцна схібіў… Спачатку гульма прагуляў пяць гадоў у інстытуце, а потым, калі час імкліва паляцеў уперад, ён сустрэў Гражыну – і спалохаўся сваёй непадрыхтаванасьці. Побач з яе духоўнай прыгажосцю, густам, выхаванасцю, розумам, нардычным характарам ён адчуў сябе нявартым яе. Ён бачыў у ёй чароўную дзявочую сталасць і спеласць і адчуваў сваю хлапчуковасць, нават інфантыльнасць. Ён палохаўся моцы сваіх і яе пачуццяў, баяўся сваёй слабасьці перад вонкавым светам, няздольнасці абараніць яе ад тых варожых хцівых, драпежных сілаў і губляў час... Так і не прапанаваўшы Гражыне сваю руку і сэрца, фактычна збег на год у войска. Ён хацеў яшчэ ўмацавацца, узмужнець – і потым, мужным і моцным, дасведчаным і спрактыкаваным, сказаць ёй пра сваё каханне да яе.
А яна, свежая, палкая, некранутая, чакала, чакала, і іншы раз, калі срэбраныя імгненні часу беглі ў невядомае, настойліва пыталася ў яго:
– Мілы! Ты любіш мяне?
Яму здавалася тады, што ў гэты момант час прыпыняўся і ўжо не рухаўся. А Гражына – не дачакаўшыся адказу яшчэ некалькі разоў – выйшла замуж, там, у сваім вялікім горадзе, адкуль прыехала да іх у вёску на працу. Выйшла замуж мо за выпадковага чалавека, што проста апынуўся побач...
Ён так трагічна памыліўся! Ён думаў, назіраючы жыццё вакол, што час стаіць на месцы! Што разам з ёй ён пражыве тысячу гадоў!
«Шчасця ўжо не будзе! Ніколі! Застаецца цярпець. Цягнуць доўгі, нудны... доўгі і нудны... воз жыцця. Як валачэ большасць...» – слізганула бязлітасная ў сваёй рэальнасці думка.
Ён бездапаможна агледзеў прастору. Вакол усё было штодзённым, звычайным. Гэтыя доўгія аднапавярховыя цёмна-зялёныя будынкі гаражоў, дзе хаваліся грозныя танкі, гэты новенькі аўтамат АК у ягоных руках – былі прывідамі, створанымі людзьмі-генераламі, дзеля іхняга жадання схавацца ад чужога жыцця, стварыць уласную канцэпту, з якой можна якасна жыць да самага заканчэння. І ўсё гэта цяпер не мела для яго ніякага сэнсу. Ён застаўся адзін сярод дажджу, восені, гразкай глебы, запэцканых ботаў, аўтамата АК з цяжкім, набітым набоямі ражком – сярод усяго шэрага, сумнага, нетаропкага і чужога. І ў гэтым чужым для яго жыцці яму не было месца.
Міхась цяжка нагнуўся і марудна падняў з долу прыціснуты брудным салдацкім ботам запэцканы белы ліст. Гэты ліст цяпер быў адзіным сведкам існавання іншага, адметнага, чароўнага жыцця, дзе былі Ён і Яна. У лісце меўся доказ існавання ягонай плённасці. Цяпер лягчэй за ўсё было пусціць кулю ў сваё сэрца... Якая жудасная параза... Ён ніколі не здолее ўзяць рэванш!
«Не... не... не... не... Не? Ці трэба спяшацца закрэсліць сваё жыццё?.. Не?.. Не... Не!.. У чым я вінаваты? Пабаяўся жаніцца з каханай дзяўчынай? Узяў адтэрміноўку, каб умацавацца? Неабходна знайсці мэту і ў гэтым жахлівым становішчы! Паміраць трэба з сэнсам... прыхапіць на той свет заклятага ворага ці ўдзельнічаць у рэвалюцыі або вайне... Стаць героем! У мяне толькі адно выйсце – зрабіцца героем! Але ці ёсць у мяне сапраўдны вораг? Каб быць героем, патрэбна некага перамагчы! Мне яшчэ трэба адшукаць у сваім жыцці свайго ворага...»
Ні ворага, ні вайны, ні рэвалюцыі на абшарах рэчаіснасці не прадбачылася...
Трымаючы ў руках аўтамат, яфрэйтар Міхась Станкевіч хістаўся на самай мяжы смяротнай прорвы... Бясконцыя шэсць месяцаў да дэмбелю зліліся для яго ў час цярплівага маруднага выжывання...

ІV

Прыйшоў дэмбель і прынёс з сабой новыя складанасці. Цяпер яму не было чаго чакаць, змена варункаў не змяніла яго ўнутранага стану. Міхась нібы апынуўся ва ўнутранай эміграцыі.
У вёсцы Залессе, дзе пасля войска Мiхась уладкаваўся на працу, ішоў дождж, дождж, дождж. А потым узышло сонца. Але ўсё: і сонца, і дождж – было не такімі, як некалі. Жыццё было запалоненае людзьмі-мурашамі. Мурашы былі паўсюль, у тым ліку і ў войску. А потым, пасля войска, было яшчэ горш, бо маруднае, бясконцае і бессэнсоўнае жыццё прымушала варушыцца самастойна, хадзіць на працу, зарабляць грошы, здымаць кватэру, аб нечым гаварыць з людзьмі.
...Аднойчы малады дырэктар Залескай школы Іван Іванавіч казаў нейкія надзвычай шчырыя словы, але Міхась Станкевіч, часова набыўшы ўласцівасць звышадчування, бачыў, што думае ў сапраўднасці гэты неблагі дырэктар: ён не хацеў ехаць у райцэнтр, каб падвезці маладога настаўніка, бо шкадаваў бензіну, і гэты ягоны мурашыны клопат не здзівіў Міхася. Дырэктар таксама быў мурашом.
Мурашы хадзілі па вулках, сядзелі ў сталоўках, елі ці смяяліся, пілі гарэлку. Было невыносна глядзець на мурашоў, калі яны смяяліся. Як можна было смяяцца, нават проста быць вясёлым, калі Яе не было. І як Яна магла смяяцца, нават проста жыць, дыхаць, распранацца... класціся ўвечары спаць з нейкім чужым чалавекам, калі Яго, Міхася, не было побач.
Гравійная дарога, што цягнулася з вёскі ў іншую вёску і далей у райцэнтр, людзі, што хадзілі па вясковай вуліцы, корпаліся на сваіх сядзібах, сядзелі ў хатах і пазіралі ў вокны на мінакоў, шэрыя хмары ў сінім небе, нечаканы восеньскі дождж, воглае верасьнёўскае паветра – усё гэта страціла сваю незвычайную, некалі ўласцівую яму шматканальнасць успрымання сусвету. Цяпер сусвет фізічных рэчаў і з’яваў працягваў існаваць – але ў ім быў іншы, звычайны, штодзённы аднаканальны сэнс. Гэтае спрошчанае ўцялесненае бытаванне было самадастатковым, прыстасаваным для фізічнага выжывання, але ў Міхасёвай былой сістэме каардынатаў не мела патрэбнай каштоўнасці.
...Увесь час знаходзіўся нехта побач, хто выхваляўся сексуальным гераізмам, але ў ім таксама не было патрэбнага для Міхася духоўнага сэнсу. Яны, людзі, усе былі сляпыя і глухія – калі не зусім, то значна больш чым напалову. Маючы адзінае, непаўторнае жыццё, яны не адчувалі самага галоўнага – сваёй лучнасці з сусветам і ад гэтага – сваёй чалавечай узнёсласці. У гэтых вартых жалю людзей, улагоджаных фізіялагічнай задаволенасцю, духоўная свядомасць кульгала, бо неабходнасць матэрыяльных здабыткаў перашкаджала ўзнікненню нечага іншага, узнёслага. Большасць жыла надзвычай дробнымі звычкамі штодзённага побыту...
Міхась адчуваў сябе пакутнікам, распалавіненым чалавекам, дзе лепшая частка – ягоны сэнс – знікла. Засталося цела з жывёльнымі інстынктамі, недасканалымі звычкамі, прымітыўнымі ведамі… Унутраная пустэльня існавала заўсёды і не адпускала яго ні на імгненне. Іншы раз пасля моцнай, да страты прытомнасьці, п’янкі з калегамі па працы ці нейкімі малазнаёмымі людзьмі, калі пачыналася абуджэнне, было яшчэ горш, бо ён вяртаўся ў сьвет, дзе Яе ўжо ніколі не было! Ён спрабаваў аблегчыць душу, нешта патлумачыць тым, хто быў побач, але праз нейкі час махнуў рукой, зразумеўшы немагчымасць гэтага, як спробу тушыць атамны рэактар, заліваючы полымя вадой. Ён разумеў, што каб жыць, трэба працаваць, вучыць дзяцей, займацца штодзёнымі справамі, але потым, калі ўсё зроблена, можна вяртацца да галоўнага – да Зорнага Неба, да вільготнай веснавой Ночы, посвісту качак і гергетанню гусей, што імчаць над зямлёй сярод зорнай ночы, да стасункаў з Ёй, адзінай і непаўторнай...
А можа, аднастайнае быццё, штодзённая праца за шмат год патушылі б каханне, зрабілі б з яго звычку, звялі б Каханне да валтузні ў ложку?
Яму было сорамна перад Богам, які падараваў яму цудоўнае, дзівоснае жыццё і чароўнае каханне, а ён гэты падарунак не здолеў скарыстаць. Міхась адчуваў, што закрэсліць сваё жыццё – значыць зняважыць сваіх бацькоў і самога Бога, і таму ён вымушана і цяжка цярпеў. Зняважыць пана Бога – і тады ўжо больш ніколі не жыць. Ён верыў, што там, у іншым ягоным жыцці праз мільёны, а можа, мільярды гадоў, ён, мужны і дарослы, ізноў сустрэне Яе, і тады ўжо ён Яе нікому не аддасць.
Ён адчуваў, што ўжо ніколі ў гэтым жыцці не будзе шчаслівым еднасцю з сусветам, а калі і будзе, то толькі далёка наперадзе, пад старасць, і толькі на некалькі імгненняў. І трэба было цярпець гэты цяжар звычайнага, мурашынага, штодзённага бессэнсоўнага існавання шмат гадоў дзень пры дні. Бытаванне расліны, амёбы, мураша… Насамрэч не маглі забыцца пра Яе мільярды клетак ягонага арганізму, што не дазвалялі ўтварыць інтымную еднасць душы і цела з некім іншым.
...Са стратай каханай ён паступова страчваў усёахопнае разуменне і цэльнасць адчування сьвету. Сусьвет рабіўся маленькім і дробным, і тое, што некалі было для яго мурашыным і нязначным, напрыклад, грошы ці меркаванні іншых, больш падобныя на плёткі, пачалі закранаць і яго. Чамусьці гэта называлася «рэальным успрыманнем рэчаіснасці».
Ён марнаваў непаўторныя гады маладосці... Гады ляцелі, а ён не мог знайсці Ёй замену. Найлепшая частка ягонага жыцця была запоўненая самотай, тугой, адзінотай, цемрай.
Аднойчы, узяўшы ў вясковага сябра Грыбоўскага паляўнічую стрэльбу, Міхал пайшоў пад самы вечар на возера.
Чырвонае ядро сонца на захадзе марудна хавалася за вясковы восеньскі небакрай. Ён, лёгка апрануты ў вайсковы пільчак з летнім брылём на галаве і абуты ў старыя чорныя чаравікі, каб сагрэцца на восеньскай халадэчы, хутка ішоў па сцежцы сярод хмызняку. З шэра-свінцовых хмар, што затулілі палову неба, раптам пайшоў густы пухнаты снег, які ператварыў кастрычніцкую восень у сапраўдную і нечаканую зіму. Возера, снег, ноч, што надышла хутка і валадарна, і сотні паўночных качак, што касяк за касяком імкліва ляцелі з цемры заснежанага неба на цёмнае люстэрка незамерзлага возера. Хмызняк з неапалымі зялёнымі лісцямі, засыпаны шапкамі белага снегу, цёмная вада, што ціха плёскала аб бераг, і посвіст крылаў мноства паўночных качак... Снег рыпеў пад нагамі, ногі стыглі ў чаравіках, але ён адчуваў палёгку. Чароўная, халодная, вялізарная ноч валадарыла на зямлі. Ён быў адзін сярод цемры, снегу, возера, дзікіх паўночных качак, што прынеслі з сабой паўночны холад...
Міхал узняў да пляча стрэльбу, выцэльваючы пралятаючых нізка над кустоўем чародку крыжанак – і цяжкі выбух стрэлу на міг парваў абсяг ночы, каб яшчэ праз імгненне знікнуць у рацэ часу.
Цяпер Ноч панавала на ўсіх абшарах яго жыцця. Гэта быў новы свет, нічым не звязаны з Ёй. І гэты сьвет быў не горшы, чым той, дзе калісьці існавала Яна. Так ён навучыўся любіць Ноч, Сьнег, вольных паўночных Птушак, Раку, Бераг, Зорнае Неба...
Ён выжыў сярод мурашоў, ператварыўся ў чалавека ночы… Сама па сабе Ноч не была сутокам зла. Але цемра нішчыла накірункі, стварала варункі да самоты, тугі, нараджала роспач... Так, ён стаў паўнавартасным чалавекам Роспачы.

З таго часу праімчала велізарная колькасць дней – цэлая гістарычная эпоха... Прайшло безліч гадоў. Праляцеў знакаміты шахматны матч Спаскі – Фішэр, прабегла легендарная серыя сустрэчаў савецкіх чэмпіёнаў з канадскімі прафесіяналамі, вайна ў Аўганістане, смерць дзяржаўных лідэраў, потым прыйшла Чарнобыльская катастрофа, рэвалюцыя савбураў, разбурэнне Вялікай Дзяржавы, вайна ў Чачні, сваркі і звады новых і старых палітыкаў, зняважлівыя рэферэндумы, адыход назад да аўтарытарнага мінулага. Якая колькасць гістарычных падзеяў! А ён, ужо зрабіўшыся сталым, а затым сівым Міхалам Андрэевічам, усё помніў Яе і іншы раз пачынаў думаць і разумець, што Гражына дзесьці там, у іншым, вялікім акіяне жыцця, забылася пра Яго, што яна не ўспамінае Яго, і што Яны ўжо ніколі не сустрэнуцца.

V-VI

З надыходам новага часу, пакутліва ўзіраючыся ў іншы гістарычны расклад, Міхал Андрэевіч балюча разумеў, што пэўна там, у маладосці, іхнія перамогі былі ў сапраўднасці перамогамі генералаў... Імунітэт да суіцыду, што ён атрымаў у маладосці, яшчэ валадарна трымаў яго ў жыцці. Але ён ужо разумеў, што пражыў яго з мурашамі. Будучы яшчэ нестарым чалавекам, цяпер яму нясцерпна хацелася нарэшце паставіць канчатковую кропку... Калі гэтае жыццё існавала дзеля таго, каб толькі жэрці, то можна было і не жыць...
Да сустрэчы з прадпрымальнікам з Жодзіна ён старанна хаваўся ад успамінаў пра тую хатку – на ўскрайку вёскі каля самага лесу, недалёка ад школы, – дзе кватаравала Гражына...
І вось цяпер, калі штодзень увечары ён нетаропка крочыў у адзіноце па дарозе ад «Экспабелу» да прыпынку «Зялёны Луг» і лёгкі змрок ахутваў наваколле, а будынкі пачыналі патанаць у цемры і ў шматпавярховых гмахах загараліся вокны – у гэты момант успамінаўся яму маленькі агеньчык у вакенцы сярод вясковага змроку... І яны ўдваіх каля плота ўсю ноч гаварылі і не маглі нагаварыцца, развітваліся і ніяк не маглі развітацца... І стракатанне конікаў у траве, і ціхі стук у садзе ад сутыкнення яблыка з зямной куляй, і Зорны Шлях Галактыкі, што вісеў над галавой цэлую ноч, і гергетанне дзікіх гусей, што сярод зорак шукалі кірунак на поўдзень... А ўжо пад самую раніцу, калі пеўні крычалі на світанку другі раз, гук ягоных крокаў, што чуліся ў восеньскай вільготнай начы, калі ён, закаханы, вяртаўся дадому, пераходзіў кладку з двух бярвенняў праз сажалку, уздымаючы шчаслівы позірк на ўсход, дзе загараўся ружовы ранак...
І ў каторы раз Міхалу Андрэевічу ў імгненне нейкага найвышэйшага ўсведамлення прыходзіла разуменне, што тое звычайнае гарадское жыццё на асфальце, якім ён зараз жыў і якім жыве большасць, не з’яўляецца сапраўдным. Што гэта сон, нейкае механічнае звыклае існаванне, а сапраўднае быццё было якраз тады, у імклівыя, непаўторныя, срэбныя імгненні кахання...
Аднойчы глыбокай ноччу Міхась Андрэевіч ізноў убачыў той жахлівы сон пра няспраўджанае жыццё, дзе Яна была побач.
...І вось Яна ў белай сукенцы нявесты бяжыць да яго насустрач, сярод травеньскага квітнеючага бела-ружовага яблыневага саду, і птушкі, як анёлы, спяваюць свае песні, а сад заліты сонечнымі праменямі: «Тое, што было раней, – гэта быў толькі доўгі сон пра несапраўднае, другаснае жыццё. Так-так... Толькі сон. І сон нарэшце прайшоў, і цяпер мы будзем з табой назаўсёды. І першы, сапраўдны варыянт жыцця над ватэрлініяй павядзе нас шырокім вольным шляхам...»
Міхась смяяўся ў сне маладым шчаслівым смехам чалавека, што прачнуўся ад шэрага цьмянага і бессэнсоўнага існавання і цяпер рады, што гэта быў толькі чорны цьмяны прывід…
Ён прачынаўся неахвотна, нібы вынырываў з глыбіні, і шчаслівы стан заўсёды змяняўся раптоўна абрынутым на яго пачуццём некалі звыклай для яго смяротнай тугі, што пераходзіла ў адчай... Роспач аб незваротным мінулым, аб праляцелай маладосці, аб страчанай вясковай цішыні глухім ранкам, з туманамі і з пераможнымі крыкамі першых пеўняў, глыбока тулілася ў ягонай памяці. І ён разумеў, што нічога больш значнага ў ягоным жыцці не было і ўжо не будзе...
Міхась Андрэевіч пайшоў на кухню выпіць вады і потым нерухома стаяў каля прыадчыненага вакна, невысокі пажылы чалавек у цельніку і каляровых трусах да каленяў, з белым наетым целам, з талеркай лысіны на цемені, па-ваўчынаму скамянела глядзеў у знаёмую цемру і адчуваў сябе істотай, што шмат дзесяцігоддзяў імчыць у самоце касмічнага карабля праз маўклівую, апраметную, безнадзейную Ноч і бясконцы зорны прасцяг космасу...