12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Тумаш

_____________________
З тугой у сэрцы па Айчыне. Вершы


БЕЛАЕ ПОЛЕ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ
Белае поле, чорнае насенне,
хто яго сее, той разумее.
Народная загадка.

Белае поле Францішка Скарыны –
Роднае поле народу, краіны.
Праўдаю поле засеяў мысляр,
Жыў спадзяваннямі першадрукар:
Каб чалавекам пажыў чалавек,
Злу не аддаўшы сумлення на здзек;
Каб у душы зарадзіла пшаніца,
А не драсён, не званец, не мятліца;
Каб збажына непрыступнай сцяной
Вынікла перад пачварнай маной;
Каб чалавечага розуму вочы
Бачылі прышласць і ў цемрадзі ночы.

Белае поле Францішка Скарыны —
Роднае поле народу, краіны.
Выпала нашаму беламу полю
Лютая, страшная, чорная доля.
Белае поле чарнела маной,
Што забуяла на праўдзе святой.
Як зарадзіў на ралліцы званец,
Вучыць народ наш, то хлебу канец.
Зачаргавалі вякі наслання,
Белае поле глушыла хлусня.
Дзе прарастала Скарынава зерне,
Густа буяла паганае зелле.

Белае поле Францішка Скарыны –
Роднае поле народу, краіны.
Праглі спустошыць чужынцы, прыблуды
Глебу святую тутэйшага люду.
Праўдаю душы засеяў мысляр,
Нішчыў Скарынаву працу карчмар.
Цёмным празвалі народ чужакі,
Чынячы здзек і прыгнёт праз вякі.

Помніў пра белае поле народ
І не аддаў ні зярніны на звод.
Помніў пра белае поле Скарыны
І зачынаў, як заўсёды, сяўбіны.
Зерне святое і глеба святая –
Вось вам і ніўка ў душы залатая.
Гэту спрадвечную Божую ніву
Люд урабляў, як зямельку, рупліва.
І пад прыгнечаннем чуючы кліч,
Дбаў пра душу пракаветны крывіч.
Як ні глуміліся ў чорныя дні,
Ды не зацьмілі ў вачох дабрыні.

Белае поле Францішка Скарыны –
Роднае поле народу, краіны –
Родных чакала заўсёды зярнят,
Веку сцякло безнадзейнага шмат.
Кланяўся роднаму беламу полю
Сейбіт мужыцкае праўды і волі.
Будзе, ён верыў, тут жыта, як гай,
Сэрцы збагаціць людскія і край.

Толькі ізноў насланнё, недарод,
З белага поля сагналі народ,
Люд пазбаўлялі духоўнае велічы,
Белае чэрнячы, чорнае белячы.
Белае поле паэты нам троілі,
Хлеб каб нязводна ў хацінах мы кроілі.
Белае поле належыць народу,
Не мураўёвым, што “неслі свабоду”.
Хай жа мінаюць яго недарод,
Зграі варожыя, набрыдзь і зброд.

Мірнае белае поле Скарыны –
Роднае поле народу, краіны.
Зычаць яму недароду і смерці
Нелюдзі толькі і воўчыя сэрцы.
Свецяць над полем хай вечна ў старонцы
Месяц Скарынаў, Скарынава Сонца.
Хай не зацьмяцца валошкі ад болю –
Вочы Скарынавы белага поля.
02.08.1986

* * *

Ад векавання залатога
Спаміж народаў і краін
Не пакідалі нам нічога,
Апроч слядоў нямых руін.

Хацелі й мову – храм народны,
Сумоўе сэрцаў зруйнаваць,
Святую сілу нашых продкаў
Маніўся вораг зваяваць.

Спрадвечнай роднае цвярдыні
На глум, на здзек не аддалі,
Змагалася, жыла краіна
Ў вызвольным слове на зямлі.

Жывое слова-кліч грымела,
Пагоняй збройнаю было,
Штандарам бел-чырвона-белым
З нязгаснай славай і святлом.

Жывое слова звеставала
Святыя нашыя правы.
Зламаць не здолела навала
Дух супраціву векавы.

Дзяржаўнай стала мова звацца,
Каб лёсіла, як колісь, ёй
Цвярдыняй волі заставацца,
Заслонай быць зямлі сваёй.

Ды злыдзень сеў на крэсле тронным
З душой і сэрцам сатаны,
На мову нашу – храм народны –
Ардою рушылі чыны.

Ваюй за адраджэнне мовы!
Гані арду шайтанаў тых
Ад нашае святой будовы,
Каб не было руін нямых.
1997

25 сакавіка 1918

Нам вясна прынесла незалежнасць,
сонечна яснеў над родным краем
бел-чырвона-белы сцяг,
усміхнулася яму зямля,
усміхнулася, як сонцу веснавому.

Нам вясна прынесла незалежнасць,
гром грымеў вясенні –
гром Пагоні.
Веснавала воля ў Беларусі!

Незалежнасць,
што прынесла нам вясна,
заваёўнікі панішчылі.
Сіле цёмнай не падолець
духу нашага змагарнага.
Нас гартуе
бел-чырвона-белы незгасальны сцяг.
Дзеля незалежнасці і волі
сэрцы б’юцца мужныя ў грудзёх.
Мкнуцца, рвуцца
ў будучыню вольную Пагонічы,
веснавацьме воля ў Беларусі!
03.01.2003


14 траўня 1995

Далакопы
нашай Мове-Матухне
дол капалі,
дол глыбокі,
дол халодны.

Трунары зрабілі
нашай Мове-Матухне дамоўку,
збудавалі хату,
цесную і цёмную,
без вокнаў, без дзвярэй.

Смутку
нашай Мове-Матухне навеялі
не чатыры дошкі,
не зямлі магільнай сажань,
не праводзіны і не памінкі чынавенствам,
а злаўцешная здаволенасць таго,
хто задумаў гэта пахаванне.

Рэферэндумнік пасля хаўтураў
вельмі мала спаў уночы,
сон яму прысніўся страшны.
Лесам ідучы, натрапіў ён
на свежы насып, на магілу.
Думкі ў сне злаўцешныя
снаваліся нядоўга, бо раптоўна
расхіліўся лес хваёвы,
расхінулася магільная зямля,
раскалолася труна,
Мова-Матухна з сырой зямліцы ўстала
і да рэферэндумніка мовіла:
“Хто капае яму на мяне,
той у гэту ж яму сам уваліцца!”
Глянуўшы з пагардаю
на рэферэндумніка спалатнелага,
Мова-Матухна пайшла
на покліч шматгалосы,
да сыноў адданых і дачок,
пад зару світальную –
пад бел-чырвона-белыя штандары!
11.03.2000


ПАГОНІЧЫ

Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
Максім Багдановіч
У сумоўі сэрцаў наша ўскрэсла воля,
Збройная Пагоня рвецца з даўніны,
Нас гартуюць продкі, колішнія воі,
Гаспадарства нашага, Літвы сыны.

У цябе, ліцвіне, найбагатшы спадак,
Пакідаюць міфы вольны розум твой.
Сэрца да цябе гаворыць: “Ты – нашчадак
Славы, што здабыта нашаю крывёй.”

Ёрмы з нас скідае векавая воля,
Збройная Пагоня рвецца з даўніны,
За свой край трывога падганяе вояў,
Гулам грозным поўніцца прасцяг зямны.

Вершнікі лятуць, лятуць сыны Айчыны,
Іх усмерціць акупанты не змаглі.
У змаганні нашым ваяры-ліцвіны
З вечным мечам ускрасаюць на зямлі.

Продкаўшчыны дух, дух наскае Пагоні
Акрыліў нашчадкаў воляй векавой,
Узнялі Пагонічы сцягі-паходні,
Узнялі над роднай слаўнаю Літвой.

Рушма годна, чынна, рушма грамадою!
У сумоўі сэрцаў – шлях да перамог.
Свецяцца штандары яснаю зарою,
Нас зарою яснай ахінае Бог.
28.11.2008

* * *

Вяртай сабе людскую годнасць,
Вяртай сабе сваё імя,
Жыві, вякуй Ліцвінам вольным,
Няхай цвярдыняй будзе Дух!
Хай наша родная Літва
Ў змагарным сэрцы разрасцецца!
23.03.1010

Пра ўдода

У разгалістай хваіне
адшукаў удод дупло,
трапілася добрае жытло.
Нейчы кут, утульны, чысты,
весняю парой
абжываў удод з удодзіхай сваёй.
У гняздзе лясным
удодзікі прыйшлі на свет,
віншаваў удода дрозд-сусед,
зычыў, каб удодзікі раслі,
каб шчаслівыя былі.
Дзякаваў удод дзюбаты.
Адлятаючы дахаты,
запрасіў драздоў пагасцяваць,
у дупло-дамоўку завітаць.
“Вут-вут-вут!
Вось мой кут!” –
сустракаў удод гасцей.
Ды ў дупло-гняздо
аніхто з драздоў
завітаць не захацеў.
Запаскуджанае ўдодава жытло
шчэ ў парозе дыхаць не дало.
Задзівіліся дразды, што ўдоды
не шануюць роднае гасподы.
Дроздзіха з тае пары
маленькіх дзетак вучыць:
“Дрозд гняздзечка роднага
ніколі не забрудзіць.
У сваё гняздо паскудзіць
толькі ўдод, удод смярдзючы”.
Згадваецца дроздзіхай
паганая парода,
каб свая сямейка
не зазнала ўдода.
2000

ВАРОНЫ І МІКРАФОНЫ
Дзяруць шырокі рот вароны,
Крыўляюцца, крычаць у мікрафоны.
Крыкухі цешацца,
што спеў іх галасны,
што спеву моднаму няма цаны.
Хвалёнаму пяянню даў ацэнку
салавей парою весняй:
“Не спеў, а карканне.
Шалёная і музыка, і песні.
Адны вароны
апанавалі мікрафоны.”
На салаўёву думку
крумкач пракрумкаў:
“Салоўкі, каб пра вас хвала
па свеце ўсім гула,
урокі раю браць вам у варон,
на лад варонячы пяяць у мікрафон”.
Усхвалявалі гэтыя навіны
гаёк надрэчны салаўіны.
У слаўным родзе вараннё
пасеяла трывогу.
Хтось выказаў ад ганьбы засцярогу:
“Улез у варанякі,
то й крач, як гэны зброд усякі”.
І песню родную,
і трэлі салаўёвыя баронячы,
не сталі салаўі пяяць
на лад варонячы.
19.02.2002


ЯСЬКА-ГАСПАДАР З-ПАД ВІЛЬНІ

На зямлі акупаванай,
Дзе ўладарылі чужынцы,
Сеяў зерне – зерне праўды
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каб вякоў не знікла памяць,
Не запуставалі душы,
Сеяў зерне – зерне веры
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

На вызвольны кліч Айчыны
Дзеля прышласці шчаслівай
Сеяў зерне – зерне волі
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каб не сталіся рабамі
Пад маскоўскім панаваннем,
Бараніў зямлю святую
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Задрыжэў маскаль паганы,
Помста ў сэрцах закіпела,
Браці вілы, косы клікаў
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Мураўёў здабычы прагнуў,
Паціраў злаўцешна рукі,
Як быў кінуты ў вязніцу
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Наказаў прыспешыць страту,
Уздыхнуў маскаль з палёгкай,
Як быў страчаны на плошчы
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Не пакінулі магілы,
Рыхтавалі смерць другую,
Каб знік з памяці людское
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Ды змагар заўжды з народам,
За зямлю, за край свой родны
Ваяваціме заўсёды
Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Для твайго, народзе, шчасця
Зерне праўды, веры, волі
Векавечна будзе сеяць
Яська-гаспадар з-пад Вільні.
22.03.2000

ТРЫЯЛЕТЫ

* * *

Вынішчаюць роднае, святое
Каты, нелюдзі, што з пекла родам.
Каб народ не чуўся больш народам,
Вынішчаюць роднае, святое.
На зямлі, акупаванай збродам,
Сэрца не трывожыцца пустое.
Вынішчаюць роднае, святое
Каты, нелюдзі, што з пекла родам.
09.08.2002

* * *

Туды, дзе нарадзіліся на свет,
Душу сваю вяртайце, а не косці.
Чужынцамі здалёк не едзьце ў госці
Туды, дзе нарадзіліся на свет.
Жывеце доўга-доўга, ягамосці,
Яшчэ вам нагадае трыялет:
Туды, дзе нарадзіліся на свет,
Душу сваю вяртайце, а не косці.
10.08.2002

* * *

Спустошылі наш родны край,
Я тут жыву, як на чужыне,
З тугой у сэрцы па Айчыне,
Спустошылі наш родны край.
Самотным чуюся ў пуціне,
Зямля дзядоў даўно не рай.
Спустошылі наш родны край,
Я тут жыву, як на чужыне.
12.10.2002