12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Франьцішка Уршуля Радзівіл

_____________________
Нясьвіжская Сапфо

Ён і Яна, Мужчына і Жанчына. На іх суіснаваньні трымаецца гісторыя ўсяго роду чалавечага, ля вытокаў якога стаялі біблейскія Адам і Ева. Там, у райскім садзе, яны складалі гарманічнага Чалавека, які мог і павінен быў ствараць жыцьцё. З тае пары адносіны паміж мужчынам і жанчынай мала зьмяніліся, бо для чалавечай натуры некалькі тысячаў гадоў, напэўна, вельмі кароткі адрэзак часу, калі ўлічыць, што душа жыве вечна. Сёньня, як і спрадвеку, дзьве “палавінкі” шукаюць і знахо­дзяць адна другую, каб зрабіцца “адным”, каб разам рухацца наперад, працягваць і ўдасканальваць жыцьцё. У гэтым пошуку актыўны пачатак гістарычна належаў мужчыну, пасіўны – жанчыне. Ён вандраваў, шукаў, знаходзіў і заваёўваў сэрцы жанчын, гарады, землі. Яна чакала, прымала альбо адмаўляла, часта здавалася бяз бою. Але ва ўсе часы існавалі жанчыны, якія паўставалі супраць свайго бязьдзейснага становішча — прыгадаем хаця б славутую Жану Д’Арк.У XVIII ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а тагачаснай Рэчы Паспалітай, таксама пачалі зьяўляцца “першыя ластаўкі” феміністычнага руху, якія пакінулі свой сьлед у гісторыі літаратуры. Гэта – Саламея Рэгіна Пільштынова з Русецкіх (1718 – пасьля 1760), аўтарка мемуарнага раману “Авантуры майго жыцьця” пра складанае і нялёгкае жыцьцё вандроўнай лекаркі. Гэта – княгіня Франьцішка Уршуля Радзівіл з Вішнявецкіх (1705 – 1753), аўтарка вершаў і п’есаў, заснавальніца першага на беларускіх землях прыдворнага тэатру. Яна сьмела ўзьнімала любоўную праблематыку ў сваіх творах і сьцьвярджала роўнасьць мужчыны і жанчыны, як у партнёрскіх адносінах, так і ў творчым працэсе.
Сёньня мы маем магчымасьць пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай Ф.У. Радзівіл. Праз два з паловай стагоддзі яе творы пачынаюць гучаць па-беларуску. Пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Менску выдавецтва “Беларускі кнігазбор” рыхтуе да выхаду кнігу нашай славутай зямлячкі, куды ўвойдуць вершы, загадкі, празаічныя трактаты, лісты і п’есы.
Натальля Русецкая.


ЗАКЛІК ДА СТВАРЭНЬНЯЎ СЛАВІЦЬ СВАЙГО ТВОРЦУ

Слаў Найвышняга, птушка ў дуброве,
Разьлівайся хвалою ў лісьці
І да самага неба ляці, –
Госпад варты любові.

Салаўі ў найпяшчотнейшай мове
Хай агучаць вышыні і дол.
Будзе згоднае рэха вакол,
Скажа: варты любові.

Галубок пры каханай галубцы,
Літасьцівага Бога ўхвалі!
Мне б хваліць найграмчэй на зямлі,
Ды ня лёс себялюбцы.

Вы, ягняты, за ласку і шчасьце
Узьнясеце хвалу Пастуху,
Што ад статку да зла і граху
Не дае вам адпасьці.

Пладароднасьць і шчодрасьць пасеву
Кветкай, зернем прыносіць нам плён,
І лягчэй пазабыць свой праклён
Мне, бясплоднаму дрэву.

Палявыя прыгожыя кветкі
Расквітаюць і гінуць за дзень.
Нам таксама сыходзіць у цень,
Наскі лёс – ці ня гэткі?

Мне з нябёсаў далёкія зоркі
Зьзяньне ў радасьці шлюць і журбе.
Божа, некалі ўбачу Цябе,
Шлях закончыўшы горкі!

Сонца й месяц, травіца і статак, –
Кожны рады скарыцца ярму,
Кожны служыць Табе, усяму
Ты канец і пачатак.

Бліскавіца пагрозаю сьмерці
Нагадае калі-нікалі,
Што Ты можаш у гневе з зямлі
Непакорнага сьцерці.

Як у сьпёку алень шматпакутны,
Гнаны прагай, ляціць да вады,
Ад заганаў бягу і брыды
Да Цябе, Ўсемагутны.

Ойча наш, найзычлівейшы ў сьвеце,
Заслані ад грахоў і пакут!
Нам імя – непакорнасьць і бруд,
Але мы – твае дзеці.

Пераклад з французскай
Андрэя Хадановіча.


ПРА РАЙ САЛОДКІЯ ЎСПАМІНЫ

Адам і Ева параю шчасьлівай
Жылі ў даліне райскай урадлівай.
А мы працуем цяжка аж да скону,
Ня маючы ні радасьці, ні плёну.
Там сад натурай створаны цудоўны
Пладамі сакавітымі быў поўны.
А мы гатункаў колькі ні разводзім,
У лісьці дробны фрукцік ледзь знаходзім.
Там сьпелі фігі, грушы, абрыкосы,
Зямля радзіла самахоць дзівосы.А тут венгерка хоць цьвіце цудоўна,
Ня цешыць добрым смакам усё роўна.
Адама Ева сапраўды кахала,
Салодкай садавінай частавала.
А сёньня сквапнасьць Евамі кіруе,
Вам іншая ападкаў пашкадуе.
Сам выгляд Евы насычаў Адама,
Бо не ўкрываў яе ядваб ці лама.
Дзе сёньня гэты юны вобраз цудны?
Схаваў шыкоўных сукняў шэраг нудны.
Юпітэр неба зорнага, мой пане,
Няхай тваё нас суцяшае зьзянне.
Пашлі нам Еваў шчодрых і мілосных,
І поўныя сады пладоў дзівосных.

Пераклад Натальлі Русецкай.



ПАРАДЫ, ДАДЗЕНЫЯ ЖОНКАЙ АРЛЕКІНУ


І
Вас, мужчын, засьцерагаю:
Той, хто ў шлюбе крочыць,
Хай наступны шлях трымае
І з яго ня збочыць.

ІІ
Зранку вохне раз сужонка,
Уставаць захоча –
То ўскачы раней за жонку,
Нож вастры ахвоча.

ІІІ
За агнём падсочвай жвава:
Кіпень ці віруе?
З малаком нясі ёй кавы –
Згода запануе.

ІV
Як даўжэй захоча ў ложку
Песьціцца, люляцца, —
Прынясі ёй супу трошку,
Мусіш пасьпяшацца.

V
Вось апоўдні – каб ня рана –
Толькі есьці буду.
Што, абрус шчэ не пасланы?
Ох, задам для спуду!


Ёй – кавалачак найлепшы
Ад любое стравы.
«Смачна есьці, — скажаш першы, —
Прыемнай забавы!»

VІІ
Як паставяць спаржы сьвежай –
Пакуль не прастыне,
То не спакушайся ежай:
Есьці не павінен!

VІІІ
Жонка першай чарку ўзносіць
З рымскім сонца дарам.
Разам выпіць не запросіць –
Стой з вясёлым тварам.

ІХ
А насьцёбаецца дужа,
То пакліч дзяўчыну:
Хай зусім уп’ецца, дружа, —
Можа, ёсьць прычына?

Х
За абедам стой пры жонцы.
Як наесца сытна,
Аж пакуль ня сядзе сонца,
Ёй прыслужвай спрытна.

ХІ
А да ложку як зьбярэцца –
Праяві ахвоту:
Скокні да яе пагрэцца –
Скончыш так работу.


ХІІ
Споўні ўсе яе жаданьні
У забаве вольнай,
Каб пазьбегнуць пакараньня
Ў справе паднявольнай.


Пераклад Ж. Некрашэвіч-Кароткай.

ВЕРШ ПРА КАХАНЬНЕ

Хцівы Амур навастрыў свае стрэлы,
Цягне ў сяброўства Венеру ён сьмела.
Тая працівіцца, ўцягвае ў плечы
Шыю, бароніцца, цьвёрда пярэчыць.
Тым Купідон, у каханьні ласкавы,
Незадаволены і раззлаваны.
Ён з цецівы стрэлы ў гневе пускае
І ў недарэчныя месцы трапляе.
А як пацэліць у дрэва ці камень,
Болей узьняць рукі ўгору ня ў стане.
Гасьне імпэт Купідонаў памалу
З кожнай разьбітай стралой ці зламанай.
Потым Венера шкадуе між волі:
Як магла пешчаў яму не дазволіць?
І калі сілы ён рэшткі губляе,
З радасьцю ў лоне яго пахавае,
Там абагрэе, абудзіць ахвоту,
Ён абарочвае смуткам пяшчоту.
Так у нязгодзе заўсёды бывае:
Ён шчыра просіць, яна адмаўляе,
І хоць трымае яго на прыкмеце,
Сэрцам няверным каханьне засьмеціць.
Лепей згадзіцца абодвум адразу
І закаханасьцю цешыцца разам.

Пераклад Натальлі Русецкай.


АПІСАНЬНЕ ПЕРСЯЎ ЖАНОЧЫХ

Гэта цуд сэрца, што дзьве цытадэлі
Высяцца поруч сярод чыстай белі,
Зьзяюць рубінамі іх бастыёны,
Кшталтам зусім, як абрысы Бэлёны.
Што ж трэба ведаць пра крэпасьці тыя?
Іх не здабудзеш аблогамі злымі,
Голаду й штурму яны не баяцца.
Націск мацнець будзе, будуць трымацца.
Маюць ваду дзьве вялікіх гарматы,
За частаколам ёсьць кулі, гранаты.
Ноччу і ўдзень Розум, Сорам і Цнота –
Тры каменданты – пільнуюць вароты.
Крэпасьці маюць сваю таямніцу:
Не прасачыцца у іх праз байніцу,
Толькі калі арсенал запалае,
Хай прэтэндэнт на пажар пасьпяшае.

Пераклад Натальлі Русецкай.


З “ЛІСТОЎ ДА МУЖА”

ІV
Толькі ты зьехаў, пісалася лёгка,
З часам цяжэйшым рабілася пёрка.
Сёньня я ледзьве руку падымаю,
Ды не пісаць не магу, бо кахаю.
Час, як сапраўдны праціўнік каханьня,
Вечнасьцю робіць гадзіну расстаньня.
Скажуць хай сьлёзы на змучаным воку,
Як без каханага жыць адзінока.
Хай бы вачэй дзьве салёных крыніцы
Сталіся рэчкай пад вербаю ніцай.
Я той ракой паплыла б на сьвітаньні,
Каб даказаць, што жыве шчэ каханьне.
Людзям нясе дзень і радасьць, і сонца,
Мне – плач на лямант зьмяняе бясконцы.
Месцы, што ў памяці з Панам зьвязаны,
Сэрца вярэдзяць бы сьвежыя раны.
Ноч абуджае ўспаміны, і цені
Гасяць сьвядомасьці дзённай праменьні,
Хоць на падушку кладу галаву я,
Сон не суцішыць мяне, а ўсхвалюе:
Бачу я твар твой вясёлы і сьветлы,
Вочы сьмяюцца і позірк прыветны.
Іншы раз зьменіцца ўсё абсалютна:
Вочы панурыя, твар бледны, смутны,
Нехта спрабуе хай сны растлумачыць:
Добра каханага сумным пабачыць,
Дрэнна – вясёлым, а мне так ці гэтак,
Ноччу прачнуся і думаю: дзе ты?..

Пераклад Натальлі Русецкай.