12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Узі Вайль

_____________________
Зьнікла.
Навэла




Пераклад
з іўрыту
Паўла
КасьцюкевічА.



1
У апошні раз Дану Льюіс бачылі на Рыдлі Роўд, у раёне ямайскага рынку Лондану. Гэта адбылося тры гады таму. Яна ня зьнікла выпадкова: яна схавалася, і зрабі­ла гэта настолькі мэтанакіравана і грунтоўна, што тры прыватныя дэтэктывы, якіх нанялі бацькі, так і ня здолелі вызначыць яе месцазнаходжаньня.

2
Вось дакуль дайшлі яны, гэтыя дэтэктывы. Маршрут Даны, накрэсьлены імі, выглядае так: яна пакінула нанятую кватэру ў прэстыжным раёне Кэнсынгтан. Частку свайго майна замкнула на складзе ў Грынвічы, на супроцьлеглым баку Лондану. Другую палову прадала гандляру старой мэбляй. Потым пад чужым імем наняла пакой у занядбанай кватэры побач з рынкам на Рыдлі Роўд. Туды яна прыехала з адной валізай. Неўзабаве знайшла працу на рынкавым складзе. Без квітанцыяў за атрыманы тавар, без залішніх пытаньняў. На складзе захоўваліся збольшага скрадзеныя электрапрыборы і спартовая вопратка. Тры месяцы яна жыла там, і цягам гэтых трох месяцаў рабіла вылазкі ва ўсе тыя месцы, дзе жыла раней, ды сьцірала любы напамін аб сябе, любы сьлед, які мог бы дапамагчы знайсьці яе.

3
Дана Льюіс з дванаццаці да сямнаццаці гадоў жыла ў Ізраілі і вучылася са мной у адной школе. Ейная маці была ізраільцянка, якая пабралася шлюбам з Артурам Льюісам, лонданскім адвакатам. У біяграфіі Даны нічога не намякала на тое, што яна зьдзейсьніла ў далейшым. Гэтак лічаць ўсе, хто ведаў яе. Але ж вельмі часта, тыя людзі, якія ведаюць цябе лепш за ўсё, насамрэч ве­даюць цябе менш за ўсё. Або наогул ня ведаюць пра цябе нічога. Яны ведаюць усё тое, што ты робіш, але нічога з таго, хто ты ёсьць.

4
Яна была высокая і ўражальная, асабліва ўзімку ў сваіх доўгіх палітонах; чорныя, сабраныя ззаду, валасы, сінія вочы, якія проста глядзяць уперад, сьвід­руюць цябе позіркам. Ейны позірк быў адначасова мяккі і цьвёрды. Гэта цяжка растлумачыць. Яе мяккасьць прысутнічала ўвесь час, але такая далёкая і недасяжная. Дана заўжды выглядала як прыбыш з далёкага краю, вельмі далёкага, значна больш далёкага чымсьці Ангельшчына. Можа быць, яна і вярнулася ў гэты край.

5
Шчыра? Наўрад ці я думаў бы пра яе так многа ў апошнія гады, калі б не раптоўнае зьнікненьне. Можа, я бачыў бы яе раз на тры-чатыры гады, і гэтага хапала б нам абодвум. Але той факт, што Дана вырвала сябе з уласнага жыцьця і цяпер жыве ў іншым месцы, ведаючы які прарэх яна пакінула ў сэрцах тых, хто любіў яе, – ужо колькі гадоў не дазваляе мне ня думаць пра гэта. Ейная адсутнасьць адчуваецца ўсё больш.

6
Лічаць, што пры дапамозе чалавека, з якім яна пазнаёмілася падчас працы на рынку, Дана зладзіла сабе амерыканскі пашпарт на чужое імя. На ямайскім рынку за невялікую плату ты заўсёды знойдзеш людзей, якія ўмеюць усё. Невядома, хто менавіта падахвоціўся дапамагчы ёй, аднак прыватныя дэтэктывы здолелі дазнацца, як працуе ўвесь механізм. Тры рэчы патрэбныя чалавеку, каб спраўдзіць сваю асобу ў Злучаных Штатах: нумар сацыяльнага страхаваньня, дата нараджэньня і правы кіроўцы. Да ўсіх гэтых зьвестак ёсьць адкрыты доступ і кожны можа знайсьці іх у Сеціве.
Хутчэй за ўсё, Дана выдала сябе за амерыканскую грамадзянку, якая ня здагадваецца аб гэтым да сёньняшніх дзён, і паведаміла пра зьмену адрасу ў яе крэдытную кампанію. З фальшывымі крэдыткай, пасьведчаньнем аб нара­джэньні ды правамі, яна зьвярнулася па новы пашпарт у амбасаду ЗША, сьцьвярджаючы, што стары згубіўся. З атрыманым пашпартам яна паляцела ў Амерыку. У Штатах, мусіць, яна паўтарыла гэты хітрык яшчэ некалькі разоў, пакуль стала цалкам немагчыма вызначыць месца яе знаходжаньня.

7
Аднойчы, калі мы яшчэ вучыліся ў старэйшых класах, ля школы пачаў шчыраваць веласіпедны злодзей. Тры месяцы яго намагаліся злавіць. Нават ладзілі засады – ўсё марна. Нарэшце, злодзея выпадкова засьпелі ўвечары каля футбольнага поля. Яго прыкмецілі трое: Дана, яе тадышні хлопец і я. Мы падбеглі да яго. Злодзей выпрастаўся, здаровы і дужы. Павагаўшыся секунду, Данін хлопец накінуўся на яго з кулакамі; злодзей-здаравяк, абараняючыся, выцяў у адказ; я рынуўся на дапамогу – і калатнеча пагражала ператварыцца ў крывавую бойку, пакуль Дана не сказала: «Хопіць!» і ня стала паміж намі. Яна выняла нізку ключоў, ад якой адчапіла маленькі ключык і працягнула яго злодзею, сказаўшы: «На, вазьмі. Табе патрэбны ровар? На.»
Злодзей не зварухнуўся. Зірнуў на яе. Праз імгненьне кінуўся наўцёкі і хутка зьнік з вачэй. Данін хлопец сказаў ёй: «Я й ня ведаў, што ў цябе ёсьць ровар». Яна адказала: «Няма. Гэта ключ ад пустога месца.» Яе хлопец ашаломлена прамовіў: «А калі б ён паспрабаваў адмыкнуць замок на ровары?»
Яна паціснула плячыма.

8
Няма такой рэчы ў прыродзе – «зьнікнуць у пустаце». Няма такой рэчы ў прыродзе – «пустое месца». Ёсьць нешта, што мы ня ведаем аб гэтым, – я проста ўпэўнены. Чалавек сьцірае сябе цалкам з уласнага жыцьця ды яго вабіць пустата, толькі калі яму вельмі кепска. Паўстае пытаньне, чаму ёй было так кепска, і чаму ніхто, ну, зусім ніхто, нават блізка не адчуваў гэтага. Ці гэта яе віна? Нашая віна? Віна кагосьці яшчэ?
Яна ня скончыла жыцьцё самагубствам, яна проста сьцерла ўсё і пачала яго спачатку. Аднойчы, можа быць, яна зьявіцца. У Невадзе, у Бразіліі, у Бог сьвяты яго ведае якім месцы... Цяпер я магу спакойна падаць ейнае імя, ад­крыта распавесьці гэтую гісторыю. Той, хто зьнікае такім радыкальным чынам, жадае, каб яго зьнікненьне адчулі.

9
«Ці ты кахаў кагосьці, хто не кахае цябе ў адказ?» – спыталася яна мяне аднойчы. Я памятаю гэтую размову, бо яна найбольш набліжаецца да тлумачэньня, якое я толькі чуў ад яе. «Зараз я скажу табе нешта, што ты, вядома, палічыш дурнотай, аднак слухай: я гэтак кахаю дзевяць з дзесяці чалавек, якіх бачу на вуліцы. Ня тое, каб я жадала стаць іхняй дзяўчынай, ці пера­спаць з імі, ці нават проста бліжэй пазнаёміцца. Аднак мяне адразу працінае нейкі боль, нібыта я і яны – адно цэлае, і што так не павінна быць, што мы застаемся такімі далёкімі, кожны ў сваім сьвеце. Ведаю – гэта вар’яцтва. Аднак змалку я так адчуваю – што я магу зрабіць? Я ўжо прызвычаілася. Ведаю, ва ўсім гэтым няма рацыі. Але так вось яно».

10
Жанчына ва ўзросьце трыццаці двух гадоў – ейнае жыцьцё пачынае афарм­ляцца: ўжо чатыры гады ёсьць чалавек, які яе кахае, ёсьць кватэра, кар’ера. А ў сярэдзіне павялічваецца прарэх. І чым больш жыцьцё замыкаецца ў параметрах, якія яно само сабе акрэсьліла, тым больш выяўляецца ўнутраны крызіс. На пэўным этапе чалавек павінен сказаць сабе: «Так, добра. Такім чынам, гэта я. І больш за гэта я не зраблюся. Але дбацьму, каб ня быць менш.»
То жахлівы момант: скачок з расплюшчанымі вачыма ў бок будучыні, якой зьяўляецца сьмерць, што мае адбыцца. Мае адбыцца праз сорак гадоў, але адбудзецца ўсё роўна. З гэтага моманту пачынай бегчы навыперадкі з гадзінь­нікам. Ты ведаеш хто ты, ведаеш, што гэта за сьвет, і ў цябе ёсьць сорак гадоў паспрабаваць палепшыць яго.
А ёсьць такія, што ніколі ня робяць гэты кідок, назаўсёды застаюцца ў становішчы «вось-вось», працягваюць разьвівацца і шукаць, але ўвадначасьсе ўцякаюць ад шчырай, поўнай самааддачы. Дана была ня з тых і ня з гэтых. Яна не засталася на месцы, але ж і ня скокнула на другі бок жыцьця. Паміж заставаньнем на месцы ды скачком у будучыню распасьцерлася бездань, і Дана заплюшчыла вочы ды сьпікіравала ў гэтую бездань. Яна казала: «Я ­– пустое месца. Я не магу працягваць жыць не сваім жыцьцём, але ж таксама не магу заставацца тут, дзе мана становіцца ўсё больш яўнай». І вось яна заплюшчыла вочы і кінулася ў бездань.

11
Адзін раз яна пачувалася шчасьлівай. Адзін раз, які вядомы мне, аб якім яна распавядала з агнёвымі вачыма, паўтараючы ўсю гісторыю зноў і зноў. Гэта здарылася за два гады да яе зьнікненьня. Цалкам верагодна, што менавіта з таго ўсё і пачалося.
Яна ішла па вуліцы і раптам пачула, як нехта здалёк крычыць з амерыканскім акцэнтам: «Даніэль! Даніэль!» Яна працягвала ісьці, калі ўбачыла мужчыну, што бяжыць ёй напераймы і махае рукамі.
– Даніэль! Даніэль! – паклікаў ён яе. – Гэта мы, сябры Боба!
Яна спынілася перад ім, зьдзіўлена пазіраючы.
– Гэй! – крыкнуў мужчына сваім тром спадарожнікам: дзьвюм жанчынам і яшчэ аднаму мужчыну – усім блізу сарака. – Гэта ж Даніэль! Жонка Боба Грына!
Яна з ветлівасьці ўсьміхнулася, ня вымавіўшы ні слова.
Боб Грын, як ёй распавёў мужчына, быў іхні блізкі сябар з Нью-Ёрку, які ажаніўся з французскай дзяўчынай з імем Даніэль. «Што ты робіш у Лондане, Даніэль? І Боб тут? Божа, неверагодна! Ўот э смол ўорлд, райт?1» Ейная ўсьмешка падказала, што яна не пазнае іх.
– Вой, ну вядома ж ня памятае, – сказаў мужчына. – Гайз, яна ня памятае! Зразумела, Даніэль, на тваім вясельлі было, пэўна, чалавек пяцьсот – дзе ж там усіх запомніш! Даніэль, гэта Эндру, гэта ягоная жонка Эйлін, а гэта мая непараўнальная лайф кампэньён2, Андрэа. Мы сябры Боба. Мы былі на тваім вясельлі ў Парыжы.
– А-а! – азвалася Дана Льюіс і прамяніста ўсьміхнулася. – Не, – працягнула яна, – Боб не прыехаў. Ён застаўся ў Парыжы.
Яна ня ведала, чаму кажа ўсё гэта, аднак толькі яна гэта прамовіла, усё зрабілася дзівосным.
Яны ўзялі яе з сабой на вячэру ў «Рывэр Кафэ», даражэнную новаіталійскую рэстарацыю на беразе Тэмзы. Яна агорала бутэльку «К’янці», пачала другую, гаманіла, сьпявала ды сьмяялася, як ніколі раней не сьмяялася. Усё, што трэба было рабіць, – гэта размаўляць з французскім акцэнтам, ды яны былі зачараваныя. «Ізнт шы эдорабл, Эндру1? Я проста дурэю ад яе акцэнту». І Дана прыпусьціла далей: сьпявала дзіцячыя песьні, якія памятала з заняткаў па французскай, адорвала іх усімі французскімі ківомігамі і жэстамі, якія ёй толькі падкідвала яе фантазія, распавядала на каструбаватай ангельскай, што Боб быў нешчасьлівы, і што ў Парыжы яму было кепска ды ён сумаваў па Амерыцы, і што ўкляпаўся ў крымінал, але здолеў выблытацца, і што яна яго моцна кахае ды зробіць усё для яго, і што цяпер усё ўладкавалася – Боб адкрыў невялічкую кавярню, вы ж ведаеце, як ён любіць гасьцей, і што бізнэс квітнее, і яшчэ, і яшчэ, і яшчэ… Па заканчэньні вечару, сябры Боба далі ёй свае тэлефонныя нумары ў Нью-Ёрку, і пакляліся распавесьці ўсім, якая ж яна, Бобава Даніэль, чароўная.
У гэты вечар Дана пачувалася шчасьлівай.