12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Лявон Валасюк

_____________________
Сяржант.
Апавяданне


З самай раніцы пачало моцна прыпякаць сонца. Тым не менш вучэбны ўзвод яфрэйтара Курты пабег чарговую пяцікіламетроўку. Яўгену Лышчыку, высакаросламу хлопцу з вялікімі, напрацаванымі кулакамі баксёра, падумалася, што гэта лішняе: можна было правесці ранішнюю зарад­ку на стадыёне побач з казармаю. Але Курта вырашыў прабегчыся са сваімі салдатамі, бо за дзень за пісьмовым сталом у штабе ён стамляўся без фізічнай нагрузкі. А гэ­тая прабежка для яго была асалодаю: атрымліваў зарад бадзёрасці на цэлы дзень.
На пастраенні перад казармаю пасля прабежкі яфрэйтар Курта пачаў выказваць сваю незадаволенасць падначаленымі. На яго худым, злосным, пярэстым ад рабаціння твары дзікавата зыркалі чорныя вочы ды тырчэла дзюба крывога носа, пад якім расло нешта падобнае на вусы. Яфрэйтар хадзіў уздоўж шарэнгі і выгаворваў па чарзе кожнаму свае заўвагі. Калі Курта апынуўся каля Яўгенавага земляка з-пад Баранавічаў Косці Бычыка, дык адразу прычапіўся да таго. Не спадабаўся мо не зусім акуратна паголены твар, а хутчэй за ўсё сам Косцік з яго незалежным характарам.
“Зноў пачне здзеквацца з хлопца”, – падумаў Яўген, у якога з самага пачатку службы свярбелі рукі на Курту.
Косцік, рыжаваты хлопец, быў незласлівым, спакойным, крыху самаўпэўненым. Вось і цяпер ён спакойна глядзеў на яфрэйтара Курту. Толь­кі расчырванелы пасля забегу твар пакрыўся кропелькамі поту, кароткія рыжавата-чырвоныя валасы на галаве зіхацелі пад сонцам.
– Два нарады па-за чаргою! – гучна крыкнуў Курта, стоячы перад “Чырвонцам” – такую мянушку паспелі ўжо даць хлопцы Косціку.
– За што? – недаўменна запытаў Косцік, гледзячы насмешліва на яфрэйтара. Той раптам размахнуўся і ўдарыў хлопца даланёй па твары так, што Косцік пахіснуўся і адступіў адною нагою назад, але ўстояў. Курта моўчкі пайшоў далей уздоўж шарэнгі. Калі ён апынуўся насу­праць Яўгена, збялелы твар яфрэйтара ад злосці пачынаў чырванець. Яўген таксама спытаў яго:
– За што?
Курта вылаяўся, аднак не паспеў нават заікнуцца пра пакаранне, як атрымаў нечаканы ўдар злева ў сківіцу і, непрытомны, упаў на дарожку. Узвод разгублена маўчаў, пакуль Курта паціху вяртаўся да жыцця.
– Што гэта было? – хрыпла запытаў ён, падымаючыся з дарожкі.
– Сонечны ўдар, – адказаў нехта з шарэнгі, і ўзвод дружна зарагатаў, быццам нехта толькі што расказаў смешны анекдот.

...Праз два месяцы бездакорнай службы Яўген Лышчык быў ужо яфрэйтарам, а перад Новым годам прысвоілі яму званне малодшага сяржанта і прызначылі намеснікам камандзіра ўзвода. З таго часу для салдат ён стаў проста Сяржантам...

***
Была цёплая вясна, пачатак мая, калі Вадзім закончыў вайсковую службу за мяжой. Дамоў вяртаўся аж на двух самалётах, праз Кіеў. І калі перад абедам апынуўся ў родным горадзе, то на таксоўку якраз застаўся адзін металічны савецкі рубель, якога акурат хапіла, каб разлічыцца з кіроўцам.
Дома былі толькі маці і жонка старэйшага брата Яўгена – Алена, але і яны збіраліся пасля абеду на працу. Бацька з братам павінны былі прыйсці пазней. У гэты ж дзень Вадзім адразу займеў і новую хатнюю пасаду – выхавальніка маленькага пляменніка на летні час, бо ўвосень старэйшы брат павінен быў атрымаць з жонкаю новую кватэру.

...Бацька, Іван Піліпавіч, ад нечаканасці нават на нейкі час страціў мову, пакуль не абняў сына, не расцалаваў.
– Ну, сыну, віншую з вяртаннем дадому! Віншую!.. – вымавіў ён, задаволены тым, што і малодшы сын вярнуўся без прыгодаў са службы ў войску. – Дачакаліся нарэшце і цябе. То і добра. Дома і хлеб смачнейшы...
Сам бацька ў свой час ваяваў, дайшоў да Берліна, меў баявыя ўзнагароды. Яму была зразумелай радасць малодшага сына вярнуцца дамоў здалёку, з-за мяжы, куды нават “пасылку” немагчыма было адправіць.
Селі вячэраць, калі ўжо вярнуўся Яўген: бацька з задавальненнем і гонарам сеў за стол з сынамі. Выпілі па шклянцы віна, закусілі... І пачалася гаворка: Вадзім расказваў пра сваё вяртанне, бацька ўспамінаў свае франтавыя прыгоды. Іван Піліпавіч быў добрым апавядальнікам, дасціпным жартаўніком, таму сыны смяяліся да болю ў жываце. Ім, маладым, заўжды было цікава слухаць пра франтавое жыццё бацькі, а ў таго з кожнай чаркай усё цікавейшымі і больш закручанымі былі франтавыя гісторыі...
Хутка праляцела гадзіна-другая. Выйшлі ў двор на свежае паветра.
– Малы, а што, мо давай прагуляемся ў горад, – прапанаваў Яўген. Надвор’е цудоўнае. На танцы заглянеш у парк, сустрэнеш каго там са сваіх знаёмых. Самы час. А я цябе правяду да вакзала, бо і цыгарэт трэба купіць, і піва халоднага яшчэ з бацькам папілі б...
Вадзім пагадзіўся, пераапрануўся ў новыя, прывезеныя з-за мяжы фірмовыя джынсы і блакітную кашулю з металічнымі гузікамі.
– Во, зараз ты ўжо не падобны на вайскоўца, хаця яшчэ тыдзень будзеш ускокваць у шэсць гадзінаў раніцы пад гімн, – пажартаваў Яўген.

Ля вакзала зайшлі ў краму. Яўген на правах старэйшага брата разлічыўся за цыгарэты і тры бутэлькі партвейну.
– Заглянем у буфет. Па шклянцы вып’ем, крыху пагаворым, бо на танцы яшчэ ранавата. Пакуль не пачне змяркацца, моладзі мала будзе.
Вадзім і сам добра ведаў, што танцы пачынаюцца толькі на змярканні.
Па дарозе да вакзала трапілі на вайскоўца – вартавога за металічнай агароджаю ля цаглянага старога будынка, што значна адрозніваўся сваёй дагледжанасцю.
– Ну што, зямляк, як служба?! – бадзёра запытаў Вадзім. – А я вось толькі сёння прыехаў пасля войска дамоў... Колькі табе засталося?
– Мне яшчэ паўгода хадзіць з аўтаматам. Да восені даслужу і ўсё – у свой Барысаў паеду.
– А я з Барысава пачынаў службу, – абрадаваўся Вадзім.
– Слухай, зямляк, віна з намі вып’еш? – запытаў Яўген, пабачыўшы, што знаёмства адбылося.
– Не, цяпер на пасту, не магу, бо пабачыць яшчэ хто. А пасля – не супраць. Калі не шкада, дык наліце ў біклажку. – Вартавы зняў з папругі біклагу, выліў на зямлю ваду і падаў праз шчыліну Яўгену.
– Выпі за маё вяртанне! – сказаў Вадзім, – табе ўжо самому мала засталося, таму мы вып’ем і за твой дэмбель. Я ў вашых барысаўскіх Печах два тыдні прывыкаў да ботаў ды гімнасцёркі, пакуль не трапіў за мяжу...
Перакінуўшыся яшчэ некалькімі словамі, браты выправіліся да буфета.
Апаражніўшы адну бутэльку віна, Яўген выйшаў перакурыць на прывакзальную плошчу. Вадзім застаўся стаяць ля стойкі, няспешна закусваючы выпітае віно і назіраючы праз шкло дзвярэй за Яўгенам, да якога праз якую хвіліну-другую падышоў цёмнавалосы, на падпітку, мужчына. Незнаёмец энергічна размахваў рукамі – нешта даказваў ці на нешта абураўся. Вадзім спакойна назіраў, не зусім верачы ў тое, што ён ужо дома, у родным горадзе, у цывільным адзенні, што вайсковая служба засталася ззаду. Праўда, дзве амаль бяссонныя ночы напаміналі пра сябе: у целе адчувалася нейкая нязвыклая стома, хаця хлопец і прызвычаіўся за два гады службы да бяссонных начэй. Між тым выпітае віно прыемна разлілося па целе. Вадзіму здалося, што такі настрой цяпер будзе з ім усё астатняе жыццё, бо ён аддаў два гады свайго маладога жыцця на карысць Радзіме. Вось і ў старэйшага брата з жонкаю, і ў бацькоў вылічвалі грошы з заробкаў на тое, каб трымаць шматмільённую армію не толькі на тэрыторыі адной шостай часткі сушы, але яшчэ і за мяжою...

Думкі Вадзіма перапыніла вяртанне Яўгена з чарнявым мужчынам. Старэйшы брат наліў яшчэ шклянку віна Вадзіму, сабе, а рэшткі ў бутэльцы аддаў незнаёмцу, які мармытаў нешта незразумелае без перапынку.
– Бяры, дапівай хутчэй віно і валі адсюль, бо мы занятыя вельмі! – Яўген зласліва глянуў на “халяўшчыка”, выпіў віно і пачаў закусваць цукеркаю.
Незнаёмец патрымаў бутэльку з рэшткамі віна ў руцэ, паглядзеў на яе, а потым павольна пачаў перакульваць сабе ў горла. Віно забулькала і панеслася нібыта ў бездань. Але не паспеў незнаёмец дапіць партвейн, як аднекуль раптам з’явіўся міліцыянер – старшы сяржант, які пагрозліва глянуў на ўсіх траіх, моўчкі схапіў незнаёмца за руку.
– Грамадзянін, выйдзем на вуліцу, і вы таксама з намі! – міліцыянт пацягнуў за сабой незнаёмца, а Яўген пайшоў следам, сказаўшы Вадзіму заставацца за стойкаю.
Вадзіму добра было відаць, як міліцыянер нешта даказвае на пероне незнаёмцу і Яўгену. Размовы той не было чуваць, таму Вадзім выйшаў з залы і прыпыніўся ля акна звонку, абаперся на нізкі падаконнік.
У гэты час Яўген нечакана ірвануў у напрамку Вадзіма, пранёсся побач і кінуўся ў бок аўтобуснага прыпынку, далей ад будынка вакзала. Следам за ім рэзка ірвануў сяржант міліцыі. Усё адбылося так хутка, што Вадзім не паспеў нічога зразумець, толькі інстынктыўна выставіў левую нагу, а правай рукой нанёс міліцыянеру раптоўны ўдар у сківіцу. Той паляцеў на асфальт, распластаўся, як бярэмя саломы. Фуражка пакацілася ўбок. Але сяржант хутка ўскочыў і пабег далей, дастаючы пісталет з кабуры, што боўталася на баку.
– Стой, страляцяць буду! – крычаў ён што сілы.
Вадзім здрыгануўся і пабег следам. Міліцыянер бег, выкрыкваючы мацюкі, пакуль Яўген нечакана не прыпыніўся.
Вадзім крыху воддаль назіраў за далейшымі падзеямі. Яўген са служкам парадку, нібыта нічога не здарылася, вярнуўся на перон. Сяржант падняў па дарозе сваю фуражку, якую нехта шпурнуў да сцяны будынка.
Вадзім пайшоў следам.

***
Аддзел міліцыі знаходзіўся на трэцім паверсе вакзала, у стромкай вежы. У памяшканні дзяжурнага знаходзілася некалькі затрыманых, якія седзячы на лаве, чакалі прысуду. Яўген неспакойным позіркам сустрэў прыход Вадзіма, махнуў рукою на дзверы.
– Пачакай мяне там, я хутка выйду! – ледзь чутна прамовіў брат, седзячы збоку ад дзяжурнага афіцэра, які нешта пісаў.
Вадзім паслухаў, не разумеючы ўсяго, што адбываецца, бо злева паспеў заўважыць і “знаёмага” сяржанта. Але міліцыянер толькі коса глянуў у бок Вадзіма і зноў павярнуўся да чарнявага мужчыны, праз якога, відаць, і заварылася гэтая каша.

Было ўжо цёмна, калі нарэшце Яўген выйшаў з міліцыі.
– Дарма ты, Вадзім, пасунуўся следам. Калі б сяржант пазнаў цябе, былі б праблемы. А так я адбрахаўся: сяржант меў нешта да таго мужыка, што ў буфеце...
Браты адышлі ўжо далёка ад вакзала. Майская ноч апусцілася на горад, але жыццё працягвалася: праязджалі машыны, апошнія аўтобусы.
– Вось зараз было б добра пасядзець на верандзе за сталом з бацькамі, а не ў міліцыі. Але ж і нашы ўжо зачакаліся нас. Хвалююцца, пэўна. А цікава: хто лупануў мянта на вакзале? Бо так ужо ён злаваўся, што не прыкмеціў таго, хто паспеў яго садануць. – Яўген на хвіліну заціх, прыкурваючы цыгарэту.
– Гэта я яму заваліў па барадзе, калі ён пагнаўся за табою, – пры­знаўся Вадзім.
– Смела... Але дарма, бо гэта крымінал... А калі б сяржант пазнаў цябе? Сядзелі б мы ў клетцы і чакалі прысуду. А так маёр павыпускаў усіх затрыманых, сказаў, што па амністыі, бо праз дзень свята – Дзень Перамогі. Але што там гаварыць... Я і сам лапухнуўся, бо дарма пабег ад міліцыянера з перона, справакаваўшы яго на пераслед. Але хацеў адцягнуць увагу ад цябе. Прыносіць з сабой у буфет і распіваць віно забараняецца. А ты толькі што вярнуўся з войска і табе зусім непатрэбны пратакол у першы дзень прыезду.

***
– Не шанцуе мне на гэтую міліцыю. Ніколі не паважаў яе, бо мала бачыў сярод іх нармальных мужыкоў! Адзін толькі дзядзька мой у Маск­ве – генерал міліцыі – нармальны. Калі служыў тэрміновую, то бываў у яго два разы ў гасцях, пераканаўся. Ды яшчэ дзед Іван па бацьку некалі расказваў, што бываў у гасцях у Пецярбурзе ў свайго земляка, які служыў паліцыянтам. Дзед часта прыпамінаў таго зямляка як нармальнага чалавека, нягледзячы на прыналежнасць яго да вядомай установы. – Яўген дзяліўся думкамі з лепшым сябрам Анатолем Гароніным пры сустрэчы, паціраючы зласліва агромністыя кулакі, напрацаваныя з юнацкіх гадоў.
– Яўген, не звязвайся больш ніколі з мянтамі: не той ужо ўзрост, каб бегаць ад іх ці за імі. А твой меншы малайчына, што не разгубіўся і садануў мянта, калі той пагнаўся за табою. Спраўны ў цябе брат! Ганарыся... Ды толькі не дазваляй яму больш жыць на грані выдалення, як кажуць спартсмены... – Анатоль пасміхнуўся і дадаў: – Глядзі пільна за братам, каб вельмі не разгуляўся пасля службы ў войску: трэба жыццё будаваць, нечаму вучыцца...

***
...Яўген Іванавіч пад вечар пайшоў у цэнтр горада на сустрэчу з сябрам, таксама пенсіянерам Анатолем Гароніным, з якім у школьныя гады займаўся боксам у вядомага мясцовага трэнера Фралова. Яўгену Іванавічу хацелася ўладкавацца вартаўніком на працу да Анатоля.
Мужчына прысеў на лаўку ля Цэнтральнай плошчы бліжэй да сямі гадзін вечара: у сем павінен быў падысці пасля працы Анатоль. Яўген Іванавіч няспешна курыў і назіраў за птушкамі, якіх было даволі многа на плошчы. Але паціху пачала збірацца моладзь, пачуўся смех, музыка... Птушкі паляцелі ў іншае месца.
“Нейкае мерапрыемства павінна адбыцца ці што?” – падумаў пенсіянер, выглядаючы сябра. Але праз лічаныя хвіліны плошчу з усіх бакоў абступілі міліцыянты, спецназаўцы ў чорным непрыемным адзенні... Пачаліся затрыманні. Асабліва абурылі Яўгена Іванавіча паводзіны спартыўнага выгляду маладых людзей, каторыя па два-тры чалавекі падскоквалі да хлоцаў, дзяўчат і хапалі іх раптам за рукі, плечы і валаклі ў двары да прыхаваных там брудна-зялёнага колеру аўтазакаў.
Яўген Іванавіч прыўзняўся з лаўкі, расправіў плечы і хацеў нешта сказаць услых, абураны паводзінамі людзей у цывільным, як у гэты момант ззаду яго самога схапілі за рукі, заламалі і пачалі нагінаць тварам да новай пліткі, што была не так даўно пакладзена на плошчы. Не паспеў Яўген Іванавіч як след ачомацца, як адзін са стрыжаных качкоў адляцеў убок, за ім адразу другі.
– Валім хутчэй адсюль, пакуль не скруцілі!.. – зычны голас сябра вярнуў Яўгена Іванавіча да рэальнага жыцця. Навокал тварылася нешта падобнае на бойку, маладых хлопцаў і дзяўчат цягнулі ў спецмашыны. Мужчыны заскочылі ў памяшканне пошты за блакітнымі елкамі, што месцілася побач.
– Выходзім праз службовыя дзверы, бо нас будуць шукаць! – Анатоль падштурхоўваў Яўгена. – Пятнаццаць сутак гарантавана, а мо і болей...
– А што адбываецца, не зусім разумею? – Яўген Іванавіч апынуўся з Анатолем у двары, дзе не было ні міліцыянтаў, ні людзей у чорнай вопратцы.
– Даўно я не трапляў у такі экстрым. Не паспеў нават і рукой махнуць!
– Добра што і не паспеў, бо зараз былі б ужо ў спецмашыне, а так пойдзем піць піва і прыкусваць салёнымі арэшкамі, пакуль нам самім не дасталося “на арэхі”. Але ж не паспеў я падысці, як, бачу, нейкія смаркачы падскочылі да цябе і пачалі круціць рукі. Добра яшчэ, што ты нікога з іх не матануў, бо пачалася б бойка з крывёю...
– Мяне, сяржанта Савецкай Арміі, гэтыя смаркачы ў спецмашыну не завалаклі б! Не тое бачыў! Ды толькі як не сорамна таму, хто гэтых дзяцей пасылае на сваіх бацькоў? – Яўген Іванавіч абурана асушыў куфаль піва, гледзячы на сябра, і нібыта нешта прыпамінаючы, стукнуў кулаком па стольніцы: – Дажыліся!!! Дачакаліся!!!

2011 г.