12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Пятро Васючэнка

_____________________
Пятрогліфы і філалагемы.

БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА

ЕЎФРАСІНЬНЯ ПОЛАЦКАЯ
У свае 12 гадоў – надзвычай прыгожая, разумная і добрая. Такое з дзяўчынай здараецца раз на тысячагоддзе. Найчасьцей пераважае адно... Але калі няма анічога з трох, гэта ўжо не дзяўчына, а пачвара.

1989

ЖАНЧЫНА КІРУЕ ДЗЯРЖАВАЙ
Кажуць, што жанчына кіруе сьветам. У Беларусі, здаецца, жанчыны дзяржавай не кіравалі. Але яны часта кіравалі мужчынамі. Рагнеда, Бона Сфорца, Барбара Радзівіл, Кацярына II, цётка Уладзя. А праз іх – краінай або літаратурай.
2001

ПРАРОЦТВЫ КІРЫЛЫ ТУРАЎСКАГА
Кірыла Тураўскі ў прыпавесьці «Пра чалавечую душу і цела» паказаў ня толькі антрапалагічныя субстанцыі, але і рэальных прататыпаў – Анд­рэя Багалюбскага (цела, кульгавы; ён і быў кульгавы) і япіскапа Феадарца або Фядорку (душа, сьляпы). Твор стаўся прароцкім: Феадарэц пасьля царкоўнага і сьвецкага суда быў асьлеплены, чацьвертаваны.
2002

СІМЯОН ПОЛАЦКІ ЯК ПЕРШЫ БЕЛАРУСКІ ДЭФЕКТОЛАГ
На іспыце па методыцы выкладаньня беларускай літаратуры студэнты сьледам за выкладчыкамі першым беларускім метадыстам называюць Скарыну (за ягоныя прадмовы, пасьляслоўі і маргіналіі). Радзей – Якуба Коласа.
Першы беларускі дэфектолаг, такім чынам, — Сімяон Полацкі. Бо ён езьдзіў у Маскву лячыць дурнаватага царэвіча Івана, які, праз немач сваю, так і ня стаўся царом.
1998

НАРАДЖЭНЬНІ
Адам Міцкевіч нарадзіўся ў ноч на Каляды, Купала і Чачот – на Купальле, Колас – на Дзяды.
2002

БЕЛЛІТ ЯК КАЗУС
Зьяўленьне новай беларускай літаратуры можна разглядаць як казус, жарт, парадокс.
Яна пачыналася з жарту (бурлескі), з самапарадыраваньня, высьмейваньня, удаванай прасьцякаватасьці, блазнаваньня.
Яна вылузвалася, нібы брыдкае, але вясёлае качаня, са шкарлупіны класіцызму.
1997

ХАХЛАМАНІЯ І ХЛАПАМАНІЯ
Магчыма, не было б і гэтага казусу, жарту дэмакратызаваных і лібералізаваных крэсавых палякаў, калі б не хахламанія, тая самая, супраць якой са сьлінай каля губ выказваўся «неистовый Виссарион». Прэцэдэнт нарадзіўся.
Там – хахламанія, тут – хлапаманія.
Гэтую пераемнасць трапна адзначыў Караткевіч у «Каласах пад сярпом тваім». Там юны Алесь Загорскі чытае свой верш пра беларускую мову крыху п’янаватаму Шэўчэнку. І той бласлаўляе яго, цалуючы ў лоб. Хаця павінен бы быў вытарашчыць вочы, пачуўшы верш на мове, якой пачнуць пісаць у другой палове наступнага стагоддзя.
19.02.1998

БЕЛАРУСКІ ЯНУС
Гэта — Ян Чачот. У яго два абліччы. Ян Першы – рамантычны і польскамоўны – для выкшталцонай шляхецкай публікі. Ян Другі – сентыментальны і беларускамоўны – для мужыцкай малапісьменнай грамады, якую трэба было цывілізаваць.
Дзьве маскі Чачота абярнуліся «Дзьвюма душамі» М.Гарэцкага.
Трагедыя Гарэцкага – двухаблічная душа, душа-Янус. Ён ня вынес гэтакай раздвоенасьці. Душа разарвалася. А цела датаптала бальшавіцкая «тройка». Маёмасьць падзялілі каты.
1998

ЯН БАРШЧЭЎСКІ – БЕЛАРУСКІ УЭЛС
Ён прадбачыў полтэргейст, віртуальныя падарожжы ў духу Кастанэды і кланаваньне дыназаўраў у стылі «Парка юрскага перыяду», калі распавядаў пра цмока, што вывеўся з яйка, зьнесенага чорным пеўнем».
13.01.2001

ШЛЯХТА Ў КАШЫ ПАВЕТРАНАГА шару
Па другім праглядзе «Ідыліі». Пасьля таго, як адгучалі патэтычныя радкі пра любоў да роднага краю, беларуская шляхта сядае ў кош паветранага шару і гатовая адляцець куды далей ад гэтага блаславёнага краю. А сялянст­ва панура накідвае на плечы зрэбныя сьвіткі, якія памяняла было на сьвяточныя строі падчас пастаральнага дзейства... Гучыць паланэз «Разьвітаньне з Радзімай» на шкляным гармоніку – і я чую, як рыдае ў прыціхлай зале якаясь экзальтаваная паненка. Стрэл – ці то пярун з залевай, ці то нехта з панурых сялянаў падстрэліў паветраны шар у запале сацыяльнае помсты.
А мне прыгадваюцца словы, якія цяпер блукаюць ва ўсіх на вуснах: «Беларусь лягчэй любіць здалёк».
1998

МУЖЫК І ДУДА
Рэфлекс дуды.
Першая беларуская інтэрмедыя «Мужык». Мужык трапляе ў касьцёл, чуе там «дудачкі, сьвісьцёлачкі і тарарычкі» (арган) і кідаецца ў скокі.
Тарас на Парнасе робіць тое ж пры гуках музыкі.
Мужык – істота прыродная, рэфлектыўная.
Адна з першых спробаў самарэфлексіі – у «Маёй дудцы» Багушэвіча.
31.03.2002

ЧАТЫРЫ НАСТАЎНІКІ
Іх у нашай літаратуры чатыры: Якім Сарока, Янка Здольнік, Лявон Задума (хай сабе ён і каморнік, але прэтэндуе на ролю асьветніка) і Анд­рэй Лабановіч.
1998

ВІНАВАТЫ
У беларускай літаратуры досыць пошукаў Юды, вінаватага. Высьвятляюцца дачыненьні паміж Прарокам, Песьняром і народам, інтэлігентам і сялянствам. І зноў: хто вінаваты?
Адказ досыць просты ды універсальны. Калі бяда здарылася, вінаваты заўсёды той, хто наверсе. Вінаваты пераможца.
1997

РАЗГАДКА БАГДАНОВІЧА
Багдановіч – зерне. Ён носьбіт генетычнай памяці, якая расшыфроўваецца – прарастае – праз тысячагоддзі. Творчая самарэалізацыя Багдановіча – прарастаньне памерлай генетычнай памяці.
03.01.2002

СУІЦЫД НА ГЛЕБЕ ЛІТАРАТУРЫ
Быў чыноўнік, які абяцаў, што Алеся Гаруна перавыдадуць толькі праз ягоны труп.
Уявім, што па перавыданьні Гаруна, якое ўсё ж адбылося, чыноўнік пафасна страляецца.
Але па-за літаратураю ўсё адбываецца інакш: і творы Гаруна выйшлі, і чыноўнік цэлы, і пры высокай пасадзе. Усе жывыя.
1998

ЛАСТОЎСКІ, КАДМ І ЗУБЫ ЦМОКА
Ластоўскі, творачы «Радавод беларусаў», кінуў насеньне 160 будучых міфалагічных і гістарычных раманаў, што адпавядаюць 160 беларускім родам, якія вырастуць з гэтых кінутых у ральлю літаратуры сюжэтаў, як воі вырасьлі з пасеяных Кадмам зубоў забітага ім цмока.
18.04.2003

ТЛУМАЧЭНьНЕ КУПАЛАЎСКАЙ ХЛАПАМАНІІ
Купалазнаўства спрабуе патлумачыць дзіўны купалаўскі сантымент да Мужыка – пры ўсёй паэтавай «немужыцкасьці».
Дык жа таму, што ён прадбачыў, як актуальна зьвязаць беларускую ідэю з папулізмам, як важна паўстаць народным, сялянскім заступнікам. Нават «траха цыбуляй пацёршы вочы».
Іншыя шчырыя «нашаніўцы» бачылі абыякавасьць сялянства да сваёй мовы і свайго адраджэньня і плацілі яму тым жа.
Купала спрабаваў запоўніць гэтую прорву, пра якую крыкам крычаць сучасныя адраджэнцы – праз паэтычны папулізм «жалейкаўскага» гатунку. Не яго бяда, што ня здолеў і апынуўся ў ролі непачутага Прарока.
8.06.1998.

А БЕЛАРУСЫ Ж НІЧОГА НЯ МАЮЦЬ
Чаму так казаў Купала?
Чаму нават новыя беларускія інтэлектуалы, папаезьдзіўшы па Літве ды Польшчы, уражаныя, адхрышчваюцца ад свайго ды кажуць, што ў нас усё чужое – польскае, літоўскае, расейскае?
Беларусы твораць міф наадварот. Прыкідваюцца, што ў іх нічога няма.
Як сьціплы герой верша Багушэвіча «Мая хата», які больш за ўсё баяў­ся, каб ворагі не зазірнулі ў шыбіну ягонай халупы.
Беларусы – еўрапейскія хобіты, што хаваюцца ў цень ад саміх сябе. Яны спадзяюцца, што гэты цень іх схавае. І што гэты іхні схаваны цень потым дапаможа ім выйсьці з ценю.
Іншыя нацыі крадуць чужых класікаў, а беларусы імкнуцца задарма аддаць сваіх чужым. Яшчэ і прыплочваюць.
Самазьнішчэньне музычных архіваў на БТ – водгалас даўняе звычкі.
Каб пра нас заўжды казалі: «Бедная нацыя, анічога ня маюць».
Беларусы ўпарта сьцьвярджаюць сваю адсутнасьць. Невыпадкова ў нас зьявіўся свой філосаф, які першым у сьвеце абвясьціў, што яго няма.
29.06.2002

СьМЕХ КУПАЛЫ
Каб Купала ў якім 1906 годзе даведаўся, колькі літаратуразнаўчых фаліянтаў будзе напісана на падставе ягоных твораў, колькі будзе на ягоных касьцях боек, баталіяў, інтрыгаў і жарсьцяў, ажно да суіцыдальных комплексаў, — вось гэта быў бы купалаўскі сьмех! З іншага боку, каб ён пабачыў трагіфарс беларускае нацыі, дык вымавіў бы нешта накшталт словаў Мужыка ў апошняй праяве «Адвечнае песьні» – «Раскрыйся нанова, магіла, Страшней цябе людзі і сьвет».
«Сьмейся!..»
2003

ТРАГІЧНЫ ПАРАДОКС ПАЭМЫ КУПАЛЫ «НА КУЦЬЦЮ»
Купала перакуліў – памяняў месцамі – сьвет жывых і мёртвых. Мёрт­выя прыходзяць правяраць на «жывасьць» жывых. Мёртвыя клічуць да застольля жывых. І жывыя аказваюцца амаль памерлымі, а памерлыя – жывымі. І гэтая акалічнасьць выклікае жудасны сьмех у фінале паэмы.
17.05.1999.

ПЯТЫ ЭЛЕМЕНТ
Пяць элементаў верша Купалы «Сьнег».
1. Сьпектакль «Сьнег» паводле п’есы Пшыбышэўскага, які Купала паглядзеў у тэатры разам з нявестай Уладкай;
2. Першы, пухнаты і пульхны, сьнег у Вільні;
3. Геній Купалы;
4. Любоўная інтрыга Купалы, ягоныя адносіны з жанчынамі, ягоная любоўная драма;
5. «Шкляны бог», да якога Купала меў схільнасьць, пра што трывожыліся ягоныя сябры.
2003

МАЎЧАНьНЕ ТВОРЦАЎ
Маўчаньне творцаў – гэта таксама твор, у адным шэрагу з «Белым квадратам на белым тле» К.Малевіча. Гэта белы аркуш літаратуры. Купала лепшыя свае творы ствараў і тады, калі зацята маўчаў – цэлы год, як гэта было ў 1916, 1917, 1927, нават у страшных 1933 (1 верш) і 1940. У 1939 Купала напісаў некалькі вершаў у гонар «Сталіна-сейбіта», а пасьля год адлежваўся, нібы злачынства якое ўчыніў.
03.01.2000

САМОТНАЯ НЯВЕСТА
Нявесты (Маладыя Беларусі) Янкі Купалы ня могуць дачакацца сваіх вясельляў. Іхніх жаніхоў садзяць у турму («Паўлінка»), жаніхі іх падманваюць («Раскіданае гняздо»). Самотная Нявеста (Маладая Беларусь) – улюбёны купалаўскі вобраз. Звар’яцелая Зоська з «Раскіданага гнязда» бегае ў вясельным вяночку, а яе ніхто не бярэ. «Аніхто дурную ня сватае» (В.Шалкевіч). Заключны акорд у паэме «Безназоўнае»: шчасьлівая Беларусь (тая ж звар’яцелая Зоська) сядзіць за вясельным сталом самотна, бо – ані гасьцей, ані жаніха.
«Безназоўнае» ў Янкі Купалы гучыць амаль як «безнадзейнае».
16.01.2000

КУПАЛА Ў АКОПАХ
Ёсьць показка пра маскоўскага мастака, запрошанага пісаць партрэт Купалы на гадавіну ягонай творчасьці. Мастак ня надта дасьведчаны быў у жыцьцяпісе Купалы, а яму задалі тэму: «Купала ў Акопах». Мастак нешта ведаў пра рэвалюцыйнасьць Купалы – а як інакш магло быць?
І мастак паслухмяна намаляваў рэвалюцыйнага Купалу – у акопах, з павязкай на ілбе, з чырвоным баньцікам на грудзёх, з кулямётам на плячы, старанна адстрэльваецца ад белых.
У показках, як ні дзіўна, ёсьць рацыянальны сэнс.
Купала зьязджаў з абрыдлага бальшавіцкага або польскага Менску да маці ў Акопы, каб «легчы на дно», адсапціся, схавацца, акапацца. Акопы былі ягоным андэграўндам, схованкай, дотам. Тут ён ня проста тварыў – ён адстрэльваўся. Адным з такіх стрэлаў сталася напісаная ў Акопах трагікамедыя «Тутэйшыя». Яна дагэтуль «страляе». Інакш чаму цяперашнія цемрашалы ды беларусафобы баяцца «Тутэйшых» да ікаўкі?
Верасень 2000

КУПАЛА – ДАДАІСТ
Нават у Купалы, прынцыпова антыфармальнага паэта, знойдзем практыкаваньні з фанемамі. Пры тым у адным з самых савецкіх твораў – паэ­ме «Над ракой Арэсай»:
Груган глюгу зьвесіў
Над гнілой калодай...
09.01.1999.

ЭДЭМ І КАЛГАСНЫ РАЙ
Вершы Купалы «ляўкоўскага цыклу» – працяг ідылічнай паэмы «Яна і я». Калгасны рай для дваіх – ільнаводкі і брыгадзіра Міхася. Калгасная ўтопія.
2001

ДЗЕЦІ Ў КУПАЛАЎСКІМ МУЗЕІ
Дзеці прыйшлі ў Купалаўскі музей. Дзеці блукаюць па шыкоўных купалаўскіх апартаментах, дзе можна ў міні-футбол гуляць. Хлапчук дзівіцца: «Як ён жыў? Як толькі тут ён жыў?»
– А што?
– Ані тэлевізара, ані кампутара... Што ж ён, бедны, у вольны час рабіў?
Другі хлапчук здагадаўся:
– А што яму было тут рабіць? Вунь крэсла-качалку бачыш? Сядзеў сабе ў крэсле ды качаўся...
Хлапчук адгадаў – у 1930-я Купала бавіў час пераважна гэтым. Ды яшчэ сабаку ўлюбёнага выгульваў.
Адзін з артэфактаў позьняга Купалы – крэсла-качалка.
22.01.2000

ПАДЗЕНьНЕ КУПАЛЫ
Філалагема Купалы – падзеньне. Ён падаў, як прыкмеціў яшчэ ў сваім эсэ А.Лойка, ня раз – фізічна і маральна. Ледзьве ня ўпаў у горадзе, як зьвязаўся з плыткай беларускай багемай.
Падзеньне – замахі на самагубства. Ягоны герой раз-пораз імкнецца адарвацца ад зямлі, ды падае – беларускі Дэдал.
Ягоныя героі пакутуюць ад таго, што яны арлы, але Бог ня даў ім крылаў (Сымон у «Раскіданым гнязьдзе»).
2000

КОЛАС І МІЦКЕВІЧ
Пачаткі «Новай зямлі» й «Пана Тадэвуша» супадаюць канцэптуальна. Яны прасякнутыя вострай настальгіяй па Бацькаўшчыне, якую адзін паэ­та называе Літвой, а другі – родным кутом. У творы Міцкевіча шляхта б’ецца за родавы замак, у паэме Коласа змаганьне йдзе за кавалак зямлі й волю.
Так паўстаюць два непадзельныя архетыпы Бацькаўшчыны – вертыкальны й гарызантальны. Крытык В.Акудовіч давёў, што Беларусь немагчымая без абодвух.
Вертыкаль Міцкевіча – замкі, вежы, неба Айчызны-Літвы. Гарызанталь Коласа – зямля, хата.
21.04.2000

ГЛУХАТА ГЕНІЯЎ
Залепы геніяў таксама геніяльна-уражлівыя. Узор паэтычнай глухаты Коласа вядомы ўсім:
Уцякай, мароз-дзядуля,
Хопіць нас ужо пужаць...
Адшукаў узор празаічнай глухаты генія – урывак з трылогіі «На ростанях»:
« – Скажы ты мне, братка Максім, — пытаў сябра Лабановіч, ужо лежачы з ім у пасьцелі, — для чаго чалавек на сьвеце жыве?»
Да Лабановіча завітала ў госьці настаўніца з перадавымі поглядамі Вольга Андросава.
« – Вы мяне выбачайце. Еду ў сваю школу, у Купяцічы, і па дарозе да вас заехала.
– І вельмі добра зрабілі. Разьдзеньцеся ды трохі пасядзіце. У мяне якраз і самавар зараз будзе гатоў».
З гэтых сказаў вучоныя краты маглі б зрабіць цэлую літаратурную сенсацыю, з роду тых, што рабіліся на зьезьдзе славістаў у Кракаве, калі паведамлялася, што Анегін – гомасексуаліст, які ўступіў у ганебную сувязь з Ленскім.
Чэрвень, 2001

ВЫПАДАК З АБДЗІРАЛОВІЧАМ
Адваротнае жыцьцё літаратурнага персанажу.
Не жыцьцёвы прататып ператвараецца ў літаратурнага героя, а герой «Дзьвюх душаў» Гарэцкага ператвараецца ў жыцьцёвы прататып.
20.10.1999

ДВА КАМОРНІКІ
Два каморнікі беларускага пісьменства – Гарэцкі ды Жылка. Не прафесія выбірае сваіх носьбітаў, а яны абіраюць прафесію. Каб вярнуць уяўнаму народу, ад якога «адарваліся», сваю ўяўную пазыку. На іх шкодна паўплывала тэорыя кармленьня, калі, маўляў, мужык з сявенькай адзін корміць генералаў ды інтэлігентаў. Ім захацелася ў адплату накарміць сялянства каморніцтвам, і тут яны сталі на адну дошку з Талстым, які араў на пацеху пасажырам кур’ерскіх ды хуткіх, што праставалі паўз Ясную Паляну. Колас і Лабановіч ведалі, што духоўнае кармленьне, кармленьне ведамі актуальней за здабываньне харчу з зямлі. Як матка з цыцкі, яны наталяюць з галавы голад духоўны няшчасных «карміцеляў». Абодва каморнікі сталіся ахвярамі недакормленых сыноў народу, да якога ірваліся ўсімі сіламі, ажно вылузваліся з сваёй інтэлігенцкае апраткі.
25.09.2002

БЕЛАРУСКІЯ ДАНТЭСЫ
Так можна назваць бязьвінных ахвяраў, што пасьля трыццатых адсе­дзелі па дваццаць-трыццаць гадоў. Толькі яны не дзяўблі сьцяну самаробнымі прыладамі і ня помсьціліся крывава. Самая страшная помста была – іранічная кніга «У капцюрох ГПУ» Ф.Аляхновіча.
А У.Дубоўка «помсьціўся» рамантычнай «Жоўтай акацыяй». І трымцеў, калі крытыка пачынала яго хваліць – каб не зьвярнулі ізноў на яго ўвагі.
Я.Пушча, аўтар «Ценю Консула» і «Лістоў да сабакі», патэнцыйны Дантэс, вярнуўся з катаргі іншым чалавекам.
У беларусах замала помсьлівасьці.
1998

ЯНКА МАЎР І ЯГОНЫ АМОК
Пісьменьнік падаў ці ня першае ў сусьветнай літаратуры мастацкае апісаньне прыцемкавай сьвядомасьці. Ягоны інданязіец Па-Інго бяжыць куды вочы глядзяць, зомбі на дзьвюх нагах, забіваючы ўсё жывое на сваім шляху, пакуль яго не забіваюць, як шалёнага сабаку. Тлумачэньне амока ў Маўра сацыялагізаванае: чалавек загнаны ў кут нястачай. Але і сацыяль­ны бунт трактуецца аўтарам як шаленства.
Маўр быў творцам няпростым: ён спрабаваў унікнуць літаратурнага сервілізму, апісваючы краіны, якія ён ня бачыў. Ад грамадства з ягонымі запытамі ён выбавіцца ня здолеў цалкам, але сацыялагізм Маўра мае рысы рытуальнага. Ягоны Тубі пралівае рытуальныя сьлёзы.
Сацыялагізм Маўра прыводзіць да парадаксальных, немарксісцкіх высноваў. Мараль аповесьці «Сын вады»: кожны павінен жыць у сябе на радзіме і ня пхацца на чужыну, дзе яго не чакаюць.
Маўр шчыры, калі апісвае экзотыку краінаў, якіх ён ня бачыў. Зьмест ягоных твораў – чужынская экзотыка, прымроеная беларусам, які, бы Жуль Верн, сядзіць на гарышчы, перачытвае геаграфічныя працы і ўяўляе краіны, у якіх ніколі ня быў.
Экзатычная гастранамія ў апісаньні Маўра і параўнаньне яе з беларускай антонаўкай, якой не дакажа інданезійскі мангустан або дурман. Гастранамічны патрыятызм і здаровы касмапалітызм (здаровы, бо ўгрунтаваны на беларускай глебе, мове і ментальнасьці).
Яшчэ Маўр быў першым заўзятым беларускім эсьперантыстым.
2.08.03.

ЗАГАДКА КРАПІВЫ
Крапівазнаўцы пытаюцца: «Дык хто ж сьмяецца апошнім? Можа, Туляга?» Адказ: апошнім сьмяецца Крапіва, які ўцёк ад рэпрэсіяў, падчас расправы над «узвышэнцамі» дзейнічаў па сцэнары «Канца дружбы», гэта значыць, выракаўся былых сяброў і паплечнікаў, перажыў усіх гарлахвацкіх і чарнавусаў, праведнікаў і зладзеяў, разьмяняў дзясяты дзясятак, стаў амаль што неўміручым, як пацук у «Браме неўміручасьці», стаў напрыканцы жыцьця віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук, хадзіў на працу амаль да сьмерці, і кожнага разу, як паміраў хто-небудзь з калегаў па пяру, вохкаў і казаў: «Ай-яй-яй, і гэты кульнуўся, а такі ж быў малады!»
17.12.2002

ШЛЯХ ВАЕННАЙ ПРОЗЫ
Шлях беларускай ваеннай прозы – ад «страчанага пакаленьня» (Гарэцкі) праз «акопную праўду» (Быкаў) і абпаленае дзяцінства (Казько) да антыўтопіі (Адамовіч). Няма толькі твора пра сапраўдную вайну ў Беларусі...
1998

АРТЭФАКТ ЗБРОІ
У «Зброі» Караткевіч іранічна называе Маскву «Трэцім Рымам» і з раблезіянскім сьмехам паказвае яе аблічча.
Скляпеньні, дзе ашалелыя купцы глытаюць дзясяткі тысячаў чарак за доўгія гады.
Сцэны абжорства. Сабакі ў якасьці посудумыйкаў.
Нешта падобнае – у «Сатырыконе» Пятронія, дзе ён апісвае падзеньне Першага Рыму. Сцэна бляваньня. Тое ж робяць маскоўскія купцы Караткевіча.
Артэфакт зброі – у «нашаніўскім» эсэ Славаміра Адамовіча, дзе ён, дарэчы, таксама спасылаецца на «Зброю».
Нунчакі Адамовіча, апісаныя ім у дзёньніку, якія, дзеля ірацыяналізму быцьця, сталіся нагодай крымінальнага абвінавачаньня.
Неразарваная бомба ў «Знаку бяды» В.Быкава.
1998

ГАРМОНІК
Радыёінсцэніроўка па п’есе Івана Козела «Папараць-кветка», запіс 1958 году.
Дзеяньне адбываецца ў Заходняй Беларусі. Пад панамі ўсё як у прыгоннай Беларусі – мужыкі гібеюць і мараць пра багацьце, іх дзеці кахаюцца насуперак бацькоўскай волі, дзявок спрабуюць выдаць замуж за паноў, іхніх жаніхоў кідаюць за краты, а яны труцяцца. Потым прыходзяць на танках рускія і ўсіх выратоўваюць.
Ва ўсёй гэтай мярцьвячыне жывое адно месца. Піша з фронту жаўнер, паведамляе, што некага з вёскі асколкамі пасекла, што ўсім хана, а напрыканцы ліста кажа: «Мой гармонік падалей схавай. Як прыеду, буду граць».
02.02.2003

АРТЭФАКТ КУРАНЁЎ
Вёска Курані, засыпаная чарнобыльскім попелам, – жыцьцёвы працяг «Палескай хронікі».
Калісьці «Звязда» друкавала артыкул на дзьве поўныя паласы пра шчасьлівае жыцьцё нашчадкаў Васіля і Ганны.
1998

КАРАТКЕІЧ ЯК НОВЫ РАМАНТЫК
Рысы: эксклюзіўнасьць, экзотыка, экстрэмальнасьць. Тры «Э».
«Вока тайфуна»: дабіраецца да самага цэнтру «вока», куды ніхто да яго не сягаў. Як Эдгар По дабраўся да Мальстрэма, праплыў яго і вынырнуў на той бок планеты, дзе жывуць антыподы.
Жнівень, 2000

КРЫЛАТАЯ ЯНІШЧЫЦ
Вярцінскі ўжывае ў дачыненьні да яе эпітэт «крылатасьць» (піша аднайменны верш).
Вядзьмак Лысагорскі параўноўвае яе з ластаўкай. Кажа, што яна ірвецца ўвысь, «Палесься мілае дзіця».
Няўдалая спроба палёту – як і з Купалам...
26.01.2003

ІНТЭНЦЫЯЛЬНАЯ ФІЛАСОФІЯ
Адзіны аргумент супраць песімістычнай філасофіі нашага часу (Шпенг­лер, Гумілёў, Акудовіч) – унутраны супраціў. «Я не хачу, каб так было», «Я гэтага не прымаю», «Я пратэстую» — і пратэст ёсьць аргументам супраць бязрадасных выкладак.
Гэты супраціў замацоўвае падваліны іншага тыпу філасофскага здумленьня: інтэнцыяльная філасофія. Філасофія намеру і волі.
Яна цьвердзіць: «Я ёсьць!»
1996

ПРАГА АЎТЭНТЫКІ
Яе прыкметы – бумбамлітаўскія друкапісы, літаратурныя практыкаваньні ў боды-арце, натурфіласофскія праекты Юрася Барысевіча.
Сімяон Полацкі, беларускі культуртрэгер на Масковіі, ладзіў свае друкарні дзеля вырабу эрзац-літаратуры, а ўласныя тэксты ствараў рукапісным спосабам, каліграфічным почыркам і атрамантам розных колераў.
Сучасны шэдэўр, трэба думаць, будзе створаны не на кампутары, а на пергаменьце гусіным пяром і атрамантам з дубовага гарэшка. Або будзе выцягвацца сталёвым пяром з парцалянавай чарніліцы 1940-х.
1999

КРАТЫ І ЖАЎРАНКІ БЕЛАРУСКАГА ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВА
Краты – услаўленыя ў «Сказе пра Лысую гару» Сьцяпан Александровіч ды «Кротус Генус Кісялёў», іншыя грабары, што спраўна выкідаюць на паверхню літаратурнага працэсу тэрыконы літаратурнае руды. Але краты ня бачаць неба над літаратурай.
А над імі лётаюць жаўранкі, якія ўсё бачаць, і гнязьдзечкі робяць на зямлі, але нораў пабойваюцца.
16.02.2000

КАНВОЙ РАЗАНАВА
Алеся Разанава ў літаратуру прывялі пад канвоем.
Знакавы зборнік Алеся Разанава «Шлях 360» выходзіў з прадмовай і пасьляслоўем, нібыта кнігі Скарынавай «Бібліі». Народны паэт Пімен Панчанка і крытык Варлен Бечык абаранялі тэкст сьпераду і ззаду ад мажлівых абвінавачаньняў у авангардызме і нацыяналізме, хавалі яго за аўтарытэтам паэта-камуніста П.Элюара.
Гэта нагадвала перамяшчэньне каштоўнага грузу ў суправаджэньні.
29.04.2002

КЛЯТВА ГАЛУБОВІЧА
Леанід Галубовіч нядаўна ўрачыста й публічна пакляўся не пісаць вершаў. Як раней пакляўся ня піць і стрымаў абяцаньне.
Яго адгаворваюць. А я думаю: няхай. Ёсьць кампенсацыя: стане на аднаго больш у шэрагу таленавітых чытачоў.
29.07.1999

АРЛОЎ І ЯГОНЫ ДВАЙНІК
Гісторыі пра Арлова і яго двайніка Валеру сталі літаратурнымі показкамі. Але В.Шніп даводзіць, што Арлоў скідваецца Валерам на паўдарозе да «ЛіМа». Ударыцца аб асфальт – атрымліваецца Валера. І наадварот.
2000

АДМЕТНАСЬЦЬ БУМБАМЛІТУ
У сучаснай літаратуры адбываецца перагонка інфармацыйнага сьмецьця, інтэлектуальнага друзу, выкінутага з культурных адвалаў розных стагоддзяў, старажытнага бібліятэчнага пылу, артэфактаў-трупаў, аскепкаў разьбітых бюстаў класікаў.
Бумбамлітаўцы нясуць у літаратуру таксама слоўцы з мульцікаў і рэкламных ролікаў, парэшткі беларускай савецкай літаратуры, аскепкі па­трушчаных статуяў Глебкі або Броўкі, пілавіньне друкарскага станка Скарыны, расчлянёны труп купалаўскага «гімну» «А хто там ідзе?» у інтэрпрэтацыі І.Сідарука.
Скарыстоўваюцца жарганізмы, вульгарызмы, прыколы і прыкольчыкі з аморфнага моўнага асяроддзя, словам, актывізуецца шэрае, панылае моўнае сьмецьце, адкіды мегаполісу, гораду.
1997

ПРАГНОЗ АЎСТРАЛІЗАЦЫІ
Афрыканізацыя, што спавядаюць Вішнёў ды К., — гэта няблага. Прынамсі, гэта альтэрнатыва абрыдламу вектару «Усход – Захад». Але мяркую, што альтэрнатывай афрыканізацыі стане аўстралізацыя. Пагатоў, беларусаў у Аўстраліі, як сьпяваў гурт «Мроя», вельмі багата. Натхняць на творчасьць стануць прадстаўнікі аўстралійскае фаўны – розныя там качкадзюбы ды кенгуру.
3.12.1999

ПЕРАЎВАСАБЛЕНьНЕ «БУМБАМЛіТУ»
«Бумбамліту» варта параіць пераўвасобіцца ў што-небудзь новае. Напрыклад, у «Бульбамліт».
23.10.1999.

БУМБАМЛІТАЎСКАЯ ІЕРАРХІЯ
Мастадонт.
Монстр.
Мэтр.
І хто там ніжэй – астатнія.
Творчыя метады – транслагізм і вішнёўка.
Мераюць плошчу кватэры С.Кавалёва ў Любліне ў бумбамлітах (метрычная сістэма).
1999

ТВАРЭНьНЕ РАРЫТЭТУ
Выступ былога Бумбамліту ў МДЛУ. Яны цяпер называюць сябе сучаснымі літаратарамі. Я звыкла прашу выступоўцаў не брыдкасловіць. Тактоўны З.Вішнёў запэўнівае, што ўсё будзе як мае быць. Так і ёсьць. Паэты-мужчыны аж залішне паслухмяныя. В.Жыбуль саромеецца нават пра гліста свайго прачытаць. Крыху сьмялейшы бумбамлітаўскі Бабарэка – Юрась Барысевіч. Ён прачытвае адсюлінку-адтулінку паводле купалаўскага верша «Таварыш мой», перакладзенага на французскую мову і наадварот. Адвязваюцца дзяўчаты. Я ўпершыню бачу і чую Веру Бурлак, чыя слава ўперад яе бяжыць. Балада пра Марата Казея на макаранічнай мове файная. Калі б паэтка прыбрала з сваіх выступаў вульгарызмы — мела б войска фанатаў. Эпатажнасьць – зброя тых, каму няма больш чым сябе праявіць, а ёй ёсьць. Зрэшты, і так няблага. Яе таварышка Вікторыя Трэнас маладзейшая і больш напужаная, але таксама выглядае няблага.
Эпілог вечарыны: таямнічае зьнікненьне чатырох афішак, разьвешаных па розных карпусах МДЛУ. Гледачам сталіся не па кішэні кніжкі мэтраў, і яны садралі афішкі, каб павесіць іх на сьценцы ў інтэрнацкіх пакоях. На жаль, Вішнёў перарабіў арыгінал. Так нараджаюцца міфы і рарытэты.
03.03.2002

NRM І СПРАЎДЖАНЫ ПРАКЛЁН КУПАЛЫ
Калі я слухаю рэчы гэтага гурта ў стылі «хард-рок», мне здаецца, што на выканаўцаў апусьціўся цяжкі праклён Купалы, які клікаў: «Вырывайце з жывых жылы!» Мне здаецца, што сьпяваюць няшчасныя ахвяры, з якіх жыўцом цягнуць жылы.Але мне яны ўсё адно падабаюцца.
8.03.2003

ПАМІРАНьНЕ «КРЫНІЦЫ»
«Крыніца» ўжо столькі разоў канала, што ейнае паміраньне можна лічыць экзістэнцыйным станам часопіса. Цяперашнюю сьмерць «Крыніцы» як сябры ды ворагі ўспрымаюць спакойна. У некім тлее іскра спадзяваньня на яе вечнае жыцьцё, а нехта цешыць сябе запаветнаю мараю пра ўласнае рэдактарства ў старым часопісе.
26.01.2002

РЭЙТЫНГ
лепшых беларускіх твораў пра каханьне
1. Багдановіч М. Каханьне і сьмерць.
2. Караткевіч У. Нельга забыць.
3. Купала Я. Яна і я.
4. Янішчыц Я. «Ты пакліч мяне, пазаві...»
5. Броўка П. Пахне чабор.
6. Дранько-Майсюк Л. Вершы для А.
7. Русак А. «Не шукай ты мяне...»
8. Дзялендзік А. Чатыры крыжы на сонцы.
9. Адамовіч С. «Калі ты здрадзіш мне аднойчы...»
10. Саламон. Песьня песьняў. Пераклад В.Сёмухі.
11. Баршчэўскі Я. Дзеванька.
12. Сыс А. Белая гадзюка, чорная зьмяя.
2002

САМАЯ ДЭМАКРАТЫЧНАЯ
Самая дэмакратычная на сёньня суполка – СП РБ.
Яна ж церпіць і найвялікшыя перасьледы. У яе адабралі прывілеі, Дом літаратара, паліклініку... Яе сяброў (ад Арлова да Быкава) перастаюць друкаваць. Пісьменьнікаў (ад Гілевіча да Навуменкі) выкідаюць са школьных праграмаў. Публічна ганяць у прэсе.
У СП даўно нікога ня вучаць, як трэба пісаць. СП не зьвязаны ані ідэалагемамі, ані філалагемамі, а на сёньня ён не зьвязаны й грашмі (тым самым «карытам»). Ён ужо й не карыта. У ім практычна адсутнічаюць нейкія формы пурызму, снабізму або таталітарызму.
Па вялікім рахунку, невядома, як ён яшчэ трымаецца, як ліпіць, той СП.
1997

САМАЯ БАГАТАЯ
Самая багатая і самая шчодрая. Гэта – наша літаратура. Настолькі багатая і шчодрая, што дазваляе і дапамагае суседзям браць з сябе колькі заўгодна і тварыць з гэтага забранага класічную спадчыну.
Беларусы – самыя багатыя ў сьвеце на не прызнаных у сябе прарокаў і ахвяраваных суседзям літаратараў.
Сьвежая ў памяці сцэна: на хворага паэта свае ж крычаць: «Падонак! Правакатар!» І гоняць.
А ў рускай літаратуры такі ж «падонак» – хлопчык з-пад Разані – стаўся класікам і кумірам сентыментальных літаратурных паненак.
Такое ўражаньне, быццам бульбаеды і самаеды наўмысна перарабліваюць сваіх творцаў і прарокаў на «падонкаў». Каб іншым не хацелася. Бо нам такога дабра стае...
7.11.1997

САМАДАСТАТКОВАСЬЦЬ
Беларуская літаратура – самадастатковая. Яна забясьпечаная адным чыньні­кам свайго існаваньня, яна апраўдваецца адным азначэньнем – «беларуская».
У гэтым сэнсе руская літаратура – не самадастатковая, бо ёй, каб апраўдваць сваё існаваньне, патрэбнае параўнаньне. З французскай, ангельскай або іншымі. Гэта фатум усіх «вялікіх» моваў і літаратураў. У гэтым сэнсе яшчэ больш няшчасная літаратура й культура амерыканская, спосаб існаваньня якой – культурная экспансія, «амерыканізацыя».
1997

ЛІТАРАТУРА І ЖЫЦЬЦЁ
ЛІТАРАТУРНЫЯ ПРАРОЦТВЫ
Літаратурныя прароцтвы ў Беларусі – свайго роду перыфразы. Бальшыня іх спраўджваецца інакшым або крыху не такім чынам. Распачаў Міцкевіч – ён ня даў спраўдзіцца наканаванай гібелі пана Твардоўскага – ягонае фіяска ў прадказаным шынку «Рым» бліскучым чынам сарвалася.
Крамольная шыпшына У.Дубоўкі абярнулася афіцыйным двухкалёрам, пра што вязень сталінскіх засьценкаў думаць ня думаў. Як і пра выпадкова прадказаны ім Чарнобыль. Прадказаньне было ў форме «ад процілеглага»: «Чарнобылем не зарасьцеш».
У.Караткевіч прадказваў стронцый у дажджы паводле амерыканскіх злачынных выбухаў на далёкіх атолах, гэтаксама як і Куляшоў у паэме «Цунамі». Атрымалася ж – сваім бокам.
Дзіўны беларускі прароцкі перыфраз: абавязкова сваім бокам...

1997

НЯСПРАЎДЖАНЫЯ ПРАЕКТЫ
У іх выніку пісьменьнікі сталіся тымі, чым яны ёсьць.
А.Конан-Дойл адпраўляў ва ўсе рэдакцыі рукапісы пасрэдных п’есаў, якія нідзе не друкаваліся. Аднойчы ён выпадкова ўклаў у капэрту рукапіс дэтэктыўнага аповяду, які напісаў дзеля ўласнага задавальненьня. Так сьвету стаў вядомы бацька Шэрлака Холмса.
Андэрсэн марыў стаць сьпеваком.
Гогаль марыў стаць акцёрам.
Гітлер марыў стаць мастаком.
А.Крысьці магла стаць добрай жонкай, а першы дэтэктыўны раман напісала аб заклад з сястрой.
Нязьдзейсьнены праект – гэта параза або трыумф?
А для чалавецтва — гэта перамога або трыумф (калі згадаць досьвед, прыкладам, Гітлера)?
2003

ЛІТАРАТУРНЫЯ ВОЙНЫ
Першы сюжэт літаратуры, паводле Борхеса, — гісторыя гораду ў аблозе, «Іліяда», вайна.
У вайне, як вядома, прайграюць усе – і пераможцы, і пераможаныя. Сапраўдных пераможцаў можа зрабіць толькі літаратура пра вайну.
Як правіла, літаратар «ваюе» за сваю нацыю і выстаўляе яе лепшай, чым яна ёсьць.
Гамэр давёў перавагу й перамогу грэкаў над траянцамі, Эсхіл – грэкаў над персамі, аўтар «Слова пра паход Ігаравы» – рускіх над полаўцамі, Быхавец – ліцьвіноў над крыжакамі, Леў Талстой – рускіх над французамі, Лынькоў – партызанаў над немцамі-кураедамі... Часам гэтая перамога – маральная.
Ёсьць і досьвед «антыпатрыятычных» адносінаў да вайны, калі даво­дзіцца нейтралітэт альбо нават маральная перавага ворага (Гарэцкі, Рэмарк, Гашак).
21.01.2001

ШЫПШЫНА
Артэфакт шыпшыны, інтэрпрэтаваны Дубоўкам, Віцьбічам, Караткеві­чам, некалі служыў знакам нацдэмаўшчыны.
Сучасны афіцыйны сьцяг некалі таксама быў знакам нацдэмаўшчыны.
Славуты сьпектакль магілёўскага тэатра «Тутэйшыя» у 1980-я завяршаўся вынасам чырвона-зялёнага (бэсэсэраўскага) сьцягу. І ці не за гэты нацдэмаўскі акт быў забаронены.
14.12.1997

ЧАРАПАХА
Яе нясьпешнасьць уяўная. Чарапаха, якую зваць Франкай, імгненна, за лічаныя секунды прабягае пакой. Яе рухі і рэакцыя могуць быць маланкавыя.
Але кожнаму руху папярэднічае дакладны, шахматны разьлік.
Гэтага хацелася б параіць творцам з новай генерацыі, якія ладзяць свае выступы і друкуюць тэксты, амаль не абмазгаваўшы іх.
30.06.1996

КУЛЬТУРА АШКаЛЁПКАЎ
Жменя чарапкоў і ашклёпкаў з апаленай гліны, паводле меркаваньня археолагаў, мусіць звацца культурай. Гэтаксама з літаратурнымі ашкалёпкамі нашага часу. Яны – плён літаратурнай гульні, звыштравестацыі, творчага разувасабленьня ствараюць культуру і ёсьць аб’ектамі ўвагі культуролагаў.
1996

САМАГОННЫ ПАТРЫЯТЫЗМ
Песьня Шалкевіча пра самагонны патрыятызм: «Я вып’ю самагонкі, я зьем кавалак сала – і зноў я чалавек, я беларус...»
Маўляў, тата і мама навучылі яго не ўжываць замежных напояў, і гэтак прышчапілі яму самагонны патрыятызм.
Прыгадваю візіт да беларускага дзялка А., у якога ў глёбусападобным бары самотна стаяла закаркаваная паперай пляшка старадарожскай самагонкі... У той час як ён адаслаў кіроўцу ў краму па «Мядзьведжую кроў», бо саромеўся паставіць госьцю свойскай жытнёвай. А для сябе трымаў...
17.03.1999.

АФРЫКАНСКІ ПАТРЫЯТЫЗМ
Ня так даўно былі папулярныя показкі пра мурынаў – украінскіх нацыяналістаў. Падобна, што каляровы нацыяналізм перавандроўвае на Беларусь. Недарэмна З.Вішнёў прапаведуе афрыканізацыю. Я назіраю патрыятызм беларускіх мулатаў у асяроддзі маіх студэнтаў (Фяіса, Арсэн ды іншыя). За Беларусь яны горла перагрызуць. Фяіса яшчэ фанатычна любіць сваю малую Радзіму – Случчыну. У той самы час беларусы-пасія­нарыі робяцца ўсё больш кволымі. Прыгадваюцца словы З.Бядулі пра польскую акупацыю Беларусі: «Няхай хоць негры заваююць Беларусь, абы яны выбавілі нас ад бальшавікоў».
01.01.2003

СТАРАЯ І МАЛАДАЯ
Сёньняшняя трагедыя Бацькаўшчыны зноў абумовілася канфліктам паміж Старой і Маладой Беларусьсю, драматызаваным Купалам у «Паўлінцы», «Тутэйшых».
«А д о л ь ф (садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурваю­чы папяроску). А што ж у васпанства добрага чуваць?
С ь ц я п а н (прысаджваючыся к сталу). Ды што ў нас чуваць? — Старая баба ня хоча здыхаць, а маладая замуж ісьці.
А д о л ь ф (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць».
28.10.1999.

«ТУТЭЙШАСЬЦЬ» І СНІД
«Тутэйшасьць» расшыфроўваецца як «сіндром нацыянальнага імунадэфіцыту» (СНІД).
2002

ЛІТАРАТУРНАЯ ПРАСТОРА
Ёсьць віртуальная прастора, якую варта запоўніць беларускай літаратураю, беларускасьцю – пра што марылі калісьці «Тутэйшыя» і мелі сілы, каб тое зрабіць, але не зрабілі. Яны адчувалі, што гэта патрэбна, але наіўна лічылі, што напісаньне дэтэктываў ды іншай маскультавай літаратуры – спроба наблізіць чытача да беларушчыны. Але гэты праект відавочна прадугледжваў іншую функцыю.
1999

ТРАГЕДЫЯ БЕЛАРУСІ
Яе можна параўнаць з ланцугом бясконцых ліхтугаў Іова.
2000

ВІРТУАЛЬНЫЯ ДЗЯРЖАВЫ
Пабудаваць віртуальную Беларусь – ня першая спроба ў сусьветнай цывілізацыі. Раз-пораз нейкі эксцэнтрычны хутаранец абвяшчае свой хутар незалежнай дзяржавай ды вывешвае на даху нацыянальна-саматужны сьцяг. Юрась Барысевіч прапаноўваў купіць хату і назваць яе «Еўропа» – гэткім чынам, значыцца, увайсьці ў Еўропу.
Уладзімір Караткевіч апісвае віртуальную краіну Цыганію – дзяржаву вандроўнага народу, з сталіцай у Міры і ўласным цыганскім каралём.
1999

БЕЛАРУСКІ АНТЫФАТУМ
Глоба прарокуе, што нас асіміляваць будуць «доўга» – недзе 18 гадоў. Чаму так? Здавалася, бяры голымі рукамі і асімілюй. Ды таму, што генетычнае зерне нацыі ня зьнішчыць рэальна ні за 18, ні за 18 тысячаў гадоў, як сьцьвярджаў у сваім санеце Багдановіч.
1998

ПЕРАСТВАРЭНьНЕ БЕЛАРУСІ
Хай сабе Беларусь ня спраўдзілася ў сваім натуральным еўрапейскім абліччы і строі, якія найбольш ёй пасавалі б. Тым болей шанцу для яе спраўдзіцца праз літаратуру.
Калісьці Караткевіч стаўся класікам новага рамантызму і перастваральнікам Беларусі ў абсалютна неспрыяльных для таго варунках.
У кожным часе літаратар можа ажыцьцяўляць творчы праект уласнае Беларусі. Так, літаратары з камуністычным сьветаглядам даўно б маглі пабудаваць асобна ўзятую камуністычную Беларусь, замест таго каб паляваць на «ворагаў народу» і на мяккі знак.
1997

ПРАЦА МІКРОБАЎ
Кажуць пра заняпад беларушчыны й безнадзейнасьць беларускае справы. Мне шчыраваньне на гэтай глебе нагадвае пра нябачную работу мікра­істотаў – яны робяць сваю справу, нікім ня ўбачаныя. Мікробы перарабляюць віннае сусло на партвейн, ячменны ўзвар на піва. Піва будзе, не сумнявайцеся, ані вы, рупліўцы беларушчыны, ані тыя, хто падумалі, што Гісторыя раптам адмяніла свае законы.
28.06.1999

ПОСТБЕЛАРУСЬ
Постбеларусь зьявіцца пасьля Беларусі, якую таленавіта прафукалі. Настала шарая гадзіна пасьлябеларусі і паслябеларускай (постбеларускай) літаратуры.
23.06.1998

ВЫНІКОВЫЯ ФІЛАЛАГЕМЫ

ФІЛАЛАГЕМА РЭЖЫСУРЫ
Рэжысёр бачыць так: гэта я магу паставіць, гэта я зраблю. Зрок рэжысёра вечаровы. Ён, нібы кот, які ўвечары адрозьнівае 25 адценьняў шэрага колеру. Яго не цікавяць самыя колеры – удзень каты іх не адрозьніваюць. Яго не цікавяць літаратурныя вартасьці твору, па вялікім рахунку не цікавіць і зьмест, філасофія рэчы. Яго цікавяць гледачы, акторы, сцэны, мізансцэны, воплескі, кветкі, банкеты.
Зрок драматурга – дзённы. Ён бачыць сьпектр, колеры. Але ня бачыць вечаровых адценьняў.

31.12.1997

ФІЛАЛАГЕМА ЗВЫШЧАЛАВЕКА
Беларускі Звышчалавек – гэта ваўкалак Багрыма і Абуховіча, Уладар, Князь, Прарок, Гусьляр Купалы.
Цікава, што Князь і Ваўкалак паяднаныя ў адным гістарычным вобразе – Усяслава Чарадзея.
Усяслаў уваскрасае ў паэме «На Куцьцю». І нядзіўна. Бо ваўкалачыя здольнасьці дапамагаюць вялікаму варажбіту рухацца ня толькі скрозь прастору, але й скрозь час.
Няўдалыя звышлюдзі – Сымон-музыка, Машэка, Сам.
1997

ФІЛАЛАГЕМА ТРЫКСТЭРА
Беларускія трыкстэры – Несьцерка, Зносак, Гаршчок, Самасуй. І... Рабунька.
1997

ФІЛАЛАГЕМА МАСКУЛЬТУ
У кінажашках, дзе акулы, кракадзілы, павукі, прусакі, мурашкі, піраньі, монстры шкуматаюць чалавечыя целы, сублімуецца віна людзей перад згвалтаванай прыродай, а трыумфуе перамога пакрыўджаных братоў нашых меншых, чые целы мы не шкадуем ані.
01.03.2002

ФІЛАЛАГЕМА ГІСТАРЫЧНАГА БЫЦьЦЯ БЕЛАРУСАЎ
Беларусы рэдка змагаліся за сваю незалежнасьць. Яны звычайна змагаліся за выжываньне.
16.06.2002

ФІЛАЛАГЕМА МОВЫ
Глабалізацыя зьмешвае ў суцэльнай калатушы народы, этнасы, менталітэты, канфесіі. Адзінае, што можа выстаяць у працэсе суцэльнага зьліцьця, — гэта мова. Мова – адмета прыналежнасьці яе носьбіта да роду, сям’і. Недарэмна адна з класіфікацыйных адзінак моваў – сям’я. У глабальнай калатушы захаваюць сябе тыя нацыі, якія захаваюцца як сем’і, са сваімі мовамі.
17.08.02. Полацак

ФІЛАЛАГЕМА ЛІТАРАТУРЫ ДВАЦЦАТАГА СТАГОДДЗЯ
Мастацтва XX стагоддзя можна параўнаць з кветкамі, якія прарас­таюць скрозь асфальт, сьмецьце, чарапкі, ашкалёпкі, камяні і бруд; яны красуюць на пустках і зломах, але гэта ўсё ж кветкі.
1996

ФІЛАЛАГЕМА ПЕРАМОЖЦЫ
Грэцкія багі і багіні, героі, якія ўяўляліся велічнымі па прачытаньні літаратурных твораў, паэмаў, трагедыяў, на чорнафігурных вазах, у відэа­версіі выглядаюць сьмешнымі карузьлікамі.
Відэакультура прайгравала і прайграе вялікае спаборніцтва літаратуры.
2003

ФІЛАЛАГЕМА ЦЫВІЛІЗАЦЫІ
У нашым стагоддзі адбываецца змаганьне арганічнай матэрыі з неарганічнай, і перамагае, здаецца, неарганічная. У будучым прадстаўнікі неарганічнай цывілізацыі пачнуць вырошчваць чалавека, як мы зьбіраем камяні або ствараем скульптуры.
Лёс чалавека ў дваццаць першым стагоддзі – залежыць ад яго здатнасьцяў да філасофіі, да новага сінтэзу з неарганікай.
22.12.2002

ФІЛАЛАГЕМА ГЕНІЯ
Сутнасьць таленту – здольнасьць увасабляць эпоху; сутнасьць генія – здольнасьць пераадольваць эпоху.
Такім быў Купала.
2002

ФІЛАЛАГЕМА 2011 ГОДА
Нехта, як Лявон Задума, крыўдуе на беларускую гісторыю, што рухаецца задужа марудна, і ў нас ня так, як у суседзяў.
Думаю пра рэчыва гісторыі. Гісторыя – сусло, якое пераствараецца нябачнымі мікробамі гісторыі. Пакуль не перабрадзіла, марна чакаць выніку і марна паскараць працэсы. Нехта пасьпяшаецца – і перагрэе бражку гісторыі. Вынік будзе адваротны. Нецярплячкам ня месца ў палітыцы ці каля яе. Затое яно прыйдзе абавязкова і неадменна. З такой самай неабходнасьцю, з якой мікраарганізмы разрываюць ядро вагой у тысячу фунтаў. У мяне пытаюцца: «Калі?» Я не вывучаў прыроду мікробаў гісторыі, але памятаю хроніку беларускіх адраджэньняў і з упэўненасьцю адказваю: «2011 год або блізу таго». Прамежак паміж беларускімі пасіянарнымі ўсплёскамі – у дваццаць гадоў. Зьмена пакаленьняў, салярных цыклаў або, праўдзівей, перыяд дзейнасьці мікробаў гісторыі. У 2011 варта чакаць новага прыліву беларусізацыі.
2003