12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Вашкевіч

_____________________
"Больш за ўсё я люблю свабоду..." Гісторыя Аляксея Карпюка



1.
У 1992 годзе, калі ў падменскіх Бараўлянах паміраў Аляксей Нічыпаравіч Карпюк, мне было толькі дзесяць. Ведаць пісьменьніка я ніяк ня мог, ды і час для грунтоўнага знаёмства з яго творамі прыйшоў пазьней, гадоў праз пяць-сем. Але я выдатна помню, як мой бацька яшчэ ў ліпені восемдзесят дзявятага чытаў надрукаваныя ў “Гродненской правде” і скалануўшыя тады Горадню карпюковыя “Печальные были”. Чытаў ён іх гучна, з уздымам, адпаведна настрою ўсяго аўтарскага тэксту, бескампраміснага і рэзкага. Я, здаецца, ніколі да гэтага такім свайго бацьку ня бачыў. У яго голасе і паміж кожным радком артыкулу адчуваўся адзін ці то сумны, ці то радасны матыў: “Вось, нарэшце, праўда і пра нас.”
Асабліва страшны быў расповед пра пачатак пяцідзясятых, калі Карпюк працаваў загадчыкам аддзелу народнай адукацыі ў раённым тады Сапоцкіне непадалёку ад Горадні. Карпюк расказваў аб тым, як у Сапоцкін прыехаў беларускі Берыя, міністр бясьпекі БССР Лаўрэнцій Цанава і, плюючы ў старшыню райкаму, патрабаваў усё больш і больш кулакоў на вываз у Сібір. Сапраўдны шаленец, ён кідаўся на канапу і на пару хвілінаў засынаў, пасьля ўскокваў і пачынаў пляваць ізноў. Было жудасна. “Лойкі, Селіванаўцы, Ласосна...” – гучалі вядомыя мне з самага раньняга дзяцінства назвы вёсак, і я прагна лавіў кожнае слова.
“З дзяцінства хлопчыкаў у нас вучылі:
Калі едзеш на возе пусты ці з гары, абавязкова аб’едзь таго, хто вязе груз або цягнецца з пустым возам наверх.
Калі хлеб упадзе на зямлю, пацалуй яго.
Сядай на лаве з краю, каб нехта яшчэ мог сесьці.
Не выпендрывайся, шануй ня толькі старэйшых, але і жанчын.
Калі б я, прыехаўшы дахаты на канікулы з віленскай гімназіі, ня дай Божа, загаварыў па-польску, бацька даў бы мне ў вуха, а маці б заўважыла:
Дай, Нічыпар, яму яшчэ! І добра дай, а то хутка забудзецца, як граблі называюцца!”
Гэта было нешта выключна важнае, прынцыповае, што я разумеў тады ня столькі розумам, колькі сэрцам, чаму з дня ў дзень упорыста вучылі мяне бацькі і чаго ўжо тады, пад канец васьмідзясятых, было так мала вакол мяне ў школе і на вуліцы.
А пасьля ізноў пра далёкі пяцідзясяты. Пра сьпецыяльныя атрады НКВД, якіх Карпюк без усялякай боязі і аглядкі называў “бяздушнымі акупантамі” і якія тысячамі вывозілі ў Сібір спрадвечных жыхароў Прынямоньня, пра нябачны з часоў шведскага нашэсьця на Гарадзеншчыне голад, арганізаваны Сталінам і яго прысьпешнікамі, пра лагерную мараль, якую пасьля дзесяцігоддзямі навязвалі рахманым і рэлігійным заходнебеларусам. Узьдзеяньне тэксту было яшчэ мацнейшым таму, што належаў ён не пяру якога-небудзь беларускага эмігранта, а сябру Камсамолу Заходняй Беларусі, камандзіру партызанскага атраду, удзель­ніку штурму Берліну, які меў самыя высокія баявыя ўзнагароды.
Менавіта тады, адклаўшы газету ўбок, бацька ўпершыню расказаў мне, як у пяцьдзясят першым арыштоўвалі дзеда Адама, майго прадзеда Адама Іванавіча Вашкевіча. Адам, патомны жыхар наднёманскай вёсачкі непадалёку ад таго самага Сапоцкіна, быў адукаваным (4 класы царскага народнага вучылішча) і, адпаведна, найбольш паважаным гаспадаром той вёскі. У 1939-м вяскоўцы аднагалосна выбралі яго дэпутатам сельсавету і гэтаксама аднагалосна летам 1941-га зрабілі солтысам. Ніхто з аднавяскоўцаў за тры гады акупацыі ня меў на свайго солтыса крыўды, разам ратавалі акружэнцаў, разам пасьля дапамагалі партызанам. Двух чалавек прыйшлося адправіць на працу ў Германію, але пытаньне “Каго адправіць?” таксама вырашалі ўсёй вёскай: каб маладыя і здаровыя (больш шанцаў выжыць), без дзяцей і жонак, адзінокіх і нямоглых бацькоў. Калі прыйшло вызваленьне, Адам ізноў стаў дэпутатам сельскага савету. І вось у сельсавет у Селіванаўцах прыехаў упаўнаважаны з Горадні, узяў з сабою старшыню і пайшоў да Вашкевічаў. Разам з дзедам Адамам пагаварылі, выпілі. Упаўнаважаны сказаў, што дзеду Адаму трэба паехаць у Горадню, даць паказаньні па нейкай ваеннай справе і, зьлякаўшыся, дадаў, што трэба ўзяць з сабою бялізну і харч на тры дні. Старшыня сельсавету, спалатнеўшы, крычаў: “Каб я ведаў, што ты, сука, яго арыштоўваць ідзеш...”, а дзед Адам моўчкі пайшоў зьбіраць рэчы. У выніку дваццаць пяць гадоў лагеру за здраду Радзіме (прыслугоўваў акупантам, агітаваў супраць калгасаў, слухаў Радыё Свабода). Сына Івана, тады ўжо старшыню мясцовага калгасу “Чырвоны Нёман”, разам з сям’ёй пачалі рыхтаваць да вывазу, і толькі сьмерць “Правадыра” не дала магчымасьць сямейству Вашкевічаў атрымаць, як жартуе мой бацька, “имя гордое – сибиряк.“
Адным словам, мабыць, упершыню тады ў маёй сьвядомасьці асабістае злучылася з грамадскім, і маё свойскае “я” пакрысе пачало пераўтварацца ў супольнабеларускае “мы”.
Мы з бацькам ня ведалі, што за гэтую публікацыю ў “Гродненскай” Аляксея Нічыпаравіча яшчэ пасьпелі грунтоўна абліць брудам на старонках самых розных перыёдыкаў, ад гарадскіх да рэспубліканскіх. Здавалася, ня той час. Аднак “час” мае ўласьцівасьць мяняцца самым нечаканым чынам. Хутка Карпюка ня стала, тэма сталінскіх рэпрэсіяў зьнікла са старонак газетаў (хаця тут, на правінцыі, яна на гэтых старонках ніколі асабліва і не зьяўлялася), і мы па-старому, бяз праўды і сьціплага шанаваньня, танкамі на парадах і гучнымі пустымі прамовамі працягвалі адзначаць тую ўсё больш далёкую ад нас Перамогу.
Аднак выразка з “Гродненской правды” засталася. Яна, пажаўцелая і амаль уся падкрэсьленая бацькам, і зараз ляжыць перада мною. У хвіліны роспачы я заўсёды бяру ў рукі гэты маленькі шматочак паперы і падоўгу, нават не чытаючы, трымаю яго ў руках. Ён для мяне – запавет і нязводны напамін пра тое, што чалавек, які ўзяўся пры дапамозе алоўка і паперы нешта гаварыць людзям, па­вінен гаварыць толькі адно – ПРАЎДУ.

2.
Археолаг Міхась Ткачоў, біяхімік акадэмік Юрый Астроўскі, краязнаўца і настаўнік Апанас Цыхун, кампазітар Аляксандр Шыдлоўскі, пісьменьнік Аляксей Карпюк... Горадні ў пасьляваенныя дзесяцігоддзі шанцавала на вартых лю­дзей. Але што значыць “шанцавала”? Яна сама, Горадня, шмат у чым рабіла іх такімі, якімі яны ўжо навечна ўвойдуць у Беларускі Пантэон. Дарэчы менавіта тут, па-над Нёманам і Каложай, пачала ўзыходзіць зорка Васіля Быкава. Апошні ўласна і пачаў пісаць па-беларуску ня без уплыву таго самага Карпюка і вядомага яшчэ ў дваццатых заходнебеларускага паэта Міхася Васілька.
Канчаткова ў сваім жаданьні напісаць пра Аляксея Карпюка я сьцьвердзіўся праз некалькі дзён пасьля сьмерці Івана Антонавіча Брыля, калі, лежачы на канапе, гартаў падараваны мне ім напрыканцы нашага адзінага спатканьня зборнік “З людзьмі і сам-насам”. Не сказаць, каб шукаў нечага канкрэтнага, аднак у такіх выпадках звычайна хутка трапляеш на тое, самае важнае месца.
Гэты запіс быў зроблены Янкам Брылём недзе ў двухтысячным. “Адчуваньня, што ўсё магчымае табою зроблена (так гаварыў Карпюк Калесьніку незадоўга да сьмерці), у мяне няма. Аднак і пра тое яшчэ большае, што трэба, можна і варта было зрабіць, думаецца ня надта настойліва і часта, відаць, і проста ад узроставай ды хвараблівай старасьці, ад натуральнай стомы, вычарпанасьці і – дзякуй Богу – здольнасьці бачыць межы сваіх творчых магчымасцяў.”
І яшчэ, праз год, ужо ў новым тысячагоддзі: “Востра адчулася, што маё, у той ці ў іншай ступені аўтабіяграфічнае, перш за ўсё “Птушкі і гнёзды”, трэба было напісаць з усёй безагляднай, бязьлітаснай шчырасьцю, чаго я не зрабіў на ўсю моц, а з той асьцярожнасьцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў і мой сацрэалізм...
Літаратарам-прафесіяналам я стаў дзякуючы ўваходу ў савецкую рэчаіснасьць, то па наіўнай шчырасьці, то з патрыятычнага абавязку вучачыся стаць, быць савецкім пісьменьнікам, бо іншым быць і ня мог. Калі б вайна, аб’яднаньне Беларусі адбылося гадоў на дзесяць пазьней, я, жывучы ў Заходняй, застаючыся селянінам, можа, і змог бы стаць, як літаратар-саматужнік, у пэўнай меры значным ці прыкметным сваёй шчырасьцю, праўдай жыцьця, аднак – гэта ж толькі калі б...”
Стары, стомлены перажытым Брыль, разважаў над сваім творчым шляхам, спрабаваў асэнсаваць яго. Мне цяжка ўявіць, каб у Заходняй Беларусі, прыдушанай аўтарытарным рэжымам Другой Рэчы Паспалітай, маладому хлопцу з-пад Міру ўдалося б дабіцца нават сотай часткі той пашаны і творчых магчымасьцяў, якія атрымаў народны пісьменьнік БССР, лаўрэат сталінскай прэміі Янка Брыль. Але Іван Антонавіч усё гэта ставіў на кон толькі дзеля аднаго – поўнай і безагляднай шчырасьці свайго слова.
Брыль, Карпюк, Калесьнік, Адамовіч… Як шмат узвалілі на сябе гэтыя людзі! Відавочцы і актыўныя ўдзельнікі падзеяў, якія мы сёньня называем беларускай гісторыяй, яны былі змушаныя стаць адначасова і Стваральнікамі, і Захавальнікамі, і Абаронцамі, і нават Суддзямі свайго ўласнага і нашага агульнага мінулага. Так шмат і ўсё адразу, бо такіх, як яны, было занадта мала.
Разуменьне таго, што значыць для мяне імя Аляксея Карпюка, прыходзіла паступова. Першыя яго творы я прачытаў, маючы гадоў пятнаццаць, і сёньня ўспамінаю, як упершыню захапляўся адважнымі партызанамі з “Маёй Джамалунгмы” і “Пушчанскай Адысеі”, размазваў па твары сьлёзы над “Данутай” ці “Каранямі”, заходзіўся ад гневу, калі чытаў “Разьвітаньне з ілюзіямі”...
Сказанае Карпюком напярэдадні свайго апошняга шляху Калесьніку – праўда. У Аляксея Нічыпаравіча, больш чым у каго-небудзь іншага з беларускіх пісьменьнікаў, няма недагаворанасьці, двухсэнсоўнасьці, даравальнасьці для іншых і найперш для самога сябе. Карпюк у сваіх творах хіба насамрэч сказаў усё, што хацеў сказаць, і яго шчырасьць, разам з вялікай і годна пройдзенай жыцьцёвай дарогай, падсьвядома падкуплялі і мяне.
Доказам апошняй думкі зьяўляюцца шматлікія эпізоды з “Доўгай дарогі дадому” Васіля Быкава, у якіх той піша пра свайго гарадзенскага калегу-пісьменьніка і сябра. Быкаў, пісьменьнік выразна экзістэнцыянальны, ня надта аптымістычна гля­дзеў на чалавека як істоту разумную, і магчыма таму так і паважаў Карпюка, што апошні быў жывым выключэньнем з яго, Быкава, уяўленьняў пра людзей, іх жыцьцё і канчатковы, апошні вынік кожнага чалавечага жыцьця ў гэтым сьвеце: “Карпюк быў ня з тых, хто мог бязвольна скарыцца ўладзе ці ворагу, ці звычайнай жыцьцёвай бязглузьдзіцы. Усё жыцьцё гэты чалавек імкнуўся асядлаць свой лёс, хаця тое і каштавала яму аграмадных высілкаў і далёка не заўжды ўдавалася. Але ўдавалася нават у вайну, як ён уцякаў з канцлагеру, пасьля выбавіўся ад расстрэлу ў партызанскай брыгадзе. Дый на фроньце ўвогуле яму шэньціла, бо пазбыцца пагібелі з яго цяжкой ранай ня кожнаму ўдалося б. Карпюк выжыў”.

3.
Страшава, родная вёска Аляксея Карпюка, сёньня не ў Беларусі, а на польскай Беласточчыне, усяго кіламетраў пяць ад мяжы, акурат паміж Гарадком і паграніч­ным пераходам Баброўнікі, што пад Бераставіцай. У пачатку дваццатых гадоў мінулага стагоддзя гэтай мяжы не было. Пагранічныя слупы, што аддзялялі тагачасную беларускую дзяржаву ад Польшчы стаялі кіламетраў за дзьвесьце на усход, пад Койданавам і Радашковічамі. Сын праваслаўнага селяніна, салдата часоў Першай сусьветнай вайны, Нічыпара Карпюка, Алёша быў такім самым, як і усе тагачасныя хлапчукі, босым падшпаркам, што пасьвіў гусей і, праз колькі гадоў, карову.
Выхоўвалі дзяцей у беларускай вёсцы без асаблівай пяшчоты, можна сказаць сувора. З самых малых гадоў дзеці дапамагалі бацькам па гаспадарцы, а жыцьцё было падпарадкаванае прынцыпам, якія склаліся сотні гадоў таму. Ужо на схіле свайго жыцьця, разважаючы над адвечнай праблемай бацькоў і дзяцей, Аляксей Нічыпаравіч рашуча прызнаў народную, традыцыйную педагогіку найлепшым сродкам выхаваньня маладога чалавека, самым моцным фундаментам яго далейшага разьвіцьця:“Усе гэтыя правілы як для хлопчыкаў, так і для дзяўчынак, падмацаваныя прымаўкамі, нацыянальнай сімволікай, казкамі і легендамі, каламбурамі і жартамі, загадкамі і лічылкамі, забясьпечвалі стрыжань, нацыянальную ўтульнасьць, непаўторны каларыт, духоўную ўпэўненасьць, пачуцьцё чалавечай годнасьці і былі выдатным полем, надзейнай гарантыяй самасьцьвярджэньня і росту.”
Канешне, у міжваенны час заходнебеларуская вёска не была такой ужо патрыярхальнай, як нават на пачатку ХХ стагоддзя. Гады бежанскай тулянкі па бясконцых прасторах ахопленай грамадзянскай вайной Расіі, жыцьцё ў чужым нацыянальным асяроддзі, рабілі людзей больш перакананымі беларусамі, давалі магчымасьць шырэй глянуць на сьвет. Шмат хто, атрымаўшы доступ да вышэйшай адукацыі, увогуле застаўся ў Савецкай Расіі. Бадай кожная сям’я, што ў пачатку 1920-х вярнулася на свае папялішчы, магла пахваліцца колькімі сваякамі, якія займалі важныя пасады ў Ленінградзе і Маскве. Яны працавалі інжынерамі, вайскоўцамі, выкладалі ў тэхнікумах і былі для тых, хто штодзённа гнуў сьпіну на сваіх загонах пад Баранавічамі і Навагрудкам, яшчэ адным доказам, што Савецкі Саюз – сапраўдны рай, дзе кожны атрымлівае адпаведна сваёй працы і заслугаў. Крывавая хваля 1937-га змыла зямныя сьляды гэтых людзей.
Заходняй Беларусі было цяжка, і душою вёскі яе былі на Усходзе, у БССР. Ды і ўвогуле становішча склалася дзіўнае. Прапагандаваныя камуністамі лозунгі аб пралетарскай рэвалюцыі знаходзілі ў сялянскай Заходняй Беларусі больш прыхільнікаў, чым у прамысловай цэнтральнай і заходняй Польшчы. Змаганьне ў шэрагах КПЗБ для большасьці нашых сялянаў мела амаль рэлігійны характар, чаканьне ж “сонца з усходу” нагадвала сярэднявечны хіліазм гусітаў. Партыя з начнымі сходкамі ў лесе і чытаньнем нікому незразумелай літаратуры – Царква; Сталін, Ленін і іншыя камуністы – Хрыстос і яго апосталы. Нездарма на папя­лішчы гумна аднаго селяніна, што выступіў у якасьці штрэйкбрэхера, кэпэзэбоўцы пакінулі запіску: “Так табе, хрыстапрадавец”. «Прыняў гэтую веру і мой бацька і быў у гэтай веры цьвёрды», – напісаў пра свайго бацьку, дарэчы сказаць, ня беднага селяніна, Аляксей Карпюк.
Другая палова трыццатых увайшла ў гісторыю Беларусі як час па абодва бакі Рыжскай мяжы змрочны, амаль безнадзейны. Польскі ўурад канчаткова адмовіўся ад канцэпцыі гэтак званай дзяржаўнай асіміляцыі беларусаў і перайшоў да нацыянальнай – поўнай асіміляцыі, сэнс якой удала выказаў адзін польскі палітык: “Праз пяцьдзясят гадоў бу­дзеце беларусаў на Крэсах шукаць са сьвечкай”. Заходняя Беларусь задыхалася ад безьзямельля і нацыянальнага прыгнёту. Маладыя ня мелі нават надзеі стварыць сваю гаспадарку і, адпаведна, ажаніцца, не маглі пайсьці ў горад, бо там не было працы, і не хацелі быць вечнымі батракамі ў панскіх маёнтках. Гэтыя бабылі стваралі банды, якія на вясковых фэстах арганізоўвалі грандыёзныя бойкі з сялянамі. Такое становішча для польскай адміністрацыі на крэсах было нават зручным. За крымінальнае злачынства давалі адносна невялікія тэрміны, у любым выпадку меншыя, чым за гэтак званы “камунізм”. Абы толькі мясцовыя беларусы не стваралі сваіх арганізацыяў – кааператываў, школаў, бібліятэкаў, абы толькі не шукалі шляхоў да вызваленьня, абы не гуртаваліся. Праз многа гадоў Карпюк адзначаў, што ў тых ваколіцах, дзе дзейнічалі падпольныя камітэты КПЗБ, арганізацыі Грамады і ТБШ, нашмат ніжэйшы быў узровень злачыннасьці, амаль ня білася паміж сабою моладзь, людзі трымаліся больш упэўнена.
Алёша Карпюк у трынаццацігадовым узросьце далучыўся да заходнебеларускага камсамолу. Тады ж ён прысягнуў самому сабе, што ніколі ня возьме ў рот алкаголю, бо бачыў, як лёгка пракалоцца выпіўшаму падпольшыку. Рашучая, ваяўнічая абстыненцыя стала жыцьцёвым прынцыпам Карпюка, якая, нельга сумнявацца, не аднойчы дапамагала яму выйсьці з самых складаных сітуацыяў.
Моладзь, што ішла ў КПЗБ, у пераважнай большасьці была цьветам маладой беларускай нацыі, яе надзеяй і будучыняй. Гэта былі самыя сумленныя, адважныя і нецярпімыя да несправядлівасьці хлопцы і дзяўчаты. Вера ў сьветлае будучае Беларусі неразрыўна лучылася ў іх сьвядомасьці з камунізмам, барацьбой усіх народаў зямлі супраць фашызму і каланіялізму. Рызыка ў падпольнай рабоце была страшэнная. За знойдзеныя лістоўкі ці вывешваньне сьцягу хлопец атрымліваў пяць-шэсьць гадоў катаргі, адкуль вяртаўся або хворым на сухоты інвалідам, або не вяртаўся ўвогуле. У пастарунках паліцэйскія, якія на падвышаныя заробкі зьязджаліся з ўсёй Польшчы, катавалі людзей, часта забіваючы іх.
Адначасова камуністы завальвалі вёску тысячамі лістовак і брашураў, у якіх славілі багатае, амаль бесклапотнае жыцьцё рабочых і сялянаў БССР. Вось, да прыкладу, словы сялянкі Кульбы, цялятніцы калгасу “Чырвоныя Скарынічы”, надрукаваныя ў падпольнай газеце “Весткі з СССР” у студзені 1936 году: “Я выпрацавала 600 працадзён, дастаю за іх 2100 кілограмаў рознага збожжа, 1200 кгр. бульбы і 360 рублёў грашамі. Летась пабудавала новы дом. Купляю: дзіван, добрыя крэслы, шкаф на адзёжу, патэфон, дзіцячы веласіпед для сына Толіка. Будую стадолу для сваёй жывёлы. Зімою буду вучыццца ў калгаснай школе, а вясной – да працы.” Што значыцца гэтае “купляю”, а не “купіла”, сказаць цяжка, але заходнебеларускія мужыкі чыталі ўсё з захапленьнем. Менавіта таму вечарамі прыціснуўшыся да радыёпрыёмнікаў слухалі: “Гаворыць Менск!”. А далей у эфір урываліся гукі любай усім “Лявоніхі”. Аказваецца ня проста багата жыве БССР, але таксама і па-беларуску, па-роднаму. Адным словам за такую будучыню і за такую надзею ня шкода і жыцьцё пакласьці.
Асноўная частка кэпэзэбоўцаў належала да ліку шчырых, але слаба адукаваных беларускіх вяскоўцаў, якія лёгка паддаваліся савецкай прапагандзе з усходу. І менавіта адтуль, з усходу, нанесены быў ім удар у сьпіну. У 1933 г. у Менску арыштавалі правадыроў беларускага руху, паслоў Сейму, якія, асуджаныя польскім урадам, выехалі ў БССР. Было аб’яўлена, што Ігнат Дварчанін і іншыя былыя паслы насамрэч ніякія не змагары, а правакатары, польскія шпіёны, якія нават Беларускую сялянска-работніцкую грамаду стваралі з правакатарскімі мэтамі.
Роспач у змагарных заходнебеларускіх вёсках была жудасная. Менск, голас якога быў для многіх голасам Бога, абвесьціў, што людзі, якіх вяскоўцы выдатна ведалі, якіх ва ўсіх на вачах збівала польская паліцыя і якіх усёй вёскай, узброіўшыся камянямі і дручкамі, кідаліся ад гэтай паліцыі бараніць – ворагі. Добра вядома, што самае страшнае, гэта калі памірае вера. А адсутнасьць веры нараджае страх, няўпэўненасьць у правільнасьці сваіх учынкаў, недавер да паплечнікаў, да бліжняга.
Крыху пазьней расстралялі і правадыроў КПЗБ. Летам 1938 г. выканкам Камінтэрну распусьціў КПЗБ, матываваўшы роспуск тым, што ў партыі быццам зашмат правакатараў і польскіх шпіёнаў. Гэтым абвінавачваньнем сытыя маскоўскія камісары плюнулі ў твар тысячам беларускіх змагароў, што гнілі ў польскіх турмах. Патопленная ў крыві вера кэпэзэбоўцаў, аднак, не памёрла. Значная частка адыйшла ад любой грамадскай працы ўвогуле, некаторыя, сьцяўшы зубы, пачалі чакаць няведама чаго.
Партыяй “наіўных рамантыкаў і сьвятых летуценьнікаў” назваў КПЗБ Аляксей Карпюк. Ацэнка, зразумела, ідэалізаваная, але па сутнасьці правільная. КПЗБ павінна заняць належнае месца ў гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху нягледзячы ні на што.

4.
Нечакана грымнуў верасень трыццаць дзявятага. Вестку аб пераходзе Чырвонай Арміяй мяжы з Польшчай, агучаную ранкам 17 верасьня Молатавым па радыё, большасьць насельніцтва Заходняй Беларусі сустрэла з радасьцю. Былыя кэпэзэбоўцы дзе-нідзе нават схапіліся за зброю, дапамагалі ўсталёўваць новую ўладу. Людзі танцавалі на вуліцах, сьпявалі і частавалі яблыкамі савецкіх салдат. Цяжкі сон, які назваўся “Другая Рэч Паспалітая”, скончыўся. “Вось цяпер, нарэшце, зажывем, думалі многія. Нічога, што нас пакрыўдзілі, думалі кэпэзэбоўцы, зараз разьбяруцца.” І мала каго, насамрэч, абыходзіла, што славутае “ўзьяднаньне” было толькі пабочным вынікам гістарычнай змовы, славутага пакту Молатава-Рыбентропа.
Незразумелае пачало адбывацца пазьней.
Мяжу з былой Польшчай ліквідавалі адно фармальна, заходнік мог трапіць у Менск маючы толькі сьпецыяльны дазвол і па канкрэтнай справе. Гэтаксама і наадварот. Затое гарады і мястэчкі Заходняй Беларусі напоўніліся адказнымі савецкімі чыноўнікамі, афіцэрамі і прапагандыстамі, якім пасьля Савецкай Беларусі нават заходнебеларуская нішчымніца падавалася вяршыняй панства, кулацтвам і г.д.
“Усё ім не падабалася.
І наша мова.
І тое, што бабулі ходзяць у касьцёл, у царкву, а некаторыя мужыкі пры сустрэчы адзін з адным здымаюць шапкі.
І выгляд шапак ім не падабаўся.
І тое, што сярод дня звоняць званы.
І тое, што пасьля сьмерці блізкага чалавека чорную павязку на рукаве носяць цэлы год...
Менавіта непрыняцьце тысячы падобных фактаў быццам бы давала ім права лічыць сябе на галаву вышэй нас.
А ўсе яны былі вялікімі майстрамі мату і аматарамі выпіць...
Землякі мае, а як жа, выпівалі – на Вялікдзень, Каляды, Сёмуху і Новы год, выпівалі на хрэсьбінах і вясельлях. І пілі кілішкамі. У нас на жніво хутчэй можна было сустрэць іншапланяцяніна, чым п’янага.
Прыезжыя адразу напоўнілі крамы скрынкамі з таннай гарэлкай, завялі звычку піць стаканамі і ў любы дзень, раніцай і вечарам, а за сталом стаяў мат-перамат – вушы сохлі, слухаючы.”
Дзіўнае адбывалася і з мясцовымі, аказалася, што новай уладзе патрэбны найбольш ня тыя, хто дваццаць гадоў змагаўся за Савецкую ўладу, а тыя, хто гатовы быў дагаджаць гэтай уладзе сёньня: “Тыя, хто раней лёгка паддаваўся паланізацыі, зараз дружна загаварылі па-руску. Не, “дружна” – гэта ня тое слова, яны загаварылі ўзахлёб. Новым уладам такія паводзіны здагадлівых грамадзянаў вельмі спадабаліся. Усіх, хто гаварыў па-беларуску, сталі называць нацыяналістамі, аскепкамі нацдэмаўшчыны, рупарамі ворагаў народу і чорт ведае чым яшчэ.
Забаранілі праводзіць Купальле, арганізоўваць калядкі і батлейкі, хадзіць са зьвяздой на Раство.
Забаранілі сьпяваць “Ад веку мы спалі”, “Люблю я край, старонку гэту”. Завуч педвучылішча ў Наваградку Кушалеўскі мяне і Н. Жураўлёва злавіў за гэтым заняткам у калідоры і папярэдзіў: пачуе з маіх вуснаў падобнае яшчэ раз, вылечу з педвучылішча і мною зоймецца НКВД.”
Асабліва дасталася, як гэта ня дзіўна, былым сябрам КПЗБ.
Па словах Уладзіміра Нічыпаравіча Карпюка, малодшага брата Аляксея, сярод кэпэзэбоўцаў хадзілі ўпартыя чуткі аб тым, што вызваленага немцамі ў верасьні 1939-га Прытыцкага павезьлі ў Маскву на прыём да Сталіна. Сталін сказаў яму проста: “Або ты са мною, або ты з імі.” Логіка “Правадыра” зразумелая, у Заходняй Беларусі жыло 4 мільёны чалавек, якім патрэбен быў своеасаблівы ідал з мясцовых, такое вязьмо паміж гэтымі мільёнамі і ім, Сталінам. Прытыцкі найлепш падыходзіў на гэтую ролю. У любым выпадку лепш за некалькі тысячаў разумных, вольналюбівых і сумленных кэпэзэбоўцаў. Ды і што гаварыць, на беластоцкім Народным сходзе Заходняй Беларусі ў кастрычніку 1939-га не прагучала ніводнага слова пра КПЗБ і яе ролю ў барацьбе за ўзьяднаньне. Калі ў 1970-м Прытыцкі памёр, многія былыя кэпэзэбоўцы вырашылі на пахаваньне Прытыцкага ня ехаць. Здрадзіў сябрам па партыі, а для кэпэзэбоўцаў гэта было самае жудаснае злачынства. Ізноў жа і Прытыцкага нельга ўспрымаць так адназначна, менавіта ён, гаварылі, выратаваў з лапаў НКВД знакамітага ў Заходняй Беларусі паэта Міхася Васілька, якому савецкая бясьпека “шыла” супрацоўніцтва з нацыстамі ў гады вайны.
Падобны лёс напаткаў і былога кіраўніка ячэйкі ў Страшаве, старога Нічыпара Карпюка. Яго, як кулака, абклалі агромністымі падаткамі і пакрысе прыдушвалі. Праз многа гадоў сын пакутліва асэнсоўваў духоўны стан свайго бацькі, успамінаючы, як аднойчы сьвіньня ў хляве разварушыла забыты тайнік з лістоўкамі колькігадовай даўніны. Бацька поўзаў па гноі, акуратненька складаў нікому цяпер не патрэбныя шматочкі паперы адзін да аднаго і ледзь ня плачучы прыгаворваў: “Нічога, Нічыпар, трывай, усё паправіцца, яны разьбяруцца…”
Становішча бацькі Аляксей да канца не разумеў, вучыўся далёка, у наваградскім педвучылішчы, ды і маладосьць брала сваё, агромністыя жыцьцёвыя персьпектывы адчыняліся перад маладым чалавекам у бязьмежнай краіне, што цягнулася ад Беластоку да Уладзівастоку. Толькі адзін раз давялося сустрэцца з грозным знаменьнем. Карпюк падаў заяву аб уступленьні ў камсамол і атрымаў ад сакратара арганізацыі вучылішча адмову, той прыпомніў Карпюку і трыццаць гектараў бацькі, і, “увогуле, невядома яшчэ чым вы там у сваім заходнебеларускім камсамоле займаліся”.
Час ішоў, ішоў чэрвень сорак першага. Усё было ціха, толькі з далёкага Страшава да Аляксея даходзілі пагалоскі, што яго бацька ўжо даўно ня можа здаць усіх “цьвярдых падаткаў”, і, магчыма, яго хутка нават вывязуць як “кулака”.
Вайна абышла Наваградак, і, калі хлопцы з педвучылішча зразумелі, што немцы пад Менскам, было ўжо позна. З Наваградку рушылі на ўсход, але хутка былі перахопленыя немцамі, якія, атачыўшы сваімі дывізіямі Налібокі, дабівалі па лясах рэшткі войскаў Заходняга фронту. Афіцэр вермахту, пераканаўшыся, што хлопцы не пераапранутыя чырвонаармейцы, сказаў толькі: “Назад, жаць, сеяць, працаваць.” Проста аб тым, для чаго толькі патрэбныя былі беларусы новым захопнікам. Вярнуліся ў Наваградак. Немцы па вуліцах вешалі актывістаў, камсамольскі важак, які адмовіўся прыняць Алёшу ў камсамол, з белай павязкай на рукаве (“дапаможная паліцыя”) старанна поўзаў на пузе перад нямецкім фельдфебелем, выконваючы фізічныя практыкаваньні... Прыйшлося ўцякаць далей.
Дарога паміж Ваўкавыскам і Беластокам была заваленая кінутай савецкай тэхнікай. Уся ўяўная моц Чырвонай Арміі перастала існаваць, савецкае і партыйнае кіраўніцтва панічна паўцякала на ўсход. У пясок рассыпаліся гучныя словы пра перамогу над ворагам на чужой тэрыторыі, агромністыя савецкія танкавыя карпусы і дывізіі бамбардзіроўшчыкаў, якімі была запоўненая прастора паміж Беластокам і Менскам. Адзіныя, хто маглі рэальна супраціўляцца ворагу, былі былыя заходнебеларускія камуністы-падпольшчыкі і акружэнцы з тых, што не хацелі проста перачакаць ваенную буру, уладкаваўшыся па вёсках і хутарах.
Карпюк адразу ўсталяваў кантакты з акружэнцамі і разам са сваімі сябрамі дапамагаў ім чым мог, зьбіраў зброю, інфармацыю, ажыцьцяўляў сувязь паміж лесам і Беластокам, удзельнічаў у некалькіх акцыях. Хутка па даносе правакатара усіх Карпюкоў арыштавалі. Арыштоўвалі людзей сотнямі не за канкрэтную антыфашысцкую дзейнасьць, а проста за ўдзел у КПЗБ, Грамадзе, беларускіх дэмакратычных арганізацыях у часы Польшчы. Акупанты карысталіся ячшэ польскімі архівамі і даносчыкамі, каб зьнішчаць нават тых, хто хоць бы патэнцыяльна мог стаць у шэрагі супраціву. Час-почас у камеру беластоцкай турмы, дзе сядзелі каля сотні чалавек, заходзіў афіцэр СД з групай аўтаматчыкаў і па сьпісе выклікаў 10-20 чалавек, якіх выводзілі на расстрэл. Карпюкам пашанцавала, прамых доказаў супраць іх не было. Бацьку выпусьцілі, сыноў прысудзілі да безтэрміновага заключэньня ў Штутгофе, канцэнтрацыйным лагеры непадалёку ад Гданьску.
Умовы жыцьця ў Штутгофе былі жудасныя, кожны дзень гінула па некалькі дзясяткаў чалавек. У працоўнай камандзе, дзе знаходзіліся Аляксей з братам Валодзем, людзі трымаліся два-тры месяцы, павольна паміраючы ад голаду і цяжкой працы. Карпюк рашыўся на ўцёкі, аднак арганізаваць іх як сьлед не было часу, дапамог выпадак – працоўную каманду накіравалі на працу на чыгуначную станцыю, скочыўшы пад вагоны, уцячы здавалася даволі проста, але трэба было рашыцца. У гэтай сітуацыі, якая запатрабавала ад яго звышчалавечага напружаньня фізічных і духоўных сілаў, Карпюк павінен быў вырашыць яшчэ адну дылему – пакінуць у лагеры брата. Той у апошні момант на ўцёкі не рашыўся, і толькі Божая воля дапамагла братам сустрэцца пасьля вайны.
Дапамаглі незнаёмыя палякі, якія забясьпечылі Аляксея формай нямецкага чыгуначніка, і той, добра валодаючы нямецкай мовай, спакойна даехаў у цягніку аж да самага Беластоку. Гэта была неверагодная, замяшаная на надзвычайнай сьмеласьці ўдача, ад якой пераймала дых.
Зайшоўшы ў родную хату, Карпюк сутыкнуўся нос у нос з некалькімі нямецкімі салдатамі – у хаце разьмяшчаўся пост аховы чыгункі, бацькоў з яе вы­гналі. У ваколіцах Беластоку ніякіх партызанскіх атрадаў не было, і Карпюк вырушыў аж пад Ружаны, у знакамітую Гута-Міхаліну, дзе напрыканцы 1943-га году разьмяшчалася галоўная групоўка Баранавіцкага партызанскага злучэньня.
Яшчэ і сёньня, любы, добра падрыхтаваны фізічна беларус, узброіўшыся палаткай і колькітыднёвым запасам ежы, можа за пару тыдняў, не выходзячы з лесу, прайсьці праз усю былую Заходнюю Беларусь. Праз Белавежу ў Ружанскую пушчу, каля Косава пералескамі ў агромністы лясны масіў на поўдзень ад Слоніму. Далей крыху на поўнач у Ліпічанскую пушчу, дзе яшчэ ў першай палове дваццатых дзейнічаў знакаміты атаман Іскра. Каля Любчы з Ліпічанаў у Налібокі, яшчэ кіламетраў пяцьдзясят лесам і вы пад Койданавам. А гэта ўжо, фактычна, і сам Менск.
У Гута-Міхаліне Карпюка прынялі ня надта ветліва: “Уцёк з лагеру! Кінуў там брата! Праз палову Германіі спакойна праехаў цягніком!” Падазрэньні лёгка маглі скончыцца хуткім судом “па законах ваеннага часу” і расстрэлам. Выратавала выпадковая сустрэча з камандзірам атраду дэсантнікаў Вайцяхоўскім. Той рыхтаваўся на аснове свайго невялікага атрада стварыць цэлую партызанскую брыгаду, і маладыя ініцыятыўныя хлопцы з мясцовых былі яму патрэбныя як паветра.
Так 23-гадовы Алёша Карпюк стаў камандзірам атраду імя Кастуся Каліноўскага ў аднаіменнай брыгадзе. Партызанскую аўтабіяграфію Карпюка (маю на ўвазе найперш яго знакамітую “Пушчанскую Адысею”) можа прачытаць кожны, адзначу толькі тое, што падаецца мне асабліва важным. Атрад Карпюка быў адзі­ным за ўсю гісторыю партызанскага руху ў 1941-1944 гг., названым у гонар вялікага паўстанца. Шмат у чым выпадак, але выпадак сімвалічны. Пяцьдзясят сем чалавек з імем Кастуся, адзіныя сярод дзясяткаў атрадаў імя Сталіна, Суворава, Аляксандра Неўскага і Калініна.
У фондах Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музею захоўваецца экспанат КП-26193 “Баявая характарыстыка Аляксея Нічыпаравіча Карпюка”, падпісаная намесьнікам камандзіра і камісарам брыгады імя Кастуся Каліноўскага. У ёй кароткі пералік баявых акцыяў з удзелам будучага пісьменьніка. Усяго сямнаццаць, з іх адзінаццаць у якасьці камандзіра атраду. Зацытую толькі некалькі эпізодаў: “15 мая асабіста ўзарваў нямецкі эшалон каля паўстанку Крынкі. У выніку крушэньня зьнішчаны паравоз і 14 вагонаў з харчаваньнем для нямецкай арміі. Рух на ўчастку спынены на 36 гадзінаў.
18 мая каля прыпынку Страшава быў спушчаны кур’ерскі цягнік праціўніка. У выніку крушэньня, зробленага тав. Карпюком быў зьнішчаны адзін паравоз, 8 кур’ерскіх вагонаў з салдатамі і афіцэрамі войскаў СС. Па дадзеных разьведкі ўстаноўлена, что сярод афіцэраў войск СС загінула 4 важныя прадстаўнікі нямецкага ўраду, па трупы якіх з Берліну ў той самы дзень былі прысланыя самалёты.
10 чэрвеня пад непасрэдным камандаваньнем тав. Карпюка 14 партызанаў з яго атраду ажыцьцявілі налёт на чыгуначную станцыю Сакола, у выніку бою былі забітыя 3 немцы з чыгуначнай аховы, зьнішчаная ўся станцыённая аппаратура, стрэлкі. Станцыённы будынак быў спалены. У момант нападу на станцыю падышоў нямецкі эшалон з параненымі нямецкімі салдатамі і афіцэрамі. Па загаду тав. Карпюка, эшалон быў прыняты, стрэлачным рычагом спушчаны і абстраляны. У выніку абстрэлу і крушэньня быў зьнішчаны 1 паравоз і 8 класных вагонаў. Па няпоўных дадзеных было забіта і паранена 58 салдат і афіцэраў праціўніка.”
Гэтыя і іншыя засады, баі і сутычкі збольшага апісаныя ў “Пушчанскай адысеі” недзе кур’ёзна, недзе трагічна, але самае галоўнае, праўдзіва, без залішніх прэтэнзіяў на гераізм. Мабыць, менавіта па “Пушчанскай адысеі” было б варта вывучаць тую вайну нашым школьнікам.
У сваіх апавяданьнях Карпюк піша аб тым, які азарт ахоплівае мужчыну, калі ён павінен перамагчы больш моцнага за сябе і колькасьцю, і ўзбраеньнем, і вайсковай падрыхтоўкай ворага. Карпюк быў салдат. Напэўна ў большай ступені салдат, чым хто-небудзь іншы з яго пасьляваеннага пісьменьніцкага пакаленьня. Але стан пастаяннай сьмяротнай небясьпекі не нармальны ні для аднаго чалавека. Ты ня ведаеш, што будзе заўтра ці нават праз гадзіну. Ня ведаеш, ці будзеш вечарам з сябрамі каля партызанскага вогнішча сьвяткаваць перамогу, ці твой акачанелы труп, папярэдне сьцягнуўшы з яго боты, паліцыянты павязуць у недалёкае мястэчка на апазнаньне. Наўрад ці чалавек, які трапіў у такое становішча, можа падтрымліваць сябе адной нянавісьцю. Найперш патрэбна любоў:
“Каб узяў хто вялізную вагу і дваццаць тры гады таму назад зважыў страшаўскія палі са збажыной, балоты з травамі, лес з кветкамі і паветра з пахамі, і зрабіў гэта яшчэ раз цяпер, то ў яго не хапіла б роўна столькі кілаграмаў, колькі нашу сваімі нагамі я.
Кожны атам, кожная салінка і кожная малекулка ва мне мае сабе родную ў целах жывых страшаўцаў, у страшаўскім полі, тарфяніску, нават у страшаўскім палыну, крапіве і ліпніцкіх крывулінах...
Усімі клеткамі свайго цела адчуваю, як Страшава ад мяне чагосьці чакае. Пакуль ва мне цепліцца сьвядомасьць, ці ж магу я пайсьці супроць сябе і падвесьці землякоў?” Можа хтосьці з класікаў нацыянальнай літаратуры прызнаваўся ў любові да свайго кутка больш узвышана, але гэтае прызнаньне Карпюка для мяне найлепшае.

5.
Прыйшло даўгачаканае вызваленьне. Савецкія войскі рынулі далей на Захад. Карпюк, як партызанскі камандзір, атрымаў бронь ад арміі і быў прызначаны інсьпектарам сацыяльнага забесьпячэньня гарадзенскага аблвыканкаму. Здаецца, можна спакойна дачакаць канца вайны і зручна ўладкоўваць сваё жыцьцё. Але восеньню сорак чацьвёртага каля Старога моста ў Горадні Аляксея зганьбавала старая беларуска: маўляў, нашыя сыны гінуць на фроньце, а ты тут зубы скаліш, схаваўшыся за бабскімі спадніцамі. Іншы схаваў бы вочы і пайшоў далей, але не Карпюк. Той ідзе проста ў ваенкамат, адмаўляецца ад броні і накіроўваецца ў палкавую артылерыю.
Апошнія месяцы вайны… У зруйнаванай Варшаве Карпюк узьбіраецца на нейкі вялікі ганак, каб зручней падагнаць абмоткі, аж тут зьяўляецца ваенны карэспандэнт-паляк і фотаграфуе маладога байца: “Ты ж сядзіш на спаленым і разабраным немцамі яшчэ ў 1939-м каралеўскім палацы.”
Далей цяжкія баі ў Заходняй Польшчы і на Одэры, раненьне, сьмерць сяброў, прадстаўленьне да Героя Савецкага Саюза за бой з акружанай нямецкай групоўкай… Нарэшце, штурм Берліна.
26 красавіка 1945 году за сьпіной радавога Карпюка ўзрываецца нямецкая міна – у выніку агромністая дзіра ў лёгкім, некалькі асколкаў у целе. Пасьля – колькі выключна цяжкіх аперацыяў і больш за чатыры месяцы ў шпіталях.
З арміі сьпісалі ўчыстую, каму патрэбен інвалід без кавалка лёгкага, які нават спаць можа толькі на адным баку. Але куды вяртацца? Страшава разам з усёй Беласточчынай падаравана Сталінам маладой падсавецкай Польшчы. Яшчэ ў лістападзе 44-га Карпюк у сваім армейскім дзёньніку напісаў: “Мая вёска ад граніцы ўсяго кіламетраў з шэсьць. Крыўдна. Няўжо ўсё так і застанецца?”
Усё так і засталося назаўсёды. Сотні тысяч беларусаў зрушылі з месца. Большасьць – каталікі, тыя, што лічылі сябе палякамі і не хацелі жыць у БССР. Яны ехалі на захад “у матку Польшчу”, якая насамрэч ніякай маткай ім не была, і ў якой ніколі ня быў ніхто з іх продкаў. Меншасьць – беларусы з Беласточчыны, якія ехалі быццам у тую Беларусь, пра якую марылі і за якую змагаліся ўсё міжваеннае дваццацігоддзе. Сярод апошніх былі і бацькі Алёшы. З колькімі чамаданамі рэчаў, што засталіся ад трыццацігектарнай гаспадаркі бацькі, яны ўжо назаўсёды пасяліліся ў Ваўкавыску, каб бліжэй да свайго замежнага Страшава.
Аляксей выбраў філфак гарадзенскага педінстытуту, пачаў вывучаць ангельскую мову. Праз многа гадоў яму, паважанаму пісьменьніку, нярэдка даводзілася чуць пытаньне-папрок, чаму, маўляў, не падаўся змагацца за родную мову на беларускім аддзяленьні. Карпюк у адказ адно пасьміхаўся: “Дзякуй Богу, змагары за нацыянальнае адраджэньне вырастаюць ня толькі на беларускім філфаку.”
Менавіта ў сьценах універсітэту Аляксей сустрэў свой лёс у асобе коратка падстрыжанай студэнткі філфаку, што насіла фуфайку і боты сорак чацьвёртага памеру, Іны Анатольеўны Альшэўскай. Гісторыя каханьня і барацьбы яе бацькоў вартая цэлага раману. Бацька – Анатоль Альшэўскі, паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду і напрыканцы 1920-х узначальваў падпольны камсамол Заходняй Беларусі, маці – Фаня Цыгельнцкая разам з сябрамі кіравала гарадзенскім камуніс­тычным падпольлем. Яны пазнаёміліся ў Маскве, у Маскве нарадзілася іх дачка. Хутка абодвух ізноў перакінулі ў Заходнюю Беларусь. Праз колькі гадоў бацька вярнуўся ў Менск, але не перажыў трыццаць сёмага, маці ў гэты час сядзела ў Лукішках. Адным словам Іначка была дзетдомаўскім дзіцём, для якога Алёша Карпюк стаў ня толькі каханьнем усяго жыцьця, але і настаўнікам, і найлепшым сябрам.
Успамінае Іна Анатольеўна: “Карпюк з сябрамі жыў у інстытуцкім інтэрнаце на Савецкай вуліцы, які месьціўся ў так званым доме Ромера. Іх пакой называлі “трыццаць пятым гвардзейскім”, бо жылі ў ім адныя франтавікі. Карпюк, старэйшы за мяне на некалькі курсаў і на цэлых дзевяць гадоў, быў вядомай асобай у інстытуце. Да яго, камсамольскага лідара, ішлі з самымі рознымі справамі студэнты, яго паважалі выкладчыкі, нярэдка таксама франтавікі...
Мы, студэнткі-першакурсьніцы, любілі рыхтавацца да семінараў і экзаменаў на Каложы, а ніжэй, пад гарою, у самых небясьпечных нёманскіх вірах нярэдка купаліся хлопцы з “трыццаць пятага гвардзейскага”. Тады я першы раз убачыла сьпіну Аляксея, усю ў жудасных шнарах, без адзінага жывога месца і... закахалася ў яе.
Ён сам упершыню падышоў да мяне на вечарыне, прысьвечанай 8 сакавіка. Чаму выбраў мяне, дзевятнаццацігадовую дзяўчынку ў кірзавых ботах, ня ведаю. А як шмат было студэнтак, што нават у тыя гады прыходзілі на заняткі з завіўкай і ў самых модных сукенках. Ведаеце ў Горадні шмат было такога народу, які, здаецца, і вайна не кранула. Дзіўна. Дык вось, ён мяне пайшоў праводзіць дахаты на вуліцу Лермантава, старую Базыліянскую. Расказваў вершы (толькі гадоў праз дзесяць прызнаўся, што не свайго аўтарства). Пасьля закруціў і перакуліў у сьнег. Я нават думала пакрыўдзіцца: “Бач, ты, які сьмелы”. Даволі хутка мы пажаніліся.”
Скончыўшы інстытут Карпюк атрымаў накіраваньне загадчыкам раённага аддзелу народнай адукацыі ў Сапоцкін, недалёкае ад Горадні апусьцелае пасьля нацысцкага халакосту мястэчка. Праца была цяжкая, савецкага актывіста ў любы момант з-за кута маглі застрэліць акаўцы, у Горадню трэба было хадзіць пешшу (а гэта і сёньня выдатнай дарогай добрыя дзьве з паловай гадзіны). Але мясцовыя жыхары, такія самыя бедакі на сваіх пясчаных палосках, як і ўсе беларусы, толькі больш упартыя ў сваёй каталіцкасьці, ставіліся да маладога настаўніка вельмі прыхільна. Усе спадзяваліся на нешта лепшае, з радасьцю вялі дзяцей у школу. Адным словам, можна было працаваць і працаваць, але суворая беларуская рэчаіс­насьць урывалася ў любое жыцьцё. У Заходняй Беларусі ажыцьцяўлялася тое, што прынята было назваць “вялікім пераломам”.
Павага да старэйшых замянялася павагай да партыі, не, не павагай, лізаблюдствам, падхалімствам, лісьлівым зазіраньнем у вочкі свайго начальніка ці партыйнага бонзы. На зьмену касьцёлу і царкве прыходзілі пакланеньне балванам партыйных лідараў і “крыжовыя” працэсіі да гэтых балванаў са сьцягамі, партрэтамі, лозунгамі. Беларускую мову бязьлітасна выдзіралі з вуснаў учарашніх калгасьні­каў, сёньняшніх гараджанаў у першым пакаленьні, адным зьдзеклівым сказам: “Деревня, купи трактор”. Аляксей Карпюк гэтага тады яшчэ не адчуваў. Пра пакаленьне маладых партызанаў удала выказалася Іна Анатольеўна: “Яны ўжо ведалі пра 37-ы, усяго наглядзеліся на вайне, але Савецкі Саюз па-ранейшаму быў для іх ідэалам, сімвалам і надзеяй.” Хутка гэтая надзея атрымала зьнішчальны удар.
Аднойчы Алёша вярнуўся з Сапоцкіну дахаты зусім іншы, доўга не хацеў нічога гаварыць, не знаходзіў сабе месца. Пасьля расказаў, як у мястэчка прыехаў міністр бясьпекі БССР Лаўрэнцій Цанава. Трапіць у кабінет старшыні райкаму можна было толькі прайшоўшы праз шэраг бязьлікіх маёраў і палкоўнікаў МГБ. Цанава патрабаваў, каб незаможных сапоцкінцаў як найболей накіроўвалі ў Сібір, каб душылі кожную нават самую слабую спробу супраціўляцца закалгашваньню. І для Карпюка, і для ўсіх іншых савецкіх службоўцаў з Сапоцкіну пагроза была сьмяротная. Цанава яшчэ ў сваёй роднай Мінгрэліі расстраляў з кулямёта сваякоў пакрыўджанай ім дзяўчыны, гаварылі таксама, што ён асабіста расправіўся з выдатным беларускім дзеячам Станіславам Грынкевічам, які, як лекар-псіхіятр, адразу прызнаў у міністры шаленца.
Ці адчуваў Карпюк страх? Чалавек, які твар у твар стаяў і перад прафесійным катам у дыфензіве, і перад афіцэрам СС у лагеры наўрад ці можа нечага баяцца ў нашым абывацельскім значэньні гэтага слова. Мне чамусьці здаецца, што найбольш тады Карпюк адчуваў крыўду. Крыўду, што гэтая недачалавечая істота ў генеральскіх пагонах мае такую ўладу над столькімі людзьмі і што гэта насамрэч ніякі не абаронца працоўнага народу. А якія падначаленыя, такі і Правадыр, такая і сістэма, гэта хутка ўцямвае кожны разумны чалавек.
І нават не пакуты Карпюковага бацькі-камуніста, несправядліва абвешчанага кулаком, ня жудасная параза Чырвонай Арміі летам 1941-га, ня лёс невядома за што падараванага Польшчы Страшава, а менавіта сустрэча з калонай малпападобных служакаў-афіцэраў, пустых, але гатовых на ўсё самае страшнае, хіба і стала тым пераломным момантам у жыцьці Карпюка.
Магчыма менавіта тады ў ім і нарадзіўся пісьменьнік.
Праз многа гадоў Аляксей Нічыпаравіч ацаніў пасьляваенную сітуацыю ў Заходняй Беларусі, як неаб’яўленую грамадзянскую вайну. Пакуты сотняў тысячаў несправядліва асуджаных выклікалі злосьць, жаданьне помсты, нарадзілі нябачны дагэтуль у Заходняй Беларусі бандытызм. У полымі супрацьстаяньня гінулі “заходнікі” і “ўсходнікі”, энкавэдысты і простыя людзі, беларусы і палякі. “Часам я думаў: што было б, калі б летам 1941 году за “належнасьць да кулакоў” пасьпелі вывезьці і нашую сям’ю? Ня ведаю, як мой брат Валодзька, а я, хутчэй за ўсё, паспрабаваў бы ўцячы з-пад аховы, бо больш за ўсё я люблю свабоду. Магчыма я б папоўніў шэрагі такіх самых бандытаў.
І ўвогуле, ніякія яны не бандыты. Сваімі людаедскімі загадамі мудры Правадыр у Заходняй Беларусі раскідаў насеньне грамадзянскай вайны. Для мяне гэта зразумела.”
Па сутнасьці, на Заходнюю Беларусь ажыцьцяўлялася своеасаблівая культурная інтэрвенцыя. Бязьлітасна, на “лагерны” манер, ламалася сацыяльная структура патрыярхальнай Заходняй Беларусі, яе традыцыі. За гэта мясцовае насельніцтва атрымлівала агульную пісьменнасьць (па-руску), вялізарныя прамысловыя прадпрыемствы (пераважна абарончага комплексу) і права езьдзіць на танных цягніках і аўтобусах.
Так было ў 1939-41-м, так было і пасьля 1944-га.
Для сябе Аляксей Карпюк таксама сьцьвердзіў – мяжа паміж партызанскім камандзірам, героем вайны Алёшай Карпюком і Алёшай Карпюком, скажам, супрацоўнікам пранямецкай беластоцкай газеты “Новая дарога”, была вельмі тонкай. Лёгка, вельмі лёгка было яму, былому заходнебеларускаму камсамольцу, апынуцца па той бок барыкадаў у шэрагах тых, каго партызаны называлі “бобікамі” і на каго ўсю вайну глядзелі праз мушкі сваіх вінтовак. Каб прызнаць гэта, трэба было сабраць усю сваю мужнасьць у кулак, але бязьлітасная логіка праўды патрабавала. Натальля Арсеньнева і Максім Танк, Хведар Ільляшэвіч і Валянцін Таўлай... Такіх прыкладаў-супрацьпастаўленьняў можна прывесьці даволі многа. Ведаю, як цяжка дайсьці да такой высновы старому байцу. Гісторык Анатоль Сідарэвіч пісаў мне, як ён спрачаўся з Янкам Брылём на прадмет Барыса Рагулі і яго наваградскага кавалерыйскага эскадрону. Брыль ледзь не да апошняга стаяў за тое, што ўсё, зьвязанае з Рагулем і яго эскадронам, было адмоўным. І гэта было яго права! Бо, калі партызан Ваня Брыль у баі сутыкаўся нос у нос са сваімі былымі калегамі па школе, а зараз кавалерыстамі Рагулі, ён ня меў магчымасьці разважаць аб вышэйшых матэрыях, або заб’еш ты, або гэта зробяць з табою. Аднак мы ўжо маем права сказаць, што гэта была віна ня тых і ня тых, гэта была віна ўсходніх і заходніх акупантаў, якія адкрыта снавалі думку аб вынішчэньні насельніцтва краю і адным з галоўных інструментаў вызваленьня для сябе “жыцьцёвай прасторы” бачылі грамадзянскую вайну. Гэтае права дае нам гісторыя, дае разам з абавязкам заўсёды змагацца за тое, каб ніхто ніколі больш не паставіў беларусаў па розныя бакі барыкадаў.

6.
Першай сваёй крыху наіўнай аповесьцю “У адным інстытуце” Карпюк стаў даволі вядомым у сваім горадзе чалавекам, аднак да права называць сябе пісьменьнікам было яшчэ далёка. У штодзённым жыцьці Аляксей Нічыпаравіч ужываў гутарку страшаўскіх сялянаў і ўзьбіцца на літаратурную мову было яму даволі няпроста. Іна Анатольеўна ўспамінае: Я ставілася да яго літаратурнай працы спачатку даволі паблажліва. Ведала, што для яго гэта важна, таму ўважліва чытала ўсё напісанае ім, але ня думала, што Алёша з часам пачне гаварыць так гучна. Дарэчы, вывяраць памылкі дапамагаў выкладчык гарадзенскага універсітэту Аляксей Пяткевіч.
У 1958 годзе гарадзенскае літаратурнае выданьне “Нёман” пад назвай “У маладыя гады” надрукавала першы варыянт, напэўна, самага знакамітага раману Карпюка “Данута”. “Гісторыя, афарбаваная цнатлівасьцю”, сказаў пра “Дануту” гісторык і сябра пісьменьніка Барыс Клейн. Гэта, мабыць, самая кароткая і трапная характарыстыка зьместу і сэнсу раману. Прызнаюся шчыра, перачытваючы сваю любімую кнігу, я зараз ужо нават не чытаю яе, а ўяўляю: карцінамі, кадрамі, малюнкамі і мару аб тым, што калісьці беларусы супольна з палякамі, літоўцамі і рускімі рэалізуюць грандыёзны кінапраект па матывах твораў Аляксея Карпюка.
Дзеяньне раману адбываецца ў Вільні 1930-40-х гадоў, вясковы заходнебеларускі хлопец Янка Барташэвіч прыязджае вучыцца ў вялікі горад і выпадкова сустракаецца з дачкой польскага генерала. Узьнікае каханьне, якое героі праносяць праз гады класавай калатнечы і сусьветнай вайны, і якое заканчваецца трагічна і, тым ня менш, вельмі сьветла. У гэтым рамане ёсьць бадай што ўсё: чыстае юначае каханьне і пасьмяротная вернасьць гэтаму каханьню, крывавае змаганьне за Радзі­му, цудоўныя краявіды Вільні і Заходняй Беларусі. На тле шчырых, але нярвовых і няпростых узаемных адносінаў двух маладых людзей можна выдатна адлюстраваць трагедыю нашай вёскі (асабліва той яе часткі, што змагалася ў Грамадзе і КПЗБ), палякаў Вільні і цэлага жыдоўскага сусьвету, што быў зьнішчаны нацыстамі. У фільм можна таксама ўвесьці сюжэты з іншых карпюковых твораў, напрыклад, аб грандыёзным разгроме немцамі Заходняга фронту летам 1941г., або аб тых людзях, якія на землях Заходняй Беларусі першыя ўзьняліся на барацьбу з фашызмам. Арганізваўшы падобны праект Беларусь упершыню магла б паўдзельнічаць у здымках фільма сапраўды еўрапейскага ўзроўню. Няма сумніву, што паглядзеўшы гэты фільм, мноства беларусаў адкрыла б для сябе цэлы сусьвет.
Між тым у архіве Аляксея Нічыпаравіча чакаюць свайго часу даволі грунтоўныя накіды сцэнара фільма, паводле “Дануты”.

7.
Успамінаючы аб эксцэсах хрушчоўскай кукурузнай істэрыі Карпюк у пачатку дзевяностых пісаў:
“І так і гэдак пускалі людзям пыл у вочы!
Апісвалі лесаабарончыя палосы, якія хутка акружаць ураджайныя палі на поўдні краіны, ствараючы надзейную перашкоду бурам.
Размалёўвалі “аграгарады”, якія быццам вось-вось вырастуць на месцы нашых вёсак і таксама пераўтвораць усіх у багатыроў.
Друкаваліся схемы даўжэзных каналаў, якія ад краю да краю пройдуць праз чорназёмныя землі СССР, захаваюць ліўневыя воды і напояць іх вільгацьцю.
Пазбаўленым зямлі, жывёлы і свабоды руху людзям падрабязна апісвалі тэхнічныя дадзеныя вялізных экскаватараў, якія гэтыя каналы будуць будаваць.”
Але выбіраліся і з гэтага, стваралі магутныя калгасы і, ня гледзячы ні на што жылі, жылі нават лепш, чым дзе ў іншым месцы. Яшчэ і сёньня ў любой бібліятэцы Горадні можна знайсьці брашуры Карпюка, накшталт кніжачкі “Нашы дасягненьні”, у якіх сакратар абласнога аддзяленьня саюзу пісьменьнікаў з гонарам апісваў працу гарадзенцаў па аднаўленьні гораду, яго новых вуліцах і прадпрыемствах, аб усесаюзнай славе калгасаў Гарадзеншчыны. Як на сёньняшні дзень – ідэалізавана, занадта ўзьнёсла. Але што зробіш, Карпюк меў права так пісаць, бо ў пасьляваенным адраджэньні была частка і яго ўпартай настаўніцкай, пісьменьніцкай і журналісцкай працы.
У справе вырашэньня грамадскіх праблемаў Карпюк быў літаральна паўсюль. Яго цікавіла ўсё, што адбывалася ў горадзе: чаму са старога будынка педінстытуту вырашылі зрэзаць дзікі вінаград, чаму нават у самых перадавых калгасах восеньню памідорамі кормяць сьвіней а вясной купляюць памідоры ў Балгарыі, чаму кіраўніцтва аблывыканкаму і абкаму не цягае разам з рабочымі бярвеньне на красавіцкіх суботніках... Сябры, найперш выкладчык універсітэту Барыс Клейн і тады гарадзенец Васіль Быкаў, пасьмейваліся, але, у прынцыпе, спагадалі.
Паралельна Карпюк стараўся пазнаёміцца са становішчам у краіне без прыхарошваньняў, так бы мовіць, з альтэрнатыўных крыніцаў. Па просьбе Максіма Танка апекаваўся Ларысай Геніюш, чытаў і даваў чытаць іншым прывезеныя з Масквы самвыдатаўскія выданьні, асабліва ўразіў яго, як згадвае Іна Анатольеўна, “Крутой маршрут” Гінзбург. Адным словам у Горадні фарміравалася групоўка вальнадумцаў, самым небясьпечным у якой, безумоўна, быў Аляксей Карпюк, які сваім непрымальным у савецкі час праўдалюбствам і ідэалістычнай барацьбой за фармаваньне камуністычнага грамадства ў традыцыях Маркса і Энгельса літаральна “дастаў” гарадскіх бонзаў. Справу ўзяліся вырашаць на самым высокім узроўні.
У канцы чэрвеня 1969 году старшыня КДБ Ю.Андропаў паслаў у ЦК КПСС ліст, у якім паведамляў аб палітычна нездаровых настроях групы гарадзенскай інтэлігенцыі, у прыватнасьці Карпюка і Быкава. На заканчэньне ліста Андропаў пісаў: “Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК Компартии республики готовятся мероприятия, направленные на разоблачение возможных враждебных акций со стороны названных лиц”. Старшыня КДБ СССР рыхтаваўся спусьціць на гарадзенцаў сваіх ваўкадаваў. І вось хутка сабакаў спусьцілі. Паляваньне пачалося.
Думаю, расказваць аб абставінах, у якіх Карпюк і яго сябры апынуліся ў пачатку 1970-х гг., і як яны з іх выбіраліся, няма сэнсу. Шмат пра гэта гаворана і напісана. Хацелася б толькі адзначыць абсурднасьць сітуацыі, калі ўсур’ёз здавалася, што пісьменьнік, ветэран, гонар нашага гораду мог трапіць у турму за супрацоўніцтва з акупантамі. Быкаў ахарактэрызаваў сітуацыю іранічна: “Сядзеў ты ў польскай турме, сядзеў у нямецкай, зараз, хіба, давядзецца пасядзець і ў савецкай.” Карпюк у турму не хацеў і ня трапіў, хаця нават яго наведвалі думкі пра самагубства.
Ужо напрыканцы васьмідзясятых пад час аднаго пісьменьніцкага зьезду ў Маск­ве Карпюка знайшоў былы старшыня гарадзенскага абкаму партыі Міцкевіч, лётчык Вялікай Айчыннай, у 1970-71-м адзін з галоўных арганізатараў правакацыяў супраць пісьменьніка. Міцкевіч ляжаў у крамлёўскай бальніцы, перанёс колькі аперацыяў і ведаў, што жыць яму засталося нядоўга. “Ты даруй мне, Алёша, за ўсё, што мы табе зрабілі, не хачу паміраць з гэтым, ” – сказаў ён, падышоўшы да Карпюка.
Той дараваў.

8.
У васьмідзясятых, здаецца, стала крыху лягчэй, праўда, ненадоўга. І Аляксей Карпюк ізноў і ізноў зьвяртаецца да праблемаў сучаснасьці. Так зьяўляецца адзін з апошніх яго твораў – раман “Карані”. Сюжэт раману просты – дзеці, што хочуць купіць сабе машыны, забіраюць старога бацьку з вёскі ў горад і прадаюць хату, дзе яны прыйшлі на сьвет:
“– І каб цябе больш гэто ня мэнчыло ўсё, мы вырашылі – нашу хату к чортавай мацеры трэ прадаць!...
– Збыць пад халеру і ўсё.”
Вось так проста дзеці адмаўляюцца ад спадчыны сваіх продкаў. Бяз суму і засьцярогаў выкідаюць на сьметніцу гісторыі ня толькі вытканыя маці рушнікі, але і складзеныя дзядамі песьні, мову, традыцыі.
Што ж застаецца старым? Вартага занятку для іх у горадзе няма, да выхаваньня ўнукаў іх дапускаюць толькі з вялікімі засьцярогамі. Былыя вяскоўцы зьбіраюцца ў альтанцы ў цэнтры Горадні, каб пагутарыць, успомніць мінулае.
Хоць ляпіў першы сьнег – густы, сыры і цяжкі, але пад навесамі ў балоневых куртачках і выцертых палітонах, у кажушках і ватовачках, абматаныя хусткамі – аблезлымі і новымі, ваўнянымі і байкавымі, расьселіся ўжо на масіўных лаўках з фігурнымі ножкамі з літага чыгуну бывалыя Лаўрэнавыя землякі і зямлячкі.
З-пад Бераставіцы Велькай, Бераставіцы Малой і Бераставіцы-Станцыі. З-пад Сьвіслачы-гораду і Сьвіслачы-мястэчка. З-пад Ваўкавыска, Шчучына, Воранава, Радуні, Смаргоні, Дзятлава, Ліды і Навагрудка.
Некаторыя старыя былі занадта худыя ці празмерна тоўстыя. Твары мелі зморшчаныя і набрынялыя. Валасы – пераважна сівыя, а вочы – выцьвілыя ды сьлязьлівыя. Іх таксама дарослыя дзеці выдралі з родных мясьцінаў, прывалаклі ледзь ня сілай на гарадскі асфальт у цяплічныя ўмовы, пазбавіўшы хоць якога-небудзь занятку, аддаўшы – хацелі маладыя гэтага ці не хацелі – бязьлітаснаму тэрору чужога бацькам асяроддзя, – жыві і не вякай.
Сход старых сімвалічны. Пад навесам каля гасьцініцы “Нёман” сабралася ўся Заходняя Беларусь. Старыя са зьдзіўленьнем абмяркоўваюць учынкі сваіх зусім дарослых дзяцей і ніяк ня могуць даўмецца, ці ж мы хацелі, каб яны сталіся такімі, прагнымі да грошай, абыякавымі да ўсіх, апроч самых сябе, думаючымі адно пра дарагое адзеньне, аўтамабілі і адпачынак на Чорным моры.
Зьдзіўляюць і ўнукі. Для іх вайна і ўсё перажытае старымі – гэта нават ня міф, гэта рамантычная казка, дзе “нашыя” тысячамі зьнішчаюць нямецкія танкі, а вясковы побыт дзядоў – нешта гідкае, недарэчнае і зусім састарэлае. Яны пакрысе адмаўляюцца нават ад тых маральных прынцыпаў, якія былі непарушнымі для іх бацькоў, таго прамежкавага пакаленьня, якое нарадзілася ў вёсцы, але яшчэ ў маладосьці пераехала жыць і працаваць у горад. Крэда наймалодшых выказала маладая дзяўчына ў сварцы з адной са старых сялянак, якая паспрабавала паўсчуваць яе:
– Заткнісь, падла, і ты, бо як садану, то рассыплешся і костак тваіх не зьбяруць! Хочаш ведаць праўду? То слухай! Толькі зьбярыся з духам, бо шчэ памрэш! Ну, гатовая слухаць?.. Але, тры дні я піла, ела, весялілася ды жыла з трыма хлопцамі! Не адразу з усімі, а кожную ноч з іншым, уцяміла? Хоць жыцьцё спазнала! А ты, старая пачвара? Дзень і ноч з той самай порхаўкай цягнеш лямку – гнілым, бяззубым, сьмярдзючым скнарам і недалэнгам! Ён жа нават і не памыецца, покуль ты не папрэш у лазьню! Затое жывеш з венчаным у касьцёле – мужам! Законным! Ах, ах, як табе прыемна, праўда? Люкс, куды там! Ксёндз цябе пахваліць за гэта на вячэрніх няшпорах, шчэ і руку пацалаваць дасьць! Валасатую!.. Што ж, падабаецца табе гэтак цьміць, то сабе і жыві! А да мяне не прыставай, маралістка чортава, хопіць таго, што ў школе я вас столькі цярпела і пасьля год цэлы пропаведзі вашыя слухала! А цяпер сама ведаю, як сябе паводзіць, нічыёй парады не патрабую!
Старым нічога не застаецца, як толькі падвесьці вынік свайму існаваньню: “Ат, усе мы ўжэ мёртвыя. Усе мы хадзячыя трупы. Толькі па калейцы хаваем адзін аднаго!” Заходняя Беларусь, тая, што якіх паўстагоддзя таму кіпела змаганьнем за свабоду, бруілася маладосьцю і сілай, зняможана саступае месца новым пакаленьням, абсалютна далёкім ад усяго, чым жылі продкі. Старыя не шкадуюць і не зайздросьцяць, яны бязлітасна судзяць словамі старога шапялявага грамадоўца Сашкі Вераб’я:

Давайце лгаць адзін другому,
Давайце подлічаць, хітрыць,
Давайце ўсе паможам злому
Пладзіцца, дзейнічаць і жыць!
Хай кожны ўсякага абмане,
Лішыцца чэсьці і стыда,
Няхай вяршыняй чэсьці стане
Лёгка дабытая яда!

Вельмі ня хочацца, каб чытачы паставіліся да ўсяго напісанага мною пра “Карані”, як да саладжава-эмацыйных развагаў літаратурнага крытыка. Глыбока перакананы – тое, што не стамляўся паўтараць Аляксей Нічыпаравіч у сваіх апошніх творах, гэта ня аўтарскае перабольшаньне. “Ня дай Бог ізноў перажыць “землятрус”, падобны да таго, што выпаў на долю нашага пакаленьня ў 1941-1945 гадах!” – напісаў ён у пачатку дзевяностых, маючы на ўвазе ня толькі страшныя ваенныя выпрабаваньні. Новае, маладое пакаленьне не падрыхтавана да абароны сваёй Ра­дзімы, наскрозь прасякнута рэлятывізмам, кар’ерызмам, ня здольнае спачуваць бліжняму. Дзяды і прадзеды нашыя, хоць і жылі часам у адным памяшканьні з авечкамі, хоць рукі былі ў іх чорныя ад зямлі, хоць у старэйшыя гады яны самыя станавіліся падобнымі на пакручаныя вятрыскам дрэвы, хавалі яўрэяў і акружэнцаў, ішлі на фронт і ў партызаны, вывешвалі на тэлеграфных слупах чырвоныя сьцягі, падвяргаючы сьмяротнай небясьпецы ня толькі сябе, але і бацькоў, дзяцей, аднавяскоўцаў, ня дзеля таго, каб заняць пасьля Перамогі месцы ў прэзідыумах і нават ня дзеля жаданьня адпомсьціць. Ішлі, таму што ведалі – ТАК ТРЭБА. Мы ж не гатовыя да новага землятрусу, бо нацыя сапраўды жыве тымі, што могуць у апошні момант прымацаваць штыхі да вінтовак з апусьцелымі магазінамі і з песьняй пайсьці ў атаку на кулямёты проста таму, што ведаюць – ТРЭБА. У гэтым слове ўсё: Бог, каханьне, нянавісьць, памяць, адказнасьць.


9.
У гады перабудовы Карпюк, ужо нават хворы, не кідаў грамадскай дзейнасьці, мабыць адчуваў, такі час не надоўга, трэба максімальна з яго скарыстацца. Галоўнае – працягваў для многіх гарадзенцаў заставацца ўзорам прынцыповасьці. Недзе ў 1986-м прыйшоў у кабінет да Кляцкова і сказаў яму: “Калі будзеце нішчыць архіў, то ведайце – я буду сядзець там унутры”. Будынак гістарычнага архіву зьбіраліся разбурыць, каб зрабіць плошчу Леніна больш прасторнай. Архіў і сёньня ўпрыгожвае Горадню, замыкаючы цудоўны архітэктурны комплекс плошчы Тызенгаўза.
У 1988 г. Карпюк на адным са сходаў гарадзенскай грамадскасьці рашуча падтрымаў стварэньне арганізацыі беларускіх палякаў. Як успамінае першы старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін, менавіта тагачаснае выступленьне Карпюка стала апошнім штуршком да ўзьнікненьня Польскага культурна-асьветнага таварыства імя Ад. Міцкевіча, папярэдніка СПБ. Карпюку пасьля многія беларусы закідалі: “Чаго ты з палякамі зьвязваешся, яны ж за нас больш ідэйныя, таго і глядзі запатрабуюць далучыць Горадню “да мацежы”, мала ты ад іх у трыццатых нацярпеўся”. Але матыў у Карпюка быў адзін: “Важная любая грамадская актыўнасьць, а за палякамі непазьбежна пачнуць падымаць галаву і больш вялыя беларусы”. Думка Аляксея Нічыпаравіча была прароцкай. Гэта аксіёма, толькі тады змогуць існаваць польскія школы ў Беларусі, калі ў краіне будзе досыць беларускіх школаў. Сёньня гэтая ідэя яднае многіх беларусаў і палякаў. Дай жа Бог, каб яна яднала іх і надалей, калі прыйдзе час аднаўляць паруйнаванае ў краіне нацыянальнае школьніцтва.
Карпюка няма з намі хутка пятнаццаць гадоў. Нябачна больш яго постаці, якая шпарка крочыць да дамка пісьменьніцы Элізы Ажэшкі. Ня ўбачаць больш ніколі гарадзенцы яго суворага твару з заліхвацкім чубам над ім. “Ёсьць у Гродне жаласная песьня, толькі не хапае Карпюка” – гэты радок са складзенай яшчэ адным гарадзенскім старажылам Алесем Петрашэвічам песьні прыходзіць у маю галаву вельмі часта. Таксама часта, блукаючы гарадзенскімі вулкамі, я думаю і аб тым, дзе знайсьці тыя прымаўкі і трапныя словы, які паказаць прыклад і якую напісаць кнігу, каб вярнуць новым пакаленьням беларусаў веру ў спрадвечнасьць ПРАЦЫ, СУМЛЕНЬНЯ і ПРАЎДЫ. Нярэдка сумняваюся – ды і ці магчыма гэта ўвогуле, ці не набліжае нас няўмольная гісторыя да таго канца, аб якім казалі старадаўнія прарокі, блукаючы па берагах Іардану.
Загадваць ня буду, але цьвёрда ўсьведамляю адно, пакуль будзе пасылаць нам Бог такіх людзей, як Аляксей Карпюк, датуль будзе жыць надзея.
Няшмат чаго трэба і сказаць пасьля Карпюка, хіба толькі паўтарыць. Ён сказаў нам усё, што хацеў, і яго запаветы простыя.
Калі кахаць, то толькі аднаго і назаўсёды, калі любіць Радзіму, то найболей, гонарам не гандляваць ні пры якіх абставінах, заўсёды ісьці да канца. Цяжка, часам пакутна, невыносна ісьці гэтай дарогай, але гэта, па сутнасьці, адзіны шлях да свабоды.
“Хопіць сядзець у калдобіне!
КПСС – носьбіт чужой мне маралі, якая ўсю гэтую араву банкротаў і сектантаў нарадзіла, пры дапамозе моцных сродкаў прапаганды і шматлікіх чыноўнікаў з высокімі заробкамі сьцерагла і сьцеражэ, падкормлівала і падкормлівае. Усё гэта ўвайшло ў непрымірымы канфлікт з мацерыковай народнай маральлю, за­кладзенай ува мне.
Раней ці пазьней гэта павінна было здарыцца.
Скажыце, што агульнага ў агульначалавечай маралі страшаўскіх бабулек, дзядоў, якія выхоўвалі мяне, з той крывой маральлю, якая ўзьнікла ў галовах дагматыкаў, у сэрцах з халодным разьлікам, у карысьлівых, аднабокіх і шкодных палітыкаў?
Вы – як хочаце, а я больш не хачу да гэтай партыі належаць! Упэўнены, што калі б жыў мой бацька, і ён сказаў бы мне – правільна, сын, робіш, мы абодва надта памыляліся! Скідвай з сябе чужую, цесную кашулю, выбірайся з глухой кал­добіны, якую злая гісторыя падрыхтавала людзям, і вяртайся да сваіх каранёў!”
Горадня патрабуе вуліцу Карпюка, школу і літаратурную прэмію імя Карпюка. Горадня, як і ўся Беларусь, патрабуе новых Рыцараў Сумленьня, такіх, як Аляксей Карпюк.

Ліпень 2006 – травень 2007, Горадня.