12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Вераціла

_____________________
Яна ўся такая.
Амаль вянок амаль санетаў
Жанчына — над кнігамі ты кніга!
Валерый Брусаў.
Мужчына ўсміхнуўся сам сабе…
Янка Сіпакоў.

Санет першы

Яна амаль заўсёды спазьняецца на працу

Яна амаль заўсёды спазьняецца на працу, але ў яе ёсьць тысяча і дзьве прычыны прыдатныя для апраў­даньня ў вачах ейнага начальства, аднак яна ня здольная растлумачыць прычыну свайго спазьненьня толькі аднаму чалавеку: самой сабе. Але гэты чалавек і не дапытваецца, а таму яна шчыра зьдзіўляецца, чаму яна амаль заўсёды спазьняецца на працу.
Яна падымаецца а пятай раніцы, амаль што з пеўнямі, выпівае шклянку халоднае вады, потым прымае душ – яна заўсёды з ранку прымае душ – потым гатуе сьняданак сыну, потым будзіць яго. Сочыць, каб ён памыў твар і пачысьціў зубы, наглядае, каб ён нічога не пакінуў на талерцы, адпаведна дзёньнікаваму раскладу правярае наяўнасьць належных падручнікаў і сшыткаў, выпраўляе сына ў школу, сьнедае сама і выкурвае сваю першую за дзень цыгарэту, гатуе абед – сын пагрэе яго пасьля школы – тут яна чамусьці згадвае пра былога мужа: ягоная звычка есьці ля пліты, чэрпаючы непасрэдна з каструлі выклікала ў яе гідлівы пратэст.
І вось яна ўжо займаецца сабой. Яшчэ ўвечары яна абдумала свой сёньняшні строй: белая блузка, шэры жакет і шэрыя нагавіцы. Але зараз ёй ўжо не падабаецца свой жа ўчарашні выбар. Яна перабірае колькі спадніцаў, але яе не задавальняе заваконнае надвор’е, а таму яна думае пра швэдар з аплікацыямі, джынсы і боцікі. Швэдар яна набыла на гэтым тыдні і яшчэ ні разу не апранала. Потым яна занялася макіяжам: лёгкі штрышок памады; цені і пудра – якраз столькі, каб прывабіць, але ні ў якім разе празьмерна. А пазногці ў яе сёньня будуць чорнымі, так яна захацела.
І вось яна ўжо на выхадзе, але ёй зноў не даспадобы ейны ўбор, а часу на роздум ужо не засталося. Яна пераапранаецца хутка; на гэты раз – кароткая спадніца з шырокім перламутравым пасам і чорныя батфорты. Свой новы швэдар з аплікацыямі яна пакідае на сабе.
І вось яна на прыпынку чакае тралейбуса. Гэта якраз з-за яго яна спазьняецца на працу: ён так кепска ходзіць, і ён заўсёды напоўнены пад завязку. Ехаць ёй да метро ўсяго два прыпынкі, і яна ўжо ў каторы раз заракалася выходзіць на пятнаццаць хвілінаў раней, каб не чакаць тралейбус, а прайсьці гэтыя няшчасныя два прыпынкі – шпацыр ранкам вельмі карысны для здароўя, але выходзіць раней у яе не атрымліваецца, і яна нервова чакае тралейбуса, з тугою думаючы, што фатальна спазьняецца на працу, потым штурмуе дзьверы і едзе да метро два свае прыпынкі.
Пад зямлёю ёй ехаць ажно пяць прыпынкаў, але сёньня ёй шанцуе. Малады чалавек саступіў месца. Яна сядае, пасьміхаючыся хлопцу ўдзячна і адначасова прывабліва (ён незнаёмы і такі мілы). Потым яна дастае кнігу і заглыбляецца ў чытаньне, але яна ведае, што ён заглядаецца на ейныя ногі, і яна заахвочвае яго, як бы незнарок адкрываючы іх яшчэ больш, да тае нябачнае рысы, за якой гэта ўжо будзе выглядаць на непрыстойнасьць. Яна шкадуе, што малады чалавек ніяк не наважыцца паспрабаваць пазнаёміцца з ёю (ім ужо колькі разоў выпадала ехаць у адным вагоне), і, натуральна, што яна абурыцца на падобную спробу, але ёй будзе прыемна, а пры пэўнай настойлівасьці, хто ведае…

Санет другі

Яна чытае

Яна чытае амаль заўсёды і амаль паўсюдна: у ваньне, у ложку, у грамадскім транспарце. Больш за ўсё яна любіць чытаць жаноцкія раманы, але часам ёй даюць што-небудзь навамоднае і разумнае, у душы яна моршчыцца, але бярэ і чытае, бо ёй хочацца быць у курсе, і яна ведае, як бывае прыемна мімаходзь памянуць тое ці іншае гучнае імя. А для душы яна чытае жаночыя раманы, але пра гэта ведае толькі яна. А вось пра баявікі і дэтэктывы яна выказваецца ўголас, пра іх ейнае меркаваньне – толькі адмоўнае, яны ёй не падабаюцца, ёй падабаюцца толькі жаночыя раманы. У іх яна знаходзіць усё, чаго пазбаўленая ў сапраўдным жыцьці. Бывае, што надрукаванае на паперы замяняе ёй пражытае імгненьне, але гэта толькі часткова. Яна чытае пра разумных і прыгожых гераіняў, і сябе лічыць разумнай і прыгожай. Ейныя гераіні праходзяць праз складаныя жыцьцёвыя выпрабаваньні, але ў рэшце рэшт усё ў іх складаецца як належна. Яна ня думае, што такіх бліскучых прыгодаў у жыцьці не бывае, яна думае толькі пра тое, што іх няма толькі ў ейным жыцьці. Яна наракае на сваё жыцьцё, яна называе яго існаваньнем і лічыць, што дарма ня зьехала за мяжу дзесяць гадоў таму, калі ёй выпаў шчасьлівы нумар. Калі б яна зьехала, то ўсё ў яе было б іначай: лепш, чысьцей, багацей, больш духоўна, там бы ёй не даво­дзілася змагацца за штодзённае выжываньне. Там бы яе, як і ейных гераіняў, акружалі толькі прыгожыя, годныя з шырокімі плячыма з яснымі, адкрытымі позіркамі і шчырыя сэрцам мужчыны. А тут? А цяпер? Ейныя думкі поўныя горычы і расчараваньня, калі яна думае пра сваіх мужчынаў: былы муж (?!) куды больш цікавіўся хакеем, півам, рыбалкай ды іншымі бязглуздымі рэчамі. А пра тое, што ён – мужчына, ён прыгадваў толькі па пятніцах, калі вяртаўся дадому ледзьве не на брывах і патрабаваў ад яе таго, што называюць інтымнай блізкасьцю, а потым адварочваўся і хроп, як кнур. А ейны цяперашні палюбоўнік? Ён бачыць у ёй толькі рэч і тое ня вельмі каштоўную, ён не заўважае ні ейных думак, ні ейнае душы. Ён лічыць, што яна павінна быць удзяч­най яму за тое, што ён зьвярнуў на яе ўвагу. Гэта яна дорыць яму падарункі, а ня ён ёй, і гэта выходзіць на ейную думку, як нібыта плата за ягоную «любоў». Ад такіх нярадасных думак яна цяжка ўздыхае і, каб канчаткова пераканацца ў тым, што ёй вельмі ўжо не пашэньціла, яна зноў бярэцца за кнігу і чытае.

Санет трэці

Яна пазірае на гадзіньнік

Яна пазірае на гадзіньнік, яна ўся ў гэтым жэсьце, у гэтым чаканьні абе­дзеннага перапынку, а таму яна бясконца пазірае на гадзіньнік. Абед – гэта будзе ейны час. Гэта гадзіна будзе толькі ейнай. Яна пастараецца хутка зьесьці свой абед і таму ў яе застанецца яшчэ дастаткова часу, каб выпіць кавы, каб выпаліць цыгарэту, каб высушыць сьлёзы, каб у чарговы раз правесьці з дапамогаю люстэрка рэвізію свайго твару і ўрэшце, каб адчуць сябе вольнай. Вольнай ад нялюбае працы, ад ліпучых позіркаў і рук свайго непасрэднага начальніка… Час, каб забыцца, ну хоць ненадоўга, і каб сабрацца дзеля другое паловы дня. А таму яна нярвова пазірае на гадзіньнік, і ў думках прысьпешвае на ім стрэлкі, стрэлкі, якія ніяк не жадаюць сягнуць тых запаветных крэсак, калі абвяшчаецца надыход доўгачаканага абедзеннага перапынку, які – цалкам ейны, калі яна можа забыцца, сабрацца, калі зможа знайсьці годныя адказы на кпіны прыяцелек, якія ёй насамрэч ніякія не прыяцелькі, а проста яна разам з імі працуе, гэта час, калі яна можа паслаць свайго непасрэднага начальніка, якога мусіць трываць, бо ёй проста няма куды падзецца, а таму яна пазі­рае на гадзіньнік.

Санет чацьвёрты

Яна ненавідзіць свайго начальніка

Яна ненавідзіць свайго начальніка, як ненавідзіць дэпрэсію, хамства, слотнае надвор’е і перманентны недахоп грошай. Часам яна думае пра тое, што здолела б недрыжачаю рукой забіць яго, калі б надарылася такая мажлівасьць, а тыя катаваньні, што яна ўяўляе для яго, прыносяць ёй маральнае задавальненьне і часовую палёгку. Больш за ўсё яна ненавідзіць свайго начальніка за тое, што ён вымагае ад яе заняцца любоўю, і пры гэтым яна яшчэ павінна рабіць выгляд, што проста абагаўляе яго, што лічыць яго, як мужчыну, самым найлепшым. Яна ненавідзіць ягоныя няўклюдныя валасатыя рукі, ягоны засьлінены рот, ягоныя пляскатыя, брудныя выслоўі. Яна ненавідзіць свайго начальніка і цалкам, і па частках, але больш за астатняе яна ненавідзіць свайго начальніка за тое, што ён ня цэніць яе як супрацоўніцу, як сьпецыяліста, што ён закрывае для яе кар’ерны рост і, што ён ужо даўно не падвышаў ёй заробак, хаця патрабуе ад яе куды больш чым ад астатніх.
І завошта ёй любіць яго? – За пастаянныя прыдзіркі, за юрлівыя прыліпаньні, за маленькую зарплату. І яна ня толькі ня любіць яго, яна ненавідзіць яго ўсімі фібрамі сваёй душы. Яна ненавідзіць яго, як ненавідзіць хамства, нястачу, дэпрэсію. І яна даўно б сыйшла ў іншае мейсца, каб знайшла, калі і не вышэйшую, то хаця б такую самую зарплату. А можа яна б здолела прымірыцца са сваёй доляю, калі б ён стаў плаціць напалову болей, але ёй застаецца толькі таемная, збаюканая нянавісьць, і яна ненавідзіць свайго начальніка.

Санет пяты

Яна п’е каву

Яна п’е каву, бо гэта адзін з нешматлікіх улюблёных заняткаў. Яна п’е каву, і гэта прыносіць ёй задавальненьне, а таму яна стараецца яго падоўжыць. Яна сьпецыяльна імкнецца, як мага хутчэй праглынуць свой абед. Сам абед для яе заўсёды нясмачны і нецікавы, затое ў яе застаецца час дзеля кавы. Кава – гэта рытуал. Яна нібыта моліцца на сподачак. На філіжанку, на цёмную гаркавую вадкасьць, на туманок вільготнае пахкае пары. Яна п’е каву, п’е маленькімі глыточкамі, расьцягваючы насалоду.
Яна не сьпяшаецца. Гэты час – ейнае адхланьне. Яна не стане піць каву гарачай. Яна дасьць каве састынуць. Час ад часу яна будзе падносіць філіжанку да вуснаў, каб пераканацца, што кава ўжо негарачая, і што яе ўжо можна піць. Тут жа на сподачку будзе ляжаць скрылік лімону і пакуначак цукру. Праўда, цукар яна ў каву сыпаць ня будзе, яна нават на існаваньне ягонае забудзецца, а лімонавы скрылік яна акуратна падчэпіць у два пальцы і толькі, павагаўшыся нейкую долю імгненьня, апусьціць яго ў філіжанку, каб надаць каве іншы прысмак. А за іншым разам яна проста зьесьць лімонавы скрылік і зап’е яго кавай, пакінуўшы на сурвэтцы элегантнае жоўта-белае паўкружжа цэдры. А за іншым разам яна возьме да кавы кілішак каньяку альбо лікёру, усяго на адзін глыток. Але гэта будзе за іншым разам, а зараз яна проста п’е каву. П’е акуратнымі глыточкамі. Гэта ейны ўлюбёны занятак. Гэта прыносіць ёй задавальненьне. Гэта – ейная радасьць, адтуліна, адхланьне, а таму яна п’е каву.

Санет шосты

Яна курыць

Яна курыць, яна курыць ня так ужо і шмат, усяго якіх чатыры-пяць цыгарэтаў за дзень: першую яна выкурвае пасьля сьняданку, другую пасьля абеду, трэцюю недзе пад канец працоўнага дня, чацьвёртую перад сном. Але самая важная для яе – гэта другая цыгарэта. Яна для яе – самая салодкая, гэта яна дае адчуваньне волі, незалежнасьці і… прыгажосьці.
Пасьля абеду яна выходзіць на вуліцу. Цёплае надвор’е спрыяе ейнаму выхаду, яна сядае за столік і, пакуль афіцыянт прынясе каву, яна вымае цыгарэту з пудэлка і трымае яе ў пальцах, але не настолькі доўга, каб які мужчына не пасьпеў паднесьці ёй агню. Яна сёньня ня мае настрою на знаёмствы, а таму яна сама прыпальвае цыгарэту, няўмела засланяючы яе ад ветру. Яна сочыць за дымам і пазірае на людзей. Усе яны – мімаходзь. Усе яны – чужыя і нецікавыя. Яны поўныя клопатаў і сьпяшаюцца. Яна ж нікуды не бяжыць, пакуль яшчэ, яна курыць. Тонкая цыгарэта пасуе да ейных тонкіх пальцаў бяз лішніх упрыгожаньняў, толькі тонкі сярэбраны пярсьцёнак з кропляю бірузы, гэта паказвае на ейны тонкі выкшталцоны густ і пасуе да колеру ейных вачэй.
Яна курыць, і ейныя вочы адпачываюць, і ў іх можна заўважыць халаднаватае неба з разбэрсанымі камякамі аблокаў, шэрыя будынкі, чорны з нядаўняга дажджу асфальт, чужую зеляніну дрэваў, паверхню століка з папяльнічкай, белы з зялёным, запрашальна-адчынены цыгарэтны пудэлак, белую сурвэтку і важкую запальнічку, зусім не жаноцкая, яна дарагая і сама па сабе, і як успамін, а таму яшчэ больш дарагая, але гэтага ўжо нельга ўбачыць у ейных вачах, бо зараз яна проста курыць, і лёгкі дымок скручваецца ў струменьчык разам з імгненьнямі ейнага часу, ейнай свабоды ад праблемаў, ад ня вельмі радасных думак пра тое, што хутка скончыцца абедзенны перапынак. Тут і цяпер яна амаль шчасьлівая, і яна здагадваецца пра гэта, але курыць так, нібыта ў ейным распараджэньні цэлая вечнасьць, і ў гэтае вечнасьці яна курыць.

Санет сёмы

Яна марыць пра каханьне

Яна марыць пра каханьне: чыстае, вялікае і сапраўднае. Гэта зараз ейная найгалоўная ідэя, гэта захапляе яе цалкам: і знутры, і звонку; гэта мара робіць яе адначасна і пругкай, і млоснай. І ў такія моманты ў яе поклічна блішчаць вочы вільгацьцю амаль непрыкметнае сьлязы. Яна ўся набрыняла сваёй марай, як хмара дажджом, як колас зернем, як соты мёдам. Яна сасьпела для каханьня, яна гатовая яго прыняць, яна гатовая аддаць сябе ўсю без вынятку, без выключэньня. Яна здольная да служэньня, да гарэньня, да ахвяраваньня…
Яна марыць пра каханьне і ведае пра яго ўсё, бо ёй зусім не пятнаццаць і нават ня дваццаць пяць, і ў яе ёсьць усё, што патрэбна для каханьня і нават яшчэ больш: у яе ёсьць кватэра, праца, зарплата, сын, сувязі, знаёмствы, досьвед, часам даволі балючы; яна – практычная, разумная, узьнёслая, разважлівая, сентыментальная; яна ўмее апранацца, яна ўмее ацаніць і жарт, і трапнае слова; яна ведае, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях.
Карацей, у яе ёсьць усё, і ёй не стае толькі аднаго: каханьня, а таму яна марыць пра каханьне.

Санет восьмы

Яна чакае

Яна чакае, вось-вось ён прыйдзе. Зараз. З хвіліны на хвіліну. Вось-вось ён выйдзе з-за рогу вунь таго будынку. Не, ён нават ня выйдзе, ён будзе бегчы. На ягоным твары будуць кроплі поту, у вачах – вінаватасьць і разгубленасьць, у руках – кветкі. Так, абавязкова кветкі, і абавязкова ружы, і абавязкова іхняя колькасьць будзе няцотнай. На палове сьцяблінаў будуць бутоны, а на другой палове – дарослыя кветкі.
Яна чакае. На ейным твары: рашучасьць, упэўненасьць і непадступнасьць. Яна нават не пазірае на гадзіньнік. Яна ведае, што ён зараз прыйдзе. Не, нават ня прыйдзе, ён прыбяжыць, прымчыць, прыляціць. Яна ведае, што так і будзе. Мужчыны, якія сёньня на яе заглядаюцца, ня вартыя ейнае ўвагі, яна чакае толькі яго. Вось зараз ён прыйдзе, не, ён выбяжыць з-за рогу вось таго дому. На ягоным твары будуць кроплі поту, у вачах – віна і захапленьне, у руках – кветкі, зразумела ружы. Яна пасьміхнецца яму, так зьлёгку, толькі вуснамі, толькі куточкамі вуснаў, а потым яна засьмяецца і пацалуе яго, забярэ кветкі і возьме яго пад руку…
Вось зараз, з хвіліны на хвіліну, ён прыйдзе. Час плыве. Яна чакае.

Санет дзявяты

Яна плача

Яна плача, і няма каму суцешыць яе, і ніхто не сатрэ ейных сьлёзаў, і ніхто пацалункамі не абсушыць ейных шчокаў. Яна ведае пра гэта, а таму яна плача яшчэ больш горка і яшчэ больш несуцешна. Дрыжаць ейныя плечы, сьлёзы цякуць па твары і прамываюць у макіяжы пярэстыя сьцежкі. Яна забываецца на сурвэтку і выцірае сьлёзы далоньню, яшчэ больш размазваючы касьметыку па твары. Між сабою зьмешваюцца цені, пудра, памада. Яна ведае, што зараз выглядае непрывабліва, ёй нават не патрэбна люстэрка, каб у гэтым пераканацца, але яна ня думае пра гэта, яна плача.
Яна плача бяз енкаў, толькі падрыгваючы плячыма, заліваючыся сьлязьмі, сёрбаючы глыбіннымі подыхамі. І ніхто не суцешыць яе, ніхто не адвядзе бяды. Ніхто не адгоніць крыўды. Няма каму бараніць яе апрача сябе самой. І няма нікога на ейным баку, усе – толькі супраць. І яна – адна, як бярозка ў полі, як авечка, што адбілася ад статку, як воблачка ў небе, як восеньскі лісток, што гоніць халодны вецер.
Яна плача ня так ужо і часта, і звычайна ніхто ня бачыць ейных сьлёзаў. Дзеля таго, каб паплакаць, яна глядзіць якое сентыментальнае кіно ці чытае раман пра нешчасьлівае каханьне: гэта як раз падстава, каб успомніць пра свае ўласныя няўдачы, пра сваю нялёгкую жаноцкую долю. Але сёньня яна ня мае намеру хавацца, яна плача на людзях, ідучы праз людзей, і людзі праходзяць праз яе. Нехта зважае на ейныя сьлёзы, а нехта не зважае, заняты ўласнымі праблемамі. Яна ж ня бачыць ні тых, ні гэтых, бо ніхто не суцешыць яе, і яна плача.

Санет дзясяты

Яна хоча пахудзець

Яна хоча пахудзець, пра гэта яна кажа ўсім сваім знаёмым, зараз гэта ейная найгалоўная мэта. Яна люляе яе і песьціць, але яна ня робіць з гэтага таямніцы, яна распавядае пра гэта ўсім, хто выказвае зацікаўленьне. Ейная праблема лёгка знаходзіць водгук у сэрцах і душах ейных прыяцельніцаў, бо зараз гэтая праблема – у модзе. Яна адсоўвае ўбок усе іншыя праблемы і шукае вырашэньня гэтай. Калі ёй удасца справіцца з лішняю вагой, то ўсё ў ейным жыцьці пераменіцца да лепшага, абавязкова пераменіцца. А пакуль яна скардзіцца на тое, што ўжо ня ўлазіць у свае старыя рэчы, а таму ёй даводзіцца абнаўляць свой гардэроб, пра гэта яна распавядае не бяз гонару, какецтва і радасьці, бо такім чынам яна можа правесьці рэвізію таго, што ў яе было, і што яна набыла за апошнія месяцы.
Яна хоча пахудзець, і ейнае жаданьне паступова пераходзіць у актыўную фазу: яна чытае розныя методыкі, яна калекцыянуе сповяды поп- і кіназорак пра тое, як ім удалося перамагчы лішнія кілаграмы і фунты, яна ходзіць у басейн і нават запісваецца на фітнэс. Яна спрабуе сядаць на розныя дыеты: вітамінную, зерневую. Яна спрабуе прытрымлівацца разьдзельнага харчаваньня. Яна нават спрабуе лекавае галаданьне. Яна пачынае з павагаю гаварыць пра рэлігійныя пасты, яна колькі разоў наведвае храм і нават спрабуе чытаць Біблію. Бывае, што ёй удаецца ўстрымацца ад ежы ажно да позьняга вечара, але бліжэй да ночы яе нясьцерпна цягне да лядоўні, дзе захоўваецца столькі розных прысмакаў, і яна ня здольная зачыніць дзьверы, пакуль шчасьлівае адчуваньне сытасьці не запоўніць нудотную пустэчу пад сэрцам, а потым зноў прыходзяць згрызоты сумленьня, і яна нанова пачынае змаганьне з лішняю вагою, змаганьне, якое ў пэўны дзень падштурхне яе да добра апранутых людзей, якія носяць значкі з надпісам: “Хочаш пахудзець? Запытай мяне як?” Што ж, яна проста хоча пахудзець.

Санет адзінаццаты

Яна ня любіць адзначаць свой дзень народзінаў

Яна ня любіць адзначаць свой дзень народзінаў, бо гэта ёй нагадвае пра ейны ўзрост, бо гэта ёй нагадвае пра тое, што яшчэ адзін год не прынёс пажаданых і прыемных зьменаў, а яшчэ гэта служыць ёй указаньнем, што ейныя спадзяваньні на будучы год зноў апынуцца марнымі, і толькі люстэрка праўдзіва пакажа на новыя зморшчыны і сівыя валасы, пакуль яшчэ толькі на скронях.
Яна ня любіць адзначаць свой дзень народзінаў, але яна ўсё-ткі штогод адзначае яго. Яна рыхтуецца да яго цягам цэлага месяца, яна доўга складае сьпіс запрошаных, потым колькі разоў удакладняе яго. Яна бясконца падлічвае выдаткі, што ж яны непазьбежна будуць значнымі, хоць сьпіс гасьцей яна падрэзала да мінімуму, астатніх, а іх і так нямала, не паклікаць было немагчыма, хоць сярод іх ёсьць далёка ня самыя прыемныя людзі. Праўда, нельга сказаць, што яна так ужо і гаруе з гэтае прычыны, але гэта дае ёй яшчэ адную нагоду, каб не любіць адзначаць свой чарговы дзень народзінаў.
І яна ня любіць адзначаць свой дзень народзінаў, але ўрэшце сьпіс запрошаных набывае канчатковы выгляд, назапашаныя патрэбныя прадукты, традыцыйныя на падобных вечарынках, сярод іх і штодзённыя, і далікатэсныя, маецца дамоўленасьць з суседзямі наконт дадатковых крэслаў і пра запозьненыя скокі, выпрабавана некалькі адмысловых рэцэптаў, закупленыя напоі: і выпіць, і запіць, і для мужчынаў, і для жанчынаў. І чым бліжэй гэтая дата, тым больш зьяўляецца горычы ў ейных думках. Вось яны прыйдуць, нап’юцца, нажаруцца, будуць гарлаць песьні, нехта запатрабуе музыкі і скокаў, а нехта будзе спрабаваць заціснуць яе ў калі­дорчыку каля кухні. А потым разыйдуцца, пакінуўшы недаедкі, брудны посуд, пустыя бутэлькі. Яна ўяўляе, як яны падыходзяць да прыпынку, абмяркоўваючы беднаватасьць застольля, яна адчувае сваёй тонкай скурай, як жанчыны ненавідзяць яе за юрлівыя позіркі сваіх мужоў. А іхнія падарункі? – Што яны падораць ёй? – Розную танную дробязу, якой месца хіба што на антрэсолях, альбо возьмуць складуцца і набудуць якую дарагую рэч, якую яна сама купіла раней. І хто толькі прыдумаў адзначаць гэты дзень народзінаў і падносіць у гэты дзень дарункі. Так што ў яе ёсьць даволі шмат падставаў не любіць адзначаць свой дзень народзінаў, і яна ня любіць адзначаць свой дзень народзінаў.

Санет дванаццаты

Яна сьмяецца

Яна сьмяецца, бо ёй расказваюць анекдот. Яна сьмяецца і разам з ёй сьмяюцца ейныя вочы, ейныя вусны расчыляюцца ад сьмеху і відно, як сьмяюцца ейныя белыя зубы. Яна карыстаецца blend-a-med, а таму не баіцца паказваць іх. Тым больш яна ня так даўно хадзіла да зубніка, і туды шухнулі ўсе ейныя зьберажэньні, яна нават залезла ў пазыкі, але затое яна можа дазволіць сабе вось так сьмяяцца.
Яна сьмяецца і над ілбом ад сьмеху дрыжыць ейны асьветлены локан. Сьмех ідзе знутры, ён паказвае на шчырасьць, ён выдае на разуменьне тонкасьці гумару, ён заахвочвае. Яна сьмяецца, бо ёй расказваюць анекдот. Яна не разумее анекдотаў, яна нават ня любіць анекдотаў, але яна сьмяецца, бо ведае, што сьмех пасуе ёй, што сьмех робіць яе яшчэ больш прыгожай і прываблівай, і яна сьмяецца, бо ведае, што такім чынам яна зможа хоць як апраўдаць свае візіты да платнага стаматолага. Яна сьмяецца, і гэта ёсьць ня толькі адзнакай добрага настрою.
Яна сьмяецца, бо ёй расказваюць анекдот. Яна, зразумела, ня зможа запомніць той анекдот, а таму заўтра не перакажа яго, і гэта яе трошкі засмучае. Але сёньня яна смяецца, бо заўтра ў яе можа ня быць ні нагоды, ні магчымасьці, а таму яна сьмяецца.

Санет трынаццаты

Яна зьбіраецца ў адпачынак

Яна зьбіраецца ў адпачынак, і хоць да яго яшчэ застаецца колькі месяцаў, яна ўжо распачынае зборы. Самае галоўнае, што яна ўжо ведае дату, бо на дошцы аб’яваў ужо вывесілі графік. Дата на графіку яе крыху засмуціла, бо ёй хацелася ў кастрычніку ці ў красавіку, а ёй выпаў жнівень. Увосень ці ўвесну яна без ваганьняў выбрала б нешта цёплае: Іспанію, Анталью, Кіпр. Значыць, даводзіцца думаць пра Рыжскае ўзмор’е і пра Трускавец, хоць яна там была раней, можна ў такім разе і ў Крым па­ехаць. Яна думае і ўсё з большай цікаўнасьцю прыслухоўваецца да размоваў пра Нарач, але пакуль схіляецца на бок Кіпру, бо загар там будзе гарантаваны, і яна зможа потым хваліцца колерам сваёй скуры. На Кіпры яна атрымае гарантаваную магчымасьць прадэманстраваць тры сваіх новых купальнікі. Іх яна яшчэ не набыла, але ўжо нагледзела ў каталогу “Burda Moden”. Яны не такія ўжо і дарагія, і да таго, на ейную думку, яны выгодна падкрэсьліваюць перавагі ейнае хоць ужо і не дзявочай, але па-свойму ваблівай фігуры.
Яна ведае пра сваю прыгажосьць, бо цягам дня яна ня раз і ня два на сабе адчувае пажадлівыя мужчынскія позіркі, асабліва, калі апранае кароткую спаднічку і высокія батфорты.
Яна зьбіраецца ў адпачынак і думае, што ня будзе браць з сабою шмат рэчаў, толькі самыя ўлюбёныя ды неабходныя, усё астатняе яна набудзе ўжо там, калі, канешне, з грашыма ўсё будзе ў парадку. На Нарачы яна нічога добрага купіць ня зможа, тым больш у яе там зашмат магчымасьцяў напаткаць якіх непажаданых знаёмых, так што Нарач адпадае, хаця знаёмцаў цяпер можна напаткаць і на Кіпры. Але яна прагне новых твараў, новых сустрэч, новых знаёмстваў, новых, хаця б і непрацяглых сувязяў. А можа быць стацца яна напаткае там свайго прынца: дасьціпнага, шчодрага, вясёлага. Можа гэта будзе самы сапраўдны прынц, але яна згодная і на проста прыстойнага, і заможнага мужчыну сярэдняга веку. Значыцца, яна выбірае Кіпр, а на астатнія дні яна паедзе да сваякоў: піць сырадой і зьбіраць грыбы.
Яна яшчэ ня раз зьменіць сваё рашэньне, бо ў яе ў запасе яшчэ куды як багата часу, але гэта ёй не замінае ўжо цяпер зьбірацца ў адпачынак.

Санет чатырнаццаты

Яна сьпіць

Яна сьпіць, і ейны сон ахоўваюць войска, міліцыя, урад, разнастайныя медычныя і сацыяльныя ўстановы, родныя сьцены, падвойныя дзьверы, неадмененыя пакуль законы Сусьвету, і, нарэшце, сам пан Бог з сонмікам сваіх анёлаў (адзін з іх як раз і атуліў яе сваім цёплым і ласкавым крылом паверх коўдры). І ўсё-ткі яна лічыць сябе неабароненай, а таму бароніць сябе сама. Яна бачыць наўкол сябе толькі ворагаў, вакол яе ідзе вайна, ейная лінія фронту – паўсюдна. Яна радуецца з перамогаў, яна гаруе з нагоды паразаў. Яна не падлічвае іх, але ўпэўненая, што паразаў у яе значна больш. Яна сьпіць і сьніць свае сны. Сны належаць ёй цалкам, але пры гэтым яна ня здольная распараджацца імі. З большае часткі яна ня помніць свае сны, але часам яны застаюцца ў памяці нароўні з якімі значнымі падзеямі, і тады яна спрабуе іх растлумачыць. Яна мае “Соньнік”, і яна ведае, што сны з нядзелі на панядзелак ніколі ня спраўджваюцца. Вешчыя ж сны яна бачыць ня так ўжо і часта, але яны даволі значна ўплываюць на ейныя ўчынкі. Значна часьцей яна бачыць тыя сны, дзе яна нанова пражывае свой той ці іншы мінулы дзень. Бывае, што ў такіх снах усё складваецца ўдала, а бывае што і не. Аднойчы яна прысьніла, што малаком заліла пліту, штанамі заклініла пральную машыну, што ейны лепшы пеньюар згарэў пад прасам, што ейнага сына пакінулі на другі год у адным і тым жа класе, а яе самую звольнілі з працы бяз права на атрыманьне сыходнай кампенсацыі. Тым ранкам яна адшукала ў сябе і выдаліла ажно сем сівых валасоў.
І хоць Анёл распасьцёр над ёю сваё крыло, няма ёй спакою нават у сьне. Бо нават у сьне яна спрабуе адваяваць сабе лепшае мейсца пад сонцам. Трывожыцца ейная душа, шчымліва замірае сэрца, спалохана ўздрыгвае ейная рука, але сама яна сьпіць.

Інтэграл

1. Яна амаль заўсёды спазьняецца на працу, але ў яе ёсьць тысяча і дзьве прычыны прыдатных для апраўданьня.
2. Яна чытае амаль заўсёды і амаль паўсюдна: у ваньне, у ложку, у грамадскім транспарце.
3. Яна пазірае на гадзіньнік. Вось яна тут ўся ў гэтым чаканьні абе-дзеннага перапынку.
4. Яна ненавідзіць свайго начальніка, як ненавідзіць дэпрэсію, хамства, слотнае надвор’е і перманентны недахоп грошай.
5. Яна п’е каву, і гэта адзін з ейных не такіх ужо і шматлікіх улюблёных заняткаў.
6. Яна курыць ня так ужо і шмат: усяго якіх чатыры–пяць цыгарэтаў за дзень.
7. Яна марыць пра каханьне – гэта зараз ейная галоўная ідэя, гэта захоплівае яе цалкам: і знутры, і звонку.
8. Яна чакае, што вось зараз ён прыйдзе, літаральна з хвіліны на хвіліну.
9. Яна плача, і няма каму суцешыць яе, і ніхто не забярэ ейных сьлёз, і ніхто пацалункамі не абсушыць ейных шчокаў.
10. Яна хоча пахудзець, пра гэта яна кажа ўсім сваім знаёмым, і зараз гэта ейная найгалоўная мэта, яна люляе яе і песьціць.
11. Яна ня любіць адзначаць свой дзень народзінаў, бо гэта ёй нагадвае пра ейны ўзрост.
12. Яна сьмяецца, бо ёй расказваюць анекдот, сьмяюцца ейныя вочы, вусны, сьмяюцца ейныя белыя зубы.
13. Яна зьбіраецца ў адпачынак, і хоць да яго яшчэ колькі месяцаў, яна ўжо распачынае зборы.
14. Яна сьпіць, але ейны сон – гэта толькі невялікі перапынак паміж ейнымі днямі поўнымі змаганьня.