12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Вераціла

_____________________
Такое сямейнае шчасьце.
Два апавяданьні


Вузел
Жонка зарэзала Сашу доўгім кухонным нажом. Ім ужо даўно толькі хлеб наразалі, і лязо з кепскага жалеза было сточанае да шырыні пальца. Тронак увесь счарнеў ад даўніны, медныя заклёпкі на ім даўно страцілі свой чырвоны бляск і колерам ужо не адрозьніваліся ад тронку, здаецца, нават выглядалі яшчэ чарнейшымі. Нож гэты яшчэ калі зрабіў Сашаў швагер, мусіць, Саша якраз ажаніўся, і ў яго з жонкай было тады ўсяго багацьця, што эмаляваны тазік ды драўляны ўслон. Саша яго з таго інтэрнату сьпёр, дзе раней жыў. Так што нож гэты, лічы, быў іхнім першым набыткам, хоць швагер яго і за так зрабіў.
Жонка зарэзала Сашу ўвечары. Саша, як звычайна, быў паддаты, і, як звычайна, вельмі грунтоўна паддаты. І ці ён сапраўды палез біцца, ці жонцы проста даўно абрыднулі заліты мужаў лыч, пяныя сьлёзы, блытаныя сьпевы, мацюкі, урыўкі гамонак, абдымкі, прызнаньні, енкі, клятвы, праклёны, сьлінявыя пацалункіусё гэта неяк адначасова дзіўным і натуральным чынам месьцілася ў Сашавых галаве, душы і сэрцыі так гэта ці ня так, але жонка схапіла першае, што патрапіла ёй пад руку і на вочыдоўгі кухонны нож з кепскага жалеза, з лязом, сточаным да шырыні мезенага пальца, і з пачарнелым драўляным тронкам. Нож гэты ўжо даўно толькі дзеля нарэзкі хлеба скарыстоўвалі. Саша не заўважыў у жончыных вачах адчайнага бляску, які ёсьць адбіткам таго ўнутранага яраснага палу, што ў хвіліны ўздыму альбо робіць з нас герояў, альбо штурхае на такое, аб чым потым пашкадаваў не адзін з нас. А можа, Саша спачатку і не заўважыў ніякага нажа, а таму грозна і няўхільна насоўвася на жонку, даводзячы ёй, дурніцы, свае сапраўдныя й адвечныя мужчынскія ісьціны. А калі заўважыў нож, то было познаінерцыя насоўваньня не дала магчымасьці спыніцца, і... Саша сустрэў нож, як герой сустракае свой подзьвіг: вочы ў вочы, твар да твару. І тут яшчэ так адбылося, што жонка павярнула нож ня як звычайна на рабрыну, а на пляскаты бок ляза. Каб ня гэта, тады, можа, бяскрыўдная палоска жалеза толькі сьлізганула б па целе, ну, можа, да якой кроплі крыві падрапаўшы скуру (і боль бы, канешне, ацьвярэзіў Сашу). Але нож увайшоў у жывое Сашава цела ажно да самага тронку, і Саша нават спачатку не зразумеў, што гэта такоечка з ім адбылося, ён нават не паспрабаваў ні ўхіліцца, ні перахапіць руку, хаця пэўна мог бы гэта зрабіць. І рэч тут зусім не ў загадкавай славянскай душы і не ў адвечным фаталізме беларускіх хлопцаў, тут хутчэй даводзіцца казаць пра тое, што ні ў Сашавай галаве, ні ў Сашавым сэрцы, ні ў Сашавай душы, пасярод усяго ягонага хаосу не знайшлося мейсца аднае простай ідэі, што вось такая кволая істота, як жанчына, магла насьмеліцца ўзьняць руку на ягонае мужчынскае вяршэнства. А таму нож, што ўвайшоў яму між рэбраў на ўсю даўжыню ляза з кепскага жалеза, да самага счарнелага ад частага карыстаньня тронка, стаўся для Сашы тою фатальнай кропкай адліку, пасьля якое ягонае жыцьцё, калі і не перавярнулася цалкам, то, прынамсі, Саша ўжо ня мог па-ранейшаму ўспрымаць усё тое, што адбывалася вакол ягонае собскае персоны.
Нянавісьць асьляпіла Сашу, ахапіла яго цалкам. Ён яшчэ грозна зароў і ўзьняў руку, каб упершыню ў жыцьці па-сапраўднаму пакараць кабеціну, але жонка адступіла на адзін крок, і Сашава рука завісла ў паветры. І тут ужо заеньчыла Сашава жонка, убачыўшы, як па кашулі распаўзаецца цёмная, брудная пляма. Прыкладна гэтак увесну, калі дзеці па схілах сугоряў выпальваюць мінулагоднюю сухую траву, полымя абядае яе па колу, але найбольш у кірунку ветру. На кашулі ж пляма расла ў асноўным уніз. І тут ужо на енкі Сашавай жонкі зьбегліся заўсёдныя госьці, якія, здаецца, былі невыводныя з гэтае шчырай і шчодрай хаты. І можа яны таксама сталіся прычынаю альбо хутчэй яшчэ адною прычынаю, што разам утвараюць такі вузел, які, здаецца, і расплесьці ўжо немагчыма, хіба застаецца зрабіць тое, што зрабіў Аляксандр Вялікі з тым слынным вузломцара Гардзея”. Маўляў, хто яго разьвяжа, той стане ўладаром Азіі. Аляксандр ня стаў разьвязваць вузел, а расьсек яго і заваяваў Азію. Праўда і тое, што ў дадзеным выпадку вузел быў ня Гордзіеў, а сямейны, і быў гэты вузел не расьсечаны, а хутчэй, калі хочаце, разрэзаны. І зьдзейсьніў гэты акт не македонскі цар Аляксандр, а звычайная менская кабета, Сашава жонка, насунуўшы свайго вечна пянага мужыка на доўгі кухонны нож, што па-праўдзе быў прыдатны толькі да нарэзкі хлеба. А яна ўжо, мусіць, і сама ня радая была з таго, што зрабіла, і мужык ейны нарэшце ўсьвядоміў здарэньне, але тут і сьвядомасьць пакінула ягонае цела.
Дзякаваць Богу, госьці не разгубіліся і надзвычай хутка выклікаліхуткую”, і надзвычай хуткахуткаяпрыехала. І амаль усьлед за Сашам страціла прытомнасьць і ягоная жонка. І калі над Сашавым целам ніхто не вырабляў аніякіх маніпуляцыяў да самага прыездухуткай дапамогі”, у тым ліку не стараліся дастаць з цела той злашчасьлівы нож, то Сашава жонка, зьбялелая да колеру вапны ці крэйды і нерухомая, бы камень, выклікала да сябе можа недзе і празьмерную ўвагу: нехта падкладваў пад галаву падушку, нехта ствараў плынь паветра з дапамогаю газеты, нехта падносіў да носу нашатырны сьпірт, нехта расьціраў ступні і далоні, нехта дзеля нейкай патрэбы (ці не сабе самому?) шукаў валідол, але шляхам агульных намаганьняў кабета акрыяла яшчэ да прыездухуткае”. Хаця пільны медык на ўсялякі выпадак зрабіў ёй інекцыю камфары і памераў ціск.
Усё будзе ў парадку, – сказаў ён на разьвітаньне.
Ляснуў дзьвярыма, і машына адехала. І было незразумела, ці гэта тычыцца Сашы, ці яго жонкі, і праўдаю ёсьць тое, што гэта дзяжурная фраза ніякім чынам не магла быць праўдзіваю ні да гэтага моманту, ні да зусім недалёкае будучыні. “Усёўжо не маглобыць у парадку”, і было б вельмі дзіўна, каб апасьля такога здарэньня кардынальныя зьмены абмінулі жыцьцё. Гэта як паваротны пункт у паступова-звыклым разьвіцьці гістарычнага працэсу. Мажлівасьць здарэньня, якую мы ня хочам нават прадугледжваць, але якая робіцца рэчаіснасьцю, яна, гэтая мажлівасьць, успрымаецца намі як лёсавызначальная, як умяшаньне боства ў нашае жыцьцё.
У дадзеным выпадку такім вось фактарам нечаканасьці стаўся доўгі кухонны нож з лязом кепскае сталі, з тронкам сточаным да шырыні мезенага пальца, пачарнелым ад працяглага карыстаньня, нож гэты яшчэ калі зрабіў Сашаў швагер, але цяпер гэты нож быў прыдатны адно толькі для нарэзкі хлеба, прынамсі да гэтага вечару. Так, ужо нічога не магло быць у парадку, і нічога ўжо не магло быцьяк раней”. Любая неспадзяванка зьмяняе жыцьцё адным разам кардынальна, а за іншымня вельмі. Але часам патрэбныя вялізарныя высілкі, каб нанова ўбіцца на звыклую сьцежку, каб выйсьці на міла-будзённую каляіну. І далёка ня кожны з нас здольны на гэта. І тут нас можа напаткаць расчараваньне, якое ёсьць формаю рэакцыі на нашыя няўдалыя спробы пераадолецьновуюплынь падзеяў.
Падзеі ж у Сашавай кватэры далей разгортваліся наступным чынам. Як толькі зачыніліся дзьверы захуткай”, Сашава жонка доўга не раздумвала. Яна сабрала той мізер рэчаў, што мог спатрэбіцца мужу ў лякарні, села ў іхні не такі ўжо і патрыманы BMW і паехала ўсьлед захуткай”. Як там тое ні было, але свайго Сашу яна ўсё-ткі любіла, а тамуў міліцыюяе забралі ўжо з лякарні.
Саша ачуняў яшчэ на аперацыйным стале. Ён расплюшчыў вочы, прыўзьняў галаву і даволі гучна прамовіў: “Забю суку!” І натуральна, што гэтая фраза была прызначаная жонцы. Болей у той вечар Саша нічога не сказаў. З комы ён выйшаў праз тры дні, і першымі яго словамі была просьба: “Скажыце маёй, каб прынесла піва”. І натуральна, што і гэтая фраза таксама прызначалася жонцы.
Піва жонка не прынесла, піва Саша сам набыў толькі па выхадзе з лякарні, затое жонка забрала з ЗАГСу заяву на развод. Саша ў адказ забраў з міліцыі сваю заяву, якую напісаў яшчэ ў лякарні пад уплывам некаторых сяброў і першапачатковых эмоцыяў. Хаця, калі казаць шчыра, то сітуацыя была далёка як не на ягоную карысьць. Справу ён ўсё роўна прайграў бы, не зважаючы на свае шырокія знаёмствы. Дарэчы, у ягонае жонкі такіх знаёмстваў было ня меней, калі ня болей. Але натуральна, што цяганьне па судах ні яму, ні ёй асаблівай радасьці не дало б. А таму яны вырашылі памірыцца. На замірэньне заклалі грандыёзны баль, запрасілі паводле завядзёнкі цэлую плойму гасьцей. І было выпіта шмат гарэлкі, і было спажыта шмат разнастайных заедкаў. І было сказана шмат сентыментальна-палымяных прамоваў, і было прасьпявана багата песьняў. Саша кожную з іх падхопліваў, бо калісьці лічылася, што ў яго быў няблагі голас. А цяпер Саша самае большае мог прасьпяваць ад кожнае песьні першы куплет ды яшчэ прыпеў, бо тое песеннае багацьце, якім Саша калісьці вылучаўся на кожным застольлі, ужо даўно выпетрылася з ягонае галавы ў выніку хранічна-сістэматычнага спажываньня сьпірта­трымаючых вадкасьцяў.
А потым? Потым госьці разбрыліся, а Саша з жонкаю доўга прыбіралі хату, мылі посуд, зьбіралі пляшкі і ўжо толькі перад сьвітанкам змаглі спакойна паесьці, сеўшы на кухні каля ўтульнага полымя сьвечкі. Падеўшы, яны доўга прыгадвалі сваемаладыя гады”, доўга ўспаміналі пра сваё пачуцьцё, якое сканала пад халоднымі вятрамі рэчаіснасьці. І тады, расчуліўшыся, яны пакляліся даць новы імпульс свайму сямейнаму шчасьцю.


Такое сямейнае шчасьце
Цяпер Саша з жонкаю добра жывуць. Цяпер у іх усё ёсьць. А раней як было? Аніяк. Раней яны і ведаць ня ведалі адно пра аднаго. За Сашам раней усё няшчасьці бегалі па пятах. Пачалося яшчэ ад таго дня, як пры выкананьні загінуў Сашаў бацька, немалы міліцэйскі чыноўнік. І тут у Сашавай душы як бы нешта зламалася, і ўсё пайшло абы-як. І, можа быць, з гэтае прычыны ён і вучыцца нідзе ня стаў, адно толькі скончыў шафёрскія курсы. Да войска боўтаўся каля маці, а ў войску вазіў генераладапамаглі старыя бацькоўскія сувязі, і пасьля войска вазіў ужо камсамольскае (абкамаўскае) начальства, і тут таксама на яго спрацавала бацькава імя. Тады ён і прызвычаіўся да салодкага жыцьця, якое стала нагадваць бясконцую халяву. Сьвята заўсёды было з ім. Сам ён быў хлопцам жвавым і гаваркім, але добра ўмеў трымаць язык за зубамі, за гэтыя якасьці начальства яго ўсяляк да сябе набліжала, а што тычыцца астатняга, то ўжо як сам павернешся. І Саша ня спаў, а паварочваўся так, што ажно скура на ім гарэла, асабліва ў тым, што тычыцца так званай прыгожай палавіны. Свой ня вельмі высокі рост ён кампенсаваў прыроднай жвавасьцю, прыемным тварам, добра пастаўленым голасам, русявай, кучаравістаю чупрынай, спартыўнай постацьцю, так што ад дзевак адбою ня ведаў. І хаця маці ўжо ня раз і ня два прапаноўвала яму прывесьці ў дом нявестку, бо ўсё яшчэ спадзявалася паняньчыць унукаў ад свайго ўлюбёнага першынца. Але ў Сашавай галаве знаходзілася месца якім заўгодна ідэям апроч шлюбна-матрыманіяльных. І жыцьцё кацілася перад ім і распасьцірала свае шматлікія спакусы. А Саша асабліва і не супраціўляўся, наадварот, сам шукаў разнастайных прыгодаў. Як той казаў, змагацца і шукацьНу і натуральна, што дашукаўся. Карацей кажучы, Саша патрапіў у гісторыю. І тут яго зноў уратавала бацькава імя, а таксама заступніцтва сваіх высокіх начальнікаў. І ўсё-ткі ні суда, ні адсідкі ён не пазьбегнуў. Гісторыя гэта для мяне цалкам цьмяная, кажуць, што нібыта ў яе былі ўплеценыя ягоныя высокія пратэктары, але вось адказваць давялося аднаму за ўсіх, хаця і не паводле поўнай праграмы.
З турмы Саша вынес звычку насіць кароткія валасы і поўны недавер хоць да якіх прадстаўнікоў улады, а яшчэ зразумеў, што кожны ў жыцьці пільнуецца толькі свайго ўласнага інтарэсу, хаця сам яшчэ не да рэшты страціў сваю прыродную дружбістасьць.
Пад час ягонае адсідкі здарыліся яшчэ дзьве падзеі, якія кардынальным чынам паўплывалі на ягонае далейшае жыцьцё. Зношанае матчына сэрца, надламанае ўдарамі згубна несправядлівага лёсу, у рэшце рэшт ня вытрымала і спыніла сваю хаду. Яшчэ раней Сашава малодшая сястра выйшла замуж, і вяртацца пасьля адсідкі не было куды. З кватэры Саша быў выпісаны, а швагер у катэгарычнай форме адмовіўся дзяліць жыл­плошчу зтурэмнікам”, хай сабе і былым. Але Саша не разгубіўся. Ён ня страціў ні прывабнасьці, ні весялосьці, а горад быў літаральна перапоўнены жанчынамі, жытлу якіх не ставала так званага мужчынскага паху. Сярод добрых кабет Саша акрыяў і адышоў сэрцам. Але і тут лёс рыхтаваў яму чарговую непрыемнасьць. Саша зноў страціў асьцярожнасьць і нанова заляцеў. Праўда, гэтым разам не ў турму. Гэтым разам ён заляцеў зусім іншым чынам. Можа быць, Ленка наўмысна не сказала яму пра небясьпечныя дні, а можа яна сказала, але такім чынам, каб ён не зьвярнуў увагі, а можа ён і не пачуў ейныя словы, але праз два з чымсьці месяцы Ленка, вылічыўшы ўлюбёныя кропкі, перастрэла яго на прасьпекце і абвесьціла яму, што яна ужо на трэцім месяцы. Саша, канешне, мог бы і адбрахацца, мог бы прапанаваць грошы альбо знаёмага гінеколага, мог бы наогул зрабіць вялікія вочы і змыцца з гораду, тым больш, што Ленка пра яго ведала, усяго толькі што імя.
Але Саша ня стаў прапаноўваць грошы ці гінеколага, ня стаў змывацца з гораду, а, наадварот, прапанаваў занесьці заяву ў ЗАГС, Ленка ад нечаканасьці адразу пагадзілася. І яны сталі жыць. Па-праўдзе сказаць, Саша стаміўся ад зьмены твараў і кватэраў. І ў Ленкі меліся свае вартасьці, якія схілілі яго да такога рашэньня. Па-першае, яна была і фігурыстая, і з твару сімпотная, і ў кампаніі магла сябе падаць, для кампаніяў у яе быў някепскі голас. Па-другое, Ленка мела ўласны дом, не кватэру, а дом на цудам ацалелым аскепіку прыватнага сектару ледзьве не пасярод гораду. Па-трэцяе, яна працавала ў сістэме грамадскага харчаваньня і таму штовечар цягнула дадому смачны і важкі прыварак.
А потым у іх нарадзілася дачка, і Ленка, якая і так не вылучалася асаблівым розумам, зусім, што называецца, з глузду зьехала. Яна патрабавала да сябе пастаяннай увагі і не цярпела аніякіх пярэчаньняў. Да таго ж, маючы куды як перабольшанае меркаваньне пра свой уласны голас, яна пачала ўяўляць пра сябе, як пра бязьвінную пакутніцу, унутры якой загінула вялікая артыстка: Ганна Шацілава ці Ала Пугачова, а можа яны абедзьве разам. Хто ведае? Натуральна, Саша пачаў шукаць нагоды, каб затрымлівацца на працы, каб ня быць лішнім са сваёй вялікай і заслужанай. Талент ейны застаўся незапатрабаваны, але ў чым яна дасягнула сапраўднага артыстызму ды віртуознасьці, дык гэта ў закатваньні мужу канцэртаў. Саша з мужнасьцю пакутніка за ідэю цярпеў зьдзекі, але прызвычаіцца ня мог. Якіх толькі эпітэтаў пра сябе ён не наслухаўся: і такі, і сякі. Затое сама Ленка ці не пасьля кожнага канцэрту ўзвышалася ва ўласных вачах. Ейны рэйтынг паводле сацыялагічных апытаньняў, што яна рэгулярна праводзіла сярод сябе, рос нібыта на дражджах. Але самым крыўдным для Сашы было нават ня тое, што жонка некалькі разоў кідалася да яго біцца, спробы рукапрыкладніцтва ён перапыняў самым рашучым чынам: як-ніякмужчына. Самым крыўдным было менавіта тое, што сьведкаю сямейных разборак рабілася дачка, якую жонка незваротна настрапаліла супраць яго.
І тады злосьць зьвіла кубло ў Сашавым сэрцы. Злосьць паступова расла ў цьмяных глыбінях Сашавай душы, ператвараючыся з маленечкага каліўца ў вялізны камяк. Яна расла, пакуль не дасягнула крытычнае масы. І тады Саша выбухнуў. Не, не падумайце, ён ня стаў крычаць, ня стаў біцца. Ён папросту ўвечары пасьля чарговага канцэрту сваёй вялікай, народнай і заслужанай артысткі сабраў нешматлікі мужчынскі мінімум і, не прэтэндуючы на падзел сумесна нажытай маёмасьці, пад зьдзіўлена-зьнямелы Ленчын позірк, пакінуў сцэну. І зала на гэты раз не скаланула паветра воплескамі далоняў і крыкамібрава!”.
На нейкі час Саша прыладзіўся ў сяброў і пачаў ужо думаць, а ці не вярнуцца яму зноў да суцяшэньня спагадлівых самотніц, але тут нарэшце лёс яму ўсьміхнуўся па праўдзе. На адной з чарговых вечарынак-пагулянак яго пазнаёмілі з Людкаю. Прыгажуняю яе назваць было цяжка, але нічога непрыемнага, каб адштурхоўвала, у зьнешнасьці таксама не было. Дзеўка як дзеўка: ногі, рукі, вочыусё як у людзей. Можа трохі хударлявая, але, здаецца, у самую меру. Можа, хіба толькі да валасоў магла ўзьнікнуць прэтэнзія. Для параўнаньня іх з пшанічным полем, канешне, ня мелася ніякіх падставаў... Але, калі ўжо быць такім пераборлівым, то ў кожнага з нас можна знайсьці мноства недахопаў, у тым ліку і фізічных.
А так сама па сабе жанчына разумная, яна ў першы ж вечар ня стала ламацца, нат прапанавала паехаць да яе. У двухпакаёвай кватэры новага спальнага раёну было ня так ужо і шмат рэчаў, але затое была дачка, фано, дзьве гітары, магнітафон, прайгравальнік з кучай дыскаў, ну і лядоўня, канапа, тэлевізар, пара крэслаў і яшчэ нейкія неабходныя дробязі. І сама кватэра была дагледжаная роўна настолькі, як гэта можа зрабіць самотная жанчына: усё трымалася, хоць і на саплях, але асаблівага рэзруху не было.
Людка адразу ўпадабала Сашуён у той вечар амаль ня піў, бо быў за рулём. На другую машыну (першую ён пакінуў Ленцы, кузаў і пагэтуль гніе на ейным двары) ён зарабіў вельмі хутка, купіў з рук ці не зусім за капейкі і за колькі начэй уласнаручна давёў яе да ладу. Людка адразу выставіла на стол і чарку, і шкварку. Але нават і тут, ведаючы, што заначуе, Саша не дазволіў сабе адарвацца: піў у меру, як раз, каб гаворка цякла лягчэй і каб падтрымаць цяпельца апетыту. І Людцы спадабалася гэта, спадабалася ягоная простая гамана, у якой раз-пораз праскоквала то моцнае слоўца, то сакавіта-трапнае вызначэньне. І Саша ўпадабаў гаспадыню, і ейную разумную і ўзважанаю гаману, і жывыя сьветлыя вочы, і тонкія музычныя пальцы (Людка насамрэч была музыкаю), спадабалася ейнае ўменьне і згатаваць, і падаць, і пачаставаць.
І ўжо на ранку, прачнуўшыся на чыстай, пахкай бялізьне побач з ласкаваю кабетай, Саша прыняў рашэньне застацца, зачапіцца за гэты дом любым чынам. Сэрца, менавіта сэрца, падказвала яму, што менавіта ў гэтым доме ён нарэшце супакоіцца сэрцам. І ўжо ранкам Людка, прачнуўшыся на ўгрэтае сімпатычным мацаком пасьцелі, зразумела ўсёй сваёй жаночай прыродай, што гэта менавіта той мужчына, якога ёй належыць затрымаць каля сябе любым чынам. Сэрца, менавіта сэрца, падказвала Людцы, што гэта і ёсьць тое шчасьце, якое яна можа быць і заслужыла.
Раней ёй усё неяк не шанцавала, хаця і вялікаю нешчасьлівіцай ды пакутніцай яе таксама не назавеш. Нарадзілася і гадавалася ў вялікай заходнебеларускай вёсцы, у настаўніцкай сямі. Як і Саша была старэйшым дзіцём, толькі малодшым у яе быў брат. За ёй рана заўважылі музычныя здольнасьці, і пасьля дзесяці класаў і музычнай школы яна паступіла ў сталічную музычную вучэльню. Вучылася яна навыдатна”, але даволі хутка зразумела, што вялікай піяністкай ня стане. Спачатку перажывала з гэтае нагоды, хацела нават кінуць вучэльню. Але ня кінула, бо, па-першае, перамагла любоў да музыкі, а па-другое, Людчына сэрца раскрылася для каханьня. Трубач насіў доўгія, да плеч, чорныя валасы, позірк ягоных вачэй быў загадкава-задуменным, а вусны пастаянна крывіла ўсьмешка крыху пагардлівая, але гэта зусім не псавала твару, а, наадварот, дадавала яму рамантызму. Трубач, паводле агульнага меркаваньня і студэнтаў, і выкладчыкаў, лічыўся геніем, а што ўжо ўсе дзяўчаты за ім прападалі, то пра гэта і казаць не выпадае. І ўжо колькі Людцы за яго паваяваць давялося, але геній зьвярнуў урэшце рэшт на яе ўвагу, дазволіў хадзіць за сабой, а потым недзе напрыканцы чацьвёртага курсу яны пабраліся.
Ніколі яна не адчувала сябе такой шчасьлівай. У яе дадалося імпэту і моцы, а ўвесь свой час яна падзяліла паміж двума рэчамі: шанаваньнем свайго генія і падрыхтоўкай да кансерваторыі. Але неяк з першага разу з кансерваторыяй не атрымалася, і мару пра музыку адклалі на другі год, а потым усё закруцілася, нібыта сама па сабе дачка нарадзілася, і Людцы ўжо зусім стала не да кансерваторыі. Трэба было нейкім чынам наладжваць жыцьцё, і ўсё адразу звалілася на яе худзенькія плечы, геній ніяк не жадаў браць удзелу ў штодзённым побыце, і каб не бацькі, то Людка ўжо і ня ведала б, як выкруціцца.
Уладкавалася адразу на некалькі працаў, стала ў чаргу на кааператыў і вырашыла прысьвяціць сябе дачцы і свайму генію. Але геній ужо некаторы час ня быў ейным. Спачатку Людка нічога не заўважала, а потым не хацела заўважаць. Хаця добрыя людзі ёй і ня раз, і ня два празрыста намякалі, а потым ужо наўпрост паказвалі, што ў ейнага генія даўно ёсьць пастаянная каханка і нават называлі імя і казалі, дзе тая працуе. Да пары да часу Людка хадзіла бы сьляпая, запоўненая сваім каханьнем, але аднойчы яна засьпела галубкоў у сваёй уласнай кватэры, на сваім уласным ложку.
Размова была кароткаю, але поўнай канкрэтыкі. Праўда, растаньне задоўжылася, бо геній пры разьезьдзе спрачаўся, як зацяты, за кожнаю драбязу. Ды і так, маючы ключы, прыходзіў на кватэру, калі толькі хацеў, і цягнуў усё, што мог.
Ашалелая ад крыўды і роспачы Людка сама ня здолела здагадацца памяняць замкі на дзьвярах, і нікога не знайшлося, каб падказаць. А можа і здагадалася, а можа і падказалі, але яна не жадала мяняць замка, бо хацела праверыць, наколькі глыбока можа праваліцца той чалавек, якога яна яшчэ зусім нядаўна лічыла ўвасабленьнем самой дасканаласьці. А можа быць яна не мяняла замка яшчэ і з тае прычыны, што спадзявалася на павяртаньне генія да сваёй сапраўднай сямі. Праўда, у апошняе верыць не выпадала, і яе апаноўваў страх, што з гэтага дня і назаўсёды свой ложак яна будзе грэць сама для сябе, альбо гэта будуць толькі выпадковыя мужчыны.
Я ня ведаю дакладна, я магу толькі здагадвацца, а таму маю права на разнастайныя версіі. Але тое, што цяпер мужчыны будуць толькі выпадковымі, ёй сумнявацца не выпадала, бо за гады сямейнага жыцьця яна пасьпела страціць дзявочую прываблівасьць, а да таго ў яе пад час шлюбаразводнага працэсу, калі яна наслухалася пра сябе столькі рознай брыдоты, пачалі выпадаць валасы.
Дык вось ніхто з іх не хацеў прамахнуцца: ні Саша, ні Людка. Кожны з іх ужо меў дастаткова балючы досьвед сямейнага жыцьця, але ў дадзеным выпадку зьбег акалічнасьцяў стаўся для іх шчасьлівым. І ад гэтага дня, а больш дакладна ад гэтай начы, Людчына і Сашава жыцьці зьмянілі свой накірунак і сталі працякаць у агульным рэчышчы. Нейкі час пажылі так, а потым незаўважна і без прымусу расьпісаліся.
Цяпер яны жывуць добра. Цяпер у іх ёсьць усё, нават нарадзілі агульнае дзіцяткасыночка. Днямі яму спаўняецца год, і я запрошаны на дзень народзінаў. А Саша паступова зрабіў у кватэры рамонт, а потым заснаваў невялічкае прадпрыемства, у якім ёнпоўны гаспадар. Ягоны бізнэс дазваляе жыць бязьбедна па сёньняшніх мерках. І Людка пакінула дзьве працы: няма патрэбы. Але на трэцюю ходзіць, бо роля хатняй гаспадыні не задавальняе яе дзейсную натуру. А так яны людзі ня сквапныя, ды і ўсё роўна ўсіх грошай не заробіш. А мне прыемна, што хоць нехта з маіх сяброў пачувае сябе шчасьлівым.
Дай ім Божа!