12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Зьміцер Вішнёў

_____________________
Замак пабудаваны з крапівы.
Урывак з раману

Дзецям акупантаў прысьвячаецца

Частка шостая.
Юшка

Я задумаўся. Пачаў калмаціць валасы. Заскрыгатаў зубамі. Натапырыў лоб. Н-т-а-а-ак!.. Нашто гэтыя прыгоды зТахелесам”? З першага погляду зразумела, што гэта адстойнае месца!.. І без сьпецыяльных прыбораў можна ацаніць маштаб берлінскага фурункула. Блышыны памер. Прычым у бліжэйшай будучыні (калі ня ў дадзенае імгненьне) “Tacheles” мусіць быць выдалены як нешта чужароднае і небясьпечнаеА потым я зразумеў!.. Я хачу тут памерці!.. Так файна скочыць уніз з гэтага гмаху!.. Перад вачыма кінакадрамі беглі дзіцячыя ўспаміны: я куляюся галавой уніз. Я ўздыхнуў. Толькі б будынак ня зьнесьліТолькі б пасьпець! Інакш дзіцячым марам ня спраўдзіцца.

76.
Пазіраючы на цябе з вышыні птушынага палёту, можна разгледзець недзе каля страўніка маленькую істоту, якая без сумненьня нагадвае смаўжа... [але... гэта ўсё ж душа... скарлючаная рамантычная душа. Так-так. Ты шчыра верыш у каханьне, як пірат верыць у выспу, закладзеную куфрамі з золатам. Тваё менскае сонца скача саранчой па горных і плоскасных ландшафтах Еўропы. Цяпер твой бліскучы шар лунае над шпілямі Берліна, а над домам мастакоўТахелесён наогул выглядае пяным Карлсанам у залатой кароне.]

77.
Уявіце, як класна жыць чалавеку з кепскім зрокам у “Tacheles”-е! Асабліва калі ў яго кантактныя лінзы (для мясцовых мастакоў лінзы, якія ня трэба здымаць доўгі час, – неверагодная раскоша). Пры наяўнасьці поўнай антысанітарыі запаўзаньне пальцамі ў вока падобнае да карціны, на якой узвышаецца постаць шахцёра з адбойным малатком над цяжарнай жанчынай. Альбо ўявіце хірурга без пальчатак, з тоўстымі бруднымі жоўтымі пальцамі. Брр! Ня тое слова! Брргэта мякка сказана. І вось прачынаешся зранку, нібыта сьляпое кацяня. Бярэш кантэйнер (ну, такі маленькі кантэйнер памерам з карабок для запалак) з кантактнымі лінзамі і бяжыш па змрочным бетонным калідоры, ледзь не зьбіваеш пару турыстаў, забягаеш у брудную прыбіральню, нярвова мыеш аскабалкам мыла рукі іУ цемрачы над ракавінай, нібыта снайпер, закідваеш лінзу ў вока! Бах! Нешта ня тое. Не туды паплыла. Робіш масаж павекаў. Ага! Ёсьць. Скрозь туман вымалёўваецца пяная пыса незнаёмага чалавека. Ён гартанна нешта кажа па-ангельску і рагоча. Ты ў адказ усьміхаешся. “Гуд монінг”, – кажаш тыпаказваеш рукой на маляваных на падлозе тараканаў. Незнаёмец зьмяняецца з твару (ці, дакладней, з пысы, бо тварам тут і не патыхае). Ты махаеш рукой, ты цягнеш яго па сьлядах маляваных насякомых, якія якраз прывядуць у тваю змрочную майстэрню. Я нават сказаў быу храм акультызму, дзе вывучаюць паводзіны ідыётаў і паразітаў рознай пароды. Ты цягнеш ужо не бычкаахвяру для бога мастацтва. Ён і ня ведае, крэтын, як яго зараз разьвядуць ды кінуць набабкі”.
(Устань! Расплюшчы распухлыя вочы! Кінься да бруднай мыйні і зрабі некалькі крокаў да цывілізацыі! Вельмі прыкольна мыць валасы ледзяной вадой у прыбіральні над ракавінай! Ад гэткага відовішча позіркі турыстаў шалеюць! Які антураж! Якая фактура! Якая містыка! Ня ўсім дадзена зразумець прыгажосьць першага класу запэцканага клазету! У гэтым і ёсьць таямнічасьць хады монстра!)

78.
Ну, што? Распачнем нашую гісторыю. Я спадзяюся, яна будзе ня сумнай. Гэта будзе свайго кшталту падарожжам па ілюстраванай энцыклапедыі вусякоў. Бо, працуючы над карцінамі і паядаючы паралельна час ад часу таго ці іншага смажанага зьвера, я імкнуўся да вывучэньня гэтага выданьня. Трэба памятаць, што вусякі – Insecta – уяўляюць сабой самы шматлікі клас кшталту членістаногіх жывёлінаў – Arthropoda. І вывучаць мы будзем ня столькі вусякоў, а мастакоў і зьвязаныя з імі выпадкіА разнастайныя вусякі будуць нас суправаджаць і дапамагаць рухацца ў патрэбным кірунку.

79. Папярэднікі вусякоў – скарпіёны
“Tacheles” ашчэрыўся і выпнуў пуза. Загучала электрадрыльная музыка. Ноч ужо распаўзалася па Берліне. І здавалася, што ў ягоным цэнтры заварушыўся драпежнік. Абкураная ды абпітая моладзь сьцягвалася сюды з усялякіх кавярняў і клубаў, каб тут дагнацца да рохканьня парсючка. Зрэшты, некаторыя індывіды маглі сюды ўжо толькі дапаўзьці, каб заснуць проста на вуліцы на жоўтым пляжным пясочку, якога сюды панавезьлі. І таму ў дзікую сьпёку тут утвараецца свой невялікі імправізаваны пляж. Замест мора тут плёскаюцца кактэйлі, піва, віно і віскіАд шматпакутных целаў уздымаюцца маленькія марыхуанныя і тытунёвыя аблачынкі дыму. Скульптурныя выявы, зробленыя з металу, у выглядзе літараў часта замяняюць шэзлонгі і столікі. Пазіраючы з акнаТахелесаможна падумаць, што ўнізе шмат недаатручаных вусякоў. Зрэшты, мы пачалі ад скарпіёнаў!..

80.
Я вырашыў накарміць мясцовую публікулітаратараў ды мастакоўбеларускай юшкай. Дзеля гэтага мне было патрэбнае самае рознае. Ну, найперш, што такое юшка? Гэта ня рыбны суп, як думаюць многія. Гэта хутчэй рыбны булён. Бо калі гэта рыбны суп, дык туды кладуць бульбу. Гэта адбываецца, напэўна, так: чалавек нібыта самурай узмахвае нажом, і вопратка гародніны расшпільваецца і агаляе белыя целы, якія пасьля абмываньня вадой кідаюць сасьпяваць у кацёл рускай лазьні. Так-так, менавіта, закідваюць бульбу ў рускую, бо фінская лазьня сухая і не падыходзіць для нашай рэцэптуры. Але ў юшку кладуць акрамя рыбы хіба што крапіву. Рыба падыходзіць любаяі пузатая, і худая. Але лепш самому абчысьціць з яе луску. Тады і смак падасца іншым. Гэта тое самае, калі мастак не давярае працэс нацягваньня палатна анікомуМожна дадаць яшчэ солі, перцу і трошкі-трошкі цыбулі. Але самае галоўнае, што туды наліваюць гарэлку. Калі ўжо ўсё быццам гатовае, плёскаюць грамаў сто пяцьдзясят гарэлкі ў кацёл з юшкайдзеля смаку. І яшчэ адзін важны момант: гатуюць юшку, як і барбекю, на прыродзе!.. Гэта ня толькі дзеля рамантыкі. Дым для гэтай стравытаксама прыправа.
Немцы не ядуць сухой рыбы (за выключэньнем мутантаў), для іх гэта занадтамёртвая рыба”. Тое, што не прыносіць арганізму карысьці. Гэта як аксюмаранжывы труп”. Ды і крапіву яны не ўжываюць. Як мне сказаў адзін нямецкі паэт: “У нас крапіву елі хіба што ў галодныя гады”. Ды справа ня ў голадзе!.. Гэта ж такі рытуал, экзотыкаПрытым крапівакарысная расьліна для чалавека: утрымлівае розныя вітаміны, акрамя таго выцягвае з рыбы ўвесь негатыў, непрыемныя пахі. Нават калі негатыў зьнікае не ў прамым, дык у пераносным сэнсена 100 адсоткаў! А што немец? Уявіце гэтага кніжнага, рудога ў акулярах субекта. Уявіце, як ён разгубіўся, як ён выцягнуў з кішэні пінжака залатую лупу. Як ён асеў на зямлю, наблізіў ушчыльную да акуляраў лупу і пачаў праз яе разглядаць траву. Так і чую ягоны зьмяіны шэпт і клёкат незадавальненьня. Калі б крапіву прадавалі ў супермаркеце, напэўна, немец набыў бы яе. Каб у пакеціку: сьцяблінка да сьцяблінкіА зьбіраць так?.. Што, з глузду сплылі? Тут жа сабакі сцуць ды машыны езьдзяцьзабруджваецца расьлінны сьветСьмярдзіць усё мачой і машыннымі газамі.
Да прыкладу, немцы не зьбіраюць грыбоў (за выключэньнем некаторых субектаў). Гэта ж не грыбырадыеактыўныя міны! Маленькая выбуховая прылада. Бо, з гледзішча немца, яны радыеактыўныя пасьля выбуху Чарнобыльскай АЭС. І гэта, заўважце, у Нямеччыне!.. А як жа наш брат-беларус імі харчуецца на радзіме, дзе да Чарнобылю, як кажуць, рукой падаць? Дык таму ён, беларус, і муціруе. Вось. Хаця, я думаю, праблема ў іншыму адсутнасьці культуры збору грыбоў.
Ды і традыцыя гатаваньня нейкіх вадкасьцяў накшталт супу на прыродзе ў Нямеччыне нейкая зародкавая. Калі такое і адбываецца, дык, напэўна, спантанна і выпадкова. Замест катла я здолеў выпрасіць у кіраўнікоўТахелесатолькі вялізны рондаль. Замест трыножніка я змайстраваў нешта кшталту печкі бяз даху, каб зьнізу падкладаць дровы, а над імі можна было прымацаваць рондаль. Гэткага чорнага бегемота.
Але ўсё па парадку. Удзень, у сонечны летні дзянёк, я паехаў на Ванзэе. Тут, на ўскраіне Берліна, каля аксамітнага возера, дзе плёскаюцца белыя параходы-кашалоты і яхты, падобныя да чаіц, я пачаў наразаць крапіву. Хутчэй не наразацьабразаць, бо гэта я рабіў вялізнымі нажніцамі (так і хочацца напісацьіржавымі, але яны насамрэч былі вельмі бліскучыя і нагадвалі два люстэркі). Хадзіў, як нейкі новасьпечаны прыбіральшчык сьмецьця. Не хапала толькі фартуха і кухарскага каўпака. Мясцовая буржуазная публіка паглядала на мяне як на ідыёта. Адзін немец нават спрабаваў патлумачыць, што гэта есьці нельга! Як кажуць расейцы: “Щас!” Разагнаўся! Выкінуў усё і паехаў назад! – Будзеце есьці! Будуць есьці твае нямецкія братыанікуды не падзенуцца! Крапіва, узрошчаная пылам аўтамабільнай трасы, была добрая, сакавітая і нагадвала снапы рыбных хвастоў. На некаторых лістках сустракаліся розныя дзіўныя вусякі, іх я абтрасаў пстрычком пальцаў (даваў маленькага фофана). Яны звальваліся, нібыта перасьпелыя гарошыны. Крапіва калолася і супраціўлялася. Нібыта маладыя дзяўчаты зьдзекаваліся з хлопцаў і патрабавалі ўзяць замуж. Але я адчуваў сябе злодзеем, бо ўганараваньнем для крапівы, мяне ды творчых братоў павінна была стацца юшка!..

81. Афрыканскія мухі роду глосіна
“Tacheles” засынае позна, але і прачынаецца ён бліжэй да абеду. Пакамечаныя ад злоўжываньня алкаголем і наркотыкамі мастакі выпаўзаюць са сваіх заімшэлых нораў, як дзіўныя зьвяры. Твары ў палосках і квадратах нагадваюць цэлафан. Бяры і прадавайжывыя творы. У вопратцы зашмальцаванай, ад бруду і фарбы, іх целы быццам паветраныя шары перакочваюцца па калідорах і пазвоньваюць ключамі ад шматлікіх дзьвярэй. Гук ідзе, як ад ключнікаў, ці хутчэй як ад старых зламаных флюгераў. А былі часыгэтыя калідоры парушаў і плёскат босых ног беларускага мастака Акулава. Маленькі і барадаты, падобны да неандэртальца, ён бегаў з майстэрні ў майстэрню. Купляў некалькі пакетаў таннага віна і моцна напіваўся. Акулава не выносілі амаль усе. Яго нават некалькі разоў білі. Але пра гэта пазьней. Білі яго за справу. А ненавідзелітаксама за справу, бо прадаваў свае вялізныя карціны за дробныя грошы. За 5 ці 6 еўрана віно. Бо матэрыялы ў яго былі халяўныя, а карціны ён пісаў пачкамі. У рэшце рэшт кошты ўТахелесеён зьбіў. Творчы народТахелесаазьвярэў. І зьбіраўся зрабіць мастакуцёмную”. Але час расплаты прыйшоў нечакана, з другога боку, і нанёс крыўдзіцелю мастацкага дому моцны ўдар па паліраваным вінным ілбе. Неяк чарговым і незьлічоным разам Акулаў нажэрся і выпаўз са сваёй нары да белых людзей. Рохкаючы і пыхкаючы абаранкавай цыгарэткай, мастак набліжаўся да свайго лёсу.
Насустрач Акулаву выплыла вялікагабарытная фрау, за якой паўзьлі тры засушаныя кавалеры. Мастак хітра ўсьміхнуўся сваімі жалезнымі і яўна паіржавелымі ад часу зубамі, ганарліва выставіў марэлевае валасатае пуза. Ён наблізіўся да фрау, закінуў галаву да яе гарбузовых грудзей і рашуча запытаў: “Вас костэт?” (гэта значыць: “Колькі каштуе?”). На гэта фрау ледзь не хапіў кандрацій, і яна ўся зьбялела, а потым пазелянела. Акулаву яўна пашанцавала, што кавалеры былі гішпанскія, а не нямецкія, бо адпачываць бы яму тады ў паліцыібез усялякіх. А так адзін з кавалераў, гарачы гішпанскі хлопец, доўга ня думаючы, тыцнуў мастаку проста ў ягоны чырвоны пенапластавы нос. Але памыліўся, наіўны: ня так проста зваліць брата-беларуса. Акулаў адбіваўся палову гадзіны ад трох гішпанцаў. Было ўражаньне, штоТахелесператварыўся ў грушавы сад, дзе абтрасаюць з дрэваў сасьпелыя плады. Грукат стаяў менавіта такі. Але ўрэшце сілы пакінулі Акулава. Пянае цела адмаўлялася скакаць як кенгуру і звалілася буйной грушай на бетонную падлогу. Яшчэ некалькі гадзінаў распластаны мастак аздабляў цемнаваты калідорТахелеса”. Потым творчае асяроддзе зьлітавалася з Акулава, і ягонае цела было ўрачыста закінутае амаль на радзіму. Яго ўзялі за рукі і за ногі, быццам мех з бульбай, раскачалі і кінулі ў нару-майстэрню. Апошні толькі смачна адрыгнуў і, пераможна рохкаючы, захроп. Турысты доўга не маглі зразумець, што гэтак гучыцьці то храп, ці тое граньне на баяне. Як гэта ні дзіўна, тады наляцела шмат бронзавых мух: адкуль яны ўзяліся, ніхто ня ведае. Яны кружлялі зграямі і надакучвалі наведвальнікам мастацкага дома.
Варта памятаць, што самымі небясьпечнымі зьяўляюцца афрыканскія мухі рода глоссіна (Glossina). Glossina morsitans з даўжынёй цела каля 12 мм. Гэтая муха пераносіць узбуджальнік ноганыхваробы буйной рагатай жывёлы, большасьці хатніх і дзікіх жывёлаў.

82. Папярэднікі вусякоў – павукі
Майстэрня нагадвала субмарыну. Зрэшты, тут была процьма ілюмінатараўцэлая сьцяна. У сьпёку мастакі варыліся, як кажуць у наро­дзе, у сваім соку. Кропелькі поту стваралі на тварах дзіўныя краявіды. Тут згадваюцца змардаваныя недахопам кіслароду падводнікі. Мастакінібы расплюснутыя сонцам павукіПерапаўзаюць.
Колькі каштуе гэтая графічная праца?” – запытае турыст. “Пяць шклянак таннага французскага віна”, – адкажа змардаваны сонцам беларускі мастак. Бо ўяўляе халоднае белае. Ён хапае паветра ротам, быццам чалавек, якога кінулі ў пустэльні Сахара без глытка вады. Сумна. Дайце на белае!
Павукоў на Зямлі больш за 20 000 відаў. Павукі распаўсюджаныя амаль паўсюль, за выключэньнем палярных шыротаў. Больш за ўсё розных павукоў сустракаецца ў больш цёплых, а таксама горных раёнах.

83.
Я відэльцам выкалупваю з бляшанкі рыбіну, а дакладней, ейную галаву бяз вока. Уявіце насычанае гарчычным соусам ломкае цельца. Срапіка пачынае калаціць.
Я цябе ненавіджу, Саф, – злосна шыпіць ён. І я заўважаю, як па ягонай пысіне пачынае мухай поўзаць кропля поту.
У чым справа? – абураюся я. – Я не магу паесьці?
Купляючы мярцьвячыну, ты разьвязваеш рукі забойцам, – пішчыць Срапік. І я разумею, што ў гэтым піску акрамя мышынага ёсьць і нешта зьмяінае.
Срапік пачынае бегаць па майстэрні. На ім грымяць ягоныя шматлікія званочкі і бразготкі. Сухі і шэры ад недахопу пэўных мікраэлементаў твар перасякаюць зморшчыны. Уражаньне, што ў ягонай галаве адбываюцца незваротныя мазгавыя працэсы.
Я пераможна кладу бурштынавую галаву рыбіны на жоўтыя разцы і пачынаю перамолваць. Мне здаецца, я чую хрупат ня толькі няшчаснага трупікаале і Срапіка. Бо ягонае нервовае беганьне па коле майстэрні ператвараецца ў скокі гімнаста. Усё гэта суправаджаецца клёкатам ягоных упрыгожваньняў. У Срапіка ззаду вісіць вялізны драўляны малаток, і я чамусьці згадваю дурня, выпісанага Вальтэрам Скотам у раманеАйвенга”. Той замест драўлянага малатка цягаў драўляны меч. Нарэшце клаунада рэзка спыняецца, бо Срапік выскоквае ў калідор, і я чую, як той перамяшчаецца з паверху на паверх. Чую, як ён зьнікае ўдалечыні. ЗваночкіЗваночкіЗваночкіВесялі народ, Срапік.

84.
Сафа злосна ўсьміхнуўся. Не, ён ня быў ужо такім халодным і жорсткім, але ён не цярпеў заімшэлага невуцтва і ваяўнічай дурасьці. Ну, ня пеш ты нават піва, не ясі рыбы і мяса, дык навошта гэтым грузіць іншых? Што за агрэсіўная хрэнь? Было сьмешна і гідка, калі Сафа падлавіў Срапіка на праглядзе парнаграфічных сайтаў. Прычым сайты былі ня проста абы-якіядля педафілаў. Сада тут курчылася паўсюль. Сафу вельмі ўразіў партал з няшчаснымі дзіцячымі тварамімаленькіх тут гвалцілі.
Як Сафа пра гэта даведаўся? Усё па парадку. Срапік выпрасіў у адміністрацыіТахелесакампутар нібыта для відэаінсталяцыі, а на самай справедля прагляду порнасайтаў. Кампутар быў дзікунскі: стары, пашараваны, з чорнымі плямкамі па ўсім целе. Але клікалі яго з гонарам – “Макінтош”: “Цыпа-цыпа. Макінтошык!” Неяк зранку, калі ў майстэні ўсе спалі, Сафа запусьціў кампутар і падключыўся да Інтэрнэту. А да гэтага ўначы кампутар асьвятляў злосную пысу Срапіка. Механічна шчоўкаючы клавішамі, Сафа раптам натыркнуўся на табліцу, якая адлюстроўвае папярэднія хады па сусьветнай інфармацыйнай прасторы. Каля трыццаці сайтаў налічыў Сафа. Так, для цікаўнасьці, шчоўкнуў мышкай па адрэсе. І трапіў на экзатычны сайт. Сафа быў вельмі ўражаны. Падушачкі на пальцах анямелі. Уся Срапікава прапаганда здаровага ладу жыцьця кацілася ў тартарары. Напаўзала штосьці склізкае і патліваеВельмі хацелася напіцца. І тады Сафа схадзіў у краму “Exstra” і набыў дзьве пляшкі сухога гішпанскага віна. Гэта былі лекі. Душэўныя лекі.

85.
Гэты спадар заплыў у майстэрню як параход. Дарагая цыгара аздабляла ягоны ліловы рот. Дым аплятаў яго кольцамі. Ён таптаўся, быццам механізмы паравой машыны. Ягоныя вочы, падобныя да ілюмінатараў карабельнай каюты, бліскалі акіянам. Ён анічога не сказаў, выцягнуў пачак грошайвыбраў дзве купюры па 100 еўра і паклаў на стол, затым падышоў да цябе, пацалаваў у лоб і забраў твой пэндзаль. Ён забраў толькі пэндзаль, якім ты толькі што пісаў твор пад эпічнай назвайТараканы гвалтуюць тлю”. Незнаёмец забраў пэндзаль, як быццам пелікан рыбіну (а можа, закінуў баркас на сваю карабельную палубу?). Пыхкаючы і пасопваючы, ён гэтак жа загадкава зьнік, як і зьявіўся

86.
На першым паверсе мастацкага дому знаходзіцца самая унікальная майстэрня. Там працуе дзевяностапяцігадовая мастачка Сара Леві. Ніхто ня памятае пачатку дзейнасьці гэтай асобы. Здавалася, што ўсё мастацтва Берліну нарадзілася разам з гэтай бабулькай.
Сафа зрэдку наведвае прадстаўніцу старэйшага мастацкага пакаленьня. Зазвычай ён ціха заходзіць у майстэрню і пэўны час стаіць у дзьвярах, каб Сара зьвярнула на яго ўвагу. Ён топчацца. І час ад часу ўстае на дыбачкі. Ён нагадвае нанова збудаваныя арэлі. Ён рыпіць і сквірчыць скураным абуткам. Ён моцна топчацца. Праз пэўны час узгорак, які можна абазвацьСара”, пачынае хістацца. На ўзгорку вылупляецца белы, яўна пасыпаны салодкай пудрай, пончык у акулярах. Тады Сафа вітаецца і ўжо без усялякіх пачынае бадзяцца па майстэрні. Тут можна адшукаць самыя розныя гузікі. Гэта асноўны матэрыял, з якім працуе Сара. Гузікі часоў кайзераўскай імперыі і Савецкага Саюзу. Ёсьць экспанаты выключныя. Да прыкладу, статуя, вырабленая з гузікаў аўстралійскіх феміністак.

87.
Кепска сшытая, – раптоўна сказаў нехта.
Што? – не зразумеў я. – Гузікі адрываюцца?
Кепска сшытая проза, – удакладніў нехта.
Я азірнуўсязамарожанаяЯшчэ адзін белы пончык
Не атрымаецца з цябе Габрыэль Маркес, – сказала бабулька.
Гэта чаму? – абурыўся я.
Ну, якая дурніца будзе трываць такога сьпецыяліста, як ты? Той Габрыэль хоцьСто гадоў адзінотынапісаў. Дык а ты, пэўна, напішаш сто радкоў шызыІ пры гэтым кармі цябе!.. Не! Дудкі! Вучыся выкройваць нармальны шлафрок!.. Інакш такую вопратку аніхто ня будзе насіць!
З гэтымі словамі бабулька пачала нешта сёрбаць з талеркі. Прычым з такім яўным гукамлшлшлшлшл”. Працаваць у такіх умовах было немагчыма. Гэта пераходзіла ўжо ўсялякія межы.
А што, сваю зупку вы не маглі паесьці ў сябе дома? – запытаўся я.
Ты сваім аповедам пра юшку натхніў мяне на рыбную зупку! Я хацела туту творчых умовах! – сказала бабулька і выпрастала ў мой бок крывую алюмініевую лыжку з нейкай вадкасьцю. – Хочашпакаштуй! Патасу трэцяй катэгорыі!
Не! Ні трэцяй, ні пятай, ні першай, ніякай катэгорыі я не жадаў! Я хацеў працаваць!
Кухня там! – сказаў я і рашуча паказаў на дзьверы з кватэры.

88.
У Менску няма вігвамаў. Тут растуць палацы, якія нагадваюць пірагі і булкі. Па прасьпектах шоргаюць машыны, тралейбусы, аўтобусы і трамваі.
У Берліне няма кашалотаў. Тут плаваюць механічныя кракадзілы, якія ператвараюцца ў начныя ліхтары. Хатнія вуліцы нібы восеньскія прывіды.

89.
І кавуноў там не пашкадуюць. Дадуць добрага кавунаДадуць дык дадуцьгалава будзе доўга балець.

90.
Я ведаю, што ён назірае за маёй працай. Я раскідваю па палатне спружыны і шары. Я прыдумляю мора. Здаецца, што ля майго твару расчыненае акно, праз якое навальваюцца тысячы гукаў. Крыкі кірляў, шоргат марскіх хваляў, спевы ветруЯ адчуваю, як фарба расьцякаецца сонечнымі пырскамі.
Я дамалёўваю сінюю птушку і чую за сьпінай:
Бяздарна. Ня тыя фарбы. Сонца нейкае абвугленае. І пляж ня пляжнейкая пляцоўка для гульні ў гольф. Ну хто так піша? Вы, напэўна, і пэндзаль трымаць у руках ня ўмееце.
Я разумею, што мушу цярпець гэты голас. Я не магу выгнаць гэтага субекту з майстэрні. Бо неўзабаве павінен прыйсьці замоўца, і я не магу зачыніцца ў чатырох сьценах ад усяго сьвету. Мне патрэбныя грошы.
Нядобры госьць ашчыляецца. Кашляе. Я пазіраю на ягоны апельсінавы твар. Зьдзіўляюся выпуклым жоўтым зубам. Лепш бы ён і не спрабаваў усьміхацца. Гэта ж немагчыма. Проста маска. Т-а-а-акМожна падумаць, што ён хварэе на сухоты. Такімі субектамі дзяцей у школе можна пужаць. А яны шатруюць па мастацкіх дамах і псуюць паветра

91.
Выхаваны ў постсавецкай прасторы, я не цярплю тых, хто адносіць сябе да сексуальных меншасьцяў. Га. Магчыма, чырвоная спадчына цісьне на мае мазгі? Як такое трываць? Гледзячы на двух бледнасьпелых хлапцоў, што цалуюцца, са шкадаваньнем заўважаю самотную дзяўчыну, якая ціха ўздыхае. Як тут не вылузацца фемінізму з яйка?
Згадваю Леанарда да Вінчы і зроблены ім партрэт незнаёмкі
На даляглядзе маленькі параходмне махаюць дзьве лесьбіянкі

92.
Самыя вялікія нацыяналісты часьцей за ўсё маюць сумнеўныя карані. Але гэта не замінае ім пухнуць ад гонару і крычаць пра чысьціню нацыі. Такіх недасмажаных пончыкаў процьма ў кожнай краіне. На Беларусі такіх хочацца пасыпаць ня цукрам, а пральным парашком. Можа, іх намаганьні да чысьціні спраўдзяцца і яны стануць бялейшыя? Уяўляю ажыятаж на падобныя більярдныя шары. УТахелесенацыяналізм здох ад самага пачатку. І тады яго праглынулі мясцовыя пацукі.

93.
Мастакі ненавідзяць турыстаў, бо тыя ўвесь час замінаюць. Жыхары мастацкага дому спрабуюць зачыняць туалеты, якія актыўна забруджваюцца, але ўсё марнаТурысты патрабуюць клазет, бо яны, коўзаючыся паТахелесе”, ужываюць шмат вадкасьці: кактэйляў ды піва. Праз турыстаў у мастакоў згрызены вялізны кавалак інтымнага жыцьця. Жывуць мастакі як у акварыуме. Нібыта і бетон вакол, а сьцены празрыстыяАле без турыстаў тутэйшыя мастакі ня могуцьяны б занядужылі. Ім трэба грошы на хлеб, віно і касяк, на аплату за майстэрню і грошы на матэрыялы. Хаця часам некаторыя з матэрыялаў мясцовы творчы люд знаходзіць на вуліцы ды сьметніках. Кардон, дошкі, металічныя пласьціны ды іншае ідзе на розныя мастацкія эксьперыменты. Але гэта толькі частка матэрыялаўфарбу на сьметніку адшукаць цяжкавата. Адным словам нянавісьць тут жыве ў тандэме з агромністай любоўю. І чаго большніхто ня ведае.
Свабода дае вялікія расколіны. І, здаецца, часам яна паглынае мастакоў, як драпежная зьвяруга. Дзе пачынаецца рабства? Варта згадаць жука, які жыве сярод мурашоў і імі харчуецца. Але мурашы яго песьцяць, бо ў жука выпрацоўваецца сакрэт, які тыя ліжуць з велізарнай ахвотай.

94.
Тут швэндаецца вельмі шмат варятаў. Хаця трэба зазначыць, што і сярод мастакоўТахелесу”, нармальных адшукаць цяжка. Гэта ня зна­чыць, што тут усе прыдуркі. Але ў творчасьці нармальнасьць і варяцтва ўмоўныя. Няма формулы каханьняНяма!
Тут згадваецца выпадак, калі адзін мастак пырнуў другога ножыкам. Ну, пырнуўгэта будзе сказана гучна. Хутчэй шкрабануў па грудзях трошкі. Дык адразу нехта выклікаў паліцыянтаў. Тыя прыбеглі: пяць чалавек у бронекамізэлькахЗабралі ўсіхНават сабаку

95.
Раздражнялі мастакі-самавукі. Яны ішлі да мастацкага дому пачкамі. Натуральна, што купляць яны нічога не зьбіраліся, а толькі адбіралі ў Сафы час і нервы. Выкладалі з зашмальцаваных торбаў тлустыя сшыткі, сьлінілі пальцы і вельмі радасна спрабавалі распавесьці пра сваю творчасьць, пры гэтым дэманструючы свае неўміручыя шэдэўры. Творы часьцей за ўсё нагадвалі нейкія кляксы, аголеных жанчынаў і скарыстаную туалетную паперу. Шэдэўры былі няроўнымі, дрыжачымі, інсітнымі. Карацейраскладвалі яны перад Сафам маленькіх інвалідаў. Нязьдзейсьненых геніяў хацелася гнаць швабрай і мацюкамі. Але пазбавіцца ад гасьцей было ня так лёгка, бо яны нагадвалі жукоў-плывунцоў, якія плаваюць вельмі хутка.
Плывунцы (Pytiscidae) – драпежныя жукі, распаўсюджаныя па ўсім сьвеце, іх налічваецца больш за 4400 відаў. Яны вельмі добра прыстасаваныя да жыцьця ў вадзе, дзе праводзяць большую частку часу. Цела ў іх авальнае альбо выпуклае зьверху, заднія ногі падобныя да вёслаў, служаць для плаваньня.


96.
Пасьля месячнага запою, калі фарбы ня зьмешваліся, а прымалі абрысы бутэлькі з надкусаным бутэрбродам. Калі з роту ішоў ня пах самагонкі, а выпаўзала галава селядца. Тады.

97.
Чым далей, тым болей я абрастаю брудам. На скуры нейкая кароста. Увесь час хочацца чухацца, – Слон скрывіўся.
У цябе расьце луска, – сказаў я. – Ты ператвараешся са слана ў кіта.
Сабака ты, – нязлосна ашчэрыўся Слон. – А ці ёсьць у кіта луска?
А хто яго ведаеу мяне такой рыбіны ў гаспадарцы няма

98.
З душавымі тут свае праблемы. Яны ёсьць, але схаваныя ад наведвальнікаў, каб тыя думалі пра экстрым тутэйшага жыцьця. Бо на агульным фоне бруду паказваць чыстыя адрамантаваныя душавыя і прыбіральніглупства. Вельмі нерэнтабельна. Грошай стане меней. Бо ідуць турысты як у заапарк. Паглядзець на рэдкіх мастакоў-зьвяркоў: як тыя чухаюцца ад бруду, варушаць пальцамі з чорнымі пазногцямі, ядуць невядома што, невядома з чаго і невядома чым. Гэтаэкзотыка. Праўда, турысты і не здагадваюцца, што і самі яны нагадваюць рэдкі від тараканаў. (А можа, гэта саранча?) Але душавыя тут ёсьць. Ляжаць у асобным адсеку і пазяхаюць, маюць асобны ўваход, і трапіць туды няпроста.

99.
Сасьніў сон, што Фарш зрабіў рэканструкцыю некалькіх замкаў у парку. Вакол ходзяць турысты. А мы кідаемся дробнымі манеткамі, якія, адскокваючы ад зямлі, ператвараюцца ў буйныя грашовыя купюры.

100.
Я думаю, што мая думка тут аформілася ў вусяка, які варушыць вусікамі і перапаўзае па сьмярдзючых калідорах. Пасьля таго вусяка застаюцца маленькія залатыя сьляды. Дзякуючы такому несумяшчальніцтву адбываецца мутацыя, якая закранае ўсе асьпекты майго ўласнага жыцьця. Гэта як рэсьпектабельны бюргер, які заходзіць уТахелес”. Ад яго пахне дарагой парфумай і сытай ежай, але ён вымушаны коўзацца сярод абасцаных сьценаў і ледзь не затыкаць свой эстэцкі нос. Дык навошта ён сюды прыйшоў? На што ён тут забыўся, чаго яму не хапае? Ды вельмі проста. Сярод гэтага бруду ёсьць карціна. І ня проста карціна, а зробленая тут і кімсьці, хто плюнуў на законы грамадства і панкам кінуўся на абед да мастацкага монстра. Тым ня менш час залечвае раны, і таму вось гэтая самая сьмярдзючая карціна праз шмат гадоў назбірае ня толькі сакральнасьці, але і здабудзе рэальны грашовы патэнцыял. І таму няшчасны (на пэўны час), але ня бедны бюргер мусіць пахнуць парфумай сярод пацукоў, што ашчэрыліся і выпрасталі кіпцюры. Ці, да прыкладу, узяць мянеХіба я ўжо такі чалавек, на якім трэба ставіць крыж (ня крыжкрыжык трэба насіць!)? Не! Я тут лаўлю за хвост вусяковую душу і закідваю на палатно. Там яна расьцякаецца ўсімі колерамі, кашляе і пачынае сьпяваць песьні пра дарогі, лясы, палі, вёскі і гарады. Адным словамжыцьцё. Тым ня менш, нягледзячы на гэтыя відавочныя станоўчыя моманты, вопратка на мне забрудзілася, падзёрлася. Больш за тое, яна пачала патыхаць потам і нечым няўлоўным, што можа нагадваць адноТахелес”. Аніякая барацьба за чысьціню тут не дапаможа. Пра гэта кажа мая нямытая беларуская пыса.

101.
З дынамікаў гучыць беларуская музыка. Надрыўна хрыпіць Лявон Вольскі. Забягаюць трое. Нярвовыя. Адзін адразу пытаецца ў лоб:
Русский понимаеш?
Да.
Красиво здесь. Это всё твои работы?
Нет. Здесь работы шести художников.
Адзін, не пытаючыся дазволу, хапае цыгарэтны пачак.
Сигарету можно?
Мог і не пытаццаі так схапіў, але абламаўся. Пачак быў пусты.
Я не курю. Это друзья.
Той, ня слухаючы мяне хапае другі пачак з-пад стала. Але і той пусты.
Другі:
Арендуете?
Почему? Мыпа культурному обмену.
Рэзка прачынаецца трэці. Як быццам лязо нажа бліснула на сонцы. Як быццам з грукатам разламалі сухі батон.
Еврей?
Почему?
Тут хозяин еврей.
Не пасьпеў я адказаць. Невядомыя рабаўнікамі прабягаюць па майстэрні. Пракаціліся, як більярдныя шары. Гэтак жа хутка, нібы шарыкі ў роліках, круціліся іх вочы. Прагрукаталі і зьніклі. Нейкія не наведнікі, а наглядальнікі за раёнам. Як атрутная хваля, ад якой застаўся непрыемны кіслы прысмак. Ня дай божа такіх суайчыньнікаў. І адкуль іх набралі немцы? Спадзяюся, не з маёй радзімы. Тых, хто паразітуе на скуры нямецкай эканомікі, – безьліч. Сваіх няма куды падзець, дык тут плодзяцца яшчэ і замежныя. Я ўявіў палёт каларадскіх жукоў. Гэткая чародка на бульбяным полі

102. Экскурсія
Падчас экскурсіі можна паліць траву, якая прадаецца тут ледзь не на кожным рагу вясёлымі афрыканцамі. Калі вы не прыхільнік такога кшталту стымулятараў, піва таксама падыдзе. Дзякуй богу, у прыбіральню пры жаданьні тут можна хадзіць паўсюдна. Можна ў адным з тутэйшых бараў узяць рому ці грапы. Вельмі добра шпацыраваць па паверхах са шклянкай і грымець кубікамі лёду. Праз мутнае шкло навакольны ідыятызм распушаецца цукрам.
(Касякі забівалі тут усе. Хто гэтага не рабіў, таго прастора не прымала. Пах браў турыста за горла і клаў на крэсла альбо прыціскаў да сьцяны. Тады наведнік разумеў, што яго зараз распляжыць. Хвіліны грукалі аб падлогу старымі гадзіньнікамі.)

Сектар № 1
Другі паверх. Пакоі для адміністрацыі. Многа розных дзядзькоў і цётак, якія з гонарам сябе абзываюцьмастак”. Людзі, ад якіх нібыта залежыць тутэйшае мухападобнае мастацтва. Ім бы маляваць паболей. Ім бы наведаць адну з беларускіх мастацкіх вучэльняў. А магчыма, ім проста замест пэндзля варта ўзброіцца швабрай, каб стаць сапраўднымі перформераміТахелесу”. Так-так. Анічога цікавага на паверхні гэтых далоняў. На гэтых пралётах многа чухні. Зашмат па сьценах поўзае абкураных блазнаў.

Сектар № 2
Трэці паверх. Збочваеш улева. Ідзеш углыб. Трапляеш на дзіўны абект. Падвешаны белы ўнітаз абвяшчае пра тое, што вы трапілі на забароненую тэрыторыю мастацтва. За гэта з вас мусяць спагнаць адзін еўра. Па вафельных сьценах гуляе дух распусты. У гэтых шыротах вас сустрэнуць іранскія краявіды. Вы трапіце ў лес адзінокіх дрэваў. Вы апынецеся ў нетрах, дзе растуць суцэльныя дзіды. І ўрэшце тут вы адчуеце сябе прышпіленым матыльком.
(Іранскі мастакгэта той, што жыве тут ад самага падзеньня Берлінскай сьцяны. Ён бегае па калідорах адкормленым канём. Ягоныя карціны эстэтычна-пошлыя альбо паранаідальна-сумныя. Прычым трэцяга няма. Ёсьць толькі першае або другое. Акрамя мастака ад пачатку заснаваньня мастацкага дому жыве, пэўна, і ягоны чорны абутак, куплены яшчэ ў мінулым жыцьці. Магчыма, у Іране.)

Сектар № 3
Трэці паверх. Збочваеш у правы бок. Там напрыканцы тунелю цябе чакае чорны цмок. Белая пара ахутвае ягоныя рукі. Вочы ў акулярах нагадваюць ілюмінатары касьмічнага карабля.

Сектар № 4
Чацьвёрты паверх. Ты трапляеш у човен. Паўсюль пяныя матросы. Сярод якароў, ланцугоў і сухой рыбы валяюцца паласатыя целы.

Сектар № 5
Пяты паверх. Тут ходзяць людзі з крыламі.

103. Нататнік мастака,
заглыбленага ў берлінскія і менскія далягляды

ГМАХ. Рукі з бледнымі кручкаватымі пальцамі, растапыранымі ў форме сподачка. Круглая галава ў шэра-плямістай кепцы. Ногі ў паласатых штанах і (халцэдонавых) геліятропных гетрах.
МАШЫНА. Фіялетавы яшчур з пукатымі бронзавымі вачыма. На скуры многа пяску і жвіру.
САМАЛЁТ. Клюст з вялізнымі вушамі, хвастом і кіпцятымі лапамі.
ЖЫЦЬЦЁ. Мноства стракатых малекуласкрыняў, высыпаных у бяздонную яміну.
КНІГА. Хамерыён вузкалістны.
ДРЭВА. Многа вузлоў марскіх і сухапутных. Луска.
ДРУКАВАЛЬНАЯ МАШЫНКА. Часта кажуцьРамонак”. Але на самай справе буры дыназаўр. Многа сапсаваных пазванкоў і зубоў. Харкаецца крывёй. Сустракаецца ў заапарках.
МАРА. Стракатаматыльковае з вялізнымі лопухамі і бэзавымі пацеркамі.
КАХАНЬНЕ. Пурпуровыя завіхрэньні. Клумбы. Акварыумы з бліскучымі карымі медузамі-зорачкамі.
НЯНАВІСЬЦЬ. Чорная пастка на крывых блыхатых ножках. Пішчыць. Любіць кусаць усё жывое і мёртвае.
СОНЦА. Усьмешка, алычовы нос, шафранавыя вочы.
ЛЮДАЖЭРСТВА. Духоўны акт двух інсектаў. Адбываецца ў шатры пры сьвятле паходняў. Бесперапыннае чвяканьне. Зрэдку хуткі бульк. (Буль.)
СЬМЕРЦЬ. Гл. Жыцьцё.
ТЭЛЕВІЗАР. Чорная дзірка, што глытае стракатыя малекула­скрыні.
ЛЕЦІШЧА. Кавалак + кавалак.
АКАРДЭОН. Белае марыва з рознакаляровымі прусакамі і павукамі.
ПСІХІ. Вялікія асобы, якіх трымаюць у бела-шэра-бура-малінавых помніках старажытнасьці, ўпрыгожаных кратамі.
РЭВАЛЮЦЫЯ. Сонм рознагаловых адэптаў, якія скачуць з высокай скалы ў цытрынавую кіслату.
УНІТАЗ. Хатняе сонца. Вечна бурчыць. Пабульквае і абцірае лысіну.
ЖОНКА. Мастак-эскулап. Зрэдку сустракаюцца экспрэсіяністы.
ШАФА. Пяхцяр з незьлічонай колькасьцю валасоў, пазногцяў, зубоў і капытоў.
ПЫЛАСОС. Клешч з доўгім хабатком і акрэсьленай палітычнай арыентацыяй.
КОЎДРА. Начны кокан.
ДЫРЭКТАР. Галоўны панк прадпрыемства.