12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Зьміцер Вішнёў

_____________________
Жаданьне дасканаласьці,
або "Дынамічная раўнавага" "Меліяратыўнага экстазу"

Неяк шпацыруючы па вячэрнім Берліне
з мастаком Сяргеем Сялецкім, я пачуў ад яго:
«Гуляем, як па Баранавічах». Мне тады
згадаўся Алесь Родзін, наш мастак, які цяпер
гэтак папулярны ў творчых колах Нямеччыны
(дарэчы, прозьвішча вядомага скульптара
Радэна ў ангельскім напісаньні цалкам супадае
з прозьвішчам Родзіна: «Rodin»). Алесь Родзін
нарадзіўся ў 1947 годзе менавіта ў Баранавічах.
Скончыў Акадэмію мастацтваў у Менску.
Мэтр беларускага перформансу. Актыўны
ўдзельнік выставаў як на Беларусі,
так і за яе межамі...

Для Алеся Родзіна жыцьцё і творчасьць – непадзельныя. Яго карці­ны можна разглядаць да бясконцасьці, і кожны раз у іх усплываюць новыя падводныя лодкі, кантыненты і планеты. У буклеце «Блазны», што выйшаў напярэдадні аднайменнай выставы, наладжанай у 2003 годзе ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, мастацтвазнаўца Яўген Шунейка пісаў: «Алесь Родзін ужо доўга і старанна малюе сусьвет з мікраскапічнай дакладнасьцю. Чым больш углядаешся ў ягоныя серабрыста-чорныя бездані, тым больш яны паглыбляюцца. Ён надумаў атрымліваць дадатковыя імпульсы з космасу праз перформансы, каб адчуць сябе ці то астролагам, ці то зорказнаўцам. У любым выпадку, бясформны цёмны балахон лучыць яго з колішнімі алхімікамі». Між іншым, што датычыцца згаданай апранахі, дык напраўдзе яна атрымала дзякуючы Родзіну нейкі сакральны сэнс. Бо менавіта яна часьцей за ўсё аздабляе постаць мастака на шматлікіх хэпенінгах і перформансах. Праз гэта мастак займеў процьму пасьлядоўні­каў, якія ня надта імкнуцца да ўласных вынаходак і ўсяляк капіруюць антураж гуру.
Алесь Родзін належыць да старэйшага пакаленьня беларускіх перформераў, і я аніяк не пагаджуся з высно­ваю І. Сьвірына («Мастацтва перфор­мансу. Лекцыя № 2»), які сьцьвяр­джае, што: «Такія аўтары, як Васіль Васільеў і Аляксандр Родзін (абодва несумненна зьяўляюцца гонарам беларускага жывапісу), сталі займацца перформансам ужо ў вельмі сталым веку». Наколькі я ведаю, першы перформанс з удзелам Родзіна быў зладжаны яшчэ ў 1986 годзе на малой сцэне тэатра Янкі Купалы і называўся «Нехта паваліўся». Назоў супадаў з адной тагачаснай тэатральнай пастаноўкай. Акрамя Алеся Родзі­на ў перформансе ўзялі удзел Алесь Тарановіч і Ігар Ермакоў. Дзея нагадвала рух механічных кенгуру. Мастакі хадзілі па зале і час ад часу ўскоквалі на крэслы. Выгляд творцаў быў досыць экзатычны – яны былі закручаныя ў прасьціны. І адбывалася гэта на фоне сумеснай выс­тавы.
Дарэчы, ня толькі І. Сьвірын залічвае Алеся Родзіна да перформераў 90-х. У Інтэрнэце, да прыкладу, можна знайсьці такую думку (Tano & Bigi News): «1999 – 2000 Родзін дэбютаваў як аўтар перформансаў, чым, між іншым, расчараваў многіх прыхільнікаў ягонага жывапіснага таленту». Нічым не абгрунтавана, бо аўтар цытаты яўна не валодае фактычным матэрыялам і «плавае» ў гісторыі беларускага перформансу. У таго ж вышэйзгаданага Сьвірына ёсьць апісаньне перформансу зробленага ў 1999 годзе А. Родзіным і М. Юркевічам (гурт «Экледысоп»): «Іхні перформанс “Повязь”, часам якога дзьве апранутыя ў балахоны постаці пару гадзінаў маўкліва чыталі кнігі пасярод закінутых менскіх руінаў, быў сапраўдным упрыгожаньнем першых “Навінак”. Мінімалістычнае дзеяньне, што нічым не зьмянялася цягам тых гадзінаў, літаральна загіпнатызоўвала публіку. Калі гледачы сьпярша чакалі якой-кольвечы далейшай рэалізацыі дзеі, дык потым яны ўжо не чакалі нічога. А перформанс усё ніяк не сканчаўся – хаця да класічнай 43-гадзіннай акцыі Крыса Бэрдэна ягоныя аўтары крыху не дацягнулі».
Перформансы Алеся Родзіна, як і яго жывапісныя працы, апрыоры філасофскія. Аўтар спрабуе весьці дыялог ня столькі з прасторай, колькі з самім сабой. Візуальны шэраг гэтаксама аздоблены шматлікімі дэталямі. Тут праяўляецца любоў мастака да пабудовы манументальнай мазаікі. Родзін спрабуе ўдасканаліць, палепшыць сьвет і ў той жа час скласьці ў цэласную закончаную карціну. Мажліва таму большасьць перформансаў Родзіна па часе досыць зацягнутыя. Некаторых гледачоў гэта раздражняе, бо той, хто прызвычаіўся да экспрэсіі і хуткай кульмінацыі, вядома, будзе расчараваны. Наведваць Родзінскія акцыі трэба з унутраным жаданьнем вялікага тэатру.
У дачыненьні да творчай асобы Алеся Родзіна, як мне падаецца, важна засвоіць адзін момант: цікава ня столькі само станаўленьне і прыход мастака, а менавіта вынік. Бо зразумела, што шлях да самога сябе быў у яго доўгім і нялёгкім. Варта згадаць хаця б першую персанальную выставу, якая адбылася ў 1988 годзе ў менскім Музеі Вялікай Айчыннай вайны. Як прызнаецца сам мастак: «Працаў пятнаццаць я там паказаў – тых, у якіх мне здавалася тады, я ўжо намацаў сваё сьветабачаньне: “Дынамічная раўнавага”, “Меліяратыўны экстаз”, “Блок № 6”… Выстава відавочна напалохала супрацоўнікаў музею, і праз тыдзень уваход у залу перапынілі кратамі: быццам бы і ня зьнялі працаў, але і пабачыць іх было немагчыма».
У жывапісных творах, як і ў перформансах, выяўляецца самы розны Родзін. Ён імкнецца ахапіць усё: і абстракцыянізм, і касьмічныя краявіды. Ён часта зьвяртаецца да тэхнікі пуанталізму (pointiller – літаральна з французскай «пісаньне кропкамі»). Ягоныя працы заўсёды вызначаюцца шматзначнасьцю. Нездарма іх параўноўваюць з шахматнай гульнёй. Адна з прыхільніц творчасьці Алеся Родзіна прызналася: «Першае ўражаньне ад ягоных працаў – гэта не магло быць зроблена адным чалавекам». Родзін адносіцца да эксьперыментатараў, ён ніколі не паўтараецца. Але тым ня менш ён вельмі пазнавальны. У сваіх творчых пошуках і ў сьветапоглядзе ён у нечым набліжаецца да Васіля Кандзінскага. Гэта выяўляецца перш за ўсё ў стварэньні пэўнай філасофскай кампа­зіцыі. Пра Алеся Родзіна, як на мой погляд, вельмі ўдала сказаў Аляксей Андрэеў: «Бяссэнсоўна ставіць на шляхах ведаў шлагбаумы – яны не спрацоўваюць. Пакуль чалавек жывы – ён будзе ісьці, і заўсёды будуць тыя, хто шукае там, дзе небясьпечна. І ёсьць толькі адзін крытэр, кіруючыся якім чалавек можа шукаць – бескарысьлівасьць пошуку. Жаданьне дасканаласьці. І бывае так, што на шляху да вяршыні ён ня толькі абыходзіць бездані, але і спускаецца ў іх».
Так склалася, што Берлін сёньня зьяўляецца неафіцыйнай сталіцай сучаснага мастацтва. Ён як бы спаборнічае з Парыжам, але гэтае спаборніцтва адно вонкавае, унутрана ўсё ўжо даўно вырашана. Можа, невыпадкова менавіта ў Берліне сканцэнтравалася неўтаймаваная творчая энергія, якая і зацягвае ў свае абсягі творцаў з самымі рознымі эстэтычнымі поглядамі, і менавіта тут адбылося аб’яднаньне ўсходняй і заходняй культураў, а сацыялістычныя каштоўнасьці атрымалі паразу і адначасова ўзьняліся як гістарычная спадчына і культурныя дасягненьні.
У Берліне цяпер жывуць тры нашыя творчыя мэтры: Ігар Кашкурэвіч, Ігар Ермакоў і Алесь Тарановіч. Дзякуючы ім у 2001-м годзе ў доме мастакоў «Tacheles» у цэнтры Берліну, па Оранінбургэрштрасэ, адбылася вялікая выстава сучаснага беларускага мастацтва «Dасh». Узяў удзел у гэтай імпрэзе і Алесь Родзін. Як падаецца, гэта і зьмяніла лёс мастака. Усе папярэднія паездкі за мяжу, як творчы досьвед, быў досьведам – ня больш за тое. А пачынаючы з 2001-га году Алесь Родзін быў прыняты ў творчую еўрапеўскую сям’ю. Назаўсёды. З таго часу мастак жыве то ў Менску, то ў Берліне. Ён у пастаянных разьездах, але гэта адпавядае ягоным духоўным запатрабаваньням. Гэта пераклікаецца з тымі сусьветамі, у якіх лётае ягоная душа. Вось як сам ён пісаў у буклеце да выставы «Ноч неапазнаных Сутнасьцяў – III», што адбывалася ў фальварку «Добрыя мысьлі» (выстава-прэзентацыя твору, распачатага ў Менску (2002-2004 г.г.) і напісанага ў Берліне ў 2004): «Чалавецтва жыве прадчуваньнем непазьбежных глыбокіх пераўтварэньняў. З маніякальнай упартасьцю яно імкнецца да раскрыцьця сусьветных таямніцаў і псі­халагічных забабонаў. І хто ведае, як стрымаць тых, хто нібыта ідзе наперад?.. Вобразныя сродкі, пластычныя структуры, фармальныя каляровыя рытмы бадай што бездапаможныя перад разьюшаным прагрэсам. Мастацтва ж – толькі водгульле гэтай нястрымнай навалы».
Але што такое «Tacheles»? Што прыцягвае сюды мастакоў з усяго сьвету? Сам Алесь Родзін у гутарцы з журналістам газеты «Русский Берлин» характарызуе гэтае месца так: «“Tacheles ”, — гэта святая карова ў Еўропе. “Tacheles” розны, шматлікі, непрадказальны, яго складана зразумець, але ён падтрымлівае мастакоў, наталяе іх». А што думае Алесь Тарановіч, які апынуўся ў Берліне? У артыкуле «Спрыяць дыялогу» ён піша («Мастацтва». 2001, № 9): «“Tache­les”— гэта тое, чаго ў “пра­вільнай” і прагматычнай Германіі тэарэтычна ня можа быць, але існуе ў рэальнасьці».
«Tacheles» — спараджэньне заходняй і ўсходняй культураў. Калі адбылося ўзаемапаглынаньне, сюды рынулі мастакі з усяго сьвету. У гэтым шматпавярховіку на адным паверсе прыжыліся творчыя авантурысты з Японіі і Ірану, з Італіі і Беларусі, з Амерыкі і… Гэты мастацкі дом стварыў своеасаблівую камуну эксьперыментатараў. Кажуць, што нешта падобнае ёсьць у Парыжы… Але ў Парыжы не было «сьцяны» і такога там ня можа быць проста па сваёй прыродзе.
У 2004 годзе Алесь Родзін ініцыяваў правядзеньне ў Менскім палацы мастацтваў акцыю пад назовам «Другое пранікненьне ў Tacheles». Меркававалася, што напрацягу васьмі дзён тут будуць адбывацца выступы перформераў, літаратараў і музыкаў. У выніку ж пранікненьне атрымалася мізерным, бо на другі дзень чыноўнікі «ад мастацтва» акцыю прыпынілі. У экспазіцыі засталіся толькі жывапісныя творы Алеся Родзіна. Кратаў (як у Музеі Вялі­кай Айчыннай вайны) ужо не было, але і той творчай свабоды, якой дыхае Берлін, не атрымалася.
Родзін – адзін з канструктараў і будаўнікоў, што цягнуць мост сяброўства ад Беларусі да Еўропы. Валянціна Трыгубовіч у артыкуле «“Дах” гуртуе, але не раўняе» («Мастацтва». 2001. № 9) так апісвае перформанс мастакоў у доме «Tacheles» : «…пачаўся вернісаж з акцыі Ігара Кашкурэ­віча і Аляксандра Родзіна. Доўгімі стужкамі чорнага палатна яны перакрыжавалі фасад будынку і намалявалі чорнай фарбай падобныя крыжы на сваіх вуснах, што меліся сімвалізаваць пратэст супраць дзяржаўных межаў, пры перасячэньні якіх неабходна запаўняць розныя дэкларацыі, па­значаць гэткім крыжыкам “так” або “не” ў адказах на шматлікія пытаньні». ( Ідэя гэтага перформансу належыць Алесю Родзіну, а Ігар Кашкурэвіч выступаў у якасьці асістэнта.)
На Беларусі сотні, тысячы «мастакоў», яны яднаюцца ў пэўных суполках, саюзах, але ў выніку ў мастацтве, а тым болей у гісторыі мастацтва, застаюцца адзінкі. Гэтыя адзінкі ствараюць свае галактыкі і вядуць за сабой грамадства. Наконт Беларусі ёсьць два меркаваньні: гэта цэнтр Еўропы і гэта ўскраіна Еўропы. На жаль, пакуль мы хутчэй нагадваем белую пляму ў цэнтры (на ўскраіне?) Еўропы, дзе пра нашыя творчыя магчымасьці толькі даведваюцца. Але дзякуючы Алесю Ро­дзіну і такім як ён жыве спадзяваньне, што з цягам часу недасьледаванных кантынентаў на мапе мастацтва стане значна менш.