12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяржук Вітушка

_____________________
Мы адкрылі для сябе Беларусь”.
Запіс успамінаў, зроблены
Палінай Качатковай
у лютым 2008 году ў Вільні


Мова
Мова ў мяне была жываяз вёскі. Летам мы езьдзілі да бабулі, і там валоданьне мовай было неабходнасьцю. Напрыклад, трэба запрэгчы каняІ кожная дэталь вупражы мела сваю назвупадсядзёлак, хамут, закілзаць каня, раскілзаць каня. І гэта ўсё трэба было ведаць. Як ня будзеш ведаць, то ты ня зробіш работу, і ўсе будуць з цябе сьмяяцца. Стаіць конь, жывы конь, а ты, малы хлопец яго запрагаеш і едзеш кудысьці, і табе давяраюць кіраваць ім. Праз такую цікавосьць, праз сутыкненьне з іншай рэальнасьцю ўпітвалася прыродная, вясковая беларушчына.
У вёсцы кожная мясьцінка, кожны лясочак, кожная балацінка мела сваю назву, і можна было з дакладнасьцю да дзесяці метраў сказаць, куды пайшоў чалавектам Гарэлае балота, там Ямы, там Пажарніцы, а там Лагавіны, Мядзьведзева дзялянка. І ўсе гэтыя назвы трэба ведаць. Мяне рана не будзілі, давалі выспацца. А потым маці згатуе сьняданак у печы, і трэба было ў торбачку складаць яго і несьці бацьку. Скажуць: “Бацька пайшоў у Ямы”. І ты павінен быў ведаць, дзе шукаць бацьку.
Ямы тыя былі ў лесе, там людзі хавалі гародніну: капаліся глыбокія-глыбокія ямы, туды трэба было на вяроўцы спускацца, і там былі склепыУ кожнага гаспадара былі такія ямы і ў іх захоўваліся прадукты. Можа гэта ў часе вайны, калі баяліся, што вёску спаляць, так вось людзі рабілі запасы. І гэтыя Ямы я яшчэ памятаю, на маёй памяці туды людзі бульбу ссыпалі. Бульба там зімавала, а вясной яе даставалі. Я памятаю, як бацька туды спускаўся, як бульбу накладалі ў кош, і даставалі. Потым гэтыя ямы засыпалі, але назва засталася. І ўсе назвы трэба было ведаць, бо гэта было неабходна і гэта было цікава.
Так я ўпітваў родную мову. І мова жыла паралельна. Прыязджаеш у вёску, і там нібыта нейкі тумблер уключаецца. А потым праз нейкі час вяртаючыся з вёскі ў горад, меў перыяд моўнай адаптацыі. Маці расказвала пасьля, як іх настройвалі ў школе. Яны не хацелі вучыць рускую мову, для іх гэта была, як замежная мованевядомая, нелюбімая. А настаўніца іх павучала: “Вы ж паедзеце ў горад, там трэба ўмець гаварыць па-гарадскому”. Бацькі мае, калі прыехалі ў горад, ясна, што спрабавалі гаварыцьпа-гарадскому”, але гэта была такая мілая трасянка, якую можна прызнаць нейкім варыянтам беларускай мовы. Фанетычна, сінтаксічна, то была нармальная беларуская мова. А нейкія словы дык проста немагчыма было перакласьці на рускую мовукулінарныя стравы: калі быліклёцкі”, то яны і быліклёцкі”, калі былібліны аржаныя з лоем”, то гэта ніяк і не перакладалася. Ад бацькоў у горадзе мы чулі гэтакую нармальную трасянку, а ад бабулі на вёсцы мы чулі беларускую мову. І мова жыла. Але ў старэйшых класах школы я адчуваў, што гавару ў горадзе зусім па-іншамугэта ўжо была чыстая руская мова: з характэрнымі жарцікаміз тэлевізара, з кніжак. Нагледзішся, начытаешсяДвенадцати стульев» – і ўсе «словечки» на языке.

Шлях да Беларушчыны
Адбыўся такі момантя быў выбіты са звыклага ладу жыцьця, па якім каціліся ўсе мае аднагодкі, усе мае аднакласьнікі, сябры ў двары: я захварэў на цукрыцу ў пятнаццаць гадоў. І першыя гады, пакуль прывыкаў жыць з гэтай хваробай, адчуваў сябе самотнымсябры ідуць у вандроўку, а я не магу пайсьці, бо мне трэба кіпяціць шпрыцы, а дзе ж у той вандроўцы будзеш кіпяціць іх? Сябры пакаштавалі вінца, а мне нельга. Так атрымалася, што я сам сябе ізаляваў. Залішне можа быць троху набраў у галаву, што я не такі, як усеАле потым паступова, паступова, я ў сабе гэта перамог, прызвычаіўся, навучыўся з гэтым жыць. А першыя гады я быў выбіты са звыклага жыцьця, і тое спрыяла маёй задуменнасьці, філасофскаму складу розуму і назіральнасьці. І яшчэ адна падзея, якая моцна паўплывала на мянемой бацька ў аварыі загінуў. Я памятаю, што мы ўсе хадзілі ў сямі, як у летаргічным сьнене жартавалі, не сьмяяліся, не глядзелі тэлевізар. І гэта ўсё адбівалася на маім складзе жыцьця.
Побач са мной былі такія ж самыя хлопцы, якія прыязджалі на лета на вёску да бабуляў сваіх вясковых, а потым вярталіся ў горад. І былі хлопцы, якія жылі ў гэтай вёсцы. Але, ніхто з іх ня стаў сьвядомым беларусам, якім стаў я. У мяне, відаць, супала шмат складнікаў. Я, пэўна, па натуры быў чалавекам, якому патрэбная грамадская дзейнасьць. Заўсёды ёсьць у грамадстве такія людзі. Я ў камсамол уступіў сьвядома, нават раней, чым усе аднакласьнікі. Я да гэтага ставіўся вельмі сурёзна. І ў школе быў актывістаммаляваў насьценгазету. Але пасьля хвароба і сьмерць бацькі прымусілі мяне весьці іншы лад жыцьця.
Чытаў шмат кніжакІ ў мяне ёсьць дакладны дзень і гадзіна, калі я вырашыў, што павінен сьвядома гаварыць па-беларуску і рабіць штосьці для Беларусі. Гэта дзень, калі памёр Уладзімір Караткевіч. Чамусьці ў той дзень, калі паміраў Караткевіч, нешта на мяне найшлоЯ прыйшоў з работы, а працаваў я тады на заводзеІнтэграл”, прыйшоў дадому і захацелася мне нешта прачытацьЯ ўзяў кніжку Караткевіча. “Ладдзя роспачыпрачытаў і быў пад уражаньнем, а назаўтра выпадкова сустрэў сваю школьную настаўніцу, а ўжо два гады прайшло, як я школу закончыў. Мы пагаварылі і яна мне сказала: “А ты ведаешпамёр Караткевіч?” Зноў жа: чаму яна палічыла, што мне трэба гэта ведаць, што мне гэта важна? Я не паверыў, я паляцеў, купіўВячэрні Мінск”, і там быў некралог, партрэт ягоІ ў той вечар я пад уражаньнем прачытанай учораЛаддзі роспачыі навіны прыняў рашэньне: вось чалавек жыцьцё аддаў за беларушчыну, а я... Чамусьці мне тады было зразумела, што Караткевіч ня проста памёр, што чалавек згарэў за беларушчыну змагаючыся. Я падумаў: “А што ж я? Як жа мне ня сорамна! Я павінен гаварыць па-беларуску! Я павінен паўсюль гаварыць па-беларуску!”
Аднак рэальна я загаварыў па-беларуску праз паўгады. Пачаў чытаць кніжкі вельмі актыўнаТолькі беларускія чытаў. Чытаў з аловачкам у руках, каля кожнага слоўца, аб якое спатыкаўся, ставіў на палях птушачку. Упісваў сабе ў блакноцікі слоўцы, якіх не было яшчэ ў маім лексіконе. Пытаўся пра гэтыя словы ў маці, а яна ўсё ведала! А чаму ж мы так не гаворым? А так… “Не было патрэбы гэтыя словы ўжываць”. Як мастацкую літаратуру чытаў слоўнікі. Кніжкі беларускія ў хаце былі: дзьве мае цёткі (бацькавы сёстры) скончылі беларускую філалогію, адна працавала настаўніцай, а другаяу музеі Янкі Купалы. І потым, пад іх уплывам, мая старэйшая сястра Ларыса паступіла на беларускую філалогію. Таму беларускіх кніжак у хаце былоІ чыталася ўсё. Хадзілі на беларускія сьпектаклі. Цётка Галя хадзіла сама і брала мяне з сабой у тэатр. Такая ў яе была настаўніцкая місія. І памятаю, я ўсе-усе сьпектаклі купалаўскага тэатру перагледзеў. І на мяне гэта моцна ўплывала.

Пошукі сяброў
Я пачаў шукаць сяброў. І знайшоў!.. Я заўважыў на заводзеІнтэгрална адным з калідораў стэнд Таварыства аховы помнікаў. На ім былі прыколатыя розныя артыкулы, і кожны раз іншыя: зЛіМа” – краязнаўчыя, гістарычныя, пра мову беларускую, пра літаратуру беларускую. І я зацікавіўсяа хто ж гэта чапляе іх на стэнд? Я там адзін затрымліваўся каля гэтага стэнду. Усе астатнія рабочыя ішлі ў курылку, гулялі ў даміно, расказвалі анекдоты, блазнавалі, а я каля гэтага стэнда ўвесь час тырчэў. І потым пазнаёміўся з чалавекам, які на яго артыкулы чапляў. Гэта быў сталага веку мужчына, інжынер Сабалеўскі. Ён ведаў усіх людзей, якія рабілі музей старабеларускай культуры, быў знаёмы з імі, быў актывістам Таварыства аховы помнікаў і рабіў такую работу.
Ён мне сказаў, што хутка будзе суботнік у Музеі драўлянага дойлідства. І я паехаў на той суботнік. З вялікага заводу набраўся цэлы аўтобус такіх дзівакоўА там я ад супрацоўнікаў музею пачуў, што летам да іх прыязджае будатрадНашчадкіз гістарычнага факультэту педагагічнага інстытуту. А я ж гісторыяй цікавіўся, адразу пасьля школы зьбіраўся паступаць на гістфак і наведваў падрыхтоўчыя курсы, але ў мяне не прынялі дакументы з-за хваробы. Я пасьля даведаўся, што ня мелі права, але было позна. Я скончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча па сьпецыяльнасьці наладчык тэхналагічнага абсталяваньня. Працаваў на заводзе. А там на мой дыягназ ніхто не глядзеў. Але папрацаваўшы на заводзе, я зразумеўгэта ўсё не маё. Другія хлопцы, як зьявіцца вольная хвіліна, яны ўнурацца ў часопісы па тэхніцы, паялі, радыёдэталькі зьбіралі. А мне гэта было нецікава, мяне гэтане чапаляла”, мянечаплялагісторыя. І я пачуў пра атрадНашчадкі” – во працуюць у музеі, робяць такую сьвятую справу! Я ўжо тады ўспрымаў гэтую справу як сьвятую. Можа і ня так пафасна, але гэта было нешта лепшае, нешта ўрачыстае, сьвяточнае, і ня тое, што робіцца пад прымусам. Гэта было страшна цікава. І розныя батальныя сцэны паўставалі, жаўнеры, паўстаньніБеларуская гісторыя. РыцарыТут, канешне, моцна паўплываў Караткевіч са сваімі рамантычна-прыгодніцкімі творамі. І ўсё гэта ўспрымалася радасна. Як у нейкую таямніцу, як у нейкую казку я ў гэта ўваходзіў! Гэта былі шчасьлівыя перажываньні. І да гэтага была натуральная цяга, натуральная ахвота.
Летам я ўзяў адгулы, надумаў паехаць даНашчадкаў”. Думаў, можа, яны ў выходныя ня робяць, трэба ехаць у працоўныя дні. Я паехаў у Строчыцы, знайшоў хлопцаў, што там працавалі. Там быў Віктар Грыб, і ён мне расказаў пра Генадзя Сагановіча. Генадзь Сагановіч на той момант скончыў інстытут, але прыязджаў да гэтых хлопцаў. Грыб казаў: “Сагановіч! Сагановічгэта наш правадыр!”
Сагановіч мусіў быць у іх у нейкі іншы дзень. Тады я зноў узяў адгулы і прыехаў да іх. І пазнаёміўся з Сагановічам, і патрапіў пад кіраўніцтва Сагановіча. Ён на мяне паглядзеў, паслухаў, прынёс мне кніжачактворы Ермаловіча на папяроснай паперы. Чаму на такой паперы друкавалі? Бо больш копіяў можна было зрабіць на звычайнай друкавальнай машынцы. Так перадрукоўваліся і вершы Янкі Купалы, якія нельга было знайсьці ў звычайным зборы твораў. ВершПрарок”: “А колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?” Вершы Зьніча. Усё гэта хадзіла на такой папяроснай паперы. Я прыязджаў да іх у інтэрнат на вуліцы Акадэмічнай, дзе жылі Генадзь Сагановіч, Алесь Бяляцкі, Алесь Жлутка, Мікола Крывальцэвіч. Пазнаёміўся я з гэтымі хлопцамі. Заходзіў у пакой да Генадзя Сагановіча, а там паўсюль былікарты Беларусі, партрэт Багдановіча, герб Пагоня

Школа Беларушчыны
Аднойчы Сагановіч зацягнуў мяне на сустрэчу ў Мікалаеўшчыну. Гэта было зімой, на Каляды. Напэўна, у зіму з 1984 году на 1985. Там былі Вінцук Вячорка, Алесь Суша, Віктар Івашкевіч, была Галяжонка Сяргея Сокалава-Воюша. Сокалавы там жыліпрацавалі ў музеі ў Мікалаеўшчыне. Былі там людзі і добра паміж сабой знаёмыя – “майстроўцы”, і тыя, якія першы раз прыехалі. Кожны стараўся нейкага новага прыцягнуць. З новых мне тады запомніўся Анатоль Сыс. Я ня памятаю, хто яго прывёў. Усё гэта было падобна на нейкі клуб. На гэтай сустрэчы да мяне падышоў Вінцук, потым Івашкевіч, узялі нумар майго тэлефону.
А пасьля сустрэчы пачалася школкашколка беларушчыны на кватэры ў Віктара Івашкевіча. Прыходзіў Вінцук Вячорка, а слухачамі былі Віктар Івашкевіч, яго брат Яўген, я і хадзіў яшчэ напачатку Яўген Цагельскі, але ён вельмі хутка зьнік гэты хлапчук. Была яшчэ жонка Віктара Івашкевіча Аленамы ў іх аднапакаёвай кватэрцы зьбіраліся. Вінцук чытаў лекцыі па беларускай мове, але яны былі ня толькі па беларускай мове, там і гісторыя была, і літаратура. А я, як старанны вучань, кансьпектаваў іх. Цяпер шкадую, што я той сшытак не захаваў. Малайчына Вінцук! Ён тады праводзіў цікавыя лекцыі, ня нудзіў нас. З такімі прыкладаміпрывітаньне па-беларуску, стравы па-беларуску. Нейкі кавалак жыцьця і жыцьцёва неабходная лексіка. Гэта была ўжо трошкі іншая мованя тая, што я чуў на вёсцы. І мы яшчэ ўвязваліся ў нейкія спрэчкі, Вінцук мне даводзіў, што персьпектыва за гарадской моладдзю. Хоць я і гаварыў яму, што сапраўдная беларушчынатам, на вёсцы. А ён казаў, што персьпектыва за гарадскімі маладымі людзьміза намі. Я мусіў прыняць гэта на веру. Тады шмат што прымалася на веру праз аўтарытэт.
Вінцук прыносіў кружэлкі Данчыка. Я браў гэтую кружэлку сабе дадому і перапісваў на магнітафон. Касеты з песьнямі Сяржука Сокалава, Алеся Камоцкага ён прыносіў... Мяне ўразілі кнігі Фёдара Янкоўскага. А сястра мне дапамагла тым, што яшчэ ў даталакоўскі перыяд пасьмяялася з мяне: “Ха-ха, ты спрабуеш гаварыць па-беларуску. Нічога ў цябе не выходзіць, нічога ў цябе не атрымаецца”. А ў мяне такая крыўда ўзьнікла, як у малодшага брата: “Ах, так! Дык вось я дакажу табе!” І потым так атрымалася, што я загаварыў сьвядома па-беларуску і яе прыцягнуў уТалаку”.
УТалацэя кожнага мог назваць сваім сябрам, але такога сябра, якому можна было паплакацца, “як мне хрэнова”, такога сябра ў мяне ўТалацэне было. Я сапраўды быў па-свойму самотны ў тойТалацэ”. Увесь час мне даводзілася быцьмасавіком-зацейнікам” – арганізатарам. Ідзем у вандроўку, мне трэба было ўсё прадумаць да дэталяўузяць і рыдлёвачку, і ліхтарык, і тоеі гэтае. І ў выніку ў мяне атрымліваўся самы цяжкі пляцак. Ідзем на талакутрэба, каб усім быў забясьпечаны фронт працыі рыдлёўкі, і сьпяцоўкі, і дамовіцца з прарабам, каб не было прастояў.

Вандроўкі
На зімовыя студэнцкія канікулы мы выправіліся на цэлы тыдзень у вандроўку. Мы тады называлі яедваццацікапеечнай вандроўкай”, бо часта ад мястэчка да мястэчка пераязджалі на аўтобусах. Тады аўтобусаў шмат было, даволі часта хадзілі яны паміж мястэчкамі і білецік каштаваў дваццаць капеечак. Недзе мы, канешне, і пешшу пераходзілі, але вялікія адлегласьці пераязджалі на аўтобусах, напрыклад ад Залесься да Навагрудка.
Мы зігзагаміад мястэчка да мястэчкаспланавалі маршрут. Начавалі ў школах: дзе дамовімся. Адзін хлопец, Мікола, запрасіў нас у сваю вёску Верабёвічы пад Наваградкам. Мы там у ягонай хаце начавалі. Пасьля ён дырэктарам музею Адама Міцкевіча працаваў. У гэтай вандроўцы я ня быў арганізатарамарганізатарамі былі Зьміцер Яцкевіч, Алег Дзярновіч. Я быў адным з удзельнікаў, і мог крыху расслабіцца. Тады ў дзёньніку я зрабіў запіс: “Увечары дабраліся да Усялюба, паклалі заплечнікіПачынала цямнець, таму ўсе сьпяшаліся. А я адбіўсяКасьцёл проста цуд. Па вінтавой лесьвіцы падняўся на вежу. Зірнуў у байніцу, уявіў сябе ваяром з лукамяк затахкала сэрца! Падумаў, што цяпер, дзякуючы прачытатаным кнігам Караткевіча, успрымаеш гэтыя старажытныя муры ўсебаковым пачуцьцёмпераносішся ў сівыя, далёкія стагоддзі. Але адчуваеш гэта ня як фантазіі, а як суровую рэальнасьць. І я прыціснуўся да сьцяны, лашчыў яе, як каханую дзяўчыну і кляўся, кляўся, што жыцьцё аддам, але зраблю так, каб вяруць былую веліч”.
Гэта было шчырае парываньне. Гэта ж запісвалася адразу ў маленькім блакноціку. Гэта ж не для часопіса нейкага пісаласяЯ ня ведаю, для чаго тое запісвалася. Потым я нідзе не скарыстаў гэтыя зацемачкі. Значыць, пісалася для сябе. Значыць, гэта мне было патрэбна. Мне заўсёды гэта дамагала, калі я сядаў, і ў моманты нейкага ўзрушэньня душэўнага мне трэба было на паперы ўсё сфармуляваць. Іначай я ня мог усе думкі сабраць, рассыпаліся.
А касьцёл там стаяў на могілках, вельмі старажытны, гатычны, нетынкаванычырвоная цэгла абшарпаная вятрамі, вякамі. Там, здаецца, быў правалены дах у тым касьцёле, але можна было залезьці на вежу на самы-самы верх
У кожнай вандроўкі была свая логікаехалі альбо да нейкага архітэктурнага помніка, пра які ведалі з кніжак, альбо з расказаў нейкіх іншых людзей, альбо ехалі да нейкага чалавека. Напрыклад, дзед Ляпехагэта ж унікальны быў чалавек. Без вышэйшай адукацыі, просты селянін, які так закахаўся ў творчасьць Багушэвіча, што працаваў і жыў даглядаючы дом Багушэвіча. Мог цытаваць ягоныя вершы. Сам увесь час гаварыў па-беларуску, і вёў кнігу, у якой кожны наведнік гэтага дому пакідаў свой запіс. Напэўна, і зараз тыя талакоўскія запісы недзе захаваліся.
Езьдзілі да дзеда Ляпехі, езьдзілі да Зоські Верас у Вільню, Веры Андрэеўны Нежанкоўскайпершай жонкі Браніслава ТарашкевічаТады, калі да гэтых людзей прыходзіў малады чалавек гарадскога выгляду і пачынаў пытацца пра Багушэвіча, Багдановіча ці Тарашкевіча, значылагэта наш, гэта свой! Ня проста чалавек з вуліцы, гэта ня злодзей, не які-небудзь рабаўнік. Гэта быў такі пароль: загаварыў па-беларускусвой! Які тады быў залаты час! Кожны, хто загаварыў па-беларуску, гэта ўжо блізкі чалавек! Палюбі яго, прымі яго! Гэта потым у 90-я гады выявілася так, што па-беларуску могуць гаварыць і гады, якім і рукі не падасі. І пасварыліся, і разышліся з некаторымі. А вось тады ў 80-я, было ня так. Былі, канешне, некаторыя людзі, адносна якіх існавала падозраньне, што можа яны нейкія шпіёны засланыя, але такія людзі вельмі хутка самі адсейваліся, яны не вытрымлівалі. А, можа, я грэх бяру на душу, можа, гэта былі проста сьціплыя людзі, якія саромеліся і таму паводзілі сябе крыху неадэкватна. І тады хай мне прабачацьБо сітуацыя была такая, штомайстроўцыпад рэпрэсіі падпалі. Людзі адчувалі, ведалі пра гэтыя рэпрэсіі і таму трэба было быць трошкі асьцярожнымілішняга не казаць з незнаёмым чалавекам. Была трошку такая гульня ў сакрэтнасьць.

Адзін з жартаў Анатоля Сыса
З паэтам Анатолем Сысам мы пазнаёміліся, як я сказаў ужо, на сустрэчы ў Мікалаеўшчыне. Ппасьля стэлефанаваліся і я запрасіў яго ў кавярню на Нямігу. Мы заказалі нешта зьесьці, выпіць. Сядзім, гаворымА ён з першага слова пачынае гаварыць са мной па-руску: “Да, что ты, Серега, придумал. Я знаю их всех давно. Да они все физики, а никакие не поэты! Это они придуриваются!” Такі халодны душ на мяне. Я маўчаў разгубленаКалі ён убачыў, што прымусіў мяне паверыць у гэта, то засьмяўся, перайшоў на беларускую мову і сказаў: “Я ж жартаваў, я ж артыст! Я паступаў у Тэатральна-мастацкі інстытут, ды мяне не прынялі!” І я пасьля ня раз бачыў, як ён сябе так эпатажна паводзіў. Думаю, у ім прападаў вялікі артыст, каб ён на сцэне мог праігрываць такія сцэны камічныя і трагічныя, можа быць, па-іншаму б склаўся ягоны лёс. А так яму гэтага не хапала, і ён у сваім жыцьці ролі ствараў і разыгрываў.
Калі ўтварылісяТутэйшыя”, усе літаратары перацяклі тудыу сваю літаратурную суполку.

Талака
Першыя пару гадоўТалакабыла адзінайтусоўкайдля ўсіх, хто адчуў сябе беларусам. А пасьля пачаліадпачкоўвацца” – рокеры свой клуб займелі. Той жа Алесь Гуркоў пакруціўся ўТалацэі стварыў арганізацыюСьвітанаку тэхналагічным інстытуце, дзе тады вучыўся. І ўзьнікла яшчэ шэраг суполак, а спачатку ўсе былі ўТалацэ”.
І былі бясконцыя сустрэчы, нас запрашалі ў навучальныя ўстановы, як правіла, настаўніцыяны разумелі, што гэта важна, што гэта трэба. Перад вучнямі мы выступалі, і калі-нікалі ўдавалася дастукацца да гэтых слухачоў, і нехта з іх прыходзіў на нашыя сьвяты, на нашыя талокі. Былі тыя, хто прымалі наш дар, а большасьць глядзелі на нас, як на артыстаў, якія прыйшлі штосьці такое расказалі, паказалі і пайшлі. Але мы пашыраліся, прыцягвалі новых людзей. Кожны ведаў, што мусіць каго-небудзь прывесьці. Я ведаў, што мяне прывёў Сагановіч, а Сагановіч можа сказаць, хто прывёў яго. Кожны з нас пачуваў сябе абавязаным кагосьці прывесьці. “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі” – так? Я тады гэта ня ведаўНе адчуваў. Цяпер я гэта ўжо ведаю, і ведаю, што трэба было па-іншаму троху рабіць. Але тадыкалі ты прывёў аднаго альбо двух чалавек, ты з імі падтрымліваеш адносіны, абменьваешся думкамі, кніжкамі. Але прыйшоў момант, што ўТалакупачалі прыходзіць дзясяткамі, і пагаварыць з кожным было проста немагчыма. Я памятаю, што лавіў сябе на такім адчуваньні: мяне крышку пачынае раздражняць тое, што парушылася кола сваіх. Вось з тымі мне было прыемна, і фактычна мне гэтага было дастатковаКалі ў цябе ёсьць добры дзясятак сяброў, то гэтага дастаткова чалавеку для існаваньня. А тут ужо работу трэба было будаваць ня толькі на сяброўскіх адносінах, а на чыста дзелавых. Палітык можа мець справы з тысячамі і мільёнамі. Так, і нам трэба было прафесійна займацца грамадскай дзейнасьцю, а мы гэтага ня ведалі і не адчувалі. І я асабіста гэтага не адчуваў, адчуваў толькі нейкі дыскамфорт, што нешта ня так, як трэба. І ў гэтым была памылка.
Напярэдадні нейкага мерапрыемства зьбіраліся актыўныя талакоўцы і абмяркоўваліяк бы гэта зрабіць. Адзін кідаў адну ідэю, другі кідаў другую. Штосьці падабалася, штосьці не падабалася. Усё абмяркоўвалася, абгаворвалася і нараджалася спантанна. Напрыклад, адно з Купальляў мы задумалі правесьці ў Строчыцах. Памятаю, як цяпер, дырэктар музею злосны стаяў і не пускаў нас, казаў: “Я зараз міліцыю паклічу!” І я стаўлю сябе зараз на месца гэтага дырэктараСапраўды, тут драўлянае дойлідства, а мы побач зьбіраемся вогнішча паліць. І шмат людзей уначыСапраўды, небясьпечна праводзіць Купальле ў такім месцы. Але мы, маладыя, гэтага не разумелі і крыўдзіліся: “Як жа так? Мы ж з самымі лепшымі пачуцьцямі! Са шчырымі, сьвятымі! Як вы маглі падумаць, што мы нейкую шкоду можам прычыніць музею, калі мы сюды прыязджаем, працуем у свой вольны час бяз грошай ”. І мы ўсё гэта сьпівалі на тое, што нейкія бюракраты націснулі на дырэктара, і ён стаіць і нас адгаворвае, а ў кустах міліцыя сядзіць ужо. Але ў дырэктара музею была сваю праўда. І вось цяпер я гэта разумею.

Пра палітычныя мэты і нацыяналізм
Да пэўнага моманту пра гэта не гаварылася. Усё ішло праз цікаўнасьць да этнаграфіі, да гісторыі, мовы, літаратуры. Найпершгісторыя. А размоваў пра палітыку, незалежнасьцьне было. Самі ўлады пісалі артыкульчыкі пра нас, што вось гэтыя буржуазныя нацыяналісты нечага захацелі. А потым у нас было знаёмства з лёсамі рэпрэсаваных людзей і нейкае шкадаваньне, і нейкая пэўная злосьць, што былі пазабіваныя такія людзі. Але, калі ўпершыню прагучала словаНезалежнасьць”, яно, ясна, напалохала. Мне ўжо цяжка ўзнавіць дакладна дату, ці існавала тады ўжоТалака”.
Пра палітыку я ня думаў. Я адкрыў для сябе Беларусь, я адкрыў для сябе мову, я адкрыў для сябе песьні. І гэтага дастаткова. Гэта ўжо сёньня, з гістарычнай дыстанцыі, паглядам збоку, можна назваць тоенацыяналізмам” . Тады гэтае слова не было патрэбным. Тады ўжывалася слованарод”, “народны”, “народныя традыцыі”, “мудрасьць народная”. І нас хутчэй можна было б называцьнарадоўцамі”. А мы сябе называліпатрыётамі”. У савецкія часы я мог бы назваць сябе нацыяналістам, але з доляй іроніі: “Ну, вы ж разумееце, што я ніякі не буржуазны нацыяналіст. Я сапраўдны патрыёт, той, хто любіць свой народ, сваю нацыю”. Але словамнацыяналізммала карысталіся. Яно было проста непатрэбнае.
Мы адкрылі для сябе Беларусь, беларускае. Гэта ёсьць нешта нашае, нешта лепшае, і гэта тое, што ад нас хавалі, што нам не давалі. Гэта нейкая таямніца, якую мы раскрылі і прапануем іншым. Быццам бы на сьметніку раскапалі каштоўнасьцьадцёрлі, адмылі і вояна зазьзяла! І мы гэта знайшлі і, калі ласка, гатовыя падзяліцца з кожнымвазьміце, бярыце! Бярыце, гэта ж так добра, так цікава! Вось такая была інтэнцыя. Мы ішлі да людзей менавіта з такім пасылам.
Неяк незаўважна беларускае замяніла сабою ўсе былыя абекты майго захапленьня. Я ж да гэтага вельмі любіў песьні Уладзіміра Высоцкага, кумірамі быліМашина времени”, слухаў Дольскага, слухаў АкуджавуБардаўская песьня мне страшэнна падабалася. І раптамусё... Ніякага канфлікту не было. Я ранейшага не перакрэсьліваў, не выкідваў. Неяк само сабойЯк вырастае дзіцё, і дзіцячыя цацкі раптам яму робяцца нецікавымі. Так і тут раптам на першым месцы апынуліся Камоцкі і Сокалаў-Воюшгэта былі сваеГэта было па-беларуску. І гэта раптам стала важным, галоўным і запаланіла ўсё жыцьцё. І гэта ж мы самі сьпявалі! А тое неяк сарамліва адышло на другі план.
Цяпер я разумею, што ўва мне ўсё ранейшае засталося. Я сёньня з прыемнась­цю слухаю і Акуджаву, іМашину времени”, магу наватпрамурлыкацьнейкую песьню і ўспомніць прыемныя пачуцьці, якія яны падагравалі. Але тады ўсе былыя захапленьні адышлі на другі план. Чаму яны не маглі спалучацца? Відаць, трэба было перахварэць нейкай непрыязнасьцю да рускага, каб стаць палымяным патрыётам беларускага. Трэба было трошкі раззлаваццаТрэба было аддзяліць сябе ад рускагаад рускай культуры, ад рускай мовы.
Быў гэтакі моўны пурызмНа зборкахТалакібыла мода, што калі нехта нейкае рускае слоўца ўвярнуў у размову, то заўвагу робяць. Гэта лічылася нормайзрабіць моўную заўвагу. Можа, некаторых людзей гэта і адштурхоўвала, можа нехта з-за гэтага і не загаварыў па-беларуску. Я сам тое адчуў, калі паспрабаваў вучыць літоўскую мову. Ува мне жыў комплекс настаўніка, што калі я настаўнік, то паўсюль павінен гаварыць правільна. А калі пачынаеш гаварыць на нейкай іншай мове, то памылкі непазьбежна будзеш рабіць. І вось тая невыноснасьць таго, што ты будзеш рабіць памылкі, стрымлівала. Я сёньня лічу, што гэтыя заўвагі былі ня самай лепшай моўнай тактыкай з нашага боку. Больш цярпімымі трэба было быць. Але ж з другога боку, бачыш, што ніхто нам такога не навязваў. Мы самі гэта прыдумалі, і гэта было патрэбна, каб умацавацца ў сваёй веры, у сваёй правільнасьці. Баюся, што гэта непазьбежная хвароба росту. Ці ўдасца мне перадаць сваё цяперашняе разуменьне іншым? Калі зараз будзе ўзьнікаць нейкая іншаяТалака”?
То быў такі беларускі лад жыцьцяад сьвята да сьвята, ад імпрэзы да імпрэзы. Ці баяліся мы рэпрэсіяў? Бачыш, у мяне было такое адчуваньне: “Я ж нічога кепскага не раблю!” Я з рабоча-сялянскай сяміУнутры сябе я не адчуваў, што нешта кепскае раблю, што нешта скраў, ці нейкі закон парушыў. Я глядзеў на ўсіх чыноўнікаў ці міліцыянтаў анёльскімі вачымаІ я думаю, гэта іх страшна бянтэжыла. Можа быць, у іншых людзей, такіх, як Вінцук Вячорка, было нейкае іншае адчуваньне, нейкае разуменьне нацыяналізму. Але адчуваньня нейкай крамолы, быццам бы мы сьпецыяльна зьбіраліся разваліць Савецкі Саюз не было
Якім я бачыў будучыню Беларусі? Па-першае, вяртаньне, аднаўленьне ўсяго, што забралі ў нас: разбураныя занядбаныя замкі, цэрквы, касьцёлы, будынкігэта ўсё трэба прыгожанька аднавіць. Музеі трэба пабудаваць, кнігі трэба напісаць. Тады страшэнна радаваліся любой беларускай кнізе, якая выходзілакідаліся, куплялі, адзін аднаму расказвалі. Ганяліся за новымі кнігамі. Што яшчэ? Па-беларуску трэба гаварыць паўсюль. І сваім жыцьцём мы правакавалі, каб людзі задумаліся: а чаму я не гавару па-беларуску. Знайшоўся адзін хлопец таксама з заводуІнтэграл”, Валодзя Бараніч, ён уТалакузапісаўсяТак атрымалася, што мы нават у адным цэху працавалі, толькі ў розных брыгадах. Дык мы з Валодзем гаварылі па-беларуску, ды давай дакументацыю пісаць, як наладчыкам нам трэба было запісы рабіць, напрыклад, “станок адрамантаваны”… І мы пачалі пісаць усё па-беларускуінструкцыі для аператараў. На нас пачалі скардзіцца: “Что это такое, непонятно”. Але часы былі такія, што замест таго, каб нам уляпіць нейкую вымову, нам сказалі раз, два, а мы ўсё роўна на сваім стаім. Тэрміналогію прыдумлялі на хаду. Цікава было. Гэта дайшло да дырэктара заводу. І мы вялі дыскусіі з самым высокім начальствам, што маем права, а нам казалі, што гэтазавод союзного подчинения”, таму менавіта на ім вы ня маеце права...
Я ня ведаю, чым бы скончыўся той канфлікт, але я паступіў на гістарычны факультэт і сышоў з заводу. Вось такі быў наш нацыяналізм. І мы крыўдзіліся, калі ў нейкіх газетках ці часопісе «Политический собеседникдрукавалі паскудныя артыкульчыкі, дзе нас называлі фашыстамі. Абураліся, калі былі артыкулы пра герб Пагоня, што гэта фашысты яго прыдумалі і спрабавалі яго нашаму народу навязаць. Мы шчыра абураліся, нас гэта злавала... Мы былі як дзеці, што вырасталі і адкрывалі для сябе сьвет сапраўдных захапленьняў. Тое, што раней існавала, але хавалася ад нас. Як дзецям да 16 гадоў не прадаюць квіткі ў дарослае кіно, а мы дарасьлі
Талакапрыдумляла сабе розныя сімвалы: Ратуша з надпісамМінск, Талака”. Мы доўга спрачаліся, што павінна быць сімваламТалакі”. Генік Лойка прапаноўваў розныя варыянты. Другія мастакі малявалі нешта. Мне запомніліся два варыянты. Адзінвежа, накшталт вежы Гедыміна і зьверху стрэшка ў выглядзе словаТалака”, а другіРатуша Менская, дзе былі ўкампанаваныя словы Менск і Талака. Перамагла Ратуша. Была легенда, узятая, відаць, з кніжкі Сыракомлі, што менскую Ратушу разбурылі, каб не нагадваць менчукам пра былыя вольнасьці. А тых вольнасьцяў хацелася. І адраджэньня вольнасьцяў.
Ратуша стала сімвалічным знакам. Прафесійныя рэстаўратары прапанавалі рэканструкцыю старажытнага Менску з намерам адрадзіць і Ратушу. Быў збудаваны макет папяровы, з пенапласту: маленькія, як цацачныя домікі. І гэты макет быў выстаўлены на ўсеагульны агляд у Палацы прафсаюзаў, калі распачаліся дыскусіі.
Была яшчэ такая гісторыя. Пры заводзеІнтэгралмеўся клубКрынічка”. У інтэрнатах заводу было некалькі чалавек, якія арганізавалі беларускі клуб. Яны зьбіраліся, сьпявалі песьні беларускія, пасьля яны сабралі музейчык самаробныгасьцёўню Караткевіча. Клуб ладзіў Купальле ў Шчомысьліцах. Там ёсьць такі прыгожы лесдуброва, маладыя дубкі, гай чысты. І ў тым лесе ўначы было Купальле. Ад інжынера Сабалеўскага я даведаўся пра яго і прыйшоў туды. І як я быў рады, што патрапіў да сваіх людзей, што яны па-беларуску гавораць, што яны сьпяваюць такія прыгожыя песьні. І я там карагоды шчыра вадзіў, напэўна, быў, як сабака Дружок, які радасна віхляе хвастом і радуецца, што патрапіў туды, куды трэба. А потым ужо праз колькі гадоў адна з дзяўчат расказала, што яны думалі: “Хто такі? Адкуль узяўся? І паўсюль пішчом лезе…” І прыгадала: “А памятаеш, там быў яшчэ адзін малады чалавек, які першы раз зьявіўся ў той кампанііздаровы такі дзяцюк. Ён, праўда, гаварыў па-руску, нахабна троху сябе паводзіў. Той, відаць, быў сапраўды, нейкім камсамольцам засланым на разьведку на Купальле да нацыяналістаў”. А я быў шчыры, але і я пабыў у той ролі, што на мяне падазрона паглядалі: “А можа ты агент КДБ”. Такія падозраньні быліАле потым для сябе мы прыдумалі такую формулу: “Мы ж нічога кепскага ня робім! Мы ня робім нічога супрацьзаконнага”.

Першы мітынг
Ідэя першага мітынгу прыйшла ў сакавіку 1987 году. Мітынг у абарону помнікаў. І ў прынцыпе, гэта быў першы мітынг у горадзе. Спантанны мітынг абсалютна. Ніякіх заявак мы нікому не падавалі. Не існавала ніякога заканадаўства пра мітынгі і дэманстрацыі. Пасьля нашага мітынгу Менскі гарадскі савет прыняў нейкае палажэньне пра парадак арганізацыі мітынгаў, ужо трэба было зьвяртацца па дазвол да органаў улады. А да тагоне было закону, не было парушэньня. У савецкай Канстытуцыі быў артыкул пра свабоду сходаў. Вось мы і сабраліся. Перад гэтым адбываліся рэгулярныя паседжаньні клубаТалака” – раз на тыдзень у нейкім памяшканьні быў збор усіх. Акрамя таго, натуральна, былі іншыя зборкіці разам на нейкі канцэрт, ці з іншай нагодыпроста па-сяброўску пагаварыць. Але заўсёды раз на тыдзень было паседжаньне клубаТалака”, і на яго мы запрашалі фалькларыстаў, гісторыкаў, літаратараў, сьпецыялістаў у галіне аховы помнікаў. Яны нам нешта расказвалі, слайды паказвалі, кніжкі прыносілі. Ішла самаадукацыятакі народны універсітэт.
І, напэўна, нехта са сьпецыялістаў, можа, Дзянісаўпрынёс навіну, што другая лінія метро пройдзе дакладненька пад старым горадам, у непасрэднай блізкасьці ад помнікаў гісторыі. І паколькі менскае метро закладаецца неглыбока, то вібрацыя будзе адчувацца і разбураць помнікі. Гэтую інфармацыю мы тады вынесьлі на людзі. Былі падрыхтаваныя фотаздымкі помнікаў і вялікі фотастэнд. Работы пачаліся ўжо і трэшчынкі на дамах былі заўважныя. На стэндзе былі фотаздымкіфрагмент сьцяны, а на ёй буйным планамтрэшчына. Мы заклікалі спыніць гэтыя работы і, фактычна, работы былі прыпыненыя. Зьбіраліся на мітынг такпаведамлялі па тэлефоне. Тады мой тэлефон ведала паў-Менску. Гэта быўказырнытэлефон, і ён увесь час разрываўся ад званкоў. Дзякаваць Богу, у сямі была вельмі добразычлівая атмасфера. Сястра была, як сакратарка фактычна, адказвала на гэтыя званкі, калі мяне не было дома. Быў такі абзвонадзін другому пераказваў. І самае галоўнаебыла вельмі дзіўная атмасфера. 1986 год. Ужо ў Савецкім Саюзе пачаліся пераменыкрыгаход пачаўся. Усё грамадства раптам зажадала нейкіх пераменаў. Усе цэнтральныя газеты, часопісы поўніліся крытычнымі артыкуламіспынім паварот сібірскіх рэк і гэтак далей. І галоўны пасыл маёй прамовы на мітынгугэтыя праблемы ня вырашыш у кабінеціках, трэба іх выносіць на плошчу: “Кожны адказны за лёс помнікаў!” Мы хацелі дастукацца да кожнага. Адна справа сёньня падымаць народ, калі кожны надзейна зашыўся ў сваёй норцы і замаскіраваўсяі не чапайце мяне. А тады ня трэба было надта моцна агітаваць, кожны хадзіў і вышукваў: што б гэта такое пачытаць, што б зрабіць, куды б схадзіць, з кім бы пазнаёміцца. Атмасфера была наэлектрызаваная. І мы знайшліся ў патрэбным месцы ў патрэбны час.
На мітынг прыйшлі сьвядомыя талакоўцы і людзі старэйшага веку з інтэлігенцыі. На гэтым мітынгу ўпершыню ад Анатоля Сыса прагучалаЖыве Беларусь!” Я быў страшэнна злосны на яго за гэта. Так, менавіта Анатоль Сыс сказаў на мітынгуЖыве Беларусь!” Я гэты эпізод дакладна памятаю, бо перад мітынгам адбылося паседжаньне, на якім мы абмяркоўвалі, што рабіць, як рабіць, пра што гаварыць. Была прыдуманая вельмі простая канцэпцыя: я скажу ўступнае слова і запрашу людзей да дыскусіі. За мной меўся выступаць Сяргей Харэўскі, ён больш прафесійную архітэктурна-археалагічную даведку даў бы, нібыта экскурсіюА пасьля – “вольны мікрафон”. Мікрафон сапраўды быў. Тады ўТалакімеўся такі маленькі мегафончык, набыты ў спартовай краме за грошы, якія ўдалося зарабіць на адной з талокаў. У гэты мікрафон гаворыш, а ён хрыпаты – “мацюгальнік”. Захаваліся, напэўна, фотаздымкі ў сямейным архіве, дзе я стаю і трымаю гэты мегафон, і стэнд побач з фотаздымкамі помнікаў... Тады чалавек 50 выступілі. Напачаткуталакоўцы”, а пасьля выпадковыя людзі, якія падышлі на гэты мітынг. Выступалі эмацыйна. І Анатоль Сыс выступаў, чытаў верш, калі не памыляюсяМаналог Апанаса Філіповіча”, сваім акторскім, трыбунным голасам і скончыў выступ заклікамЖыве Беларусь!” Натоўп, з падагрэтым настроем, дружна адказаў: “Жыве!” Гэта пасьля і прыпомнілі нам... А мы потым сварыліся з Сысам, я крычаў: “Як ты могМы ж дамаўляліся! Ты ж нам сапсаваў усё, паглядзі…” А Сыс толькі пасьмейваўся, маўляў, так і трэба, маўляў, яшчэ і мала я сказаў. А мы дамаўляліся на паседжаньні папярэднім, штопалітыкуніякім чынам закранаць ня будзем. Неяк мы гэта ўсё прытарможвалі. І Сыс там прысутнічаў, ён хадзіў на ўсе нашы паседжаньні, пакуль не ўтварылісяТутэйшыя”.
Мітынг адбыўся ў сакавіку 1986 году за некалькі дзён да 25 сакавіка. Тое, што гэта адбывался перад 25 сакавікаабсалютна выпадкова. Проста літаральна перад гэтым нам трапіла інфармацыя, што помнікам Верхняга гораду пагражае небясьпека. “Талакаўзьнікла ўвосень 1985 году, мы хадзілі на суботнікі на Траецкае прадмесьце і ніхто ня думаў пра метро, што яно можа пагражаць помнікам. Калі першая лінія метро адкрылася, я помню, што сам як савецкі чалавек успрыняў гэта з такім энтузіазмам, так захоплена. Мой сябра служыў у войску ў гэты час, і я яму пасылаў карцінкі са станцыямі метроІ мне здавался, што гэта самае важнае, быццам бы я паляцеў у космас. Я проста прыходзіў у метро, сядаў і езьдзіў без аніякай мэты, каб проста паглядзець кожную станцыю. Выходзіў на станцыях і рабіў сабе экскурсію. Настолькі быў захоплены тым метронаіўнае дзіцячае захапленьне. І таму, калі пачалі будаваць другую лініюспачатку думаў, ну, будуюць і будуюць. І толькі пасьля мы зразумелі, у чым небясьпека.

Час, калі дыхалася на поўныя грудзі
Усе тыя чатырыталакоўскіягады былі часам, калі дыхалася на поўныя грудзі. Хаця ледзь ня кожны дзень былі канфлікты, бо размова па-беларуску стварала сітуацыю канфліктнасьці ў кожнай краме. Але мы, як ледаколы, рухаліся наперад і гаварылі. Такі быў залаты час, што гэтага хацелася, як паэту натхненьня. Адчуваньне паўнаты жыцьця, што ты нешта робіш, і ты штосьці можаш, і штосьці атрымліваецца. Памятаю, у адной кавярні на Траецкім (“Малочны бар”), мы самі прапаноўвалі назвы, самі пісалі цэтлікі па-беларуску. Мы раз зрабілі заўвагу, што ня так напісана, два, нам сказалі: “Ну, самі і пішыце!” У кавярнях на Траецкім вельмі часта зьбіраліся, каб папіць там кавы. Там рабілі добрую турэцкую каву. Дарэчы, смак той кавы па-турэцку так і застаўся са мной. І пасьля гэтага ніколі нідзе не было такой кавы. Ня ведаю, дзе Савецкі Саюз такую закупляў. Я, памятаю, набыў сабе такія кубачкі, якія былі на Траецкім, але дома зварыць такую кавугустую, як кашка, не ўдавалася.
Мы маглі ў некага ў хаце сабрацца і застацца на ноч, і праз усю ноч піць нейкую гарбатку на зёлках і гаварыць, гаварыцьГорад быў нашгэтае адчуваньне давалася тым, што хадзілі на талокі. Гэта ж была нашая ідэалогія, нашая філасофіягорад наш. І, каб адчуваць сябе гаспадаром у гэтым горадзе, ты павінен прыйсьці на талаку. Прыйдзі, папрацуй, і тады па-сапраўднаму будзеш адчуваць сябе не прыблудам нейкім, а гаспадаром, ты павінен укласьці ў яго працу
Езьдзілі ў ВільнюІ калі падязджалі да вакзалу, трэба было стаяць і глядзець у пэўны бок: і ў вакне павінна была мільгнуць бел-чырвоная-белая плямка герба Пагоні на Вострай Браме. Гэта быў такі рытуал. Прыязджалі на вакзал, часта там заходзілі ўЧабурэчную”, бо выязджалі рана раніцай наЧайцы”, дома не пасьпявалі пасьнедаць. Пасьля ішлі на Вострабрамскую. І вось перад табой Вострая Брама! Глядзелі на Пагоню, на абраз Маці Божай Вострабрамскай. Пасьля гулялі па горадзе, задзіраючы галовы, арыентуючыся па званіцах, і бадзяліся ў лабірынце вуліцаўкуды вочы завядуць. Проста фантастычнае адчуваньне было ад таго, што перад табою вось цэлы горад старылабірынты старых вуліцаў, дворыкаў, куды можна зайсьці. Нам Вільня здавалася ідэальнай. І, безумоўна, кавярнімаленькія столікі, сурвэтачкі, утульнасьць маленькіх залаў.
Праз чатыры гады майго страшынства ўТалацэнакапіўся вялікі стрэс. Новае пакаленьне, якое прыйшло, не было роўнае нам па запалу той беларушчыны і грамадскай актыўнасьці. З імі трэба было вазюкацца, як з малымі дзецьмі. Ім было цікава, але, каб арганізаваць тую ж талаку трэба было дамаўляцца, патрэбна была канкрэтная арганізатарская работа. Мае заклікі: “Ну, хто арганізуе працу?” – завісалі ў паветры. Я адчуваў, што стамляюся, трэба было і ва універсітэце вучыцца, і здароўе ж такоеня самае лепшае. І столькі розных справаў, што хацелася, каб нехта арганізоўваў працу талакі, каб я прыйшоў на талаку ня як арганізатар, а як удзельнік.
Чатыры гады прайшло, і я ўпёрся, каб былі перавыбары. І замест таго, каб была вялікая канкурэнцыя, каб было з каго выбраць, ніхто надта не хацеў. “Старыяактывісты сышлі ў Народны Фронт, засталіся людзі сімпатычныя, але таго патэнцыялу пасіянарнасьці ў іх ужо не было. Зноў жа, мы прапагандавалі тады, што ня трэба тысячнайТалакі”, а трэба тысячы дробныхТалок”. І таму патэнцыйныя арганізатары сышлі яшчэ раней. Алесь Гуркоў арганізаваўСьвітанак”, Аляксей Рагуля ў сваім педагагічным арганізаваўКропелькі”, у нас на гістарычным факультэце арганізаваліся рэстаўрацыйныя студэнцкія будатрады. І мы гэта віталі. Хай замест бюракратызаванага камсамолу будзе шмат такіх клубаў з розным абліччам. А пасьля аказалася, што ўТалацэнікога не засталося. І гэта ня толькі таму, што БНФ арганізаваўся. Гэта толькі адна з прычынаў, што нам адкрылася такая бязьмежная прастора для актыўнай дзейнасьці палітычнай і грамадскай. Аднаўленьне помнікаў адышло на другі план. Моладзь ужо неахвотна хадзіла на талокі, бо больш важна было арганізаваць мітынгі, “Чарнобыльскія шляхі”, выданьне прэсы. Талакоўцы былі заўсёды ў дружынах, якія ахоўвалі гэтыя мітынгі. З бел-чырвона-белымі павязкамі стаялі вакол. Сабрацца на Плошчы Незалежнасьці са сьцягамі, занесьці калючы дрот да помніка Ленінумы ж раней пра гэта і ня марылі. Тыя, хто марыў, кінуліся ў гэтую дзейнасьць. А ўТалацэнікога не засталося, і гэта было расчараваньне