12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Хадановіч

_____________________
Ехаць да мора.
Вершы


І месіцца слоўная гліна,
і ты ёй гаворыш: “Жыві”.
І лодачка адрэналіну
плыве супраць плыні крыві.

* * *

Тут рыжскі бальзам проста капае з крану
і пяніцаў робіць крылатымі,
і тынібы рыцар, бо нават у краму
ідзеш, патрасаючы латамі.

Надворе такое, што дворнікаў пару
прыладзіў бы на акуляры,
і ты перабежкамі з бару да бару
здаецца, жывеш проста ў хмары.

А ў моры купаюцца дзеўкі чужыя...
Пільнуйце, адэпты маралі!
І водарасьці на руках і на шыі,
як фенечкі і каралі.

На сонца глядзіш цераз пырскі вады,
на вейках вісіць па вясёлцы,
а ты нецьвярозы і шчэ малады,
нібыта сьнягурка на ёлцы.

Раскотвай губу, не глядзі на табу:
жыцьцё паднясе табе чарку
і разам з табой вылятае ў трубу
прыморскага аквапарку.

* * *

Балтыйскае мора свабоднага часу.
Бландынкі на пляжы мне робяць грымасы.
Брунеткі на пляжы мне корчаць гіморы.
Свабоднага часуБалтыйскае мора.


* * *

Ад раніцы вецер са сьвістам
пахмельнікаў бе проста ў твар,
зьдзьмуваючы з дупаў нудыстам
апошні чырвоны загар.

Вятрыска цячэ супраць плыні,
ідвойчы ня ў тую раку! –
як пяны караблік пустыні,
ты прэш супраць плыні пяску.

Чапляючы целам сьцябліны,
брыдзеш супраць плыні травы,
а сонца заходзіць са сьпіны
і паліць, як вырабы з гліны,
усё, што ніжэй галавы.

І месіцца слоўная гліна,
і ты ёй гаворыш: “Жыві”.
І лодачка адрэналіну
плыве супраць плыні крыві.


Ехаць да мора...

Ехаць да мораз узьлётнай цукеркайяшчэ трохгадовым
майстрам тэракту ў паветры, чый крык авалодаў салонам;
да шакаладнай ангіны на палачцы вечна гатовым,
зьбеглым ад маці ў ваду і спалоханым смакам салёным.

Ехаць да мора на лаўцы ў набітай бітма электрычцы,
хоць педыятар з дыпломам казаў: “береги, мальчик, кожу!”
Ды не паслухаць парадыі сонечнай ваннай накрыцца.
Скура аблезла, і лупіш кавалкамі гэту раскошу.

Ехаць да мора ў плацкартным вагоне, на верхняй паліцы.
Зранку прачнешся, абуджаны водарам смачнага сала.
Вусны баляць і язык, але знаеш: няма чаго зьліцца
сам спакушаў, а сяброўка паверыла і пакусала.

Ехаць да мора насустрач заходу ў апошнім трамваі:
сонца сядае, і рэйкіу золаце гданьскае пробы.
Столькі прыдуркаў залезла ў ваду, але мора трывае
дзікія танцы буйкоў з нецьвярозымі дзецьмі Еўропы.

Ехаць да морапа моле, на ровары. Радасна выючы,
вецер сьлязу выбівае з вачэй, і ты плачаш прылюдна.
Зьлева і справа Балтыйскае мора... Заплюшчыўшы вочы,
едзеш, але не зрываешся з молу, бо мора паўсюдна.


Яна і я

яна ўвойдзе па лытачкі ў мораі ўвесь пляж галовы паверне
нават хвалі за ёю сьледам паварочваюцца крыху
калі вецер яе сукенку раптам зробіць яшчэ паветраней
і дзяўчаты бойфрэндаў закопваюць у пясокдалей ад граху

і яна разумее, што я разумею, што рухі ветру папраўдзе
адпавядаюць маім, а магчыма, і ейным планам
і бакланы лятуць, як даішнікі, на сьвятло яе срэбнагааўдзі
і, махаючы ёй наўздагон, я сябе адчуваю бакланам

і зьбіраю сны, як каменьчыкі з дзікіх нудысцкіх пляжаў
і найлепшы растаў у роце, нібы рыжская карамелька
і я плаваў да ранку ў ім так, бы ў вадзе нічога ня важыў
а назаўтра крочу танцуючай лёгкай хадою пахмельніка

і фантазія, крылы згарнуўшы, у інвалідны сядае вазок
і з мяне пачынае сыпацца дробны балтыйскі пясок


Першая сустрэча

Ён шукае ў кішэні ключы ад свайго спартовага ровара.
Яна забівае стрэлку з сяброўкай ля найбліжэйшага бровара.

Ён шчасьлівы, бо толькі ўчора адрэгуляваў сядло.
Яна зьлёгку нярвуеццадома скончылася бухло.

Ён вырашае зрабіць яшчэ кола для трэніроўкі.
Яна заўважае лічбавы фоцік на шыі ў сяброўкі.

Ён збочвае і вырульвае на вядомую ў горадзе статую.
Яна пасьля піва просіць сяброўку сфоткаць яе, паддатую.

Ён заўважае яе на ўзьбярэжнай, каля самай вады.
Яна бачыць, што нехта на ровары рухаецца не туды.

Ён параўняўся са статуяйкаровай пяцімятровай.
Яна прыняла сексуальную позу, каб не здавацца каровай.

Ён глядзеў, як яна выгінаецца маладой грацыёзнай коткай.
А яна казала сяброўцы: “Чаго ты чакаеш, фоткай!”

Залаты заручальны пярсьцёнак на ейнай руцэ
апошняе, што ён убачыў, перад тым як паплыў па рацэ.

Ён падумаў: “Тваю за нагу, ну за што мне гэта няпруха!”
А яна: “А ён мог быць нічога, каб ведаў правілы руху”.


Зьнесеныя ветрам

І. Кіно з купюрамі

Папяровая талерка
з рэшткамі шашлыку;

пластыкавы кубачак
З лікёрамБенедыктын”;

мокры пакецік гарбаты
З зялёным цэтлікам;

шмат сурвэтак
белага й чырвонага колеру
(прывітаньне, патрыёты);

папяросная папера
з крошкамі тытуню
і ня толькі яго;

насоўка
сярэдняй ступені чысьціні...

Яшчэ секунду таму
нацюрморт,
ператвораны ў рухомую карцінку.

Вышэй за ўсіх
дзьве банкноты па дзесяць латаў
(трохі больш за 30 еўра) –

кошт
гэтай малабюджэтнай экранізацыі.

ІІ.
Наймацнейшы за месяц вецер
гуляе па вуліцах.

Найпрыгажэйшая ў горадзе жанчына
выйшла на шпацыр з вазочкам.

Вецер фліртуе з ейнай сукенкай
і ўсе мужыкі пашалелі.

Чацьвёра пераглянуліся.
Трое прысьвіснулі.
Двое паспрабавалі пазаляцацца,
але былі адшытыя.
Адзін дапамог
перавезьці вазок праз дарогу
і застаўся побач.

Выглядае на тое,
што вазочак праслужыць ёй доўга.

ІІІ.
Калі вецер доўга сьвішча ўвушшу,
гэта закалыхвае
можна нават заснуць.
Скажам, едучы роварам.

Вецер увогуле моцная штука.
Можа падхапіць і панесьці ў паветры
бляшаную будку
з півам гатунку Zelta.

А дзяўчынка-прадавачка
нават не заўважыць,
як будка перасякае межы шэнгену,
акіяны й пустыні
і вось-вось прыземліцца
у чароўнай краіне,
на ўзьлётнай паласе,
брукаванай жоўтаю цэглай,
і злая чараўніца
будзе расьціснутая ўсьмятку.

І добра, бо яна шмат гадоў
тэрарызавала краіну сухім законам,
не дазваляючы піць напоі
з прыгожых пляшак, праз якія
сьпяваюць мясцовыя панк-правакатары
горад здаецца смарагдавым.

Бабах! –
і няма чараўніцы,
толькі мокрая,
брудная,
чырвоная плямка
на калене таго,
хто толькі што прачнуўся,
зваліўшыся з ровара.


* * *

Казалі ж разумныя людзі лавіць пагоду, пакуль яна ёсьць,
а ты папёрся на мора ў хмарыздароваму сэнсу на злосьць.

А дожджык, які быў спачатку маленькі, цяпер узмацніўся ўтрая,
і кожная трэцяя галава, што з мора тырчыць, – твая.

Цікава, што б на гэта сказалі мэтры нашай літаратуры?
Хрэн табе возера! – цэлае мора ў акупунктуры!

З табою ў вадзе дзьве бабулькі,
адна другую размоваю падтрымоўвае:
Як добра, што тэмпература пакуль яшчэ не зімовая!

І праўда, вадзічка сёньня цёпленькая такая,
градусаў дваццаць... або дзевятнаццаць, – і сарамліва змаўкае.

Ратавальнік з маторкі глядзіць з нянавісьцю,
як расьсякаюць купальшчыкі.
Зараз пачнецца адлік тапельцаў!.. Ну так, ужо загінае пальчыкі.

А ты плывеш, схаваўшы на сушы свой скарб
ад нататніка да трусоў,
падставіўшы ліўню голаў, але ўсё адно
намагаючыся не мачыць валасоў...

Ты не заўважыў, як зьніклі бабулькі, бо пачаўся вятрыска,
а ты спадзяваўся, што хвалі пад час дажджу будуць лётаць нізка.

А хвалінічога асабістага! – проста займаліся сваёй справай,
і вось ты падставіў ім левую, сьпярша атрымаўшы па правай.

Хацеў дацягнуць да буйкадарэмныя спадзяваньні...
Сам вінаваты, бо ты ня ў возеры і не ў пісьменьніцкай ваньне,

а там, дзе твае валасы зблытаныяхрэну табе, а ня мокрай травы! –
з пальцамі ратавальніка, што цягне за іх
і з лёгкім расчараваньнем гаворыць: “жывы”.


* * *

Змагаешся з рыфмаю лоўка й даўно,
брыдзеш у лірычныя топі.
А хтосьці тым часам залезе ў акно
й сядзіць у цябе на лэптопе.

Дзюймовачка-муза наведала дом
з натхненьня галандскай заначкай?
Наведнік акажацца шэрым катом,
а мог бы і белай гарачкай.


* * *

пяць хвілін за дзень, магчыма, адгукнуцца плёнам
бо астатні час праходзіць недарэчным фонам
паглядзі, маяк падміргвае табе зялёным
а другі маяк падміргвае табе чырвоным

беражы матор, ня хопіць запасных дэталяў
а ты лётаеш за музаю сваёй кірпатай
паглядзі, мураш паўзе каля тваіх сандаляў
паглядзі, аса частуецца тваёй гарбатай

але твой перо, на злосьць разумным арлекінам
спакушаецца недасягальным сілуэтам
паглядзеўсьпявай, і нехта назаве акынам
пасьпявай, глядзіі нехта назаве паэтам

пяць хвілін гудкоў у незнаёмых тэлефонах
рэштацішыня, чытай у адпаведным творы
уяві сябе ў квартале ліхтароў чырвоных
і пасьля згадай, што гэта проста сьветлафоры

а таму даруй усім на сьвеце мудазвонам
бо і ты, чувак, тут не працуеш эталонам
непазьбежнае міргне табе сьвятлом чырвоным
недасяжнае міргне табе сьвятлом зялёным


Урокі рытмікі

Колькі брамсаў
уваходзіць у адзін бах?

Танецпесьня,
паскораная алкаголем.

Папяровыя ноты
навязьлі баяну ў зубах.

І тут дзіця ў чэшках
гаворыць: “кароль-таголем”.


* * *

Лірычнае інтэрмецца
як спосаб паразумецца,

і з лёгкасьцю перасьмешніка
скачаш з харэю на ямб.

Уразіў штампам дзяўчыну
пра вочы яе з бурштыну,

а ў адказад памежніка
з ейным іменем штамп.


* * *

Бывай, свабодная стыхія!
Пагналі нашых гарадскія.
Цяпер замучыць настальгія,
Як злобны карлік на мяжы.
Я палюбіў твае даброты,
Я еў з тваёй далоні шпроты.
Мне сьняцца гэтыя шыроты,
Але мясцовым не кажы.

Я да цябе імчаўся зранку,
Ды ўбачыў юную засранку
І з ровару аб брукаванку!
(Цяпер кульгаючы хаджу.)
Я трапіў у твае ўлюбёнцы,
Штотыдзень абгараў на сонцы.
Твае музейныя лівонцы
Мяне хавалі ад дажджу.

Даруй, свабодная стыхія,
Што рэдка плаваў за буйкі я
І што бывалі больш бухія,
Чым сарамяжлівы твой госьць.
Герой наступнага куплета
Прыедзе зноў сюды налета
Абараніць імя паэта
І паказаць, якім ён ёсьць.

Ён прывязе з сабою грэлку,
А ў ёй айчынную гарэлку,
І ўвечары прызначыць стрэлку
Твайму чырвонаму стралку,
Як недарэку з недарэкам,
З такім адборным саўндтрэкам
Аб нечым непаліткарэктным,
Каб чулі аж на маяку.

Дашлі ў бутэльцы запрашэньне,
А я спыняю галашэньне,
Бо маю поўныя кішэні
Тваіх бяздомных мурашоў.
Хай іншы крумкае крамолу
У рыфмах грубага памолу
З майго намоленага молу.
Бывай, стыхія! Я пайшоў.

4-30 жніўня 2008



Аўтар шчыра ўдзячны Міжнароднаму дому пісьменьніка
і перакладчыка за цудоўную магчымасьць жыць у Вентспілсе
і напісаць зьмешчаныя тут тэксты.