12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Хадановіч

_____________________
Урокі гісторыі.
Вершы


Шнуркі

Раскажу вам пра хлопца, што жыў у вершы,
няскончаным і нідзе не надрукаваным.
Яго прыдумаў паэт,
калісьці неперавершаны,
а сёння стары, самотны й расчараваны.

Хлопец джынсы насіў з дзіркай вышэй калена,
швэдар, звязаны мамай, цёплы і модны.
А ў ботах шнуркоў не было.
Калі ўжо казаць сумленна,
то пра шнуркі не падумаў паэт самотны.

Хлопчыку падабалася ранняя восень,
пасядзелкі ў кавярні, калі не паляць,
падарожжы тралейбусам трыццаць восем
і дзяўчо, што адразу запала ў памяць.

Дзяўчынка села насупраць і так зірнула з-пад веек,
што ўсё ў тралейбусе знікла, апроч дзяўчынкі.
І ён шукаў словаў, каб загаварыць, але не выходзіла неяк,
бо ён толькі ў межах верша рабіць мог учынкі.

У дзяўчыны ў руках букецік валошак,
і хлопец ужо гатовы спытаць: “Незнаёмка, хто ты?”
А ў паэта пахмелле, незасцелены ложак
і працягваць пісаць – ніякай ахвоты.

І ўсё абрываецца раптам, букецік вяне,
а потым зноў ранняя восень і пасядзелкі ў кавярні…
І хлопец даўмеўся: “Жыццё маё кружыць па коле,
і на размову з дзяўчынай не хопіць часу ніколі.

Зранку прачнуўся – тым горай, вочы і рукі вымый.
Вось мой сняданак. Трэба выходзіць а восьмай.
Вось прыпынак тралейбусны канцавы мой,
і трыццаць восьмы вось мой.

Крочыць і не зважаць на лужыны пад нагамі…”
І тут ён заўважыў: дзяўчына яму ўсміхаецца.
Потым пытае: “А што з тваімі шнуркамі?
Шматкаляровыя хочаш? Табе спадабаецца”.

Гэта самотны паэт знайшоў на гарышчы
верш, які думаў, што знішчыў, але не знішчыў.
І, паглядзеўшы на тыя крамзолі, неспадзявана
давершаваў усё, што было недавершавана.

І стаў паэт маладзець, унутры і звонку,
і кансерватыўны крытык назваў яго малайчынам.
Да паэта вярнуліся муза, каханка і жонка,
што назаўсёды сталі адной жанчынай.

І хлопец сказаў дзяўчыне: “Мне падабаецца восень,
дажджы і калі на вуліцах лісце паляць,
падарожжы тралейбусам трыццаць восем
побач з табой, што адразу запала ў памяць”.


Урокі гісторыі

Гісторыя – паўтузіна хітоў,
астатняе – паўтораў паўмільёна.
Зямля стаіць на чарапах кітоў,
а ў іх тры вязні – ён, яна і Ёна.

Гісторыя, вядомая здаўна,
паўтораная ўсім мікрараёнам:
ён без яе не можа, а яна
праз рыбу перастукваецца з Ёнам.

Адзін – бамбіза па мянушцы Кіт,
праклён садка, вар’ят шасцігадовы,
найбольшы ў групе і заўжды гатовы
памерці за вачэй яе блакіт.

Другая ж беражэ сваё дабро:
схапіў за коску – кропка, азвярэнне…
А потым мацаў з раніцы рабро,
святкуючы свой сёмы дзень варэння.

Пасля званіў і ў слухаўку маўчаў.
Яна прывыкла чуць знаёмы подых.
Кахала Ёну, ды сказала “chao”,
бо мроіла аб нейкіх антыподах.

Вялікай чарапахай дні паўзлі.
Губляючы дзіцячыя адзежы,
яна і Ёна з двух бакоў зямлі
плылі, як дзве кітовыя відзежы.

А ён і зараз гэту пекнату
прыгадвае шаснаццацігадовай:
каханне, што прыснілася кіту,
і свой заплыў у галаве кітовай.

Плылі, не пакідаючы слядоў,
пакуль вада сцялілася абрусам,
і перастук у чарапах кітоў
палохаў чарапаху землятрусам.

Вайна


Божа! Дай мне лагоды прыняць тое,
што я не магу змяніць, мужнасці змяніць тое, што магу,
і мудрасці – заўсёды адрозніць першае ад другога.
Курт Вонэгут. Бойня №5.
Кожны раман – пра вайну.
На пачатку – гульні ў вайнушку,
потым умоўны праціўнік падступна мяняе пол.
Як санітарку, у сне абдымаю падушку.
А санітарцы ўжо пяць.
Ёй цікавы не я, а футбол.

Не ваяваць з настаўніцамі меў я цвёрдае правіла –
і ваяваў з выхавальніцай у садку.
Я сказаў ёй, што маю спадзеў
на ўзаемнасць, бо мне хутка шэсць.
А яна мяне ў кут паставіла,
у дадатак – тварам да сценкі,
каб больш на яе не глядзеў.

Браць у палон аднакласніцу – во дзе сапраўднае пекла:
неяк, пасля віна і павольнай музыкі,
я не змог расшпіліць ёй маланку на джынсах.
Яна заплакала й збегла.
Толькі праз дзесяць гадоў я дазнаўся, што там былі гузікі.

Я тады ваяваў з медсястрой:
меў шчасце зайсці ў паліклініку.
Медсястра начамі залечвала мой зранены арганізм,
а потым сказала мне:
“Вы, мужыкі, казлы і цынік на цыніку!”
“Цынік на цыніку – геі”, – кажу.
А яна мне: “Вось ён, цынізм!”

Яе самотная мама ўпотай глядзела порна.
Параіла гнаць мяне ў шыю, бо невялікая страта!
Недзе праз год мама выйшла замуж паўторна.
Недзе праз два медсястра ўжо мела медбрата…

Аднойчы для дзвюх бландынак чытаў я новы верлібр:
бландынкі былі сапраўднымі,
верлібр – поўным фуфлом.
Потым абедзвюх схапіў за каленкі,
але, не зрабіўшы выбар,
так і заснуў між каленкамі – Бурыданавым, блін, аслом.

Адна брунетка прасіла на ноч ёй расказваць казкі.
Я выдумаў нешта сярэдняе між Вонэгутам і Сінам.
“Чакай, ты заўсёды ўжываеш слова “блін” замест звязкі?”
Так я дазнаўся, што сплю з філолагам прафесійным.

Раз заляцаўся да рыжай. Яна ламала камедыю.
Раптам спытала, ці ведаю я, чым ёсць клафелін.
Дарма я ў прыліве шчырасці прызнаўся ёй, што не ведаю,
бо вельмі хутка даведаўся, блін!

А потым была культурыстка, і гэта напраўду быў фініш.
Пазнаёміліся па абвестцы: “Шукаю сэкс-ідала!”
Раўнавала да ўсіх. Я пытаю: “Паб’еш ці адразу кінеш?”
Апошняе, што я запомніў: “Чакай, я яшчэ не кідала!”

Межы ночы і дня зрабіліся хісткімі.
Зранку трасуся, па горла сыты ваеннай рамантыкай,
п’ю валідол і чытаю малітву з тугою:
“ГОСПАДЗЕ, ДАЙ МНЕ ЛАГОДЫ
НЕ БЕГАЦЬ ЗА ДЫНАМІСТКАМІ,
МУЖНАСЦІ, КАБ НЕ ЗВЯЗВАЦЦА
З НІМФАМАНКАМІ,
І МУДРАСЦІ, КАБ ЗАЎСЁДЫ
АДРОЗНІВАЦЬ ПЕРШАЕ І ДРУГОЕ!”


* * *

ейныя пальцы пахнуць травой і лавандай
ў ейных вачах сланечнікаў поўнае поле
ў ейнай валізцы плешчацца кантрабандай
міжземнае мора французскага алкаголю

яе радзімкі свецяцца ў цемры як зоры
на ейныя вейкі зранку сядае туман
калі яна йдзе басанож па халодных плітах сабораў
у кожным саборы імгненна змаўкае арган

у валасах цыкады спяваюць без перапынку
калі яна проста на трасе заплюшчвае вочы
і ты крэмзаеш верш паўночы каб уразіць яе на хвілінку
а яна за хвілінку ўразіць цябе на паўночы


Аварыя

Раскажу пра сваю аварыю:
у аварыі вочы карыя.

Іх сваімі вачыма жэр я,
а яны раптам сталі шэрыя.

Я спяваў ёй такія арыі!
Вочы зноў зрабіліся карыя.

Я яе цалаваў пад клёнамі,
а яны ўжо былі зялёнымі.

Яна кажа: “Чакай! Не трэба!”
Вочы сінія, нібы неба.

На парозе яе кватэры
іхні колер зноўку быў шэры.

А калі сказала: “Пайшоў ты!” –
нечакана зрабіўся жоўты.

“Бо твае замашкі агідныя!” –
кажа мне. А вочы – блакітныя.

Потым шэрыя зноў, як сталь.
Я амаль што пайшоў. Амаль.

Тут магла быць мараль: заўтра рана я
ёй куплю акуляры люстраныя.

Хай ніколі на свеце, ніколі,
яе вочы не зменяць колер!

Пагляджу ў акуляры – аварыя:
мае шэрыя вочы – карыя!


* * *

Кардыяграма – як піла…
Максім Танк

Ці ёсць у пекле свой салярый,
каб смажыў з ног да галавы?..
І дыхаеш на акуляры,
бы правяраеш, ці жывы.

Бо можна загарэць да скону,
бо так пячэ, што выжыць – шыш,
хіба што ў возера з разгону,
якое сам сабе ўнушыш.

Дзе хлопчыкам наперагонкі
плывеш з Аленай ці Марусяй,
ірвеш лілеі, бы старонкі
з чырвонай кнігі Беларусі.

Ноч. Вуліца. Ліхтар. Аптэка.
ДК. Начная дыскатэка.
Прымроіш шмат чаго яшчэ,
бо сонца макаўку пячэ.

Паход з начоўкай. Меладрама.
Сякера. Вогнішча. Піла.
Яе зубцы – кардыяграма
той, што піліла – і сышла.

І, наўздагон скруціўшы дулю,
трываеш спёку да канца,
здымаеш мокрую кашулю
і ловіш сонца на жыўца.


* * *

У зліву без парасона –
быццам на пляжы без плавак.
Выходзіш з вады –
і ўсе глядзяць на цябе: прыкольна.
Цэлую лекцыю вершы дыктуеш амаль без правак,
і канспектуюць павальна, хоць разумеюць павольна.

У прыгажунь на шчаках
модны трохдзённы румянец,
з усімі пафліртаваць – не хопіць вуснаў і сквераў.
Найлепшая на зямлі сказала, што ён паганец,
а ён ёй: “Ты пра паганства?” І сам сабе не паверыў.

Замест проста зняць,
дыскутуем на тэму: майткоў ці майтак.
Суч. бел. чырвоная кніга водгукаў на падушцы.
Усе бэатрычэ ў жж казалі: не перажывай так,
а ён і не перажыў – павесіўся на фрэндстужцы.

А вершы плывуць па шыбах, і што ім тая паперка,
бо зліва з таго боку шкла дыктуе – усё нармальна.
Быццам Вергілій навыварат падказвае нам з люстэрка,
і разумеем павольна, і канспектуем павальна.


* * *

Лепш у руках суніцы, чым журавіны
на палескіх купінах між дрыгвы.
Зранку новы кастрычнік, як і павінны,
скосіць газонакасілкай іней з травы.

Партыя з бабіным летам скончыцца патам,
вецер заселіць усе буслянкі эРБэ,
восень да лесу павернецца лістападам
і лістападаўскім верадам – да цябе.

Водар ля інтэрнатаў, як справаздача
“двух буслоў”, што на даху палілі план.
Гэта сок журавін – лістапад не плача,
развітальны прэзент сунічных палян.

Свежыя нумары “Камсамольскай крыўды”
скручваеш касякамі – надзейны схоў
планам, якія ты на зіму рабіў, ды
паспяшаўся – і зноў насмяшыў багоў.


Арфей на Лесбасе

Кажуць, калі паэт Арфей памёр
і сышоў у царства ценяў,
яго галава засталася,
прарочыла і рабіла цуды
на выспе Лесбас.

І праўда, каму на Лесбасе
было патрэбнае
яго цела?


Культ

Купіў сабе фенечку
з выяваю Чэ Гевары.

З такімі кароткімі завязкамі,
што, завязаўшы,
без чужой дапамогі ўжо не здымеш,
а зняўшы –
без чужой дапамогі ўжо не завяжаш.

Цяпер шкада развязваць,
залазячы ў ванну ці беручы душ.
І, зразумела, стараешся
не намачыць правай рукі.

Так, быццам яе некалі
уласнаручна паціснуў
сам камандантэ.


Калумбійскі дывертысмент

1. Зайздрасць

“Божа, як танчаць калумбійцы!”

Крыху падумаў і дадаў:
“Я хацеў бы пісаць вершы так,
як танчаць калумбійцы!”
Яшчэ крыху падумаў і дадаў:
“І проста танчыць, як калумбійцы,
таксама хацеў бы!”

2. Правілы дарожнага руху

На скрыжаванні спыняецца матацыкл.
Кіруе дзяўчына ў шаломе.
Ашаламляльна прыгожая.

Ззаду хлопец без шалома.
Сядзіць і –
з рызыкай для жыцця –
не трымаецца за яе.

І ўсе калумбійцы навокал
стаяць і думаюць:
“А я б за такую трымаўся.
Нават з рызыкай для жыцця!”

3. Сімвал міру

У самым сэрцы Калумбіі,
на авеню El Colombiano
галубка сядае на дах,
а голуб – на галубку.

Тут магла быць мараль:
“Make love, not war!”

Але і без яе ўсё робіцца правільна!


* * *

я куплю ў букініста гадзіну парыжскага сну
сорак восем хвілінаў спякоты й дванаццаць залевы
каб накрыўшыся мапай, бы коўдрай, гадзінку адну
паварочацца з правага берагу Сены на левы

аблажу ўсе музеі, аблажу бульвары й сады
захаплю ўсе кнігарні, уброд перайду ўсе фантаны
трохі сонца ў бутэльцы халоднай парыжскай вады
ўставіць з першай цытаты й гатовы турыст апантаны

sous le pont Mirabeau буду качкам спяваць пра любоў
і паўпляшкі найлепшай гарэлкі пакіну клашару
круасанамі свежымі буду карміць галубоў
гэта сон, паўтараю, чаго ні прысніцца на шару

па жалезных прыступках Парыж пакідае зямлю
і знікае ў святочных агнях, нібы мерае вэлюм
я, спусціўшыся ўніз, сувенірную вежу куплю
старгаваўшыся з самым назойлівым афра-Эйфэлем

падміргну дзіваку пад вадой, што глядзіцца ў ваду
ўсіх ільвоў і хімераў без камеры сфатаграфую
і з такою дзяўчынай на могілкі ўвечар прыйду
што прачнецца Гензбур і для нас заспявае ўжывую

мажны вусень запаліць на цёплай магільнай пліце
разбрыдуцца дзяўчаты і мы застанемся сам-насам
пачастуе дабром, што ў Еўропе амаль не расце
й дым айчыны яго паплыве над усім Монпарнасам

я чытаў яго кнігі і зараз пазыку вярну
і вось гэтую рыфму пакіну яму на паперцы
я куплю ў букініста гадзіну парыжскага сну
а на болей не хопіць ні грошай, ні лёгкіх, ні сэрца