* * *
Сядзім у прыцемку, чакаем да відна
І пазіраем, як варона ў комін…
Ці ж праўда тое, што мы нацыя адна,
Або ўсё гэта толькі марны гоман?
Куды схаваўся той магутны дух,
Які перамагаў у жорсткіх сечах?
Навокал – толькі рэха аплявух,
Хлусня і зайздрасць, смутак і галеча…
* * *
Адна траціна беларусаў
Аб дабрабыце моцна дбае,
За модай сочыць, голіць вусы,
За светам млява назірае.
Адна траціна беларусаў
Ніколі ўладароў не лае
І абсалютна без прымусу
Ідзе служыць у паліцаі.
Не бог, не чорт і не героі,
А раўнадушная траціна –
Маўкліва, без якойсьці зброі –
Тут вызначае лёс краіны…
ПАШТОЎКІ З БЕЛАРУСІ
І.
Сябры, прывітанне з балотнага краю
на ўскрайку Еўропы,
Дзе столькі дзівосаў,
што часам міжволі збіваюся з тропу.
Тут прага да волі трымціць,
быццам кропля вады ў павуцінні,
А памяць застыла таемнай казюркай
у цёмным бурштыне.
Замест сувеніраў я вам дасылаю пялёсткі надзеі –
Адзінага скарба,
які ў нас не могуць адняць ліхадзеі.
ІІ.
Далёка адсюль да экватара,
Але вельмі блізка – да сэрца;
Знаходжуся быццам у кратары
Вулкана, які не прачнецца.
Смаловы настрой расплываецца
Над промнямі млявага сонца.
Тут край дэжавю, што здараецца
З табою і мною бясконца…
* * *
з ценю крывавай нядзелі
выпаўз яе жаніх –
чорны панядзелак
з прыгожым і элегантным букетам
мілыя мірныя людзі
жуючы гамбургеры і жуйкі
кожны дзень шпацыруюць
уздоўж скатабойні
маўчаць
і прадбачліва маюць у шафах
гатычныя строі
ДРОБНЫЯ АШУКАНЦЫ
Жанчыны старанна хаваюць узрост,
Мужчыны – да іншых кабет заляцанні,
Калгаснік – у сіласнай яме кампост,
Палітык – падман у сваіх абяцаннях.
Суседка хавае няветлівы твар,
Дзіцёнак – цукерку глыбока ў кішэні,
Гандляр – сапсаваны заўчора тавар,
Святоша – дагматаў царквы парушэнні.
Гляджу і дзіўлюся я з гэтых людзей:
Ніхто не жадае прызнаць, што ён – лузер,
Бо з дробных цаглінак тлумных надзей
Тут кожны будуе мадэль “all inclusive”.
Кухонны змагар ці прайдоха-цыган,
Усе вы прайгралі са старту, паверце, –
Ніколі не можа паддацца на зман
Драпежная птушка няўмольнае смерці.
СПЕЎ РАЗ’ЯТРАНАГА СЭРЦА
Мацнейшая за лёс,
За смерць і за каханне,
Над акіянам слёз
Аднойчы ты паўстанеш.
Рассеецца імгла,
Калі твой гімн зайграе.
І трэсне панцыр зла
Над занядбаным краем.
І стане раптам свет
Надзвычай каляровым,
А ўладара партрэт
Сатлее там, дзе й дровы.
Ты – невідочны мост
Між статкам і народам,
Ты – стрэл, што б’е наўпрост, –
С В А Б О Д А.
БАГНІСТЫ БЛЮЗ
Ці дзень, ці ноч – усё адно.
Гарбата, з цукрам журавіны…
Халодным подыхам радзімы
Павеяў студзень праз вакно.
Сусвет гуляе ў даміно,
І вечнасць мірсціцца магчымай,
Бо феі часу штохвілінна
Чаруюць над верацяном.
У тонкай пространі адхлання
Мільгаюць промні развітання.
Зырчэе вабны калідор
Тэлепартацыі пачуццяў.
Ён кліча ў невараць, да зор,
Сысці і болей не вярнуцца.
ЗАЧАРАВАНАЕ КОЛА
Краіна маці-адзіночак
І нехлямяжых мужыкоў.
Адсюль хацела б збегчы ў прочкі
Да маляўнічых астравоў.
Ды як пазбегнуць думак-катаў?
Як уцячы ад стромкіх сноў?
Няспынны вір – прыезд дахаты
І …з’ехаць хочацца наноў.
НОВАЯ ІДЭАЛОГІЯ
На чорта нам тыя парыжы?
Навошта капуста з Бруселю?
Усе мусім стаць мы на лыжы
І бырла хлябаць на вяселлях.
Нам пофіг, што людзі ў нядолі,
І гінуць зубры ў Белавежы.
Хто смее тут трызніць аб волі?
Хіба што агенты замежжа.
Не хочам ні з кім ваяваці,
Хоць ворагаў маем задужа.
Патрэбны парадак у хаце!
Таму – не высоўвайся, дружа…
БІЯГРАММА
Маё грамадзянства – Вялікае Княства,
Мой родны абшар – ад Варшавы да Мінска.
Між Вільняй і Кіевам – продкаў калыска;
Мой род паяднаў і сялянства, і панства.
У спадчыну маю – з крыніцы славянства –
Зямлю, лес і хмары, што сцелюцца нізка,
Свавольнасць і ўпарты характар літвінскі:
У думках – свабода, у сэрцы – паганства.
ПЛОШЧА. P.S.
На цьмянай дарозе стаіць павадыр,
З юрлівай усмешкай, у лыжы абуты, –
Не хоча са сцэны сыходзіць сатыр;
Брахня, гвалт і здрада – яго атрыбуты.
А побач масоўка капытамі б’е,
Харчуецца з ражкі, ківае, як нэцке.
Краіну за трыццаць рублёў прадае
І рукі крывёй не баіцца запэцкаць.
Параліч мыслення, слабы супраціў
І звон ледзяны над разгубленай Плошчай…
Без крылаў імкліва ў прадонне ляцім,
А рэшткі эліты знікаюць у прошчы.
Маўчанне. І ўсё паўтараецца зноў:
Хакей, пасяджэнні, канцэрты, парады…
На саване снежным мне мроіцца кроў –
Нязмыўны аўтограф злачыннай улады.
* * *
Час, застылы, як воск,
боль, заціснуты ўнутр,
і бяздарнай арды зіхаціць перламутр.
Закрухмалены мозг,
паўсядзённы адчай,
замест мантры пытанне адно: “Дзе мой край?..”