12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Законьнікаў

_____________________
Перад сьвятлом тваіх вачэй.
Вершы

Мост

Вузее сьцежка палявая,
Якая ў белы сьвет вяла.
Душой загнанай адчуваю,
Што ў ім паменела сьвятла.

Вугольчык волі выпаў з прыску,
Крыху патлеў, а потым згас.
І зноў стаіць з дзіравай міскай
Пад чарпаком надзеі
Час.

Час вечны, і таму цярплівы,
Яму што жніва, што няўрод.
А нашых дзён плытчэе мліва,
Бо жорны прыпыняюць ход.

Што застаецца?
Сьціснуць зубы,
Устаць бяз страху
На ўвесь рост.
Да праўды праз прадоньне згубы
Мы – хісткі, ды адзіны мост.


Народапарк

Ёсьць праект:
Каб зьняць даўгоў цяжар
І з бюджэтам вечную запарку,
Трэба беларускі наш абшар
Сьпешна аб’явіць народапаркам.

Грошы будуць несьці хадакі,
Бо заўжды цікаўнасьць не скупая,
Каб убачыць той народ,
Які
Сам сабе дарогу заступае.


На бітай дарозе

Выслоўе пакінулі мудрыя продкі:
«На бітай дарозе трава не расьце...»
Гісторыі чаша стаіць, як на сподку,
Адпі і даверся яго праваце.

Тапталі наш край
Капыты і абцасы,
Паўзла сьмерць на траках і шынах
Сюды.
Людская атава ўзьнімалася з часам,
Але, як заўсёды, пад знакам бяды.

Пасьля вынішчэньня,
Пасьля катаваньняў,
А лютасьць зазнаў ад чужых і сваіх,
Схаваўся народ у нару выжываньня,
Як пушча прад бурай,
Стаіўся, прыціх.
Ды гвалт дастае,
Ён людзей валіць долу,
Зьняверанасьць ные ў крыві і касьцях.
А ў нас лекаваньне адно – валідолам,
Аднак валідолам ня вылечыш страх.

Няўжо я скажу і растайнай вярсьце:
«На бітай дарозе трава не расьце...»?


«Елачкі шкада...»

Шабашнікі хвалілі печ бяз меры,
І гаспадар аж млеў ад іхніх слоў.
Пусьцілі дым, спаліўшы жмут паперы,
Ідзе праз комін – ну і з плеч далоў!

А раніцой, калі прынесьлі дровы,
Сям’я сьлязу пускала па чарзе.
Што ні рабі, а ў хату з печы новай
Калматаю пачварай дым паўзе.

«Як рады даць? Вось горачка якое...», —
Патыліцу зачухаў гаспадар,
І ўспомніў, што ў мястэчку за ракою
Жыве бывалы, слынны камінар...

Агледзеў майстра печ, махнуў рукою:
«Бракуе цягі... Не маё якраз...»
Ды моліць гаспадар: «Праверце комін.
Мо нейкі паўцагелак там захрас?»

Дзед хмыкнуў і пайшоў.
У сонным лесе
Сьсек елачку,
даўгой вяроўкай сьцяў,
А потым гіру важкую падвесіў,
З рыштункам гэтым да канька дапяў.

Бурчэў пад нос: «Ня комін вінаваты...
Ах так іх маць...
Прабач, Гасподзь... Грашу...»
Але па звычцы шараваў заўзята,
Нібыта адчышчаў сваю душу.

Натрудзіў камінар старыя косьці,
Зьлез з даху,
Зіркнуў на куродым дроў.
Гаспадару ён выгукнуў са злосьцю:
«Дзе адкапаў ты пэцкаляў-майстроў?»

У сенцах, хапануўшы кварту брагі,
Пад ногі сплюнуў дзед, сказаў: «Бяда!
Мне не цябе шкада, ня печ бяз цягі,
А елачкі загубленай шкада...»


Кошка, якая гуляе сама па сабе

арт)

Мілых істотаў нямала блукае па сьвеце,
Многія носяць задзірыста зорку ў ілбе.
Толькі заўсёды яна на асобнай прыкмеце –
Кошка, якая гуляе сама па сабе.

Сьвецяцца вабнай іскрынкаю сьмелыя вочы,
Вось ужо кіпцік па нечым спакоі шкрабе...
Доля цяжкая ў таго, хто прылашчыць захоча
Кошку, якая гуляе сама па сабе.

Што будзе заўтра?
А гэта і ёй не вядома.
Не давяраецца воля пустой варажбе.
Ды безумоўна адно – не валодаць нікому
Кошкай, якая гуляе сама па сабе.

Зірк мімаходзь...
А жыцьцё падстаўляе падножку,
Каб упусьціў ты хатуль, што нясеш на гарбе...
Хто і загубіць цябе, дык адзіная кошка,
Кошка, якая гуляе сама па сабе.


Ратаваньне

Франьцішку
Долю,
Як надзел зьдзічэлай пожні,
Наразаў цярпліва
Круг за кругам.
Нібы конь у баразьне апошняй,
Так прыстаў,
Што не паможа пуга.

Ды прыйшло з нябёсаў ратаваньне,
І жыцьцё здаецца не прынукай...
Сустракаць усьмешкаю сьвітаньне
Я вучуся нанава
З унукам.


* * *

Вісіць над душою жалобы залева.
Як міннае поле – будзённыя дні,
Дзе выбухі сэрцаў
То справа,
То зьлева,
Дзе болей ня будзе
Былой цішыні.

Палохае кожны званок тэлефонны,
Бо можа бязьлітасна ўдарыць пад дых.
Для сьмерці няма забароненай зоны,
Яна даганяе заўсёды і ўсіх.

Лёс,
Будзь міласьцівым да тых,
Хто за намі,
Адпрэч,
Адвядзі ад нашчадкаў бяду...
А сам я пакуль што з жывымі сябрамі
Па полі,
Па мінным,
Адчайна іду.


* * *

Жыцьцё маё – і фарс, і драма,
Цяпер зусім пайшло на злом.
А я дасюль лячуся,
Мама,
Тваіх вачэй сьвятым сьвятлом.
Няважна:
Ці пясок,
Ці гліна
Глыне мяне ў сваю пару,
Але твой позірк не пакіну,
З сабой у вечнасьць забяру...

А сьмерць ня сьпіць,
Рукой няўтомнай
Касьсё намацвае ямчэй,
Ды мне нястрашна і няцёмна
Перад сьвятлом тваіх вачэй.


* * *

Стаю на прадзьмутай вятрамі платформе.
Яна не прыехала...
Хочацца выць...
Шукае ўвесь сьвет мадэрновыя формы,
А сэрца і сёньня
Класічна баліць.


Нашыя лекары

Верце ім ці ня верце,
Бойцеся іх,
Ды ўсё
Лечаць,
Ратуюць ад сьмерці:
Слова,
Зёлкі
І нож.


Яшчэ не прытаміліся паэты

Дыханьнем хвілі радаснай сагрэты,
Лёг на цалік паперы
Першы сьлед.
Яшчэ не прытаміліся паэты
Метафарай дзівіць сьсівелы сьвет.

У строфы слова льецца ератычна,
Яно пульсуе, як жывая кроў.
Назоўнік выступае нестатычным,
Бярэ разгон мяцежны дзеяслоў.

«Куды,
Каму
І, перш за ўсё, навошта?» –
Пытае прагматычны новы час.
Але паэты рассылаюць пошту,
Хоць і няма спадзеву на адказ.

Забойчая сардэчная руплівасьць,
Шаленства набягаючых радкоў...
З іх вечнасьць пасьміхаецца маўкліва,
Ды ўсё-ткі любіць гэтых дзівакоў.