12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Законьнікаў

_____________________
На высокай абрывістай ноце.
Вершы

Пытаньні

Айчына... Праз вякі – дарога...
У сплаве глебы і людзей
Я адшукаў ня надта многа
Цьвярдога грунту для надзей.

Мой край,
Мой рай – прыгожы, ціхі –
Расхістваюць ва ўсе бакі
Выказьнікі славянскай пыхі:
Гарэлка,
Мат
І кулакі.

Няўжо балоты вінаваты,
З якімі міру не было,
Што твань пералілася ў хаты
І ў душы, каб згасіць сьвятло?

Але ж ёсьць волі вечнай поле,
Да працы невыводны гарт.
Чаму тады заўсёды доля
Хаваецца то ў фарс, то ў жарт?

Што тут – характару няпэўнасьць
Ці страх, якога не збылі?
Чаму парушылася крэўнасьць
Народу,
Мовы
І зямлі?

Айчына, ты сама – пытаньне,
Што болем кружыць галаву...
Ня ведаю – якою станеш?
Але ты ёсьць,
І тым жыву.


* * *

Беларусь драўляная,
Беларусь каменная
Абыходзяць бокам
Вечны шлях дабра,
З панталыку зьбітыя
Пустадомства зьменамі,
Мову – свой ратунак –
Гоняць прэч з двара.

Беларусь драўляная,
Беларусь каменная
Думаюць, што здрадай
Купяць нейкі рай.
Ім ня чутны словы
Горкія, сумленныя:
«Стаў народ над прорвай
І глядзіць за край».

Беларусь драўляная,
Беларусь каменная
Ведаць не жадаюць:
Хто яны, адкуль?
А нашчадкам спаліць
Сэрцы памяць генная,
Прыйдзецца развязваць
Роднасьці хатуль.

Мова незаменная,
У вяках нятленная,
Не зважай на зьдзекі,
Мкні сьвятую плынь.
Беларусь драўляную,
Беларусь каменную
Выбач ці ня выбач,
Толькі не пакінь...


З крутога берагу

Зямля, што калыхала сны,
На яве заплывае ў вочы.
З крутога берагу Дзьвіны
Гляджу я на абсяг сірочы.

Нібыта толькі што вайна
Круціла тут зьнішчэньня жорны:
Дыміць тарфянік, як віна,
Ад груганоў у небе чорна.

Клыкі быкоў ашчэрыў мост –
Ён мёртвы,
І на колах тоны
Дагэтуль тораць шлях наўпрост
Па долях хісткага пантону.

Водаахоўнай паласы
Фашысты нават не кранулі,
А зараз гонкія лясы
Свае акулы праглынулі.

Агромісты, скразны прагал
Адкрыў і высьвеціў тым самым
Дурноты кіраўнічай шал,
Пустых, гаротных вёсак драму.

Там, дзе стаяў,
Як сьвечка,
Храм,
Дзе сьвіньні месьціліся потым,
З кустоўя шэры блочны хлам
Тырчыць,
Навейвае маркоту.

Шыкоўны кожны церамок,
Што ў панскі парк
Прыйшоў ня госьцем,
Не весяліць раскошай зрок.
Яны – як пліты на пагосьце.

Жарствою думкі зашуршаць,
Пасыплюцца ў адным кірунку.
Калі скалечана душа,
Жыцьцю ня будзе паратунку.

Канца і краю не відаць
Хістаньням,
Зьменам недарэчным...
І толькі мудрая вада
Цячэ спакойна,
Вольна,
Вечна.


* * *

Зноў клін жураўліны прастуе праз долю,
Ды я ўспамінаю – настрою няўлад –
Пра птушку, якую пусьцілі на волю,
А тая вярнулася ў клетку, назад.

“Няўжо і з людзьмі вечна будзе такое?” –
трапечацца думка
і сэрца дзяўбе
у клетках
Сусьвету,
планеты,
пакоя,
у клетцы найпершай – самога сябе.


* * *

Вользе Іпатавай
У сьвеце, дзе спакой бясконца засьцяць
То бой крывавы,
То парадаў медзь,
Шукае кожны свой акраец шчасьця,
А ў чым яно – няпроста зразумець.

Ды не стаміўся ціхі голас Бога,
Які гучыць нязьменна з веку ў век:
«Адну любоў, што стане абярогам,
Пакінь жыцьцю,
Сьмяротны чалавек...»

І сапраўды –
Не для таго сустрэцца
Нам выпаў шанц, каб крута павяло
Да згубнасьці няўстойлівую стрэлку
На вагах,
Дзе ляжаць дабро і зло.

Як можна долі непаўторнай здрадзіць,
Яе давер варожасьцю спаліць,
Калі яна дала такую радасьць –
Любіць кагосьці і любімым быць?

Душа мая любові мову ловіць,
Каб цешыцца,
Запісваць,
Паўтараць.
Я толькі ў ёй знайсьці спрабую словы,
Пасьля якіх нястрашна паміраць.


Паэт і кампутар

Гадам паглядаючы ўсьлед,
Сваю трагічную сцэнку
Падкінуў неяк паэт
Кампутару для ацэнкі:

«За ноччу ранак ідзе,
Ды вось тут якая штука:
Мой новы чарговы дзень –
Відаць, з сабою разлука?..»

Яго ня зьдзівіш нічым,
Кампутар рабіць ахвочы.
Працягласьць веку мужчын
Раскінуў на дні і ночы.
Жыцьцёвы калейдаскоп
Правёў праз іншыя прызмы...
І ўрэшце ён зморшчыў лоб –
Не разумее трагізму.


* * *

Рухнуў час.
Заблыталіся стрэлкі,
Аблупіўся вечны цыферблат...
І жыцьцё паднесла на пахмелку
Поўны кубак горкіх, страшных страт.

Адчуваю, што жывы нібыта:
Дыхаю,
Хаджу,
Гляджу,
Пішу...
Толькі час,
Як храм ад дынаміту,
Рухнуў...
Пыл садзіцца на душу.

Потым

Калі вясновы цёплы лівень
Люляў зялёную лістоту,
Тады,
Наіўны і маўклівы,
Ты думаў:
«Шчасьце прыйдзе потым...»

У кветках,
У пчаліным гудзе,
Каханьня ўсьмешкаю сагрэты,
Праз нерашучасьць прамарудзіў
Да кроплі выпіць ласку лета.

І нават з белай галавою,
З рубцамі немалой адвагі,
Ад восені ты не засвоіў
Урок душэўнай раўнавагі.

А зараз у марознай цішы
Стаіш зьнямела і асьлепла,
Нібыта ў сьвет
Яшчэ раз выйшаў
Пасьля жыцьця,
Дзе рай і пекла.

Тут не шуміць трава густая,
Маўчаць скалелыя сумёты.
Завея долю замятае,
Ёй невядома слова: «Потым...»

* * *
Старэе ўсё ў жыцьці імклівым
І непазьбежна адыходзіць...
Мяняюцца ландшафт і клімат,
Віруюць перамены ў модзе.

Дапытлівасьць рашучым чынам
Шлях у нязьведанае торыць.
Хто ўспомніць дымную лучыну,
Калі сядзіць прад маніторам?

Даўно ўжо гонка пачалася,
Каб паскарацца год ад году.
І мы гучым у новым часе
Гудком забытым параходу.

Ды прабіваецца праз вусьціш
Жывое пачуцьцё бяз стомы.
З дрыготкіх, неспатольных вуснаў
Зноў вечнасьць чуе шэпт знаёмы.

«Кахаю...» — як вянок надзеі,
«Кахаю...» – як быцьця аснова.
Ня старыцца, а маладзее
Адно –
Для ўсіх сьвятое –
Слова.


Галінка

Ты адхінула росную галінку,
Адкрыла мне чаромхавыя нетры.
І я да цішы белай прытуліўся
І захлынуўся маладым паветрам.

Пасьля вяртала памяць неаднойчы
Імгненьне, дзе адчайна выплывалі
З пялёсткавай завеі толькі вочы,
Шчасьлівыя, без парушынкі жалю.
Мой дзень,
Як колас, долу пахіліўся
У полі апусьцелым, безгалосым...
А тая – з-пад рукі тваёй – галінка
калышацца, гайдаецца над лёсам.


* * *

Пабольшаў дзень на вераб’іны крок...
А вось і ён валтузіцца над бэзам:
То «чык-чырык»,
То раптам скок-паскок –
Вясну вітае радасны гарэза.

Папіў вады з праталін і замёр,
Цікуе круглым хітраватым вокам.
Яму няўцям, што ёсьць людскі дакор,
Што клічуць недарэчным абібокам.

А той, хто аўтар велічнай гульні,
Да жэўжыка прэтэньзіі ня мае
І лічыць роўным між усёй радні,
Якая на быцьцё іспыт трымае.

Адчуў сваім няўтомніка і я,
Каўтаю побач пасьвяжэлы вецер.
Мне даспадобы стойкасьць вераб’я,
Яго прысутнасьць у няпростым сьвеце.


“Давай палятаем!”

Прыладзіў яе ні высока, ні нізка
Мой дзед у вайною нязьнішчаным садзе.
На промнях нябесных павісла калыска,
На крэўнай любові, якая ня здрадзіць.

Вяртаюцца сном даўняй явы хвіліны,
Дзе квецень густая пад сонцам зіхцела,
Дзе гладзіў я кволай далонькай сівіны,
Імкнуўся ў нязнасьць даверліва, сьмела.
А дзед барадою казыча мне шчокі,
У вочы глядзіць – дзень наступны вітае,
Калыску разгойдвае шчодрай пяшчотай:
«Ну што, мой саколік, давай палятаем!»

І я паляцеў пуцявінаю долі,
Дзе радасьць і гора зацята мяжуюць.
Цяпер на яе з вышыні неспатолі
Гляджу са зьдзіўленьнем, нібы на чужую.

Душа, закранутая рухам касьмічным,
Адчайна трымціць, як у першым палёце.
Жыцьцё, што здавалася вечным
і звычным,
Гучыць на высокай, абрывістай ноце.

Яно ломіць крылы, як вольная птушка,
І толькі любоў мне адвагу вяртае...
Унука Франьцішка я ўзьняў,
каб пагушкаць:
“Ну што, мой саколік? Давай палятаем!”


Шматкроп’е

Ніхто не прымушаў,
Я выбраў сам
Жыцьцё з тэмператураю кіпеньня.
Паэзія – адкрыты, вольны храм,
Ды тут маліцца нельга без натхненьня.

Для рамяства бязьлітасна жывеш,
Гадуючы душэўны ўзмах па кроплі.
І вось, здаецца, нарадзіўся верш,
Але за ім – бясконцае шматкроп’е...