12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Законьнікаў

_____________________
Споведзь збалелай душы.
Вершы

Адыходзіць эпоха

Адыходзіць эпоха...
Дзьвярыма ня бразьне...
Уцякае ад ганьбы,
Ды, маючы нюх,
Зноў на сцэну вылазяць тыраны і блазны,
Ставяць той жа сьпектакль.
Паўтараецца круг.

Зноў гульня,
А жыцьцё адпіхнута на потым,
Зноў салюты грымяць і растуць міражы.
Як тады,
Несуцешна рыдаюць сіроты,
Як тады,
Праўда б’ецца на змрочным крыжы...

О, эпоха!
А з грэцкае мовы — прыпынак.
Вось і я супыняюся ў скрусе нямой,
Углядаюся ў люд,
У сагнутыя сьпіны...
Гэты сьвет, быццам звыклы,
Але ўжо ня мой.

Нехта пальцам сьлінявым
Пасьпешліва лісьціць
Каляндар,
І лісткі безнадзейна трымцяць.
Я, відаць, сапраўды старамодны і лішні,
Ды куды мне падзець
Свой акрайчык жыцьця?

Не ўратуе і тое, што лечыць заўсёды:
Бор грыбны,
Луг
І хваляў азёрных прыбой...
Адыходзіць эпоха...
Нахабна, бяз згоды
Нас — жывых — валачэ,
Забірае з сабой.


Ратавальны боль

Жалезныя песьні над намі грукочуць,
Фанерныя песьні хістаюць зямлю,
І некуды зносяць даўно дні і ночы
Усё, што я ў долі айчыннай люблю.

Маркотны настрой нарадзіла ня старасьць,
Яе, як і сьмерці, ніхто не міне,
А тое гняце, што зьняверанасьць стала
Прапіску займела ў маёй старане.

Быцьцё — тыя ж песьні:
Ні ладу, ні складу,
Нічога свайго, як ты вокам ні кінь.
Зьмяніліся душы пад націскам звады,
Асушана мовы гаючая плынь.
Спагаду, мілосьць, быццам ссохлае лісьце,
Панесьлі вятры — паспрабуй дагані.
І нельга цяпер, як вялося калісьці,
Пагрэцца радні ля кастроў дабрыні.

Шукае людзей марна роднасьці пошта,
Іх зло, нібы пыл, разьмяло па кутках.
Таму мне агідны да кроплі апошняй
Разбэшчаны гвалт і прадажніцкі страх.

Ня лечаць сумленьне агульныя словы,
Якімі лацно павучаць, дакараць.
Праз боль чалавек прыйдзе сам да высновы —
Ня так трэба жыць і ня так паміраць.

Айчыны абсяг какафонія крэсьліць,
У грукаце зманна і лёгка грашыць...
Але не заглушаць жалезныя песьні
Шчымлівую споведзь збалелай душы.


Скляпеньне віны

У тым, што страхам край заліты,
Ёсьць частка і маёй віны.
Прыходзяць вершы, як малітвы,
Але бяссільныя яны.

Радок балючы кроў усьпеніць,
Ён здольны верыць і любіць...
І ўсё ж вісіць віны скляпеньне,
Якое словам не прабіць.


Шлях

А ты ідзеш…
Шлях раскаціўся сьмела,
Сплываюць дзён завершаных слупы,
Хоць белы сьвет цяпер
Душой збалелай
Абмацваеш і лашчыш,
Як сьляпы.
Вакол цябе бушуюць катастрофы,
Час рве даўно цярплівасьць на шмацьцё,
А ты ідзеш і коціш на Галгофу
Свой камень – непадымнае жыцьцё.

На даляглядзе чорны крыж заўважыў,
Але ня сьцішыў крок:
«Сьмерць – не турма…»
І сутнасьць руху – не ў тваёй адвазе,
А ў тым, што шляху іншага няма.


Паром

С.С. Шушкевічу
Дзень з крывіцкае крэўнасьці
Крута ўстае,
Як дарунак,
Што час не паўторыць ніколі...
Беларусь,
Я гляджу моўчкі ў вочы твае,
Каб па іх зьверыць праўду
Няўтоленай долі.

Берагі ў долі цьвёрдыя:
Слова і ты.
Я — паміж,
Як паром,
Што ня мае спачыну.
Кожны рэйс мой
Па плыні жыцьця
Не пусты,
Бо для радасьці ўсюды
Шукаю прычыну.

Мне ня страшна
Душу выпрабоўваць на знос,
Да сьвятых берагоў
Быць любоўю прыкутым:
І надзея
Яшчэ не адпрэчыла трос,
Ды мацней лямку цягнуць
Трывога і смутак.

Мне балюча за тых,
Хто цябе не адкрыў,
Хто да мовы,
Да спадчыны
Сьпеліць варожасьць,
Хто з карэньнем сваім
Недарэчны разрыў
Ні марскім,
Ні звычайным вузлом
Сьцяць ня можа...

У паром
Вечнасьць хваляй
Настойліва б’е
І сьцьвярджае,
Што ўсё ў гэтым сьвеце
Адносна...
Пазіраю,
Айчына,
У вочы твае,
Як глядзяць у спакойнае возера
Сосны.


Зьнянацку

Зьнянацку роднасьці сьвятло
Пакліча да бяроз вушацкіх...
Само жыцьцё маё ўзыйшло
Над попелам вайны зьнянацку.

Зьнянацку маладым радком
Зьяднаўся з песьняй шматгалосай.
Зьнянацку, як зімовы гром,
Каханьне ўпала з-пад нябёсаў.

Зьнянацку страх, які сьцінаў,
Сышоў упрочкі чорным дымам.
Зьнянацку зьнікла зла сьцяна,
І стала многае магчымым.

Зьнянацку дні надзей прыйшлі,
Ня кажучы, што будзе потым.
Зьнянацку долю падвялі
Падманлівыя павароты.

Зьнянацку ўскочыў новы гвалт,
Нібы драпежны зьвер,
На плечы.
Зьнянацку цемрашальства вал
Мае памкненьні пакалечыў.

Зьнянацку ўдарыла бяда,
Якая б’е спрадвеку першай.
Зьнянацку ўсё ў архіў я здаў,
Сабе пакінуў толькі вершы.

Зьнянацку тэмы адшукаў,
Каб непадступнага кранацца...
І сьмерць дагоніць без званка,
Так, як заведзена, —
Зьнянацку.


Рэзалюцыя

Час уладарнай глухаты
З далёкай даўніны пачаўся.
Людскія скаргі і лісты
Ня любіць мудрае начальства.

Хто вывернуў душу да дна,
Хто піша надта асьцярожна,
А рэзалюцыя адна:
“Не представляется возможным”.

Яна, нібы апошні цьвік,
Забіты ў века дамавіны.
Чыркне пяро — і клопат зьнік,
Пад абыякавасьцю згінуў.

Расьце нямы, глухі пагост
Трывог,
Надзей
І думак сьвежых,
Пакуль само жыцьцё наўпрост
Ад рэзалюцыі залежыць.

Сказ паўстае, нібы сьцяна:
“Не представляется возможным”.
Вось і гадай: чыя віна
У тым, што ў долі
Пах астрожны?

Ахвяры і каты

Калі палыхалі хатынскія хаты,
То ясна было: хто ахвяры, хто каты.

Але час праходзіць... У новай аблудзе,

Нібы ў цёмнай пушчы, губляюцца людзі.

Хатынь б’е ў званы, ды маўчаць Курапаты...

І зноў пасьміхаецца ідал вусаты.

Хоць катаў між нас і ня надта ўжо многа,

Чаму ж сэрца трушчыць нямая трывога?

Чаму не цішэюць балючыя ўдары?

Трывожаць ня каты, а болей — ахвяры.

Гвалт хіжы клыкастую пашчу ашчэрыў,
Нам, як у вайну, трэба ўзьняцца яшчэ раз.

Але, пазіраючы ў страху на хмары,

Сабе сталі катамі самі ахвяры.

Жыцьцё замыкаецца ў коле заклятым:

Ахвяры і каты... Ахвяры і каты...


Нямы дзень

Беларускі лёс разгорнецца
Так,
Як сьцелюцца ільны...
Перахопіць раптам горла мне
Камяком цяжкой віны.

Я гляджу з пагорку роднасьці

На абсяг сьвятой зямлі:

Дзе народ з высокай годнасьцю?

Дзе той храм, куды ішлі?

Будзяць кайданы іржавыя

Мужных продкаў вечны сон,

Хоць і ўвенчаны дзяржаваю

Іхняга змаганьня плён.

Люд ад страху ў норы туліцца,

Выжываньне — на мяжы.

Засьцяць гарадскія вуліцы

То муньдзіры,

То бамжы.

Белы конь крутой падковаю
Садануў па мужыку.
Курчыцца жыцьцё вясковае
У запойным тупіку.

Моладзь незваротным выраем
Адлятае ў край чужы.
Там чарговы геній вырасьце,
Тут — самотныя крыжы.

Рэчаіснасьць
Пелькай стала нам,
Сьціснула,
Нібы турма.
Цені ёсьць нікчэмных сталінаў,
Каліноўскага няма...

Шлях свой вольны,
З песьняй тораны,
Зьнебылі, праспалі мы...
Горда,
Голасна ў гісторыі,
А цяпер наш дзень — нямы.


* * *

Вядуць жыцьцё тунелем вузкім
Туды, дзе пахне тлом і гарам,
Уладары замкнутых вуснаў,
Прыватызатары трупярань.

Яны людзей,
Нямых,
Асьлеплых,
Зьбіваюць з тропу розным чынам,
Каб на зямлі наладзіць пекла,
З якога выйсьці немагчыма.

Яны ўсяго і ўсіх баяцца,
Аднак палохае найболей
Душы незацуглянай праца,
Імкненьне вечнае да волі.

Яны штодзённа змрочным вокам
Засовы,
Краты аглядаюць,
Ды ім няўцям — з якога боку
Ударыць сіла маладая.

Жыцьцё зьмятае страху вусьціш,
Бо не жадае стаць ахвярай
Уладароў замкнутых вуснаў,
Прыватызатараў трупярань.


Пысін

Нельга прыручыць навек натхненьне,
А яму спрыяў ласкава Бог.
Нават неўтаймоўнае імгненьне
Ён спыніць сваёй уладай мог.

Удалечыні ад звад сталіцы,
Ад пустой багемнай мітусьні
Намывала сэрца, як крыніца,
Залацінкі вечнай дабрыні.

Мудры маг у пінжачку куртатым
Высьпеліў загадку не адну.
Слова разам з ім спраўляла сьвята,
Набывала сілу і цану.

Час ляціць... Паэты не зьвяліся,
Каб ступіць да славы на кілім...
А перыферыйны геній Пысін
Будзе незаступлены нікім.


* * *

Ціхі дождж,
Як старанны суфлёр,
Шэпча мне
Нечаканыя родныя сказы,
Дадае:
«Занатуй, бо натхненьне міне,
Трэба слова стрыножыць адразу...»

Чуйна слухаю шэпт,

Што па сэрцы шкрабе,

Льецца мова,

Жывая, густая...

«Дзякуй,

Мілы памочнік,

За неруш табе.

Толькі хто гэта ўсё прачытае?

Не мяне аднаго

Прыніжае адчай,

Ён сьціскае і долы, і высі.

Не лянуйся,

Прайдзі Беларусь

З краю ў край,

Як гамоніць яна падзівіся...»

Дождж сышоў.

Ён пакінуў да тайны ключы

І вясёлку — на ўдачу падкову.

Чысты аркуш ляжыць.

А на вуснах гарчыць

Незапісаным

Вечнае слова.