12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Законнікаў

_____________________
Басанож па зорах. Вершы


Шалёная сцюжа

Генадзю Бураўкіну

Не трэба расказваць мне казкі
Пра сонца, што скорыць імжу.
Я лепш іх з пяшчотай і ласкай
Унукам сваім раскажу.

Нашчадкам спатрэбіцца болей
Надзеі трывалы запас.
А вечнасць пранізлівым болем
Даўно працякае праз нас.

Хто любіць – на многае згодны…
Гляджу на жыццё, як здаля.
Нясецца праз космас халодны
Сагрэтая намі Зямля.

Яна, як пупышка вясною,
Якую палоніць лядок,
Ды выйдзе святой навіною
На волю зялёны лісток…

На сіверы, мудры мой дружа,
Давай жа трымацца шчыльней…
Сціскае шалёная сцюжа,
А будзе яшчэ халадней.


Верасень

Нілу Гілевічу

Не таму,
Што народжаны ў верасні,
Я прыходжу ў задумлівы бор,
Дзе ў душу разам з цішаю вернецца
Парыванняў юнацкіх дакор.

Не таму,
Што народжаны ў верасні,
Я блукаю па пыльных палях,
Дзе жніво неўміручае вершыцца,
Каб зярнятам даць радасны шлях.

Не таму,
Што народжаны ў верасні,
Я шчымліва яго люблю…
Проста ў ім вольна пішацца,
Верыцца,
Што прыйшоў нездарма на зямлю.


Скрыпка

“Скрыпка грае – слёз не мае…”
Народнае выслоўе

Скрыпач, не плач,
Хоць, як на труны,
Глядзіць у заўтра мілы край.
У сэрцы рвуцца, рвуцца струны,
А ты – не плач…
А ты – іграй!

Хай верыцца – яшчэ не вечар,
Хоць “Дзякуй!” некаму сказаць.
Мелодыя сцякае ў вечнасць,
Нібыта па шчацэ сляза.

У родным –
Да крывінкі! –
Краі,
Дзе пекла выціснула рай,
Як на скананне скрыпка грае…
І ты слязы не выцірай.


Басанож па зорах

Пад ветрам грывай калыхнуцца травы –
Даўно маленства сцежкі зараслі…
Дзе ты скакаў па радаснай зямлі,
Дзе волю меў, – нікому не цікава.

Свой сум прад непазбежнасцю агорай
І браму за сабою прычыні…
Забудзь, што быў калісьці на кані,
Ступай паціху басанож па зорах.


Маўклівая рэвалюцыя

Маўклівая рэвалюцыя
Не хоча боек, крыві…
Дабро, што ў сэрцы заключана,
Шануй, прыстойна жыві.

Шлях мірны шчасліва знойдзены,
Каб знішчыць дарэшты зло,
Каб пустадомкаў і боўдзілаў
Між люду меней было.

Народ, да праўды далучаны,
Змяце пачвараў з трыбун…
Маўклівая рэвалюцыя
Мацней, чым крывавы бунт.


Пачуцці

Смешна мне на самым ускрайку жыцця
Назіраць, як з нічога раздзьмулі пухір,
А цяпер не ведаюць, як яго сцяць,
Каб з ім разам не лопнуў дубінкавы мір.

Горка мне гартаць незалежнасці дні,
Бо жывой Беларусі пакуль не відно,
А грамадства пад звон нахабнай хлусні
Можа каменем булькнуць на самае дно.

Крыўдна мне, што без роднага слова жывем,
Каб давіцца трасянкай, папсою з дзярма.
А тутэйшым дагэтуль не ў галаве,
Што без мовы наогул народа няма.

Сумна мне, што адолеў столькі дарог,
Што нібыта ў людзей не застаўся ў даўгу,
Ды свабодзе пасобіць, як след, не змог…
А тым болей адтуль, як жа я памагу?


Край зняверцаў

У краі зацятых зняверцаў
Стаілася рабская ціш…
Тут нават сваёю смерцю
Свабоду не пракрычыш.


На выдых

Са светлай згадкай
пра Алеся Пісьмянкова

НЗ мне лёс на рукі выдаў
Ашчадна са шчадрот сваіх.
Жыццё працуе ўжо на выдых,
Хоць некалі было – на ўдых.

А там, дзе я пра шчасце марыў,
Піў з сябрам смех на брудэршафт,
Паўсюль плывуць чужыя твары
І нават зменены ландшафт.


Показкі Караткевіча

Ішоў Бай па сцяне…
Баяць ці не?

Біў кат па спіне –
Зброю браў касінер…
Мірны час прамільгне:
З братам брат – у вайне…
Баяць ці не?

Баяць!
Бо паміж змаганнямі,
Як згасаў крывавы шал,
Люд меў звычку незаганную
Для душы рабіць прывал…

Ты быў грэшны,
Ты быў праведны,
А найперш – у дошку свой,
Бо свяціўся роднай праўдаю,
Непаўторнай дабрынёй.

Дружбакоў валілі покатам
Жарты вострыя твае…
Я ўжо – дзед,
Ды мне тых показак,
Як і ўнукам,
Не стае.

Пад шчаку – руку,
І мона-сказ
Закалыша, паглыне…
Уладзімір Свет-Сымонавіч,
Раскажы што-небудзь мне…


Чую…

Лілі

Мова кахання – маўчанне,
Крохкае, нібы лядок.
Чую, як любай дыханне
Пералятае ў радок.

Так і жыве непакорна
Радасць юнацкіх уцех…
Чую, як з далечы зорнай
Звонка вяртаецца смех.


Рука

Твая ласкавая рука,
Нібыта крылца матылька.

То прыляціць, то адляціць,
Таму яшчэ мне можна жыць.

На скроні лёгкая рука,
Нібыта крылца матылька.


Добры сон

Зноў анёл сыпле цішу святую з крыла,
Ноч калыша мне ложа,
Як зыбку,
Ціхутка…
Ты, матуля, адгэтуль сысці не магла,
Вунь ля вербаў мільгае знаёмая хустка.

Новы сон расхінае наўсцяж далягляд,
Каб ясней між жыццёвага хламу
Прад вачыма плылі наша хата і сад…
“Добры дзень,
Мая мілая мама!”


Аблічча

Мы жывем ці быццё толькі снім?
Невядома…
Хай будзе, як лічым…
Я ніколі не стану старым,
Покуль бачу тваё аблічча.


Лямпа

Уладзіміру Някляеву

У коле сябрукоў даволі вузкім
Ёсць у мяне таварышка адна.
Вытрымлівае творчую нагрузку
Не меншую, чым я, за ноч яна.

Памочніца святлом цярпліва вучыць
Трываць накал душы,
Круты экстрым.
Гары, паэт,
Напружанне накручвай,
Да ранку мо і не перагарым.

Калі за шыбай смела сонца ўстане,
Я стомленую лямпу патушу.
Прыцішацца каварныя пытанні,
Ды не пакінуць гонкую душу.


Сум

У вусцішным трымценні гаю
Мацнее цяга скразняку,
Які бярозы абтрасае,
Дае зрух кожнаму лістку.

Але хоць залатая вея
Усё засыпле спакваля,
Не глухне і не бранзавее
Мая цнатлівая зямля.

І нават той,
Хто мог калісьці
Чуць восень,
Як аркестра медзь,
Сумее сум,
Бяздомнасць лісця
Душой адчуць і зразумець.


Палескі ліс

Памяці Васіля Несцярэнкі

Па лесвіцы прыроды доўгі час
Куды ступаем мы: уверх ці ўніз?
Сустрэўся мне ля Прыпяці якраз
Аблезлы і цікаўны надта ліс.

Ён смела і даверліва глядзеў,
Ён падышоў амаль што да нагі,
Відаць, не меў спалоху ад людзей,
Але трымцеў ад нейкае тугі.

Я ў запаведніку не быў даўно,
Скрозь бачны радыяцыі сляды.
А злыдні ладзяць “платнае кіно” –
Турыстаў валакуць ужо сюды.

На тонкай нітцы белы свет павіс,
Яго трывогі нельга занядбаць…
Глядзіць мне ў вочы той палескі ліс,
А ў позірку – касмічная журба.


Пра жаўранка і саву

Магу прачынацца ў сем, ці ў восем.
Куды мне спяшацца?
Пенсіянер.
А я падымаюся ў пяць цяпер,
Без кружэння вакол сваёй восі.

Раней,
Перш чым цвёрда стаць на ногі,
Варочаўся доўга з боку на бок.
А зараз адразу з ложка прыг-скок:
Я з вамі –
Радасці і трывогі.

Мой лёс паклаў на плечы нямала
Натхнёных,
Жаданых
І нудных спраў:
Світальны жаўранак хлеб зарабляў,
Сава начная вершы пісала…

Але і ў долі маецца донца,
Таму няварта сябе дакараць,
Што засынаць стала –
Як паміраць:
Ці будзе зноў пацалунак сонца?

Кладуся за поўнач з кнігай новай,
А там ужо недалёка і пяць,
Але не шкадую,
Што выпала стаць
Савой і жаўранкам адначасова.

Я вочы расплюшчваю роўна ў пяць:
Цяжка класціся, лёгка ўставаць…


Гонар мундзіра

Для ўзнагарод шмат накручваюць дзірак –
Столькі было юбілеяў розных!
Ды не залежыць гонар мундзіра
Ад жалезак, што бразгаюць грозна.

Мне ж падабаецца кіпеню булькат,
Пах, што заўжды прыемны на дзіва.
Нават неабіраная бульба
Годна бароніць гонар мундзіра.


Пішу

Мне даў наказ суровы тата,
Калі ўспаміны варушыў:
“Забілі каты песню брата,
А ты – пішы”.

Мне Быкаў слаў адтуль падмогу,
Дзе камень з хваляй – спарышы:
“Хоць і цябе ўзялі ў аблогу,
А ты – пішы”.

Было ў пачатку нашым Слова,
Яно ўратоўвае душу.
Мой Бог,
Мой лёс –
Святая мова…
І я – пішу.