12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Замкавец

_____________________
У кіпцюрах таталітарызму

Беларуская проза выгнаньня

Праўды не бывае зашмат. Адэкватна адлюстроўваючы сьвет, яна невычарпальная, бо мастацкая праўда – гэта рэальнасьць у макракосмасе культуры чалавецтва і ў макракосмасе нашага паўсядзённага быцьця.
Мастацтва сацыялістычнага рэалізму ў духу запозьненага класіцызму працягвала сьцьвярджаць прыярытэт «агульнага», дзяржаўнага над «прыватным», асабовым. Працягвала прапаведвацца ўключанасьць асобы ў гістарычную творчасьць масаў. Разам з тым у творах В. Быкава, І. Навуменкі, А. Адамовіча, В. Казько, С. Алексіевіч гучала ня толькі звыклая для сацыялістычнага рэалізму тэма адказнасьці асобы перад грамадствам, але і ўзьнікае «перабудовачная» тэма – тэма адказнасьці грамадства за лёс і шчасьце чалавека.
З сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя пачынаецца плюралістычнае разьвіцьцё нацыянальнага мастацтва. Як паказала практыка, страта сувязяў з глыбіннымі пластамі нацыя­нальнай культуры ў ходзе будаўніцтва «новага чалавека» су­праваджалася многімі няшчасьцямі для народаў, над якімі праводзіўся гэты эксьперымент. І бядой з бедаў стала гатоўнасьць новага чалавека да міжнацыянальных канфліктаў (Сумгаіт, Карабах, Ош, Фергана, Южная Асеція, Грузія, Абхазія, Пры­днястроўе, антысеміцкая прапаганда шэрагу друкаваных органаў) і грамадзянская вайна (Грузія, Таджыкістан, Чачня). Нямірны развод па-югаслаўску і мірны — па-чэхаславацку ці па-белавежску...
Дэмакратызацыя нашага грамадства і зьнікненьне партыйнага апякунства са­дзейнічалі таму, што выйшлі ў сьвет такія вострыя творы, аўтары якіх імкнуцца па-мастацку асэнсаваць гісторыю нашага грамадства ва ўсім яе драматызме, нават тра­гізме. Гэта «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча, «Споведзь» Ларысы Геніюш, «Змагарныя дарогі» Кастуся Акулы, «Каляды на чужыне», «Сьмерць і салаўі» Пётры Сыча, «Такія сінія сьнягі», «З воўчым білетам» Сяргея Грахоўскага, «Яжовыя рукавіцы» Паўла Пруднікава і іншыя творы, якія доўгі час заставаліся па-за нашым колам чытаньня. Паказальна, што творы «з шуфлядаў» былі напісаныя амаль выключна ў нарысавых формах.
Праўду пра нашу нядаўнюю гісторыю беларускі народ даведаўся напрыканцы 80-х гадоў, калі ў перыёдыцы, дзякуючы галоснасьці і дэмакратыі, зьявіўся шэраг твораў былых вязьняў савецкіх канцэнтрацыйных лагераў. Адным з першых перыя­дычных выданьняў, якое зьвярнулася да гэтай тэматыкі, быў часопіс «Нёман», які ў адным з нумароў за 1987 год надрукаваў «Кнігу для сябе» таленавітага беларускага празаіка Барыса Мікуліча, рэпрэсаванага ў 30-я гады. З таго часу ў рэспуб­ліканскаім друку пачынаюць зьяўляцца ўспаміны былых вязьняў ГУЛАГу Ф. Аляхновіча, Л. Геніюш, С. Грахоўскага, А. Кавалёва, С. Шушкевіча, П. Пруднікава…
Грамадскасьць пазнаёмілася са шматлікімі публікацыямі пра рэпрэсіўныя сталінскія гады, пра жахі калектывізацыі, невымерныя людскія страты ў час Другой сусьветнай вайны. Шырокі розгалас атрымалі нарысавыя артыкулы пра расстрэлы польскіх вайскоўцаў у Катыні, каля Смаленску, сярод якіх было шмат беларусаў — настаўнікаў, дактароў, аграномаў, інжынераў, артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва «Курапаты—дарога сьмерці» пра масавыя забойствы грамадзянаў Беларусі пад Менскам і шэраг іншых публікацыяў пра жахлівыя злачынствы бальшавізму. Народы сьвету ў рэшце рэшт даведаліся праўду пра камуністычную імперыю, разгледзелі сапраўдны твар бальшавіцкага монстра, які 70 гадоў змагаўся са сваім народам і ўсім чалавецтвам, сеючы ва ўсім сьвеце страх, гора і сьмерць. Доўгі час гэтыя факты замоўчваліся, хаваліся ў сьпецсховах, зьнішчаліся, але нішто і ніхто ня можа сьцерці чалавечую памяць.
Адным з першых, хто распавёў сьвету страшную праўду пра бальшавізм, цудам уратаваўшыся з «савецкага раю» — ГУЛАГу, быў выдатны беларускі драматург, акцёр, пачынальнік беларускай тэатральнай крытыкі, гісторык беларускага тэатру, аўтар грунтоўнай працы «Беларускі тэатр» (1924), вядомы грамадскі дзеяч Францішак Аляхновіч, чалавек цікавага і трагічнага лёсу. У Савецкай Беларусі яго імя і творы былі надзейна схаваныя ад шырокай грамадскасьці. У энцыклапедыях нават нельга было адшукаць пра яго найменшых зьвестак, а калі прозьвішча ўзгадвалася, дык толькі ў негатыўным плане. Напрыклад, у 4-х томным акадэмічным выданьні па «Гісторыі беларускага тэатра» (Мн., Навука і тэхніка, 1983–1987) пра яго няма ні слова. Упершыню праўдзівая ацэнка дзейнасьці і творчасьці Ф. Аляхновіча была дадзеная тэатразнаўцам А. Сабалеўскім у артыкуле «Адметны шлях» («Спадчына», 1990, №3) і тэатральным крытыкам В. Ракіцкім у артыкуле «Пачатак нашага тэатразнаўства» («Спадчына», 1991, №1), дзе, у прыватнасьці, гаворыцца, што менавіта Ф. Аляхновіч быў адным з заснавальнікаў беларускага тэатразнаўства.
«У капцюрох ГПУ» Ф. Аляхновіча — першы твор у сусьветнай літаратуры, які задоўга да А. Салжаніцына расказаў пра зладзействы сталінскіх апрычнікаў. Ён быў напісаны ў 1934 годзе на польскай мове, з вялікай ахвотай яго друкавалі на іншых мовах, а ў 1937 годзе аўтар выдае яго за свой кошт па-беларуску, спадзеючыся паказаць землякам, як і ўсяму сьвету, сапраўдны твар сацыялізму бальшавіц­кага ўзору, з якім аўтар пазнаёміўся ў 1926 годзе.
Той год у разьвіцьці беларускай культуры быў надзвычай спрыяльным: беларусізацыя давала плён, адчыняліся беларускія школы, тэхнікумы, ВНУ, беларускую мову ўжывалі ў справаводстве ў савецкіх і дзяржаўных установах. Палі­тычныя дзеячы, якія ў свой час не прызналі савецкую ўладу і эмігравалі, дзякую­чы камуністычнай прапаганьдзе паверылі ў рэальную магчымасьць будаваць «беларускі дом» у савецкай Беларусі – і шмат хто вярнуўся пасьля амністыі 1925 году на Радзіму. Сярод іх быў і Францішак Аляхновіч, які атрымаў афіцыйнае запрашэньне на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу, што адбылася ў лістападзе 1926 году ў Менску. Мерапрыемства было надзвычай прадстаўнічым: на яго былі запрошаныя ня толькі савецкія мовазнаўцы, але і культурныя дзеячы з Заходняй Беларусі, Чэхаславакіі, Латвіі, Літвы, іншых краінаў. Канферэнцыя зрабіла на многіх вялікае ўражаньне і шмат каго пераканала ў тым, што беларуская культура можа разьвівацца і пад Саветамі. У гэта паверыў і Ф.Аляхновіч...
Сем гадоў па абсурдным абвінавачваньні Ф. Аляхновіч знаходзіўся ў бальшавіц­кай няволі, спачатку ў менскай турме, а потым — на Салаўках — на выспе Мяг, надалёка ад берагу, насупраць карэльскага мястэчка Колежма, затым у 13-й працоўнай роце, якая кватаравала ў былым Прэабражэнскім саборы. Летам 1933 году яго нечакана пераводзяць у Маскву, у знакамітую Бутырскую турму, а потым адбыўся абмен Ф. Аляхновіча і некалькіх літоўскіх ксяндзоў на польскіх палітычных вязьняў, сярод якіх быў і Браніслаў Тарашкевіч. «У гэты мамэнт я адчуў ня толькі духовы, але й фізічны кантраст паміж намі. Вязень «капіталістычнага гаспадарства» меў на сабе прызваіты фільцовы капялюш, добра скроенае восеньскае паліто, беззаганна вычышчаныя боты… Савецкі вязень ішоў у старэцкім падзёртым кажуху на салавецкім бушлаце…»1 .
Аўтар стрымана і разважліва апавядае пра жыцьцё вязьняў у савецкіх турмах, пра іх норавы і звычаі, пра масавую прастытуцыю, частыя расстрэлы.
«Рэдка мінаў панядзелак, каб аўтамабіль не павёз кагосьці на Камароўку.
Ніхто з нас ня ведаў, што яго чакае. Адзін меў больш шанцаў быць расстрэленым, другі менш. Вось і ўся розьніца.
Наш вастрожны гумар стварыў адмысловы назоў: «паехаць на месяк» або «атрымаць тры залатнікі». Тры залатнікі — гэтулькі важыць куля з нагану...»2
У такіх умовах надзвычай цяжка было захаваць чалавечую годнасьць, гуманізм, невычарпальны аптымізм, які даў магчымасьць Ф. Аляхновічу перажыць цяжкія гады і захаваць пачуцьцё гумару. Як тут не параўнаць яго з вялікім пралетарскім пісьменьнікам Максімам Горкім, які ў канцы 20-х гадоў знаёміўся з жыцьцём салавецкіх вязьняў пад пільным чэкісцкім вокам.
«Ня ведаю, як гэта сталася, — піша Ф. Аляхновіч,— але назаўтра Горкі неяк вызваліўся з-пад апекі сваіх гаспадароў і сам адзін выбраўся вандраваць па абтоку. Тут прыпільнавалі яго гадунцы калёніі, папрасілі ў свой барак і … пасыпаліся расказы аб сапраўдным жыцьці на Салаўкох.
Горкі ўважліва слухаў, не выказваючы, аднак, свайго погляду на гэтыя справы.
Ня ведаю, як былі пакараныя калёністыя за свой адважны ўчынак. Думаю, што некаторыя з іх цяжка адпакутвалі за сваю адвагу.
Вестка аб гэтай гутарцы борзда разьнеслася ў лягеры. Мы думалі, што гэты «дысананс» паўстрымае пяро пісьменьнікава ад выпісваньня пахвалаў савецкай карнай палітыцы.
Сталася інакш. Праз колькі тыдняў прачыталі мы ў савецкай прэсе словы захапленьня Горкага жыцьцём вязьняў у салавецкім лягеры.
А сам ён, пабыўшы пару дзён на салавецкім абтоку, зьвярнуўся на сонечны абток Капры…
Злыя языкі кажуць, што жывучы за межамі савецкага гаспадарства, дый маючы адкрыты для сваіх твораў вялікі кніжны рынак у Расеі, ня цяжка захапляцца савецкім «сацыялістычным будаўніцтвам»…»1
Мы бачым, як паступова фармуюцца ў Ф. Аляхновіча адносіны да савецкай улады — ад наіўнай веры ў яе добрыя пачынаньні да нянавісьці за скалечаны лёс, калі ён ужо (па словах аўтара) «не пакідаў пісаць і гаварыць аб найстрашнейшым ворагу чалавецтва — бальшавізьме». І заслуга аўтара ў тым, што ён адным з першых падаў голас супраць жорсткай, адладжанай машыны тэрору, якая перамалола мільёны нявінных ахвяраў. Ф. Аляхновіч выканаў свой пісьменьніцкі і грамадзянскі абавязак у той суровы час, калі нават вялікі Я. Купала з горыччу пісаў:

Мне бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся…
Адно… ня збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі!

Сны аб Беларусі сьніліся і пісьменьніцы-падзьвіжніцы, зэку «0-287» савецкіх асьвенцымаў Ларысе Геніюш. Летам 1982 году, незадоўга да сваёй сьмерці, беларуская паэтэса перадала таксама апальнаму археолагу Міхасю Чарняўскаму рукапіс успамінаў і, паказаўшы пальцам на столь — адтуль маглі падслухоўваць, — сказала ціха: «Рабіце з гэтым, што хочаце. Я вам давяраю, Міхаська».
У рукапісу не было назвы, але часопіс «Маладосьць», які рызыкнуў надрукаваць гэтую рэч, назваў яе ўмоўна «Споведзь» (№№ 2–5, 1990).
Сёньня мы спавядаемся і раскайваемся, спрабуем апраўдацца. Ці так жылі, будуючы эфемернае грамадства? Ці пра тое пісалі? Куды клікалі? Ці зробленыя высновы са страшэннага эксьперыменту, ажыцьцёўленага на шостай частцы сушы? Мы ведаем, што 30-я гады ўвайшлі крывавай адмецінай у гісторыю беларускага народу і яго эліты. Падчас сталінскіх рэпрэсіяў было арыштавана каля 90 адсоткаў беларускіх пісьменьнікаў, большасьць з якіх потым была фізічна зьнішчана. З 328 арыштаваных пісьменьнікаў дажылі да сьмерці Сталіна ў сакавіку 1953 году і былі вызваленыя ўсяго каля 20-ці чалавек. З 39 членаў Саюза пісьменьнікаў Беларусі, якія засталіся на волі, па-беларуску пісалі толькі 14. Беларуская Акадэмія навук страціла каля 90 адсоткаў сваіх супрацоўнікаў, пераважная большасьць якіх была расстраляная2 . Культура зьнішчалася з эпічным размахам. Толькі ў дзень 29 кастрычніка 1937 году, які А. Мальдзіс назваў «чорным днём для беларускай літаратуры», былі расстраляныя М. Зарэцкі, П. Галавач, А. Дудар, А. Вольны, В. Сташэўскі, М. Чарот і іншыя. Але, бадай, ні ў кога з іх няма такога арэолу сьвятасьці, як у Л. Геніюш, імя якой становіцца ў шэрагі класікаў беларускай літаратуры.
Расіяне бяз цяжкасьцяў успомняць імёны іншых вялікамучаніц: Л. Чукоўскай, А. Гінзбург, Н. Мандэльштам, В. Бяргольц і, канешне ж, М. Цьвятаевай. Сама Л. Ге­ніюш называе ў рукапісе імёны Сапфо, Еўфрасіньні Полацкай…
Так, гэта жыціе, і праца, і подзьвіг беларускай мастачкі слова, і хаця яна пісала па вядомым агіяграфічным каноне, але жывая страсьць, эмацыянальнасьць натуры, най вялікім грамадзянскім тэмпераментам, пашырае межы жанру, ператварае яго са споведзі ў пропаведзь. Так адраджаецца старажытная традыцыя, у адпаведнасьці з якой мастацкая літаратура, як і ў часы Кірылы Тураўскага, павінна зьвярнуцца да ўсіх «сущим и блазем», князям, айцам царквы, простым людзям і даваць ім тую духоўную ежу, што «веселит их души», умацоўвае розум «на подвиги добрых дел», а ня тую, што «гортань наслаждает и чрево насыщает».
У Л. Геніюш асаблівы, выпакутаваны ўсім яе падзьвіжніцкім жыцьцём падыход да ідэяў часу, які яна абараняе страсна і пасьлядоўна. «Калі б, — піша яна, — чалавек ведаў наперад свой лёс, ён ня выжыў бы»1 .
Выхаваная ў духу хрысьціянскай маралі, яна востра перажывала шматлікія факты чалавечай няўдзячнасьці, подласьці, здрадніцтва, жорсткасьці, эгаізму. І спрабавала растлумачыць духоўную дэградацыю сучасьнікаў цяжкасьцямі жыцьця ў эпоху войнаў, стратай ідэалаў, амярцьвяльным уплывам нецярпімых да іншадумства ідэа­логіяў XX стагоддзя – і заўжды спрабавала ўзьдзейнічаць на людзей добрым словам, сваімі ўчынкамі.
«Бяз страху сама — я дзейнічала гэтак жа на людзей…— піша яна, успамінаючы гады турмаў і лагераў. — Выжыць — гэта было для мяне сьмешна, важна было зьняволеным вярнуць веру ў тое, што яны лепшыя людзі за гэтую набрыдзь, якая душыла нас, загнаўшы ў сьнягі. Я была вельмі тактоўнай, чэснай і добрай, і таму я была для іх страшнай»2 .
«Што вы за чалавек, — зло дапытваўся ў яе сьледчы ў Менску, — ні ў Беларусі, ні ў Чэхаславаччыне ня можам знайсьці на вас сьведкаў!»3 Сьведкаў так і не знайшлі, і судзілі Л. Геніюш бяз іх.
Успаміны Л. Геніюш пачынаюцца з малітвы: «Благаславенны родны дом, дзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы. Называўся, бо сяньня яго няма, таго нашага фальварачка, і нават яго назовы. Там калгас з нейкай ультрасавецкай назовай…»4 Так завязваецца драматычная калізія, якая, імкліва разьвіваючыся, дасягае на многіх старонках асаблівага эмацыйнага напалу і раптам на паўслове абрываецца. Не, не малітвай! І не пракляцьцем. Апошняя фраза — гэта горкая іронія змучанай, скалечанай душы, зьдзіўленай тым, што нехта (муж — вязень) яшчэ на нешта пасьля ўсяго перажытага спадзяецца: «Якое, чалавеча, шчасьце, калі ўсё тут на абмане, на трупах і патрэбна барацьба!»5
Пасьля вызваленьня Л. Геніюш пражыла яшчэ амаль 30 гадоў і дажыла да тых самых 73, адмераных ёй лёсам. Жыла ў сябе на радзіме, у раённым цэнтры Зэльва Гарадзенскай вобласьці. Жыла і памерла, не прыняўшы савецкага грамадзянства, застаўшыся грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі, яе Генеральным сакратаром (жанчына ня мела права быць прэзідэнтам).
Уяўленьні пра атмасферу, якая яе акружала апошнія дзесяцігоддзі, даюць публіцыстычныя адступленьні ад асноўнай канвы “Споведзі”: тыя ж, што і ў лагеры, зьнявагі, перасьледы, зьдзекі, тое ж падсочваньне праз замочную шчыліну, “стукацт­­ва”, здрада. «Ні адзін народ, — прызнаецца аўтарка, — ня зьдзекваўся нада мной і маёй сям’ёй так, як беларускі…Ні адзін народ не ўніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын»1 .
І пасьля ўсяго гэтага такая самаспапяляльная любоў да Беларусі, да яе народу! Ні ў кога з беларускіх пісьменьнікаў, акрамя Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Танка, У. Караткевіча, не гучала так моцна думка аб нацыянальна-культурным адраджэньні беларусаў, як у вершах і прозе Л. Геніюш.
Бальшавікі пасьля верасьня 1939 году, калі «вызвалілі» (так паўсюдна ў Л. Геніюш) заходніх беларусаў, у адпаведнасьці са сваім класавым кадафікатарам назвалі бацьку пісьменьніцы «кулаком» і згнаілі ў Гарадзенскай турме, а маці з малодшымі дзецьмі выслалі на пагібель у паўночны Казахстан. Уся вялікая сям’я Міклашэвічаў (дзявочае прозьвішча Л. Геніюш) была расьсеяна па сьвеце.
Л. Геніюш пісала вершы з дзіцячых гадоў. Пісала для сябе. Але адчула сябе пісьменьніцай толькі тады, калі сьмяротная пагроза павісла над яе сям’ёй і над беларускім народам. Калі б Л. Геніюш жыла ў часы Еўфрасіньні Полацкай, яна пайшла б «во след жениха своего Христа» — так шмат у гэтых жанчын агульнага. Тое ж падзьвіжніцтва і тая ж гатоўнасьць да самаахвяраваньня, тая ж духоўная, таемная сіла і прарочы дар прадбачаньня.
Геніюш, яшчэ не наведаўшы Прагу, куды паехала разам з мужам у пошуках працы ў 1937 годзе, ужо ведала, як выглядаюць яе вуліцы. Толькі аднойчы яна даверылася чужому розуму і вопыту і не паслухала ўнутраны голас, за што і па­плацілася: у яе была магчымасьць эміграваць у 1948 годзе з Прагі на Захад, але яна паслухалася мужа, які, паўстаўшы перад выбарам — воля ці Беларусь, — аддаў перавагу няволі на Радзіме, да апошняга дня верачы ў лепшае. Менавіта ў гэтым годзе яе выкралі і вывезьлі ў Менск чэкісты, каб да 1956-га трымаць у турмах і лагерах.
Як сьведчыць «Споведзь», Л. Геніюш ніколі не вылучала Беларусь з сусьветнага супольніцтва, а яе адносіны да людзей розных нацыянальнасьцяў і, наадварот, адносіны гэтых людзей да яе паказваюць, што яна цаніла ў беларусах «беларускасьць» гэтак жа, як у чэхах іх нацыянальную своеасаблівасьць, але яшчэ больш яна цаніла чалавечнасьць, дабрыню, чысьціню памкненьняў. Менавіта своекарысьлівасьць некаторых эмігрантаў-беларусаў адштурхнула яе ад гэтых людзей, і, як паказаў час, яна не памылілася ў сваім прадчуваньні. Адсюль яе дакладнае разуменьне таго, што такое сапраўдны інтэрнацыяналізм.
«Інтэрнацыянал — гэта не прыдбаць сабе чужую маску й адрачыся ад усіх вартасьцяў сваяго роду, гэта быць шчырымі брацьмі ў сваім народзе і ў брацтве паміж народамі. Інтэрнацыянал — гэта не падпарадкаваньне сільнейшаму, але падпарадкаваньне роўнасьці, любові й праўдзе. Ніхто лепей за нас саміх не сьпяе нашае «Рэчанькі», не станцуе «Лявоніхі», ня ўздыме шляхотнай народнай культуры нашай да такое вышыні, каб бачылі людзі, што мы акрэмы, самабытны, стары й варты народ!»2
Трагедыя Л. Геніюш і многіх іншых падзьвіжнікаў беларускага адраджэньня была ў тым, што яны належалі да малалікага народа, заціснутага паміж молатам Захаду і кавадлам Усходу. Вялікія народы, «звышдзяржавы» павінны ўсьвядоміць каштоўнасьць духоўных скарбаў іншых народаў і ў адпаведнасьці з гэтым разуменьнем будаваць свае з імі адносіны, не шукаць нацыяналізм там, дзе гутарка ідзе толькі пра аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці. У выніку выйграюць усе…
Успаміны Л. Геніюш убачылі сьвет, і ўжо адно гэта дае надзею спадзявацца: нешта ўсё ж зьмянілася, мяняецца ў нас. На жаль, сёньня шмат што з «лагернай» літаратуры знаходзіцца таксама на ўзроўні бытаапісальніцтва і пазбаўлена філасофскай і мастацкай велічы.
Страшная таталітарная сіла доўгі час «малола» інтэлігенцыю, ператвараючы адных у даносчыкаў, другіх у п’яніцаў, трэціх у канфармістаў. Аднак у некаторых выкоўвала мастацкую сьвядомасьць, якая спалучалася з велізарным чалавечым вопытам. Гэтыя пісьменьнікі стваралі ў найцяжэйшых абставінах глыбокія і бескампрамісныя творы.
Шмат для мастацкага асэнсаваньня нашага быцьця зрабіла і літаратура эміграцыі (ці як яшчэ ў нас яе называюць – «літаратура беларускага замежжа»). У перназваць такіх пісьменьнікаў, як К. Акула, П. Сыч, М. Сяднёў, Ю.Віцьбіч, М. Люціч і некаторых іншых, хто па ідэалагічных прычынах вымушаны быў пакінуць Радзіму і пісаў свае творы «ля чужых берагоў». Іхняя проза, як сьведчыць літаратуразнаўца М. Мішчанчук, «разьвівалася ў двух стылявых напрамках — лірычным і аналітычна-дакументальным, каб затым ужо ў 60-я і пазьнейшыя гады злучыцца ў стыль сінтэтычны, узьняцца на вышыню раманнага жанру. І тут першае месца належыць Кастусю Акулу»1 .
Як і некаторых беларускіх савецкіх пісьменьнікаў, К. Акулу не задавальняла прачытанае ім пра вайну, пабудаванае на шырокавядомых у першых пасьляваенных дзесяцігоддзях літаратурных схемах, гераічных штампах. Гэтыя пісьменьнікі былі прывязаны да «свайго», асабіста перажытага, былі ўпэўненыя ў мастацкай значнасьці набытага ў ваенныя гады індывідуальнага душэўнага вопыту.
У аўтабіяграфічных нататках К. Акула ўспамінае: «Першы раз давялося пачуць, што мы — Беларусы й што мова наша беларуская падчас пярэпісі насельніцтва ў 1931-м годзе. Два паважаныя паны заселі за стол у нашай хаце, сабраўшы ўсю Качанову сям’ю ды кожнага па чарзе пыталі імя. І памятаю, што сарамнавата было перад такімі важнымі ўраднікамі замурзаны твар паказваць, але на іхнае пытаньне бойка адказаў: «Аляксандар». Ды найбольш зьдзівіла, што бацька на пытаньне: «Нацыянальнасьць» адказаў: «Беларус». Было мне тады шэсьць гадоў»2.
Менавіта бацька заклаў першыя асновы нацыянальнай сьвядомасьці ў сваіх дзяцей. Адбывалася гэта часам нават непедагагічна. К. Акула ўспамінае, як старэйшая сястра, што прыехала на вакацыі з польскай вучэльні ў Новай Вілейцы неяк з дзявочым імпэтам узялася «палянізоўваць сям’ю, аж пакуль бацька Ігнась, паволі наліўшыся чырваньню ды падкруціўшы вусы, ня зьняў з крука папругі…»3.
Зразумела, што заходнебеларускае насельніцтва стамілася ад шавіністычнай польскай палітыкі, а таму прагнула зьменаў. І яны прыйшлі хутчэй, чым нехта мог сабе ўявіць, з першымі часьцямі Чырвонай арміі 17 верасьня 1939 году. У сваёй прастадушнасьці заходнія беларусы нават не маглі ўявіць, якімі дарогамі пакоцяцца іхнія жыцьці ў комплексе савецкіх абставінаў, а таму ў сваёй большасьці віталі бальшавікоў хлебам і сольлю. Мясцовыя камуністы загадзя будавалі на ўскраінах вёсак трыумфальныя брамы з гірляндамі зеляніны і вялікімі транспарантамі, дзе былі выпісаныя прывітальныя радкі. Не абыходзілася без прывітальных прамоваў, якія выказваліся мясцовымі чырвонымі энтузіястамі.
Да паловы лістапада 1939 году ў заходнебеларускіх вёсках не змаўкалі песьні. Разам з традыцыйнымі беларускімі чуліся і расейскія («Катюша», «Если завтра война», «Три танкиста» і іншыя). За войскам зьявілася новая хваля агітатараў і савецкіх чыноўнікаў. Яны, узброеныя вострымі языкамі, ішлі нават у самыя аддаленыя і глухія вёскі, каб праводзіць агітацыйную работу. Акрамя шуму і крыку пра «вызваленьне», пра братнюю руку дапамогі адзінакроўным братам, беларус-заходнік мог пачуць ужо пра абавязак савецкага грамадзяніна перад дзяржаваю, пра бязьлі­тасную барацьбу супраць куркулёў-сабатажнікаў. Прымітыўныя агітатары гаварылі насельніцтву, што радаснае жыцьцё можа быць толькі ва ўмовах калгаснага ладу.
Савецкія пісьменьнікі, у тым ліку і беларускія, доўгі час пісалі толькі пра гераізм савецкага народу і яго лепшых сыноў партызанаў, франтавікоў у барацьбе з намецка-фашысцкімі захопнікамі ды іх памагатымі. З савецкага боку ўсё, што было па той бок фронту, доўгі час малявалася змрочнымі фарбамі, а між тым жыцьцё там было рознакаляровым, бо само паняцьце «вайна» надзвычай ёмістае, шмат­значнае. У гэты драматычны перыяд простых задачаў і рашэньняў не існавала, што, здаецца, пераканальна паказаў нам у сваёй творчасьці Васіль Быкаў. Народы і асобы паўсталі перад выбарам, апынуліся ў памежнай паміж жыцьцём і сьмерцю сітуа­цыі, а ў такіх абставінах паводзіны людзей часта бываюць напрадказальнымі. І асэнсоўваць іх, вытлумачваць псіхалагічна — адна з задачаў літаратуры.
Так, былі героі-франтавікі, героі-партызаны, былі людзі, якія з першага дня вайны шукалі з імі сувязяў, бралі ў рукі зброю і станавіліся ў шэрагі змагароў з фашыстамі, як, напрыклад персанажы твораў Івана Шамякіна, Івана Навуменкі ды іншых. Але былі і такія, хто самастойна спрабаваў знайсьці выйсьце з трагедыйнага становішча. пра іх пісалі Іван Чыгрынаў, Васіль Быкаў і, сёньня мы ведаем, Кастусь Акула. Калі зьявілася магчымасьць выбару паміж падняволенай Беларусьсю і свабоднай чужынай — яны выбралі апошняе. Вось як пра гэта гаворыць сам К. Акула: «…усе яны, без вынятку, прыйшлі ў армію добраахвотнікамі й прыйшлі змагацца за ідэю, а не за нямецкі хлеб. Калі паўстала думка аб пераходзе да французскіх макісаў, то кожны разважаў, што калі прыйшоў добраахвотнікам, дык і адысьці можа сам, калі захоча. Наверх усяго, меркавалі яны, прыйшлі ж у беларускую армію, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускі народ, а не за нямецкі. Дык і за што ж мелі змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыі, калі цэлая Беларусь была зноў у бальшавіцкім ярме? Ці ня лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў?»1.
Гэтыя юнакі разумелі, што беларускаму народу патрэбна еднасьць. Дзе еднасьць — там сіла! А яе нам так не хапае і сёньня…
«У гісторыі нашай ХХ стагоддзя, — заўважыў А. Адамовіч, — былі тры пагрозы генацыду: сталінскі, гітлераўскі, а цяпер вось — ядзерна-чарнобыльскі. Перад сталінскім мы былі разгубленыя. Ня верылі яшчэ, што «свае» гэта могуць. Таму і цела, і душа былі растаптаныя.
Перад гітлераўскім мы аб’ядналіся. І хоць [мелі] страты, але душу зьбераглі.
І вось цяпер: супроць чарнобыльскага атаму і той сістэмы, якая стала сімвалам яе — камуністычнай.
І аб’яднаць нас супраць «атаму» можа толькі маналітнае супрацьстаяньне сістэме. Толькі пазбавіўшыся ад яе, мы выжывем»2.
У супрацьстаяньні сістэме праходзіла жыцьцё і К. Акулы. Пасьля вучобы ў брытанскай афіцэрскай школе панцырнай зброі ён некаторы час яшчэ даслужваў у польскім корпусе ў Італіі, затым пераехаў у Канаду і працаваў, зарабляючы на жыцьцё, на ферме, у прамысловых кампаніях. Жаніўся на беларусцы Надзеі Вернай, якая падарыла яму чацьвёра дзяцей. У 1948 годзе ў Таронта заснаваў нацыя­нальную арганізацыю — Згуртаваньне беларусаў Канады, стаў яе першым старшынём. Акрамя антыкамуністычных акцый, якія мелі гучны розгалас у сьвеце, актыўна працаваў у журналістыцы і на літаратурнай ніве, што, па словах пісьменьніка, давала добрую духоўную падтрымку ў нялёгкім эмігранцкім быце, актыўна супра­цоўнічаў з расейскамоўным таронцкім часопісам «Современник» і парыжскім «Континентом».
К. Акула напісаў шмат празаічных твораў, хоць пачынаў ён у сямнаццацігадовым узросьце з вершаў – пад літаратурным псеўданімам Міхась Козыр. Паэтычны дэбют адбыўся ў газеце «Беларускі голас», якую выдаваў лацінкай у Вільні Францішак Аляхновіч. Вершы атрымліваліся ўзьнёсла-лірычныя, патрыятычныя, што ня вельмі падабалася летувіскім і нямецкім цэнзарам, з якімі ў пачаткоўца былі непрыемнасьці. Першай сур’ёзнай працай, як гэта здараецца ня часта, стала шырокамаштабнае палатно «Змагарныя дарогі», якое ўбачыла сьвет у 1962 годзе. «Гэта можна вытлумачыць тым, што надта вялікі цяжар уражаньняў, надзей, расчараУ эмігранцкай літаратуры на поўны голас загучала нацыянальная праблема, праблема адраджэньня нацыі, дзяржавы, пра што марылі заўжды лепшыя сыны і дочкі Беларусі — М. Багдановіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас, К. Чорны і многія іншыя. Беларуская савецкая літаратура гэту тэму закранала надзвычай слаба.
Твор К. Акулы ўтрымлівае і шмат зьвестак пазнавальнага характару, якія па ідэалагічных прычынах абыходзілі савецкія пісьменьнікі. Гэта дзейнасць Беларускай Цэнтральнай Рады, Арміі Самааховы, якая была створана з мясцовых людзей для абароны мірнага насельніцтва ад чужых збройных аддзелаў. Гэтай тэме К. Акула прысьвячае цэлы падразьдзел «Гітлераўская палітыка вынішчэньня і дапаможныя акупанты Беларусі», дзе сьведчыць, што вынішчэньне «было ў духу часу і згоднае з тэўтонскай традыцыяй», называе ў ліку памагатых гітлераўцаў і бальшавікоў, «якія спрычынілі сваімі налётамі карныя аперацыі нямецкай арміі, і польскую Армію Краёву, і рускую дывізію Камінскага на Бабруйшчыне, і брыгаду Радзіёнава на Лепельшчыне і Глыбоччыне (па сьведчанні Ю. Віцьбіча, апошні загадаў расстраляць 3 000 чалавек — сярод іх старых і дзяцей — за тое, што ніхто з іх не зьвярнуўся да яго па літасьць на расейскай мове) і латышоў, якія ў Асьвейскім раёне зьнішчылі 15 000 беларусаў, літоўцаў, украінцаў»2.
Стрымана і праўдзіва апавядае аўтар пра дзейнасьць школаў і органаў асьветы на тэрыторыі Беларусі. Аб’ектыўна раскрывае культурна-асьветніцкую дзейнасьць членаў Саюза беларускай моладзі (СБМ), беларускай інтэлігенцыі, якая і пад нямецкай акупацыяй намагалася захоўваць і адраджаць нацыянальную культуру, за што потым пры зьмене ўлады адпраўлялася ўжо ў савецкія турмы і канцлагеры.
М. Мішчанчук выказаў цікавую думку аб тым, што «раньняя проза эміг­рацыі мела ці не аднолькавую глебу для свайго ўзьнікненьня з маладнякоўствам у коліш­няй Савецкай Беларусі — узрушэньне, асэнсаваньне пераломнай падзеі, але нара­жалася яна паводле іншага — не гераічнага, а трагедыйнага пафасу. Яе тэматычны зьмест быў даволі абмежаваны: разьвітаньне з родным краем, жыцьцё на выгнаньні, спадзяваньне на вяртаньне. Стыль характарызаваўся ясна выражаным лірызмам, павышанай эмацыйнасьцю, перавагай пачуцьця над думкай. Іначай і быць не магло: эміграцыя сталася сучаснасьцю і ня ўкладвалася ў нарматыўнасьць эпасу. Жыцьцю замежнаму трэба было адсунуцца на дзесяцігоддзі, стаць мінулым, каб можна было паглядзець на яго з усіх бакоў і даць яму адпаведную шырокамаштабную ацэнку»3.
Нарыс Пётры Сыча «Сьмерць і салаўі» прысьвечаны адной з вызначальных стратэгічных аперацыяў Другой сусьветнай вайны — бітве пад Монтэ-Касіна ў сту­дзені-маі 1944 года. Сёньня мы ведаем, што перамога ў гэтай бітве адкрыла саюзь­нікам дарогу на Рым, стварыла ўмовы дзеля вызваленьня Італіі. На Беларусі, як і ўвогуле ў савецкай гісторыяграфіі мінулай вайны, бітва пад Монтэ-Касіна замоўчвалася. Так, напрыклад, у артыкуле БелСЭ «Другая сусьветная вайна» (т. 4, с.278-281) падзеі пад Монтэ-Касіна нават ня згадваюцца. А між тым, там ваявалі тысячы беларусаў — салдатаў і афіцэраў Другога корпусу генерала Андэрса, сярод якіх у рангу пяхотнага паручніка змагаўся і аўтар беларускіх нарысавых твораў «Сьмерць і салаўі», «Каляды на чужыне».
Якім жа быў шлях пісьменьніка да Монтэ-Касіна? Зьвесткі пра гэта ў нас надзвычай скупыя. Нарадзіўся Пётра Сыч на Вілейшчыне, у Вілейцы скончыў польскую гімназію, некаторы час працаваў у грамадзянскіх установах Вілейскага павета. Напачатку Другой сусьветнай вайны быў прызваны ў польскае войска. Пасьля разгрому Польшчы гітлераўскай Германіяй і «вызвольнага» паходу Чырвонай арміі ў верасьні 1939 году ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну на шахтах Данбасу і Крывога Рогу, на будаўніцтве іншых стратэгічных аб’ектаў Савецкага Саюзу зьявіліся «польскія палонныя». Дагэтуль лічыцца, што СССР не ваяваў з Польшчай, аднак ваеннапалонныя былі, хаця афіцыйна гэта не прызнавалася. Аж да часоў славутай перабудовы, калі генсек ЦК КПСС М. Гарбачоў афіцыйна не прызнаў факт забойства органамі НКУС палонных у Катыні і не папрасіў прабачэньня за гэта ў польскага народу.
Як вядома, сярод палякаў цягнулі ваенную лямку і беларусы-заходнікі, якія трапілі ў польскае войска па мабілізацыі. Пасля далучэньня Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР з верасьня 1939 году па чэрвень 1941-га на вызваленых тэрыторыях ішлі масавыя арышты органамі НКУС нацыянальнай інтэлігенцыі, якая адразу ж ссылалася ў канцлагеры ГУЛАГу, разьмешчаныя на Поўначы і Сібіры. Сюды ж вывозілі і раскулачаных сялян. Падлічана, што за час «першых саветаў» у СССР было дэпартавана два мільёны грамадзян былой Польшчы1 .
Сярод арыштаваных і асуджаных на зьняволеньне ў канцлагеры быў і Пётра Сыч. Ён шмат хварэў, пакутаваў ад невыносных умоў зьняволеньня, але выжыў – мабыць, таму, што яго ў рэшце рэшт прызначылі мастаком (і ён маляваў партрэты лагернага начальства).
У сувязі з нападам гітлераўскай Германіі на СССР адносіны да польскіх ваеннапалонных зьмяніліся. Гэтага запатрабаваў Захад, таму што на тэрыторыі Англіі і пад яе апекай знаходзіўся эмігранцкі ўрад Польшчы, а з ім у канцы ліпеня 1941 году была падпісана савецка-польская дамова, і адразу ж пасьля гэтага пачалося фармаваньне польскага войска пад камандаваньнем генерала Уладыслава Андэрса. У лагерах запрацавалі прызыўныя камісіі, пачалося масавае вызваленьне польскіх грамадзянаў “з-за дроту”. Аднак трапіць на волю былым грамадзянам Польшчы беларускай ці ўкраінскай нацыянальнасьцяў было ня так проста.
Цікавае статыстычнае дасьледаваньне пад назвай «Пра ўдзел беларусаў на заходніх франтох Другой сусьветнай вайны» надрукаваў у першым нумары за 1978 год часопіс беларускіх ветэранаў «Зважай», які выдаваў у Канадзе К. Акула. Аўтар дасьледаваньня беларускі эмігрант Віктар Сянькевіч на падставе аналізу выдадзенага ў 1952 годзе ў Лондане Гістарычным Інстытутам імя генерала Сікорскага «Сьпісу жаўнераў Польскіх Узброеных Сілаў на чужыне, загінуўшых або памёршых у 1939–1946 гг.» сьцьвярджае, што ў польскіх вайсковых злучэньнях у Заходняй Еўропе, пераважна ў Італіі, ваявалі 30 867 беларусаў. А наогул з СССР генералу Андэрсу ўдалося вывесьці 115 000 польскіх грамадзянаў.
Першыя дывізіі генерала Андэрса фармаваліся за Волгай, каля Бузулука і Таці­шчава. Разам з вайскоўцамі ў абозах жылі і іх сем’і. Папаўненьне прыбывала няспынна, і ў лістападзе 1941 году ўся гэтая маса вайскоўцаў і цывільных была пераведзена ў рэспублікі Сярэдняй Азіі, дзе людзі гінулі ад эпідэмій, сьпёкі, голаду. Андэрс не зьбіраўся ваяваць на баку Саветаў і прыклаў шмат намаганьняў, каб вывесьці сваё войска з тэрыторыі СССР, што зрабіць яму ўдалося з вялікай цяжкасьцю толькі пасьля таго, як Англія перакінула частку сваіх войскаў з Сярэдняга Усходу на змаганьне з японцамі. Месца англічанаў і заняў Другі польскі корпус, як пачалі называць армію Андэрса ў Іране.
Іран, Ірак, Палесьціна, Егіпет, Італія — такі баявы шлях прайшлі жаўнеры гэтага корпусу да Монтэ-Касіна, а разам з імі і паручнік Пётра Сыч, аўтар нарысу «Сьмерць і салаўі». Такую назву аўтар выбраў невыпадкова: бітва адбывалася вясной, калі ў прыродзе ўсё ажывала, цьвіло, цешылася, сьпявала. А маладыя жаўнеры, поўныя сіл людзі, замест таго, каб цешыцца жыцьцём і яго красой, ішлі паміраць пры звоне вясны і салаўіных сьпеваў. Трагізм сітуацыі зьяўляецца відавочным пратэсўсялякага гвалту. Аўтар па-майстэрску раскрывае пачуцьці сваіх герояў — 17-цігадовага Валодзькі Мацкевіча, дзядзькі Піліпа Мацулевіча, Лукаша, Петруся Крыўца, Марцішонка і многіх іншых шараговых і афіцэраў баявога корпусу, якія таксама кавалі перамогу над фашызмам на перадавой.
Пасьля вайны Другі корпус перавялі ў Англію і паступова дэмабілізавалі. Пётра Сыч застаўся на эміграцыі, а тыя вайскоўцы, якія паверылі бальшавіцкай прапагань­дзе і вярнуліся на Беларусь, зноў былі рэпрэсаваныя. Да апошніх сваіх дзён Пётра Сыч жыў у Мюнхене, быў супрацоўнікам газеты «Бацькаўшчына», ягоны голас гучаў і на беларускай секцыі радыё «Вызваленьне». Ён выдаваў гумарыстычны часопіс «Шарсьцень». Як сьведчыць Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Пётра Сыч «меў багатую, чульлівую мастацкую натуру, адораную рознымі здольнасьцямі. Быў ён пісьменьнікам, і публіцыстам, і паэтам, і маляром — з задаткамі да скульптуры. На вялікі жаль, гэтыя здольнасьці не знайшлі належнага афармленьня ў істэматычнай адукацыі, культываваньні, і таму наш мастак да канца жыцьця застаўся мастаком-дылетантам. Жыцьцёвыя нягоды білі моцна нашага Петруся й не далі магчымасьці сканцэнтравацца, разьвіцца ў аднэй, найбольш адпаведнай яму галіне. Таму хіба-што на дне душы ягонай затаілася нейкая прыніжанасьць, няўпэўненасьць у свае сілы, а мо’ й крыўда на свой жыцьцёвы лёс»1 .
Беларуская проза на выгнаньні — гэта пераважна літаратура аднадумцаў-адра­джэнцаў, настрой якіх найлепш выявіў паэт-выгнаньнік Лявон Случанін у вершы «Ёсьць і нам чым ганарыцца», напісаным у 1942 годзе:

Ёсьць і нам чым ганарыцца —
Што маглі мы не згубіцца
Сярод хітрае маны.
На свабодзе, пад прымусам
Быў і будзе беларусам —
Скарбам самым даражэйшым —
Той, хто зваў сябе тутэйшым, —
Беларускі мірны люд.

Беларускіая літаратура эміграцыі сёньня вяртаецца да нас, шмат зрабіўшы дзеля мастацкага асэнсаваньня нацыянальнага быцьця і ў рэшце рэшт стаўшы часткай нашага літаратурнага працэсу і нашага духоўнага жыцьця.