12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Запрудскі

_____________________
Сіндром нацыянальнага імунадэфіцыту,
або чарговы nihil-выпад
у каліноўсказнаўстве


Перада мною – публікацыя, якая нядаўна пабачыла сьвет. Пад яе ўражаньнем нарадзілася назва артыкулу. Гэтыя мае развагі—суб’ектыўны водгук і спроба выяўленьня адпаведных “тэхналогіяў”. Ня маю намеру рабіць замах на свабоду інтэлектуальнага выбару і волю адстойваць яго, але зыходжу з таго, што на ўсіх мусіць распаўсюджвацца магчымасьць дыскутаваць і выказваць сваё меркаваньне.
“Меркаванне” пад такой рубрыкай у лютаўскім нумары часопісу “Беларуская думка” надрукаваны артыкул канды­да­та гістарычных навук, дацэнта Аляксандра Грон­ска­га “Кастусь Каліноўскі: канструяванне героя”. Ён відавочна быў прымеркаваны да 170-годдзя з дня нараджэньня рэва­люцыянера. У зьмесьце рэдакцыя палічыла неабходным даць матэрыялу, відаць, свой падзагаловак — “Палемічная трактоўка вобраза вядомай гістарычнай асобы” і такім чынам акрэсьліла ўласную плюралістычную пазіцыю.“Пад­ты­тул” выразна характарызуе ўстаноўку аўтара, які ў за­клю­чэньні канстатуе: “Менавіта ў выніку стварэння штучнага міфа польскі рэвалюцыянер-фанатык Вінцэнт Канстанты Каліноўскі ператварыўся ў “беларускага рэвалюцыйнага дэмакрата Кастуся Каліноўскага”. У 1868г. з Фларэнцыі Дастаеўскі пісаў філосафу Страхаву: “Вы пазьбягаеце палемікі? Дарэмна. Палеміка ёсьць надзвычай зручным спосабам высьвятленьня думкі; у нас публіка задужа любіць яе. Усе артыкулы, напрыклад, Бялінскага мелі форму палемічную. Прытым жа ў палеміцы можна выказаць тон часопісу і прымусіць яго паважаць”. Цытую невыпадкова. Няўжо рэдакцыя “Беларускай думкі”, публікуючы да юбілейнай даты “выкрывальны” матэрыял Гронскага, імкнулася “выказаць тон часопісу і прымусіць яго паважаць”?.. Ці, можа, яна, высьвятляючы ісьціну, хацела дагадзіць схільнасьцям пэўнай публікі?.. Хто ведае?..
Артыкул літаральна прасякнуты верай аўтара ва ўласную правату. І гэта добра. Дрэнна іншае: ігнараваньне таго факту, што паводле ключавых патрабаваньняў гістарызму непрымальная ня толькі мадэрнізацыя мінулага, супраць чаго і выступае гісторык, але і яго архаізацыя. Так, метадалагічна няслушна аб­малёўваць сітуацыю напярэдадні і ў час паўстаньня пераважна на падставе тэндэнцыйных “Архіўных матэрыялаў мураўёўскага музея, якія адносяцца да польскага паўстання 1863-1864гг. у межах Паўночна-Заходняга краю” (Вільня, 1913), як гэта назіраецца ў Гронскага. Яго “канцэпцыя” ўвогуле вызначаецца “архаічнасьцю”. Пра гэта сьведчыць ня толькі яўная “рэанімацыя” афіцыёзных расейскіх трактовак пасьляпаўстанскай пары, але і некаторыя выкарыстаныя крыніцы, якія фігуруюць пад гучным найменьнем “Літаратура”.
Ствараецца ўражаньне, што значная частка тэксту артыкулу была напісаная недзе ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, а затым, непасрэдна перад публікацыяй, ён “дапрацоўваўся”— у яго ледзь не механічна ўстаўляліся пазьнейшыя крыніцы. Чаму напрошваецца такі вывад?
Па-першае, фактар эстэтыкі чарнавіка, што выразна адлюстравалася ў спасыл­ках. Каб ня быць галаслоўным, прывяду канкрэтную цытату: “Адзін з паўстанцаў-кансерватараў Я.Гейштар, які не падтрымліваў “хлапаманскія” (гэта значыць селяніналюбівыя) устаноўкі Каліноўскага, называў яго патрыётам [10, c. 124]. Наўрад ці чалавек, які дастаткова добра ведаў погляды Каліноўскага і шмат разоў спрачаўся з ім, не адзначыў бы яго беларускую арыентацыю. Наадварот, Я.Гейштар толькі падкрэслівае польскі патрыятызм, які ён вызнаваў. Ды і іншыя ўдзельнікі паўстання таксама не знаходзілі ў дзейнасці Каліноўскага ніякага беларускага складніка [13, с. 142]. Такім чынам, сучаснікі Каліноўскага не бачылі ў яго дзейнасці нічога беларускага, а польскае заўважалі многія”. 10-я пазіцыя— даўняя манаграфія М.Міско “Польскае паўстанне 1863г.” (Масква, 1962)— сьведчыць не пра “звышкарэктнасьць” аўтара, а пра тое, што ён пераважна пераказвае думкі іншых, а не абапіраецца на першакрыніцы. У дадзеным выпадку больш лагічнай была б спасылка непасрэдна на ўспаміны Я.Гейштара, апублікаваныя, дарэчы, у зборніку “К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия” (Мінск, 1988), які фігуруе ў “Літаратуры” пад нумарам 13. Знамянальна, што на пазначанай Гронскім 142-й старонцы гэтай кнігі зьмешчаныя паказаньні Э.Заблоцкага, якія ня толькі не пацьвярджаюць, але і ня маюць ніякага дачыненьня да вываду гісторыка аб адсутнасьці, па меркаваньні ўдзельнікаў паўстаньня, “у дзейнасці Каліноўскага ... беларускага складніка”. І на такім хісткім грунце “прынцыповы” дасьледчык выбудоўвае свае канцэптуальныя высновы. Гэта тое, што называецца як зроблена.
Па-другое, у 1990г. у “ЛіМе” апублікаваны артыкул В.Шалькевіча “Ля выто­каў: Пра першы артыкул на беларускай мове, прысвечаны К.Каліноўскаму”, а неўзабаве быў надрукаваны палемічны артыкул У.Казьберука “Маякі і міражы: Ля вытокаў беларускага нацыянальнага адраджэння”, у якім аўтар з пазіцыяў рэвізіянізму зірнуў на некаторыя пастулаты тагачаснага каліноўсказнаўства. Пазьней у друку распачалася ажыўленая дыскусія пра сьветапогляд, нацыянальнае самаўсьведамленьне і значэньне дзейнасьці і спадчыны рэвалюцыянера ў нашай гісторыі і культуры. Паказальна, што матэрыялы той палемікі “візуальна” зу­сім не адлюстраваныя ў артыкуле Гронскага. І гэта пры тым, што пафас бе­ларускадумкаўскага аўтара сугучны, скажам, казьберукоўскаму пафасу, у іх амаль аднолькавы ракурс бачаньня ці пункт гледжаньня. Аднак праз шмат гадоў Гронскі нічога новага не дадаў да таго, што раней сьцьвярджаў Казьбярук. Гісторык прапануе своеасаблівыя варыяцыі на тэму, адметны план-кансьпект колішняй дыскусіі, але без указаньня імёнаў “рэальных” папярэднікаў. Вось такая метадалогія аналізу. Таму згадаўся тэарэтык М.Бельчыкаў, які пісаў: “Чытаючы такое “даследаванне”, увесь час адчуваеш нібы ваганне глебы: то адзін стыль— лаканічны, строгі, тэмпераментны, то іншы— задуменны, нерашучы, шукальны. Але спасылак няма, і “рознафарбнасць” аўтарскай палітры раздражняе, бо маеш справу з увогуле “тонкай” работай, пра якую трапна сказаў некалі Ілья Ільф: “не ўкрадзена і ў той жа час не сваё”. У нашым выпадку спасылкі нібыта ёсьць, ды гэта, як было праілюстравана, ня вельмі мяняе сутнасьць справы.
Казьбярук пісаў: “Паступова мы наблізіліся да складанага пытання: ці лічыў сябе беларусам сам К.Каліноўскі? Ці думаў ён пра Беларусь як пра нешта адметнае, нацыянальна самабытнае і адрознае? Інакш кажучы, ці ўяўляліся яму беларусы ў якасці самабытнай нацыі? Пацвярджэнне гэтага мы не знойдзем у “Мужыцкай праўдзе”. Гронскі нібы разгортвае думку: “Чаму ж “беларускі нацыяналіст” К.Каліноўскі падтрымліваў шчыльныя сувязі з прадстаўнікамі Варшавы? Ці не таму, што ён усё ж быў палякам па крыві, па культуры і, самае галоўнае, па менталітэту. Нават калі ён і бачыў Літву незалежнай ад Польшчы, то толькі як “другую Польшчу”— дзяржаву сялян, якія вызнаюць утапічны сацыялізм і маюць польскую самасвядомасць”. Эмацыйна, нават тэмпераментна, але непераканаўча. Прэтэндуючы на інавацыйнасьць, апераваць катэгорыямі ўмоўнага ладу ў дачы­неньні да гісторыі— значыць, нягледзячы на пэўны навуковы апарат, займацца казуістыкай, выяўляць спрыт пры доказе чагосьці непраўдзівага. Ня страшна, што Гронскі выступае ў ролі “адкрывальніка” даўно вынайдзеных веласіпедаў, горш, калі ён пачынае безадказна фальсіфікаваць факты: “Каліноўскі— паляк па менталітэту...” На якой падставе зроблены такі вывад?
Ці лічылі сябе беларусамі Скарына, Сімяон Полацкі, аўтары песенна-інтым­най лірыкі ХVІІІст., Дунін-Марцінкевіч і многія іншыя? Гэта блізу тое ж самае, як высьвятляць, ці лічылі сябе амерыканцамі дакалумбаўскія індзейцы?
Бянтэжыць прымітыўная наўпроставая нацыянальная ідэнтыфікацыя нашых продкаў, якая прапаноўваецца некаторымі дасьледчыкамі. Продкі жылі ў Рэчы Паспалітай, а затым гвалтоўна сталі падданымі Расійскай імперыі. За больш чым 200-гадовае існаваньне шляхецкай рэспублікі не магла не ўтварыцца і ўтварылася пэўная мэтаэтнічная супольнасьць, якая ахоплівала некалькі асноўных этнічных кампанентаў і атрымала агульную назву польскі народ. Тут сінекдаха— назва часткі выкарыстоўвалася для назвы цэлага. Кожны з этнічных кампанентаў у сваю чаргу складаўся з асобных элементаў: уласнапольскі— мазуры, малапаляне і інш., беларускі— літвіны, беларусы, палешукі, літоўскі— аўкштайты і жмудзіны, украінскі..., латышскі... і нямецкі... Гэтая супольнасьць, намінаваная польскім народам, заўсёды была сукупнасьцю этнасаў і знаходзілася ў зьменлівым стане пераходу, таксама як і нядаўняя гістарычная супольнасьць савецкі народ. Кожны савецкі грамадзянін за мяжою называўся рускім, таму, па сутнасьці, і саманазоў паляк, якім карысталіся нашыя землякі ў ХІХст., быў ня столькі нацыянальным самавызначэньнем, колькі рудыментам этнапалітычнай агульнасьці, зьвязанай са зьнішчаным дзяржаўным утварэньнем— Рэччу Паспалітай. У ёй, дарэчы, шляхта ўвогуле была адметнай этнасацыяльнай кастай, прадстаўнікі якой, аднак, ніколі не гублялі ўяўленьня пра сваю лучнасьць з уласна этнічным (сялянскім) кампанентам. Таму больш чым легкадумна, калі (ці не знарок?) блытаецца ідэалагічна абумоўлены модус-саманазоў, нацыянальнае самаўсьведамленьне і этнічная самаідэнтыфікацыя.
Нават такі пасьлядоўны прыхільнік заходнерусізму, як Я.Карскі заўважыў, што ў творчай спадчыне Каліноўскага зафіксавана ўяўленьне пра свой уласны і чужыя народы. Акадэмік пісаў пра другі нумар “Мужыцкай праўды”: “Аўтар праводзіць тую думку, што суседзі Беларусі, маскалі і немцы, ворагі. Палякі хацелі ім дабра. Мужыкі гэта зразумелі і пад началам Касцюшкі распачалі бунт, але ён не ўдаўся”. У “Мужыцкай праўдзе” сапраўды няма этноніма “беларус”, але ёсьць тое, што можна акрэсьліць як “мы— і іншыя”.
Цяпер паразважаем пра намер і мэту дасьледчыка. З матэрыялу Гронскага вынікае, што нейкія неакрэсьленыя сілы ў Беларусі зацікаўленыя хаваць гістарычную праўду ад народу. Гісторык піша: “І сёння многім выгадна працягваць паўтараць догмы, якія ўстаяліся, бо ў адваротным выпадку прыйдзецца перапісаць практычна ўсю гісторыю Беларускага краю ў складзе Расійскай імперыі і наноў расставіць некаторыя акцэнты”. Зададзімся заканамерным пытаньнем: “Каму гэта выгадна?” Уладам? Не! У такім разе, мусіць, некаторым гісторыкам, якія наўмысна ня згадваюць нейкія кампраметыўныя матэрыялы, падмяняюць акцэнты? Не! Ва ўсякім разе, іх імёны аўтарам не называюцца. Рэальны апанент у “палемічнай трактоўцы” Гронскага адсутнічае. Несур’ёзна бачыць яго ў асобе В.Ластоўскага, які ў 1916г. упершыню ўвёў імя Каліноўскага ў беларускі кантэкст. Даўно, і ня Гронскім, сказана, што зрабіў ён гэта “некарэктна”. Ня можа разглядацца як апа­нент і Г.Кісялёў, якога аўтар у пачатку свайго опуса абвінаваціў у імкненьні “выдаць жаданае за рэальнае”. І гэта зроблена на падставе караценькай цытаты з “юбілейнага” артыкулу, зьмешчанага ў матэрыялах гарадзенскай канферэн­цыі 20-га­довай даўніны. Заўважу, што грунтоўныя працы Г.Кісялёва і В.Шалькевіча “па-навуковаму” ігнаруюцца Гронскім. Такім чынам, апанент у прынцыпе непатрэбны.
Значыць, напаўпраўда, якая ёсьць варыянтам хлусьні, існуе нібы сама па сабе, у абстракцыі. І з гэтым ветраком, адпаведным чынам адбіраючы факты, бярэцца змагацца шаноўны гісторык. Напрошваецца вывад, што пад сьцягам барацьбы з дагматызмам у навуцы і канкрэтным гістарычным “міфам”, паўсталым з-за імкненьня “штучна стварыць беларускага ідала”, бачыцца ўсяго толькі жаданьне аўтара адшукаць ўласныя дывідэнды. Ці ня гэта найперш і рухала ім? Гронскі абірае надзвычай камфортны прынцып “крытычнага” аналізу: паўтарае тое, што ўжо было сказана шмат гадоў таму. Гэта, зразумела, не патрабуе ні вялікага напружаньня, ні грунтоўных ведаў, а, па вялікім рахунку, і асаблівай адказнасьці. У 1923г., акурат калі пабачыла сьвет першая беларуская гістарычная драма Е.Міровіча “Кастусь Каліноўскі”, літаратуразнаўца А.Бялецкі пісаў: “Чаго б там ні каштавала атрымаць патэнт піянера ў недаследаваных нікім нетрах, ствараць свае сістэмы, не здагадваючыся ці не жадаючы здагадвацца пра існаванне іншых, нярэдка дужа салідных сістэм, жаданне гаварыць словы абавязкова новыя, хаця б насамрэч яны даўно і важка былі іншымі сказаны”. Маем канкрэтнае пацьвярджэньне актуальнасьці выказанай думкі.
Гуманітарныя веды, незалежна ад волі асобных людзей, так ці інакш грун­туюцца на разнастайных тыпалогіях і аналогіях. Часам цяжка процістаяць звабнасьці экстрапаляцыяў, калі нейкі сучасны погляд на рэчы праецыруецца на мінулыя эпохі. Дарэчы, якраз па гэтай прычыне імя Каліноўскага было сьпецыфічным чынам “рэабілітавана” ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аднак, без сумненьня, у гісторыі бліжэйшых суседзяў— рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў— няма постацяў супараўнальных з нашым Каліноўскім. Ці не таму з зайздроснай рэгулярнасьцю знаходзяцца “рэвізоры” для “міфаў”, або беларускіх уяўленьняў пра слаўнага земляка? І ці варта паддавацца ўзь­дзеяньню “мікробаў” нацыянальнага імунадэфіцыту, якія зьніжаюць стойкасьць арганізму нацыі, імкнучыся аслабіць яе самаахоўныя функцыі ў імя прыватных інтарэсаў?