12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ян Збажына

_____________________
Пыл саркафагаў.

Імпрэсіі


МЕЧ ГЛАДЫЯТАРА

Паэма


Не глядзіце на Сонца!

Вашым начным вачам

хопіць і сьвятла Поўні.

Фрыдрых Ніцшэ.


Чаго вартыя багацьце і пасады, калі яны атрыманыя ня ў спадчыну, а здабытыя мазалямі і простай хадою часу. Кар’ерысты марнасьці — марыянеткі маралі, на калені перад грамадскім! Толькі на каленях вы здольныя задзіраць адзін перад адным галовы.

Вы гуляеце ў жыцьцё, як у тэатры п’есы Шэксьпіра. Мне ж даспадобы амфітэатры Нерона. На іх пяску дзеючыя асобы сапраўды паміраюць і перамагаюць, хвалююцца і кахаюць... і цешацца, калі перажывуць фінал апошняга дзеяньня сваёй п’есы.

Вы, майстры сцэны, толькі акторы, вычварэнцы саміх сябе. А яшчэ пытаецеся, чаму я не карыстаюся агульнаю шклянкаю, а п’ю з пляшкі і абавязкова ў адзіноце.

Я ня бачу вас. Вы яшчэ не памерлі, але так і не нарадзіліся. Дзе вы?

Я магу ўспрымаць вас праз пакуты трапезы думак, праз абсмактаны ўшчэнт інтэлект, які вы называеце маральлю. Тады ўвесь сьвет пера­твараецца ў амфісцэну. Як гэта прыгожа! Жывая карцінка вашага выяўленьня: сваркі і бойкі між дзяржавамі, народамі, класамі...

Натоўп патрабуе відовішчаў (ён стаміўся ад муляжу замест хлеба) і гукае цэзара.

Я ўглядаюся ў любоў і нянавісьць, і ня бачу дабра і зла. А вы між любоўю да жыцьця і веданьнем пра сьмерць знайшлі абгрызеную костку і прагнеце выгрызьці з яе мяса. Кожны з вас павінен любіць бліжняга, а вы блытаеце любоў з самаахвярнасьцю.

Кажу вам: меч гладыятара — гэта пэндзаль, якім фарбуюць жыцьцё, а ня сьвет у колер жыцьця!

Цукерка і вуха з прывідам

Аповяд


Алёне ЗАХАРЭВІЧ

1.

Высновы, зробленыя ў гэтым аповедзе, маюць свой выток у часах маёй блазноты, дакладней – у часах майго непісьменства, прыкладна да трох гадоў, бо пазьней я даволі хутка чытаў па літарах.

Аточанасьць вакол мяне была выключна беларускамоўнай: бабуля і дзядуля, бацькі, сябрукі з завулку – дзеці ўцекачоў ад бальшавіцкага раю ў прыгонным калгасе. Дзіцячых тэлепраграмаў было мала, ды і гля­дзець іх дазвалялі не штодзённа. Мульці-пульці больш успрымаліся вачыма, а не на слых. Выпадкова пачутаму расейскаму слову ўвагі ў маёй дзіцячай сьвядомасьці не надавалася. Каб не адзін выпадак, дзякуючы якому я зразумеў, што, акрамя матчынага слова, існуе “великий и могучий русский язык”.

Відаць, я быў жвавым хлапчуком, за што аднойчы ў аўтобусе і атрымаў ад грудастай цёткі цукерку. Засоўваючы яе ў рот, я звыкла адказаў “Дзякуй” і пачаў чвякаць.

– Что надо сказать за конфетку, деточка? – дапытвалася ў мяне грудастая. Я яшчэ некалькі разоў казаў “дзякуй”, але яна, відавочна, была не з майго завулку. Не разумеючы, што ад мяне патрабуюць, я працягнуў руку па яшчэ адзін ласунак. “Все они такие, белорусы, – зьвяртаючыся да пасажыраў, заенчыла цыцкастая, – с детства попрошайки, даже и не поблагодарят,” – і пачала тыцкаць у мяне пальцам. Тады я паказаў цётцы дулю. Мая маці пачырванела, але потым і мы з цётухнай пачырванелі амаль адначасна. Я – ад таго, што маці балюча закруціла маё вуха, яна, калі выплюнутая цукерка трапіла цётцы якраз між дэкальтаваных грудзей. З усіх бакоў пачуўся рогат, а я заенчыў. Каб зьняць напругу, цётачка нешта пачала мармытаць, а потым распытваць у мяне, як размаўляюць жывёлы. Я ня надта быў ахвочы працягваць знаёмства далей. Нават адшуканая за станікам і вернутая мне нейкім дзядулем-рагатуном з бляшанкамі на фрэнчы цукерка не спакушала да шчырай размовы. І, ужо нікому ня дзякуючы, я далікатна паклаў сьлізкі ласунак зноў у цётачцын станік, і скоса зірнуўшы на маці, навастрыў вушы.

Мяне болей не калашмацілі, і я адказваў на запытаньні без абавы. Ня ведаў толькі як гаворыць “петух”, бо бачыў толькі пеўняў. “А собачка?” – працягвала пералік цётачка.

– Ггаў, ггаў, – адказваў я.

– Не гяав, а гав, гав, – перабрахала мяне гаспадыня цукеркі за станікам.

І, як апошні аргумент, у адказ я зрабіў тое, што мы, дзеці, рабілі заўжды на завулку, калі кагосьці з нас перакрыўлівалі... Як вынік, маці была вы­мушаная выцягнуць мяне за вуха з аўтобусу за некалькі прыпынкаў да патрэбнага, а дома чакала пакараньне.

Так несьвядома я і ўцяміў, што часам “лаять” куды бясьпечней, чым брахаць.

2.

Гэта здарылася на вялікім перапынку ў фае школы. Тады мы, першакласьнікі, пад’еўшы, гулялі ў бэрака сярод гіпсавых ільічоў рознага ўзросту і позаў. Уцякаючы, я зачапіў аднаго з іх, і ён ад неспадзяванкі раструшчыўся на дробныя кавалачкі на падлозе.

– А-а-а-а-а... Янка правадыра забіў! – перапалохана разьбегліся хто куды мае аднакласьнікі.

Чырванець мне ўжо не было калі, і я адразу перайшоў да плачу. Дарэчы, своечасова, бо ў гэты ж момант прывідам зьявілася дырэктарка школы. Ухапіўшы мяне за каўнер і прыхапіўшы вуха, яна пачала вытрасаць з мяне прабачэньні. З боку гэта нагадвала навучэньне шчанючка сама­стойна хлябтаць малако, тыцкаючы яго мордаю ў талерачку. Толькі замест малака бялелі гіпсавыя кавалкі таго, хто любіў агулам дзяцей усіх часоў і народаў. Патрушчаная рука гэтага заклапочанага любоўю чалавека ацалелым кавалкам зьдзекліва паказвала мне на выхад са школы.

Вучні былі больш простымі на словы. “Янка – вораг народа!”– крычалі мае сябрукі, паказвалі язык і хаваліся за калонамі, якія апекавалі ільічоў.

Адбрэхвацца я навучыўся яшчэ раней, чым гаварыць. Але мая завулкавая мова была непераканаўчым аргументам – яна не стасавалася да мовы маёй гіпсавай ахвяры, што яшчэ больш разьюшыла выхавацельку. Усе мае доказы ў абарону будаваліся на відавочным прыкладзе. Я запэўніваў, што дзядулька Ленін старэнькі і, тым больш, быў на добрым падпітку з нагоды свайго нядаўняга юбілею, ну, зусім як парторг школы, настаўнік музыкі і сьпеваў (ну, той, з якім дырэктарка кожны вечар зачынялася ў “прадлёнцы”, але бяз музыкі і сьпеваў, бо свой гармонік першы сябар акцябратаў падраў, чарговы раз падаючы нападпітку). Але нават і падраны гармонік, якога я клікаў за сьведку, не пераканаў у маёй беззаганнасьці.

Каўнер, саромеючыся мяне, пакінуў мой фрэнчык, і ўвесь цяжар маёй бянёхі завіс на адным вуху.

Дзьверы майго класу адчыніліся, і адтуль, марскаючы ў розныя бакі падручнікі і сшыткі, выляцеў мой партфель, а за ім усьлед – ушчэнт падраны дзёньнік, які першым паспытаў справядлівага абурэньня. У іншым выпадку я ўзрадаваўся б таму, як абышліся з маім “стукачом”, але, як я заўважыў, сярод выкінутых рэчаў не было майго новенькага пеналу з алоўкамі, асадкаю і сьціркаю, не было і “зьменкі”.

Адпусьціўшы нарэшце вуха і кінуўшы каўнерам мне ў твар, дырэктарка паімчала ў кабінет выклікаць маіх бацькоў. Я перастаў румзаць.

Але ні мяне са школы, ні маіх бацькоў з працы ня выгналі. Яны далі дырэктарцы грошы аж на пяць новых ільічоў, новы гармонік і забыліся ў яе кабінеце пакунак. Справу ніхто “шыць” ня стаў, толькі маці прышыла каўнерык, а ў новым дзёньніку не было ніводнай дрэннай адзнакі і заўвагі.

Мяне пачалі ставіць у прыклад як героя, які, не шкадуючы ўласнага вуха, спрабаваў падхапіць падаючага Ільіча.

Прайшоў час. Гіпсавыя кавалкі сьпісалі на дошках замест крэйды, маю “зьменку” знасіў стараста класу, а пенал згубіла мая першая настаўніца.

Яшчэ праз пэўны час раптоўна зьніклі некуды ўсе ільічы, і пра вуха маё забыліся.

Здавалася, на гэтым усё і скончыцца, але...

Але... нельга вырасьці з фрэнчыка, у якім хоць аднойчы быў адарваны каўнер.

Ад часу гэтага выпадку мая школа была прызнаная самым небясьпечным месцам у горадзе і трапіла пад падазрэньне. Засьцерагаючыся, каб каго яшчэ не ператварылі ў кавалкі, школу зачынілі і для канчатковай бясьпекі разьмясьцілі ў ёй людзей у пагонах, маючы рацыю ў тым, што ў іх галовах нічога акрамя інструкцыяў і загадаў не адлюструецца.

Папаўзьлі чуткі, што ня ўсе кавалкі сьпісалі на дошцы, а большасьць з іх захоўвалі патаемна і цяпер склеілі. Праўда, за недахопам часткі кавалачкаў, бюст атрымаўся не зусім Ільіча, але, галоўнае, захавалася рука, якая паказвае ў “правільным” накірунку...