12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Пятро Жаўняровіч

_____________________
Няўдалае прызямленьне "Хрыста" ў Санкт-Пецярбурзе. Крытычныя нататкі

Што такое пераклад твору? Пераказ зьместу на іншай мове? Пераства­рэнь­­не? Суаўтарства перакладчыка і мастака слова?
Адказ на гэтыя няпростыя пытаньні вымагае глыбокага пранікненьня ў тво­р­чую майстэрню перакладчыка, у найвышэйшай ступені грунтоўна за­бясь­пе­­чаную веданьнем дзьвюх сістэмаў, якімі і зьяўляюцца мова арыгінала і мо­ва пе­ра­кладу. Акрамя таго, узяўшы на сябе сьмеласьць працаваць з канк­рэт­ным тво­рам, перакладчык вымушаны заглыбіцца ў канцэптуальны сьвет мас­тацкай тка­ніны, перадаць жывое дыханьне часу, захаваць стылістычныя аса­блівасьці тэк­сту.
Яшчэ большая адказнасьць паўстае падчас перакладу твораў класічнай лі­та­ратуры, да ліку якіх бясспрэчна належыць раман Уладзіміра Караткевіча «Хрыс­­тос прызямліўся ў Гародні». Беручы пад увагу тое, што мовай пера­кла­ду ста­­ла руская – ня толькі прыналежная да адной усходнеславянскай пад­гру­пы мо­­ваў і з гэтай прычыны блізкая да беларускай, але і адна з самых пашы­ра­ных перш за ўсё на прасторы СНД, можна зразумець той цяжар, які па­спра­баваў уз­ва­ліць на сябе перакладчык Аляксандр Сурнін. Ён у пасьляслоўі «Сло­во от пере­вод­­чика...» прызнаецца: «Думаю, можна ўявіць, якую скла­да­ную і адказную за­да­­чу я паставіў перад сабой, узяўшыся за пераклад «Хры­с­та», а калі я сам гэта ўсьвя­доміў, было позна – працэс пайшоў». Мяркуем, што як ніколі ня позна па­чы­наць нейкую працу, так ніколі ня позна яе спы­ніць, бо высакародныя мэты не заў­сёды прыводзяць да пажаданага выніку, на ка­рысьць чаго сьведчаць і шмат­лі­­кія непрадбачаныя грамадскія ўзрушэньні, вы­кліканыя непрадуманымі дзе­янь­­нямі некаторых палітычных ідэалістаў.
Караткевіч сам перакладаў і паэзію, і драматургію, і прозу, напісаў рэ­­цэнзіі на пераклады твораў Байрана, «Фаўста» Гётэ, на зборнік перакладаў «Да­­лягляды» і залічваў перакладчыцкую дзейнасьць да своеасаблівага віду лі­та­ра­турнай творчасьці. Выказаўся пісьменьнік і наконт перакладаў сваіх тво­раў: «Пераклады заўсёды некалькі страчваюць сакавітасьць твору. На мой по­гляд, іх павінны рабіць людзі ня толькі аднолькавыя па майстэрстве, але і па духу. Таму добрых перакладаў мала».
Праца над перакладам названага твору – вельмі складаная рэч, пры гэ­тым недастаткова толькі валоданьня абедзьвюма мовамі, а патрэбны рознаба­ковыя веды з гісторыі, геаграфіі, тэалогіі, этнаграфіі, фальклору, літа­рату­ра­знаўства і г. д. Не выпадкова Валянціна Шчадрына, перакладчык на рускую многіх пра­заічных твораў У.Караткевіча (у т. л. раманаў «Каласы пад сяр­пом тваім», «Чорны замак Альшанскі», аповесьцяў «Дзікае паляваньне ка­ра­ля Стаха», «Зброя» і інш.), не ўзяла на сябе адказнасьці перакладаць «Хрыс­та». Упершыню пераклад рамана на рускую мову, вельмі скарочаны і не зу­сім удалы, быў апублікаваны ў № 11–12 часопісу «Нёман» за 1966 г. Варта нагадаць, што ў той час над перакладчыкам Навумам Кісьлікам, у дадатак да ўсяго іншага, вісеў і ідэ­алагічны меч – атэістычны, які не садзейнічаў паўна­вар­таснай працы з тво­рам. Сёньня ж гэты меч ня толькі не перашкаджае, а нават да­па­магае пераклад­чы­ку (вазьміце хаця б шматлікія кнігі і фільмы на біб­лей­скія тэмы і пра хрысь­ці­янскія каштоўнасьці).

* * *
Раман «Христос приземлился в Гродно» выдадзены ў Санкт-Пецярбур­зе выдавецтвам «Амфора» ў гэтым годзе. Нават падчас першага знаёмства з кнігай (звычайнага перагортваньня старонак) узьнікае два пытаньні. Сьвядомы выбар Караткевіча нумарацыі разьдзелаў рымскімі лічбамі пе­ра­роблены пераклад­чы­кам альбо выдавецтвам: у перакладзенай кнізе выка­рыс­та­ны арабскія, якія па­чалі выкарыстоў­вацца ў Еўропе толькі з канца ХV ст. і ў ХVІ наўрад ці маглі шырока распаўсю­дзіцца на тэрыторыі Беларусі. Назва раману ўтрымлівае найменьне гораду, якога не існавала ў ХVІ ст. (Гора­дзен, Горадня, Гародня, а не Гродно).
Далейшае чытаньне раману выклікае ўжо не пытаньні, а неўразу­мень­не: няўжо такое магчыма? Як здарылася так, што «сыры», не адрэдагаваны сьпе­цы­ялістамі, ня вычытаны знаўцамі беларускай і рускай моваў тэкст мог трапіць на паліцы кнігарняў? У рускамоўным рамане адсутнічае мена­ві­та сістэма – лек­січны паралелізм, абавязковы ў перакладным творы і таму най­больш дзей­сны з мэтай захаваньня зьместу і аўтарскай канцэпцыі.
Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што А.Сурнін ўсё ж такі заўважае не­­каторыя стылістычныя хібы арыгіналу і спрабуе іх ліквідаваць. Лічым, ме­ла падставы Алена Васілевіч на наступнае меркаваньне: «Фантасмагорыя са­мых не­верагодных праяваў і вобразаў сядлала яго [Караткевіча. – П. Ж.] уяў­леньне, і яно, як дзікае паляваньне караля Стаха, неслася, неслася, імчала на­перад, не прыпыняючыся і не аглядваючыся, не зьвяртаючы ўвагі ні на што на сваёй да­ро­зе... Таму, напэўна, не выпадкова, што пры ўсёй сваёй такой кра­са­моўнай вы­разнасьці, мастацкае палатно Караткеві­чавай прозы часам не, не дый спыніць зрок на моўнай хібе, зьдзівіць недакладнасьцю, а часам і вель­мі прыблізнай псі­ха­лагічнай характарыстыкай». І перакладчык, напрыклад, раз­на­стаіць афар­м­лень­не фразы ў дыялогах, прапануючы замены неабгрунта­ва­на па­шы­ранаму ў пісь­меньніка дзеяслову маўленьня сказаць, зьмяняе пара­дак словаў у сказах з няўдала выкарыстанымі займеньнікамі 3-й асобы (ён, яна, яно, яны). Але ня гэта ста­новіцца вызначальным для перакладу.

* * *
Пачнём з таго, што ў пераважнай большасьці перакладных твораў оні­мы (ан­­трапонімы, тапонімы, гідронімы і інш.) па магчымасьці захоўваюцца бяз зьме­­наў (выкарыстоўваецца так званы фанетычны ўзровень перакладу). Ка­лі б было па-іншаму, то мы маглі б вычытаць, да прыкладу, назву расей­ска­га гораду Се­вераморск як Паўночнаморск. Перакладчык тут знаходзіцца нібы па­ся­рэдзіне агульнапрынятай плыні, зьмяняючы такія лексемы на свой густ: з ад­наго бо­ку, Мен­ска і менские, Смаллянах і смаллянских, Юрась, Ильюк, Жиг­монт, Цык­­мун, з другога – Гродно (аўт. Гародня), Гродничанку (аўт. Гарад­ні­чан­ку), Новогрудок (аўт. Наваградак), логойских (аўт. лагожаскіх са знос­кай ла­гой­скіх), Киприан (аўт. Цыпрыян), Ус (аўт. Вус), Иоанновой голубятни (аўт. Янавай галубятні), Яв­туху (аўт. Аўтуху), Фаддеем (аўт. Тадэем), у вы­ні­ку ча­го парушаецца пара­ле­лізм арыгінальнага і перакладнога тэкстаў.
Падобнае сустракаецца практычна на працягу ўсяго раману ў дачы­нень­ні і да іншых лексемаў. Так, напачатку перакладчык замяняе магнат, маг­нацкі, магнацтва на господин, господский, господа, знать (сс. 31, 32, 36, 42, 46...), а на с. 67 быццам спахопліваецца і выкарыстоўвае ўжо магнат; адразу, на с. 8, чытаем, што «Каратке­ві­ча­вы» цмокі вымерли, а потым, на с. 10, – грома­ди­­на... сдохла (аўт. двойчы здохнуць).
Шматлікія гістарызмы недаравальна зьмененыя перакладчыкам, як бы асу­часьненыя: яны ў «Хрысьце» выконваюць вызначальную ролю ў захавань­ні гіс­та­рыч­най праўды і каларыту эпохі. Да прыкладу лаўнікі, радцы, ратнікі, коп­ны суд, лаўнічы суд... адвольна перакладзеныя як присяжные, советники, вы­ездной суд, думский суд… Адсутнічае аднастайнасьць у перакладзе лек­се­мы кап­ліца. У боль­шасьці выпадкаў выбіраецца капелла (с. 34, 35, 39, 56...), што ня можа быць пры­нята хаця б з прычыны аднесенасьці значэньня гэтага сло­ва толькі да ката­ліц­кай (англіканскай) архітэктуры (гл. «Словарь русского язы­­ка»1 , т. 2, с. 28), а ў рамане фігуруе таксама і праваслаўная. Выбар пера­клад­чыка павінен быў бы спыніцца на слове часовня (т. 4, с. 653: ЧАСОВНЯ. Не­боль­шое церковное здание без алтаря), што ён і робіць на с. 76 (с ча­со­вен­кой, аўт. з каплічкай), але ў гэтым выпадку, магчыма, з-за боязі ўтварыць па­мян­шальную форму ад сваёй капеллы.
Незразумела таксама, чаму перакладчык з гакаўніцы робіць пищаль (с. 137) або дубину (с. 593), чаму доўбні ператварае то ў молоты (с. 63), то ў ду­бин­ки, якімі (што вельмі сумніўна ў дачыненьні менавіта да дубінак!) нес­под­ручно было действовать в тесноте (с. 80), чаму нівелюе разнастайныя най­мень­ні ін­шай зброі, у прыватнасьці татарскай.
У рамане пісьменнік выкарыстоўвае лексемы манах і мніх, хлоп і пле­бей. Пера­кладчык жа, звужаючы лексічную разнастайнасьць раману, зьмяняе мніха і плебея на монаха і хлопа зусім без падставы, бо руская мова мае ў сва­ім ар­се­нале гэтыя лексемы: «мних, уст.» (т. 2, с. 280) і «плебей, ист.» (т. 3, с. 137), а сты­лістычныя паметы якраз дарэчы. Тое ж можна канстатаваць і ў адносінах да на­зоўніка змій, які замяняецца змеем. Такі падыход зусім не­ап­раўданы, бо перакладчык ужо і так замяніў беларускіх цмокаў на тых жа змеяў, а ёсьць яшчэ змеі-паўзуны!
Удумлівы чытач на с. 44. абавязкова сутыкнецца з фразай могут пой­мать панские пауки. Зусім неідэнтычны пераклад з-за няведаньня гістарыч­ных рэ­а­ліяў, дзе пад Сурнінавай субстантыўнай метафарай пауки можна разу­мець каго заў­годна. Аўтарскі тэкст: могуць спаймаць панскія паюкі. Пера­клад­чыку трэба было пакінуць паюки1 і даць зноску: «1 Паюк – личный страж магната, служ­ка, сол­дат придворной гвардии». Той жа паюк на с. 66 ператварыўся ў гла­ша­­тая!
Рада перакладзеная А.Сурніным як совет, чуга – як кафтан. Але да­стат­кова зазір­нуць у тэкст раману «Каласы пад сярпом тва­ім» у перакладзе В.Шчад­рыной і заўважыць, што гэтыя словы пакінутыя без перакладу і нават бяз зносак.
На першы погляд можа здацца, што сказ на с. 32 Тут хоть поштучно по­ку­пай, хоть горстью нічым асаблівым не вызначаецца. Але гэта толькі да та­го мо­манту, пакуль не зазірнеш у арыгінал – Тут хочаш бэркаўцам купляй, хо­чаш – жменяй. Якраз бэркаўцам – зусім не поштучно, бо гэта мера вагі бы­ла рас­паў­сюджаная і на расейскай тэрыторыі і складала аж дзесяць (!) пудоў (гл. т. 1, с. 80).

* * *
Адчуваецца павярхоўнае веданьне перакладчыкам беларускай мовы, што най­больш яскрава выяўляецца, у прыватнасьці, тады, калі немагчыма знай­­­сьці адпаведнае слова ў перакладным слоўніку. Прааналізуем наступныя прыклады.
На с. 8. знаходзім преподобный Амброзий Куцеянский, аўт. прападоб­ны Амбражэй Куцеянскі. Няведаньне перакладчыкам існаваньня Аршанскага Ку­цеінскага Богаяўленскага манастыра і друкарні пры ім выклікала жахлівае напі­сань­не і, адпаведна, пачварнае вымаўленьне ў рускай мове [куцэjанск’иj], дзе гук [ц] – зацьвярдзелы (атрымалася, што прыметнік Куцеянский, верагодна, ут­во­раны ад куцый). Правільны пераклад: преподобный Амброзий [Амбражей] Ку­теинский [Кутеянский]».
На с. 32. – Болела с похмелья голова: вчера хорошо помолились богу Бор­­цу, которому деревенские жители и поныне ставят в жертву возле све­пе­тов1 бе­резовик и разбавленный водою мёд, имя которого при отцах духов­ных вы­мол­вить – спаси и помилуй нас, Пан Иисус. Зноска: 1 Свепет – пчели­ный рой. Аў­тар­скі тэкст: Балела з пахмельля галава: учора добра памаліліся бо­гу Борцю, яко­му па вёсках і дагэтуль ставяць у ахвяру ля сьвепетаў1 бяро­за­вік і разьведзены ва­дою мёд, імя якога пры айцах духоўных вымавіць – зьлітуй­ся і ўратуй нас, пан Езус. Зноска: 1 Сьвепет – борць, або пчаліны бортны рой. Ня­ве­даньне пера­клад­чы­кам зафіксаванага ў рускім слоўніку слова БОРТЬ. Устар. (Т. 1, с. 109) і зьме­на аўтарскай зноскі выклікала недарэчнае напісань­не імя паганскага бога: Бо­рец (дав. склон – Борцу), хаця неабходна было – богу Бортю.
Недасьведчанасьць ва ўласнабеларускім дзеяслоўным кіраваньні выяві­ла­ся на с. 46 у сказе Это же подумать только, в какие драгоценные вещи выря­ди­лись лю­ди! Аў­тарскі сказ мае выгляд Гэта ж падумаць толькі, на якія каш­тоў­ныя рэ­чы ўз­ьбі­ліся людзі! Правільны пераклад: Это же подумать только, ка­кими дра­гоценными вещами разжились люди!
На с. 50. – Вот кипац1. І там жа ў зносцы: «Кипац – ...», на с. 137 – «ки­па­цу». Размова тут вядзецца пра зьняважлівую мянушку мужыкоў, якіх клі­калі «кі­паць» (бо, відаць, пазногці брудныя, як у зьвяроў кіпці, кіпцікі). Такім чынам, па-руску напісаньне мянушкі – кипать, кипатю.
На с. 114. – у зносцы: 1 «большой бабой» Циотой. Аўтарскі тэкст у зно­с­­цы: 1 «вялікай бабай» Ціоцяй. Безумоўна, правільнае напісаньне імя багі­ні пло­д­насьці па-руску – «Тиотей» (тв. склон).
На с. 117. – мимо могилок. Аўтарскі тэкст: паўз могілкі; с. 609. – поч­ти за­брошенные, деревенские могилки. Аўтарскі тэкст: амаль за­кі­нутыя, вяс­ко­выя мо­гілкі. Памылковы пераклад, бо ў аўтара ня множны лік назоўніка ма­гілка (та­ды множны лік быў бы магілкі), а мугілкі як кладбище. Падобная не­да­рэчнасьць па­шыраная ва ўсім тэксьце.

* * *
Значнае месца «Хрыста» ў беларускай літаратуры вынікае ня толькі з агуль­­­началавечасьці створаных Караткевічам вобразаў, але і з глыбокага пра­­нік­­неньня ў нацыянальную карціну сьвету беларусаў і выяўленьне яе праз па­во­дзі­ны і ўчынкі персанажаў. Беларускасьць рамана падмацоўваецца мовай ары­гі­налу, захаваньнем раней названых онімаў, гістарычных рэаліяў, а такса­ма ўзнаў­леньнем этнаграфічных малюнкаў, фактаў рэчаіснасьці, апісаньнем по­бы­ту, заняткаў народу і г. д. Як жа перакладчык захаваў гэту «беларус­касьць»? Зноў толькі некалькі прыкладаў.
С. 13. – из города домой. Аўтарскі тэкст: з гораду ў засьценак. Пера­клад­чык ня змог вырашыць задачу перакласьці беларускае слова засьценак. Гэ­ты гіс­тарызм неабходна было пакінуць бяз зьменаў з абавязковай зноскай, бо рус­кае застенок будзе асацыявацца з месцам катаваньня або турмой (т. 1, с. 575). Правільны пера­клад: из города в застенок1. Зноска: «1 Застенок (бе­ло­рус.) – не­­большое сельское поселение мелкой шляхты».
С. 45. – И все эти гончары… Можна было б пагадзіцца з пачаткам ска­за, каб у Караткевіча не было так: І ўсе гэтыя магершчыкі.... Перакладчык не ра­зу­мее слова магерка і замяняе магершчыкі на гончары, толькі чаму ме­на­віта яны, а не медавары ці стэльмахі? Патрабуецца захаваньне пачатку ска­за: И все эти ма­герщики1…» з адпаведнай зноскай: «1 Магерщики – изго­то­вители магерок (вой­лочных шапок)».
С. 47. – Через плечо – козий чехол с большой дудой. Аўтарскі тэкст: Це­раз плячо – казіныя мяхі вялізнай дуды. Перакладчык ня ведае канструкцыі ду­­ды (па-руску лепш – волынки) і робіць аўтара раману такім жа неда­сьвед­чаным. Правільны пераклад: Через плечо – козьи меха огромной волын­ки. На с. 65 зна­хо­дзім і такое: ритуальных песнопений. Так перакладзена Ка­рат­кевічава лерных сьпе­ваў замест песнопений под лиру.
Штосьці падобнае атрымалася і з батлейкай, батлеечнікамі, якія пе­ра­кла­дзены на с. 65, 66 як раёшник, раёшники, што зусім не адпавядае праў­дзе, бо ў «Словаре...» (т. 3, с. 582) знаходзім: «РАЁК. Вид народного зрелища на яр­мар­ках 18–19 вв. – ящик с отверстиями, снабженными увеличительными стек­­лами, че­­рез которые зрители рассматривали вращающиеся внутри кар­тин­ки...», а гэта па­­добна да батлейкі толькі наяўнасьцю скры­ні, ды яшчэ і час пе­ранесены на два ста­годдзі наперад (і ў гэтым вы­падку трэба рабіць зноску).
С. 46. – заквасил последнюю горсть муки и намазал шкуру с порчено­го бо­ка. У чытача адразу ўзьнікае пытаньне: навошта Зянону намазваць папса­ва­ную шку­ру, няўжо яна ад гэтай рошчыны стане якаснай? Або мужык упер­шы­ню сутыкнуўся з апрацоўкай шкураў і нічога пра гэта ня ведае, або тое ж са­мае мож­на сказаць пра аўтара. Зьвяртаемся да тэксту Караткевіча: заквасіў апош­нюю жменю мукі ды намазаў шкуру з мяздранага боку. Атрымліваецца, пра­б­лема не ў Зянону і не ў аўтару, а ў перакладчыку. Правільны пераклад: за­ква­сил послед­нюю горсть муки и намазал шкуру с мездряной стороны (гл. т. 2, с. 246: Мез­д­ря­ная сторона шкуры). Як тое і належыць сьпецыялісту – для апрацоўкі.
У апавяданьні «высакароднага лыцара» Багдана Роскаша знаходзім Ос­та­лись мы на нашей земле гостями и выселились, но чести не утратили. Як мож­на застацца і выселіцца адначасова? Штосьці тут не так, бо потым шляхціц распавядае, як ён «благородно пахал свое поле». Праверым у Караткевіча: За­ста­ліся мы на гэтай нашай зямлі гасцямі і высіліліся, але гонару ня страцілі. Маг­чымы дакладны пераклад: Остались мы на этой нашей земле гостями и утратили могущество, но не честь.
Паказальныя прыклады з іншых старонак: с. 80. – с кольями, топорами, аўт. – з дручкамі, пожагамі (трэ­ба с кольями, вертелами); с. 95. – еще добавил, аўт. – яшчэ дабавіў ра­манеі (трэба еще добавил романеи); с. 131. – на четыре не­­­де­­ли, аўт. – на чатыры нядзельныя імшы (трэба на четыре воскресные мес­сы); с. 146. – ве­ли­коденную службу, аўт. – велікодную службу (трэба (пасхаль­ную служ­бу).
Пасьля прачытаньня такога ў расейскага чытача можа скласьціся ўра­жань­не пра беларусаў як нейкіх недарэкаў, якія блукалі з козьим чехлом и боль­шой ду­дой, нават у ХVІ ст. таўкліся, мабыць, вакол вогнішча, як статак, і выкрык­ва­лі нейкія гартанныя ритуальные песнопения, мазалі пашкоджаную шкуру рош­чы­­най не­вядома навошта, проста пілі нейкія вадкасьці, потым наведвалі ў дада­так якія­сьці незразумелыя великоденные службы. Што тут ужо казаць пра ней­­кую там сярэднявечную дзяржаву?

* * *
Цяпер пра тое, як перакладчык выкарыстоўвае магчымасьці «великой и могучей» рускай мовы. На жаль, і тут ня ўсё ў парадку.
Пачнём з таго, што А.Сурнін недаравальна мала выкарыстоўвае карот­кія прыметнікі ў ролі вы­казь­ніка, якія зьяўляюцца яскравай асаблівасьцю рускай мовы. Згодзімся, што аўтарская характарыстыка войта Цыкмуна Жа­бы на с. 43 гучала б па-руску больш натуральна ў наступным выглядзе: Он богат, как хо­лера, и си­лён, как чума (у тэксьце Он богатый, как холера, и сильный, как чу­ма) або словы ду­дара на с. 59: Это мы глупы, как дорога (у тэксьце Это мы дур­ные, как дорога). Аналагічны прыклад і з дзеепрыметнікам на с. 12: почему у не­го лоб раз­бит (у перакладзе – разбитый).
Перакладчык нібы не заўважае (або не разумее прычыны) амаль поўнай ад­сут­нась­ці ў беларускамоўным тэксьце пабочнага слова канечне і на месцы па­шы­­ра­нага ў Караткевіча вядома ў асноўным выкарыстоўвае известно. Больш пры­мальна па-руску: с. 17 – Дело веры требует жертв, – ук­лон­чиво заметил епи­скоп. «Конечно» (а не «Известно») або с. 115 – «Конечно, мерзко», – согла­сил­ся Жаба (а не «Из­вес­тно, мерзко», – согла­сил­ся Жаба).
Узьнікаюць шматлікія пытаньні і адносна неабгрунтаванага зьмешвань­ня злу­­чальных словаў который і какой у даданых азначальных частках скла­да­на­за­лежных сказаў. Так, на с. 13 чытаем: о слухах, какие ходили, сты­ліс­тыч­на больш правільна – о слухах, которые ходили, бо, паводле заўвагі вя­до­мага ра­сей­скага мовазнаўцы Д.Разенталя, какой «вносит добавочный от­те­нок упо­доб­ле­ния, сравнения, качественного или количественного подчер­ки­ва­ния». Не вы­ка­рыс­тоўваюцца магчымасьці рускай мовы па ўтварэньні дзее­прыметных зва­ро­таў замест даданых азначальных сказаў з злучальным сло­вам што ў бела­рус­кай мове, якое пры перакладзе (что) надае сказам стыліс­тыч­на зьніжаную афар­боўку: с. 16 – Тот, что ехал впереди, достал... (лепш Едущий впереди до­с­тал...); с. 28 – через дьяволов, что вылетели у них изо ртов; (лепш через дьяво­лов, вылетевших у них изо ртов).
Перакладчык часам ня здольны выкарыстаць багатыя сінанімічныя маг­чы­масьці рускай мовы. Для пацьвярджэньня толькі два прыклады з перакладу фра­земаў: с. 20. – Ва­ша правда (лепш – Вы правы); с. 135 – Что такое? (лепш – В чем дело?).
Вока раз-пораз спыняецца на ўжываньні назоўнікаў дверь і грудь. Хоць яны могуць мець у рускай мове множны лік, але гэтыя формы звычайна абу­моўленыя кантэкстам (нагадаем, што ў беларускай мове дзьверы і грудзі – мно­жна­лікавыя назоўнікі). У сказе на с. 132: На Пивной бросался от дверей к две­рям Зенон і ў фразе на с. 108: в отверстие у дверей пыточной неабходна бы­ло б вы­карыстаць адзіночны лік: от двери к двери і у двери. Выклікае ня­згоду множ­ны лік у сказе пры апісаньні зьнешнасьці Марыны Крывіц на с. 18: с высокими не­боль­шими грудями, больш натуральна гучала б с вы­со­кой небольшой грудью, і, мяркуем, у ніводнага рускамоўнага чытача ня ўзьнікне сумненьня наконт та­го, што грудей усе ж такі дзьве.
Няма аднастайнасьці ў перакладзе лексемаў усьмешка і ўсьміхнуцца: частая іх за­мена на рускія усмешка, усмехнуться парушае семантыку і стыліс­ты­ку ад­па­ведных фразаў. Паводле «Словаря...», т. 4, с. 520: «УСМЕШКА. Улыб­ка, обы­­ч­­но с оттенком иронии, насмешки, недоверия и т. п.» (тое ж паўто­ра­на і ў да­чы­нень­ні да дзея­словаў). Беларускія аўтары дзеля перадачы разна­стай­ных ню­ан­саў (менавіта гэтага оттенка) усьмешкі і ўсьміхнуцца выкарыс­тоў­ваюць цэ­лы ар­се­нал прыёмаў. Параў­наем: с. 20: «Так», – усмехнулась она (аўт. «Так» – ус­ьміх­­ну­лася яна); змеистой, еле уловимой усмешкой (аўт. зьмяіс­тай, ледзь улоўнай ус­ьмешкай); с. 21: улыбнулся Лотр (аўт. усьміхнуўся Лотр); с. 108: Брат­чик невесе­ло усмехнулся (аўт. Братчык нявесела ўсьміхнуўся), с ук­сус­ной улыб­кой (аўт. з во­цат­най усьмешкай) і інш.
Не прадумана перакладчыкам выкарыстаньне пабочнага слова видать (бе­­­­ларус. відаць). У рускай мове гэта лексема стылістычна абмежаваная (гл. т. 1, с. 173: «ВИДАТЬ2. Разг.»). У беларускай мове да відаць стылістычная па­ме­та ад­сутнічае. Але А.Сурнін выкарыстоўвае видать ня толькі ў мове перса­на­жаў, але і ў аўтарскай плыні: с. 31: следили, видать (аўт. сачылі, відаць), снова, ви­ди­мо (аўт. зноў, відаць) – два прыклады з аўтарскай мо­вы.
Прааналізуем яшчэ некаторыя хібы, якія пацьвярджаюць няўменьне пера­кладчыка захоўваць разнастайныя нормы руска­й мовы.
С. 5. – ограбление чудотворной из Гродно в Частогов относят. Аў­тарскі тэкст: рабунак Цудатворнай з Вільні ў Частагоў адносяць. Няўдалы вы­бар ад­дзе­яслоўнага назоўніка, які мае моцную сувязь з дзеясловам огра­бить і яго кі­ра­ваньнем, выклі­кае ўспрыманьне чудотворной як нейкай ус­та­новы, памяш­кань­ня або царквы, а ня як абраз (магчыма, з-за няведаньня пе­ракладчык вы­ка­рыс­таў і малую літару). Правіль­ны пераклад: грабёж (альбо кражу) Чудо­творной из Гродно в Частогов относят.
С. 7, 33, 118, 606 і інш. – скачет как шальной, шальные глаза, шаль­ной по­рыв, шальной топот. У аўтарскім тэксьце паўсюль – шалёны. Эпітэт шаль­ной ня можа адносіцца да расейскіх лексемаў порыв, топот (т. 4, с. 699), як у бела­рус­кай мове шалёны да парыву, пошчаку. Тут шалёны неабходна бы­ло перакласьці яро­стный, неукротимый і пад.
С. 20. – Худой, поджарый, с пронзительным умным взором серых глаз, он был даже симпатичен и этим взором... Аўтарскі тэкст: Худы, падбо­рыс­ты, з пра­нізьлівым розумам у шэрых вачах, ён быў нават прыемны і гэ­ты­мі вачыма... У перакладзеным сказе плеанастычна спалучаныя аднолькавыя ха­рак­та­рыс­тыкі кап­лана (т. 3, с. 187: «ПОДЖАРЫЙ. Худощавый...»). Безумоў­на, падборысты па­вінна было б быць перакладзена як подобранный, подтя­нутый (т. 3, с. 204).
С. 32. – злодея поймают, у аўтара – злодзея спаймаюць. Зьменены сэнс вы­­каз­ваньня з-за няўменьня разьмяжоўваць міжмоўныя амонімы злудзей і зло­дйй з рознымі націскамі. Павінна быць: вора поймают.
С. 120. – на скрещении улицы, у аўтара – на скрыжаваньні вуліц. Вы­ка­рыстаньне перакладчыкам адзіночнага ліку назоўніка улица выклікала бяз­глузь­дзіцу ў рускім тэксьце (гл. т. 4, с. 121).
С. 606. – и обрушил ее [стену] вовне, на склон. Аўтарскі тэкст: і абу­рыў яго [мур] вон­кі, на схіл. Немагчыма лексічная спалучальнасьць дзеяслова об­ру­шить з пры­слоўем вовне, асабліва пры наяўнасьці адасобленай акаліч­нась­ці на склон. Вовне адказвае на пытаньне где (на­ходиться, прятаться і пад.), а ў сказе обру­шитькуда? Правільны пераклад: и обрушил ее наружу, на склон.

* * *
На асобных старонках рускамоўнага тэксту складваецца ўражаньне, што А.Сурнін не разумее сэнсу арыгіналу і робіць адвольны пераклад, цалкам зьмяняючы сэнс словаў аўтара. Аднак гэта ўжо ніякім чынам не Ка­рат­кевіч, а штосьці іншае (або хтосьці іншы).
Вось некаторыя найбольш красамоўныя прыклады.
С. 7. – У эпіграфе: Легенда Коричневых островов. Аўтарскі тэкст: Ле­генда Карычных астравоў. Недакладнасьць у перакладзе, хаця слоўнік па­дае і гэ­та слова (т. 2, с. 104). Правільны пераклад: Легенда Коричных остро­вов.
С. 28. – С каждым днём всё больше их [мышей] в город прибывает. Аў­тар­скі тэкст: У горадзе іх з кожным днём прыбывае. Зьмяненьне структу­ры ска­за выклікала і зьмяненьне ў значэньні дзеяслова: прыбываць (павяліч­вац­ца) – при­бывать (приходить, приезжать). Правільны пераклад: В городе их с каж­дым днём прибывает (гл. прыклад у т. 3, с. 392: «Когда он вернулся, лю­дей при­бы­ло. Леонов. Вор»).
С. 30. – эпіграф з Кіплінга: И чем дольше твой кашель // Тем дольше те­бе прожить. Перад рускамоўным чытачом паўстае абгрунтаванае пы­тань­не: ці мае рацыю Кіплінг так сьцьвярджаць, па логіцы павінна было б быць наадварот – даўжэйшы кашаль скарачае жыцьцё. Зьвернемся, аднак, да эпі­графу ў падачы Караткевіча: І чым даўжэйшы твой кашэль, // Тым болей та­бе пражыць. Вось як яно атрымліваецца. Перакладчык зрабіў аўтара неда­сь­ведчаным чалавекам (Гэ­та Караткевіч – недасьведчаны?! Нават рука дры­жыць падчас набору тако­га!). Правільны пераклад: И чем длиннее твой ко­шель // Тем дольше тебе прожить (т. 2, с. 117: «КОШЕЛЬ. 2. Устар. То же, что и кошелек»).
С. 31. – туринскиекупцы. Аўтарскі тэкст: торуньскія... купцы. Пры­чы­на памылкі – няведаньне перакладчыкам геаграфіі суседняй Польшчы (г. То­рунь), якая ў той час была ў канфедэрацыі з Вялікім Княствам... Трэба: то­рунь­ские... купцы.
С. 33. – лохматый, худой, как овца. Адразу думаеш: няўжо ў Карат­ке­віча авечка асацыюецца яшчэ і з худзізной і калі так, то чаму? Правяраем у аў­тар­с­кім тэксьце: калматы, худы, як віца, таму параўнаньне перакладчыка ўзя­тае з не­ба ад неразуменьня, што ж такое віца. Павінна было б быць у пера­кладзе: лох­ма­тый, худой, как палка (либо шест, либо вица і інш.).
С. 35. – первый этаж крайнего восточного нефа отвели под палаты для благородных гостей и склады оружия. Ужо пры чытаньні ўзьнікае сум­нень­не, што ў замку палаты былі побач з складамі. З гэтым можна было б зга­дзіцца, каб не было аўтарскага тэксту: у першым паверсе крайняга ўсход­ня­га нефа былі цямніцы для радавітых і склады зброі. Высновы рабіце самі...
С. 39. – Пальцы епископадергали клетку. Размова, як вы зра­зу­ме­лі, ідзе пра суд над мышамі, таму цяжка паверыць, каб біскуп калашмаціў кле­т­ку пад­час выступу з абвінавачаньнем. Правяраем аўтарскі тэкст: Біскупа­вы пальцы... тор­калі ў клетку. Правільны пераклад: Пальцы епископаты­ка­ли в клетку (гл. т. 4, с. 432).
С. 42. – Лицо... но при этом глупое, как свиная левая ляжка. Аў­тарскі тэкст: Твар... толькі што дурны, як сьвіная левая шынка. Пера­клад­чык павінен быў бы зразумець, што ляжка і шынка адрозьніваюцца хаця б тым, што другая пры­гатаваная для ўжываньня, таму ў параўнаньні павінна быць как свиной ле­вый окорок.
Ня ведаючы і не даведаўшыся, што ж такое пратэса (хоругвь), А.Сур­нін на с. 78 выкарыстоўвае идолов сатанинских (аўт. пратэсы сатанінскія), а на с. 82 – статуи.
Іншыя прыклады возьмем без каментарыяў, каб даць магчымасьць чытачу ацаніць «творчую фантазію» перакладчыка падчас працы з раманам.

Стар. Пераклад Аўтарскі тэкст Правільны пераклад
9 чтоб видели величие каб ведалі веліч чтобы знали вели­чие
9 теша никчёмное цешачы марную утешая праздную
9 только без клыков(!) толькі без поўсьці только без шерсти
12 крики испуга(!) крыкі леляка крики козодоя
13 наболтал тут наблытаў тут напутал тут
14 как пыль як порах как порох
14 мышиных… мулах(!) мышастых... мулах мышастых... мулах
15 еловые – полесские елянцовыя – палес­кія еленцовые – полес­ские
16 каран­даши­ка­ми (!) пэндзлікамі кисточ­ками
17 изящный костёлик сьпічасты касьцёлік островерхий кос­тё­лик
23 обиделся монах абурыўся манах возмутился монах
24 плетьми и (!) плёткамі ды сплетнями да
26 размером и строфой (!) дольнікам і цэзурай дольником и цезурой
27 безрадостным... светом бязьлітасным... сьвя­т­­лом беспощадным... све­том
32 жарит каравай (!) жарэ каравай жрёт каравай
33 вода... лила вада... цурчала вода… журчала
45 ухает маслобойка вухае васкабойка ухает воскобойка
46 2 Купа – долг 2 Пазыка 2 Купа – ссуда
53 в сентябре (!) у лістападзе в ноябре
53 золотистая пыль залацісты пылок золотистая пыльца
74 отдельных самотных уединенных
76 блюдце клубники (!) сподак суніц блюдце земляники
77 дурень ты... (!) дулеб ты... дулеб ты...
77 по лестницам па сходах по ступеням
94 елейным голосом яловым голосом еловым голосом
97 маленькие бульбочки (!) маленькія бурбалкі маленькие пузыри
98 над этими мещанами над гэтымі мясціна­мі над этими местами
99 у колодца ля крыніцы у родника
100 как китайский графит(!) як кітайскі атра­мант как китайские чер­ни­ла
110 беглые (!) ляднікі лядники (от ляда)
117 древних предков старажытных пра­рокаў древних пророков
260 от интереса к ад цікаўнасці да от любопытства к
561 смазливый верзила (!) прыгажун боўдзіла красивый оболтус
605 хлестнуло воздухом хістанула паветрам покачнуло воздухом
607 небывалое воодушевле­ние небывалае захап­лен­ьне небывалое восхище­ние 606 деревянные сооружения драўляныя рышта­ван­ьні деревянные леса
609 безмятежным нивам бязьмежным нівам безграничным нивам


* * *
На заканчэньне дасьледаваньня асаблівасьцяў перакладу раману прапа­ну­ем чатыры прыклады, якія нібы ставяць тлустую кропку перад канчатко­вы­мі высновамі.
Першы. На с. 144 знаходзім наступны сказ: «Капюшон его [Яна Катка] хи­тона был похож на монашеский, широкий, в складках, и в этом капюшоне, как в глубокой миске, лежала правильно-круглая голова с жидкими, в нес­коль­ко кудрявых волос, усами». Выклікае недаўменьне тое, якім чынам галава Яна маг­ла знаходзіцца ў капюшоне, бо звычайна ён ускідваецца на галаву (зза­ду пры­ма­цоўваецца да каўняра). Магчыма, манаскі капюшон мае нейкі свое­асаблівы крой? Неабходна ўдакладніць у Караткевіча: «Каўнер ягонага хі­тона быў па­доб­ны на манашы, шырокі, у складках, і ў гэтым каўняры, нібы ў глыбокай мі­се, ляжала правільна-круглая галава з рэдкімі, у некалькі куча­ра­вых валасоў, ву­самі». Каментарыі, як кажуць, залішнія.
Другі. На с. 607 чытаем: каким говорят, отсекая всю свою преды­ду­щую жизнь. Аўтарскі тэкст: якім гавораць, адсякаючы ўсё сваё папярэдняе жыц­ьцё, а можа, і ўвогуле аб­рываючы ніць гэтага жыцьця. Выкідваньне асоб­най вобраз­най часткі сказа нічым не апраўданае, зьмяняе цэласнае ўспры­мань­не імпліцы­т­ных складнікаў, асабліва калі пры гэтым размова ідзе пра важ­ныя рэчы (тон, якім гавораць, адракаючыся ад папярэдняга жыцьця, усё ж ін­шы, якім гавораць, зу­сім адракаючыся ад жыцьця). Неабходна аднаўленьне кан­ца сказа: каким го­во­рят, отсекая всю свою предыдущую жизнь, а мо­жет, и вообще обрывая нить этой жизни.
Трэці. С. 613. – Как один друг говорил: «В водке лик свой искупав, Фо­ма-шляхтич задре­мал». Аўтарскі тэкст: «У гарэлку ўткнуўшы лыч, задрамаў Фа­ма-шлях­ціч». Нічым не апраўданае зьмяненьне стылістычнай афарбоўкі бе­ла­рускага лыч (груб.) на расейскае лик (высок.). Перакладчык, аднак, спрабуе ўзна­віць па-руску жарт Рыгора Барадуліна, напісаны для самога аўтара ра­ману. Крыху не да­цягнуў, а можна было б, напрыклад, сказаць так: «В водке рыло искупав, Фо­ма-шляхтич задремал».
Чацьвёрты прыклад з апошняй, 614-й старонкі: Широко, ровно ложилось в борозду зерно. Аўтарскі тэкст: Шырока, роўна клалася ў ральлю зер­не. Няпра­віль­ны пераклад рэаліяў зем­ля­роба: хіба зерне кладзецца ў баразну? І тут вы­яў­ля­ецца, сьвядомая ці не­сьвядомая, непавага да працы і селяніна, і пісьменьніка (трэ­­ба: ложилось в пашню зерно). Няўжо сам Караткевіч – «добры прадстаўнік Сьвя­то­га Духу ў рамане» (поводле трапнай метафары перакладчыка) мог так ад­но­сіцца да сва­йго Хрыс­та – Юра­ся Братчыка, што на апошняй старонцы пака­заў яго ня­здарам? Ды не, пісьменьнік любіў свайго героя і быў часткаю яго.
Калі прайсьціся па ўсіх старонках раману, можа атрымацца не рэ­цэнзія, а новы пераклад твору. Зазначым толькі, што тут прыведзена, так бы мо­віць, толькі над­вод­ная частка айсберга з памылак, выяўленых у перакладзе «Хрыс­та» на рускую мову. Абмяжуемся, тым ня менш, вышэйсказаным.

* * *
Імкненьне зрабіць рускамоўны пераклад раману Уладзіміра Каратке­ві­ча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» можна толькі ўхваліць. Перакладчык, ад­нак, не разьлічыў свае сілы, можна сказаць, перакладаў так-сяк накасяк, і ў вы­ніку атрымаўся не раман Караткевіча па-руску, а пародыя на твор. Не­да­кладнасьці, неадпаведнасьці ў перакладзе беларускіх словаў і выразаў, сты­ліс­тычныя хібы, пропускі сло­ваў, частак сказаў і цэлых сказаў падчас пера­кла­ду кла­сікі недапуш­чаль­ныя. Такі пераклад «Хрыста» абражае нацыяналь­ныя па­чуць­ці беларуса, гань­біць добрае імя Уладзіміра Караткевіча і нібы зьдзе­куецца з яго прыхіль­ні­каў – тых, хто меў шчасьце чытаць раман па-бела­рус­ку.
Крый Божа, калі хто-небудзь, як ужо здаралася з творамі Васіля Быкава і са­мога Караткевіча, пачне перакладаць «Хрыста» з рускага перакладу на больш далёкую мову. Можа атрымацца не пародыя на раман, а зусім новы твор, на якім сорамна будзе ставіць прозьвішча аўтара.
Наколькі нам вядома, уладальніца аўтарскіх правоў – пляменьніца Ка­рат­кевіча Алена Сінькевіч не давала згоды на друкаваньне раману «Христос при­землился в Гродно» па-руску (зьявіўся яе ліст у друку і ў Інтэрнэце). Дык што рабіць патэнцыйным чытачам рускамоўнага перакладу? Застаец­ца адно: па­трабаваць ад выдавецтва «Амфора» зьняць «Хрыста» з продажу, та­му што гэты своеасаблівы «інтэлектуальны» прадукт парушае правы спажыў­ца на якас­ны та­вар.
Але ня ўсё так проста. Вось калі б у кнізе адрываліся ста­рон­кі, выявіўся дру­­карскі брак, была няякаснай вокладка або папера, вам бы абавязкова па­мя­­нялі кнігу або вярнулі грошы. У нашым канкрэтным выпадку гэта не спра­цоў­вае. Таму іс­нуе наступны сродак – байкот. Проста не купляць «амфа­раў­скага» вы­даньня ў Сур­нінавым перакладзе! Чытайма Караткевіча па-бела­рус­ку!
Але чым суцешыць падманутых рускамоўных чытачоў па-за межамі Бе­­ла­русі?!