12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алег Жлутка

_____________________
Кветкі гораду. Аповед



На працягу некалькіх гадоў вакол мяне разгортваліся даволі цікавыя падзеі і патрабавалася зусім трохі фантазіі, каб зьвязаць усе ніткі разьвіцьця сюжэту ў адно цэлае. Жыхары нашага гораду падаваліся мне кветкамі, высаджанымі ў клумбу. Іх намаганьні, спадзевы, эмоцыі, дзеяньні – ва ўсім гэтым я бачыў рост сьцяблінаў, лёгкае пагойдваньне калыханага ветрам лісьця, або зьяўленьне першых пялёсткаў. З часам я зразумеў, што і ў такім вегетатыўным, механічным і зьнешне бязмэтным жыцьці ёсьць і свая дакладнасьць, і прыгажосьць, і стабільнасьць. Кожны з маіх персанажаў – гэтакі Франкенштайн, складзены з частак многіх знаё­мых і незнаёмых мне людзей. Хаця я й не адчуваў вялі­кай прыемнасьці ад сшываньня разам пярэстых кавалкаў ды ажыўленьня актораў у гэтым тэатры ценяў, але доўга не рашаўся надрукаваць свае нататкі з-за боязі, што празьмерная карыкатурнасьць маіх герояў абудзіць самыя што ні на ёсьць помсьлівыя намеры ў гараджанаў. І кветкі пакажуць шыпы...

l l l
Дваццатага сакавіка ва універсітэце мірна папівалі гарбату й каву выкладчыкі, павольна цягнуліся на пары з бадуна рознай ступені цяжкасьці студэнты. Пазьнілася на працу маладая выкладчыца бел. мовы Алена Мікалаеўна. Вось узьлятае яна па прыступках наверх, кідае на кафедральны стол сумачку, выхоплівае з шуфляды свае нарыхтоўкі й зноў бяжыць...
Да дзевяці гадзінаў людзі паціху разбрыліся, і на кафедры запанавала ціша. Там не было нікога акрамя лабаранткі. Яна драмала з кніжкай у яркай вокладцы. Час ад часу расплюшчвала вочы й акідвала павольным позіркам тую ці іншую рэч, пасьля засынала зноў. Вось яе вочы спыніліся на сакваяжы Віктара Адамавіча, прайшліся па Аленінай сумцы й вярнулі­ся назад. Лабарантка пацягнулася, паднялася й падышла да стала...

l l l
Для Алены Мікалаеўны дзень праляцеў незаўважна. У адных групах студэнты, нібы згаварыўшыся (а насамрэч, сьпісаўшы), прадэманстравалі на кантрольнай выдатныя веды, а ў астатніх, на дзіва, выкладчыцу слухалі уважлівей, чым звычайна.
У пяць гадзінаў Алена зайшла на кафедру, склала свае паперы ў шуфляду, апранула плашч і пацягнулася па сумачку. Рука ткнулася ў пустэчу: сумкі на стале не было. Не было яе й пад сталом, і ў стале, і ў шафах. Але ж яна была, была тут, на стале. Значыцца, сьцібрылі. Ва універсітэце быў не адзін такі выпадак. Алена ня стала ламаць рук – гледачоў для такой сцэны ўсё адно не было – але настрой быў сапсаваны: бяз пашпарту не відаць заробку, пашпарт у сумцы, а сумка – зьнікла.

l l l
У Віктара Адамавіча быў сьвяточны настрой. Усьмешка сьвяцілася на ягоным карычневым змаршчкаватым твары, надаючы нават нейкую зграбнасьць апухлым патрэсканым губам. Ідучы ў краму, ён задаволена перабіраў складкі на крысе старога штруксавага пінжака й ледзь чутна напяваў пад нос. У сумцы, што немаведама як трапіла ў ягоны сакваяж, былі грошы, якіх хопіць на паўтары дзясяткі бутэлек пладова-ягаднага. Радасны Адамавіч купіў адразу дзевяць, запрасіў у госьці сьмецяра Васю й сантэхніка Віцю з суседняга пад’езду й нарэзаў хлеб...
Тосты ліліся ракой, быццам тая жыцьцядайная вадкасьць, ад якой чырванелі насы, а языкі запляталіся й вярзьлі ўсякую лухту... Аднак неўзабаве бязьбеднаму існаваньню Адамыча надышоў канец. Грошы скончыліся. Сонца здрадліва сьлізгала па пустых бутэльках, тэлефон пагрозьліва лямантаваў аб звальненьні па артыкуле... Адамыч спачатку адчайдушна хапаўся за рэшткі сну перад абліччам агіднай ранішняй явы, а потым борздка сігануў да стала, схапіў нешта й выбег на двор.
— Слыш, Вася, — ты ня знаеш, каму здзесь можна прадаць паспарт (на апошнім слове хрыпаты голас выкладчыка сьцішыўся да шэпту). Васіль самотна кляваў носам на лаўцы, сузіраючы навакольле праз напаўапушчаныя павекі. Яго чырвоны твар спакваля набываў карычневае адценьне.
— Ваабшчэта... не, ня знаю.
— А гдзе Віцька?
— Да ўродзе ў падсобке сідзіт.
Адамыч паплёўся да падсобкі. Загнаць пашпарт, аказваецца, было даволі няпроста, і настрой пакрысе падаў.
— Адамыч, падаждзі, — пачулася з-за сьпіны. Успомніл. Міня кагда-та Клава спрашывала... Но учці, ты прастаўляеш.
— А как жэ, — прарыпеў ён. Паехалі.
Клава даводзілася Васілю сястрой і працавала дворнічыхай у суседнім раёне. Ехаць было далекавата, але навіна ўсё ж вярнула Адамычу добры настрой.

l l l
— Клава, э, аткрой. Аткрой, гавару.
— ?
— Да я эта, Вася.
— Так бы сразу і сказал.
З-за дзьвярэй выглянула заспаная жанчына ў падраным халаце. Яе нямытыя русыя валасы тырчэлі ва ўсе бакі, надаючы твару дзікаваты выгляд.
— Эта хто? – спытала яна й насьцярожана паказала пальцам на госьця.
— Да, корэш мой адзін. Ты гаварыла, паспарт нужан.
— Тагда прахадзіце...
У Клавіным пакоі панаваў прыцемак, узмоцнены чорным колерам пад­логі. Зьлева стаяў пружынны жалезны ложак з брудным матрацам, справа — карычневы буфет, замест адной з ножак пад ім ляжаў «Капітал» Марк­са. Бліжэй да дзьвярэй вылучаўся з агульнай цемры пафарбаваны ў белае стол, уся паверхня якога была настолькі зрэзаная, што ў цэнтры заставаліся толькі бязладныя белыя смужачкі. Над ім сувора таропіўся на гасьцей нейкі пляшывы чарнавусы мужчына ў авальнай рамцы.
— Так, давайце сразу, паказывайце.
Адамыч дастаў пашпарт і, пакасіўшыся папярэдне на Васю, падаў Клаве. Тая задаволена ўгукнула й крыху пагартала аўсвайс.
— Дзяржы, — яна аддала пашпарт Адамычу й падышла да буфету. Нясьпешна дастала з кішэні ключ, са скрыпам адкрыла дзьверцы й адлічыла патрэбную суму. Госьці забралі грошы, кіўнулі адзін аднаму, аддалі пашпарт, разьвіталіся й зьніклі.
Клава разгарнула дакумент на апошняй старонцы.
—Чудзесна, очэнь харашо, — прамармытала яна сабе пад нос і засунула яго ў буфет.

l l l
Заробак ва універсітэце выдалі акурат пад травеньскія сьвяты. Адамыч падымаўся ў кватэру са звонкім грукатам бутэлек. Ледзь разьмінуўся на лесьвіцы з прыбіральшчыцаю, выслухаў пару мацюкоў наўздагон, павярнуў ключ у дзьвярах і, не разуваючыся, увайшоў. На абшарпаным стале пасярод амаль пустога пакою ляжалі крошкі хлеба і пустая бляшанка з-пад скумбрыі, у кутах пагойдваліся рэшткі старой павуціны. Адамыч сеў, спрытна адкаркаваў першую бутэльку, адпіў з горла й уключыў тэлевізар.
— Ваш сектор – банкрот, — жыцьцярадасна абвясьціў вядучы й дадаў: — А сейчас – рекламная пауза.
Старая бляшанка са звонам паляцела на падлогу, Адамыч дастаў з торбы новую і бохан хлеба, які адразу ж парэзаў на лустачкі. Праз паўга­дзіны ў пакоі ўжо сядзелі Васіль і Віктар, а бутэлек на стале стала ўдвая болей.
— Ітак, уважаемые таварышчы, п’ём за ўсемірный дзень трудзяшчыхся і салідарнасьць рабочэва класа. Ура!
— За цябя, Адамыч!
— Я прысаедзіняюсь!
Да трох раніцы пляшкі апусьцелі. Віця з Васем сядзелі ля сьцяны й зрэдку паблёўвалі. Насы ў абодвух цяпер былі пад колер начнога неба, затуманеныя вочы пазіралі ў розныя бакі й сьлязіліся. У лужыне на падлозе хроп Адамыч.
А пятай госьці пачалі варушыцца, а сёмай працьверазелі. А дзявятай сабраліся былі сыходзіць, вось толькі Адамыч не прачынаўся. Яго сіне-зялёны твар цяпер быў узорам ціхамірнасьці, той самай, якую мы звычайна бачым на тварах нябожчыкаў. Ды, Адамыч, уласна, і быў нябожчыкам, хаця й ня ў поўным сэнсе гэтага слова: цяжка ўсё ж назваць нябожчыкам чалавека, які ляжыць на бруднай падлозе ў сьвежанамочаных штанах.
Шукаць яго пачалі толькі праз два дні. Тэлефон маўчаў, на працу Адамавіч таксама не прыходзіў. Супрацоўнікі тэлефанавалі ў выцьвярэзьнікі, лякарні й моргі. Апошняй у сьпісе была міліцыя.

l l l
Спыніўшыся ля дзьвярэй, міліцыянты закруцілі насамі – Адамыч ужо чуцён быў тут. З суседняе кватэры выглянула маленькая сухенькая бабка. Яна падміргнула міліцыянтам, ашчэрыла астаткі зубоў, патрасла галавой, пакруціла пальцам і схавалася назад.
— У, ведзьма! – працэдзіў скрозь зубы адзін з іх.
Як высьветліла эксьпертыза, прычынай Адамычавай сьмерці быў ін­сульт. Назаўтра ў холе універсітэту зьявілася фотакартка Віктара Адамавіча дзесяцігадовай даўніны, з подпісам «Помним, любим, скорбим», пад ёй – столік, накрыты аблезлым чырвоным плюшам, на ім – адзінокі слоік з букецікам чэзлых кветак. На пахаваньне сабралася паўкафедры. Прамоўцы адзін перад адным запэўнівалі ўсіх прысутных, што пры жыцьці Віктар Адамавіч быў іх найлепшым сябрам, і гэтая страта – непапраўная для універсітэту ды іх асабіста. Праўда, у лоб памерлага ніхто цалаваць ня стаў. Сіні нос Адамыча пабліскваў на вясеньнім сонцы, нібы пацьвярджаю­чы ўсё сказанае. У паветры стаяў моцны пах карболкі.

l l l
10 траўня сьвяты скончыліся. Алена Мікалаеўна доўга корпалася ў кафедральнай шафе перш чым знайсьці сваю шуфляду. Калегі па працы яе не пазнавалі – яна нібы стала крыху паўней і ніжэй ростам, ды й выраз твару быў зусім іншы.
— Скажыце, а кто вы такая, што бы рыцца в нашэм шкафу? — абурыўся загадчык.
— Неужэлі вы меня не узналі? – зьдзіўлена запыталася выкладчыца. – Ілі у нас так многа сатруднікаў? — дадала яна, паўтараючы загадчыцкую інтанацыю.
На некалькі секундаў усталявалася гнятлівая паўза. Загадчыку было за сорак, ён не падаваў аніякіх адзнак маразму й пакутаваў хіба ад радыкуліту ды бяссоньня. Крыху ачомаўшыся, ён штосілы ўшчыкнуў сябе за руку й пераканаўся, што ўсё гэта яму ня сьніцца. Рэшта прысутных перабывала ў нерухомасьці.
— Ізвініце, што-та не прыпомню, — неяк няпэўна працягнуў ён.
— Прэпадавацель беларускава языка, Елена Нікалаевна Быліцкая, вот мой паспарт.
Ад нечаканасьці загадчык разявіў рот і яшчэ раз потайкі ўшчыкнуў сябе за руку, потым некалькі разоў няўцямна перавёў позірк з фотакарткі ў пашпарце на выкладчыцу.
— Но...
— Вы хаціце сказаць, не пахожа?! Да, эта гарманальные ізьмененія, усякае ў жызьні случаецца.
З гэтымі словамі яна выхапіла пашпарт з рук зьбянтэжанага загадчыка й пашыбавала на пару. Той крыху пастаяў, потым падышоў да шафы й дастаў адтуль валяр’янку. Супрацоўнікі раптоўна ажылі й пачалі перашэптвацца... Хвілінаў праз пяць у пакой зайшла жанчына, як дзьве кроплі вады падобная на ранейшую Алену Мікалаеўну й накіравалася да той жа шафы.
— Да што жэ эта такое?! – абурана зароў загадчык, праліваючы ва-ляр’янку на стол. – Па какому праву вы залезьлі в чужое аддзеленіе?
— Но ...
— Да, я панімаю, што вы пахожы на адну із нашых сатрудніц, но ана ужэ давно на заняціі.
— Ізвініце, вы што-та путаеце, я – прэпадавацельніца беларускава, Елена Нікалаевна Быліцкая.
— Неужэлі, — удавана зьдзівіўся загадчык.
— Харош ламать камедзію! — прыйшла на падмогу выкладчыца расейскай Лізавета Пятроўна. Ад ейнага голасу жанчына здрыганулася, а сам загадчык ажно ўвагнуў галаву ў плечы.
— Маша, — кінула яна лабарантцы, — зави сюда Елену Николаевну, устроим очную ставку.
Астатнія супрацоўнікі зноў аслупянелі. Праз хвіліну ў пакой паважна працокала Алена Мікалаеўна, усьлед прасьлізгнула лабарантка.
— Пазвольце, Андрэй Сьцепанавіч, но эта жэ наша ўборшчыца, — паказала на яе пальцам прышлая.
— Што?! – твар выкладчыцы перакасіўся. Андрэй Сьцепанавіч, я не пацерплю, што б меня аскарблялі на рабочэм месьце. Я срочна увальняюсь, можаце іскаць мне замену гдзе угодна!!
— Окстись, нечистая, — падхапіла Лізавета Пятроўна. – Да как ты смеешь! Это кто же здесь уборщица?! Да ты сама уборщица и самозванка, хоть и рожей смазлива!
Тым часам здранцьвелыя супрацоўнікі пасьпелі ўжо скучкавацца за сьпінай Лізаветы Пятроўны і кідалі адтуль на прышлую халодныя пагард­лівыя погляды.
— Вы как хаціце, а я вызываю міліцыю, — памкнуўся быў да тэлефону Андрэй Сьцяпанавіч і раптам схапіўся за сэрца. Забыўшыся на ўсё, су­працоўнікі разгублена абступілі загадчыка. Лізавета Пятроўна спачатку замахнулася на аціхлую прышэліцу, а калі тая выскачыла за дзьверы — набрала 03.

l l l
Надыходзіў вечар, па вуліцы там і сям праходжваліся маладыя пары. Дзьмуў лёгкі ветрык, сьвежая зялёная лістота мякка шапацела ў тон шоргату ног і шурхаценьню шынаў. Але Клаву мала хвалявала ўся гэтая рамантыка – у яе былі іншыя мэты. Хаця... гадоў сем таму яе з задавальненьнем маляваў аголенаю той самы Яўген, да якога яна цяпер так сьпяшалася: з тых часоў у Клавы застаўся замусолены па краях эскіз, які яна любіла час ад часу разглядваць пры сьвятле цьмянай лямпачкі, а былы мастак цяпер зарабляў на жыцьцё выпраўленьнем недакладнасьцяў у розных дакументах.
Яна паднялася наверх у кабінцы ліфта, абклеенай напаўабадранымі налепкамі з надпісамі кшталту «AME OVER» і «STOP UKА». Пасьля трох званкоў дзьверы кватэры расчыніліся. Адтуль выйшаў сьветлавалосы барадаты мужчына ў заплямленым фартуку.
— Майнэ ліблінх, іг бін со эрфройт інэн цу зэен. Ві фюлен зі зіх? – сыпаў ён нямецкімі словамі, праводзячы Клаву ў кватэру. Нямецкая, якую ён колісь вучыў у школе, цяпер стала яго ўлюбёным жартам. Хаця ён стараўся выглядаць сур’ёзна й салідна, на сапраўднага нямецкага жаўнера, але мова ў ягоных вуснах траціла ўсю сваю стрыманасьць і вытанчанасьць. Асобныя словы ён нявечыў амаль да непазнавальнасьці, і гэтыя славесныя гібрыды як быццам павісалі ў паветры. Яны настолькі кантраставалі з ягонай зьнешнасьцю, што некаторыя з наведнікаў міжволі пачыналі рагатаць да колікаў у жываце, забываючы на ўсю важнасьць сваіх справаў.
— Ецт мале іг відар. Айнэр дэр майнар фрайнды фэркафтэ айніга більдар унт захтэ эр кан нох мер феркафэн, – сказаў ён, паказваючы на пусты мальберт пасярод пакою.
— Ат, не вярзі лухты, — Клава пацалавала яго ў шчаку. Напяваючы сабе пад нос «Дойчланд, дойчланд, юбер алес», Яўген выняў з шафы патрэбныя прылады: шкельца ад лямпачкі, скальпель, чарнільную асадку з крыху зрэзаным наўскос пяром і некалькі бутэлек з рознакаляровымі вадкасьцямі. Выпраўленьне аўсвайса заняло няшмат часу – Клава ледзь пасьпела згатаваць бульбу й адкаркаваць пляшку гарэлкі. За кухонным сталом тры гады, што прамінулі з часу іх апошняй сустрэчы, падаліся зусім нязначнымі. У вачах Яўгена скакалі ўсё тыя ж вясёлыя агеньчыкі...

l l l
Клава прачнулася й ціха, каб не пабудзіць Яўгена, сасьлізгнула з ложку. Стаяла поўная ціша, якая зрэдку перарывалася парыпваньнем, калі Яўген варочаўся ў сьне. Сонца выйшла з-за аблокаў і заглянула ў пакой, надаўшы яму нейкую ілюзорнасьць. Усе абрысы цяпер павольна пагойдваліся то захопліваючы на нейкі час прамяні, то распырскваючы іх у розных кірунках, асобныя рэчы павялічваліся й памяншаліся, выкрыўляліся й тузаліся ў гэтых нябачных хвалях. Клава машынальна апранулася й выйшла на вуліцу.
На дварэ было цёпла й сонечна. Спрытныя каты з гладкай поўсьцю ціха калупаліся ў сьметніцах. Па дарозе з грукатам і дымам пралталі машыны...
У той жа дзень Клава зьнікла з інтэрнату, прыхапіўшы ўсе рэчы з буфету. Ейны пакой пуставаў, і пасьля некалькіх дзён пошукаў камендант узяў на працу адну з беспрацоўных на той час інтэрнатаўскіх жыхарак.

l l l
Да прыезду «хуткай» у Андрэя Сьцяпанавіча пасьпела адлегчы ад сэрца: самазванка некуды зьнікла, й кафедральнае жыцьцё зноў заспакоілася. А праз тыдзень яму стукнула сорак тры.
Тым ранкам Андрэю Сьцяпанавічу нават прысьніўся адпаведны сон: чалавек сярэдніх гадоў у бакалаўрскай мантыі падышоў да гонгу пасярод вялізнай цёмнай залы гатычнага замку, ударыў у яго, злавесна пракаркаў: «Сорак тры» – і зьнік. Зала адразу ж пачала запаўняцца варонамі, іхняе карканьне й лапатаньне крылаў рабіліся ўсё гучней. І вось яны ўжо б’юць яго, Андрэя Сьцяпанавіча, па шчоках, а ён адчайна крычыць: «У меня севодня дзень раждзенія?!». Карканьне варонаў павольна перарастае ў звон будзільніка, замест крылаў на шчоках ляжаць жончыны рукі. «С днём раждзенія, любімый!», — кажа яна й дадае: «Пара на работу».
Вільготная сонечная раніца нагадала Андрэю Сьцяпанавічу аб маладосьці, і яму стала сумна. «Как быстра леціт врэмя», — думаў ён седзячы ў тралейбусе. Некалькі студэнтак стаялі побач і ажыўлена балбаталі...
На працы Андрэя Сьцяпанавіча сустрэлі віншаваньнямі, і смутак загадчыка непрыкметна зьнік, разам з успамінамі аб ранішнім сьне. У сем вечара два сталы былі ссунутыя на сярэдзіну кафедры, застаўленыя ежай і напоямі. Да васьмі посуд быў звалены на стол лабарантцы.
— А цепер, – урачыста абвесьціў загадчык – танцы, — і націснуў кнопку кафедральнага магнітафону. Той выдаў: «Ах где же вы девчёнки, девчёнки, девчёнки» потым – «Милион, миллион, миллион алых роз» і нарэшце – «Чё те надо». Чырвоная ад скокаў і выпіўкі Алена Мікалаеўна ўзабралася на стол.
— Мой падарак іменіньніку, — выгукнула яна. Спачатку Мікалаеўна апісала некалькі колаў клубамі, зьлёгку падцягнула ўверх спадніцу й адзін за адным расшпіліла гузікі на блузцы. Потым прытанцоўваючы павольна зьняла станік і закінула яго на галаву загадчыку. Супрацоўнікі ўпалі ў звыклы ўжо стан аслупяненьня й толькі ўстрывожана сачылі за ёю вачыма. На твары загадчыка спалучаліся юр і сполах.
Тут дзьверы расчыніліся, і ў праёме ўзьнікла Лізавета Пятроўна. Яна сьпярша завісла на паўкроку й зьбялела, потым перазагрузілася ў чырвоны інтэрфэйс, зрабіла пару крокаў і адвесіла загадчыку такую поўху, ад якой станік ажно зьляцеў на падлогу. У шырака расплюшчаных вачах загадчыка цяпер чыталіся страх і подзіў. Алена Мікалаеўна насьпех нацягвала блузку, хаваючы вочы ад прысутных. Лізавета Пятроўна вы­трымала паўзу, адхіснулася ад загадчыка й падалася ў дальні кут да тэлефону. Супрацоўнікі моўчкі расступіліся.
— Алё, міліцыя. Пріезжайте, у нас пьяный дебош.
Пятроўна назвала адрас і стомлена паклала слухаўку. Цяпер яна вы­глядала на дзесяць гадоў старэй.

l l l
Машына прыехала на дзіва хутка, ашалелую Алену Мікалаеўну пасьпелі затрымаць і завезьці ў выцьвярэзьнік. Да суда справу вырашана было не даводзіць. Праблема была толькі ў тым, што грошай з сабою ў выкладчыцы не было, а замест прозьвішча, імя й іншых дадзеных яна ўстаўляла толькі мацюкі ў адрас жаўнераў. Дзяжурны выцягнуў з ейнай сумкі пашпарт, адгарнуў заднюю вокладку й перапісаў у бланк усе дадзеныя. Крыху павадзіўшы пальцамі па фотакартцы, хацеў быў пакласьці пашпарт назад, але спыніўся пад насьцярожаным поглядам затрыманай. Яна неадрыўна глядзела на ягоныя рукі. Ён зноў разгарнуў пашпарт, перакінуў некалькі старонак і яшчэ раз угледзеўся ў фота. Потым цішком зірнуў на выкладчыцу, якая падалася наперад і ўжо амаль гатовая была схапіць яго за горла. Міліцыянт націснуў кнопку, і ў дзьвярах зьявілася яшчэ двое.
— В чом дзела, гражданачка? — кінуў ён. Тая здрыганулася й нічога не адказала. Пільна агледзеўшы па краях ламінаваную старонку, міліцыянт пабачыў ледзь заўважнае несупадзеньне паперы й ламінату. Ён крыху зачапіў ламінат пазногцем, выцягнуў са стала нейкі бланк і пачаў нешта крэмзаць.
— Атвезёце её в РОВД, вот с эцім, — дзяжурны аддаў ім сумку й пашпарт, загорнуты ў падпісаны бланк.

l l l
Мінула тры дні.
— Прачытайце внімацельна і распішыцесь вот здзесь.
— Што эта?
— Вы цяпер пад следствіем і не імееце права пакідаць горад. Не падпішэце – заберут назад.
Клава сьпешна расьпісалася і, крыху счакаўшы пакуль адчыняць дзьверы, выйшла на вуліцу. Неба было пахмурым, і яна йшла хуткім крокам, нібы баялася трапіць пад дождж.
З падваротні паказалася пяцёра мужчынаў. Яны хісталіся й выглядалі на п’яных. Адзін, блазнаваты, сярэдняга росту, меў на сабе клетчатыя аранжавыя штаны й чырвоны швэдар у белую палоску. Другі, сухарлявы даўгяла – быў апрануты ў сіні плашч і капялюш у форме коміна. Няголены, з рэдкай шчэцьцю твар быў прыкрыты цёмнымі акулярамі, а на нагах ліпелі стаптаныя белыя красоўкі.
Астатнія трое былі шэрыя й нічым неадметныя. Спачатку ўсе яны прайшлі паўз Клаву, потым двое рэзка зайшлі сьпераду, яшчэ двое сталі паабапал. Яна апынулася ў аблозе.
Клоун выйшаў наперад:
— Ітак, пяцёрка нас, храніцелей равнавесія, пастанавіла: за нарушэніе закона жызьні (тут ён сыта рыгнуў) вы падвергаецесь ізгнанію. Навсегда.
— Паверце, нам очэнь неудобна, но...
— Цыц! – злосна абсёк яго першы. Ня лезь! – і балюча ўдарыў «неудобнага» вынятым з кішэні заплесьнелым батонам проста паміж акуляраў, адчаго той зьлёгку пахіснуўся.
У аднаго з шэрых «храніцелей» адвалілася гіпсавая галава (якая аказалася полай унутры) і непрыстойна забялеў суцэльнагіпсавы аскабалак шыі, у другога тузанулася крысо плашча, з-пад якога віднелася паласатая піжама. Аднекуль збоку пачуўся сьвіст.

l l l
Яўгена яшчэ не было. Клава зрабіла сабе паесьці, крыху пасядзела за сталом, углядаючыся некуды ўдалеч. Выцягнула з шафы торбу, кінула туды шэры халат, хусьціну й выйшла з пакою...
Ва універсітэце было ціха: надыходзіў канец апошняй пары. Клава зайшла ў прыбіральню, у прыцемку апранула прыхопленае з сабой адзень­не і ўзяла ў адной з кабінак вядро. Яна набрала вады, надзела на швабру анучу й пачала мыць падлогу. У куце прыбіральні швабра ткнулася ў нешта цьвёрдае. Навобмацак гэта быў круглы камень, памерам больш кулака. Клава падняла яго й мякка апусьціла ў вядро.
У калідоры натужліва зарыпела падлога. Клава сьцішылася ў нішы паміж акном і апошняй кабінкаю: тут яе ніхто ня мог убачыць. Невядомая наведніца запаліла сьвятло й накіравалася да кабінкі, напяваючы нейкую мелодыю. Як толькі тая зачыніла за сабою дзьверцы, Клава выйшла й рэзка тузанула іх на сябе. Вочы Лізаветы Пятроўны рэзка акругліліся, а сківіца апала ўніз. Клава апусьціла руку ў вядро. У наступнае імгненьне Пятроўна папярхнулася выбітымі зубамі, і ейны крык ператварыўся адно ў глухі няўцямны хрып, а цяжкі вільготны камень са страшнай сілай апусьціўся ёй на скронь.

l l l
Клава ўжо даўно не гуляла ў парку і цяпер з асалодай удыхала вячэрняе паветра, якое пахла сьвежай травой, лісьцем і рачною вільгацьцю. Неўзабаве з-за дрэваў паказалася рака. Клава падышла бліжэй, крыху паназірала за качкамі, штосілы размахнулася й кінула торбу падалей ад іх, у самую сярэдзіну імклівага струменю. Зграбным узмахам рукі яна ад­кінула за вуха пасму валасоў, перайшла дарогу й пачала падымацца па мосьце, поўным мацярок, якія раз-пораз тузалі за рукі сваіх дзяцей.
— Мама, мама, маі шалыкі уліцелі, — жалаcна праплакаў нечы галасок. Вецер усё вышэй уздымаў у вячэрняе неба тры ружовыя шарыкі, зьвязаныя адной ніткаю. Ці то ад адчуваньня вышыні, ці то ад глыбокае нябеснае сіні, а можа й яшчэ ад чаго Клаве стала добра-добра…
Лета 2002 – 29 жніўня 2003