12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Зьніч

_____________________
За мурам.
Вершы

Ліст абуранаму сябру

...сцэнар гісторыі напісаны даўно –
зьмірэнным Іаанам Багасловам,
узьлюбленым Апосталам Хрыстовым:
як камень, грэшны сьвет ідзе на дно...
...зьвяроў, што адусюль павыпаўзалі...
і зорку – перадсконную – Палын... –
усё Сваёй Галгофай Божы Сын
пакрыў... і не ў тэатральнай зале...
...таму зьмірайся, браце, й не судзі...
нам – толькі крыж маленькі застаецца,
што носім, не здымаючы, ля сэрца...
сьвет – у руцэ Вярхоўнага Суддзі...

* * *
...а дзе абшар Крывіцкай мовы?.. –
спытае нас “языкоед”...
праз тысячы і зім... і лет –
яна люляе Край Хрыстовы...
...і Літургічнай... і дзяржаўнай...
і мовай чыстае красы,
што лашчыць ружы й верасы... –
яна была – з часін прад-даўніх...
...у ёй – і акіян Славянскі...
і ручаіны хутароў...
...і дух Хрыстовых сьвятароў –
ад Жырава... – і да Аляскі...
...і – далей... па ўсёй зямлі –
да Новага Яго Прышэсьця –
яна ня змоўкне... ні ў Бярэсьці...
ні ў Беластоку... ні ў Крамлі...
вянок яе – Сусьвет абвіў...
стаў сапраўды – Жыцьця Крыніцай...
бо гэта – Мова Плашчаніцы...
бо гэта – Мова на Крыві...

* * *
дух Лейбы Бранштэйна (Троцкага)
плыве — Масквой... I Берлінам...
Ню-Ёркам... І Тэль-Авівам... —
з тэле-экрану скоцкага ...
...горш чым пад даўнім Гунам
сёньня плямёнам Хрысьціянскім...
у шабашы неа-паганскім
Русь Белая –
вока тайфуна...

* * *
... грукоча... мучае... камечыць... –
з самім антыхрыстам – вайна...
да Слаўнага Хрыста Прышэсьця –
ані!.. – ня скончыцца яна...
...ваенныя карэспандэнты,
наш послух – лінія агню...
наш павадыр –матыў “memento”... –
што апявае вышыню...
...“свая” альбо “чужая” куля –
нам, роўна, верныя сябры...
і тым, што вечным сном паснулі,
нібы зайздросьцім – да пары...
...нам не відаць зямнога раю –
тут – мы заручаны журбе...
даруем тым, хто ў нас страляе...
Гасподзь прытуліць – да Сябе...

* * *

...мае белыя строі – у мейсцы сьвятым...
апранаю іх – перад Прычасьцем...
спапяляецца пекла – у сэрцы маім...
і – на міг – усьміхаецца шчасьце...
...потым –
цешуся хітрасьпляценьнямі словаў...
зачароўваюць мары і мроі...
і ў змрок апранаецца сэрца маё...
у жалобныя – чорныя строі...
...хто сьвячу
майго крохкага шчасьця задзьмуў?..
падміргну – спакушэньням-віхурам...
скрушна й вусьцішна
гордаму сэрцу майму –
на разломе – між сьветам і мурам...

* * *

...як уваскрасіць Беларусь?..
су-мовіцца –па-беларуску...
... як уваскрасіць чалавецтва?..
Б о г а ч а л а в е к а —
пусьціць у сэрцы...


ДАСТАЕЎСКІ

...кажа, як з цемрадзі выйсьці нам...
відушчасьць?.. ці сьлепата?..
лепш са Хрыстом – бяз Ісьціны,
чым з Ісьцінай – без Хрыста...


...МЕНСК, 1941-1944 ...

Адзін з маіх найпершых успамінаў
з далёкае пары вайны Айчыннай

...іду я – хлопчык, мусіць, трохгадовы –
ад дабрадзеяў – Гусевых – дадому – ...
...Мікола Йваныч Гусеў быў мастак...
партрэты маляваў – звышадмыслова...
(нямецкіх афіцэраў) ... адным словам,
пры ім ня быў галодны я, бядак...
дарэчы, ў сваёй хаце, пад страхою,
ён прытуляў і нашых партызан...
прытулку больш надзейнага, чым там,
знайсьці было няпроста – той вайною...
...дык вось, іду аднойчы я дахаты...
(яшчэ далёка да сустрэчы з татам –
прыгожым лейтэнантам, што прынёс
ласункаў торбу, да якой прырос
вечна галодны я (часоў нямецкіх)...
а потым – сыты (увесь час савецкі)...
...дык вось: іду...
садзіцца сонца ў хмары...
ў суквецьці фарбаў – сэрцайкам тану...
забыўся пра нягоды, пра вайну...
пра цельца крохкае сваё... – і ў марах –
без успамінаў, без Зямлі – йсную,
абняўшы ўвесь Сусьвет тугой салодкай...
анёлаў крылы – цеплынёй дрыготкай –
бы атулілі немачнасьць маю...
...нябачны Бацька быццам пазіраў
на немаўлятку... лёс ягоны важыў...
і, пэўна ж, ведаў, што калісь ён скажа
й пра гэты ўзьлёт – як высьпее пара...


ТАЙНА ХХ ВЕКУ

...Лейба Бранштэйн і Язэп Джугашвілі
трон акрываўлены не падзялілі?..
мысьліце спрошчана і нячыста
тайну былога семінарыста...* * *
...век мажных фаліянтаў адышоў...
цяпер – час дыскаў і лісткоў маленькіх:
хапае колькіх словаў ці вершаў жменькі –
каб палілася кроў...

БЛІЖНЯМУ

...дэман ня можа тварыць:
лёс яго – толькі бурыць...
помні не мімаходзь:
Творца – адзін Гасподзь...
дзеюць і Той, і той –
нашай з табою рукой...

ГІМН БЕЛАЙ РУСІ

Музыка Агінскага

...Краю мой, Ты палёг у сэрцы зямлі,
Еўропаю названай...
пакрыты Плашчаніцаю – Хрыстом...
пакліканы – Апосталам...
хрышчоны – Раўнаапостальным
у веры Праваслаўнай...
ратуешся – малітвай і пастом...
– Жыве Беларусь!.. – Жыве! –
і ў Польшчы... і ў Нямеччыне... –
паўсюдна, дзе дух чалавечы
ратуецца ў Царкве...
– Жыве Беларусь!.. – Жыве! –
– Жыве Беларусь!.. – Жыве! –
– і ў Бельгіі... і ў Ангельшчыне...
паўсюдна, дзе памяць вечная
схіляецца ў журбе...
– Жыве Беларусь!.. – Жыве! –
– Жыве Беларусь!.. – Жыве! –
– ў Амерыцы... і ў Аўстраліі...
паўсюдна, дзе з сьмерці паўсталі, –
хто не забыў сябе...
– Жыве Беларусь!.. – Жыве! –
... у Піцеры... і ў Маскве...
ў Сібіры... і ў Кітаі...
з нябыту Яна ўваскрасае...
– Жыве Беларусь!.. – Жыве! –
...ля сэрцаў, сьляпых і глухіх, –
крывавячы губы і скроні, –
лятуць і лятуць тыя коні... –
па гонях сваіх і чужых...
...лунаюць бель – чырвань – і бель
у золаце і блакіце...
то – нібыта золак у жыце
ўзыходзіць Царквы карабель...
...у сэрцы і ў галаве –
дзе цені шаленства
і горасьць
– Жыве Падабенства і Вобраз...
– Жыве Беларусь!.. –Жыве! –
...Краю мой, Ты палёг у сэрцы зямлі,
Еўропаю названай...
пакрыты Плашчаніцаю – Хрыстом...
пакліканы – Апосталам...
хрышчоны – Раўнаапостальным
у веры Праваслаўнай...
ратуешся – малітвай і пастом...