12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Зуёнак

_____________________
Час зімняга сонцавароту. Вершы


У КАЛЯДНУЮ НОЧ
Сучасная фантазія

Ногі да падлогі,
Зэдлікам — парог.
З твару — казларогі,
А сядзіць, як бог.

Зыркае на покуць,
Дзе вісіць абраз:
Звабная высокасьць!.. –
Гэх! – туды б якраз…

Толькі ад парога
Не падняць хваста:
Хата вокам строгім
Сьвеціцца з кута.

Там сьвяты Мікола —
Хат сялянскіх бог, —
Д’ябал там ніколі
Панаваць ня мог…

А мароз ня лёкай,
Каб чарцям служыць:
Шчэміць — хоць галёкай,
Хоць у сьвет бяжы…

Дык зрэдчас Міколаў
Дапускаў пагляд
Адагрэцца ў холад
Дробных чарцянят.

І нікшні, басота,
Прышчамі хвасты:
Тут вам не балота,
Не чарот густы!..

Плішчацца малыя,
А між іх — стары:
Пэўна ж, косьці ныюць –
Зябка на двары…

Тут не пахітруеш –
Хоць бы на парог…
А ў вачах віруюць
Зайздрасьць і спалох…

Ды цішком адводзіць
Вочы ўбок сьвяты:
«Ладна ўжо, адроддзе,
Адагрэйся й ты…»


* * *

Гады: у вечнасьць — чоўнамі…
Гадзіны незьлічоныя,
Паўдзённыя, паўночныя
Сутокі бела-чорныя,—
Узмахі крыл сарочыных,—
Ляцяць, ляцяць — ня збочваюць…

Сарокі стракатлівыя,
Сутокі мігатлівыя:
Дзень—ноч, дзень—ноч, — адлічваюць…
Перад сьцяной маўкліваю –
Бясконцасьцю касьмічнаю –
Згараюць тайны зьнічкамі…

Сарокі белабокія…
Ужо зусім далёкія
І так сьмяротна блізкія…
Адна разгадка лёгкая:
І песьня над калыскаю,
І сьмерць касою бліскае…

То з радасьцю, то з бедамі
Жывём — як і ня ведаем:
Той, хто плыве, прычаліць –
У гавань адпаведную,
У сонечнасьць сусьветную,
Дзе летнімі начамі
І ў поўнач залачае…


ПА-НАСКУ…

А прыкладаў груды
Ў Пандорынай скрынцы:
Душылі прыблуды,
Душылі чужынцы.

Вякамі, гадамі —
Пажары, разбоі…
Але выпадае
На долю й такое:
Няма большай ласкі,
Чым з ласкі імперства,
Дзе душаць па-наску:
Пятлёю братэрства…


КАЛАРАДСКІЯ ЯМБЫ

Штат Каларада выцесьніў Гранаду,
Зрабіўся ў гамане людской цьвіком:
Гранада — песьняй брала, як блакадай,
А Каларада славіцца жуком.

Калі да нас амерыканскі клубень
Прыехаў, каб славутай бульбай стаць –
І харчам, і ласункам нашым любым, —
Ніхто ня мог той наступ расхістаць.

Ні рэдзькай горкай, ні салодкай рэпай –
Ня засьціць каралеву з каралеў:
І ў плённы год і ў недарод — найлепей
Абраньніцай мець бульбу на стале.

Аб тым жа, што яна амерыканка,
Ніхто й ня пнецца памяць варушыць, —
Па волі лёсу вечную каханку
Займелі беларусы-бульбашы.

О бульба беларуская! – найменьне
Ад нас ужо шыбуе за мяжу,
Каб славу мець сусьветную — ня меней!..
І тут — зьявіўся каларадскі жук…

Амерыка нібы працёрла вочы
І стала дыктаваць правы свае:
«Паколькі бульбу вам дала аднойчы,
Дык і жука бярыце да яе!..»

Калі і як ён, шкоднік паласаты,
Бульбоўны кат, адолеў акіян, —
Ня знаю, ды адно засьведчу: катам
У нас зрабіўся ён і для сялян…

Няма ні паратунку, ані ўправы:
Зьбірай, хіміч — зьцямна і дацямна, —
Штолета ў нас за бульбяныя стравы
Вядзецца беларуская вайна…

Змагаюцца — пенсіянер і школьнік, —
Я ўжо пра люд працоўны не кажу:
Хоць бульба беларуская, а шкоднік —
Амерыканец: каларадскі жук…

Не паваюеш з ім — ня будзе ў місках
Ні варанай, ні паранай на стол,
Ні бабкі, ні запечанай у прыску,
Ні дранікаў з каўбаскаю пластом…

За бульбу беларускую — удзячнасьць
Табе, амерыканскі кантынент.
Хай чуецца ў застольлі: «Есьці смачна!..»
А вось з жуком як расцаніць прэзент?

Пражэрлівасьцю прагнай каларадчык
Бульбоўную душу праеў наскрозь, —
Хоць аб’яўляйся сьвету як растратчык
Ды бульбу зноў за акіян вывозь…


* * *

Дух выбілі з гаспадара,
Агмень патух.
Начальства ёсьць — з плячэй гара,
А мы ў катух.

На ўсё загад, на ўсё расклад –
Ні жні, ні сей.
І ў сэрцы выветраным хат
Заснуў Майсей.

Трывай — і клопату ня май.
Хістае воз.
І сьніцца, быццам каравай,
Шчасьлівы лёс.

Што нехта клікне да стала,
Чакае пуп.
Ані двара, ані кала,
І сам — як слуп…

І звычка: рабскае цаны
Прасіць пасад…
Зьвіняць пакутныя званы…
А дзе набат?!.


* * *

Калі ў сябры таемны вораг лезе,
Не засмучайся — гэта добры знак:
Ён самы чуйны з чуйных ваўкарэзін —
З табой гатоў расьпіць удачы гляк.

Адно, глядзі, не напівайся здуру:
Якраз калі ў абдымкі ён зграбе,
Ты помні пра «сяброўскую» натуру:
На дне атрута будзе для цябе.


ПАЎСТАНАК

Усё ў руцэ казённых духаў:
Перон, дзяжурны пры сьцяжку,
Бітончык з адламаным вухам
І конаўка на ланцужку.

Рамонтны водар таннай фарбы,
Здаецца, сто гадоў жыве,
І колер — быццам тут пажар быў:
Рудою вохраю плыве.

І ў гэтым ачужэлым сьвеце,
Дзе лёс зьняверана прыціх, —
Яны: бяды ці шчасьця дзеці —
З адным расстаньнем на дваіх…

Дыхнуць гарачай хваляй колы —
Жыцьцё разрэжуць папалам, —
Што не сустрэцца ім ніколі,
Яшчэ і Бог ня знае сам.

Ударыць звон расстайнай меддзю –
Нібы аб’явіць ім прысуд…
Паўстанак… — паўжыцьця паедзе,
А паўжыцьця пакіне тут…


* * *

Між народаў адзначаны
Той, хто будзіць свой дзень, —
Ноч даецца, каб бачылі,
Хто з паходняй ідзе.

Скрыжаваньні гісторыі –
Не пакутных крыжы:
Шлях ня горам агораны,
Шлях ня знае мяжы.

Стаць аднойчы наўколенцы —
Сьмерці роўны прысуд.
І ніхто не памоліцца
За цябе, родны кут…

Бога мэты вялікія
Пралятаюць, як цень…
Мой народ — непакліканы –
Ноч праспаў, сьпіць і ў дзень…


* * *

Што ў старарэччы высахла вада,
Што кнігаўкі без паплавоў зьвяліся, —
Яшчэ ня сама горшая бяда,
І для душы ня сама горкі высеў.

Яшчэ душа зьбягае ва ўспамін,
Знаходзячы прытулак паратоўны…
А што за тым, чаго ня ўбачыў сын,
Пабачыць праўнук мой адзінакроўны?

І што раскажа ўнуку ён свайму,
Што прыгадае, мовячы: «Калісьці…»?
І чым я грэх з душы сваёй здыму,
Што даў ім шлях,
ды не пакінуў выйсьце?..

Якія сны наступству прынясе
Зямля, што стыне мёртваю аблогай?
Аб стратах боль суціхне пакрысе,
Але — як жыць, калі няма былога?..


ЧАС ЗІМНЯГА СОНЦАЗВАРОТУ

Спыніўся дзень, і ноч спынілася,
Глядзяць асьнежана палі, —
Зьдзівіўся я, і ты зьдзівілася:
Няўжо было ўсё — і калі?..

Дзе тыя вёсны, тыя леты —
Якія змылі іх віры?..
І ўжо апошнім першацьветам
Гараць на сьнезе сьнегіры…

Якія дні, якія ночы —
Ніхто ня знае, апроч нас,
Былі — хоць зрэдку, хоць аднойчы, —
Каб іх згадаць у сьцюжны час…

Ляцяць сьняжынкі, як стракозы,
Над хваляй, спыненай ільдом.
Ружовы іней на бярозах –
Як першы ліст на першы гром.

За годам год —
гусьцей зьмярканьне:
Ці будзе за жнівом сяўба?..
Сонцазварот, сонцастаяньне:
Вясьне — спадзеў, зіме — гульба…

Стаяць, нібыта незнаёмцы:
Хто пераважыць — дзень ці ноч?
Глядзяць абое ў вочы сонцу:
Прывеціць ці зірне наўзбоч?..

І мы глядзім, як завіруха
Скупое прадзіва прадзе,
І верым: хоць прамень — на скруху
Апошнім часам ды ўпадзе…

21.12.2002.
Мінскае мора, «Юнацтва».


СЯБРАВЕЙ

Аблятаюць, адлятаюць, абрываюцца,—
Нават тыя, хто жывыя, не ўжываюцца…
З аблыселаю стаім сяброўскай кронай —
Адшумеў сусьвет лістотаю зялёнай…

Той сусьвет, якім сябрына мацавалася:
Пасьля чаркі зорка з зоркай цалавалася,
Хоць ня бачылі той зорнасьці ўзаемна, —
І паглумна, і бяздумна — і дарэмна…

Разьлятаюцца сябры — як ліст за лістам:
Той — пакрыўджаны, а гэты — ганарысты,
Той — з аздобленым чалом амальштогенія,
Гэты — вызнаўшы несумяшчальнасьць генную…

Не трымаю вас, сябры, і не ўтрымаю, —
Кожны крыўду на мяне, напэўна, мае.
Я таксама на сябе — ох, як крыўдую…
А сяброў — сяброў растрачаных шкадую…


«СІМПОСІЙ»

«Выпіўка заключная» — сімпосій —
Старажытных грэкаў рытуал…
Здорава ж у Грэцыі пілося —
Аж да нашых дзён дайшоў абвал.

Ён у нас «сімпозіум» завецца –
Выдае ад ісьціны ключы.
Дзе бяседа мужыкоў зьбярэцца,
Там ужо й «сімпозіум», лічы…

Праўда, і жанчыны ў нас прыходзяць –
Парушаюць Грэцыі закон.
Толькі гэта ісьціне ня шкодзіць –
П’юць і праўду рэжуць наўздагон…

А прасьпяцца — зноў рабы рабамі, —
Ты прабач ім, Грэцыя, прабач:
Грукаюць дапытліва ілбамі
Ў дзьверы, за якімі сьмех і плач…

Сьмех і плач…Вязьмо жыцьця зямнога…
Хай гудуць вучонасьці чмялі,
А «сімпосій» — толькі засьцярога,
Каб на неба лезьці не ўсчалі…


ГЕРАСТРАТ

Пад родную страху, нібыта галавешку,
Нясу інтэграцыйны свой запал.
Гараць дарогі, і дымяцца сьцежкі,
І ў будучыні спаленай — прагал…

І я: на папялішчы Беларусі —
Праз федэрацыю ці нейкі там саюз —
Са славай Герастрата застаюся,
Апошні і нікчэмны беларус…


* * *

Марозны дзень, як пахавальны звон.
Як на амбон,
зьляцеліся на клён
Гракі ў сутанах чорных: надышоў
Час па зіме памінкі адсьпяваць, —
І перакуленыя сьвечкі ледзяшоў
Гараць на сонцы —
кроплі ў сьнег ляцяць…


КРЭЎНАСЬЦЬ

Ня варта пытаць Усходу:
Нас там няма і ня будзе, —
Адтуль мы выходзім у людзі
З Усходам “единым народом”…

Загадка вечная — Захад:
Глядзіць — наглядзецца ня можа…
Сардэчны пагляд, не варожы, —
Стаіш, як без апранахі…

Чакаеш: а як ацэняць?..
Ды ў гэтым крэўным братаньні
Маленькае ёсьць пытаньне,
Нязначнае ёсьць адценьне:

Чаму і якім працягам
Гісторыя так вырашала:
Гарнула ў «крэсы» Варшава,
І ратавала Прага?..


* * *

Белы сьнег — шляхам белых буслоў:
Быццам студзень — вясны абраньнік.
На радзіме маёй Зьвеставаньне
Завірухай шляхі занясло.

Быццам боскае наканаваньне
Патрасае зямлю да асноў…
І чакае радзіма буслоў,
І ня верыць свайму чаканьню…


КАРТА

Гляджу на карту беларускую,
На месца местаў — і бянтэжыць:
Чаму ад іх палоска вузкая
Да гэтак званага замежжа?

Як быццам хто задумаў недзе:
Бярэсьце, Віцебск, Гродня, Гомель…—
Далёка Менск, а да суседзяў –
Як ёсьць ступіць адной нагою…

Няўжо гародзенцы ці віцьбічы
Сяліліся так аднабока?
Няўжо князі жылі на выдмішчы,
У ворага навідавоку?..

Ці для таго стальцы стаўляліся,
Хадзілі ваяры пагоняю,
Каб жартам мы цяпер пыталіся:
“А нашы людзі е за Гомелем?..”

Ёсьць!.. За Бярэсьцем і за Гродняю,
За Віцебскам і Магілёвам…
Гісторыя суседскай зводняю
Зьвяла зямель ад нас палову...

І гарады, калісьці стольныя,
Значком, як зоркаю ці месяцам,
На карце нашай — неадольныя —
Па саменькім краёчку месьцяцца.

Нібыта пояс — па перыметру,
Нібыта маякі сігнальныя
Аб тым, што памяць час ня выветрыў,
Што і яны былі — цэнтральныя…


«КАРАМБОЛЬ»

Глядзіш: вялік зямны абшар,
Вузей — Еўропы кавал скарбны,
А ў цэнтры — Беларусь, як шар,
Ды не звычайны, а більярдны.

Стаяць навокала гульцы,
І кожны сэнс тлумачыць кіем:
Пацэліць — і гульні канцы,
А як жа йнакш: мы — сваякі ім.

А гэта й значыць: «свой свайго»
(«Народ един» і «wschodne kresy»)
Да ўласных цягне берагоў,
Гвалт называючы прагрэсам.

Більярдны стол ажно трашчыць,
Зялёны покрыў чырванее…
А ў беларуса пот цурчыць:
Ён не гулец — ён жыта сее…

І пільна сочыць: хто які
Сваяк, з якім ідзе саюзам, —
І разумее: гэхне кій –
Ляці ў саюз, як шар у лузу.

Не, не ахвоч ён ад бартоў
Качацца з бітымі бакамі,
Хоць «карамболь» гульцоў-братоў
Вісіць над ім, лічы, вякамі…

Але ж у кія два канцы, —
Не забывайцеся, гульцы!..