12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Зуёнак

_____________________
Рыпіць асьвер.
Вершы

Прыходзь вясной...

Мяцеліца пергаментныя зьвіткі
Разгортвае ў засьнежаных палях,
І елкі, як манашкі-кармеліткі—
На цёмных строях белыя накідкі—
Ідуць чытаць наканаваны шлях.

І мне б у іх спытаць, якія знакі
Пергамент той накрэсьліў для мяне,
Зямных арбіт якія задыякі
Мой шлях вартуюць з мэтаю дваякай:
Няўдачу й посьпех зблытаць у цане.

Пытаюся... Насупіўшы галіны,
Маўчаць... А хор паслушніцаў-бяроз
Мне прашаптаў: «На тое і яліны,
Каб утаіць: шчасьлівыя правіны—
Сьвятлейшы дар, што лёс зямны прынёс...

А што далей? І мы таго ня знаем,
Куды бязьмежнасьць вечнасьці цячэ.
Але пракляцьце змрочнае здымаем:
Прыходзь вясной – мы твой прыход умаім,
Забудзь, што змрок наперадзе яшчэ...»


* * *

Калі сьнегавая жняя
На полі мяцеліцай сьцелецца,
Здаецца, і я ўжо ня я
На ветрам працятай аселіцы.

Які ён? Такі, як і ўсе?
Зусім на мяне не падобны?.. —
Няхай яму лёс прынясе
На ўдачу знак непадробны.

І верыць няхай, што і Бог
Гэткі ж, як ён, вярнуўшыся
З цягла ці з іншых дарог,
Сядзіць у садку пад ігрушаю.

А сын – праваруч ад яго,
А зьлева – як дух сьвяты – жонка...
Вось вам і рай з пірагом... —
Бяз думы сусьветнай Зуёнка...


БРЫГАДЗІР

(Пасьляваенная сцэнка)

А бабы маладыя:
Па трыццаць – трыццаць пяць.
А сьпяць, нібы сьвятыя,
І ложкі не рыпяць.

У плоці і пры целе —
А ноч, як небыцьцё:
Удовыя пасьцелі,
Бязмужняе жыцьцё.
А днём, як прыйдзе ў поле
Калгасны брыгадзір,
Глядзяць – бы вочы коле
Адзін на ўсіх кумір.

Няхай сабе бязногі,—
Нібы дакор яму:
Чаму ж адной во богам
Аддадзен ён – чаму?..

Аддадзен, як украдзен
У іх ва ўсіх, лічы...
І ў кожнай у паглядзе
Для бунту сто прычын.

То тое ёй ня гэтак,
То гэта ёй ня так...
«Ах, бедныя кабеты,
Ах бабы, самы смак —

І ён ня судзіць строга,
Хоць норавам і крут,—
Прабачыцца: — Вас многа,
А я ... адзін... вось тут...

Хоць разумею слаба,
Хоць дзела не маё,—
Пасеяць бы вам, бабы,
З гектар які... мужчын...»


МЁДНЫ ДЗЕД

Вульляў адраджэньне —
Чмялёвы бас.
Дымара каджэньне—
Мядовы Спас.

Дзьмухне, як з кадзіла, —
Сам, як дым,
Дзед сівы, — на дзіва —
Малады.

Дзьмухне – і ўсьміхнецца:
«Ша ў мяне!..»
Пчолка страпянецца,
Ды ня джгне.

Можа, трошкі й чмыхне —
Ды бягом...
Знае: мёд ня ўсіхні,
А яго.

Бо глядзеў і песьціў
Пчол як сьлед, —
От і ў пчэльнай чэсьці
Мёдны дзед!..


* * *

А над лесам усход ружавее...
Ноч ня вечная – цемра міне...
І нясуць, і нясуць сьнегавеі
Над краінай нязбытнай мяне...

І наўздоўжкі, і ў поперак ходзіць
За сьцяною завейная ноч.
Гул – як плач аб заснуўшым народзе,
Непрабудным, ад шчасьця наўзбоч...


* * *

Жыцьця такая магістраль:
Мы сталі рускімі амаль.

Нібы на бойню, шлях і путь
Па магістралі той вядуць.

Прастуем – быдла і натоўп,—
Мычым: чаму ня поўны коўб?..

Слоў родных здрадзіўшы красе,
Трасянку моўную трасем.

Сваёй пазбыўшыся душы,
П’ём за чужую барышы.

І з нафтаю падносіць гляк
Нам першы сібірак Ярмак.

Славуты похадзень ён быў—
Пітво Расеі раздабыў.
З той «чашы кругавой» і нам
Трапляе ў дар па колькі грам...

Глыні – ды бульбінай заеж,
Гуляй – бяз хаты і бяз меж!..

І сэнс адзін у той гульбе:
Труба... трубою... у трубе...

І мы – ужо амаль ня мы,—
Трубі ў трубу, народ нямы...

Акрутны баль, атрутны баль,—
Пульсуе крута магістраль.

І па трубе паўзе да нас
Блакітным акупантам газ...


ЗОРНЫ МАТЫЎ

Нябесны Вадалей, вадаправод багоў,
Касьмічную перапаўняе флягу.
Блукаю я між зорных берагоў —
І хоць бы кропля мне: спатоліць смагу.

Як мараплаўцы, што згубілі шлях
І дапілі апошнюю надзею,
Малілі позіркам азораны прасьцяг
І выгледзелі ў небе Вадалея, —

Гляджу і я, хоць не гняце сухмень, —
Вады пакуль што на зямлі хапае:
Мне Вадалей сьвятла свайго прамень
Шкадуе, пэўна, хоць і абяцае.

Пацьвельвае сусед яго Пягас
З майго несамавітага блуканьня:
«Хіба ж, нябога, разгадаеш нас
Ты на балконе, быццам на Балкане?

Залазь на неба!..» – «Дзякуй,— гавару, —
Я з гэтым, пэўна, трохі пачакаю:
Да сэнсу ўсё яно, калі ў пару...»
І зноў качу да зор Сізіфаў камень...

У неба, раўнадушнае, як сьмерць,
Цягну штоноч свае зямныя думы.
А Вадалей? Ня сьпіць – рыпіць асьвер –
Лье маракам ваду сухую ў трумы...


* * *

Калі чалавека тварыў,
Зусім, пэўна, Бог не хітрыў,
А проста па мудрасьці боскай
Рашыў, што ўсё ж гэтак проста,
І што яшчэ тут тлумачыць, —
Хіба можа быць іначай?!
Стварыў – значыць, гэтак трэба, —
На радасьць зямлі і небу...
Пладзіся і размнажайся,
І меней аб сэнсах пытайся.
Ды мудрасьцю з Богам цягацца
Ня змог чалавек – і пытацца
З хвіліны тае не стамляецца:
Навошта на сьвет ён зьяўляецца?..
О бедны клёк чалавечы!
Яшчэ адзін клопат на плечы
Тварцу... бо ня меў падазрэньня,
Што розум яго тварэньня
Патрапіць у гэтакі венцер:
«Пытаньне жыцьця і сьмерці»...


ДРЭВА

Дрэва сонцам жыве,
Дрэвам жыве агонь.
Над магілай зямлі крыжавець—
Дрэву наказ багоў...


* * *

Ёсьць у бясконцым сусьвеце
Галактыка чорная. Ёсьць
Хаосу бяззорнага вецер,
Дзе нават сам Бог – рэдкі госьць.

Бяздушна даіснага вочы
Глядзяць адтуль у журбе...
Я там пабываў аднойчы,
Калі ня стала цябе.
Ды ты павярнулася сьветла
І мой пераксьціла пагляд
Рукою душы сусьветнай...
Сказала: «Вяртайся назад...»


* * *

Дождж ідзе, а студзень на двары,—
Сьпіць зямля затоена і глуха.
Цьмяна гарадскія сьнегіры—
Ліхтары – маю гайдаюць скруху.

Дождж ідзе,— як плач аб тым лісьці,
Хто б лавіў і піў жывыя кроплі...
Сон свой безнадзейна адпусьціў
Я люляць людзей па ўсёй Еўропе...

Дождж ідзе, — аж за Палярны круг,
Пэўна, зьбег мароз пад парасонам.
Людзі, хай вам лёгкім будзе пух,—
Сьпіце на мяжы майго бяссоньня...

Дождж ідзе, — нібы шуміць трава,
Дзе яшчэ мяне не пахавалі...
Нават сноў – і тых ужо няма,
Што ад адзіноты ратавалі...


* * *

Сасна шаптала баравая,
І не аспрэчваў мох балотны:
«Шляхоў зваротных не бывае
Для тых, хто ў сьвет прыйшоў
сьмяротным...»

А я ня верыў, я ўсё думаў—
Ды і цяпер надзею грэю:
Няўжо, сьвет сам сабе паглумак,
Што ў незваротнасьці старэе?..

Няўжо, ён сам сябе прымусіць
Хоць раз сюды не азірнуцца?
Няўжо, адмовіць Беларусі
Хоць раз са мной перагукнуцца?..
Ды і якія ў сьвеце сьветы,
Якія сілы – хто ўтрымае?—
Калі пачуецца адгэтуль
Аднойчы голас мне: «Чакаю...»


ПА ЖЫЦЬЦІ...

Ножка, ножка – па нажу,
Ножка – па ножыку...
Не сьпяшайся!
Па лязу:
Асьцярожненька...

А калі
Пырсьне кроў—
Не палохайся:
Не было ў рай з зямлі
Іншых пропускаў.

І ня траць драбязу
Слоў
На войканьне,—
Толькі пальцам па лязу:
Яшчэ войстрае?!.

Лёзы, лёзы...
Па жыцьці,
Як па нітачцы...
Ці ідзі, ці ляці:
Лёсам
Лічыцца...

Ножка,
Ножка жыцьця
Прытачкам ступае...
Боскай нітачкі краса:
Не лязо,
Дык каса
Возьме тупая...


«Дзеяслоўцы» віншуюць шаноўнага Васіля Васілевіча Зуёнка
са слаўным 70-годдзем і зычаць яму плёну, моцы
і доўгіх гадоў працы на карысьць роднай Беларусі.