12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Зуёнак

_____________________
Зьвіняць пакутныя званы.
Вершы


Знакі
Ва ўсім загадка, тайнапіс прыроды.
Няма сумоўя, хоць душа адна.
Аб чым яны? – з якім таемным кодам:
Травінкі шэпт, маўчаньне валуна?..

І зорак іерогліфы, што хочуць
Нам штосьці запаветнае сказаць,
А мы глядзім штоночы ім у вочы –
І знакаў тых ня можам прачытаць…


Чырвонае брыво…
На ўсю акругу тата быў стралок,
Не варашылаўскі – куды ранейшы: царскі.
І сьведчыў тое срэбны ланцужок
І прыз – гадзіньнік імянны, швейцарскі.

Ды тата напаказ не выстаўляў
Здабытую стральбой узнагароду
І – як контррэвалюцыю – хаваў
Яе і ад дзяцей, і ад народа.

Ну а пільней яшчэ свой прыз бярог
Ён ад вачэй даносчыка-суседа…
Ды па-ранейшаму страляць па цэлі мог –
Былы салдат суперніцтва ня ведаў.

Бывала, паляўнічых сустракаў
І тут жа паспаборнічаць падначваў, —
І ўзводзіў палец цішыню курка,
І з цішыні той гром ляцеў над Начай.

Ды толькі ў паляўнічыя ня лез:
Ні на зайцоў не паляваў у полі,
Ні на ваўкоў не забіраўся ў лес,—
І стрэльбы ў хаце не трымаў ніколі.

І ўсё-ткі швагер, мысьлівец Якім,
Падгаварыў яго схадзіць аднойчы
На такавішча, дзе цецерукі
На рулю самі пруць, закрыўшы вочы.

Пайшоў на золку, а дамоў ні з чым
Вярнуўся з дзіваваньнем: “Ну і гулі!..”—
І больш у таты не было прычын,
Каб апраўдацца, — толькі і пачулі:

“Страляць не падымаецца рука
ў чырвонае брыво цецерука…”


У хаце трохкутнай…
У хаце трохкутнай спрадвеку жыву.
Ня верыце гэткаму цуду?
А я прызвычаіўся. І ў галаву
Турботаў ня браў і ня буду.

Такія мне доля карункі пляце.
Яшчэ ж і суседзі шчырэюць:
Адзін з іх сядзіць на чырвоным куце,
Другі – прэ да печы з чарэньню.

А я – у куточку, дзе сівер з дзьвярэй,
Тулюся, — у самым парозе.
Ну што ж, і дармо – я затое мудрэй
Тырчу: нібы шворан у возе.

Цялежкі сыходзяцца і панарад
На мне – без мяне не паехаць.
І той як сваяк мне, і гэты як брат.
Кручуся між іх, хоць і нехаць…

Ступаць трэба кожнаму цераз мяне:
Парога ніхто не абыдзе…
Спытаеце, спраўная хата ці не?
Спытайце – ня буду я ў крыўдзе.

Я так адкажу: не мая ў тым віна,
Хоць хто без мяне мне паможа?
А ўбачыць трохкутную лёгка: яна
Віднеецца на раздарожжы.

Яна не з трысьценам, ня вокнамі ў сьвет,
І ўвесну глядзіць, як надозім…
Прыходзь – ці далёкі, ці блізкі сусед,—
Прыходзь, пасядзім на парозе…


Плач
Плача бясьсьлёзна, плача жанчына,
Горка ў вачах хаваючы плач.
Хто я такі, каб спытацца прычыны?—
Не суцяшальнік, і не глядач,
І не віноўнік – ні яўны, ні ўскосны,
А на душы – сусьветная золь.
І каб разгадаць вачэй гэтых космас,
Трэба самому зрабіцца сьлязой…


Куды?..
І рвачы, і прыблуды
Ва ўсе глоткі гудуць,
Ніадкуль у нікуды
Нас натхнёна вядуць.
Стогне люд пад’ярэмны,—
І такое бяды!..
Д’ябал з тым ужо: “Дзе мы”, —
Хоць дазнацца б: “Куды?!.”


Камень
У каменя каменныя сківіцы,
У каменя каменныя зубы.
Ды камень кусацца ня кінецца:
Камень – заложнік рахубы.

У каменя – век у запасе, —
Зацята цікуе камень:
Каму б галаву расквасіць,
Але – чужымі рукамі.

У каменя хлеб – чаканьне.
Сьпяшацца ня любіць камень.


Б’юць…
Б’юць акадэмікаў па галаве, —
Разумныя дужа.
Цэляць паэтам, дзе сэрца жыве, —
З воляю дружаць.

Б’юць, — патаемных аблогаў сьпяцы,
Вылюдкі-здані, —
І выканаўцаў маюць чальцы,
І апраўданьне.

Вывучка часу: народ сталініць
Сталінскім чмурам…
З маскай на твары эпоха стаіць
І ў бронескуры…


Хутка будзе!..
Не разумею – ці мы слабакі,
Ці ўжо такія абжоры:
Па два на кожнага “сілавікі”
І плюс па два кантралёры.

Якіх устаноў на маю душу
Не панапрыдумана толькі!
Колькі чыноў на карку нашу,
І сьледам цягнуцца колькі…

Тану, як у моры без берагоў,
У гэтым чыноўным блудзе.
Вы бачылі шыльду “Прамыўка мазгоў”?
Ня бачылі? Хутка будзе!..


* * *
Тры стагоддзі
Заходні брат ратаваў,
Браў у абдымкі уніяў.
Тры стагоддзі
Ўсходні брат вызваляў,
На лад праваслаўны выструньваў,
Каб яшчэ два стагоддзі даводзіць
Царскі міф аб адзіным народзе…

І, заўважце, ніхто не пытаўся,
Як тутэйшы люд пачуваўся, —
Быццам нас не было пры тым,
Дзе з-за нас горла дралі браты…

Пяць стагоддзяў ціснулі жмых…

З часам брат адзін папрыціх.
А другі дык бяз лішніх іроній
Вызваляе яшчэ і сёньня.

Ад каго?
Ды ад нас саміх!...


Вуда
Змайстравана вуда хвацка
І найлепшым чынам:
Гнецца, слушнае, па-брацку
Вудаўё з ляшчыны.

Рыбаку адна пацеха,
Клопату – ні кроплі, —
За сто вёрст ня трэба ехаць
І мачыць пантоплі.

Закідае па-маскоўску:
Седзячы на троне, —
Паплавок наш магілёўскі
І ў віры ня тоне.

А грузіла – з войскам база,
А сьпецсувязь – жылкай…
“Будзем разам –
будзеш з газам”, —
На кручку нажыўка…


* * *
Пракляты ён ці пакараны –
Яго ня страшыць суд цяжкі, —
Ёсьць філасофія ў тырана:
“Мой час наступіць праз вякі…”

Перад сучаснасьцю нікчэмнай
Ён не схіляе галавы
І на галоваадсячэньне
Бярэ ў гісторыі правы.

Кумірам прарасьце ў народзе –
Сьляды злачынства змые час.
Тырана славяць праз стагоддзі –
Нашчадкі не пачуюць нас…


Мітынговец
Ва ўлады – загады
І вырак няўцешны:
Я стаў праўдакрадам,
А гэтым і грэшны…

Сьвятыя дубінкі
Сьвяткуюць дабінкі,
Дабінкі бясшумныя:
Дабілі душу маю…
Цяпер – цішыня:
Ні ночы, ні дня.
Той сьвет не пачаўся,
І ў гэтым – бясчасьсе…

Сьвяткуюць дубінкі,
Спраўляюць памінкі…

Дабілі душу маю?.. —
А я так ня думаю!
І сьведчыць душа мая
Якраз гэта самае –
І ў поўненькай згодзе
І зноў яна ходзіць
Са мною на мітынгі, —
І тым знакамітая.


У іх Карнегі, а ў нас Карней…
У іх Карнегі, а ў нас Карней:
Карнегі складваў азы паводзін,
Карней калгасных вучыў сьвіней
Дбаць аб народзе і ўзнагародзе.

Карнегі дзень і ноч гібеў
Над душалоўкамі мудраслоўя,
Карней у корань глядзеў глыбей:
Надзор сьвіному ўвёў пагалоўю.

Карнегі компас дзялкам даваў –
Паказваў, як з выгодай круціцца.
Карней зацьвердзіў як двойчы два:
Сьвіньням ідэйна б не заблудзіцца…

Карнегі плёў падказку-бізун,
Каб бізьнесмэны ў шапку ня спалі.
Карней ля мешанкі цёр бузу –
“газеты” сьвіньні ў яго “чыталі”.

Карнегі лозунг: “прадаў — купіў” –
Напой буржуйшчыны незасохлай…
Карней апошні фураж прапіў –
І “чытачоў” пагалоўе здохла*...



* * *
А над горадам чад і смурод,
Горад п’яны з жыцьця пацяшаецца.
Аслабеў, абяскрылеў народ
І душой спусташаецца.

Горад тупа шукае брод
У рацэ, што ў бутэльку зьліваецца.
А за горадам вёска сьпяшаецца.
Мізарнее сялянскі род.

П’юць мужчыны, і жонкі сьпіваюцца,
Бруднай лаянкай крывячы рот.
Прыбывае магіл штогод,
І ўсё меней дзяцей нараджаецца.

Калыханкі ідуць на звод.
І крыжы ля нябесных варот
На зямлю ўтрапёна ўзіраюцца, —
Пэўна, Богу сказаць зьбіраюцца:

— Хутка ж там ня то што араць –
Будзе некаму паміраць…

* * *
Праходзіць эра рэвалюцый,
Заслона падае гастрольная, —
І як шкада, што ўжо вярнуцца
Ім больш ня дадзена гісторыяй.

І сьвет эва-люцы-янерам
Маўчыць, як правініўся чымсьці, —
І думае: якім манерам
Душу ад нечысьці пачысьціць?..

Помні…
Пі радасьць вясны,
Пі вусны каханай,
Пі сонечны дар – віно,
Пі водар лясны…
Пі — ды помні і п’яны,
Што ў кожным кубку
Ёсьць дно.